nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДЗЕВЯЦЬ АСНОЎ РЭЛІГІІ АКТЫЎНАГА ДАБРА (кБНІ; частка І)

1 студзеня, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

Хаця апошнім часам гісторыя нам – беларусам –  дае ў асноўным выпрабаваньні, якія мы таксама будзем абмяркоўваць, пачаць Новы год хочацца зь нечага добрага. У сувязі з апошнім, як рэдактар, я вырашыў выставіць на сайце ніжэй разьмешчаны матэрыял.
Ён мае дзьве асаблівасьці. Па-першае, гэта артыкул  завяршае раздзел “Багацьце рэлігійнай разнастайнасьці” матэрыялаў канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя” (18-19 красавіка 1999 году, Гародня). А па-другое, ён пісаўся ў вельмі дзіўных абставінах. Роўна 9 гадоў таму я зьбіраўся пісаць зусім іншы артыкул. Але ў інтэрвале часу 19 сьнежня 1997 г. – 29 студзеня 1998 г. са мной пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. Пад час ранішняй прабежкі ці пакуль я ішоў на працу ў галаве раптам узьнікалі 3-4 думкі, найчасьцей у выглядзе цалкам аформленых фармулёвак, якія я затым імкнуўся хутчэй данесьці да месца, дзе іх можна было запісаць і паставіць у адпаведнае месца тэкста. У азначаны вышэй 40-дзённы перыяд у мяне было пачуцьцё, нібы нехта мне зьверху нешта надыктоўвае. Тады такое са мной адбывалася ўпершыню, а адчуваньне, якое ўзьнікала, было падобнае на тое, якое ўзьнікала і раней у сувязі з пытаньнем: чаму я – гэта я, а ня нехта іншы?
Пасьля дадзеных падзей у мяне ўзьнікла пачуцьцё, што нягледзечы на ўсю небясьпеку “падстаўленьня” ў сувязі з дадзеным тэкстам, я ня маю права яго хаваць ад публічнасьці. Што я і раблю…

ДЗЕВЯЦЬ АСНОЎ РЭЛІГІІ АКТЫЎНАГА ДАБРА

1. Бог і Сусьвет

СУСЬВЕТ І ЧАЛАВЕЦТВА

Сусьвет існуе аб’ектыўна. Самаразьвіцьцё – сутнасьць існаваньня Сусьвету.

У падставе зьявы самаразьвіцьця Сусьвету знаходзіцца ўзаемадзеяньне выпадковасьцяў, якое вядзе да падвышэньня верагоднасьці прагрэсіўнай падзеі. Гэта адбываецца ў Прасторы і Часе, з удзелам Матэрыі ды Энэргіі, якія пакуль невядома адкуль узяліся.

Чалавецтва – натуральны вынік і этап працэсу самаразьвіцьця Сусьвету.

БОГ

Бога як нечага адасобленага ад Сусьвету не існуе. Можна пагадзіцца і нават прыняць, што Бог – гэта зьмест і мэта існаваньня Сьвету.

2. Розум і сапраўднае дабро

УСЕАГУЛЬНАЕ НАТУРАЛЬНАЕ ДАБРО

Усеагульнае разьвіцьцё Сьвету ў тэрмінах і з пазіцый каштоўнасьцяў чалавека ёсьць усеагульнае натуральнае дабро. У жывой і нежывой прыродзе, дзе не існуе Розуму, ва ўсеагульным натуральным дабры непадзельна зьлітыя “добрыя” і “благія-злыя” пачаткі. Пэўная перавага “добрых” пачаткаў забясьпечвае самаразьвіцьцё Сусьвету там, дзе няма Розуму.

РОЗУМ

У Сусьвеце носьбітамі Розуму ды Інтуіцыі зьяўляюцца толькі разумныя істоты, якія ўзьніклі такім жа натуральным чынам, як і людзі, альбо створаныя іншымі разумнымі істотамі.

Розум людзей – прычына вылучэньня сапраўднага, г.зн. людскага, ДАБРА, узьнікненьня сапраўднага БЛАГА-ЗЛА ды іх сумеснага існаваньня ў душах людзей і людскім грамадстве.

САПРАЎДНАЕ ДАБРО

Сапраўднае Дабро – гэта той этап прагрэсіўнага разьвіцьця Сусьвету, які забяспечваюць надзеленыя Розумам людзі. Яны адказныя за гэтае разьвіцьцё ў такой ступені, у якой розум людзей з’яўляецца часткай Сусьветнага Розуму.

Сапраўднае Дабро прысутнічае ва ўсім тым, што зьвязана з прагрэсіўна-стваральнай дзейнасьцю чалавека, г.зн. такой дзейнасьцю, якая забяспечвае разьвіцьцё даступнай чалавеку часткі Сусьвету. Там, дзе ў выніку інтэлектуальнай і фізічнай працы людзей нешта нараджаецца, фармуецца, дасканаліцца, прыгажэе, мацнее, разьвіваецца…, у выніку чаго ў душах людзей узьнікаюць пачуцьці цеплыні, сьвятла, чысьціні, спакою, радасьці, любові, захапленьня, шчасьця, паўнавартасьці, упэўненасьці, сэнсу… –  там заўсёды прысутнічае сапраўднае чалавечае Дабро.

Дабро праўдзівае і незьнішчальнае, бо зьяўляецца натуральным працягам разьвіцьця прыроды.

Ёсьць дзьве формы Дабра: пасіўная і актыўная. Так, калі чалавек робіць дабро і не робіць блага, ён проста пасіўна добры чалавек. калі ж чалавек робіць дабро і змагаецца з благам – ён актыўна добры чалавек.

Актыўнае Дабро вышэй за пасіўнае.

САПРАЎДНАЕ ЗЛО-БЛАГА (ДАЛЕЙ – БЛАГА)

У адпаведнасьці з натуральнымі законамі існаваньня, людзі ствараюць Дабро не для таго, каб забясьпечыць разьвіцьцё Сусьвету, а для таго, каб карыстацца яго пладамі. Аднак, былі і будуць людзі, якія не жадаюць губляць часу і высілкаў на стварэньне Дабра, але таксама хочуць мець Яго плады. Ім здаецца, што адабраць даброты, створаныя іншымі, а затым карыстацца імі лягчэй, энергетычна выгадней. Пры гэтым маральна-этычныя прынцыпы Блага імкнецца ігнараваць.

Калі Дабро стварае, каб потым карыстацца, дык Блага спачатку адбірае, каб потым таксама карыстацца. Розьніца паміж затратамі на стварэньне і затратамі на адбіраньне – уяўная выгада Блага, яго патэнцыйная паразітычная база.

Таму там, дзе ёсьць Дабро, самаўзьнікаюць пачуцьці, думкі і дзеяньні, скіраваныя на захоп, адбіраньне, прысвойваньне (падманам ці прымусам) вынікаў фізычнай і разумовай працы іншых людзей. Такое прысваеньне і ёсьць сапраўднае Блага-Зло. Блага – гэта паразіт Дабра.

Блага агрэсіўнае, здольнае самаарганізоўвацца хутчэй, чым Дабро, і здольнае пашыраць свой уплыў на грамадства, выкарыстоўваючы людскія слабасьці: няведаньне, баязьлівасьць, хцівасьць, зайздрасьць, ленасьць, глупства…

Ідучы ад нядобрых людзей, а не ад прыроды, Блага штучнае ды ілжывае… яно прыўносіць ў душы людзей нянавісьць, страх, злосьць, горыч, адчай, прыніжанасьць, неспакой, цемру… Актыўнае Блага заўсёды некага падпарадкоўвае, рабуе, забівае… пад яго панаваньнем заўсёды нешта дэградуе, марнее, зьнішчаецца, разбураецца, гіне… але нават калі чалавек проста перашкаджае іншым людзям ствараць Дабро, ён ужо пасіўна благі чалавек.

ЛЮДЗІ – НОСЬБІТЫ ДАБРА І БЛАГА

На Зямлі носьбітамі Дабра і Блага зьяўляюцца толькі людзі. Ніякага Дабра і Блага па-за целамі і душамі людзей не існуе.

Пры гэтым у кожным чалавеку ад прыроды ёсьць зародкі і таго, і другога. У іншых жывых істот на Зямлі гэтага падзелу няма.

У змаганьні паміж Дабром і Благам схаваная сутнасьць існаваньня чалавечага грамадства.

3. Душа чалавека перад выбарам

ЗЫХОДНАЯ ДВАІСТАСЬЦЬ ДУШЫ

Кожны чалавек зыходна дваісты ў сваёй існасьці ў тым сэнсе, што ён адначасова і жывёліна, і патэнцыйна духоўная істота, у тым сэнсе, што ён істота індывідуальная і, адначасова, калектыўная, а таксама ў тым, што ён мае магчымасьць і ствараць Дабро, і аказацца паслугачом Блага. У гэтыя “шчыліны” паміж названымі дваістасьцямі імкнецца пранікнуць Блага, каб падпарадкаваць чалавека. Таму пры пераходзе да дарослага жыцьця практычна кожнаму чалавеку даводзіцца рабіць больш ці менш сьвядомы выбар свайго жыцьцёвага шляху: альбо апускацца ўніз, да “каштоўнасьцяў” жывёльнага існаваньня, альбо ўздымацца ўгару, да духоўнасьці. Гэты выбар адбываецца не выпадкова, а з ўдзелам Розуму, Сумленьня, Веры, Волі…

КОЖНЫ ЧАЛАВЕК МОЖА СТАЦЬ ДАБРАДАЙНЫМ

Чалавечыя Самапавага, Сумленнасьць, Годнасьць – гэта зярняты ўсеагульнага Дабра, засеяныя прыродай у людскія душы. Яны ж яго галоўныя маральныя судзьдзі. Акрамя таго, у чалавека ёсьць яшчэ Вера ў лепшае (г.зн. у Дабро) і Воля, якія разам здольныя рабіць цуды.

Таму нават самы дэструктыўна і паразітна настроены чалавек можа стаць дабрадайным, калі, прыслухаўшыся да парадаў свайго Сумленьня і  зРазумеўшы альбо  паВерыўшы ў неабходнасьць змаганьня за Дабро, скіруе сваю Волю на падтрымку зародкаў добрага ва ўласнай душы. Такі цуд нашмат больш верагодны, чым кавалку жалезнай руды, які ляжыць глыбока пад зямлёй, аказацца пераўтвораным у вось кола. Але, ці мала колаў коціцца па зямлі?

ВАГІ ВЫБАРУ ЛЕПШАГА

У душы чалавека зародкі Дабра і Блага знаходзяцца на вагах выбару лепшага. Добрыя пачуцьці, Сумленьне ды Вера ў лепшае з аднаго боку, і “благія” паразітныя жаданьні – з другога, змагаюцца паміж сабой за тое, на якія чашы вагаў выбару дакласьці Волю і Розум, каб пераважыць.

Пры гэтым Вера далёка не элементарная. Яе ўнутранымі крыніцамі зьяўляюцца Веды і Надзея, вонкавай – Давер.

Веды ў сваю чаргу складаюцца з Розуму і Інфармацыі аб Сусьвеце, якая прыходзіць звонку.

Чым больш Веды будуць заснаваны на праўдзівай інфармацыі, чым большай будзе доля Ведаў у Веры, і чым большы ўплыў на Веру будзе аказваць Давер з боку сапраўды добрых людзей, тым большая верагоднасьць таго, што Вера будзе скіроўваць і Волю, і Розум на дапамогу зародкам Дабра. У выніку чалавек абярэ шлях пераважна духоўнага, справядлівага існаваньня.

Калі Вера будзе поўнасьцю заснаваная толькі на вялікіх і праўдзівых Ведах, Яна заўсёды будзе пасылаць Волю на дапамогу Дабру. Таму праўдзівыя Веды – патэнцыйны саюзьнік Дабра і страшэнны вораг Блага.

Кожны чалавек павінен ведаць, што ў такой ступені, у якой яму дадзены Розум, ён нясе адказнасьць за свой выбар на карысьць Дабра ці Блага.

ЧАЛАВЕК – ЧАСЬЦІНКА БОГА-СУСЬВЕТУ

Мэта і сэнс жыцьця чалавека – максімальна поўная рэалізацыя свайго стваральнага прызначэньня, за форму якога кожны чалавек адказвае сам. Наўрад ці варта што-небудзь прымаць на веру, каб зразумець, што, калі чалавек стаў на шлях актыўнай дабрадайнасьці, ён становіцца часьцінкай Бога-Сусьвету, прычым тым большай у сваіх памерах, больш справядлівай і духоўнай, чым у большай ступені яго існаваньне спрыяе разьвіцьцю чалавецтва, а значыць, усяго Сусьвету.

У цэлым кожны чалавек праведны ў такой ступені, колькі рэальнага Дабра ён стварыў, колькі Блага перамог і колькі Блага не спакусіўся зрабіць.

Найвышэйшай формай духоўнасьці чалавека зьяўляецца яго актыўная дабрадайнасьць!

НІКЧЭМНАСЬЦЬ БЛАГОГА ЧАЛАВЕКА І ЎЗНАГАРОДЫ ДАБРАДАЙНАМУ

Калі ж чалавек падпарадкуецца спакусам Блага, паклоніцца Яму і пойдзе ва ўслужэньне, ён пераўтворыцца ўсяго толькі ў нікчэмнага служку Блага. Яго душа ўвесь час, пакуль ён будзе жыць, будзе прыціснутая цяжарам усяго таго нядобрага, паразітнага, што ён зрабіў…

Дабрадайны ж чалавек не абавязаны і не павінны нікому пакланяцца. Яго душа адкрытая і свабодная ад прыгнёту ды падпарадкаваньня. Маладосьць душы, якую чалавек можа захаваць да сьмерці; гармонія пачуцьцяў, думак, слоў і справаў; радасьць паўнавартаснага стваральнага жыцьця; магчымасьць перажываць шчырае каханьне, любоў, шчасьце… – усё гэта і галоўныя ўзнагароды актыўна дабрадайнаму чалавеку, і формы яго штодзённага паўнавартаснага жыцьця.

4. Дабро і Блага паміж чалавекам ды чалавекам, чалавекам і прыродай

ЧАЛАВЕК – СУБ’ЕКТ СВАЙГО ЎЛАСНАГА ЖЫЦЬЦЯ

Кожны чалавек мае поўнае права быць суб’ектам свайго ўласнага жыцьця і ня быць аб’ектам жыцьця іншых людзей. Пакуль чалавек не абмяжоўвае свабоды іншых жывых істот, ён максімальна свабодны. Як толькі такое абмежаваньне адбываецца, чалавек мусіць узгадніць сваё права на свабоду з патрабаваньнямі аб’ектыўнай рэчаіснасьці, у якой ён – адзін з кампанентаў. Роўныя правы на свабоду двух патэнцыйна добрых людзей зьяўляюцца асновай Маралі і адной з падставаў Права.

АСНОВЫ ЭТЫКІ ДЫ ЭСТЭТЫКІ

Кожны дабрадайны чалавек заўсёды імкнецца пакідаць месца, дзе ён быў (у прыродзе ці на тэрыторыі пражываньня людзей), душу іншага чалавека ці нежывы аб’ект, зь якімі ён кантактаваў, у стане ня горшым, чым яны былі да яго. Нават на белым аркушы паперы толькі тады варта пачынаць нешта маляваць, калі прадчуваеш, што зробіш нешта лепшае, чым тое, што ўяўляе аркуш паперы сам па сабе. Таму, ствараючы нешта, кожны чалавек павінны самакрытычна ацэньваць: ці сапраўды ён паляпшае нешта, што да гэтага было створана прыродай ці іншымі людзьмі, і ўжо таму абавязкова нясе ў сабе прыгажосьць? Ці ня могуць дадзеныя яму магчымасьці быць выкарыстаны больш эфектыўна?

На шляху безупыннага і добрасумленнага пошуку найлепшага адказу на гэтыя пытаньні ўзьнікае тая частка агульначалавечай Культуры, у аснове якой Этыка чалавечых адносін і Эстэтыка ўсёй стваральнай дзейнасьці чалавека, бо яны якраз і заснаваныя на максімальна крытычным стаўленьні да прыгажосьці патэнцыйна створанага ў параўнаньні з тым, што ўжо існуе.

Узгаданы вышэй падыход мае велізарнае значэньне для ашчаднага стаўленьня чалавека да прыроды (напрыклад, такога, каб імкнуцца аддаць да 50% тэрыторыі прыродзе ў яе поўнае карыстаньне).

КАНТАКТАВАНЬНЕ З БЛАГІМІ ЛЮДЗЬМІ

Аднак ва ўзаемадачыненьнях зь людзьмі чалавек сутыкаецца ня толькі зь людзьмі добрымі, але і з благімі, здольнымі на подласьць, якая зьяўляецца сьледствам іх паразітнай існасьці.

Жыцьцё чалавека аб’ектыўна небеспамылковае, і кожны чалавек можа памыліцца з прычыны немагчымасьці веданьня ўсяго. Але ніхто ня мае права на подласьць! Бо подласьць – гэта сьвядомае нанясеньне шкоды добраму чалавеку. Таму, калі памылку трэба прабачаць, то ў дачыненьні да подласьці гэтага рабіць нельга. І хаця права не прабачаць яшчэ не азначае  – абавязкова караць, але ўжо азначае – мець права на пакараньне. Першаснасьць зьявы стварэньня Дабром выразна паказвае на такі прынцыповы дазвол, які зьяўляецца дадатковай крыніцай Права.

Рознае стаўленьне да памылкі і да подласьці ўскладае вялікую адказнасьць на таго, хто бярэцца іх адрозьніваць. Калі ж упэўненасьць, што перад вамі благі чалавек, існуе, – не губляйце магчымасьці (у такой ступені, у якой вы ўпэўненыя) пакараць яго. Ня бойцеся мець ворагаў, калі гэта служкі Блага. Бо чым больш у вас такіх ворагаў, тым больш дабрадайны і праведны вы чалавек.

Не дапускайце таго, каб благі чалавек зрабіў шкоду добраму нават аднаразова. Блага ня вартае і гэтага. Таму імкніцеся вучыцца адрозьніваць добрых людзей ад благіх яшчэ да таго, як апошнія ўчыняць шкоду.

Улічвайце таксама, што нядобрыя людзі зазвычай маюць выразныя здольнасьці да мімікраваньня. “Правільныя” вопратка, словы і паводзіны ня ёсьць адзнакі дабрадайнага чалавека, бо шмат што можа быць выкарыстана Благам як інструмант падману. Больш важкія аргумэнты на карысьць дабрадайнасьці чалавека – гэта вялікая колькасьць добрых спраў і дастаткова вялікая выпрабаванасьць часам, які, разам з вашым уласным розумам, ёсьць найлепшы дарадца.

РАДАСЬЦЬ АД КАНТАКТАВАНЬНЯ З ДОБРЫМІ ЛЮДЗЬМІ

Вялікая адказнасьць, далікатнасьць усяго, што зьвязана з дачыненьнямі паміж людзьмі, толькі падкрэсьліваюць той факт, што найвялікшыя чалавечыя Шчасьце, Радасьць, Задавальненьне… узьнікаюць у выніку гарманічнага ўзаемадзеяньня людзей, якія маюць добрыя душы. Мала што можа прыносіць большыя радасьць і задавальненьне, чым сапраўднае Сяброўства двух людзей ці Любоў – яго эквівалент, толькі з дадаткам сэксуальнага. Пры гэтым найбольшае шчасьце ва ўмовах інтымнай блізкасьці з любімым чалавекам дасягаецца тады, калі давер любімага выкарыстоўваецца на адорваньне яго максімальнай колькасьцю Дабра.

АКТЫЎНАЕ ДАБРО Ў ВЫХАВАНЬНІ ДЗЯЦЕЙ

Выхаваньне дзяцей у атмасьферы пасіўнага дабра можа разьвіць у іх эгаізм – адну з падставовых негатыўных рысаў характару, што спрыяюць абраньню чалавекам “благога” жыцьцёвага шляху. Атмасьфера актыўнага дабра, культываваная ў сям’і, стварае большыя шанцы на тое, каб дзеці вырасталі добрымі і актыўнымі.

Выхаваньне ў дзяцей рысаў дабрадайнасьці адбываецца найбольш пасьпяхова  ва ўмовах разьвіцьця ў іх пачуцьця любові да Радзімы, гонару за свой народ і адказнасьці за іх.

Алесь Астроўскі

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы