Ігар Кузьмініч
15 снежня 2006 года ў межах тыдня нефармальнай адукацыі, арганізаванай сеткай Арганізацый Грамадзянскай Адукацыі ў Гародні, адбыўся круглы стол на тэму: месца беларускай нацыянальнай свядомасці ў фармаванні сацыяльна актыўнага беларускага грамадзяніна. Гэтая тэма была прапанаваная для разгляду ў кантэксце мэтаў грамадзянскай адукацыі ў фармаванні беларускага грамадзяніна.
У працы круглага стала ўдзельнічалі прадстаўнікі Гарадзенскіх грамадскіх аб’яднанняў, удзельнікі вечароў нефармальнай адукацыі ў Гародні (неасацыяваная і незаангажаваная моладзь) і запрошаныя госці: прафесар Алесь Астроўскі, лідэр ГА “Паходня” Мікола Таранда, інтэлектуал Юры Пацюпа, святар грэка-каталіцкай царквы ў Гародні айцец Андрэй, сталы аўтар часопісу “Архэ” Даніла Жукоўскі і іншыя.
Праблема, якая прывяла да неабходнасці распачаць дыскусію аб месцы нацыянальнай свядомасці ў фармаванні сацыяльнай актыўнасці беларускіх грамадзян і месцы грамадзянскай адукацыі ў гэтым працэсе, паўстала ў выніку распачатай дыскусіі як ў афіцыйных (акадэмік А.Рубінаў), так і ў апазыцыйных (ліберальным і нацыянальна-дэмакратычным) асяродках. У апазыцыйных колах дыскусія аб нацыянальнай свядомасці, яе ролі асабліва востра выявілася ў сувязі з абмеркаваннем мовы вяшчання нямецкай радыёстанцыі на тэрыторыю Беларусі. Дыскусія ў асяроддзі апазіцыі выявіла два прынцыпова розныя падыходы да разумення ролі і значэння беларускай мовы, беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў, беларускай свядомасці ў фармаванні сучаснага беларускага грамадства.
Пазіцыі афіцыйных колаў, у інтэрпрэтацыі А.Рубінава, і так званай ліберальнай часткі апазіцыі ў асобных частках з’яўляюцца блізкімі. Сутнасць іх пазіцыі заключаецца ў тым, што няма ніякай неабходнасці адраджаць, аднаўляць беларускую мову, больш за тое, яе немагчыма аднавіць у сённяшніх умовах, а сучасную беларускую культуру і сучасную беларускую нацыю неабходна будаваць на базе расейскай мовы і культуры, якая заняла ў Беларусі пануючае становішча. Фармальнае разыходжанне паміж афіцыйнай пазіцыяй і пазіцыяй расейскафільскай часткі апазіцыі зводзіцца толькі да рознага разумення асновы расейскамоўнай культуры: адныя бачаць у аснове савецкую спадчыну, а другія не бачаць ніякай спадчыны. Яны прапануюць будаваць новую беларускую супольнасць з чыстага ліста, напаўняючы і ўкараняючы віртуальныя каштоўнасці, якія адпавядалі б дэмакратычнай дзяржаве з рынкавай эканомікай, у якасці новых нацыянальных каштоўнасцяў беларускага грамадства.
Нацыянальна арыентаваная частка апазіцыі і беларускамоўныя інтэлектуальныя асяродкі (“Наша Ніва”, “Архэ” і г.д.) бачаць магчымасць пабудовы сучаснай беларускай нацыі і дэмакратычнай дзяржавы толькі базуючыся на беларускай мове, беларускай нацыянальнай культуры, беларускіх нацыянальных традыцыях. На іх думку толькі беларуская мова і нацыянальныя каштоўнасці здольныя згуртаваць вакол сябе нацыю і зрабіць яе канкурэнтаздольнай сярод іншых народаў. Беларускамоўная частка апазіцыі зыходзіць з таго, што няма ніякай патрэбы штучна запазычваць каштоўнасці і навязваць іх грамадству як свае. Неабходна звярнуцца да ўласнай гістарычнай спадчыны і ўзяць за аснову тыя каштоўнасці і традыцыі, эфектыўнасць выкарыстання якіх была праверана часам і якія адпавядаюць беларускаму нацыянальнаму характару.
На круглым стале абмяркоўваліся наступныя пытанні:
1) Што мы разумеем пад нацыянальнай свядомасцю?
2) Ці можа нейкая іншая ідэя, напрыклад, рэлігійная ці нейкая іншая стаць асновай злучэння беларусаў як адной супольнасці? Якая гэта можа быць ідэя?
3) Ці ўплывае нацыянальная свядомасць на фармаванне сацыяльнай актыўнасці асобы? Якое месца нацыянальная свядомасць займае ў фармаванні грамадзяніна?
Праца круглага стала будавалася наступным чынам: Спярша быў заслуханы даклад Алеся Астроўскага (гл.Дадатак), зададзены пытанні па ім. У сваім выступе прафесар зрабіў ухіл на вытлумачэнне прычынаў, па якіх ён лічыць нацыянальныя каштоўнасці – у тым ліку беларускія нацыянальныя каштоўнасці – асновай пабудовы нацыі. На яго думку, самае істотнае пытанне, якое патрабуе вырашэння і стаіць перад кожнай асобай як прадстаўніком нацыянальнай супольнасці – гэта накірунак дзейнасці, кірунак развіцця. Вызначэнне накірунка дзейнасці асобы заўсёды цесна звязана з нацыянальнымі каштоўнасцямі. Асоба не можа развівацца па-за нацыянальнымі каштоўнасцямі. Беларускі грамадзянін, беларускае грамадства не можа развівацца на іншых каштоўнасцях, як толькі грунтуючыся на беларускай мове і каштоўнасцях беларускай нацыянальнай культуры.
Пазней быў заслуханы і абмеркаваны выступ Юрыя Пацюпы, які ў працяг узнятых Алесем Астроўскім пытанняў вызначыў, што для яго ўласна дыскусія аб тым, што можна назваць беларускімі каштоўнасцямі, ці можа развівацца беларуская нацыя і дзяржава на расейскай мове, якая сёння заняла пануючае становішча ў нашым грамадстве – гэта спрэчка паміж нацыянальным і так званым “крэольскім” праектамі. Сутнасная розніца паміж гэтымі двума праектамі заключаецца ў тым, што першы бачыць будучыню нацыі, зыходзячы з уласнай гістарычнай спадчыны і культурных здабыткаў, а “крэольскі” – грунтуецца на запазычанні і прысваенні чужой мовы і чужых традыцый як сваіх уласных, і пабудову новай культурнай традыцыі, грунтуючыся на запазычанай мове і каштоўнасцях. Прыкладамі “крэольскіх” праектаў могуць быць: Ірландыя ці краіны Лацінскай Амерыкі. З пункту гледжання Юрыя, “крэольскі” праект безперспектыўны ў Беларусі, як мінімум, па дзвюх прычынах: 1) расейская мова і культура ня маюць абсалютна ніякай базы, а, галоўнае, інфраструктуры для існавання на тэрыторыі Беларусі; 2) “крэольскі” праект нявыгадны ў сувязі з тым, што як паказвае гісторыя развіцця народаў, якія абралі дадзены шлях, на сусветную арэну побач з іншымі народамі яны выйшлі толькі праз 500 год адаптацыі, пасля поўнага прысваення чужой мовы і культуры як сваіх [у Беларусі ня можа быць “крэольскага” варыянту яшчэ па адной ня ўзгаданай вышэй прычыне: мы знаходзімся не на ўскрайку сьвету, а ўпрытык да вельмі небясьпечнай імперыі (у т.л. да яе цэнтру – Масквы), інтарэсы якой у адносінах да Беларусі відавочныя – дабіцца этнацыду, русіфікацыі й наступнай анэксіі; таму для нас любы іншы варыянт дэмакратызацыі й аднаўленьня дзяржаўнасьці акрамя, як праз беларусізацыю, не падыходзіць; усё іншае, у т.л. “крэальскае”, бярэ свой пачатак наўпрасткі ад лукавага. – Рэд.].
На думку айца Андрэя, касцёл развіваецца разам з супольнасцю, грамадствам і ў гэтым развіцці засвойвае найбольш удалыя спосабы арганізацыі грамадства, спрабуе выкарыстаць ці прыладкавацца да іх. На думку айца Андрэя, сёння касцёл прызнае існаванне нацый і не бачыць магчымасці развіцця рэлігійнага без альбо па-за нацыянальным.
Мікола Таранда прывёў прыклады з жыцця “Паходні”, пахаднянцаў, а таксама шматлікія прыклады з жыцця вядомых сёння культурных, грамадскіх, палітычных лідэраў у Беларусі і беларускіх асяродкаў у Польшчы, Казахстане і Расіі, калі праз фармаванне нацыянальнай свядомасці асобы станавіліся сацыяльна актыўнымі і гэтая актыўнасць праяўлялася як ў грамадскай, так палітычнай ці рэлігійнай дзейнасці. На яго думку, існуе наўпроставая сувязь паміж усведамленнем сваёй нацыянальнай прыналежнасці і далейшай грамадзянскай актыўнасцю.
Даніла Жукоўскі заклікаў прысутных да таго, каб быць уважлівымі да сваіх выказванняў, паколькі тэма з’яўляецца надзвычай важнай, а значыць, і весці дыскусію трэба на адпаведна высокім узроўні.
Удзельнікі круглага стала пагадзіліся з наступнымі высновамі, зробленымі ў выніку дыскусіі:
1) Пад нацыянальнай свядомасцю на “круглым стале” разумелі сукупнасць гістарычных фактаў, пачуццяў, стаўленняў, каштоўнасцяў, спосабаў дзейнасці, аб’яднаных нацыянальнай мовай, культурай і агульнай гісторыяй, якія прызнаюцца народам нацыянальнымі, і накіраваны на ўсталяванне духоўных сувязяў паміж носьбітамі, задзіночваюць і салідарызуюць іх.
2) Ва ўмовах эканамічнага, сацыяльнага, культурнага развіцця ў постіндустрыяльны перыяд няма больш эфектыўнага механізма злучэння ў межах супольнасці, як на падставе нацыянальных каштоўнасцяў. Існуюць розныя варыянты пабудовы нацыянальных каштоўнасцяў, больш падрабязна былі разгледзены нацыянальны і “крэольскі” праекты, апошні з якіх прызнаны круглым сталом неэфектыўным.
3) У сучасных палітычных, сацыяльна-культурных, эканамічных беларускіх умовах усведамленне нацыянальнай прыналежнасці, як правіла, уплывае на неабходнасць заняць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Існуе прамая сувязь паміж успрыняццем нацыянальных каштоўнасцяў і грамадскай актыўнасцю.
У дадатку прануецца азнаёміцца з тэзісамі, падрыхтаванымі у якасці асновы для абмеркавання на круглым стале.