nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Дэградацыя Заходняй Еўропы: факты і каментары (частка ІІІ).

3 ліпеня, 2007 | 2 каментарыя

КІРАЎНІКІ ІТАЛІІ ЗНОЎ БАЯЦЦА…”

3 траўня 2007 г. Французкая газэта “Le Monde” друкуе артыкул пад тытулам “Кіраўнікі Італіі баяцца, што зноў зьявяцца “Чырвоныя брыгады”. Грамадзкі і ўладны непакой выклікалі пагрозы забойства, якія атрымалі арцыбіскуп А. Баньяска, старшыня Біскупскай канфэрэнцыі Італіі, і С. Кафэраці, мэр Балёньі. 12 лютага сёлета паліцыя арыштавала ў розных гарадах краіны 12 асобаў, якія, як мяркуецца, зьяўляюцца актывістамі новай хвалі левай экстрэмісцкай арганізацыі “Чырвоныя брыгады”. Пасьля гэтага па ўсёй краіне актывізавалася дзейнасьць падпольных структураў. Ва ўнівэрсітэтах, прафсаюзных і грамадзкіх будынках поўна надпісаў з заклікамі да антыдзяржаўнага тэрору, за вызваленьне з-за кратаў “рэвалюцыянэраў-герояў”. Асаблівая актыўнасьць экстрэмістаў назіраецца ў ітэрнэце.

Наш камэнтар: У 1970-80 гады банды “Чырвоных брыгадаў” даліся ў знакі ўсёй Італіі. Сотні забітых і параненых у шэрагу тэрактаў, нападаў, дывэрсіяў, выбухаў – такі быў вынік дзейнасьці “брыгадзістаў”, якіх арганізавала, узброіла і камандвала імі КГБ СССР (чамусьці пра гэта ня згадваюць цяпер ані французкая газэта, ані італьянскае кіраўніцтва). Дзякуючы гераізму такіх людзей, як генэрал паліцыі Далля К’еза, і тысячаў іншых сумленных абаронцаў грамадзтва ад чырвонай пошасьці ўжо ў сярэдзіне 1980-х “Чырвоныя брыгады” былі разгромлены. Падкрэсьлім, што гэта зрабілі менавіта лепшыя прадстаўнікі італьянскага грамадзтва і менавіта насуперак бяздарнасьці карумпаваных уладных структураў Італіі. На пачатку 1990-х гадоў у Італію прыехалі першыя беларусы. Ім даводзілася час ад часу сустракацца з прадстаўнікамі згаданых бяздарных элітаў. Зьдзівіла надзвычайная бадзёрасьць гэтых элітарных “сеньёраў” у абароне Савецкага Саюза, іхная палымяная любоў да Гарбачова і “перастройкі”. Яны й слухаць не хацелі пра дыктатуру гэбэ, пра вызвольную барацьбу паняволеных саветамі народаў, пра дзікую русіфікацыю. Іх гэтае “статус-кво” вельмі задавальняла. У сьнежні 1991 года беларусы пакпілі зь іх і іхнай самаўпэўненасьці пасьля таго, як у газэтах зьявіліся паведамленьні пра Віскулі і распад маскоўскай імпэрыі (трэба было бачыць іхныя твары!). Але гэтыя “элітарныя” апэратыўна пераключыліся на “дэмакрата Ельцына”, пачалі пераганяць у Маскву фінансавыя плыні падтрымкі парэшткаў імпэрыі. Яны зноў не хацелі слухаць беларусаў, якія казалі ім аб небясьпецы адраджэньня магутнасьці маскоўскага монстра. Лубянскі монстр адрадзіўся і нават заняў Крэмль. У Італіі зноў разгортваецца даўно знаёмая трагедыя. “Кіраўнікі Італіі баяцца…” А ўвогуле, ці здольныя яны вызначыць сапраўдных арганізатараў і натхняльнікаў чырвонага тэрору?

Юрка Марозаў

 

ВЫБАРЫ Ў ШАТЛЯНДЫІ

4 траўня 2007 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” піша пра першыя паведамленьні аб выніках выбараў у рэгіянальны парлямант Шатляндыі. Шатляндская Нацыянальная Партыя ўпэўнена лідыруе і забясьпечвае сабе большасьць. Шатляндскія нацыяналісты рыхтуюць на 2010 год рэфэрэндум аб аддзяленьні ад Вялікай Брытаніі і аднаўленьні незалежнасьці Шатляндыі. Ужо цяпер яны кажуць, што старшыня Нацыянальная Партыі Алекс Сэлманд стане першым прэм’ерам незалежнай Шатляндыі.

Наш камэнтар: Шатляндцы даўно прагнуць вырвацца з брытанскай камуналкі. Народы Эўропы адзін за адным аднаўляюць гістарычную справядлівасьць і аднаўляюць свае нацыянальныя дзяржавы пасьля стагоддзяў каляніяльнага панаваньня чужынцаў на іхнай зямлі.

Валеры Буйвал

 

КАРУПЦЫЯ

9 траўня 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” публікуе артыкул пад тытулам “Карупцыя ў Сафіі – гэта “балота, поўнае кракадзілаў”. Цытуецца ацэнка стану баўгарскіх уладаў, зробленая спэцдакладчыкам  Эўрапарляманту па Баўгарыі Джофры ван Ордэнам. Ён папярэдзіў афіцыйную Сафію, што яна не павінна надта спадзявацца на Брусэль у залагоджваньні супэрскандалу з удзелам міністра эканомікі Аўчарава і начальніка службы пракурорскага дагляду Аляксандрава.

Наш камэнтар: Вядома, што спэцдакладчык Ван Ордэн сваечасова ўсё дакладаў Эўрапарляманту пра шалёную карупцыю ў вышэйшых эшалёнах улады Баўгарыі (якія знаходзяцца пад поўным кантролем учорашніх камуністаў). А тыя ўсяроўна прынялі краіну ў Эўразьвяз. Што ж, нічога дзіўнага. Мабыць, дробныя сафійскія жулікі Аўчараў і Аляксандраў ня йдуць ні ў якое параўнаньне з брусэльскімі кітамі карупцыі. Дрыгва не баіцца балота.

Валеры Буйвал

 

ТЭНДЭНЦЫЯ ЗЬНІШЧЭНЬНЯ

13 траўня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра трагедыю хрысьціянаў у Пакістане. У горадзе Чарсада ўначы перад дамамі хрысьціянаў (500 семьяў) невядомыя пакінулі пісьмы з пагрозамі. Ім загадалі да 17 траўня перайсьці ў іслам. Забойствы людзей хрысьціянскай веры, падпалы і пагромы ў храмах – звычайная практыка ў азіяцкіх краінах.

Наш камэнтар: Усё гэта адбываецца на фоне колькаснага росту пакістанскіх “меншасьцяў” у Брытаніі і і ншых краінах Заходняй Эўропы. Іх ніхто не чапае, імі кіруюць магутныя пакістанскія кланы. На іхных сходах гучаць патрабаваньні “зьнішчыць Захад”. Іхная моладзь актыўна ўдзельнічае ў тэрарыстычнай дзейнасьці. А брусэльскія палітыкі ўсё круцяць шарманку пра “шматрасавае грамадзства” [“мультыкультурнае грамадства”. – Рэд.] і “правы чалавека”.

Юрка Марозаў

 

“КАЛІНКА” І “РОЗАМУНДА”

18 траўня 2007 г. Нямецкая газэта „Die Welt” піша пра першы дзень саміту Эўразьвяз-Расея, што распачаўся ў Самары. Газэта падрабязна апісвае, як перад Пуціным, Мэркэль і старшынёй Эўракамісіі Барозу хоры і салісты сьпявалі “Розамунду” і “Калінку”, як гаспадар нечакана запрасіў гасьцей на параход і яны каталіся па Волзе. Вярнуўшыся ў гатэль, яны праводзілі перамовы. Пра што былі перамовы, нямецкая газэта напісала вельмі сьцісла – “невядома пра што”.

Наш камэнтар: Вясёлы Пуцін (учора ён “аб’яднаў цэрквы”) весяліў эўрачыноўнікаў. Сцэны з “Волжского утёса” нагадвалі, аднак, даўнія гістарычныя карцінкі: па хвалях Ніла плыве ў раскошным ветразьніку таямнічая Клеапатра, яе чакае на беразе рымлянін Антоні, ціха зьвіняць арфы… Плутарх і іншыя, аднак, паведамілі, як нявесела скончыліся для даўніх элітаў гулянкі і патаемныя спробы падзяліць сьвет і народы.

* * *                                                                                                

19 траўня 2007 г. Латвійская газэта “Diena” піша пра самарскі саміт, але ў больш драматычным ключы. Старшыня Эўракамісіі сказаў на беразе Волгі: “Мы заявілі расейскім партнёрам, што цяжкасьці адной краіны ЭЗ азначаюць цяжкасьці ўсяго Эўразьвязу”. Мелася на ўвазе перш за ўсё польскае мяса, якое не пускаюць у Расею, а таксама пагрозы і агрэсіўныя дзеяньні Масквы супраць Эстоніі і Летувы. Газэта нават напісала: “Гэта быў напружаны саміт”.

Наш камэнтар: Усе бачылі па тэлеканалах, як рэзка і расперазана паводзіў сябе перад эўраначальствам Пуцін. Ён добра даў ў косьці нямецкім журналістам, якія спыталі ў яго пра “русскую дэмакратыю”. Цікава было глядзець таксама на прысутных брусэльскіх бонзаў (асабліва на незабыўную Бэніту Фэрэру-Вальднэр). Яны, канешне, выдатныя акцёры. Але было заўважна, як трывожна і насьцярожана яны ўзіраліся ў лубянскага начальніка, які крыў Эўропу з трыбуны. Пэўна, яны хваляваліся за сваю блізкую будучыню. Яны на працягу гадоў абслугоўвалі “расейскую дэмакратыю” і атрымлівалі ад яе тлустыя ганарары. Урэшце апынуліся на кручку ў лубянскай канторы. Замест абяцанага імі мірнага суіснаваньня з Масквой, Эўропа ўваходзіць у паласу крызіса. З барозаў і бэнітаў цяпер могуць спытаць эўрапейскія палітыкі і народы: дык дзе абяцаная разрадка? А пад фанфары крызісу ў адносінах Масква раптам можа элегантна здаць сваіх брусэльскіх васалаў, як гэта зрабіў у свой час з менскай псэўдаапазыцыяй Ганс Вік. Саміт сапраўды аказаўся “напружаны”.

Юрка Марозаў

 

ГЭБІЗМ Ў ЭЎРАЗЬВЯЗЕ

18 траўня 2007 г. Польская газэта ”Rzeczpospolita” паведамляе з Баўгарыі. На наступным тыдні ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў Сафіі маюць адбыцца ўрачыстасьці ў гонар 60-годдзя ўтварэньня службы зьнешняй выведкі камуністычнай Баўгарыі. Запрошаны дыпляматы з усяго сьвету. Курыруе імпрэзу прэзыдэнт Баўгарыі Г. Парванаў (былы камуніст). Былы прэм’ер Костаў заявіў на гэта: “Гэта ёсьць спроба рэабілітаваць злачынны камуністычны рэжым”. Правая апазыцыя заявіла, што афіцыйныя ўгодкі сьведчаць пра сувязі Праванава з рэжымам Пуціна і спробай адбудаваць расейскую сфэру ўплываў.

Наш камэнтар: Вядома, што баўгарскія спэцслужбы (як і спэцслужбы ўсяго “сацыялістычнага лягеру”) актыўна выкарыстоўваліся КГБ СССР для правядзеньня падрыўных апэрацыяў, палітычных забойстваў і іншых злачынстваў. Вось якую краінку далучылі да Эўразьвязу мітусьлівыя брусэльскія начальнікі Эўропы. Віншуем іх з яшчэ адной праявай рэстаўрацыі злачыннага гэбізму ў эўраструктуры.

Валеры Буйвал

 

УСЁ, ЯК ЗАЎСЁДЫ

13 чэрвеня радыё Свабода зьмясьціла такую інфармацыю: “12 чэрвеня ў сталіцы ЗША Вашынгтоне адкрылі мэмарыял, прысьвечаны ахвярам камунізму ва ўсім сьвеце. Амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш, які якраз скончыў візыт у былыя камуністычныя краіны – Чэхію, Польшчу, Баўгарыю і Альбанію, узяў удзел у адкрыцьці мэмарыялу. У сваёй прамове Буш правёў паралелі паміж камунізмам і тэрарызмам. Ён у сваёй прамове сказаў, што камунізм адказны за сьмерць каля ста мільёнаў нявінных людзей у Савецкім Саюзе, Кітаі, іншых краінах Азіі, ва Ўсходняй Эўропе ды ў іншых рэгіёнах сьвету. Сярод іншага Буш казаў пра ўшанаваньне памяці мільёнаў ахвяраў, чые імёны назаўжды застануцца невядомымі: “Сярод іх бязьвінныя ўкраінцы, якія памерлі ад голаду падчас сталінскага Галадамору, расейцы, якія загінулі ў сталінскіх чыстках, літоўцы, латышы і эстонцы, якіх грузілі ў вагоны для быдла і дэпартавалі ў паўночныя лягеры сьмерці савецкага камунізму”.

На самай справе пры адкрыцьці мэмарыялу нічога не было сказана пра Беларусь і беларусаў, якія бадай ці не найбольш пацярпелі ад камунізму, страцілі чвэрць насельніцтва, а з улікам Чарнобыля – яшчэ больш. Не ўспомнена нават пра Курапаты і разбудаваную расейска-сталінскую сістэму генацыду ў Беларусі. На адкрыцьцё мэмарыялу ня быў нават запрошаны змагар з камунізмам Зянон Пазьняк – адкрыўца Курапатаў і бадай найбольш узьненавіжаны праз савецкіх камуністаў чалавек  (які, дарэчы, якраз знаходзіцца ў Злучаных Штатах). Ёсьць над чым задумацца беларусам, каб зразумець чаму да іх і да іхных ахвяраў гэтак адносяцца ў сьвеце. Відаць пакуль беларусы ня вернуцца да свайго нацыянальнага гонару, ня створаць сваю нацыянальную сілу і ня стукнуць кулаком па стале ў сваёй хаце – ніхто іх паважаць ня будзе, хоцьбы іх палову выстралялі ў Курапатах. Пакуты ўзьвялічваюць моцных, але не слабых. Адносіны амэрыканцаў ускосным чынам гэта як бы і пацьвярджаюць.

– інфа-

 

АЛІМПІЙСКАЯ КАРУПЦЫЯ 

12 чэрвеня 2007 г. Італьянская газэта “Repubblica” паведамляе з Кітаю. Мясцовыя актывісты праваабарончай арганізацыі “Play Fair” здолелі прабрацца на некалькі фабрык, якія выпускаюць прадукцыю і сувэніры з сымволікай Алімпійскіх Гульняў 2008 г., што павінны адбыцца ў Кітаі. Яны ўбачылі жудасныя сцэны эксплуатацыі непаўналетніх дзяцей, якія за мізэрную плату працуюць па 12 гадзінаў, дыхаюць шкоднымі выкідамі, ня маюць нармальных умоваў для адпачынку (уласна ім не даюць магчымасьці адпачываць). Малыя распавялі актывістам жудасныя гісторыі эксплуатацыі.

Наш камэнтар: Што ж, камуністы па ўсім сьвеце верныя сваім “славным традіціям”. А тлумачылі разумныя людзі з многіх краінаў чыноўнікам з міжнароднага алімпійскага камітэту, што нельга прызначаць Алімпіяду ў камуна-сярэднявечным Кітаі, дзе бальшавіцкі рэжым зьнішчае людзей. Зразумела, што чыноўнікі атрымалі кітайскія “падарункі” і энтузіястычна прагаласавалі за чырвоны Пекін. Мала верагодна, але ўсё ж магчыма, што гэтая публіка прагаласуе і за правядзеньне зімовай Алімпіяды ў расейскім Сочы (хаця спэцыялісты і даводзяць, што там няма ніякіх спартовых аб’ектаў). Карупцыя становіцца асноўным матывам міжнароднага спорту і шэрагу іншых зьяваў.

Юрка Марозаў

 

ОРДЭН ПРАВАКАТАРУ

19 чэрвеня 2007 г. Нямецкая газэта „Frankfurter Allgemeine Zeitung“ прысьвяціла вялікі артыкул з фотаздамкамі 60-годдзю Салмана Рушдзі. На фота Салман сьмяецца і задаволены сабой. На іншых фота паказаны сцэны пагромаў. У 1988 г. пісьменьнік пакістанскага паходжаньня Рушдзі апублікаваў у Брытаніі раман “Сатаніснкія вершы”, у якім пакпіў з прарока Мухамэда і ісламскіх каштоўнасьцяў. Духоўны лідэр Ірана аятала Хамэйні тады абвясьціў на яго “фатву” (ісламскі праклён-анафэму). У многіх краінах разгарнуліся шматтысячныя маніфэстацыі пратэсту мусульманаў, пагромы, былі забіты дзесяткі людзей. З тае пары Рушдзі жыве пад аховай брытанскіх спэцслужбаў і атрымаў некалькі прэміяў.

Наш камэнтар: А сёньня атрымаў нават брытанскі ордэн з рук каралевы Альжбэты. Ордэн за што? Можа за ўмацаваньне дружбы і талерантнасьці паміж народамі? Пісьменьнік выступіў у ролі правакатара дзеля таго, каб “засьвяціцца” у літаратуры. І “засьвяціўся”. Правакацыя ўдалася, шум быў вялікі і шмат крыві. Заходні сьвет зрабіў з яго “знамя прав человека”. Бо ў заходнім сьвеце даўно ўжо стала модным аплёўваць хрысьціянскія каштоўнасьці, зьдзеквацца з Хрыста, Мадонны, апосталаў і сьвятых – з усяго сьвятога свайго і чужога. Гэта, аказваецца, і ёсьць “правы чалавека”. Дагэтуль афіцыйна ня высьветлена, хто стаяў за гнюсным учынкам малавядомага тады літаратара. Пра гэта так і не здагадаліся дагэтуль брытанцы. А калі б яны здагадаліся сваечасова, яшчэ ў 1988 г., то не было б ні выбухаў у лёнданскім мэтро, ні атамнай атакі ў цэнтры Лёндана (забойства А. Літвіненкі). Можа быць нават брытанцы спынілі б сьцяканьне ў Брытанію цемры расейскіх крывавых алігархаў і мафіёзаў. Але да іх гэта ўсё не дайшло дагэтуль. Яны ўслаўляюць правакатара Рушдзі…

Юрка Марозаў

 

ПЕРАМОГА ЛУБЯНКІ НА ДЫПЛЯМАТЫЧНЫМ ФРОНЦЕ

19 чэрвеня 2007 г. Летувіская газэта „Lietuvos Rytas“ паведамляе пра апошняе рашэньне структуры ААН. Камісія ААН па нагляду за правамі чалавека прыняла рашэньне вывесьці Кубу і Беларусь са сьпісу краінаў, якія “патрабуюць асаблівай увагі ў справах правоў чалавека”.

Наш камэнтар: Шэраг СМІ дае інфармацыю, што гэтае рашэньне было прынята пад націскам і ўплывам Расеі. Вось так – на Кубе і ў Беларусі няма прыкметных парушэньняў правоў. Паводле аанаўскіх чыноўнікаў (вядомых сваёй карупцыяй) у Беларусі не зьнішчаецца нацыянальная культура і мова, не адбываецца фашызацыя палітычнага рэжыму і г.д. Лубянка сьвяткуе яшчэ адну перамогу на дыпляматычным фронце. Расейскія нафтамільярды працуюць надалей.

* * *

19 чэрвеня. Латвійская газэта “Diena” піша пра чарговае кітайскае злачынства ў Цібэце. Паліцыя разбурыла нядаўна створаную вялізную скульптуру Будды ў старажытным кляштары ў акупаваным Цібэце. Улады патлумачылі, што “статуя была ўсталявана незаконна”.

Наш камэнтар: Разам з Кубай і Беларусяй “няма праблем з дэмакратыяй” таксама і ў Цібеце. “Цібетцы самы вінаваты – незаконна моляцца ў камуністычным Кітаі” – так лічаць прадажныя міжнародныя чыноўнікі, рыхтуючы ў чырвоным Пэкіне чарговыя Алімпійскія Гульні (сымвал сяброўства і міру).

 Валеры Буйвал

 

 “ХІТРЫ ТВАР”

20 чэрвеня 2007 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” публікуе партрэт Пуціна – хітры твар, выраз упэўненасьці ў сабе. У тэксьце даецца расклад сілаў у Расеі. Расказваецца пра манапалістаў “ЮКОС” і “Газпром”, пра “лаяльных рускіх багатых людзей”. Асобны кавалак тэксту прысьвечаны асобе, што ёсьць на фотапартрэце. Цытуем: “Пуцін трымае ўсё ў кулаку і ідзе проста насустрач цяжкасьцям”.

Наш камэнтар: Ствараецца ўражаньне, што чытаеш пра магутную цэнтралізаваную дзяржаву з моцным царом і паслухмянымі манапалістамі. Аніслова пра КГБ-ФСБ, якая на самай справе кіруе і Пуціным і юкасамі-газпромамі. Тым больш аніслова пра жудасную галечу, абяздоленасьць, расчараванасьць і раўнадушнасьць дзесяткаў мільёнаў “дорогіх россіян”. Творчыя традыцыі гэбельсаўшчыны так і квітнеюць на прасторах германскіх краінаў.

Юрка Марозаў

 

 

2 каментарыя

  1. Натхнёныя поспехам нашай красавіцкай інфармацыйнай вечарыны, “Офіс за дэмакратычную Беларусь” (Брусель) і Hanse-Office (Аб’яднанае прадстаўніцтва Гамбурга і федэральнай зямлі Шлезвіг-Гольштайн у Еўразвязе) запрашаюць вас на чарговы паказ фільмаў, які адбудзецца у чацвер, 12 ліпеня а 19.00. Гэтым разам вы пазнаёміцеся з радасцямі і нягодамі мінскай інтэлігенцыі, а таксама зможаце прасачыць за смешнымі авантурамі небаракі-жаніха ў Беларусі XIX-га стагоддзя.
    У праграме вечара – паказы наступных фільмаў:
    Дакументальная стужка “Маналогі” рэжысёра Алега Дашкевіча, 2005 г., даўжынёй 30 хвілін, па-
    беларуску з ангельскімі субцітрамі);
    камедыя “Колер кахання” рэжысёра Аляксандра Канановіча, 2005г. , даўжынёй 20 хвілін (па-руску і
    беларуску, таксама з субцітрамі).
    Уваход вольны, прадугледжаны пачастунак.
    Калі Вы жадаеце ўзяць удзел у вечарыне, калі ласка, зарэгіструйцеся да 10 ліпеня, даслаўшы ў “Офіс за
    дэмакратычную Беларусь” ліст на электронны адрас info@democraticbelarus.eu ці патэлефанаваўшы
    + 32 2 401 61 41 (42)
    НАВІНЫ ДЛЯ БЕЛАРУСI CТ.3 НУМАР VII
    “Oфіс за дэмакратычную Беларусь” ладзіць паказ беларускіх фільмаў у Бруселі
    Мы ў Вэбе http://www.democraticbelarus.eu

  2. Алесь кажа:

    Ад імя рэдакцыі прашу аўтараў папярэдняга запісу больш каментары не па тэме не рабіць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы