Працягваем вышукваць хоць нешта нацыяналістычнае з рускай шавіністычнай плыні. Вашай увазе падаецца яшчэ адна знаходка, аналагічная папярэдняй (г.зн. у тэксьце, пададзеным ніжэй, прысутнічаюць элементы здаровага нацыянальнага мысьленьня). Матэрыял узяты з сайта рускіх шавіністаў ari.ru. Яго аўтар хаваецца пад нікам Helgi. Yar Chally. Зьвярніце ўвагу, як ня хочацца аўтару (а гэта, напэўна, яшчэ перадавы прадстаўнік «вялікароса») аддаваць этнічныя тэрыторыі іншых народаў «Расеі» пад іхныя дзяржаўныя ўтварэньні, як вагаецца яго мысьленьне… А прыйдзецца аддаваць! Без дэмантажу расейскай імперыі расейская праблема на карысьць рускага народу вырашана быць ня можа.
Рэдакцыя.
Гэты тэкст дасланы нашым сталым чытачом пад нікам Helgi і напісаны адмыслова для разьмяшчэньня на старонках ari.ru. Радуе, што ў ім адлюстравана ясная платформа рускіх нацыянальных сілаў у пытаньні пабудовы нашай дзяржавы. Раскрыты адносіны да нацыянальных меншасьцяў. Мы ўпэўнены, што падобны падыход ёсьць ужо масавы ў нашым руху, што зьяўляецца наступствам якаснага росту нашага руху. Просім чытачоў не судзіць строга аўтара за тыя моманты і дэталі, якія аўтар не закрануў і не раскрыў. Вы можаце дапоўніць іх у сваіх допісах пры абмеркаваньні гэтага артыкула.
Рэдакцыя ari.ru.
На працягу многіх стагоддзяў у рускага народу не было сваёй нацыянальнай дзяржавы. Сёньня рускія нацыяналісты ставяць за мэту яе стварыць. Пры гэтым ім трэба вызначыцца ў адносінах зь іншымі народамі цяперашняй Расеі. Рашэньне нацыянальнага пытаньня ў адносінах да саміх рускіх нацыяналістамі знойдзена і адназначна сфармавана: рускія павінны стаць гаспадарамі будучай рускай нацыянальнай дзяржавы. Гэта значыць, што ЎЛАДА і ЎЛАСНАСЬЦЬ у гэтай дзяржаве павінны будуць знаходзіцца ў руках рускіх і працаваць ў інтарэсах рускага народу.
А што ж дастанецца астатнім народам? Што будуць мець яны ад перамогі рускага народу ў нацыянальна-вызвольнай барацьбе? Ад адказу на гэта пытаньне залежыць многае. Ад гэтага залежыць САМА МАГЧЫМАСЬЦЬ ПЕРАМОГІ РУСКАГА НАРОДУ. Ці стануць малыя народы Расеі саюзьнікамі рускага народа ў яго барацьбе альбо вызваленьне рускага народу яны палічаць небясьпечным і некарысным для сябе? Усё будзе залежыць ад таго, якое рашэньне нацыянальнага пытаньня знойдуць рускія нацыяналісты [бальшавікі ўжо знаходзілі адказ на такое пытаньне, а потым былі этнацыд і генацыд, ў тым ліку і беларусаў… – Рэд.].
Якім крытэрам павінна адпавядаць рашэньне?
1. Яно павінна быць карыснае і справядлівае для рускага народу.
2. Яно павінна быць карыснае і справядлівае для малых народаў Расеі.
Узьнікае пытаньне: ці магчыма такое? Ці бывае так, каб у выніку рашэньня праблемы ў выйгрышы засталіся ўсе? Любое рашэньне праблемы прадугледжвае неабходнасьць паступіцца нейкай часткай сваіх інтарэсаў [у норме, толькі несправядліва захопленай часткай… – Рэд.]. А нехта можа апынуцца і ў вялікім пройгрышы. Каму і чым давядзецца паступіцца? Хто і якія атрымае набыткі? Адказ будзе залежыць ад той мадэлі нацыянальна-дзяржаўнага ўладкаваньня, якая будзе ўсталявана ў рускай нацыянальнай дзяржаве.
Уласна, само вызначэньне гэтай дзяржавы як рускай і нацыянальнай ужо прадугледжвае, што гэта будзе дзяржава рускага народу і ТОЛЬКІ рускага народу. А як жа астатнія? Вось тут і пачынаюцца разыходжаньні ў бачаньні будучага статусу малых народаў Расеі.
Гаворачы пра крытэры, якія павінна задавальняць рашэньне нацыянальнага пытаньня, я адзначыў ПРЫНЦЫП СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ. Я лічу гэты прынцып надзвычай важным. Аўтарытэт рускіх сярод другіх народаў Расеі заснаваны, акрамя ўсяго іншага, у немалой ступені на прызнаньні рускага калектыўнага розуму [што гэта такое? – Рэд.] крыніцай справядлівасьці і права для ўсіх народаў Расеі [неіснуючыя “калектыўны розум” і аўтарытэт як крыніца справядлівасьці?! Цікавы падыход да вырашэньня “па справядлівасьці”. – Рэд.]. Калі б нашы продкі ўзялі сябе за правіла гвал над малымі народамі [як Ярмак, Сувораў, Мураўёў-Вешальнік, Ярмолаў, Сталін і г.д. – пра гэтых гаворка? – Рэд.], іх беспадстаўны ўціск, рознага роду эксплуацыю [пасьля 1945 г. па ўспамінах сьведак, напрыклад, на Гарадзеншчыне кіраўнічыя пасады, “пачынаючы ад старшыні Гарвыканкаму і заканчваючы загадчыкам бібліятэкі”, занялі толькі тыя, хто ў час вайны знаходзіўся, як мінімум, за Масквой; ніякіх партызанскіх заслугаў не ўлічвалі – пра гэта гаворка? – Рэд.], дык і аўтарытэту гэтага не было б [яго і няма; у многіх народаў ёсьць толькі чаканьне часу, калі магчымай стане Вялікая “Падзяка” і форме адплаты… – Рэд.]. Але ён існуе [асабліва апошнім часам у чачэнцаў… – Рэд.]. Таму дзейнічаць мы павінны, па-першае, зыходзячы зь яго наяўнасьці, па-другое, абапіраючыся на яго наяўнасьць [?! – Рэд.]. Таму я лічу, што было б справядлівым і выгадным прымяніць да малых народаў Расеі тыя ж крытэры, якія мы, рускія, прымяняем да сябе [яшчэ лепш, каб да вас іншыя народы прымянілі тыя крытэры, якія палічась справядлівымі для вас. – Рэд.].
Жадаем мы нацыянальнай дзяржавы? Для кагосьці гэта пытаньне. Што ж, можна вырашыць гэта пытаньне. Пры наяўнасьці магчымасьці свабоднага волевыяўленьня рускага народу, якое гарантуе яму нацыянальная ўлада, гэта пытаньне можна вырашыць шляхам рэферэндуму, шляхам скліканьня Устаноўчага сходу і да т.п.
Ці хочуць таго ж, г.зн. стварэньня сваёй нацыянальнай дзяржавы, іншыя народы Расеі? Рускія нацыяналісты павінны даць магчымасьць кожнаму народу Расеі вырашыць гэта пытаньне. Але найперш, ПА-СТАРШЫНСТВУ [а са справядлівасьцю як? – Рэд.], неабходна даць рускаму народу магчымасьць вызначыцца, зь якімі народамі ён хоча жыць у адной дзяржаве і на якіх умовах, а зь якімі не жадае ні на якіх. А затым ўжо неабходна запытацца ў патэнцыйных кандыдатаў на сужыцьцё з рускім народам, хто застаўся, іх меркаваньне. Зь некаторымі ўжо на гэтым этапе прыйдзецца разьвітацца. Такія настроі сёньня існуюць у рускіх у адносінах да народаў Паўночнага Каўказу. Адносіны з гэтымі народамі, відавочна, прыйдзецца будаваць як міждзяржаўныя. Іншым народам Расеі прапанова пра далейшае існаваньне ў адзінай дзяржаве з рускім народам цалкам можа паступіць.
Народы, якія атрымаюць такую прапанову, павінны будуць вызначыць да яе сваё стаўленьне. Яны альбо застаюцца ў рускай дзяржаве, альбо ствараюць уласныя.
Тыя чытачы, якія ўважліва дачыталі артыкул да гэта месца, павінны зрабіць аўтару папрок: спачатку аб’явіў пра стварэньне нацыянальнай дзяржавы, г.зн. дзяржавы ТОЛЬКІ для рускага народу, а цяпер запрапанаваў зрабіць зь яе ўсё тую ж добра вядомую камуналку [якая ў любы момант зноў можа стаць лагерным баракам. – Рэд.].
Цяпер пра адрозьненьні.
Робячы прапановы аб далучэньні тых ці іншых народаў да рускай дзяржавы, рускія павінны будуць прад’явіць і тыя ўмовы, на якіх гэта можа адбыцца. Нацыянальныя меншасьці павінны будуць прыняць адну простую рэч: руская дзяржава належыць ня ім, а рускаму народу. Гаспадары ў дзяржаве – рускія. Астанія – гаспадары ў сваіх нацыянальна-тэрытарыяльных утварэньнях, а на астатняй тэрыторыі – тэрыторыі ўласна Рускай Дзяржавы, іх правы будуць сур’ёзна абмежаваныя. Дарэчы, таксама будуць абмежаваныя правы рускіх у іншародных нацыянальна-тэрытарыяльных утварэньнях [самае цікавае, што хацелася б убачыць, гэта дакладную мапу такіх іншародных нацыянальна-тэрытарыяльных утварэньняў. – Рэд.].
Фактычна, малыя народы Расеі таксама атрымаюць свае нацыянальныя дзяржавы, але яны будуць мець статус асацыяваных з Рускай Дзяржавай дзяржаўных утварэньняў [а гэта што за лухта такая? Каму будзе належыць тая “асацыяванасьць”? Якія канкрэтна “правы” будуць мець у такіх утварэньнях – г.зн. на ўсваёй зямлі – карэнныя народы “Расеі”? – Рэд.]. Важна ўказаць, што межы многіх зь іх ня будуць адпавядаць межам цяпер існуючых аўтаномій, паколькі многія з гэтых межаў – плод бальшавіцкага валюнтарызму, яны ніяк не адлюстроўваюць гістарычныя межы расьсяленьня народаў [гэта напраўду так; межы абсалютнай большасьці “аўтаномій” прыйдзецца значна, у разы, пашырыць. – Рэд.].
Ёсьць і іншая праблема, асабліва характэрная для Паволжжа – стракатасьць у расьсяленьні розных народаў. На тэрыторыі аднаго раёна часта знаходзяцца рускія, чувашскія, мардоўскія, татарскія вёскі. Статус жыхароў такіх тэрыторый павінны будзе акрэсьлівацца адмысловымі законамі [трэба проста аддаць ім усё гэта, бо ўсё гэта ня рускае. – Рэд.].
Яшчэ адна праблема зьвязана з наяўнасьцю на тэрыторыі Расеі вялікай колькасьці малалічных народаў, часта раскіданых на вялікіх тэрыторыях. Выдзяліць ім гэтыя тэрыторыі ў якасьці нацыянальна-тэрытарыяльных утварэньняў недапушчальна [зноў з аўтара канкрэтны шавініст папёр. – Рэд.]. Для прыкладу возьмем Ханты-Мансійскую Аўтаномную акругу. Там разам з тытульнымі народамі, агульная колькасьць якіх не перавышае 25 тыс. чалавек, пражывае некалькі сотняў тысяч нятытульнага насельніцтва, пераважна рускага. Што рабіць у такіх выпадках? Я лічу, ханты і мансі павінны будуць атрымаць поўныя грамадзянскія правы ў межах свайго традыцыйнага арэалу расьсяленьня, але на гэтых тэрыторыях акрамя іх поўныя грамадзянскія правы павінны мець і рускія [каб канчаткова задушылі хантаў і мансі, бо яшчэ не дадушылі; прыцыповае пытаньне: хто будзе кіраваць – ханты-мансі ці рускія?! Тут галоўнае. – Рэд.], паколькі тэрыторыя гэтага “арэала” будзе тэрыторыяй рускай дзяржавы [адкрыты імперыяліст, шавініст – ён і будзе такі да труны. – Рэд.]. А вось за межамі “арэала” правы хантаў і мансі будуць абмежаваныя – “гасьцявыя” [пры азначаным падыходзе яны будуць ня менш “гасьцявыя”, абмежаваныя й на іх уласных этнічных землях. Мы, што, рускую гісторыю ня ведаем… – Рэд.].
Ёсьць і праблемы, зьвязаныя з наяўнасьцю на тэрыторыі Расеі прадстаўнікоў народаў, якія ня маюць сваіх нацыянальных тэрыторый у межах цяперашняй Расеі. Дадзеныя ім правы будуць вызначацца канкрэтнымі заканадаўчымі актамі, зыходзячы са шматлікіх меркаваньняў і, перш за ўсё, зыходзячы з карысьці й пажаданасьці іх прысутнасьці на тэрыторыі Рускай Дзяржавы. Зразумела, што статус немцаў, карэйцаў і цыганаў ня можа быць аднолькавы.
Вынікам гэтых пераўтварэньняў павінна стаць зьяўленьне на месцы цяперашняй Расейскай Федэрацыі наступных групаў дзяржаў:
1. Рускай Нацыянальнай Дзяржавы.
2. Асацыяваных зь ёй у адзінае дзяржаўнае ўтварэньне дзяржаваў, утвораных малымі [падкрэсьлім, не малымі, а карэннымі. – Рэд.] народамі цяперашняй Расеі.
3. Шэрагу дзяржаваў, поўнасьцю незалежных ад Рускай Нацыянальнай Дзяржавы.
Пра перавагі і недахопы такога рашэньня нацыянальнага пытаньня няхай судзяць чытачы. Мне ж застаецца зрабіць толькі яшчэ адно неабходнае тлумачэне.
Пад тэрмінам “нацыянальная дзяржава” я разумею ня толькі дзяржаву, дзе ўлада ды ўласнасьць належаць “дзяржаватворнаму” народу і працуе ў інтарэсах гэтага народу, але, перш за ўсё, дзяржаву, грамадзянства якой маюць толькі прадстаўнікі гэтага “дзяржаватворнага” народу [зноў шавініст папёр; а як быць з народамі групы №2? – Рэд.]. Усе іншыя асобы, якія часова альбо стала знаходзяцца на тэрыторыі такой дзяржавы, статусу грамадзяніна ня маюць і грамадзянскімі правамі не карыстаюцца. Іх статус вызначаецца заканадаўствам, але ні пры якіх умовах ня можа быць роўны статусу грамадзяніна [добра, гэтыя парады мы ўлічым, як просьбу з боку саміх рускіх адносна ўсіх рускіх, якія пражываюць цяпер на этнічнай беларускай тэрыторыі… – Рэд.].
Як бачым, пры такім рашэньні нацыянальнага пытаньня ня можа быць і гаворкі пра захаваньне ўнітарнай Расейскай дзяржавы. Магчымасьць яе адраджэньня ў будучыні таксама моцна ўскладняецца. Зрэшты, прынцыпаў будаўніцтва ўласна Рускай Дзяржавы я не кранаўся. Я толькі прапанаваў мадэль будаўніцтва міжнацыянальных адносін пад час ліквідацыі расейскай дзяржаўнасьці, якая існуе цяпер [і за гэта – вялікі дзякуй; бо і гэта вялікі крок наперад, як для шавінюг-імперастаў. – Рэд.].
Helgi. Yar Chally. 17.01.2007.