12 гадоў таму, 14 траўня 1995 году, быў праведзены рэфэрэндум, на які выносіліся пытаньні аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня” ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, адмене статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, а таксама аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.
Пра непрызнаньне нацыянальнай сымболікі Аляксандар Лукашэнка заяўляў яшчэ за год да прэзыдэнцкіх выбараў, у 1993-м: ён паказальна насіў “бээсэсэраўскі”, чырвона-зялёны дэпутацкі значак. А ідэя рэфэрэндуму была ўпершыню абвешчаная Лукашэнкам на сэсіі Вярхоўнага Савету ў сакавіку 1995 году.
Як пазьней стала вядома, эскіз новага “герба” распрацоўваўся ў кабінэце кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Леаніда Сініцына.
11 красавіка дзевятнаццаць дэпутатаў апазыцыі БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком на знак пратэсту абвясьцілі галадоўку, але былі зьбітыя ў залі парлямэнту і выкінутыя з будынку Дому ўраду. Супраць рэфэрэндуму выступілі шмат якія выдатныя прадстаўнікі інтэлігенцыі, у тым ліку і Васіль Быкаў.
Прызначэньне рэфэрэндуму 1995 году адбылося з парушэньнем Канстытуцыі, законаў і рэглямэнту Вярхоўнага Савету
Рэфэрэндум 1995 году не адпавядаў Канстытуцыі, пра што і было заяўлена яшчэ ў часе абмеркаваньня ў Вярхоўным Савеце.
Рэфэрэндум не адпавядаў і “Закону аб усенародным галасаваньні (рэфэрэндуме)”, дзе сказана, што на плебісцыт не выносяцца пытаньні, якія закранаюць нацыянальныя каштоўнасьці (бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня” і беларуская мова такімі і ёсьць). Пытаньні аб мове і інтэграцыі з Расеяй парушалі частку 3 артыкулу 3 гэтага закону. Да таго ж пытаньні аб сымболіцы і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт ня мелі юрыдычнай дакладнасьці і не давалі магчымасьці атрымаць дакладны адказ.
Прызначэньне рэфэрэндуму адбылося з парушэньнем рэглямэнту Вярхоўнага Савету (19 дэпутатаў былі зьбітыя). Сам працэс рэфэрэндуму таксама праходзіў з парушэньнем пакету законаў – “Аб рэфэрэндуме”, “Аб статусе дэпутатаў” і іншых.
Напрыклад, апанэнты Лукашэнкі ня мелі доступу да СМІ (рэфэрэндум супаў з выбарамі ў Вярхоўны Савет, але ўсе згадкі пра рэфэрэндум у выступах апазыцыйных кандыдатаў выразаліся), і насельніцтва ня мела магчымасьці, як таго патрабуе закон, атрымаць поўную інфармацыю па ўсіх чатырох пытаньнях і прыняць узважанае рашэньне.
Мелі месца і зафіксаваныя назіральнікамі фальсыфікацыі на ўчастках беспасярэдне 14 траўня.
Усё гэта дало магчымасьць дэпутатам БНФ адразу пасьля рэфэрэндуму заявіць, што дэ-юрэ бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня” застаюцца дзяржаўным сымбалямі.
Дарэчы, вынікаў рэфэрэндуму 1995 году Вярхоўны Савет 12-га скліканьня так і не зацьвердзіў. Гэта зрабіў толькі ў 1996 годзе Вярхоўны Савет 13 скліканьня. А празь некалькі месяцаў Лукашэнка скарыстаўся пунктам аб праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.
Для вяртаньня нацыянальных сымбаляў даволі будзе прыняць пастанову аб непрызнаньні вынікаў рэфэрэндуму 1995 году
Нідзе і ніколі штучна створаная сымболіка не пратрымалася больш за некалькі гадзін (у найлепшым выпадку – дзён) даўжэй за рэжымы, якія яе усталявалі. Звычайна ўстанаўленьне нацыянальнага сьцяга над урадавымі будынкамі якраз і сымбалізавала канец гэтых рэжымаў.
Усе краіны-суседзі Беларусі вярнулі сваю гістарычную сымболіку. Тое ж зрабілі і ўсе былыя сацыялістычныя краіны Эўропы. У Беларусі будучаму дэмакратычнаму парлямэнту Беларусі дастаткова толькі прыняць пастанову аб непрызнаньні вынікаў рэфэрэндуму 1995 году – на падставе антыканстытуцыйнасьці і антызаконнасьці гэтага рэфэрэндуму. Магчыма, для гэтага нават хопіць указу будучага прэзыдэнта, калі такая пасада застанецца.
Ад рэдакцыі:
1. У дадатак да выдатнага артыкулу С.Навумчыка прыводзім пытаньні гэтага так званага “рэферэндуму” 1995 году. Просім зьвярнуць увагу, як фармулявалася пытаньне пра мову і на тое, што аб’яўлялася кансультатыўным.
2. У якасьці чарговага пранцыпу Беларускай дактрыны (Д пр-п 55) прымаем, што ў будучай Беларусі, як толькі ўлада пяройдзе ў рукі нармальнага дэмакратычнага кіраўніцтва, абавязкова і тэрмінова будзе адноўлены ня толькі статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, а і такі ж статус беларускіх нацыянальна-гістарычных сімвалаў – гербу “Пагоня” і бел- чырвона-белага сьцягу!