nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Галаўны боль Еўропы – піва, у Беларусі – водка! (Д пр-п 72)

25 верасня, 2007 | 4 каментарыя

Андрэй Якушонак (Мядзельскі раён)

ЯкÑ�Ñ�онок.JPG 

Па-мойму, БТ час перастаць шукаць “чарнуху” у суседніх дзяржавах, яе напоўніцу і ў самой Беларусі. Памятаецца, у 1997 годзе нас, студэнтаў першага курсу менскага каледжа, на месяц накіравалі, як гэта водзіцца, зьбіраць бульбу ў вёсачку за 50 км ад Менска. Назва гэтай вёскі вельмі добрагучная і шматабяцальная – Літва. Але гэтая назва не адпавядала наяўнасці. Да ўзроўню Літвы (як цяперашняй Летувы, так і нашай старадаўняй Літвы) ёй было далёка, затое яна ліха была падобна на шматлікія беларускія вёскі, якія сьпіваюцца, дэградуюць, выміраюць.

 

З усіх 20 хатаў у ёй ад сілы дзьве-тры мелі дагледжаны выгляд. Астатнім жа скасабочаным дамішкам засталося толькі спадзявацца і чакаць, што іхныя гаспадары набяруцца розуму і кінуць… піць.

Нас чалавек пяць пасялілі да аднаго пьяненькага мужычка, якому на выгляд мы далі гадоў 70. Але потым на наша ўсеагульнае зьдзіўленьне высьветлілася, што яму было толькі 49 год. Ад такога кантрасту нам, маладым, штосьці моцна расхацелася глядзець на водку, а ў галовах прабегла цвярозая думка: вось да чаго прывядзе пьянства – табе 49, а выглядаеш на ўсе 70. Так зразумелі адно, пакуль маладыя -пьянству бой, а ўсе сілы і здароўе лепей аддаваць на добраўпарадкаваньне свайго жыцця.

Нашага гаспадара, у якога мы жылі, за ўвесь месяц цьвярозым мы бачылі толькі адзін раз. Той дзень запомніўся надоўга менавіта па гэтай прычыне. Мужычок, назавем яго “гаспадар”, першы раз за некалькі тыдняў памыўся, пагаліўся, апрануў чыстую кашулю, штаны. Аказалася, ён добра гатаваў. Гэтае пераўтварэньне да непазнавальнасьці, нібы рукой, зьняло яго дадатковыя гады, якія накапіліся на твары за час бяспрабуднага пьянства.

Трэба сказаць, што мы, маладыя, ня раз спрабавалі пагутарыць з “гаспадаром”, разглядаючы старыя пажоўклыя фотаздымкі яго маладосьці. Казалі яму, што, маўляў, ня ўсё так дрэнна ў яго жыцці, трэба проста ўзять сябе ў рукі, знайсьці добрую мэту ў жыцьці, паверыць у свае сілы…

Ня буду моцна завышаць нашыя маладыя здольнасьці пераконваць, але гэты адзіны цвярозы дзень “гаспадара” мы па праву лічылі сваёй перамогай. Чалавек змог сябе пераадолець, перамагчы сваю нізкасьць і бездапаможнасьць!

Радасныя, раніцай наступнага дня мы нават напоўнілі жалезную бочку ў двары халоднай калодзежнай вадой, каб увечары пасля пыльнай працы была магчымасьць памыцца вадой, сагрэтай за ўвесь дзень сонейкам. Але ўжо ў абед… наш “гаспадар” быў заўважаны ў звыклым для сябе стане, зь якога ён не выходзіў да самага нашага ад’езду.

Па суседству жыў яшчэ адзін мужычок, жыцьцё якога таксама зводзілася да банальнай штодзённай папойкі. Ён быў крыху дзіўны і сьмешны, таму што, калі ён быў моцна пьяны, ён замест словаў мог вымаўляць адзінае што асобныя гукі ці слогі. Чалавек губляў людскія рысы. Толькі ў канцы нашага знаходжаньня мы злаўчыліся трохі разумець яго ў такім стане.

Колькі б ні было сумнага і непрыемнага ў тыя гады, але нястрымная маладосць і упэўненасьць у сваёй моцы рабілі мяне чульлівым да ўсёй той “чарнухі”, якую пабачылі мы ў той вёсцы. З тае пары ніякая прапаганда не магла пераканаць мяне, што ў Беларусі ўсё добра.

І вось нядаўна ў мяне зьявілася магчымасць зноў наведаць ваколіцы вёскі Літва. Я не ўпусьціў момант завітаць у тыя хаткі, дзе мы калісьці пражылі цэлы месяц.  

Мне верылася, што ўсё павінна стаць інакш у гэтай вёсцы, бо ў нашай краіне, па словах прэзідэнта і дзяржаўных  СМІ, ужо даўно “эканамічнае цуда”: пенсіі “высокія”, зарплаты таксама “вышэй” некаторых постсаветскіх краін, цэны “памяркоўныя”, так, што на “чарку і шкварку” павінна хапіць. Жыві – ня хачу. А можа, гэтай вёсачцы пашанцавала яшчэ больш і зь яе зрабілі “паказушны” (гэтак нядаўна выказаўся сам Лукашэнка!) аграгарадок?

Але жыццё – ня казка і, як высьветлілася, за 10 годоў у гэтай вёсцы нічога не зьмянілася. Хата нашага былога “гаспадара” яшчэ болей пакасілася, бярвеньне і дошкі яе, відаць, зусім забылі, што такое фарба, і гнілі пад дажджамі ўсе гэтыя 10 год. А “гаспадара” я ізноў сустрэў у сьцельку пьянага, хоць дзень яшчэ толькі-толькі сустракаў абед. На выгляд цяпер гэта ўжо быў стогадовы стары. Але радастна было і ад таго малага, што ён яшчэ жывы, і беспрабуднае пьянства яшчэ не загнала яго ў магілу.

А жыццё дык у нас адно!

Смутна ўсё гэта. Вам не здаецца? Але куды страшней за нягеглае жыццё канкрэтнага чалавека няўмольная статыстыка.

У канцы 2006 года Еўрапейская камісія апублікавала “Камунікат па паніжэньні шкоды ад ўжывання алкаголя”. Зь яго цікавасць маюць акрамя іншага такія статыстычныя дадзеныя па Еўразьвязу: на першым месцы па папулярнасьці ўжываньня там знаходзіцца піва (44%), за ім ідзе вінаграднае віно (34%), а замыкаюць гэтую статыстыку моцныя спіртовыя напоі (23%). Хоць у Еўропе ва ўжываньні прэвалюе піва, але там бьюць трывогу, што там людзі п’юць шмат піва і вінаграднага віна, і распрацоўваюць праграмы, пакліканыя зьменшыць ужываньне алкаголю грамадзянамі. Еўрапейцы лічаць, што іхныя нацыі сьпіваюцца.

А цяпер давайце параўнаем дадзеныя дзяржаўнай статыстыкі РБ што да продажу алкагольных напояў і піва за студзень-травень 2007 года ў Беларусі.

Так, у нас на першым месцы па колькасьці продажу знаходзіцца водка (45%), далей з невялікім адставаньнем ідуць віны пладовыя (сярод людзей званыя “чарнілам”) – 37%. Затое такога папулярнага ў Еўразьвязе напою, як піва, у Беларусі прададзена толькі 8%, а вінаграднага віна – 3,9%. Розніца ў алкагольных перавагах еўрапейцаў і беларусаў відавочная. 

Такім чынам, грамадзяне Беларусі, як высьвятляецца, напоўніцу п’юць ня столькі піва, а водку і “чарніла”. Але нашыя ўлады ў адрозьненьне ад еўрапейскіх толькі канстатуюць гэты факт і асаблівых намаганьняў па выпраўленьні сітуацыі ня робіць.

Можа, усе чыноўнікі літаральна разумеюць словы Лукашэнкі – маўляў, нашаму мужыку галоўнае, каб у хаце на стале была славутая “чарка і шкварка”?

Даўно час біць у званы! А не пісаць, напрыклад, на першай паласе раённай мядзельскай газеты “Нарачанская зара” пад загалоўкам “Вынікі радуюць” наступнае: “Добрымі эканамічнымі паказчыкамі распачаў бягучы [2007 – заўвага аўтара] год калектыў УП “Ілаўскае”. Напружана працавалі ў студзені работнікі цэха разліву віна. Кожны імкнуўся добрасумленна ставіцца да выканання даручанай справы, а прыклад ва ўсім падавала начальнік цэха Вольга Апанасевіч. У выніку разліта 37 тысяч дэкалітраў розных найменняў він… Без прастояў працаваў і вытворчы ўчастак “Будслаў”, на якім арганізаваны выраб этылавага спірту. Гэта прадукцыя выкарыстоўваецца як для ўласнай вытворчасці він, так і рэалізуецца іншым віна-гарэлачным заводам краіны… Таму начальнік вытворчага ўчастка Антон Ждановіч задаволены працай калектыву… Дарэчы, усе гэтыя паказчыкі значна перавышаюць адпаведныя мінулагоднія.”

Тое, што паказьнікі віна-водачнага завода перавышаюць мінулагоднія, мне асабіста радасьці не дадае. А вось рэдакцыю раёнкі чамусьці гэта задавальняе! Людзі сталі болей піць спіртнога, чаму тут радавацца? Але ж з гэтага паказьніка папаўняецца бюджэт раённай казны. Вось адкуль вялікая радасць на тварах мясцовай улады.

Варта заўважыць, што ўзгаданы газетны артыкул выйшаў якраз у пачатку года, калі ішлі баталіі нафтагазавага канфлікту з Расеяй. Відаць, раёная адміністрацыя, каб хоць неяк паказаць, што гэты канфлікт ніяк не паўплываў на эканамічныя паказьнікі раёна, вырашыла прадэманстраваць гэта на прыкладзе віна-водачнага завода. Але ж яго эканамічныя паказьнікі застаюцца высокімі, таму что людзі топяць горач свайго штодзённага жыцьця менавіта ў прадукцыі гэтага віна-водачнага завода.

Складаецца недвухсэнсоўнае ўражаньне, што раёная адміністрацыя гатовая “падвышаць” эканамічныя паказьнікі раёна , – а мясцовыя журналісты раёнай прэсы трубіць пра гэта, – нават за кошт падвышэньня прадукцыі віна-водачных вырабаў, ня гледзячы на тое, што гэта вядзе нацыю ў цэлым і раён у прыватнасьці да дэградацыі. Атрымоўваецца даволі цікава, улада радая – эканамічныя паказьнікі растуць, але і народ быццам бы ня ў пройгрышы – абяцаную ўладамі “чарку і шкварку” ён заўсёды можа набыць у любой сельскай краме. Але ж… адна справа павялічыць выраб карыснай прадукцыі, а зусім іншая – павялічыць у раёне разліў вінаў ды яшчэ размяшчаць інфармацыю пра гэта на першай паласе раёнкі, каб кожны вучань, школьнік, студэнт думаў, што захапляючыся з раньняга ўзросту спіртовымі напоямі, ён тым самым “дапамагае дзяржаве падымаць эканоміку” і што за гэта яму ўлада вельмі ўдзячная!

З такім падыходам Беларусь па ўжываньні алкаголю на душу насельніцтва апярэдзіла нават Расею. Калі ў мінулым годзе на аднаго сярэднестатыстычнага расейца прыпадала 9,1 літра віпітага сьпірта, дык на беларуса – 9,4!

Смутна гэта.

P.S. У артыкуле выкарастаны статыстычныя дадзеныя прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ва Украіне і Беларусі, аналітычнага штотыднёвіка “Беларусы і рынак” ад 06.08.2007 г., №29 і матэрыял раённай мядзельскай газеты “Нарачанская зара” ад 24.02.2007 г., № 29-31.

 

Ад рэдакцыі:

Мы лічым, што аўтарам паднята вельмі важная тэма.

Алкагалізацыя беларускага народу – гэта не недагляд, і не для ўздыму эканомікі яна  правакуецца. Гэта – наўмысная палітыка цяперашніх уладаў, скіраваная на кантроль грамадства. Бо алкагалізацыя, як дакладна вядома паінфармаваным – адзін з магутных сродкаў такога кантролю. Адсюль зразумела і адваротнае, што тыя ўлады, якія паціху спойваюць народ, яны ўспрымаюць яго, як аб’ект паразітаваньня – г.зн., што яны самі паразітныя.

У будучай беларускай дзяжаве сапраўдны нацыянальны ўрад вымушаны будзе абавязкова весьці барацьбу супраць спойваньня народу (традыцыйнага – па інэрцыі, ці наўмыснага). Але акцэнт будзе зроблены не на забараняльна-каральныя метады (хаця, напэўна, і такія будуць мець месца), а найперш на тое, каб стварыць у людзей уяўленьне пра высокую каштоўнасьць іх уласнага жыцьця, якім вельмі варта вынікова распарадзіцца, пра яго сэнс, радасьць, паўнавартасьць, дасягнуць якія магчыма толькі тады, калі ня будзе залежнасьці ад бутэлькі, цыгарэты, наркатычных таблеткі ці шпрыца. Для гэтага высілкі будучага беларускага ўраду будуць скіраваныя на тое, каб кожны чалавек меў магчымасьць сфармуляваць сваю высокую жыцьцёвую мэту й імкнуўся дасягнць яе, разумеючы, што гэта цалкам рэальна.

Давайце лічыць дадзенае палажэньне нашым чарговым дактрынальным прынцыпам (Д пр-п 72).

 

 

4 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Алкаголь – зброя масавага знішчэння.
    Такіх п’яных вёсак і іншых прыкладаў мэтанакіраванага знішчэння народа алкаголем кожны ведае шмат.
    Масква заваявала Сібір і іншыя тэрыторыі з дапамогай гарэлкі.
    Гарэлка, прапаганда і ОМОН – тры слупы на якіх трымаецца дыктатура.

  2. Галіна кажа:

    Мой пакойны дзед казаў, што яшчэ да вайны у вёсцы практычна ніхто не піў (за выключэннем адзінак). Ён расказваў, што калі былі памінкі гарэлку не ўжывалі і толькі куплялі 1 бутэльку для рускага папа (так і казаў для рускага папа). Сёння і мае аднасяльчанне паспіваліся ўшчэнт. Гэта ужо хвароба і нічога не зробіш. Але як маглі гэтыя людзі застацца нармалёвымі, калі жылі ўсё жыццё ў рабстве. Яны ж зрабілі Савецкі Саюз магучым, а самі не мелі нават адпачынку. Сёняшняя улада цынічна эксплатуе гэты люд і што можна чакаць добрага ад цынікаў? І журналюгі гэтыя стопрацэнтовыя цынікі, а яшчэ корчаць з сябе патрыётаў, эліту. Ажно ташніць ад гэтай хлусні. Цяпер патрэбна думаць пра маладых. Надышоў час адраджэння нашай краіны ў поўнай меры. І пачынаць патрэбна з асобы. У нас тысячы выбітных асобаў, на біяграфіях якіх можна выхаваць дастойную моладзь. Пара адраджаць шляхецкую культуру, каштоўнасці, быт, патрыятызм да радзімы. І нечага саромецца таго, што з’яўляецца нашым неаценным скарбам. Мы самі павінны гэта рабіць, а не чакаць што нам гэта нехта зробіць.
    Жыве Беларусь!

  3. ZmROcK кажа:

    Chaj! Heta Ales’, kali pamiatajesz, razam u Czechiji byli…
    Adpiszysia na myla!

  4. Андрэй Я. кажа:

    Канешне памятаю! Добра, што ты адазваўся!
    Зайдзі на мой сайт, там ты знойдзеш мой e-mail і нават телефон.
    Вось так і згуртуемся:

    http://yakushonok.at.tut.by/contacts.html

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы