НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ і ДЭМАКРАТЫЯ
Алесь Астроўскі
Любая нацыянальная сьвядомасьць, ня збочаная ў шавінізм ці аслабленая да адсутнасьці, зьяўляецца канструктыўным фактарам грамадскага існаваньня. Яна неабходна для паўнавартаснага жыцьця чалавека, арганізацыі кожнага канкрэтнага грамадства і ўсяго чалавецтва – для іх аб’яднаньня, гарманічнага ўладкаваньня і прагрэсіўнага разьвіцьця.
З навуковых пазіцый відавочна, што здаровае грамадства – сістэма грамадзян, а ня іх простая сума. Гэта значыць, што ў грамадстве людзі-грамадзяне й іх групы павінны быць зьвязаны паміж сабой натуральнымі ўзаемапрыцягальнымі сувязямі. У аснове такіх сувязяў – агульнанацыянальныя каштоўнасьці (мова, культура, сімвалы, гісторыя, генафонд, сьветагляд, этнічная тэрыторыя, агульныя мэты), якія ёсьць у кожнага народу й разьвіваюцца ў яго гісторыі. У кожным грамадстве ёсьць й іншыя натуральныя сувязі – паміж бацькамі й дзецьмі, жанчынамі й мужчынамі – але яны яднаюць ня ўсё грамадства, а толькі яго асобныя часткі.
Натуральныя агульнаграмадскія сувязі функцыянуюць дзякуючы ўзаемадзеяньню двух кампанентаў. Першым зь іх зьяўляецца агульнае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе (ад народных паданьняў да сістэмы адукацыі й СМІ), у межах якога ўвесь час узгадваюцца і прапагандуюцца агульнанацыянальныя каштоўнасьці. Такое асяроддзе выконвае ролю своеасаблівага агульнаграмадскага клею. Другім кампанентам зьяўляецца кожны канкрэтны грамадзянін, які ўспрымае сябе неад’емнай часткай свайго народу, сваёй краіны-дзяржавы і, у выніку, законным гаспадаром на зямлі сваіх продкаў. Такі грамадзянін-гаспадар здольны ўключыць у сьпіс уласных каштоўнасьцяў аб’ектыўныя каштоўнасьці свайго народу (у гэтым выпадку яго сьветагляд будзе выконваць функцыю нібы рэцэптара для зьвязваньня з вышэй памянёным “клеем”) і праз гэта быць элементам адапаведнага нацыянальнага грамадства.
Варта канстатаваць, што толькі апісаныя грамадзянін і грамадства маюць тыя ўласьцівасьці, якія забясьпечваюць станаўленьне найбольш прагрэсіўнай формы дзяржаўнага ўладкаваньня – зьмястоўнай дэмакратыі (пры ёй улады вымушаны рэалізоўваць аб’ектыўныя інтарэсы грамадства). Толькі ў межах апошняй можа найбольш поўна рэалізоўвацца вышэйшая грамадская каштоўнасьць, скіраваная ў будучыню, якой зьяўляецца максімальнае раскрыцьцё стваральнага патэнцыялу ўсяго грамадства.
Відавочна, што здаровае грамадства, зьяднанае агульнанацыянальнымі сувязямі, патрэбна ня толькі самому сабе. Яно патрэбна і кожнаму асобнаму чалавеку для рэалізацыі яго важнейшай жыцьцёвай каштоўнасьці (раскрыцьця ўласнага жыцьцёвага стваральнага патэнцыялу), для жыцьця паўнавартаснага, напоўненага радасьцю, сэнсам. Яно патрэбна і ўсяму чалавецтву для адносна бязкрызіснага натуральнага неабмежаванага прагрэсіўнага разьвіцьця. Бо чалавецтву, каб забясьпечыць азначаныя рысы ўласнага існаваньня, абавязкова трэба складацца зь вялікай колькасьці асобных дыскрэтных частак – нацыянальна афарбаваных грамадстваў, нацыяў-дзяржаваў.
Штучнае касмапалітычнае разбурэньне сістэмы агульнанацыянальных каштоўнасьцяў, уключна са зьнішчэньнем у сьветаглядах людзей прыкмет нацыянальнай сьвядомасьці, сваім наступствам мае нерэалізацыю людзьмі свайго жыцьцёвага прызначэньня, іх бязрадаснае, бессэнсоўнае, некрафільнае існаваньне, вядзе да немагчымасьці забясьпечыць натуральную зьяднанасьць грамадства й існаваньне рэжыму зьмястоўнай дэмакратыі, нерэалізацыю грамадскага патэнцыялу, замаруджваньне гуманістычнага прагрэсу чалавецтва і шмат што іншае. Такім чынам, такое разубурэньне ёсьць злачынствам. Аналіз паказвае, што падобнае дэструктыўнае ўзьдзеяньне на грамадства, як правіла, патрэбна розным соцыя-паразітычным сілам. Напрыклад, на беларускім грамадска-палітычным полі з дадзеных паразітычных сіл найбольш відавочнымі зьяўляюцца: мясцовая кампрадорская бюракратыя, расейская імперская бюракратыя, міжнародная фінансавая алігархія, сіянакратыя. Паколькі іх узьдзеяньне зьяўляецца выключна дэструктыўным, злачынным, яно павінна рашуча спыняцца, а яго ініцыятары і выканаўцы – асуджацца і карацца.
ВОБРАЗ СУЧАСНАГА БЕЛАРУСА
Аляксандар Краўцэвіч
Што такое сучасны беларус? На гэтае пытанне сёння можна пачуць неадназначныя, часам супярэчлівыя адказы. Мой адказ: “Гэта асоба, якая акрамя таго, што лічыць сябе беларусам, карыстаецца беларускай мовай у прыватным жыцці”. На канферэнцыі ў Польшчы ад жыхаркі Магілёва (філолаг – кандыдат навук) давялося пачуць, што яна “класічная беларуска, бо не валодае беларускай мовай, а гаворыць па-расейску”. Гэтай магілёўскай даме я заявіў, што яна беларуска хутчэй не “класічная”, а паталагічная.
Часам нават ад высокавучоных замежных спецыялістаў можна пачуць меркаванне, што беларусы асаблівая нацыя, бо не хоча сябе адчуваць нацыяй. На самой справе гэта памылковая выснова, бо беларусы – тыповы народ Сярэдне-Усходняй Еўропы, які трапіў у даволі нетыповую і надзвычай неспрыяльную гістарычную сітуацыю. Апошнія дзвесце гадоў не маючы ўласнай дзяржаўнасці, гэты народ перажываў надзвычай моцны асіміляцыйны ціск як з усходу, так і з захаду. Найстрашнейшым ударам у найноўшай гісторыі было фізічнае вынішчэнне сотняў тысяч нацыянальнай інтэлігенцыі ў часе сталінскіх рэпрэсій і ліхалецці Другой сусветнай вайны. Я перакананы, што калі б гэтыя людзі засталіся жывыя, сёння б мы не мелі Лукашэнкі. Бо гэтыя сотні тысяч адукаваных людзей былі б усюды – у адміністрацыі, адукацыі, войску, паліцыі. Вельмі верагодна, Сашу Лукашэнку вучыў бы не Трашчанок, а адзін з тых забітых Сталіным беларусаў, і вучань меў бы імя не Саша, а Алесь, і ніколі б не пайшоў у дыктатары. Але месца расстраляных і загінулых занялі прыезджыя з Расеі і менавіта яны кіравалі і вучылі нашых бацькоў і нас самых. Зараз маем такую сітуацыю, якую маем.
Лічу, што для акрэслення беларуса трэба стасаваць тыя ж крытэры, што і для прадстаўнікоў іншых “нармальных” народаў. Галоўнай прыкметай сучаснага беларуса, як і летувіса, паляка, украінца ці расейца, з’яўляецца родная мова. Таму расейскамоўныя беларусы – гэта беларусы не нармальныя. Аднак сярод іх трэба таксама адрозніваць тых, хто адчувае, часам на ўзроўні падсвядомасці, гэтую сваю ненармальнасць. Яны не супраць нацыянальнага адраджэння, гатовыя аддаваць дзяцей у беларускія школкі, але не маюць сілаў супрацьстаяць рэальнасці – агрэсіўнай антыбеларускасці. З гэтымі людзьмі трэба супрацоўнічаць, прыцягваць да сябе і дапамагаць. У гісторыі вядомыя падобныя прыклады, напрыклад, у 19 ст. чэшскія нямецкамоўныя арыстакраты фінансавалі чэшскія школы.
Нармальныя беларусы сёння складаюць меншасць у сваёй краіне, і тым больш цяжка ім заставацца беларусамі. Для гэтага патрэбныя вялікія высілкі, прычым, штодня і амаль кожную хвіліну, каб супрацьстаяць расейскамоўнаму асяроддзю і заставацца ў беларускай культурнай прасторы. Нас меншасць, але за намі праўда. Расейскамоўныя беларусы – савецкія людзі з характэрнай падвойнай свядомасцю – нібы патрыёты, але сваё не ведаюць. Многія з іх стаміліся ад гэтай падвойнасці і хочуць быць самымі сабой паўсюль. Упэўнены – прыйдзе час, і мы дамо ім такую магчымасць.
ЗАЦЕМКІ ДА АКРЭСЛЕННЯ НАШАЙ ПАЗІЦЫІ
Ігар Кузьмініч
Дзейнасць афіцыйных палітычных колаў, ідэі, якія агучваюцца акадэмікам А.Рубінавым, дзейнасць моладзевых структураў БРСМ, таксама як дзейнасць апазіцыйных палітычных партый і пра-дэмакратычных грамадскіх аб’яднанняў сведчаць аб зацікаўленасці ў выхаванні сацыяльнай актыўнасці ў маладых людзях. Іншымі словамі, і ўлады і апазіцыя разумеюць патрэбу ў сацыяльна-актыўных грамадзянах і нават дзейнічаюць у дадзеным кірунку, выкарыстоўваючы навучальныя ўстановы, грамадскія аб’яднанні, грамадскія ініцыятывы ў якасці інстытутаў грамадзянскай адукацыі. Але каштоўнаснае напаўненне кожнай з пазіцый, таксама як разуменне мэты сацыяльнай актыўнасці, істотна адрозніваюцца. На сённяшні дзень акрэсліліся, як мінімум, тры прынцыповыя пазіцыі адносна выхавання сацыяльна-актыўнага грамадзяніна, якія здзяйсняюцца праз фармальную і нефармальную грамадзянскую адукацыю. Паспрабуем разгледзець дадзеныя пазіцыі.
Афіцыйная пазіцыя зыходзіць з таго, што неабходна падрыхтаваць сацыяльна-актыўнага грамадзяніна, які, базуючыся на адаптаваных савецкіх каштоўнасцях, стаў бы актыўным правадніком палітыкі кіруючых колаў.
Апазіцыя, з нашага пункту гледжання, мае, як мінімум, два асноўныя падыходы. Першы заключаецца ў тым, што для таго каб прыйсці да ўлады, трэба стварыць як мага больш шырокі фронт, далучыць максімальную колькасць сацыяльнаактыўных грамадзян, уцягнуць іх у дадзены працэс. Адсюль асноўны ўхіл робіцца на перадачу спосабаў дзейнасці, заснаваных на каштоўнасцях, не прывязаных да канкрэтнай беларускай нацыянальнай свядомасці. Дадзены падыход накіраваны на тое, каб спачатку атрымаць свабоду, а пазней разбірацца, як будаваць беларускае грамадства.
Другі падыход апазіцыі арыентаваны на тое, што немагчыма заваяваць свабоду, папярэдне не аб’яднаўшыся вакол беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў, беларускай мовы, і такім чынам не стварыўшы базу для падтрымкі палітычных перамен. З гэтага пункту гледжання немагчыма заваяваць свабоду, ня ведаючы, нашто і для каго яна патрэбна. Ня ведаючы адказы на дадзеныя пытанні, свабода прывядзе да новай дыктатуры. Свабода неабходна для таго, каб будаваць сучасную беларускую дзяржаву, а будаваннем можна займацца толькі праз стварэнне паўнавартаснай нацыі, аб’яднанай нацыянальнай мовай і каштоўнасцямі.
Разыходжанні ў падыходах апазіцыі тычацца самога тэрміна “беларускі”. З пункту гледжання першай часткі, якая грунтуецца на так званай грамадзянскай канцэпцыі нацыяўтварэння, пад тэрмінам беларускі можна разглядаць любую з’яву, якая адбываецца на тэрыторыі Беларусі. Новую беларускую культуру і новую беларускую мову можна будаваць, базуючыся на расейскай мове (крэольскі варыянт). Другая частка апазіцыі грунтуецца на этнічнай канцэпцыі нацыяўтварэння, а значыць – пад беларускай разглядае толькі беларускую мову і культуру.
Кожная з трох вышэйакрэсленых пазіцый гаворыць пра неабходнасць пабудовы новай культуры, новай свядомасці, новых каштоўнасцяў [гэта не зусім так; нацыянальныя дэмакраты гавораць ня толькі пра “новае”, а пра шлях да новага ад старых кранёў, пра пераемнасць. – Рэд.]. Але кожная з пазіцый акрамя таго, што ўкладае розны змест у паняцце беларускіх каштоўнасцяў, па рознаму бачыць сам працэс пабудовы беларускага грамадства. У залежнасці ад выбару канкрэтнай пазіцыі будзе вызначана, запрагарамавана асаблівая стратэгія далейшага развіцця беларускай супольнасці.
У выпадку перамогі афіцыйнай пазіцыі, беларуская супольнасць можа сутыкнуцца з няздольнасцю прыстасаваць, адаптаваць традыцыі, каштоўнасці, светагляд савецкага перыяду да патрэбаў сучасных рынкавых адносін і прынцыпаў дэмакратычнай дзяржавы, што прывядзе да новага ідэалагічнага крызісу.
Выбар, прапанаваны так званым ліберальным крылом апазіцыі, базуецца на неабходнасці запазычваць каштоўнасці і традыцыі і ўкараняць іх на беларускай глебе, выкарыстоўваючы як асноўную тую мову і культуру, якія аб’ектыўна склаліся на нашай тэрыторыі [гэта не было “аб’ектыўнае складваньне”, гэта быў гвалт, навязваньне, прымус, уціск і г.д., якія былі патрэбныя расейскай імперыякратыі, і якія аб’ектыўна пярэчылі і пярэчаць карэнным інтарэсам беларускага грамадства. – Рэд.]. Запазычанне-прышчапленне новых каштоўнасцяў і іх развіццё на расейскай мове назаўжды замацуе комплекс нацыянальнай непаўнавартавасці і прывядзе да падзелу беларускага грамадства [у шызафрэнізацыі нашага грамадства схавана соцыя-паразітычныя тэхналогія расейскай імперыякратыі. – Рэд.]. У кожным новым пакаленні будзе знаходзіцца частка маладых людзей, якія будуць зноў і зноў звяртацца да беларускамоўнай традыцыі, як аўтэнтычна беларускай, і змагацца за яе адраджэнне. Акрамя гэтага, супольнасць, пабудаваная на запазычаных каштоўнасцях, на запазычаных спосабах дзейнасці і культурных традацыях, вымушана будзе заўсёды знаходзіцца ў фарватары развіцця тых народаў, ад якіх пераняла і засвоіла гэтыя спосабы дзейнасці [усё так. – Рэд.].
Падыход беларускамоўнай часткі апазіцыі заклікае не да простага, адвольнага і літаральнага адраджэння-аднаўлення каштоўнасцяў, якія былі характэрныя беларускаму грамадству ў мінулым, а творчае іх асэнсаванне і ўкараненне ў беларускую нацыянальную свядомасць, зыходзячы з сучасных умоваў і ўлічваючы гісторыю развіцця гэтых каштоўнасцяў у мінулым.
Засваенне новых каштоўнасцяў – гэта своеасаблівая рэвалюцыя ў свядомасці асобы. Пераход на беларускую мову – гэта падвойная Рэвалюцыя. Пераход на беларускую мову азначае і адначасовае прыняцце агульнапрынятых у беларускамоўным атачэнні каштоўнасцяў, ідэалаў, спосабаў дзейнасці. Пераход на беларускую мову – гэта не проста засваенне новых каштоўнасцяў, але гэта штодзённая маніфестацыя засвоеных каштоўнасцяў перад навакольным атачэннем (грамадствам, сям’ёй, калегамі). Гэта якасная змена як самой асобы, так і яе паводзінаў. Сам пераход на беларускую мову сведчыць пра тое, што асоба выбірае для сябе складаны шлях з акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй як спосаб жыцця. Гэты пераход цяжка даецца асобе, але раз перайшоўшы – асоба спальвае пасля сябе масты. Зваротнага шляху няма, ёсць толькі рух наперад. Зваротны шлях – гэта здрада ў першую чаргу сабе.
З другога боку, беларуская мова можа стаць тым чыннікам, які прывядзе да рэальнага задзіночання людзей, да пашырэння прынцыпаў салідарнасці і ўзаемападтрымкі, характэрных для беларускамоўнага атачэння нават у сённяшніх умовах.
Разыходжанні ў падыходах да нацыя- і дзяржаваўтварэння цягнуць за сабой разыходжанні ў чакаемых выніках. Улады праз грамадзянскую адукацыю імкнуцца ахапіць усю моладзь. Пры выбары такой шырокай мэтавай групы ў спалучэнні з пераважнай фармалізаванасцю ў межах сістэмы адукацыі навучаньне, як правіла, зводзіцца да перадачы элементарных грамадскіх кампетэнцый з выкарыстаннем ідэалагічных штампаў і можа быць эфектыўнае пераважна ў адносінах да апалітычнай часткі моладзі. Першая частка апазіцыі робіць стаўку на колькасць сацыяльна-актыўных. Але ў гэтым сваім імкненні яна вымушана змагацца з палітычнай уладай за сектар апалітычнай моладзі, канкуруючы з больш эфектыўнай для гэтай мэтавай групы дзяржаўнай сістэмай грамадзянскай адукацыі. Беларускамоўная частка апазіцыйных да ўлады арганізацый робіць ухіл на якасць тых, хто займае актыўную грамадзянскую пазіцыю.