nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Міжнародны Кодэкс удзельніка акцый пратэсту – у масы! (П пр-п 7)

красавік 22, 2007 | Каментары (1)

Рэдакцыя. Паводле http://pora.in.ua.

�а�� Ук�а�на-�ела����.JPG

19 красавіка ў Кіеве адбылося афіцыйнае падпісаньне Міжнароднага кодэксу ўдзельнікаў акцый пратэсту. Актывісты Грамадзянскай кампаніі “ПОРА”, як ініцыятары стварэньня Кодэксу [тут варта паінфармаваць, што ГК “ПОРА” нядаўна пазбавілася ад свайго папярэдняга кіраўніцтва. – Рэд.], перакананыя – такі дакумент павінны вызначыць прынцыпы ўдзелу людзей у акцыях пратэсту па ўсім сьвеце, але асабліва ў краінах на постсавецкай прасторы. Арганізатары стварэньня дакументу зазначылі, што акцыі пратэсту, як адзін з дэмакратычных механізмаў праможнага дзеяньня – выніковы інструмент узьдзеяньня на ўладу. Міжнародны кодэкс створаны для таго, каб удзельнікамі такіх акцый маглі быць толькі чэсныя ды прынцыповыя грамадзяне, якія адстойваюць інтарэсы грамадзянскай супольнасьці, а не падкупленыя “валанцёры”, якія праз грошы становяцца інструментам палітычнай барацьбы сілаў, чужых грамадству, а то і варожых для яго.

Старшыня Грамадзянскай кампаніі “ПОРА” Андрэй Юсаў адзначыў: “Сёньняшні Майдан – толькі бляклая копія Майдану 2004 году. Не адчуваецца эмоцыяў, энэргетыкі, а ўсё з-за таго, што на плошчу сёньня выходзяць не грамадскі актыўныя людзі, а палітычныя турысты, якіх зьвезьлі палітыкі. Гэтыя акцыі ёсьць пацёмкінскімі вёскамі… Наша мэта будзе дасягнутая тады, калі кожны чалавек будзе самастойна вырашаць – браць ці ня браць удзел у той ці іншай акцыі, калі кожны грамадзянін усьвядоміць: ён не тавар, не прылада для барацьбы палітыкаў за ўладу”.

Першымі падпісантамі кодэксу, акрамя лідара Грамадзянскай кампаніі “ПОРА” Андрэя Юсава, сталі дырэктар Інстытуту стратэгічных дасьледваньняў Хагані Гусейнаў (Азербайджан), старшыня Беларускай Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі (Беларусь), дырэктар Інстытуту дэмакратыі ды дасьледваньняў правоў чалавека з Анкары Фахмін Гаджыеў (Турэччына). Акрамя таго быў прадэманстраваны афіцыйны ліст падтрымкі ад Асацыяцыі маладых дэмакратаў Грузіі, заяўлена пра падтрымку Кодэксу з боку Моладзевага руху “Абарона” (Расея).

Як патлумачыў Сяргей Высоцкі: “Падпісваючы гэты дакумент, мы тым самым выбіваем моцны козыр з рук кіраўнікоў таталітарных краін, якія называюць нас экстрэмістамі ды ўльтра-радыкаламі. Гэты кодэкс даводзіць – мы не экстрэмісты, а мірныя грамадзяне, якія жадаюць жыць у свабодным, дэмакратычным грамадстве”.

Падаем тэкст дакументу.

 

МІЖНАРОДНЫ КОДЭКС УДЗЕЛЬНІКА АКЦЫЙ ГРАМАДЗЯНСКАГА НЕПАДПАРАДКАВАНЬНЯ

 

Пабудова грамадзянскай супольнасьці магчымая толькі пры наяўнасьці сталага грамадзянскага кантролю за ўладай. Адной з найэфектыўнейшых прылад для такога кантролю ёсьць акцыі наўпроставага дзеяньня.

Адначасова, правядзеньне акцыяў прамога дзеяньня, мэтай якіх ёсьць дэманстрацыя грамадскай непакоры, вымагае ад удзельнікаў высокай палітычнай і грамадзянскай культуры, як і сьвядомасьці. Найбольш гэта датычыць шэраговых актывістаў, як асноўнага індыкатара настрояў грамады.

Кожны актывіст павінен усьвядоміць сябе Грамадзянінам, які змагаецца за інтарэсы грамадства, здабываючы ў барацьбе правы ды свабоды для цэлай грамадзянскай супольнасьці. Для гэтага быў складзены дадзены кодэкс, неабходнасьць прытрымлівацца якога павінен усьвядоміць удзельнік акцыі грамадзянскай непакоры ў кожнай краіне. Толькі каардынуючы ўласныя высілкі, мы можам дасягнуць супольнай мэты.

 

1. Будзь вольны. Кожны ўдзельнік акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня – добраахвотнік. Які-небудзь пабочны прымус да ўдзелу ў акцыях пратэсту недапушчальны.

2. Не прадавайся. Адзінай узнагародай да ўдзелу ў акцыях грамадзянскай непакоры для актывіста павінна быць дасягненьне мэтаў грамадства, інтарэсы якога ён выяўляе. Якая-небудзь матэрыяльная ўзнагарода за ўдзел у такіх акцыях нівелюе само паняцьце грамадзянскага патрыятызму.

3. Не выкарыстоўвай сілы. Сапраўдныя акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня носяць выключна мірны характар. Якія-небудзь заклікі да гвалту на акцыях ёсьць нішто іншае, як мэтанакіраваная правакацыя.

4. Не правакуй і не паддавайся на правакацыі. Удзельнік акцыі грамадзянскай непакоры заўсёды павінен захоўваць халодны розум ды асьцярожнасьць, унікаць якіх-небудзь правакацыяў як са свайго, так і зь іншага боку.

5. Будзь дысцыплінаваны. Беручы ўдзел у акцыях грамадзянскага непадпарадкаваньня, кожны яе ўдзельнік стае часткай адзінага арганізму. Якая-небудзь няўзгодненая ініцыятыва з боку асобнага ўдзельніка акцыі парушае цэласнасьць усёй супольнасьці.

6. Будзь цьвярозы. Удзельнік акцыі грамадзянскай непакоры павінен мець цьвярозасьць думак і дакладнасьць дзеяньняў. Нецьвярозы актывіст прыносіць толькі шкоду для акцыі.

7. Паважай закон. Удзельнік акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня акрамя дадзенага кодэксу павінен прытрымлівацца законаў той краіны, за будучыню якой ён змагаецца, калі гэтыя законы не парушаюць правоў чалавека. Далучэньне да акцыі дзяцей недапушчальна. Парушэньне закону адным акывістам кідае цень на ўсю супольнасьць.

8. Паважай іншых. Удзельнік акцыі грамадзянскай непакоры павінен талерантна ставіцца да прадстаўнікоў іншых поглядаў і думак. Прадстаўляючы інтарэсы ўсяго грамадства, актывіст павінен улічваць яго рознароднасьць і паважаць кожнага грамадзяніна.

9. Падтрымлівай таварыша. У крытычныя моманты акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня кожны актывіст мае быць гатовым падставіць плячо таварышу. Узаемападтрымка – найважнейшая складовая частка жыцьцяздольнасьці грамадства.

10. Не руйнуй уласную краіну. Найвышэйшай каштоўнасьцю для ўдзельніка акцыі грамадзянскай непакоры павінны быць інтарэсы краіны, народу. Галоўная мэта якой-небудзь акцыі грамадзянаў – абарона нацыянальнага суверэнітэту, цэласнасьці, свабоды ды незалежнасьці ўласнай краіны.

Украіна, Кіеў, красавік 2007 году.

Ад рэдакцыі:

Мы параіліся і вырашылі, што пададзены Міжнародны кодэкс удзельнікаў акцый пратэсту варта прыняць у якасьці яшчэ аднаго прынцыпу нашай Пераможнай дактрыны (П пр-п 7). Дзякуй нашым украінскім сябрам, братам і паплечнікам!

Каментары (1)

  1. Ljavon кажа:

    «Міжнародны кодэкс створаны для таго, каб удзельнікамі такіх акцый маглі быць толькі чэсныя ды прынцыповыя грамадзяне, …»
    ++++++++
    СУМЛЕННЫЯ (а не «чэсныя»)

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы