nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Пра неадэкватнасьць

жнівень 8, 2007 | Няма каментараў

Яўген Бяласін      

На ёй,  гэтай нашай Зямлі, яшчэ многа неадэкватнасьцяў (больш, відаць, адно што неадэкватных людзей). Гэтыя неадэкватнасьці можна назваць перакосамі, пакуль яны яшчэ ня сталі гуманітарнымі катастрофамі. Іх прычыны найчасьцей палягаюць у недасканалым, памылковым кіраваньні, няправільным уплыве на сістэмы.

 

Мяне асабіста і асабліва займае стан Беларусі. З гістарычнай дыстанцыі ў 16 гадоў бачна наступнае.

На пачатку трансфармацыі, у якую ў складзе Савецкага Саюзу абрынулася Беларусь, налічвалася аж чатыры грунтоўныя, падставовага характару пераломы і перавароты. І – шмат для каго яны былі як сьнег на галаву.

Першы гэта маёмасны, – прыход капіталістычнага ўкладу жыцьця.

Другі пералом гэта замена дзяржавы і нацыі. Для вялікага пласту насельнікаў замена “вялікага і магучага” эсэсэру на маленькую, неінструментальную, калі каму пагражаць, Беларусь набыткам ня стала. Асабліва гэта датычыць былых вяскоўцаў, якіх бацькі выпіхалі “на лёгкае жыцьцё” на вялікія заводы ў гарады. Заводы абслугоўвалі абаронку, былі горадаўтваральнымі прадпрыемствамі. У іерархіі каштоўнасьцяў для пераважнай большасьці страчанае выклікала настальгію і выразна дамінавала і ва ўсё большай меры дамінуе над набыткамі адкрытага грамадства.

Урбанізацыя беларусаў у свой час пераламала цераз калена: у гарадах беларушчына ўжо два стагодзьдзі не была дамінантнаю, а камуністы дык і ўвогуле трымалі яе як абслугу. Вяртаньне да беларускасьці для большасьці было псыхалягічна цяжкае праз яе стыгматызаванасьць (“дзярэўня”, “прасталюдзін”, “калхозьнік”).

Трэці пераварот адбыўся па восі “атэізм – рэлігійнасьць” і адно падкрэсьліў разбэрсанасьць, няеднасьць беларусаў як нацыі.

І нарэшце [чацьверты пералом. – Рэд.], зьнікла яўнае варожае атачэньне, і мы апынуліся сярод розных краін, многія зь якіх уладкаваныя лепш, і ў іх варта і можна вучыцца нават праз непасрэдныя наведваньні і знаёмствы.

Камунізм у халоднай вайне пацярпеў паразу. Але рана радаваліся мы, рана радаваліся  свабодалюбцы і тыранаборцы  вольнага сьвету. Гэта як каціць камень на гару – пакуль ня ляжа – не супакойвайся! А каб лёг – трэба было закласьці фінансавы падмурак.

Прэцэдэнт такога ўладкаваньня  дала Нямеччына. Пасьля паразы ў 2-й Сусьветнай вайне яна атрымала на процілеглую фашызму і гвалтакратыі паводле сэнсу справу пабудовы гаспадаркі сродкі (т.зв. плян Маршала). Зусім у духу рынкавых законаў, усе бакі былі шчасьлівыя: немцы праз 10 – 15 гадоў стварылі тое, што маюць, ЗША і аліянты (акрамя СССР) атрымалі рынкі збыту і магчымасьці далейшых інвэстыцыяў капіталу, іншыя краіны атрымалі якасныя нямецкія тавары.

Мы, хто 16 гадоў таму радаваліся краху савецкай сістэмы, цяпер мусім без аніякіх рэсурсаў, акрамя ўласных волі і розуму, дужацца з ажываючым цыклопам таталітарнай дзяржавы.

Гвалтакраты пазбавілі апазыцыю магчымасьці легальна зьбіраць рэсурсы для сваёй статутнай дзейнасьці на карысьць беларускага народу. Хто дапамагаў апазыцыі матэрыяльна – забароненыя, закрытыя, запалоханыя тым, што будуць пазбаўленыя сродкаў да існаваньня. Палітыкі-апазыцыянэры дык папросту зьнікаюць. Фактычна адбываецца генацыд і этнацыд беларускага народа, таму што тым, хто сьвядомы беларус, ня тое што няма дарогі на кіроўныя пасады дзяржапарату, на старонкі газэтаў, на тэлебачаньне, у школьны клас і студэнцкую аўдыторыю – ім папросту забіраюцца сродкі да фізычнага існаваньня [!!! – Рэд.], і лік ахвярам перасьледу ў сваёй краіне ідзе ўжо на тысячы.

Чарговым гёбэльсаўскім прыёмам ёсьць аб’яўленьне апазыцыянэраў ды іншадумцаў  “пятай калёнай”, “запраданцамі-здраднікамі”, “ворагамі народу”.          

Гэта ўжо не неадэкватнасьць – гэта прамая хлусьня і паклёп.

Дык вы вярніцеся ў праўнае поле, вярніце на працу звольненых за перакананьні, палітычную дзейнасьць, забясьпечце рамачныя ўмовы для адзінства нацыі –  гэта ж ад вас найперш залежыць, гэта пытаньне кіраваньня!

З’явы фашызацыі соцыюму, якія можна назіраць, маюць сваім вытокам пачатак-сярэдзіну 90-х гадоў прамінулага стагодзьдзя, і прычынай маюць неадэкватныя ўплывы, неадпаведнае кіраваньне трансфармацыяй пасьля паразы камунізму.

Эканамічна непасьпяховы пераходны перыяд, практычна пераход у нікуды балесна ўдарыў, практычна абрынуў кволую беларускую дэмакратыю. У выніку паўстала чорная дзіра, якая ня стала гарачай толькі з-за асаблівасьцяў мэнтальнасьці беларусаў. Большасьць лідэраў апазыцыі і пагалоўна ўсе шарагоўцы купаюцца ў нэндзы і нястачах. Невыгоднасьць такога становішча ва ўмовах адсутнасьці вайны яшчэ больш падкрэсьлівае тое, што і сем’і іхныя мусяць дзяліць гэтую нэндзу. На тле тых, хто не “марнатравіў час”, а рабіў грошыкі ў згодзе з уладай, гэта выглядае асабліва зьнішчальна. Дэмакратыя без практычных вынікаў для тых, хто за яе змагаецца – хіба можна прыдумаць лепшую антырэкляму? [!!! – Рэд.]

Дэмакратыя ў Беларусі кінутая, кінутая на сваволю лёсу. Таму і бягуць адсюль тысячамі ў дабраўпарадкаваныя краіны Захаду. Радасьці мала, бо калі ты дома і ў цябе, як у той песьні, “парадак ідзець”, – нашто табе дабраахвотныя памагатыя! Тым, хто зьязджае, і пагатоў нявесела, бо Скарына ж нездарма гаварыў свае словы пра пчолаў, што любяць вульлі свае – пра любасьць да Радзімы. А на Радзіме гвалтакраты, бы сінія вялікія мухі ў шклянцы, апрацоўваюць і так збалванены народ з захопленых тэлеэкранаў, але эканамічных праблем гэта ня вырашыць, што яны, відаць, разумеюць.

Праграма Маршала была на карысць усім удзельным бакам. Сытуацыя ў Беларусі, дзе такая праграма была б напачатку, з улікам асаблівасьцяў, адэкватнай становішчу, цяпер разьвілася ў проста процілеглы бок, так што не задаволены амаль ніхто.

Але нешта рабіць, натуральна, трэба.

Берасьце, жнівень 2007 г.

 

Ад рэдакцыі:

Мы ў рэдакцыі ўсё больш пачынаем разумець, што каб быць адэкватным сёньняшняй ўсё больш напружнай рэчаіснасьці варта хутчэй падбаўляцца ад рамантычных ілюзій што да Ўсходу, што да Захаду – намоўленай спадчыны 1980-90-х. Для гэта мы і сфармулявалі Д пр-пы 5 і 67. Варта таксама пазнаёміцца з папярэднім артыкулам.

З гэтага цяперашняга нашага сьветабачаньня вынікае, што адсутнасьць аналага плану Маршала для Беларусі – гэта ня нейкі выпадак ці нейчы выбрык, а заканамерная рыса цяпершняй заходняй палітыкі.  А з гэтага, у сваю чаргу, вынікае, што беларусам трэба разьлічваць у першую чаргу на сябе ды на такіх, як мы (украінцы, чачэнцы, летувісы, латышы, эстонцы, у пэўнай ступені палякі, рускія і г.д.), і як мага хутчэй сістэмна фармуляваць свае ўласныя інтарэсы, дэмакратычныя праграмы і сістэмна самаарганізоўвацца.

Іншага выйсьця мы ў рэдакцыі, сваім гарадзенскім і ўсебеларускім асяродку ня бачым, а ў адносінах да таго, што бачым, робім усё пасільнае…

 


 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы