nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРАДМОВА да матэрыялаў канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя”

11 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

��4.GIF

Да кнігі матэрыялаў канферэнцыі (“Беларуская нацыянальная ідэя”. – Мн.: Бел. выд. Тав-ва “Хата”, 2000. – 448 ст.) рэдакцыйнай калегіяй была напісана прадмова, якая, аднак, у само выданьне не ўвайшла. Мы ж лічым яе вельмі важнай часткай канферэнцыі. Нягледзячы на само паняцьце – “прадмова”, напісана яна была пасьля завяршэньня канферэнцыі і канчаткова абагульняе яе вынікі. Дадзеную Прадмову (адсутную ў адпаведным выданьні) мы і падаем у якасьці апошняга матэрыялу, прысьвечанага гэтай знакамітай канферэнцыі.

Рэдакцыя сайта.

Канферэнцыя «Беларуская нацыянальная ідэя», арганізаваная і праведзеная Каардынацыйным камітэтам «Гродзенская ініцыятыва» 18-19 красавіка 1999 года ў Гродне, вынікае з заклапочанасці грамадства Беларусі канстытуцыйным і сацыяльна-эканамічным крызісам, інспіраваным антынацыянальнай палітыкай кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, накіраванай на ліквідацыю беларускай дзяржаўнасці і падпарадкаванне геастратэгічным імператывам сучаснага расійскага кіраўніцтва.

Работа канферэнцыі, выступы дакладчыкаў мелі сваёй мэтай не столькі распрацоўку канчатковай формулы беларускай нацыянальнай ідэі, колькі максімальна шырокае і ўсебаковае абмеркаванне розных аспектаў яе фармавання, структуры, развіцця. Не менш важнае значэнне меў рознабаковы характар поглядаў на беларускую нацыянальную ідэю, у сувязі з чым аргкамітэт і рэдакцыйная калегія не абмяжоўвалі кола ўдзельнікаў канферэнцыі толькі навукоўцамі. Магчымасць выказаць свой погляд была дадзена ўсім, хто праявіў да яе цікавасць. Усе працы пададзены на мове арыгіналу. Тым самым матэрыялы канферэнцыі даюць магчымасць атрымаць своеасаблівы сацыялагічны зрэз поглядаў прадстаўнікоў розных груп насельніцтва Беларусі канца ХХ стагоддзя па дадзенай праблеме.

Пераважная большасць аўтараў адстойвае погляды, якія ў абагуленым выглядзе могуць быць пададзены наступным чынам:

– этнасы (народы, нацыі) з’яўляюцца натуральнымі сацыяльнымі дыскрэтнымі адзінкамі, на якія аб’ектыўна падзяляецца чалавецтва. Разам яны ўтвараюць нацыянальна-дзяржаўны ўзровень арганізацыі сьвету людзей, які сваёй разнастайнасцю забяспечвае ўласнае прагрэсіўнае развіццё;

– нацыянальная ідэя, выяўленая ва ўніверсальнай форме, – гэта ідэя аптымізацыі ўмоў для раскрыцця прагрэсіўнага патэнцыялу этнаса ва ўмовах максімальнай гарманізацыі адносін паміж чалавекам, грамадствам і чалавецтвам; мінулым, сучаснасцю і будучыняй; прыродай, чалавекам і сусветам;

– спецыфіка нацыянальных ідэй асобных народаў абумоўлена розніцай паміж універсальнай формай нацыянальнай ідэі і той грамадска-палітычнай рэчаіснасцю, у якой знаходзіцца канкрэтная нацыя ў адпаведны гістарычны перыяд. На спецыфіку нацыянальных ідэй уплываюць таксама генетычныя, гістарычныя, экалагічныя, культурныя, рэлігійныя й іншыя асаблівасці быцця канкрэтных этнасаў;

– асноўнай сацыяльнай групай, здольнай фармуляваць і зацікаўлена рэалізоўваць нацыянальную ідэю, з’яўляецца нацыянальная эліта. Ад яе колькасці, якасці і арганізаванасці залежыць як прагрэсіўнае развіццё адпаведнага этнасу, так і поспех у рэалізацыі функцыянальнага прызначэння ўсяго нацыянальна-грамадскага ўзроўню арганізацыі чалавецтва;

– адна з прычын цяжкасці практычнай рэалізацыі нацыянальнай ідэі ў глабальным маштабе – у яе пярэчанні інтарэсам разнастайных соцыяпаразітычных груп, сярод якіх адна з асноўных – безнацыянальная бюракратыя;

– паколькі практычнае здзяйсненне нацыянальнай ідэі любога этнасу, як правіла, магчымае толькі праз уласную нацыянальную дзяржаву, на сёння беларускую нацыянальную ідэю можна ўявіць як ідэю фармавання і развіцця паўнавартаснай беларускай нацыі (з яе ўнікальнымі гісторыяй, генафондам, культурай, ментальнасцю) праз станаўленне паўнавартаснай беларускай дзяржавы;

– найбольш актуальная на сёння лёзунгавая формула беларускай ідэі ёсьць “Беларусь – наш еўрапейскі дом!”

Рэдакцыйная калегія.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы