nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДЗЕВЯЦЬ АСНОЎ РЭЛІГІІ АКТЫЎНАГА ДАБРА (кБНІ; частка ІІІ)

3 студзеня, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

6. Чалавецтва перад шанцам 

АДКАЗНАСЬЦЬ І ШАНЦ ПЕРАД ЧАЛАВЕЦТВАМ

Богам-Сусьветам на чалавецтва ўскладзена адказнасьць за далейшае разьвіцьцё Сусьвету. З пункту гледжаньня ж чалавецтва яму “дадзены шанц” зрабіць унёсак у далейшае разьвіцьцё Сусьвету.

Рэалізацыя гэтага “шанцу” залежыць ад таго, наколькі пераможнае і ўладарнае будзе Дабро сярод саміх людзей. Гэта будзе вызначаць хуткасьць разьвіцьця чалавецтва і час, калі яно дасягне найвышэйшага духоўна-этычнага і тэхналагічнага ўзроўню. Таму ў якой ступені менавіта чалавецтву, а не цывілізацыям іншых жывых істот, “будзе даручана” распаўсюджваць Дабро па Сусьвеце, залежыць ад самога чалавецтва, а менавіта ад таго, наколькі яно будзе служыць Дабру ўнутры сябе!

ПРАВА ДАБРА НА ЗМАГАНЬНЕ З БЛАГАМ

Названыя шанц і адказнасьць даюць яшчэ адну падставу на права Дабру змагацца з Благам. Прычым, чым большае Блага, тым большыя правы на змаганьне зь ім мае Дабро.

У змаганьні супраць міжнароднага Блага, як самага маштабнага і небясьпечнага для чалавецтва, апраўданыя амаль усе метады.

Галоўным механізмам у змаганьні Дабра супраць Блага зьяўляецца той факт, што людзей-стваральнікаў заўсёды большасьць. Іх проста аб’ектыўна ня можа быць менш за благіх. Таму чалавецтва ў прынцыпе забясьпечанае патэнцыйнай магчымасьцю ўвесь час перамагаць Блага. Аднак на справе гэтая магчымасьць рэалізуецца не так часта, як хацелася б.
Абумоўлена гэта вялікай складанасьцю той сістэмы, якая завецца чалавецтвам, а таксама недастатковай актыўнасьцю дабрадайных людзей.

Чалавецтва бачыла за сваю гісторыю шмат гора толькі з-за таго, што Дабро было недастаткова актыўнае і арганізаванае. Таму першы крок на шляху перамогі Дабра – усьведамленьне і прыняцьце як мага большай колькасьцю людзей прынцыпу, што Дабро павінна быць разумнае, актыўнае, аб’яднанае, арганізаванае!

ЧАЛАВЕЦТВА ЯК СІСТЭМА

Каб разабрацца ў складанай сістэме, якой зьяўляецца чалавецтва, варта прыняць, што яно мае чатыры галоўныя ўзроўні сваёй арганізацыі: узровень чалавека; узровень групы блізкіх людзей; узровень народу-грамадства; узровень чалавецтва. На кожным з гэтых узроўняў існуе разнастайнасьць структур, узаемадзеяньне якіх зьяўляецца галоўнай падставай разьвіцьця грамадства і чалавецтва.

Каб паразітаваць як мага даўжэй, Блага імкнецца затармазіць разьвіцьцё. Таму барацьба за аднастайнасьць супраць разнастайнасьці – яшчэ адзін стратэгічны кірунак дзейнасьці Блага.

Здавалася б, у галовах людзей павінна лёгка складвацца і цьвёрда трымацца адпаведная названым узроўням арганізацыі грамадства сістэма каштоўнасьцяў. Аднак пакуль гэта ня так. Для большасьці людзей зразумелыя толькі тыя каштоўнасьці, якія зьвязаны з узроўнямі “я” і “мая сям’я”. А каштоўнасьці ўзроўняў “народ-грамадства” і “чалавецтва” ў вялікай колькасьці людзей практычна адсутнічаюць. У шмат каго дадаткова назіраюцца скажэньні некаторых груп каштоўнасьцяў, што праяўляецца ў форме эгаізму, сямейнасьці, імперскасьці, касмапалітызму.

Усім гэтым Блага пастаянна карыстаецца.

РАЗНАСТАЙНАСЬЦЬ НАРОДАЎ – ПАДСТАВА РАЗЬВІЦЬЦЯ ЧАЛАВЕЦТВА

Больш за ўсё Блага баіцца разнастайнасьці формаў грамадстваў, утвораных рознымі народамі ды нацыямі, таму што гэта самая вялікая аб’ектыўная перашкода для распаўсюджаньня Блага па Зямлі.

Блага магло б паразітаваць на людзях і не клапаціцца пра сваю будучыню толькі ў адным выпадку – калі б Яно здолела захапіць уладу над усёй Зямлёй ды поўнасьцю панішчыць разнастайнасьць краін, народаў, грамадстваў. Але ў адрозьненьне ад прадэманстраванай Благам рэальнай здольнасьці да зьнішчэньня ўнутрыграмадскай разнастайнасьці (розныя варыянты таталітарызму, часьцей у форме камунізму, рэальна былі ўсталяваны ў шмат якіх краінах), Благу аніяк не ўдаецца зьнішчыць міжнародную разнастайнасьць. Уся гісторыя чалавецтва паказвае, што нават калі Благу ўдавалася захапіць нейкую тэрыторыю, прыклад больш цывілізаваных, менш падлеглых Благу краін (а таму краін, дзе людзі жывуць лепш) раней ці пазьней выводзіў людзей на змаганьне з Благам. Яно было вымушана адступаць.

Але Блага гатовае спрабаваць зноў і зноў. Таму Яно і зараз імкнецца дыскрэдытаваць каштоўнасьці, зьвязаныя з узроўнем “народ-нацыя-дзяржава”.

Пры гэтым Блага імкнецца абылгаць тых людзей, якія разумеюць неабходнасьць існаваньня разнастайнасьці народаў, імкнецца ўсяляк ганьбіць тых, хто лічыць абсалютна нармальнай і гістарычна заканамернай зьявай пераўтварэньне народаў на сваёй этнічнай тэрыторыі ў нацыі са сваімі дзяржавамі. Сваю ж паразытычную існасьць, якая паўстае ўжо ў форме імперыялізму, Блага спрабуе ўсяляк хаваць.

Дадаткова варта ведаць, што ўніверсальныя этычныя ды эстэтычныя каштоўнасьці складаюць толькі частку агульналюдскай Культуры. Другая частка выяўленая спалучнасьцю ўсіх нацыянальных культур, узаемадзеяньне якіх забясьпечвае разьвіцьцё агульналюдскай культуры. Нездарма Блага, як вораг разьвіцьця, імкнецца пахіснуць глебу культурнага разьвіцьця чалавецтва – яго культурную разнастайнасьць. У гэтым сэнсе зьнішчэньне імперскім Благам любой нацыянальнай культуры ёсьць вялікая страта для ўсяго чалавецтва.

Вызваленьне нацыі ад Блага імперыялізму – найпершая задача сапраўды праведнага чалавека. Бо вызваленьне ад Блага, якое знаходзіцца ўнутры грамадства (сацыяльнае Блага), немагчымае без першачарговага вызваленьня ад Блага, якое ідзе звонку (імперскае Блага).

СПОСАБЫ ДЗЕЙНАСЬЦІ ІМПЕРСКАГА БЛАГА

Раней імперская бюракратыя падбухторвала імперскі народ нападаць на іншы народ і з дапамогай вайсковай Сілы прысвойвала чужыя даброты. Зараз імперскае Блага ўсё часьцей праводзіць больш тонкую палітыку, калі прысваеньне дабротаў, створаных іншым народам, пачынаецца з дзейнасьці, скіраванай на зьнішчэньне мовы, традыцый, культуры і гісторыі таго народу, на якім Яно зьбіраецца паразітаваць. З дапамогай псыхалагічнай апрацоўкі Блага імкнецца рабіць пераварот нармальнага сьветагляду людзей. Так падрыхтоўваецца глеба для паразітаваньня безнацыянальнай імперскай бюракратыі – асноўнага носьбіта міжнароднага Блага – на якім-небудзь народзе.

Спачатку з дапамогай прапаганды і іншых метадаў робіцца ўсё, каб нармальную сітуацыю (ёсьць народ + яго этнічная тэрыторыя + яго мова і культура = нацыя са сваёй дзяржавай) выставіць у галовах людзей ненармальнай альбо хаця б неістотнай. Калі такое дасягаецца, імперская бюракратыя робіць чарговы крок – пачынае захопліваць даброты, якія належаць прадстаўнікам іншага народу. Гэта той спосаб, у адпаведнасьці зь якім дзейнічае імперскае Блага ў сёньняшняй Беларусі.

Калі б Блага змагло зрабіць такое з усімі нацыямі на Зямлі, Яно магло б спакойна існаваць практычна неабмежаваны час альбо да той пары, пакуль на Зямлю не апусьцілася б Дабро іншых цывілізацый.

МАГЧЫМАСЬЦІ ДАБРА БОЛЬШЫЯ , ЧЫМ БЛАГА

Але і без “дапамогі з неба” у Дабра на Зямлі застаецца значна больш шанцаў на перамогу, бо Блага мае адну невырашальную праблему: як толькі імперскае Блага пачынае дзе-небудзь перамагаць, там адразу пачынаецца эканамічная ды культурная дэградацыя. У выніку імперскае Блага губляе сваю моц і вымушанае зноў ды зноў адступаць.

Захаваньне разнастайнасьці культурных ды сацыяльна-эканамічных грамадскіх формаў, павелічэньне долі грамадстваў з прагрэсіўнымі відамі грамадскай арганізацыі ёсьць гарантыя чалавецтва ад перамогі Блага.

У сваю чаргу, у выніку разьвіцьця людскай цывілізацыі ўвесь час накопліваюцца праўдзівыя Веды, павялічваецца іх уплыў на грамадства, памяньшаецца магчымасьць абмежаваньня праўдзівай Інфармацыі. Усё гэта вядзе да таго, што Благу, амаль напэўна, наканавана поўная параза.

Пытаньне толькі ў часе…

7. Царква актыўнага Дабра

ФОРМЫ ЦАРКВЫ АКТЫЎНАГА ДАБРА

Царква актыўнага Дабра рэпрэзэнтаваная ўсімі тымі формамі арганізаванага грамадскага жыцьця чалавека, якія прызначаны для падтрымкі Дабра ў Яго стваральнай дзейнасьці і ў Яго змаганьні за вызваленьне асобнага чалавека, групы людзей, цэлага народу ці ўсяго чалавецтва ад вонкавых і нутраных сіл Блага.

ЦУД У ЦАРКВЕ АКТЫЎНАГА ДАБРА

У царкве актыўнага Дабра найвялікшым цудам лічыцца тое, што чалавек жыве і, дзякуючы гэтаму, бачыць Сьвет, яго велічнасьць, складанасьць, магутнасьць, прыгажосьць!

БЛАГА Ў ІНШЫХ ЦЭРКВАХ І РЭЛІГІЯХ

Блага падступнае і паўсюльпранікальнае. Яно можа быць нават у цэрквах. Там могуць служыць “няверныя” людзі, якія імкнуцца выкарыстаць сваё становішча для ўласнай выгады. Царква можа аказацца ў падпарадкаваньні сілам Блага – напрыклад, пераўтварыцца ў інструмант для імперыялісцкіх сілаў альбо тых, хто мае ўладу. Таму прыналежнасьць чалавека да якой бы ні было царквы яшчэ ня ёсьць паказьнік яго дабрадайнасьці.

Хаця артадаксальныя рэлігіі ня вучаць нічаму благому, але выкананьне вернікамі іх патрабаваньняў часта зьяўляецца для іх ня больш чым спосабам схавацца ад жыцьця. З пазіцый жа рэлігіі актыўнага Дабра, ад сапраўды праведнага чалавека патрабуецца змаганьне з Благам, і не ў сваёй галаве, а ў рэальным жыцьці.

СІСТЭМАТЫЧНАЕ МАЛЕНЬНЕ І СЛУЖЭНЬНЕ ПРАВЕДНАГА ЧАЛАВЕКА

У адпаведнасьці з рэлігіяй актыўнага Дабра, маленьне перад Богам-Сусьветам – гэта стваральная дзейнасьць чалавека ў рэальным жыцьці, а служэньне Богу-Сусьвету – гэта змаганьне з усімі праявамі Блага, якія сустракаюцца ў рэальным жыцьці.

Паколькі Блага патрабуе пастаяннага кантролю, трэба змагацца зь ім настолькі ж сістэматычна, наколькі сістэматычна мы дыхаем, ямо, сьпім і г. д. Таму найвышэйшы ўзровень дабрадайнага служэньня – гэта найлепшым чынам арганізаванае няспыннае змаганьне з благам у нашым штодзённым рэальным жыцьці!

8. Запаведзі рэлігіі актыўнага Дабра

Чалавек, каб быць актыўна дабрадайным (г. зн. праведным), павінны ў сваім штодзённым жыцьці трымацца запаведзяў:
– стварай Дабро, змагайся з Благам і не азірайся на іншых;
– перамагай у сваёй душы благія думкі ды пачуцьці, а для гэтага на дапамогу добрым Сумленьню, Розуму і пачуцьцям скіроўвай Волю;
– пашырай і сістэматызуй свае Веды аб Сусьвеце;
– будзь свабодным і шчасьлівым;
– у стасунках зь іншымі людзьмі давай Дабро добрым людзям, а Блага – благім;
– ідзі ва ўладу, каб служыць Дабру;
– на пытаньне: ці веруеш? – адказвай: верую… у перамогу Дабра і Справядлівасьці;
– на пытаньні людзей, што ім рабіць, каб выратавацца, рай ім: служыце Дабру, Праўдзе, Справядлівасьці і Прыгажосьці!
– усяляк падтрымлівай дзейнасьць Царквы актыўнага Дабра ў дзейнасьці розных арганізацый актыўна дабрадайных людзей.

9. Плата чалавеку за служэньне актыўнаму Дабру

“ЗАМАГІЛЬНАЕ ЖЫЦЬЦЁ”

“Замагільнага жыцьця” ні для цела, ні для душы ў той форме, пра якую гавораць артадаксальныя рэлігіі, не існуе. Усё апісанае там – плод людскай фантазіі, своеасаблівая псыхалягічная адтуха, спосаб схавацца ад праблем рэальнага існаваньня ва ўмовах панаваньня Блага і схавацца ад ведаў пра абмежаванасьць часу людскога жыцьця.

У адпаведнасьці з рэлігіяй актыўнага дабра, пасьля сьмерці чалавека яго цела будзе працягваць жыць у яго непасрэдных нашчадках, а яго дух – ва ўсім тым, што ён зрабіў добрага для сваіх нашчадкаў, блізкіх і сяброў, свайго народу, чалавецтва і ўсяго Сьвету.

ПЛАТА ПРЫ ЖЫЦЬЦІ

У здаровых, не апанаваных Благам грамадствах дабрадайны чалавек пры жыцьці заўсёды набывае матэрыяльны дастатак.

Акрамя таго, яшчэ пры жыцьці ён будзе мець:
– радасьць ад сапраўднага стварэньня і ад перамог над Благам;
– увесь час маладую, шчасьлівую душу, якая здольная паўнавартасна радавацца жыцьцю з-за таго, што яна ёсьць часткай чалавека дабрадайнага, а таму годнага павагі, любові ды шчасьця;
– радасьць і шчасьце паўнавартаснага сяброўства і любові, якія магчымыя ў выніку ўзаемадзеяньня толькі добрых людзей;
– радасьць ад усьведамленьня грамадскага прызнаньня і павагі;
– прыемнасьць ад разуменьня таго, што пасьля сьмерці застануцца добрыя памяць і пашана, што цялеснае існаваньне будзе працягнута ў жыцьці нашчадкаў.

Усё гэта і ёсьць плата за дабрадайнасьць. Сапраўды, зусім немалая і рэальная плата!

ПОМСТА БЛАГІМ ЛЮДЗЯМ

Пакараньнем благіх людзей становяцца іх жыцьцё і сьмерць:
– жыцьцё благіх людзей суправаджаюць мукі сумленьня, цяжар адчуваньня душэўнай пустэчы, бессэнсоўнасьці існаваньня, уласнай непаўнавартасьці, нікчэмнасьці;
– благіх людзей мучыць няспынны страх перад сьмерцю.

Ніводнаму благому чалавеку не ўдавалася пазьбегчы пытаньняў, якія жорстка ставіць перад імі іх уласнае сумленьне: для чаго ты жыў? Чаго ты варты? Пры гэтым ніякія выверты розуму не дапамагаюць благім людзям пазьбегчы неабходнасьці праўдзіва адказваць на іх перад самімі сабой. А паўнавартаснага ж адказу няма…

ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ ЗЬ ВЯЛІКІМ НІШТО

Перад адыходам у Вялікае Нішто толькі душа актыўна дабрадайнага, сапраўды праведнага чалавека будзе спакойная і шчасьлівая, бо за сваё жыцьцё ён зрабіў шмат рэальнага Дабра, дасягнуў шмат перамог над Благам, а гэта і значыць, што САПРАЎДЫ ВЕРЫЎ.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы