nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АДЭКВАТНАЯ СЬХЕМА НАШАЙ РЭЧАІСНАСЬЦІ (частка 2)

23 кастрычніка, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

 

Вера, заснаваная на моцнай  ідэалогіі – гэта тое,

што робіць чалавека непераможным

 

2.  ІДЭАЛАГІЧНЫ  ПАДМУРАК  НАШАЙ  ПЕРАМОГІ

Перад тым, як ісьці наперад ці нават проста пачынаць думаць пра планы лепшай будучыні, трэба агледзецца і добра асэнсаваць, дзе, у якой кропцы мы знаходзімся. Можа, мы жывем дастаткова добра? Можа, нашыя прэтэнзіі да рэчаіснасьці, у якой мы жывем, надуманыя, і што-небудзь мяняць – толькі шкодзіць?

Давайце зьвернем увагу на некаторыя асьпекты навакольнага сьвету з пазіцый агульнацывілізацыйных, агульнаграмадскіх, беларускіх і проста людскіх каштоўнасьцяў.

 

ХВОРАЕ  ГРАМАДСТВА,  ХВОРАЯ  ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ  –  ЛЮДСКІЯ ПАКУТЫ

2.1. Пра сучасную цывілізацыю

Адно з першых, што прыходзіць на розум, калі спрабуеш знайсьці галоўную рысу нашай сёньняшняй людскі-нялюдскай цывілізацыі, гэта тое, што яна ўсё яшчэ грунтуецца на сіле. Сіла ў людскім грамадстве – гэта тое, што ў прыродзе адпавядае адносінам у пары драпежнік ахвяра…

Гэтая заканамернасьць бачная і калі чытаеш Карнэгі, які апісвае метады эфектыўнага дасягненьня чалавекам сваіх асабістых мэт; і калі чытаеш Пачапцова, які прыводзіць прыклады распаўсюджаных у сьвеце PR-тэхналогій, з дапамогай якіх палітыкі маніпулююць грамадствам і дасягаюць сваіх мэт; і калі знаёмішся з пранікшымі ў адкрыты друк закрытымі рэкамендацыямі ФСБ-шных “сьпецоў”, прысьвечанымі “праблеме”, як канчаткова задушыць свабодалюбівы чачэнскі народ; і калі бачыш дзеяньні некаторых палітычных сіл на міжнароднай арэне, якія праводзяцца пад лёзунгам “барацьбы з тэрарызмам”; і калі чытаеш інтэрнэтаўскія оды Сіле, як сродку “рашэньня” цывілізацыйных праблем; і тым больш, калі глядзіш сёньняшняе беларускае ды расейскае тэлебачаньне і амаль нічога ня можаш супрацьпаставіць усёй той нахабнай хлусьні, якая гвалтоўна навязваецца з экрана…

Нават сёньня сіла выкарыстоўваецца амаль адразу, як толькі ўзьнікае перавага аднаго грамадства над другім (адной грамадскай групы над другой) ў той ці іншай сьферах: вайсковай, эканамічнай, фінансавай, інфармацыйнай, тэхналагічнай, інтэлектуальнай, людскай, арганізацыйнай, іншых. Гэтыя перавагі пераўтвараюцца ў зброю, якая выкарыстоўваецца для гвалтоўнага дасягненьня драпежных мэт.

Ёсьць 4 асноўныя групы зброі:

1. Канвенцыйная вайсковая – гэта войскі сьпецыяльна падрыхтаваных салдатаў і афіцэраў, узброеныя звычайнай агняпальнай і халоднай зброяй, ядзернай, хімічнай і біялагічнай відамі зброі. Выкарыстоўваецца для звычайнага нападу на “ворага” і ўціску на яго.

2. Інфармацыйна-псіхалагічная зброя. Выкарыстоўваецца для «прапагандысцкага абдурваньня» шырокіх грамадскіх мас «ворага».

3. Фінансы як зброя. Выкарыстоўваюцца для подкупу асобных элітарных прадстаўнікоў і іх груп з шэрагаў «ворага».

4. Этнас, як зброя. Выкарыстоўваюцца прадстаўнікі адпаведнага народу для перасяленьня на тэрыторыю іншага народу (які лічыцца варожым). Раней гэты від зброі шырока выкарыстоўвала расейская імперыя, перасяляючы прадстаўнікоў рускага этнасу на захопленыя тэрыторыі. Кіраўнікі Савецкага Саюзу імкнуліся перамяшаць (касмапалітызаваць) народы. Зараз гэты від зброі шырока выкарыстоўвае імперскі Кітай для вырашэньня «праблем» на захопленых ім тыбецкіх, уйгурскіх, мангольскіх ды іншых тэрыторыях, а таксама для захопу тэрыторыі сёньняшняй расейскай імперыі ды іншых тэрыторый.

Але ва ўсіх дадзеных і да таго падобных выпадках паўстае пытаньне пра законнасьць выкарыстоўваемых метадаў, і асабліва пра іх справядлівасьць, гуманістычнасьць, аддаленую мэтазгоднасьць, якая проста мусіць ацэньвацца не з пазіцыі моцнага, а з пазіцыі грамадскага дасканаленьня, прагрэсу, дабра (думаю, што выкарыстаньне такой пазіцыі доказаў не патрабуе).

Дык вось, з гэтых пазіцый бачна, што вышэйшая, гуманістычная мэтазгоднасьць сілы ў сьвеце прысутнічае далёка не заўсёды. Прычына ў тым, што сіла аб’ектыўна здольная вызначаць толькі сам рух, а не яго кірунак (калі браць за каардынаты названыя каштоўнасьці). Калі-некалі гэты рух у адпаведнасьці з законамі броўнаўскага руху выпадкова можа адбывацца і ў правільным (натуральным, справядлівым, прагрэсіўным) кірунку. Але гэта толькі выпадкова… У шмат якіх, калі не ў большасьці выпадкаў, рух, заснаваны на сіле, носіць дэструктыўны, проэнтрапійны, антыцывілізацыйны характар.

Сапраўды, ня можам жа мы лічыць дзеяньні расейскай імперскай ваеншчыны справядлівымі толькі з-за таго, што яна накіравала на свабодалюбівы чачэнскі народ цэлыя армады, узброеныя танкамі, авіацыяй, артылерыяй і… расейскай імперска-шавіністычнай ідэалогіяй. Хаця, калі ў пачатку 2002-га года чачэнскія народныя мсьціўцы пачалі зьбіваць расейскія верталёты з дапамогаў пераносных ракетных комплексаў «Страла» і «Ігла», іх сіла супала з асноўнымі законамі справядлівасьці.

Калі ізраільскія добра ўзброеныя войскі ў гэтым годзе ўварваліся на палестынскія тэрыторыі, гэта таксама не было доказам праваты ўраду Шарона. Як, дарэчы, і PR-кампанія ў міжнародных СМІ, якая апраўдвала такі ўвод. Калі такую сілу (вайсковую й інфармацыйную) лічыць крытэрам праваты, тады асіметрычную “сілу духу”, якую выкарысталі палестынцы – у выглядзе камікадзе – трэба таксама, як мінімум, прызнаваць тым жа…

Толькі з прыкладаў гэтага году бачна, што калі наша цывілізацыя будзе працягваць грунтавацца на сіле, яна будзе знаходзіцца на адносна прымітыўным, пераходным узроўні да сапраўды ЛЮДСКАЙ, гуманістычнай цывілізацыі, заснаванай на натуральных законах прагрэсіўнасьці, справядлівасьці, праўды, дабра…

Вось і арымліваецца, што ў спрэчцы паміж сілай і справядлівасьцю – адна з галоўных супярэчнасьцяў нашай сёньняшняй цывілізацыі (гл. малюнак 2.1).

Ð�ал. 2.1.GIF 

Мал. 2.1. Галоўныя фармальныя супярэчнасьці сучаснай цывілізацыі (сіла – слабасьць) і будучай цывілізацыі (справядлівасьць – несправядлівасьць). Мэта сёньняшняй цывілізацыі падняцца на ўзровень будучай. Супярэчнасьць паміж рэчаіснасьцю і мэтай (узроўнем сілы і ўзроўнем справядлівасьці) – галоўнае зьмястоўнае супрацьстаяньне, якое рухае разьвіцьцё людскай цывілізацыі.


Колькі яшчэ часу вырашальным фактарам нашага жыцьця будзе заставацца толькі сіла, столькі нам – людзям – не абысьціся без паўтарэньня пытаньняў: куды мы ідзем? а куды трэба ісці?

Ужо адсюль бачна, што для сёньняшняга чалавецтва актуальнай праблемай зьяўляецца стварэньне ідэалогіі, у якой чыньнік справядлівасьці, прагрэсіўнасьці, дабра важыць значна больш чыньніка сілы (ці дзе хаця б прынцыпы сілы і справядлівасьці супадаюць – г.зн. найбольшую моц мае больш прагрэсіўная, больш справядлівая ідэалогія).

Вышыня навукова-тэхнічнай тэхналагічнасьці цывілізацыі – крытэр магчымасьцяў розуму яе асобных прадстаўнікоў.  Вышыня навукова-гуманістычнай уладкаванасьці цывілізацыі – крытэр узроўню яе агульнай духоўнасьці, сьветагляднасьці. Па другому крытэру перад намі «непачаты край працы».

Той прамежкавы стан сучаснай цывілізацы (паміж варварствам і сапраўды людскай цывілізацыяй), у якім яна зараз знаходзіцца, адпавядае заканамернасьці ў цэлым больш позьняга пасьпяваньня сістэм больш высокага ўзроўню ў параўнаньні з пасьпяваньнем некаторых кампанентаў, зь якіх пабудаваныя дадзеныя сістэмы. Сапраўды, у той час, як сярод людзей сустракаюцца асобы, якія ня толькі па ступені разьвіцьця розуму, але і па ступені разьвіцьця сьветагляднай гуманістычнай духоўнасьці адпавядаюць самым высокім крытэрам Чалавека, наша агульналюдская цывілізацыя ў цэлым гэтым крытэрам (Розум і Духоўнасьць) яшчэ далёка не адпавядае.

Працэс станаўленьня чалавека праходзіў аналагічны пераходны перыяд недзе ў інтэрвале недзе ад 6 да 2 млн. гадоў таму. Гэта быў перыяд паміж жывёльным продкам чалавека (дрыяпітэк) і першымі, найбольш прымітыўнымі, але ўжо людзьмі (Homo habilis). Нашы далёкія продкі, набіраючы ў той час мінімальна неабходны для чалавека ўзровень розуму, як мінімум, 4 мільёны гадоў (!) існавалі ў розных формах аўстралапітэка напалову чалавека, напалову малпы. Наша людская цывілізацыя знаходзіцца цяпер у  аналагічным пераходным перыядзе, зьмест якога, паўтаруся, у пераходзе ад прынцыпаў кіраваньня з дапамогай сілы да прынцыпаў кіраваньня пад уплывам справядлівасьці.


2.2.  Грамадства, у якім мы жывем – хворае

Аналіз нашай грамадскай рэчаіснасьці, у якой жывуць людзі, таксама паказвае правільнасьць пастаноўкі пытаньня пра неабходнасьць яе зьменаў.

Безупынныя ўзброеныя канфлікты, у якіх адныя людзі забіваюць іншых, масавыя сьмерці людзей ад голаду, эпідэміяў, якіх можна было б пазьбегнуць –  выразныя праявы «хвароб» шмат якіх сучасных грамадстваў.

У нашай роднай Беларусі названыя праблемы пакуль мала выразныя. Але кожны, хто жыве ў нашым грамадстве, стала сутыкаецца зь іншымі праявамі сацыяльнай паталогіі. Гэта і надзвычай нізкі матэрыяльны ўзровень жыцьця людзей, і частыя крымінальныя выпадкі, і ігнараваньне чыноўнікамі сваіх прамых абавязкаў, і карупцыя,  хамства, пьянства, наркаманія… Гэта таксама і такія рэчы, як парушэньне сацыяльнай справядлівасьці, хаваньне праўды ад грамадства, і нават адсутнасьць магчымасьці проста адкрыта сказаць праўду ці нават задаць пэўныя пытаньні. І гэта, нарэшце, галоўнае: пагроза страты незалежнасьці, этнацыд, генацыд…

Давайце паспрабуем разгледзець некаторыя з названых сімптомаў больш дэталёва, каб выявіць прычыны сацыяльнай паталёгіі.

 

2.2.1. Парушэньне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасьці – адзін з галоўных сімптомаў хворага стану грамадства.

Чалавек – гэта разумная, грамадская, стваральная істота. Ад грамадскіх стваральных жывёл (напр., пчол, мурашоў, тэрмітаў, каралаў, баброў, каланіяльных птушак, якія разам будуюць гнёзды і г.д.) чалавек адрозьніваецца ў першую чаргу тым, што яго сацыяльнае існаваньне заснавана не на інстынктах, а на здольнасьці да абстрактнага мысьленьня.

Адной з галоўных умоў грамадскага існаваньня чалавека зьяўляецца тое, што значная частка ім зробленага становіцца грамадскім набыткам. Наўзамен грамадства павінна вяртаць чалавеку яго выдаткі ў выглядзе іншых дабротаў (гл. малюнак 2.2). Пры гэтым у здаровым грамадстве павінна існаваць прынцыповая залежнасьць: чым большы асабісты ўнёсак чалавека у прагрэсіўнае разьвіцьцё грамадства, чым больш карыснага чалавек зрабіў для іншых людзей, тым больш дабротаў ён павінен атрымаць ад грамадства наўзамен. Гэтая прапарцыйная залежнасьць завецца Пранцыпам сацыяльнай справядлівасьці.

�ал. 2.2.GIF

Мал.2.2. Звычайная “здаровая” ўзаемазалежнасьць паміж чалавекам і грамадствам.

 

Сацыяльная справядлівасьць – ключавое паняцьце, якое дазваляе аналізаваць стан грамадства.

Сацыяльная справядлівасьць – гэта ня ёсьць роўнасьць.

Так, у адпаведнасьці з дадзеным прынцыпам жабрачы стан чалавека не заўсёды ёсьць праявай грамадскай несправядлівасьці. Калі фізічна ці псіхічна паўнавартасны чалавек лянуецца, нічога не стварае, нічога не дае ні сабе, ні грамадству (а ўмовы для яго стваральнай дзейнасьці ў грамадстве ёсьць), ён і павінен быць жабраком. Гэта справядліва. Як і наадварот, незапрацаванае, незаслужанае багацьце, якое набыта махлярскім, падманным, няправедным шляхам – ёсьць праявай сацыяльнай несправядлівасьці.

Калі ў грамадстве ўсе жывуць практычна роўна, аднолькава, але ўнёсак розных людзей у яго існаваньне і разьвіцьцё прынцыпова розны – такая “роўнасьць” ёсьць таксама нічым іншым, як праявай несправядлівасьці. Т.ч., справядлівавасьць заўсёды няроўная, неаднолькавая.

Роўнасьць, пра якую ішла гаворка вышэй, нельга блытаць з роўнасьцю правоў і зыходных магчымасьцяў, якая павінна прысутнічаць у здаровым грамадстве. Раўнапраўе людзей – галоўная ўмова (зыходная) сацыяльнай справядлівасьці, адной з праяў якой зьяўляецца няроўнасьць (выніковая) іх матэрыяльнага і маральнага дабрабыту.

Дык вось, галоўнае, што доўгі час было парушана ў нашым беларускім грамадстве, застаецца парушаным і цяпер – гэта менавіта дадзены прынцып, прынцып сацыяльнай справядлівасьці. Лепш за іншых у нас жывуць ня столькі тыя, хто вызначыўся сваёй карысьцю для ўсіх, а тыя, хто навучыўся пераўтвараць агульнаграмадскія каштоўнасьці ў свае асабістыя. Гэтую групу людзей варта называць сацыяльнымі паразітамі (малюнак 2.3).  Яны – галоўная прычына парушэньня натуральных, справядлівых узаемаадносін паміж чалавекам і грамадствам.

Ð�ал. 2.3.GIF 

Мал.2.3. Узаемасувязь паміж чалавекам і грамадствам, парушаная сацыяльнымі паразітамі, і таму пераўтвораная ў “хворую”. У такіх умовах чалавек дае ад сябе шмат, а атрымлівае мала. На шляхах яго ўзаемаадносін з грамадствам многае перахопліваюць соцыя-паразіты.

 

Усе мы са свайго жыцьцёвага досьведу ведаем, што якой бы фантастычнай зрэдку не бывала наша рэчаіснасьць, сітуацыя, калі чалавек раптоўна вельмі разбагацеў (і пры гэтым ён не зьяўляецца ні геніяльным навукоўцам, ні інжынерам-вынаходнікам, ні пісьменьнікам, ні кампазітарам, ні надзвычай таленавітым арганізатарам вялікай вытворчасьці і т.п.), можа быць патлумачана толькі тым, што ён забраў (перахапіў тым ці іншым чынам і прысабечыў) даброты, якія па праву павінны належаць іншым.

Кожны ў здаровым грамадстве павінен мець магчымасьць стаць багатым, а тым больш жыць у дастатку. Але толькі ў выніку сваёй уласнай стваральнай дзейнасьці, накіраванай на карысьць для ўсяго грамадства (малюнак 2.2).

Стан, калі ў нас лепш за іншых жывуць “фокусьнікі”, якія ператвараць чужое ў сваё асабістае, ня проста непрыймальны для кожнага нармальнага, стваральнага чалавека. Ён непрыймальны і з агульнаграмадскіх пазіцый, паколькі сацыяльны паразітызм, калі пашырыцца за пэўныя межы, выклікае ўсеагульную апатыю, разьвіцьцё “пафігісцкіх настрояў”, непавагу да любой працы, акрамя той, дзе твой асабісты ўнёсак непасрэдна вядзе да папаўненьня тваіх жа кішэняў. А ўсё гэта разам заканамерна вядзе  да  дэградацыі  грамадства.

Менавіта апісанае парушэньне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасьці разваліла савецкую імпэрыю. Яна распалася не праз тое, што аб гэтым дамовіліся “тры белавежскія зубры”, а з-за таго, што ў СССР эфектыўная праца ўжо не была выгаднай, ня мела ніякага сэнсу. Асабліва гэта датычыла інтэлектуальна-ёмістай, навукова-творчай працы. А прычына нявыгаднасьці заключалася ў тым, што фактычным уласьнікам ўсяго створанага ў Савецкім Саюзе была імперская кампартыйная бюракратыя (намінальна, на словах уласнасьць была “ўсенароднай”). Маючы доступ да ўсіх рэсурсаў, створаных людзьмі ва ўсім СССР, яна спачатку забясьпечвала свае асабістыя інтарэсы (гл. малюнак 2.3), затым падкормлівала нізкакваліфікаваныя масы, на якія яна абапіралася (пад лозунгам “сацыяльнай справядлівасьці” навязвалася знакамітая “ўраўнілаўка” – форма несправядлівасьці), і толькі тое, што заставалася, перападала працаўнікам, дзейнасьць якіх у найбольшай ступені вызначала грамадскі прагрэс. Усё гэта адбывалася пад барабанны дробат лёзунгаў пра пабудову камунізму ва ўсім сьвеце”, перадавы рабочы клас і г.д. Натуральна, у такіх умовах высокакваліфікаваныя сьпецыялісты эфектыўна працаваць не жадалі.

Дарэчы, магу асабіста засьведчыць яшчэ адну важнейшую акалічнасьць – многім з тых, хто мог вызначаць прагрэс краіны, працаваць у поўную сілу і не давалі, ставячы самыя розныя перашкоды для іх працы (але гэта адмысловая тэма). 

І колькі б разоў ні станавілася зразумелым, што “кірка і тачка” не спраўляюцца з патрабаваньнямі, ад якіх залежыць стратэгічны прагрэс грамадства (а такое разуменьне ў Савецкім Саюзе прыходзіла многім, у т.л. кіраўнікам, пачынаючы з 1960-х),  камуністычная імперская бюракратыя была ня ў стане што-небудзь зьмяніць. Яна аніяк не магла прызнаць каштоўнасьці грамадства важней за свае, успрымала ўсё грамадства ў якасьці прыслугі для сябе. У выніку наступіў крызіс, які прывёў да рэвалюцыйнага абвалу ў 1991 годзе.

Уся сучасная гісторыя паказвае, што сацыяльная справядлівасьць – гэта ня толькі маральная катэгорыя, а і стратэгічная ўмова эканамічнага, культурнага ды іншых кірункаў прагрэсу грамадства.

Адсюль зноў вынікае, што апісаньне спосабаў прынцыповага рашэньня праблемы грамадскай справядлівасьці павінна быць часткай і рысай любой стваральнай, гуманістычнай ідэалогіі.

Паколькі прынцып сацыяльнай справядлівасьці працягвае заставацца выразна парушаным і ў нашай сёньняшняй Беларусі, гэта азначае, што раней ці пазьней мы станем сьведкамі чарговага рэвалюцыйнага абвалу…

 

2.2.2.  Асноўныя формы сацыяльнага паразітызму.

Паколькі зьява сацыяльнага паразітызму зьяўляецца прычынай вялікай колькасьць людскіх праблем і пакутаў, яе варта прааналізаваць адмыслова.

Сацыяльная несправядлівасьць можа выступаць у дзьвюх формах: калі парушэньне яе прынцыпаў адбываецца на ўзроўні бытавых адносін (пры звычайных кантактах чалавека з чалавекам) і калі парушэньне сацыяльнай справядлівасьці ўзьнікае, як наступства дзейнасьці адмысловых арганізаваных грамадскіх груп, якія можна назваць соцыяпаразітнымі.

Існуе дзьве адрозныя формы сацыяльнага паразітызму такіх груп – гэта крымінал і паразітычная бюракратыя, узброеная ўладай, “асьвечанай” пэўнай ідэалогіяй (гл. малюнак 2.4). Паміж імі можа быць і канкурэнцыя, і супрацоўніцтва (перарывістая стрэлка на малюнку). [праз 5 гадоў стала зразумелым, што паразітнай можа быць і фінансавая алігархія. – Рэд.]

Асаблівасьць крымінальнага сацыяльнага паразітызму заключаецца ў тым, што ён тактычны, аднафазны. Крымінальнікі бачаць каштоўнасьці, створаныя грамадствам, і проста іх прысвойваюць сабе тым ці іншым чынам (падманам ці гвалтам, выкрадаюць ці рабуюць).

Сацыяльны паразітызм, які зьдзяйсьняе бюракратыя, больш складаны, звычайна двуфазны. Першая фаза зьвязаная з укараненьнем у грамадства той ці іншай ідэалогіі (“мы – прадстаўнікі ўлады, мы дзейнічаем ад імя ўсяго грамадства і ў імя нейкіх там вышэйшых, агульных інтарэсаў, таму мы маем права распараджацца ўсім, што створана людзьмі…”). Пад яе прыкрыцьцём грамадская пільнасьць, нібы пад уплывам наркотыка, усыпляецца. Грамадства пераходзіць у малачульлівы, расслаблены стан. Пасьля гэтай фазы бюракратыя, нібы на законных падставах, высмоктвае каштоўнасьці, створаныя грамадствам (і фактычна належаць яму), прысвойвае іх сабе.

Ð�ал. 2.4.GIF 

Мал.2.4. Асаблівасьці сацыяльнага паразітызму крымінальнага і  бюракратычнага. Крымінал проста аднафазна “адрывае” кавалкі “грамадскага пірага” (1), таму яго шкоду лёгка заўважаць. Паразітная бюракратыя дзейнічае хітрэй. Яна, нібы павук, спачатку ўводзіць “у вушы” грамадства “права на паразітаваньне” (разрэджвае грамадскі пірог – 2), а затым нібы “на законных падставах” высмоктвае з грамадства створаныя ім каштоўнасьці (3).

 

2.2.3.  Зацісканьне праўды – другі істотны сімптом хворага грамадства.

Праўда – адлюстраваньне чалавекам аб’ектыўнай рэчаіснасьці, адэкватнае ёй.  У нашым сёньняшнім грамадстве праўду таксама можна рэдка пачуць ці ўбачыць.

Прывяду толькі сьвежыя прыклады.

Так, больш 8 месяцаў доўжылася вахта моладзі ў Курапатах. Галоўнае, што патрабавалі валанцёры, каб тое месца, дзе карнікамі НКВД былі забітыя дзесяткі, а, магчыма, і сотні тысяч нашых продкаў, сучасная ўлада прызнала тэрыторыяй, годнай павагі, аховы і мемарыялізацыі. Улада ўпарта адмаўлялася гэта рабіць. Ва ўмовах, калі ў Беларусі пастаўленыя сотні помнікаў, пад якімі ніхто не ляжыць (ад ленінскіх да «афганскіх»),  такія паводзіны ўладаў ёсьць нішто іншае, як своеасаблівы вандалізм (яго пасіўная форма). А шматмесячны зьдзек над высакароднымі пачуцьцямі маладых валанцёраў – з усімі гэтымі зьбіцьцямі, арыштамі, падпаламі, хімічнымі атручваньнямі ды іншымі правакацыямі, а потым з нежаданьнем іх рассьледаваць – іначай як блюзьнерствам назваць немагчыма. Ванадалізм і блюзнерства – праявы сатанізму…

Аказваецца, наша сёньняшняя ўлада ня проста антыдэмакратычная, антырынкавая, антынацыянальная. Яна яшчэ і сатанісцкая!

Скажыце, ці часта за час курапацкай вахты вам даводзілася чуць меркаваньні (хаця б з незалежных СМІ!), падобныя пададзеным? А між тым, яны поўнасьцю праўдзівыя…

Вельмі дрэнна на фоне сапраўдных курапацкіх валанцёраў выглядалі таксама галоўныя  «дэмакратычныя» партыі (ад АГП да сацыял-дэмакратаў, якія самаўхіліся ад праблемы), большасьць праваабарончых арганізацый, нашы «незалежныя» СМІ… Так, галоўнай сілай, якая трымала курапацкую вахту, была Беларуская партыя свабоды (БПС) на чале з Сяржуком Высоцкім. Але гэтую праўду немагчыма было нідзе ні пачуць, ні прачытаць. У тым ліку ў нашых «незалежных» СМІ… Акрамя таго, упарта скажаўся сэнс патрабаваньняў валанцёраў. У адпаведнасьці зь інфармацыяй «незалежных» СМІ  атрымлівалася так, быццам бы яны трымалі нейкую «вахту памяці» і ахоўвалі дарогу, якая будавалася… На самой справе, хлопцы патрабавалі ад улад мемарыялізацыі й аховы Курапат і рабілі гэта ў форме бесперапыннага пікету аж 250 дзён!

А вось прыклад з-за межаў Беларусі.

Аб’ектыўна ацэньваючы паводзіны расейскіх вайскоўцаў у Чачні, прыходзіш да высновы, што  гэта – сапраўдны рускі фашызм, які арганізуецца на дзяржаўным узроўні. Міжнародная грамадскасьць павінна дамагчыся тэрміновага спыненьня вайны ў Чачні й вываду адтуль расейскіх акупацыйных войскаў. Усіх, хто арганізоўваў і праводзіў дадзеную палітыку фашызму і генацыду (пачынаючы ад Ельцына-Пуціна і заканчваючы вядомымі і невядомымі трошавымі-буданавымі), трэба судзіць міжнародным трыбуналам…

Скажыце, ці часта вы сёньня чуеце падобныя выказваньні, калі гаворка заходзіць пра Чачню?

Сацыяльныя паразіты й іхныя прыхвасьці робяць усё магчымае, каб паставіць перашкоды на шляху распаўсюду праўды ў грамадстве. Гэта іх першы з галоўных клопатаў. Аднак, калі ў грамадства не паступае праўда, калі яна перастае быць арыентырам для арганізацыі жыцьця людзей, у грамадстве зьяўляецца і пачынае накоплівацца несправядлівасьць. У выніку грамадства пачынае ўсё больш хварэць, а людзі, якія ў ім жывуць, –  усё больш пакутаваць…

Адсюль выснова: поўнае вяршэнства праўды – аснова грамадскага здароўя. Сапраўды гуманістычная ідэалогія ня можа гэтага таксама не ўлічваць.


2.2.4. Аб’ектыўна чалавеку патрэбнае «здаровае грамадства», суб’ектыўна – ён можа жыць і ў «нармальным».

Пералік сімптомаў, якія сьведчаць, што грамадства, у якім мы жывем, хворае, можна працягваць вельмі доўга. Такім яно было і  ёсьць, але такім быць ня мусіць…

А якім павінна?

Натуральна, нармальным, здаровым. Пры гэтым лепш здаровым.

Удакладнім, чаму.

Калі запытаць нашых людзей, як яны жывуць, большасьць адкажуць, што «ў цэлым, нармальна». Такое сьветаўспрыняцьце зьяўляецца суб’ектыўным і абумоўлена няведаньнем, як сёньня павінны жыць людзі ў геаграфічным цэнтры Еўропы. Менавіта гэтыя «меркаваньні» прыводзяцца сёньняшнімі ўладамі, калі яны заяўляюць: «бачыце, нашы людзі лічаць, што яны жывуць добра…»

Але гэта «хворая норма».  Для  лепшага разуменьня  прывядзем прыклад.

У некаторых рэгіёнах Афрыкі ёсьць тэрыторыі, дзе 99% насельніцтва хварэюць на малярыю. Паколькі мець гэтую цяжкую паразітарную хваробу характэрна для абсалютнай большасьці людзей у тых мясьцінах, там лічыцца, што быць хворым на малярыю – гэта «практычна нармальна». Так лічаць простыя людзі. Але ніводны прафесійны ўрач не напіша чалавеку дыягназ «здаровы», калі будзе ведаць, што чалавек хворы на малярыю. Дыягназ хваробы: малярыя – не памяняецца, калі хворых людзей будзе 100, 1.000 ці нават 1.000.000.

Так і ў нашым сёньняшнім стане. Многія прызвычаіліся жыць ва ўмовах хранічнага недахопу грошай, прызвычаіліся да адсутнасьці персьпектывы ў дзяцей, да хамства, пьянства і крымінальнай небясьпекі на вуліцах, да абыякавасьці і нават як высьвятляецца, сатанізму ўлад. Таму людзі могуць гаварыць, што заўгодна. Але ніводны, хто ВЕДАЕ, як трэба жыць у пачатку ХХІ стагодзьдзя, не прызнае наша сёньняшняе грамадства здаровым…

Таму будзем ставіць пытаньне менавіта пра здаровае грамадства, як мэту, да якой варта імкнуцца.

Гэтага наша ідэалогія таксама ня можа ня ўлічваць.


2.2.5. У пошуках здаровага грамадства.

Самае дзіўнае, што дастаткова падрабязных і абгрунтаваных адказаў на, здавалася б, простае пытаньне: «А што такое здаровае грамадства?» – нідзе немагчыма знайсьці! (Нават у працах Э.Фрома: «Здаровае грамадства» і “Шляхі выхаду з хворага грамадства”).

Калі ўзьнікае канфлікт паміж чалавекам (яго жаданьнямі, ідэаламі) і грамадствам (у яго рэальным стане), большасьць рэлігій і сучасных філасофскіх канцэпцый, пазьбягаюць гэтага пытаньня. Замест адказу на запыт: «А што такое здаровае грамадства?» – яны акцэнтуюць увагу не на грамадстве, а на чалавеку.

Так, калі ў чалавека ўзьнікае крызіс узаемаадносін з сацыяльнай рэчаіснасьцю, буддызм прапануе яму адысьці, ухіліцца ад рэчаіснасьці; праваслаўе і каталіцызм – падпарадкавацца ёй; пратэстантызм прапануе чытаць і аналізаваць Біблію, каб там знайсьці адказ на пытаньне: як трэба жыць; іслам – жыць па Карану (г.зн. ствараць сваю ілюзорную рэчаіснасьць і жыць у ёй); а псіхааналітыкі сьхіляюць чалавека зьмяніць сваё сьветаўспрыняцьце так, каб  прыймаць рэчаіснасьць такой, якая яна ёсьць (і, відаць, любой, якой бы яна ні была…).

Такім чынам, ва ўсіх выпадках узьдзеяньне накіроўваецца на чалавека (гл. малюнак 2.5).

Ð�ал. 2.5.GIF 

Мал. 2.5. Два галоўныя механізмы ўзьнекненьня людскіх стрэсаў, неврозаў, пакутаў пры сутыкненьні з рэчаіснасьцю. Усе спосабы «дапамогі» людзям, вырашэньня канфлікту, якія маюць хоць якое «ідэалагічнае абгрунтаваньне», зыходзяць з таго, што прычына хваробы знаходзіцца ўнутры чалавека. Пра сітуацыю, калі прычынай пакутаў чалавека ёсьць хворае грамадства, у ідэялягічным пляне амаль ніхто ня кажа… На малюнку пазначана пытальнікам.

 

Але ўсё гэта не адэкватна ў адносінах да пастаўленага пытаньня… Калі чалавек ненармальны, тады, сапраўды, яму трэба дапамагаць, можа быць, лячыць. А калі ненармальная рэчаіснасьць? Дык трэба ж карэктаваць яе!

Адсутнасьць канцэпцыі здаровага грамадства асабліва ўражвае тых, хто мае медыцынскую адукацыю. Бо ў медыцыне паняцьце здароўя цела і душы людзей дакладна распрацаваныя. Больш таго, яны зьяўляюцца асновай, зь якой пачынаецца дадзеная адукацыя і на фоне якой выяўляецца паталогія.

Вядома ж, можна не сумнявацца, што дзе-небудзь ёсьць сапраўдныя ВЕДЫ пра тое, што такое здаровае ўладакаванае грамадства, грамадства без паразітаў, грамадства, як ідэяльная мэта, да якой варта імкнуцца. Але, відаць, камусьці вельмі ня хочацца адкрываць дадзеныя ВЕДЫ чалавецтву… (раней гэта ўжо адзначалася).

Што ж, паспрабуем сфармуляваць іх самі…

І пачнем мы, як планавалі, з аналізу сучасных ідэалогій, пошуку сярод іх той, якую варта лічыць нашай. А калі ня знойдзем, будзем яе фармуляваць…

 

 

2.3.  НАША  ІДЭАЛОГІЯ

2.3.1.  Што такое ідэалогія? 

Зараз паняцьце «ідэалогія» часта выкарыстоўвацца для абазначэньня значна больш шырокага кола сацыяльных ідэй, чым дазваляе прынцыповы падыход. Вось, напрыклад, цытата з артыкула аднаго з амерыканскіх публіцыстаў: «Из всех крупных идеологий 19-го столетия дожила до сегодняшнего дня и даже процветает лишь одна: классовая ненависть к буржуазии. Марксизм мёртв, фрейдизм мёртв, социал-дарвинизм вкупе с теориями расовой чистоты мертвы».

Каб пазьбегчы непаразуменьняў, давайце дамовімся, што ідэалогіяй мы будзем лічыць толькі тыя сацыяльныя тэорыі, якія, зыходзячы з пазіцый тых ці іншых грамадскіх «каштоўнасьцяў», ставяць перад сабой мэту (хаця б фармальна пра гэта аб’яўляюць) – уладкаваць сацыяльную рэчаіснасьць на падставе сістэмы прынцыпаў, вынікаючых з разьвіцьця дадзеных каштоўнасьцяў. Такім чынам, ідэалогія – гэта сістэма абстрактных “ісьцін”, прызначаная для арганізацыі грамадскага жыцьця.

У гэтым сэнсе ўсе названыя ў цытаце «ідэалогіі», акрамя марксізму (ды й тое зь вялікімі агаворкамі), такімі не зьяўляюцца. Адзін з практычных крытэраў – яны ня маюць ніякай каштоўнасьці як ідэалогіі рэалізацыі дзяржаўнай улады.

Не адпавядае названым крытэрам і даволі распаўсюджаная «ідэалогія» індывідуалізму («усё – гэта толькі я сам, і ўсе толькі для мяне, а што з грамадствам ці зь іншымі людзьмі – мяне не цікавіць»). Больш таго, калі чыясьці «ідэалогія» дазваляе камусьці будаваць уласны палац коштам сотняў іншых людзей (такіх, як ён сам), але якія з-за яго будуць вымушаныя жыць у халупах – трэба будзе змагацца з такой «ідэалогіяй»…

Паколькі сьфера ідэалогіі – гэта сьфера вызначэньне і абгрунтаваньня грамадскі значных мэтаў, ніякая ўлада без ідэалогіі абысьціся ня можа. Нават тая, якая сьцьвярджае, што ў яе ніякай ідэалогіі няма.

Без ідэалогіі ня можа жыць і сучаснае грамадства (відаць, лепш любая ідэалогія, чым ніякай). Аднак, ня менш важна ведаць, што ўласьцівасьці грамадства (памер, формы ўзаемаадносін, ступень уладкаванасьці ўнутранага жыцьця, адчуваньне людскага шчасьця, самарэалізацыі й г.д.) вельмі жорстка зьвязаныя з уласьцівасьцямі ідэалогіі, якой яно карыстаецца і якая ім кіруе. У гэтым праяўляецца істотная залежнасьць лёсу грамадства ад абнанай ідэалогіі.

 

2.3.2. Лёс і роля ідэалогіі ў грамадстве.

Людзей штурхае на стварэньне ідэалогіі альбо душэўны парыў, накіраваны на дапамогу іншым людзям, альбо эгаістычны інтарэс, выяўлены праз рацыяналізаваныя формы (г.зн. такія довады, якія выглядаюць нібы разумнымі, рацыянальнымі). У абодвух выпадках агульнай прычынай зьяўленьня ідэалогіі ёсьць актыўнае жаданьне стварыць «плян» арганізацыі лепшага жыцьця (ці больш для сябе, ці больш для іншых). Г.зн, што ў абодвух выпадках стваральнікі ідэалогій выступаюць у ролі суб’ектаў у адносінах да рэчаіснасьці.

Далейшы лёс ідэалогіі залежыць ад таго, ці здолеюць яе носьбіты набыць уладу.

Калі да ўлады прыйдуць безідэйныя людзі, ім усё роўна прыйдзецца набыць ідэалогію. Бо без абраньня пэўнай ідэалогіі ва ўлады ня будзе пэўных яе абавязковых уласьцівасьцяў – будзе бракаваць цэласнасьці, узаемазьвязанасьці (разам, сістэмнасьці).

Затым улада вымушана на аснове ідэалогіі ўтварыць тры формы практычнай грамадскай дзейнасьці, каб арганізаваць грамадскае жыцьцё: заканадаўчую, арганізацыйна-выканаўчую, прапагандысцка-агітацыйную.

Аднак, далейшы лёс ідэалогіі будзе залежыць ад таго, наколькі ўладзе будзе працягваць падабацца тая ідэалогія, якой яна спачатку вымушаная была падпарадкоўвацца (у час захопу і першапачатковай арганізацыі ўлады; гл. малюнак 2.6).

Ð�ал. 2.6.GIF 

Мал. 2.6. Сьхема лёсу ідэалогіі. Пазначаныя этапы: уплыў на стан «рынку» ідэалогій (1а,б); выбар ідэалогіі (2); уплыў на ідэалогію з боку самой улады (3); тры формы рэалізацыі ідэалогіі для арганізацыі грамадскага жыцьця (4-6).

 

З дадзенага малюнка бачна, што асаблівасьці ўнутрыграмадскага жыцьця (як  добрыя, так і благія) зьвязаныя з ідэалогіяй у шэрагу момантах.

Якасьць жыцьця залежыць ад таго:

1. Якія ідэалогіі будуць у наяўнасьці на “рынку” ідэалогій у адпаведны перыяд гісторыі.

2. Які выбар на гэтым ідэалагічным “рынку” зробіць актыўная грамадская сіла ў крытычны момант грамадска-палітычных пераўтварэньняў.

3. У якія канкрэтна формы кадравай палітыкі, выканаўчай дзейнасьці, заканадаўчай творчасьці і агітацыйнай дзейнасьці “апрануць” ўлады абраную ідэалогію.

4. Ці будуць далей улады мяняць “пад сябе” першапачаткова абраную ідэалогію.

У сваю чаргу нельга не адзначыць, што з дадзеных момантаў толькі два першыя поўнасьцю не залежаць ад уладаў (а ад гістарычных абставінаў), затое другія два моманты – істотна залежаць. Гэта мае прынцыповае значэньне для таго, каб падзяляць тое ў грамадстве, што залежыць толькі ад ідэалогіі, а што зьяўляецца наступствам, напрыклад,  бюракратызацыі ўлады


2.3.3.  Агульныя  ўласьцівасьці  масавых  ідэалогій.

Сярод галоўных уласьцівасьцяў, якія характэрныя для ўсіх масавых ідэалогій, можна назваць наступныя:

1. З псіхалагічнай пазіцыі (а гэта, як ня дзіўна, адна з самых важных пазіцый), кожная з сучасных найбольш распаўсюджаных ідэалогій уяўляе зь сябе адносна  цэласную сістэму абстрактных уяўленьняў, пададзеных у пэўнай аўтарытэтнай для грамадства форме, накіраваную ў першую чаргу на стварэньне адносна стандартызаванага сьветагляду людзей дадзеным выпадку сьветагляд – комплекс ведаў і ўяўленьняў аб рэчаіснасьці, прадстаўлены ў людскай сьвядомасьці ў адносна цэласным, сістэматызаваным выглядзе). У гэтым сэнсе ідэалогія пакліканая рэгламентаваць, арганізоўваць людскую псіхіку, а праз яе паводзіны. Без гэтага немагчыма дасягнуць дастаткова прадказальных, кіруемых паводзін людзей, немагчыма пераўтварыць людскую масу ў адносна арганізаваны соцыюм. З прыведзенага вышэй малюнку бачна, што ўдзел ідэалогіі ў арганізацыі грамадства апасяродкаваны фармаваньнем пэўнага адносна стандартнага сьветагляду ў людзей. Пасьлядоўнасьць адпаведных пераўтварэньняў такая: ідэалогія агітацыйна-прапагандысцкая дзейнасьць улады сьветагляд асобных людзей і людскай масы іх удзел ва ўладкаваньні грамадскай рэчаіснасьці

2. Усе ідэалогіі, прызначаныя для арганізацыі жыцьця вялікіх грамадскіх мас, тым ці іншым чынам вырашаюць праблему справядлівасьцІ (напрамую ці ў сваім кантэксьце). Дадзеная праблема зьяўляецца ядром любой масавай ідэалогіі. Гэта абумоўлена тым, што персьпектыва існаваньня і разьвіцьця паўнавартаснага грамадства (у адрозьненьне, скажам, ад злачыннай банды) залежыць ад ступені стваральнай арыентаванасьці, уласьцівай для дадзенага грамадства. Сацыяльная справядлівасьць і стваральнасьць шчыльна зьвязаныя паміж сабой (стваральнасьць справядлівасьць).  Адсюль грамадскую каштоўнасьць мае толькі тая ідэалогія, якая бароніць і стваральнасьць, і справядлівасьць. Таму толькі такія ідэалогіі й зьяўляюцца масавымі. Пры гэтым пытаньне, як канкрэтна ідэалогія вырашае праблему справядлівасьці, – навукова ці не, натуральна ці штучна, і, нават, правільна ці не – уяўляецца меньш важным. Натуральна, што прадстаўнікі кожнай ідэалогіі аб’яўляюць сваё рашэньне найбольш верным. Аднак, лічыць правільным і быць правільным – розныя рэчы.

3. У кожнай зь ідэалогій у аснове фармаваньня ўяўленьня аб справядлівасьці ляжыць тая ці іншая каштоўнасьць, якая зьяўляецца найважнейшай для дастаткова вялікай групы людзей. Ёсьць чатыры галоўныя каштоўнасьці – Бог, тэрыторыя дзяржавы, інтарэсы пэўнай сацыяльнай групы, інтарэсы ўсяго народу. Яны кладуцца ў падмурак той ці іншай ідэалогіі, прэтэндуючай быць агульналюдскай. Выбар гэтых каштоўнасьцяў абумоўлены ступеньню разьвіцьця псіхікі людзей (у т.л. іх ведамі) і аб’ектыўнымі законамі існаваньня грамадства.

4. Дадзеныя каштоўнасьці выконваюць ролю нібы прыладаў, на аснове якіх зьдзяйсьняецца віртуальны падзел чалавецтва на складовыя часткі й далейшае структураваньне яго ў пэўную сістэмную цэласнасьць. Таму ідэалогіі – гэта сістэмныя сацыяльныя тэорыі (у большай ці меншай ступені – міфы). Пры гэтым, калі ў якасьці зыходнага арыентыру абіраецца Бог, фармуецца рэлігійная ідэалогія і рэлігійны сьветагляд. Калі лічыць галоўным тэрыторыю сваёй дзяржавы – фармуецца ідэалогія і сьветагляд, цэнтрам якога зьяўляецца адпаведная дзяржава, якая ўспрымаецца найперш як пэўная тэрыторыя. Хто арыентуецца ў першую чаргу на сваю сацыяльную групу – фармуе ідэалогію і сьветагляд, у цэнтры якога каштоўнасьці адпаведнай сацыяльнай групы. Той, хто ў якасьці галоўнай каштоўнасьці прызнае свой народ, фармуе нацыянальныя ідэалогію і сьветагляд.


2.3.4. Класіфікацыя ідэалогій.

Аднак на аснове 4 галоўных каштоўнасьцяў чалавека фарміруецца не 4, а некалькі груп ідэалогій. Прычына ў тым, што групы сацыяльных і нацыянальных ідэалогій вельмі варта дывергіраваць далей.

Больш падрабязная класіфікацыя ідэалогій, якія зьяўляюцца ядром адпаведных сьветаглядаў, прадстаўлена на малюнку 2.7.

Ð�ал. 2.7.GIF 

Мал. 2.7.  Эвалюцыйная дывергенцыя ідэалогій. Лічбамі пазначаны асобныя ідэялогіі.

 

Дадзеныя ідэалогіі прадстаўленыя з улікам  гістарычнай пасьлядоўнасьці іх узьнікненьня і, часткова, з улікам  ступені адпаведнасьці надзеям людзей на ўладкаваньне агульналюдскага жыцьця (больш дэталёвыя тлумачэньні будуць пазьней).


2.3.5.  Рамачныя ўмовы нашай ідэалогіі.

Калі абагуліць папярэдні матэрыял, можна ўбачыць, што наша ідэалогія павінна быць з’арыентаваная на такія каштоўнасьці, як грамадскае здароўе, сацыяльная справядлівасьць, праўда. Яна павінна паказваць, як выкрываць грамадскіх паразітаў і як іх кантраляваць. У ідэале наша ідэалогія павінна паказваць шляхі набыцьця моцы стваральнасьцю і справядлівасьцю.

Але гэтага недастаткова.

Якім яшчэ крытэрам павінна адпавядаць наша ідэалогія? У якія рамкі яна павінна ўпісвацца?

Вядома, што зазіраючы ў будучыню, нельга ставіць канчатковай кропкі. Таму ў цэлым лепшая грамадская будучыня мае права быць апісаная толькі як кірунак безупыннага сацыяльнага дасканаленьня, прагрэсу. Аднак некаторыя асьпекты магчымага ўплыву нашай ідэалогіі на фармаваньне будучыні ўжо зараз можна ахарактарызаваць больш канкрэтна.

Наша агульналюдская цывілізацыя несумнена павінна захаваць свой прагрэсіўны кірунак развіцьця. Яна мусіць стаць значна лепш уладкаванай, найперш у гуманістычнай сьферы. Яна павінна пазбавіцца ня толькі ад «драпежніцтва», але і ад «паразітызму». Далейшы цывілізацыйны прагрэс павінен адбывацца без канфрантацыі, варажнечы, крывавай барацьбы і войнаў паміж асобнымі людзьмі й цэлымі грамадскімі групамі, у т.л. нацыямі. На іх месца ў гісторыі павінна прыйсьці ўзаемакарыснае справядлівае супрацоўніцтва.

Адначасова павінны быць створаны значна лепшыя ўмовы для максімальнага раскрыцьця кожным чалавекам свайго жыцьцёвага прызначэньня (іначай, для рэалізацыі сэнсу свайго жыцьця, свайго жыцьцёвага стваральнага патэнцыялу, мэты свайго жыцьця).

Такім чынам, ня толькі ў пошуку спосабаў пазбаўленьня ад усяго нездаровага, кепскага, паразітнага, чым усё яшчэ сёньня абцяжараны чалавек, грамадства і чалавецтва, але і ў знаходжаньні для іх лепшай будучыні – галоўная задача нашай ідэалогіі.

Дадаткова варта дамовіцца, што наша ідэалогія ня можа абслугоўваць інтарэсы нейкай абмежаванай грамадскай групы. Яна павінна імкнуцца быць агульналюдскай.

Акрамя таго, паколькі мы лічым пытаньне правільнасьці ідэалогіі прынцыповым, наша ідэалогія павінна адпавядаць крытэрам навуковай тэорыі, прызначанай максімальна аб’ектыўна, на падставе навуковых фактаў апісваць, аналізаваць, сістэматызаваць і прадказваць грамадскую рэчаіснасьць. Пры гэтым нас цікавіць ня толькі пасіўнае прадказаньне магчымых падзей. Нас цікавіць, што трэба зрабіць, каб усім нам аказацца ў новай, лепшай будучыні.

Усё ў сацыяльнай сьферы – прадукт дзейнасьці людзей. А ўсё, за што бярэцца Чалавек, ён раней ці пазьней дасягае. Таму якімі б утапічнымі не здаваліся на першы погляд пададзеныя вышэй задачы, яны прынцыпова дасягальныя. Проста трэба браць іх у якасьці мэтаў й ісьці да іх…

 

2.3.6.  Крыніцы  фарміраваньня  нашай ідэалогіі.

На сёньня ёсьць тры крыніцы ведаў для фарміраваньня нашай ідэалогіі.

Першая зь іх – гэта артыкулы і кнігі, прысьвечаныя розным асьпектам  нацыянальнай ідэалогіі ўвогуле (прашу не блытаць з нацыяналістычна-шавіністычнай ідэалогіяй) і беларускай у прыватнасьці.

Другая – параўнаўчы аналіз вядомых ідэалогій з пазіцый іх адэкватнасьці ўсім пералічаным вышэй крытэрам.

Трэцяя крыніца – гэта веды аб здаровым грамадстве, заснаваныя на сістэмна-кібернетычным падыходзе да аналізу нашай сацыяльнай рэчаіснасьці.

Пачнем з першай крыініцы.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы