Алесь Астроўскі
5. Дабро і Блага ў людскім грамадстве
ЧАЛАВЕК І ГРАМАДСТВА
Чалавек ня можа быць шчасьлівы без шчасьлівага грамадства ў такой ступені, у якой чалавецтва ня можа існаваць без прыроды. Грамадства ж будзе шчасьлівае ў такой ступені, у якой у ім будзе панаваць Дабро!
СТВАРАЛЬНАЯ ПРАЦА – АСНОВА ІСНАВАНЬНЯ ГРАМАДСТВА
Кожнае грамадства існуе за кошт працы яго грамадзян, у выніку якой ствараюцца грамадскія даброты. Праца – гэта стваральная дзейнасьць у любой форме. У кожнай працы прысутнічаюць элементы руціны і творчасьці, разумовы і фізычны кампаненты. Любая прафесійная дзейнасьць спалучае ў сабе названыя часткі ў розных суадносінах. Розум чалавека здольны ў значнай ступені ўплываць на гэтыя прапорцыі.
Праца чалавека можа быць скіравана на патрэбы целаў людзей і на патрэбы іх душаў, можа ў большай ступені быць зьвязаная з падтрыманьнем дасягнутага ўзроўню існаваньня грамадства, а можа спрыяць яго разьвіцьцю. Кожны кірунак такой дзейнасьці чалавека мае важнае грамадскае значэньне. Таму працай зьяўляецца ня толькі вытворчасьць прадуктаў харчаваньня, жыльля, вопраткі ды іншых прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў, а і вытворчасьць адукаваных, выхаваных, культурных людзей (праца ў сьферы адукацыі і культуры), вытворчасьць здаровых людзей (праца ў сістэме аховы здароўя), вытворчасьць новых ведаў (навука) і шмат што іншае. Вытворчасьцю зьяўляецца нават бізнэс альбо такая дзейнасьць, якая дае магчымасьць спажыўцам набыць тавары, якія ім патрэбныя (сьфера гандлю). Адна з важных сьфераў вытворчай дзейнасьці – штодзённае вядзеньне хатняй гаспадаркі, догляд і выхаваньне дзяцей…
Любая вытворчая дзейнасьць чалавека, якая ўлічвае патрабаваньні Этыкі ды Эстэтыкі, зьяўляецца грамадскім Дабром.
Ступень духоўнасьці чалавека, велічыня яго дабрадайнасьці вызначаецца суадносінамі таго, штό чалавек стварыў для свайго народу ды ўсяго чалавецтва і штό з гэтага выкарыстаў на патрэбы ўласнага існаваньня. Чым больш чалавек стварыў і чым менш выкарыстаў, тым больш ён дабрадайны.
СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ
Як толькі людзі пачынаюць карыстацца пладамі створанага Дабра, заканамерна паўстае праблема сацыяльнай Справядлівасьці, якая зьяўляецца мерай суадносін Дабра і Блага ў грамадстве.
З пазіцый рэлігіі актыўнага Дабра галоўнамі прынцыпамі сацыяльнай Справядлівасьці зьяўляюцца наступныя:
– тое, што створана чалавекам у выніку яго разумовых і фізычных высілкаў, яму і належыць. Чалавек вінны грамадству толькі тую частку створанага, якая адпавядае ўдзелу грамадства ў тым, што ён стварыў;
– працаздольны чалавек павінны атрымліваць ад грамадства каштоўнасьцяў прапарцыйна яго ўнёску ў разьвіцьцё грамадства;
– калі добры чалавек ня здольны да актыўнай працы, яго жыцьцё павінна быць забясьпечана грамадствам, паколькі жыцьцё чалавека ёсьць каштоўнасьць само па сабе.
ГРАМАДСКАЕ БЛАГА
Грамадскае Блага імкнецца любым чынам прыўлашчыць тое, што стварыў чалавек. А каб гэта было рабіць лягчэй, Блага імкнецца пазбавіць чалавека эканамічнай незалежнасьці, каб, трымаючы яго ўвесь час ва ўмовах падпарадкаваньня, стварыць сабе найлепшыя ўмовы для паразітаваньня.
Бюракратычная сістэма, якая прыўлашчвае права распараджацца грамадскімі дабротамі, зьяўляецца найлепшым месцам для існаваньня Блага. У грамадствах з таталітарным рэжымам бюракратычная сістэма (у склад якой уваходзяць не толькі чыноўнікі грамадскіх устаноў, а і кіраўнікі партыі ўлады, вайскоўцы, службоўцы тайнай ды яўнай паліцыі, зьбюракратызаваны клер і да т. п.) разрастаецца да найвялікшых памераў. У такіх грамадствах часта Блага засяляе бюракратычную сістэму ў такой ступені, што яна становіцца ледзь ня чыстай формай праяўленьня грамадскага Блага.
Чым меншыя магчымасьці мае бюракратыя ў грамадстве, тым, як правіла, меншы ўплыў мае Блага на яго.
ХТО ПРЫСЛУЖВАЕ БОГУ І ХТО ЯМУ ПАТРЭБНЫ
Блага, імкнучыся карыстацца пладамі ім нястворанага, правакуе людзей на “благія”, г. зн. паразітныя, учынкі. Так, як у прыродзе на больш высокаарганізаваных жывых істотах паразітуюць менш высокаарганізаваныя, так і ў чалавечым грамадстве тыя людзі, якія менш здольныя да паўнавартаснай стваральнай працы, менш разумныя, працавітыя, сумленныя, менш годныя, – у большай ступені схільныя быць хаўрусьнікамі Блага. Таму прыслугоўваньне Благу ёсьць крытэрам людской прымітыўнасьці, непаўнавартасьці. Але Блага ахвотна падтрымлівае такіх людзей і нават імкнецца павялічыць іх колькасьць у грамадстве.
Благу таксама патрэбны і добрыя людзі. Але толькі пасіўна добрыя! Бо менавіта яны ствараюць Благу матэрыяльныя і “духоўныя” даброты, а таксама пастаўляюць Яму сваіх дзяцей для далейшага існаваньня. Акрамя таго, пасіўна добрыя не пагражаюць Благу.
УЛАДА
Акрамя стваральнай дзейнасьці чалавечае грамадства трымаецца на пачуцьцях і розуме людзей, якімі ў сваю чаргу кіруе грамадская ўлада. Яна мае самае непасрэднае дачыненьне да разьмеркаваньня і карыстаньня грамадскімі дабротамі. Таму Блага заўсёды імкнецца дарвацца да ўлады, бо гэта найлепшы для яго сродак дасягненьня сваіх паразітных мэтаў.
Нутраныя крыніцы Улады – Веды і Воля, вонкавыя – Сіла, Права, Давер. Прычым, Давер да ўлады (іначай, Вера ва ўладу) часта мае ня меншае значэньне, чым яе фізычная Сіла.
ГРАМАДСКІЯ ВЕДЫ І ІХ РОЛЯ Ў ГРАМАДСТВЕ
Веды – адзін з кампанентаў любой Улады. Але толькі Дабро зацікаўленае ў тым, каб ня толькі ўлада, а і само грамадства грунтавалася на праўдзівых Ведах, прычым у такой ступені, у якой існаваньне чалавечага грамадства зьяўляецца часткай аб’ектыўна існага Сусьвету.
Праўдзівыя Веды ў грамадстве ўзьнікаюць у канцы доўгага ланцугу пераўтварэньняў: аб’ектыўна існы Сусьвет → дасягальная для чалавека рэчаіснасьць → праўдзівыя веды пра рэчаіснасьць, атрыманыя тымі, хто яе дасьледуе → праўдзівая інфармацыя, распаўсюджаная ў грамадстве → праўдзівыя Веды ў галовах людзей (грамадскія Веды).
Праўдзівасьць здабытых Ведаў вызначаецца тым, наколькі дакладна (адэкватна рэчаіснасьці) пазнана, асэнсавана, сфармулявана (адлюстравана) рэчаіснасьць. Ідэальнай формай Праўды зьяўляецца Ісьціна.
Праўдзівыя Веды – вораг Блага, Ісьціна – яго сьмяротны вораг, бо на Ісьціне благу паразытаваць немагчыма. Таму імкненьне наблізіць Праўду да памераў Ісьціны – адна з асноўных задач актыўнага Дабра.
Праўдзівая інфармацыя – гэта дастаткова поўныя праўдзівыя Веды пра рэчаіснасьць, якія распаўсюджваюцца ў грамадстве.
Ва ўмовах шырокай распаўсюджанасьці праўдзівых Ведаў Благу мала месца для паразытаваньня. Таму грамадскае Блага імкнецца змагацца як з праўдзівымі Ведамі ды праўдзівай інфармацыяй (імкнецца хаваць праўдзівую інфармацыю, уносіць дэзінфармацыю ў грамадства, заблытваць людзей), так і з уплывам Розуму на грамадства ( імкнецца дыскрэдытаваць і нават зьнішчаць разумных людзей, спойвае насельніцтва, усяляк спрыяе распаўсюджаньню расы “homo soveticus”).
Як кожны асобны чалавек, так і ўсё грамадства будзе тым больш Добрым ды шчасьлівым, чым менш ва ўладзе над гэтым грамадствам будзе Волі, а ў Веры ва ўладу – Надзеі ды Даверу. І наадварот, чым больш ва ўладзе і ў Веры ва ўладу будзе праўдзівых Ведаў, тым больш шанцаў, што ўлада будзе служыць добрым людзям.
УЛАДА І ВЕДЫ
Дабро ва ўладзе выступае ў такой ступені, у якой права і магчымасьць кіраваць рэалізуюцца людзьмі актыўна дабрадайнымі на падставе праўдзівых, сістэматызаваных Ведаў і з улікам патрабаваньняў этыкі!
Калі ж алгарытм справядлівых паводзін невідавочны (прыклад дзеяньняў згодна з алгарытмам – зборка кубіка Рубіка) з-за высокай складанасьці сістэмы, якой зьяўляецца грамадства, лепш разьмеркаваньне па справядлівасьці даверыць стыхійным сілам грамадства (рынак, дэмакратыя). Практыка паказвае, што яны, пры ўсіх сваіх недахопах, забясьпечваюць патэнцыйна роўныя ўмовы для змаганьня Дабра і Блага, праз гэта ствараюць умовы для больш частай перамогі Дабра і гэтым забясьпечваюць на сёньня большую Справядлівасьць у грамадстве, чым першапачаткова самыя лепшыя людскія інтэнцыі, а тым больш словы пра іх.
Такая частая перавага Дабра ва ўмовах дэмакратычных краін з рынкавай эканомікай у параўнаньні з таталітарнымі краінамі зьяўляецца выразнай дэманстрацыяй таго, наколькі чалавечае грамадства ў цэлым усё яшчэ падпарадкаванае Благу!
Дарваўшыся ж да ўлады, Блага ня можа абаперціся на праўдзівыя Веды, бо гэта супярэчыла б Яго існасьці, таму яно больш карыстаецца Воляй, а звонку абапіраецца больш на Сілу і страх перад Сілай, чым на Права. Блага не грэбуе таксама магчымасьцю падсілкаваць сваю Уладу і Верай. Але Блага не жадае, каб у людзей была праўдзівая Вера. Таму на ўсе складовыя часткі Веры (асабліва на Веды і Давер) Блага скіроўвае свае высілкі.
Так, носьбіты Блага імкнуцца мець такі выгляд і абыходжаньне, якія выклікаюць у людзей Давер. Замест сістэматызацыі Ведаў Блага імкнецца ўнесьці ў галовы людзей блытаніну – робіць тое самае, што хлопчык-хуліган, які бурыць мазаіку-складанку, складзеную іншымі дзецьмі. Таму кожны чалавек, які жадае стаць справядлівым, наадварот, павінны ўпарта “складваць” у сваёй галаве “мазаіку-складанку” аб’ектыўнай рэчаіснасьці, каб, маючы ня толькі праўдзівую, але і суцэльную карціну Сусьвету, у любых умовах бачыць шлях, па якім трэба ісьці. Шлях жа гэты відавочны – служэньне Дабру, Праўдзе, Справядлівасьці, Прыгажосьці…
АСНОЎНЫ ПАКАЗЬНІК КОЛЬКАСЬЦІ ДАБРА Ў ГРАМАДСТВЕ
Чым больш у грамадстве Дабра, тым больш яно разьвіваецца і тым лепш у ім жывуць людзі. Таму ўзровень жыцьця людзей у грамадстве ёсьць крытэр узроўню грамадскага Дабра і сацыяльнай справядлівасьці.
І наадварот, любое грамадства хворае на Блага ў такой ступені, у якой дабрадайныя, праведныя людзі не могуць жыць у ім паўнавартасна і шчасьліва.
БЛАГА ТАТАЛІТАРЫЗМУ
Камунізм – адна з формаў грамадскага Блага. Гэты варыянт Блага звычайна хавае сваю паразітную існасьць за лёзунгам разьмеркаваньня ўсіх грамадскіх дабротаў “па справядлівасьці” з дапамогай дзяржавы. У сапраўднасьці Блага пераўтварае непасрэдны, адкрыты сацыяльны паразітызм (які характэрны, напрыклад, для дзікага капіталізму) у паразітызм схаваны, завуаляваны (бо апасяродкаваны дзяржавай) і ад гэтага толькі больш небяспечны ды жорсткі.
Ва ўмовах камуністычных грамадстваў Блага імкнецца разьбіць людзей на розныя сацыяльныя групы (напрыклад, рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя) і пасварыць іх паміж сабой. Мала таго, камуністычнае блага імкнецца максімальна разьбіць людзей на адзінкі (былі спробы зьнішчыць нават сям’ю), каб ня групы людзей, а толькі асобныя людзі аказваліся сам на сам з усёй камуна-бюракратычнай сістэмай.
Таталітарнае Блага ня раз “дадумвалася” нават да таго, каб фізычна зьнішчаць людзей з высокім узроўнем Сумленьня, Розуму, працавітасьці!
Аднак, большыя магчымасьці для дзейнасьці сіл Блага становяцца галоўнай прычынай параўнальна хуткай дэградацыі таталітарных грамадстваў. Гэта шмат разоў спраўджаны доказ таго, што Дабро і Справядлівасьць падмануць немагчыма, як немагчыма падмануць само жыцьцё…
ГРАМАДСКАЕ ДАБРО ТРЭБА АРГАНІЗОЎВАЦЬ НА ЗМАГАНЬНЕ З БЛАГАМ
Жыцьцё ўсяго грамадства, як і жыцьцё кожнага асобнага чалавека, павінна быць напоўненае Радасьцю, Сьвятлом, Любоўю, Сэнсам… Каб такое сталася найбольш распаўсюджанай рэальнасьцю, грамадствам павінна кіраваць Дабро. Менавіта Яно павінна ўвесь час перамагаць і кантраляваць Блага. Дабро павінна быць пры ўладзе, а для гэтага Воля і Розум праведных людзей павінны ўвесь час актывізаваць і арганізоўваць Дабро, бо яно самастойна на гэта ня здольнае.
Таму людзі, якія вераць і служаць актыўнаму Дабру, павінны актыўна накіроўваць іншых людзей на дапамогу Дабру ў яго змаганьні з Благам, актыўна падтрымоўваць дабрадзейных людзей ва ўладзе, самі імкнуцца займаць кіраўнічыя пасады, прымушаць сябе ісьці ва ўладу, нават калі ў іх мала жаданьня рабіць гэта!
ЛЕПШАЕ ГРАМАДСТВА, У ЯКІМ МОЖА ЖЫЦЬ ЧАЛАВЕК – НАЦЫЯ.
Чалавек можа быць сапраўды шчасьлівы і адчуваць, што ён жыве паўнавартасна, толькі тады, калі будзе ўсьведамляць значэньне таго, што ён жыве ня проста ў грамадстве, а сярод свайго народу; што ён жыве ня проста ў дзяржаве, а на тэрыторыі сваёй Радзімы-Бацькаўшчыны. Толькі тады чалавек мае шанец мець ня толькі пачуцьцё шэрага існаваньня-пражываньня, а сапраўды паўнавартаснага каляровага жыцьця.
Усе праблемы, якія могуць быць у грамадстве, можна падаць у пасьлядоўнасьці іх рэальнага вырашэньня. Сярод праблем, якія могуць вырашацца ў апошнюю чаргу, знаходзяцца эстэтычныя, этычныя, экалагічныя праблемы. Бо звычайна яны могуць быць вырашаныя толькі пасьля таго, як у грамадстве ў выніку вырашэньня эканамічных праблем будзе забясьпечаны адпаведны ўзровень дабрабыту. Эканамічныя ж праблемы могуць быць вырашаны толькі пасьля таго, як ва ўладу прыйдуць людзі, якія будуць сапраўды клапаціцца пра грамадства. Гэта значыць, што эканамічныя праблемы будуць вырашаны толькі тады, калі будуць вырашаныя палітычныя праблемы. У сваю чаргу, палітычныя праблемы могуць быць вырашаныя тады, калі ў выніку нэўтралізацыі вонкавага дэнацыяналізацыйнага (імперскага ці касмапалітычнага) уплыву на грамадства большасьць жыхароў краіны будзе лічыць сябе яе гаспадарамі, вызнаючы нармальнай толькі такую сітуацыю, калі на сваёй этнічнай тэрыторыі, у сваёй дзяржаве народ працягвае разьвіваць сваю мову і культуру на базе мовы і культуры сваіх продкаў. Толькі ў такіх умовах чарговыя пакаленьні людзей могуць набываць, як эстафету, пачуцьцё паўнавартаснага, адказнага гаспадара на сваёй зямлі, зь якога і пачынаецца вырашэньне ўсіх іншых праблем.
ПАЎНАВАРТАСНЫ ЧАЛАВЕК У ГРАМАДСТВЕ
Кожны чалавек, які жыве ў грамадстве, ня можа ня бачыць штодзённага змаганьня грамадскіх Дабра і Блага. Таму чалавек, які хоча пачувацца паўнавартасным, актыўна дабрадайным, праведным чалавекам, павінны ня толькі ў думках уставаць на бок Дабра (бо гэтага недастаткова), а штодзённа дапамагаць Дабру перамагаць грамадскае Блага сваімі канкрэтнымі, практычнымі дзеяньнямі!
Бываюць перыяды, калі змаганьне за грамадскае Дабро мае асаблівы маштаб і сэнс. Пасьля такіх падзей кожны сапраўды дабрадайны чалавек павінны мець годны адказ на прынцыповыя пытаньні: дзе ты быў і што рабіў, калі ў грамадстве адбывалася вострая барацьба за Дабро і справядлівасьць? Ты змагаўся, ці ты чакаў, калі іншыя зробяць за цябе справу, якая патрэбная ня толькі ім, а і табе?
ЛЮДЗІ І ПРЫРОДА
Дабрадайныя людзі ня могуць не выступаць за тое, каб вылучаць прыродзе ў яе поўнае карыстаньне вялікія плошчы (да паловы і болей) на тэрыторыях сваіх дзяржаў…