nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Прамаскоўскі рэжым, альбо Як адбываецца разбурэньне Беларусі (частка І)

10 жніўня, 2007 | Няма каментараў

Зянон Пазьняк (паводле http://pazniak.com)

�аз�н�к.JPG

Матэрыял, пададзены ніжэй, выйшаў у Нью-Ёрку ў выглядзе брашуры амаль два гады тыму (у кастрычніку 2005 г.). На сёньня ня страціў актуальнасьці. Паколькі пытаньні, пастаўленыя ў ім, і абсалютная большасьць адказаў адпавядаюць кірунку дзейнасьці нашай рэдакцыі мы зь вялікім задавальненьнем падаем яго ў трох частках. Зьмест брашуры Пазьняка дзіўным чынам супаў са зьместам брашуры А.Астроўскага, напісанай у той жа час і пададзенай на нашым сайце адсюль https://nashaziamlia.org/2006/04/04/14 і дасюль https://nashaziamlia.org/2006/04/11/30.

Рэдакцыя.

Набліжаецца 2006 год а зь ім падзея пад назвай “прэзыдэнцкія выбары”. Гэтая “падзея” (якой яна станецца ніхто ня ведае) павінна абазначыць лёсы трох суб’ектаў палітыкі на ўсходзе Эўропы: Беларусі, Расеі і Аляксандра Лукашэнкі. Шмат хто мяркуе, што ў выніку ўсяго – пакінецца статус-кво акупацыйнага рэжыму на Беларусі. Але гэта якраз і будзе змрочнае “абазначэньне” яе лёсу. Бо падзеі не застануцца стаяць, працэсы акупацыі выявяцца яшчэ больш адкрыта, паскорыцца разбурэньне беларускай нацыі.

Самым дэструктыўным на Ўсходзе (а па вялікаму кошту і ў сьвеце) ёсьць чыньнік расейскай імпэрскай палітыкі, які ўзмацняецца, чым бліжэй падыходзіць 2006 год.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу новая імпэрская дактрына Расеі была падрыхтаваная і прынятая за часы Ельцына ў жніўні 1995 года. Мэта яе заключалася ў аднаўленьні расейскіх уплываў на тэрыторыях, што вызваліліся ад СССР, а потым – далучэньне гэтых тэрыторыяў да Расеі.

Дактрына трашчыць па швах, выклікае войны і канфлікты, але Крэмль (і ня толькі Крэмль – ніхто ў Расеі) ня думае ад яе адмаўляцца.

Пасьля разгромнага паражэньня маскоўскай імпэрскай палітыкі ва Ўкраіне, якое адбылося ў канцы 2004 года, Крэмль і расейскія ініцыятары аб’явілі адкрыта, што ўсе сілы накіруюць на захоп Беларусі. Гэта ёсьць прызнаньне вайны супраць нашай краіны, пакуль што – вайны бяз зброі. Але і збройную вайну (хоць гэта стала б канцом Расеі) ня можна цяпер выключаць.

У дачыненьнях на ўсходзе Эўропы трэба ўлічваць прынцыпова новы чыньнік ва ўсходняй палітыцы – уладу КГБ у Расеі і Беларусі. Пра сутнасьць рэжымаў гэбізму я ўжо пісаў у “Беларуска-Расейскай вайне”. 2006 год робіцца рубіконам для гэтых рэжымаў, якія выяўляюць цяпер усю пачварнасьць і цынізм сваёй палітыкі.

Рубікон агаліў гэтую агрэсіўную палітыку, паказвае яе мэтады і тэхналёгію, стратэгаў і выканаўцаў, і хіба ўжо толькі сьляпы ня здольны яе назіраць.

НЯ ТАК ДАЎНО

Палітычная агрэсія Расеі супраць Беларусі аднавілася вясной 1992 года пасьля таго, калі было прынятае рашэньне ЦВК Беларусі пра рэфэрэндум аб новых выбарах і чакалася прызначэньне даты яго правядзеньня. (У той час Народны Фронт сабраў каля паўмільёна подпісаў за рэфэрэндум). У перамозе Беларускага Народнага Фронту мала хто сумняваўся. Тады ўрад Кебіча, ратуючыся, пайшоў на зьдзелку з Масквой і КГБ. У Савеце Міністраў былі створаныя неканстытуцыйныя структуры, напрыклад, Дзяржсакратарыят, якім кіраваў былы куратар КГБ па Менскай вобласьціў абкаме КПБ Г.Данілаў. Там жа апынуліся тады палкоўнік В.Паўлаў (цяпер генэрал), дзяяч С.Гайдукевіч і іншыя штатныя асобы. Летам быў створаны і буйна прафінансаваны ўрадам Кебіча (праз падстаўны “Комитет солдатских матерей”) антыбеларускі “інтэрфронт” (так званае “народное движение Беларуси”), начале якога паставілі С.Гайдукевіча. У гэты ж час аб’явілі і пачалі рэалізоўваць ідэю “аб’яднаньня” расейскай і беларускай грашовых сістэмаў. У канцы кастрычніка ўрадам Кебіча і пракамуністычнай бальшынёй у Вярхоўным Савеце быў рэалізаваны бессаромны плян антызаконнай забароны рэфэрэндуму пра новыя выбары.

Беларускае грамадзтва, на жаль, засталося назіральнікам антыдэмакратычных падзеяў. Гэта разьвязала рукі расейскай разьведцы і прарасейскім рэваншыстам у старых структурах улады Беларусі. Урад Кебіча, які трапіў пад непасрэдны ўплыў зьнешняй разьведкі КГБ Расеі і прамаскоўскіх функцыянераў ва ўладзе, пераняў цалкавіты кантроль над камуністычнай дэпутацкай бальшынёй Вярхоўнага Савету (дэпутацкая група “Беларусь”). Дзейнасьць Апазыцыі БНФ была, фактычна, заблякаваная. Намэнклятура пачала падрыхтоўку да ўвядзеньня прэзыдэнцкай сістэмы на Беларусі (цераз прыняцьце новай канстытуцыі і выбары). Усю выканаўчую ўладу (прэзыдэнцтва) меркавалі аддаць у рукі Кебіча і прамаскоўскай групы, сфармаванай ва ўрадзе.

Тады Апазыцыя БНФ зьмяніла тактыку. Яна паставіла пытаньне аб адстаўцы ўраду Кебіча і накіравала сваю асноўную палітычную працу ў акругі сярод выбаршчыкаў Беларусі. За 1993 год і частку 94-га мне асабіста прышлося аб’ехаць і правесьці спатканьні ў 149 гарадах і мястэчках Беларусі. Вастрыё палітыкі было накіраванае супраць старога савецкага ўраду Кебіча. Падзеі вакол гэтага змаганьня адлюстроўвала газэта “Свабода”, рэдактарам якой тады быў сябра фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і сябра Сойму БНФ Ігар Гермянчук. Наклад газэты ў той час перакрочыў за 100 тысячаў. Эфект за паўтара гады палітычнай працы быў адчувальны. І калі ў канцы зімы 1994 года прамаскоўская намэнклятура “пераможна” выйшла на прэзыдэнцкую пэрспэктыву і прызначэньне выбараў, песьня Кебіча была ўжо сьпета (хоць ён гэтага яшчэ не разумеў). Бальшыня народа вызначылася і галасавала б супраць яго.

І тут, як гэта нярэдка было ў беларускай гісторыі, усё перавярнула ня столькі сіла і падступнасьць непрыяцеля, колькі маладушнасьць і здрада асобаў у асяроддзі беларусаў. Гэбоўскі плян з так званай “камісіяй па карупцыі” і вывядзеньнем у палітыку А.Лукашэнкі наўрад ці ажыцьцявіўся б, калі б ня здрада шэрагу вядомых тады дэпутатаў: В.Ганчара, А.Лябедзькі, В.Шэймана, Д.Булахава і іншых, якія падтрымалі плян “Лукашэнку на прэзыдэнта”, цудоўна ведаючы пра ягоную псіхалёгію, ягоныя кантакты з гэбоўскай Масквой і пра ягонае адмоўнае, варожае стаўленьне да суверэнітэту Беларусі, да беларускай мовы і беларускай культуры. Яны добра ведалі, што рабілі. Яны здавалі сабе справу ў сваіх учынках, калі казалі, што “прадалі сваё імя Лукашэнку” (В.Ганчар), ці што “суверэнітэт не ікона, на якую трэба маліцца” і што “суверэнітэтам можна ахвяравацца дзеля нечага большага” (Д.Булахаў).

У пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі я нечакана спаткаўся ля Дома ўраду твар у твар зь Віктарам Шэйманам (ён лічыўся ў “Дэмклюбе” і ў БЗВ). Шэйман пачаў апраўдвацца: “Выбачайце, што я ў Лукашэнкі, бо перамагчы кебічаўскую банду зможа толькі ён. Я толькі дзеля гэтага. Вы ня зможаце – у вас сумленьне, яны вас проста заб’юць”. “А як жа Беларусь?” – спытаў я. “Кебіч здасьць Беларусь”, – быў адказ.

Была і такая здрада. Здавалася б, “чэсны афіцэр”, здавалася б, “за Беларусь”. А на справе… Што на справе?! А на справе – прыклад, ілюстрацыя, як прадаецца душа д’яблу.

ЗАХОП УЛАДЫ

Адраджэньне беларускага нацыянальна-вызвольнага руху (БНФ) і аднаўленьне незалежнасьці Беларусі сталася поўнай нечаканасьцю для Масквы. Па ўсіх рэляцыях, меркаваньнях і справаздачах розных расейскіх “аналітыкаў” і “ціхачоў” беларуская нацыя была ўжо імі зьнішчаная, раздушаная і пахаваная. Заставалася (як яны думалі) толькі дачакацца яе канчатковае фізічнае сьмерці. Але здарылася “асечка” ў “аналітыкаў” – нацыя аджыла (і будзе жыць!). Прычыны “асечкі” былі грунтоўна прааналізаваныя ў Маскве, зробленыя высновы. Неўзабаве пачалася палітычная агрэсія.

Стаўка была на захоп улады ў Беларусі праз савецкі КГБ, які поўнасьцю кантраляваўся спэцслужбамі Масквы. У 1994 годзе улада ў Беларусі была перабрана агентурай дэмакратычным мэтадам (з выкарыстаньнем дэмакратычных механізмаў). На пасаду прэзыдэнта Беларусі быў прыведзены “свой” чалавек (КГБ плюс савецкая мэнтальнасьць). Маскоўцы не стамляюцца называць яго “нашым” (“Коммерсант” і інш.). Пачаўся ўнутраны захоп беларускай улады прамаскоўскімі стаўленьнікамі, расейцамі (войска, КГБ) і функцыянерамі расейскай выведкі.

Пра тое, якія Масква зрабіла высновы пасьля паражэньня ў Беларусі (на пачатку 1990-х гадоў) сьведчыць дзейнасьць і палітыка цяперашняга прарасейскага акупацыйнага рэжыму. Беларуская рэчаіснасьць ёсьць хрэстаматыйная ілюстрацыя таго, якімі мэтадамі расейскі рэжым вынішчае культурны народ. Выразна відаць праграма, мэта і пасьлядоўнасьць разбуральных дзеяньняў, шырокі ахоп у ліквідацыі цэлай нацыі і нацыянальнай дзяржавы.

Тактычныя задачы ўкладваюцца ў пасьлядоўную хроніку ўсталяваньня прамаскоўскага рэжыму, цалкавітага захопу і ўмацаваньня рэжымнае ўлады, стварэньня кантролю над грамадзтвам. Пасьлядоўнасьць і паралельнасьць дзеяньняў пасьля легальнага захопу ўлады ў Беларусі вынікалі з антыбеларускай зададзенасьці працэсаў. Першым дзеяньнем новага стаўленьніка (ўжо праз тыдзень пасьля ўступленьня яго ў пасаду) было навязваньне кантактаў з Масквой і падрыхтоўка Беларуска-Расейскай дамовы “аб дружбе” і аб сумесных дзеяньнях у палітыцы. Наступным дзеяньнем стала ажыцьцяўленьне кантролю над сродкамі масавай інфармацыі, затым – кантроль над заканадаўчай і судовай уладамі, усталяваньне новых структураў і новага заканадаўства, якое абгрунтоўвала б і апраўдвала б сістэмныя перамены ва ўладзе і антынацыянальны характар рэжыму.

На гэта пайшло два гады. Выключна палітычнымі мэтадамі з выкарыстаньнем адміністрацыйнага і сілавога рэсурсаў улады і з паламаньнем права былі ліквідаваныя дзяржаўныя нацыянальныя сымвалы краіны, зацьверджана русіфікацыя (уведзена фармальнае двумоўе), адменена дзеючая Канстытуцыя і незаконным спосабам уведзена іншая, пераразьмеркаваныя функцыі ўсіх структураў улады, створана цэнтралізаваная сістэма ўладнай “вертыкалі” і ўнутраныя сілавыя кантынгенты, накіраваныя на абслугоўваньне гэтай цэнтралізаванай гіерархіі, праведзена кадравае напаўненьне ўладнай сістэмы людзьмі антыбеларускай прарасейскай накіраванасьці і агентурай расейскай выведкі, усталяваны падвойны дзяржаўны бюджэт, кантраляваны выключна адной асобай, у руках якой апынулася ўся палітычная, заканадаўчая і выканаўчая ўлада.

АКУПАЦЫЙНАЯ ПАЛІТЫКА

Акупацыйная палітыка, незалежна ад таго, ці яна ўсталяваная зьнешнім чынам шляхам агрэсіі з выкарыстаньнем войска і зброі, ці ўнутраным чынам, шляхам маніпуляцыяў улады з выкарыстаньнем выведкі і калябарацыі, – акупацыйная палітыка характарызуецца аднолькавымі чыньнікамі: падрывам нацыянальных інтарэсаў і зьнішчэньнем кансалідуючых каштоўнасьцяў нацыі.

Паўсюднымі кансалідуючымі каштоўнасьцямі нацыі ёсьць мова, народ, дзяржава, тэрыторыя, незалежнасьць. Могуць імі быць таксама сымвалы, традыцыі, асобы, падзеі і іншыя сакральныя зьявы. Калі нацыянальнае грамадзтва мае і ўсьведамляе свае кансалідуючыя каштоўнасьці – яно моцнае, яно здольнае да культурнага і грамадзкага разьвіцьця. Калі грамадзтва ўсьведамляе, разьвівае і абараняе свае нацыянальныя інтарэсы – яно самадастатковае, здольнае да цывілізаванага самаўдасканаленьня і павышэньня ўзроўню існаваньня.

Першаснае палітычнае дзеяньне, якое Масква стала праз сваю выведку (і Лукашэнку) рабіць на Беларусі, – гэта зьнішчэньне якраз кансалідуючых каштоўнасьцяў нацыі ва ўжытку і ў сьведамасьці грамадзтва. Так былі ліквідаваныя нацыянальныя сымвалы Беларусі – дзяржаўны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. (Пачытайце іхныя цяперашнія афіцыйна-рэжымныя “праваслаўныя” рэляцыі: Пагоню там ужо называюць “езьдзец”.) Гэтак (праз палітыку “двухмоўя”) была, фактычна, пазбаўлена дзяржаўнага статусу беларуская мова і падважаны суверэнітэт нацыі.

Наступны этап – зьнішчэньне носьбітаў аб’яднаўчых ідэяў, аб’яднаўчых словаў, паняцьцяў, кансалідуючых зьяваў і аб’ектаў, адлучэньне маладога пакаленьня ад сутнасных каштоўнасьцяў народа.

Гэтак напачатку было забароненае слова “народны”, потым – “беларускі” і “нацыянальны”. Усё беларускае, нацыянальнае (па лёгіцы акупацыйнага рэжыму) павінна зьнікаць, выкрэсьлівацца з ужытку, выключацца з жыцьця. Найперш робіцца гукавы вакуум, паняцьце “беларускае” павінна перастаць шырока існаваць у грамадзтве і ў сьвеце, мусіць, па задуме русіфікатараў, сьцірацца са сьведамасьці. Гэта адпрацаваны прыём расейскіх душыцеляў ужываўся яшчэ ў ХІХ-м стагоддзі ў палітыцы розных цароў, сатрапаў мураўёвых ды карнілавых, пазьней ім карысталіся рускія камуністы.

Самымі ненавіснымі для акупантаў зьяўляюцца кансалідуючыя носьбіты нацыянальных зьяваў, вобразаў і народных ідэяў, ці гэта жывыя людзі (палітыкі, мастакі), ці сакральныя асобы – ўвасабленьне духа і культуры нацыі. Іх перасьледуюць і стараюцца зьнішчыць у першую чаргу. Гэтак акупацыйны рэжым Лукашэнкі абплёўваў вялікага Васіля Быкава, па-хамску зьдзекваўся зь ягонай выдатнай творчасьці, выгнаў яго зь Беларусі і загнаў у магілу (заўчасная сьмерць Быкава на рахунку лукашысцкага рэжыму).

Гэтак перасьледуецца вялікі Скарына. Чужому чалавеку, які не разумее прычыны зьяваў, усё гэта здаецца абсурдам ці нейкай дурнотай рэжыму. Але на справе – рэжым не “дурны”, зьнішчэньне беларускай нацыі адбываецца вельмі рацыянальна, тэхналягічна прадумана і пасьлядоўна, крок за крокам, прытым сплянаваны нават канец (завяршальны этап).

Праспэкт Скарыны быў перайменаваны, з пункту гледжаньня нішчыцеляў, тэхналягічна “правільна” – без тлумачэньняў. Скарына ня толькі відавочна і штодзённа ілюстраваў культурную эўрапейскую веліч беларусаў, але ўскосна паказваў на адсталасьць Масквы. Імя Скарыны пачынаюць мэтакіравана звужаць ва ўжытку, выкрэсьліваць з памяці. Наступны этап – забарона штогодніх Скарынаўскіх чытаньняў ля помніка Скарыну ў Полацку (ізноў жа, без тлумачэньняў). Чарговы факт – на Дзень беларускага пісьменства ў Камянцы не запрашаюць беларускіх пісьменьнікаў і г.д. Беларускую літаратуру як важнейшы чыньнік нацыі даўно і ськіравана вынішчаюць, штучна ствараюць неспрыяльныя ўмовы для яе існаваньня, беларускія пісьменьнікі, па задуме пляніроўшчыкаў этнацыду, не павінны фігураваць у народзе, на віду, у грамадзтве.

Беларусы павінны зразумець, што ўсе гэтакія антыбеларускія факты ня ёсьць толькі хаатычным адлюстраваньнем пазыцыі ці вынікам антыбеларускай настроенасьці рэжыму. Гэта ёсьць праявы сістэмнай разбуральнай працы па вынішчэньні нацыі, якая робіцца прадумана, плянава і пасьлядоўна.

З усіх камуністычных сатрапаў ніхто не зрабіў столькі шкоды беларускай нацыі, як П.Машэраў. (Галоўныя яго злачынствы: ліквідацыя беларускай школы, нішчэньне беларускай мовы, русіфікацыя, меліарацыя, пачатак зьнішчэньня беларускай вёскі.) Рэжым Лукашэнкі працягвае гэтую разбуральную палітыку. Машэраў для Лукашэнкі павінен бы стаць гэтак, як Андропаў для Пуціна. І тым ня менш, побач са Скарынам нішчыцца і памяць пра сатрапа. Абсурд. У чым жа прычына, дзе лёгіка?

Лёгіка ў тым жа – у акупацыйнай палітыцы зьнішчэньня народа. За часы Кебіча пра Машэрава быў створаны міф “чэснага камуніста”, які нібыта падняў Беларусь. Людзей пераконвалі, што Кебіч, рыхтуючыся на прэзыдэнта, бярэ, маўляў, з Машэрава прыклад і стане другім Машэравым. Прапаганда правалілася, а міф прыжыўся. Для савецкіх людзей у Беларусі, былых камуністаў і старэйшага пакаленьня, імя Машэрава стала чыньнікам месьніцкай беларускай кансалідацыі зьлева, фактарам нацыянальнага яднаньня на ілюзіі, на міфалягічным мінулым, якое супрацьставіцца цяпершчыне і Лукашэнку. Машэраў робіцца “пакутнікам” за лепшую долю Беларусі, якога нібыта забіла брэжнеўская Масква (што таксама вынік фантазіі). Па лёгіцы акупацыйнай палітыкі, міф пра Машэрава для Масквы шкодны, бо набывае нацыянальна-кансалідацыйныя рысы ў асяроддзі прамаскоўскай часткі беларускага грамадзтва. Тым больш непатрэбны ён папулісту Лукашэнку. (Пра ліквідацыю палітыкаў я скажу пазьней.)

У гэтую ж катэгорыю зьнішчэньня ўваходзіць нацыянальная памяць, сакральныя зьявы, месцы і аб’екты. Найбольш уражвальнымі прыкладамі зьяўляецца спроба разбурыць Курапаты (пракладка аўтастрады праз пахаваньні, месца расстрэлаў і масавага генацыду), будаўніцтва гатэля ў Менску на месцы будынка тэатру, дзе ў 1852 годзе адбылася пастаноўка “Ідыліі” В.Дуніна-Марцінкевіча, і разбурэньне старога Менска (Верхні горад, Няміга). Гэтак працягваецца акупацыйная палітыка рускіх цароў і камуністаў.

АБНІЖЭНЬНЕ АДУКАЦЫЙНАГА ЎЗРОЎНЮ ГРАМАДЗТВА

У цяперашнім цывілізацыйным грамадзтве галоўным нацыянальным рэсурсам, галоўным сродкам вытворчасьці і разьвіцьця робіцца адукаваны інтэлект. Узровень грамадзтва залежыць ад выкарыстаньня і якасьці адукаванага інтэлекту. Што такое адукацыя для народа, ведалі яшчэ царскія акупанты 200 гадоў таму, калі зачынялі Віленскі ўнівэрсітэт, Полацкую езуіцкую акадэмію, базылянскія манастыры і школы, калі забаранялі адчыняць вышэйшыя навучальныя ўстановы на Беларусі.

Рэжым Лукашэнкі адразу спаліў беларускія падручнікі для школаў і перавёў бальшыню беларускіх школаў на рускую мову. Уся вышэйшая адукацыя, вучэльні, унівэрсітэты былі пераведзеныя на расейшчыну. Разрыў у сістэме адукацыі ў сваю чаргу быў скарыстаны (як і ў савецкі час) для далейшай ліквідацыі беларускай школы. Уганяўся ў жыцьцё акупацыйны прынцып колішняга царскага сатрапа Карнілава аб русіфікацыйнай місіі расейскай школы.

Нацыя без нацыянальнай школы, без нацыянальнай сістэмы адукацыі – гэта нацыя бяз будучыні. Акупацыйны рэжым адразу стварыў у Беларусі становішча бяз будучыні і скрупулёзна даводзіць яго да канчатковага завяршэньня.

Цяпер рыхтуецца рэформа вышэйшай адукацыі (увядзеньне двухузроўневай сістэмы ВНУ). Згодна плянаў, як яна задумана, рэформа рэзка абнізіць адукацыйны узровень беларусаў, створыць сацыяльныя праблемы, закрые шлях у навуку здольнай моладзі, выкліча агульную карумпаванасьць сістэмы вышэйшай адукацыі. Паўтаруся, усё гэта робіцца не па прычыне бязглузьдзіцы, а ў выніку зададзенай разбуральнай мэты.

РАЗБУРЭНЬНЕ ФУНДАМЭНТАЛЬНАЙ НАВУКІ

Навука даўно стала галоўным сродкам вытворчасьці. Але ўзровень і якасьць навукі вызначаецца не застасаванымі тэхналёгіямі, а тэорыяй, акадэмічнымі дасьледваньнямі, тым, што мы называем фундамэнтальнай навукай.

Акупацыйны рэжым заняўся спэцыяльным разбурэньнем беларускай акадэмічнай навукі. Ліквідавана выбарнасьць Прэзыдэнта Акадэміі Навук, абмежавана выбарнасьць акадэмікаў і член-карэспандэнтаў. Прэзыдэнта нацыянальнай Акадэміі Навук прызначае былы старшыня дрэннага саўгаса, цяперашні кіраўнік рэжыму. Акадэміяй і навукай сталі кіраваць чыноўнікі, якія могуць звольніць любога дырэктара акадэмічнага інстытута і прызначыць, каго хочуць. Беларуская фундамэнтальная навука, якая страціла шмат навуковых кадраў у 1990-х гадах і згарнула шмат пэрспэктыўных дасьледваньняў, цяпер апынулася пад пагрозай зьнішчальнага разбурэньня. Вынікі рэгрэсу ў арганізацыйным разьвіцьці фундамэнтальнай навукі выявяцца напоўніцу крыху пазьней. Направа ж будзе вымагаць дзясяткаў гадоў і вялікіх затратаў, каб выкараскацца з цывілізацыйнай адсталасьці, куды заганяе беларускую навуку акупацыйны рэжым.

ПАРАЛЮШ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БІБЛІЯТЭКІ

Усялякае мерапрыемства, усялякае дзеяньне рэжыму, зьвязанае з нацыянальнымі каштоўнасьцямі, усялякае будаўніцтва, рамонт, рэканструкцыя, рэарганізацыя, арганізацыя выдаўніцтва і г.д. – паўсюдна і без выключэньняў не спрыяла гэтым каштоўнасьцям, шкодзіла і было накіраванае на разбурэньне ці пагаршэньне. Гэта ёсьць мэтад, тэхналёгія этнацыду. Тыповыя прыклады – “рэстаўрацыя” гістарычнай забудовы ў Менску (фактычнае зьнішчэньне гістарычнага гораду), шкодніцтва для Таварыства Беларускай Мовы, перасьлед Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, беларускай літаратуры, выдаўніцтва беларускіх кніг, часопісаў і г.д. Апошнія нападкі рэжыму на пісьменьнікаў гучаць так: выключыць з Саюзу пісьменьнікаў беларускіх літаратараў (а гэта вядомыя імёны), якія жывуць за мяжой, інакш, маўляў, Саюз пісьменьнікаў будзе зачынены і забаронены. Людзі, якія публічна абзывалі вялікага Быкава, пісьменьніка-франтавіка, літаратурным паліцаем і, фактычна, пазбавілі яго жыцьця, здольныя на ўсё.

Нацыянальная бібліятэка для нацыі зьяўляецца атрыбутам суверэнітэту – такое ёсьць важнае яе значэнье ў культуры. Будаўніцтва на ўскраіне Менску новага гмаху нацыянальнай бібліятэкі па асабістай ініцыятыве Лукашэнкі выклікала вялікую трывогу. Зразумела, што па адпрацаванай тэхналёгіі акупацыйнага “дабрадзейства” рыхтуецца замах на сьвятое сьвятых нацыянальнай культуры.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі разьмешчана ў цэнтры Менска. Месца там хапае і для пашырэньня (будынкі навокал), і для будаўніцтва. Ды й так бібліятэка функцыянавала нармальна. Разбуральны сэнс пачаў выяўляцца цяпер, калі ў верасьні быў дадзены загад тэрмінова пераехаць і адчыніць бібліятэку да Новага году (цяпер прадоўжылі да 1-га траўня 2006 г.). Нармальны пераезд бібліятэкі з 8-мільённым фондам кніг павінен займаць у сярэднім два гады. Аўрал у гэтай справе можа прывесьці да непапраўнага зьнішчэньня і паралюшу фондаў, працы, навукова-дасьледчага і вучэбнага працэсаў у краіне.

У такім жа стылі і па такой жа тэхналёгіі, як з Саюзам пісьменьнікаў, гістарычным Менскам і нацыянальнай бібліятэкай, абыходзяцца і зь Вялікім Акадэмічным тэатрам опэры і балета (рамонт, рэканструкцыя і аўральнае высяленьне трупы на тры гады на розныя непрыстасаваныя сцэны). Гэта час (які могуць яшчэ і зацягнуць) дастатковы, каб страціць форму і разгубіць артыстаў. Сьвет жа вялікі.

Можна прааналізаваць любое дзееньне рэжыму ў сфэры беларускай нацыянальнай культуры, навукі, адукацыі і ўвогуле – нацыянальных каштоўнасьцяў, і ўсюды ўбачым гэтую разбуральную схему акупацыйнай тэхналёгіі. Аналіз двухсот гадоў расейскай акупацыі Беларусі пацьвярджае да драбніц усе высновы і відавочнасьці разбурэньня нацыі, якія мы назіраем цяпер. Нацыя без нацыянальнай ідэі, без нацыянальнай мовы, без нацыянальных каштоўнасьцяў, без свайго мінулага, духоўнага і сьвятога, губляе здольнасьць да самаарганізацыі і барацьбы за сябе, перастае быць арганізаваным грамадзтвам, траціць будучыню, тэрыторыю і свабоду, часам аплакваючы і любуючыся сваімі пакутамі. Такую пэрспэктыву беларусам крок за крокам стварае акупацыйны рэжым.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы