nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АДЭКВАТНАЯ СЬХЕМА НАШАЙ РЭЧАІСНАСЬЦІ (частка 6)

28 кастрычніка, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

 

 

Сапраўдная дэмакратыя – гэта

самастойная, творчая, эфектыўная дзейнасьць

канкрэтнага этнаса ў кірунку мэты свайго існаваньня

 

3. РАЗЬВІЦЬЦЁ ЎЛАДНАЙ ФУНКЦЫІ Ў ГРАМАДСТВЕ.

З папярэдняга матэрыялу вынікае, што стан уладкаванасьці грамадства самым кардынальным чынам залежыць ад асаблівасьці яго палітычнай арганізацыі (дарэчы, палітыка – гэта сьфера грамадсткай дзейнасьці, зьвязаная з узяцьцем улады, яе ўтрыманьнем і распараджэньнем), ад якасьці дзяржаўнай улады, а г.зн. ад узроўню ўладароў.

На сёньня найбольш прагрэсіўнай формай палітычнай арганізацыі лічыцца дэмакратычная. Адсюль заканамерна вынікае неабходнасьць падвергнуць дэмакратыю нашаму прынцыповаму аналізу.


3.1.  Улада, грамадства, дэмакратыя.

У сучаснай агульнацывілізацыйнай прасторы словы “дэмакратыя”, “дэмакратычны”, “дэмакрат” зьяўляюцца аднымі з найбольш папулярных.

У большасьці выпадкаў гэтымі словамі характарызуюць форму кіраваньня ў адпаведных краінах. Аднак, бываюць сітуацыі, калі гаворка ідзе і пра значна меншыя грамадскія ўтварэньні, напрыклад, пра невялікі працоўны калектыў. Бывае, гаворыцца, што яго кіраўнік «не дыктатар, а дэмакрат». Пры гэтым маецца на ўвазе, што для такога кіраўніка не характэрны аўтарытарныя метады кіраваньня. Ён жорстка не навязвае свой пункт гледжаньня па тых ці іншых пытаньнях, не парушае агульнапрынятых нормаў культурных адносін паміж людзьмі, а наадварот, імкнецца стварыць атмасьферу даверу, добразычлівасьці, прыналежнасьці да агульнай справы. Ён стварае магчымасьці для свабоднай творчасьці, для самастойнай працы прадстаўнікоў дадзенага калектыву, якія свае дасягненьні затым нясуць у агульную капілку вырашаных калектывам задач.

Будзем лічыць, што толькі што прыведзенае апісаньне тэрміну “дэмакрат” не зусім удалае, не адэкватнае. Верагодна, у падобным выпадку лепш казаць, што кіраўнік – чалавек культурны, ліберальны. А тэрміны “дэмакратыя”, “дэмакратычны” варта выкарыстоўваць менавіта для характарыстыкі палітычнага ладу ў краіне.

Хочацца спадзявацца, што ў тых краінах сьвету, дзе дастаткова доўга існуюць дэмакратычныя рэжымы, гэтыя словы, адлюстроўваючы вялікія агульнаграмадскія каштоўнасьці, сапраўды выклікаюць толькі станоўчыя эмоцыі ў бальшыні грамадзян. Але ў нашым беларускім грамадстве ў тым стане, у якім яно знаходзіцца сёньня, адносіны да гэтых словаў далёка не такія адназначна станоўчыя.

Справа ў тым, што ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў час пераходу ад “перабудовы” да незалежнасьці ўлада на Беларусі заставалася ў руках былой кампартыйнай наменклатуры. Разумеючы, што далей служыць камуністычным міфам бесперсьпектыўна і нават небясьпечна, наменклятура згадзілася на стратэгічны крок – стала імкнуцца захапіць максімальны капітал, каб з “верных камуністаў-ленінцаў” пераўтварыцца ў… капіталістаў. Адным з асноўных шляхоў для зьдзяйсьненьня такога жаданьня было пераўтварэньне грашовых укладаў насельніцтва на зьберкніжках ва ўласныя катэджы. Тэхналёгія ўключала атрыманьне грашовых займаў на будаўніцтва катэджа ва ўмовах штучна запушчанай гіперінфляцыі.  Пры гэтым ніхто з начальства асабліва не клапаціўся пра грамадскія законнасьць і справядлівасьць, пра сацыяльную стабільнасьць, абароненасьць, бясьпеку. Усе былі захопленыя асабістымі справамі, на грамадскія сіл ужо не хапала…

Тым часам у масы насельніцтва, якое амаль нічога не атрымала ўзамен, узьнікла і пачало інтэнсіўна разьвівацца меркаваньне, што “ўсе начальнікі толькі й робяць, што крадуць, узбагачаюцца, а мы імкліва пераўтвараемся ў жабракоў”. У такой сітуацыі было б яшчэ паўбяды, калі б не адна акалічнасьць: былая кампартыйная наменклятура, захоўваючы ўсе свае прыроджана антыдэмакратычныя рысы, тым ня меньш, прэзэнтавала сябе як “дэмакраты”, а сваю дзейнасьць, як адпавядаючую прынцыпам дэмакратыі!

Рэзкая зьмена сацыяльных арыентыраў, пачуцьці катастрафічнага зьбядненьня, абрабаванасьці, нарастаньне нестабільнасьці, страта пачуцьця патэрналісцкай ролі дзяржавы, разьвіцьцё карупцыі, злачыннасьці й шэраг іншых зьяў, якія большасьць грамадства ўспрымала выключна негатыўна, адчуваючы страх перад новай рэчаіснасьцю, зьявіліся й развіліся пад нашэптваньнямі, што “гэта і ёсьць дэмакратыя”, што “усё гэта робіцца дэмакратамі, якія прыйшлі да ўлады”. Галоўнай фігурай, якая сімбалізавала нібы прыход дэмакратаў да ўлады на Беларусі,  быў выстаўлены Станіслаў Шушкевіч.

Як толькі ўзьніклі палітычныя ўмовы, калі стала магчымым крытыкаваць і нават ганіць “дэмакратаў”, усё тая ж былая кампартыйная наменклятура стала заяўляць: “Вы бачыце, да чаго давялі вас гэтыя дзерьмакраты”. І маса беларускага насельніцтва, падрыхтаваная папярэднім разьвіцьцём падзей, з вялікім энтузіязмам адгукнулася на дазвол на адкрыта негатыўнае стаўленьне да дэмакратыі і дэмакратаў. З 1993-94-га гадоў слова “дэмакрат” для большасьці жыхароў Беларусі набыло рысы лаянкавага. І толькі цяпер, амаль праз дзесяцігодзьдзе, негатыўнасьць гэтага тэрміну некалькі паблекла. Але да цалкам станоўчага ўспрыняцьця яшчэ вельмі далёка.

Данесьці да беларускага грамадства сэнс дэмакратыі ў максімальна нескажоным выглядзе – адна з важнейшых задач, якая чакае беларускую апазіцыю наперадзе. Але ня меньшае значэньне мае задача асэнсаваньня самімі дэмакратамі зьявы дэмакратыі ва ўсёй яе паўнаце.

 

 

3.2. Агульныя  праблемы тэорыі  дэмакратыі

3.2.1.  Агульнапрынятыя  прынцыпы?

Пачнем з прынцыпаў дэмакратыі, у адносінах да якіх, як здаецца, існуе поўнае разуменьне паміж усімі дэмакратамі.

Але ці сапраўды гэта паразуменьне такое поўнае…

Тэрмін «дэмакратыя», характарызуючы спосаб унутрыдзяржаўнага кіраваньня, перакладаецца, як народнае (дэмас) тварэньне, кіраваньне (крэацыя, крацыя). У гісторыі чалавецтва дэмакратычная форма кіраваньня ўпершыню была прыменена для арганізацыі жыцьця ў некаторых старажытнагрэцкіх гарадах-дзяржавах (напрыклад, у Афінах). Усе свабодныя (не рабы) і маёмасныя (не жабракі) грамадзяне гэтых гарадоў мелі права (і абавязак) зьбірацца на агульнагарадскія сходы, дзе бальшынёй галасоў вырашалі галоўныя пытаньні жыцьця горада, уключна з абраньнем кіраўніцтва. Было гэта больш за 2000 год таму.  Каля 1000 гадоў таму аналягічная форма кіраваньня грамадскім жыцьцём была характэрна і для беларускіх земляў. Гэта было веча, калі жыхары паселішчаў на пэўны тэрмін абіралі сабе князя.

З тае пары чалавека, які лічыць, што любая ўлада сваю легітымнасьць павінна браць з народа, служыць яго інтарэсам, што дэмакратыя – гэта найлепшая форма дзяржаўнага кіраваньня, завуць дэмакратам.

Калі пра дэмакратыю гавораць яе добразычліўцы, галоўнае, на што яны звычайна зьвяртаюць увагу, што гэта такая арганізацыя палітычнага ладу ў краіне, калі кіруючая група (людзі, якія распараджаюцца палітычнай уладай) знаходзіцца ў залежнасьці ад думак, пачуцьцяў бальшыні кіруемых. З кібернетычных пазіцый можна сказаць, што на кіраўнікоў узьдзейнічаюць зваротныя сувязі з боку кіруемага імі грамадства. Прычым, гэтая залежнасьць у найбольш відавочнай ступені праяўляецца ў час абавязковых, перыядычных, свабодных, празрыстых і сапраўдных выбараў. 

Акрамя перыядычных выбараў для сучасных дэмакратычных палітычных сістэм характэрна таксама такая сітуацыя, калі органы дзяржаўнай улады не ствараюць маналітнай структуры, а наадварот, падзелены на шэраг інстытутаў улады са строга вызначанымі, абмежаванымі функцыямі. Пры гэтым усе інстытуты дзяржаўнай улады ўтвараюць збалансаваную сістэму, для якой уласьціва сітуацыя ўзаемнага стрымліваньня і ўраўнаважаньня. Гэта сітуацыя забясьпечваецца прынцыпам падзелу ўладных структур на цэнтральныя і мясцовыя (цэнтральную і мясцовую ўлады). Цэнтральныя органы ўлады ў сваю чаргу дзеляцца на заканадаўчыя (прымаюць законы і кантралююць іх выкананьне, але не маюць права практычнай рэалізацыі тых ці іншых праграм і непасрэдна не распараджаюцца грошыма) і выканаўчыя (рэалізоўваюць праграмы і выконваюць прамыя ўладныя функцыі, але не маюць права прымаць законы). Сьпецыфічнай часткай выканаўчых органаў улады (на маю думку) зьяўляецца судовая ўлада (прымаюць рашэньні адносна правільнасьці рэалізацыі законаў грамадзянамі й той ці іншай галінай улады).

Унутры дадзенай сістэмы цэнтар важкасьці ўлады звычайна бывае трохі ссунуты ці ў бок выканаўчай улады на чале з прэзідэнтам, ці ў бок заканадаўчай улады на чале з парляментам. Тады гавораць пра прэзідэнцкую ці парляменцкую форму дэмакратычнага кіраваньня.

Сума двух пералічаных прынцыпаў стварае даволі дзейсны дэмакратычны механізм кантролю дзяржаўнай улады (гл. малюнак 3.1).

Ð�ал. 3.1.JPG 

Мал. 3.1. Сітуацыя, калі кіраўнічыя структуры дзяржаўнай улады (пазначаны сьветла карычнвым колерам) ствараюць збалансаваную сістэму і падпарадкаваны грамадству (найбольш жорстка ў перыяд выбараў).

 

У сучасных сапраўды дэмакратычных краінах усё большае значэньне набываюць незалежныя СМІ як чацьвертая галіна ўлада (першыя тры адпаведна і пасьлядоўна – прэзідэнт ці яго аналаг з выканаўчымі структурамі, заканадаўчы парлямент, суд). Значэньне незалежных, аўтарытэтных СМІ у балансе ўсіх галінаў улады як фактара «падцягваньня» грамадства да ўзроўню магчымасьці вырашэньня ўсё больш складаных задач, якія паўстаюць перад сучаснымі дэмакратычнымі краінамі, цяжка пераацаніць. Сапраўды, калі функцыі ўсіх трох пералічаных раней галінаў улады добра прапісаны, грамадства навучана іх адрозьніваць (ведае, хто за што адказвае) і кантраляваць, незалежнасьць СМІ зьяўляецца дадатковым моцным фактарам, фактычна 4-й уладай, які разам зь іншымі забясьпечвае дэмакратычны рэжым у краіне. 

Дакладныя ўяўленьні пра тое, што ёсьць дэмакратыя, пра яе крытэры, каштоўнасьці, механізмы, перавагі й г.д. у ідэале павінны быць уключаны ва ўсю сістэму адукаці грамадзян дадзенай краіны.  

Нарэшце, у дэмакратычных краінах абавязкова павінна быць шматпартыйнасьць (мінімум двупартыйнасьць), з-за чаго абсалютна нармальнай зьявай павінна лічыцца наяўнасьць апазіцыі.

Акрамя дзьвюх апісаных вышэй прынцыповых рысаў дэмакратыі (перыядычныя, сапраўдныя выбары – першая, падзел улады на 4 галіны і наяўнасьць апазіцыя – другая) вельмі часта сустракаецца такое апісаньне дэмакрытыі, якое канцэнтруе сваю ўвагу на ўнутрыграмадскім «клімаце», у кампанеты якога сярод іншага ўваходзіць: вяршэнства закона, роўнасьці ўсіх перад законам, правы і свабоды чалавека, правы мяньшыняў, права на абьяднаньні й магчымасьць іх утварэньня, рэальная роўнасьць мужчын і жанчын, роўнасьць прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў, рэлігійных канфесіяў і веравызнаньняў, адсутнасьць сьмяротнага пакараньня і г.д.

У якой ступені дадзеныя характарыстыкі зьяўляецца рысамі дэмакратыі, а ў якой  рысамі цывілізаванасьці, гуманістычнасьці, культурнасьці грамадства, «пабочнымі» адносна сутнасьці дэмакратыі – на маю думку, яшчэ трэба разьбірацца…

Але на сёньня мне больш істотным падаецца іншае тэарэтычнае пытаньне.

Справа ў тым, што дэмакратыю найбольш часта прапануецца разумець як форму арганізацыі сістэмы дзяржаўнага кіраўніцтва, якая не дазваляе ўзурпаваць уладу ў адніх руках, і як фармальную палітычную працэдуру выбараў, пакліканую перыядычна падвяргаць дзяржаўную ўладу кантролю з боку грамадства. Пры гэтым крытэрам эфектыўнасьці дэмакратычнай сістэмы кіраваньня грамадствам (правільнасьці выкарыстаньня ўлады) нібы павінны стаць толькі што пералічаныя агульнацывілізацыйныя нормы грамадскага  жыцьця. 

Але як раз тут узьнікае пытаньне: А ці сапраўды ў гэтым зьмест (сэнс, прызначэньне, мэта) дэмакратыі? 

І гэта пытаньне прынцыповае. Бо перад тым, як даць ацэнку ступені дэмакратычнасьці сістэмы кіраваньня ў любой краіне, трэба пасьлядоўна зрабіць, як мінімум, тры рэчы:

вызначыць зьмест дэмакратыі;

падабраць крытэры, з дапамогай якіх можна аб’ектыўна ахарактарызаваць дадзены зьмест;

прымяніць выпрацаваныя крытэры дэмакратыі для аб’ектыўнай ацэнкі ступені адпаведнасьці рэалізацыі ўладнай функцыі ў канкрэтнай краіне вызначанаму зьместу дэмакратыі.

Праблема ў тым, што зьмест выразу «дэмас крэацыя» можна разумець ня толькі як  кантроль улады з боку грамадства і магчымасьць такога кантролю, а як такую палітычную сітуацыю ў краіне, калі грамадства (народ) мае магчымасьць сапраўды крэаваць (тварыць) сваю будучыню, мае магчымасьці ісьці ў кірунку сваёй мэты – самадасканаленьня, стварэньня ўсё больш дасканалага грамадства. Больш таго, хутчэй за ўсё, што тыя, хто ствараў дэмакратыю і даваў гэтай зьяве такую назву, таксама так разумелі зьмест дэмакратыі. Гэта яны зьвязалі ў адно словы demos kreator krator, а не словы demos kontroller. Адсюль, існуе вялікая верагоднасьць, што зьмест дэмакратыі ня столькі ў тым, каб знайсьці ўсё больш надзейныя механізмы кантролю ўлады (хаця, канешне, гэтага звычайна замала не бывае), колькі ў тым, каб забясьпечыць грамадскі прагрэс, хаця б на пэўным (дэмакратычным) этапе гісторыі грамадства? 

Дык у чым зьмест дэмакратыі?

А калі акажацца, што ў другім, дык ці дастаткова дакладна, адэкватна будзе выкарыстоўваць вышэй пералічаныя крытэры эфектыўнасьці дэмакратыі (выбары, падзел уладаў, цывілізаваныя норма жыцьця)? Можа быць, іх варта перагледзець, і ў выпрацоўцы крытэраў дэмакратыі, адэкватных яе зьместу, строга пайсьці ад мэтаў грамадства?

Правільна вызначаныя крытэры для ацэнкі зьместу дэмакратыі ёсьць аснова для характарыстыкі стану дэмакратыі ўвогуле, бо крытэры зьместу дэмакратыі – гэта нішто іншае, як арыентыры для ацэнкі кірунку яе разьвіцьця. А без правільна абранага кірунку разьвіцьця ня можа быць правільнага разьвіцьця ў прынцыпе

Больш таго, калі мы так ня зробім, можа аказацца, што мы знаходзімся пад вонкавым узьдзеяньнем, якое штучна расшчапляе форму і зьмест дэмакратыі, штучна пераносіць увагу на форму, а затым падмяняе зьмястоўныя крытэры дэмакратыі пабочнымі. Задача такога ўзьдзеяньня – адцягнуць увагу ад навуковай тэорыі дэмакратыі, а затым укараніць у грамадства ілжывыя ўяўленьні. Патэнцыйная шкода ад яго – відавочна…

Дарэчы, нішто не перашкаджае зрабіць тры апісаных вышэй крокі ў адносінах да ацэнкі формы дэмакратыі. Але з пазіцый зьместу форма заўсёды другасная. Гэта, як кажуць, агульнафіласофскі прынцып (форма – базавае, зьмест – вышэйшае).

Такім чынам, калі апісаная вышэй логіка залежнасьці правільная (аб’ектыўная мэта грамадства зьмест дэмакратыі), дык асноўнае, з чаго варта будаваць уяўленьне пра верагодную ролю дэмакратыі ў грамадскім разьвіцьці – гэта з вырашэньня пытаньня пра мэты існаваньня грамадства. Пры гэтым цывілізацыйныя нормы грамадскага жыцьця могуць аказацца проста натуральнымі пабочнымі прадуктамі дэмакратычнага разьвіцьця.

Менавіта ў такім асьпекце выступае сёньня адна з асноўных тэарэтычных праблем дэмакратыі – праблема разуменьня яе зьместа.

Сёньня названыя асьпекты дэмакратыі варта бачыць так, як паказана ў табліцы 3.1 (пры гэтым 1-я характарыстыка самая важная, 2-я – меньш важная, 3-я – найменьш важная; пры гэтам пасьлядоўнасьць ацэнкі не мяняецца).

Табл. 3.1.GIF 

У цэлым жа на сёньня шырока не вядомая навукова абгрунтаваная, пасьлядоўная, цэласная сістэма ўяўленьняў адносна таго, што ёсьць дэмакратыя. Гэта стварае выдатныя ўмовы для самых розных маніпуляцый з боку разнастайных псеўдадэмакратаў і адкрытых ворагаў дэмакратыі. Таму кожны, хто зацікаўлены ў пераможным крочаньні праўды і справядлівасьці па сьвеце, аб’ектыўна ня можа быць не зацікаўлены ў стварэньня сістэмнага бачаньня дадзенага спосабу кіраваньня дзяржавай (пачынаючы ад навуковага высьвятленьня пытаньня зьместу дэмакратыі).

Калі такой сістэмы ўяўляньняў пра ролю дэмакратыі ў грамадскім разьвіцьці  проста яшчэ няма, дык гэта адно з галоўных, што неабходна зрабіць…


3.2.2.  Альтэрнатывы  дэмакратыі

Лічыцца, што альтэрнатывай дэмакратычнаму ладу арганізацыі жыцьця ў краіне зьяўляецца дыктатура (ці аўтарытарызм, як мягкая форма дыктатуры), накіраваная на падпарадкаваньне ўсёй дзяржаўнай улады аднаму чалавеку ці вузкай групе асоб. Дыктатуру можна вызначыць як такі рэжым, калі ўнутры дзяржавы рэалізуецца палітычнай воля, мэты, інтарэсы дастаткова вузкай купкі людзей (нярэдка нават аднаго чалавека), якія захапілі ўладу і кіруююць пераважна з дапамогай сілы і страху яе прымяненьня адносна любых праяў непакорнасьці. Пры гэтым зваротных механізмаў кантролю ўладаў з боку грамадства амаль не існуе.

Звычайна, калі гаворка ідзе пра дыктатуру, таксама зьвяртаюць увагу на яе суб’ектыўны, нярэдка самадурскі характар, на тое, што кіруючая група можа гвалтоўна навязваць грамадству сваю несправядлівую волю.

Дадатковай рысай дыктатарскіх рэжымаў зьяўляецца таталітарызм як зьява імкненьня да максімальнай падкантрольнасьці ўладзе дыктатара самых розных сьфер і праяў грамадскага жыцьця (у скрайніх выпадках, усіх).

Паколькі грамадская маса вельмі высока цэніць такую якасьць свайго жыцьця, як стабільнасьць, ня дзіва, што большасьць людзей аказваюцца гатовымі цярпець (а некаторыя, і «любіць») нават самадурскую дыктатуру з-за каштоўнасьці для іх гэтай праславутай стабільнасьці.

Але ці зьяўляецца супрацьпастаўленьне «дэмакратыя-дыктатура» найбольш стрыжневым, прынцыповым? Можа, гэта зноўку больш фармальная супярэчнасьць?

Бываюць жа сітуацыі «цывілізаванай, адукаванай, прагрэсіўнай» ці нават «дэмакратычнай» дыктатуры. Гэта бывае тады, калі поўную ўладу над грамадствам атрымлівае чалавек ці група высокаўзроўневых людзей, якія ў значнай ступені выкарыстоўваюць яе на дасягненьне інтарэсаў і мэт грамадства. У апраўданьне права на пастаноўку такога пытаньня назаву толькі адну краіну – Чылі…

Тэарэтычна магчыма, што, калі пашукаць добра, знойдзецца яшчэ дастаткова вялікая колькасьць прыкладаў, калі ўладар, не знаходзячысь пад фармальным кантролем уласнага грамадства, усё ж успрымаў яго каштоўнасьці важнымі для сябе і з-за гэтага праводзіў дастаткова эфектыўную палітыку, накіраваную на інтарэсы грамадства. Асабліва такое магло быць верагодным, калі ўладар успрымаў сваю кіруючую пазіцыю ня толькі грамадскі адказна, а яшчэ і гістарычна адказна… Такое ж магло быць характэрна і для кіраваньня грамадствам арыстакратыяй, “легістычнасьць” улады якой над народам абумоўлена традыцыяй.

Адсюль атрымліваецца, што пошук альтэрнатывы дэмакратыі можа адбывацца ня толькі на падставе крытэра адсутнасьці/прысутнасьці моцнай зваротнай сувязі ад грамадства на ўладу (які адлюстроўвае механізм рэалізацыі дэмакратыі), але і па крытэру адсутнасьці/наяўнасьці дзейнасьці ўлады, накіраванай на дасягненьне аб’ектыўных інтарэсаў грамадства (адлюстроўвае зьмест дэмакратыі).

І хаця абодва пералічаных крытэры ў значнай ступені зьвязаныя паміж сабой, трэба прызнаць, што крытэр, які адлюстроўвае зьмест дэмакратыі, зьяўляецца вядучым. Калі так, дык можа атрымацца, што супрацьпастаўленьне «дэмакратыя-дыктатура» зьяўляецца меньш зьмястоўным (ці больш фармальным), чым нейкае іншае супрацьпастаўленьне…

А што ж тады антаганістычна супярэчыць інтарэсам грамадства?

У такім антаганізме з інтарэсамі грамадства (у кантэсьце ўсяго сказанага) знаходзіцца інтарэс бюракратыі.

Адсюль атрымліваецца, што зьмястоўнай антаганістычнай парай зьяўляецца парная апазіцыя «дэмакратыя-бюракратыя».

Сапраўды, калі прыняць, што зьместам дэмакратыі зьяўляецца яе ўдзел у рэалізацыі інтарэсаў грамадства, дык зьмястоўнай альтэрнатывай дэмакрытыі будзе такая форма кіраваньня, калі кіраўнічая эліта выкарыстоўвае грамадства для рэалізацыі свайго прыватнага інтарэсу, успрымаючы апошняе нібы асяродзьдзе для свайго існаваньня (што, натуральна, знаходзіцца ў поўнай супярэчнасьці зь інтарэсамі грамадства). У гэтых абставінах мэты грамадства і мэты такой кіраўнічай «эліты» аказваюцца супрацьлеглымі. Кіраўнічая эліта з такімі ўласьцівасьцямі ёсьць ні што іншае, як паразітычная  бюракратыя (гл. малюнак 3.2).

�ал. 3.2.GIF

Мал. 3.2.  Сітуацыя, калі бюракратыя апанавала грамаства і паразітуе на ім. «Выбары» выкарыстоўваюцца толькі для «адвода вачэй».

 

Рэжым кіраваньня ў краіне, дзе пануе паўнаўладзьдзе бюракратыі, можна назваць бюракратызмам.

Улічваючы асаблівасьці псіхічнай арганізацыі сучаснага масавага чалавека (аб гэтым пазьней), бюракратыя можа “выставіць напаказ” таго ці іншага правадара (на “скармліваньне” масе, на адцягваньне ўвагі ад сябе), можа перыядычна праводзіць нібы выбары (малюнак 3.2). Але пры ўсіх абставінах ва ўмовах бюракратызму менавіта бюракратыя, а не грамадства рэалізуе свае інтарэсы, як правіла коштам грамадства.

Такім чынам, галоўнае ў характарыстыцы палітычнай сітуацыі ў краіне – гэта адказ на пытаньне: у імя чыіх інтарэсаў улады рэалізуюць у ёй дзяржаўна-палітычныя паўнамоцтвы!

З гэтых пазіцый можа аказацца, што калі ўлада рэалізуе інтарэс грамадства (нават у дастаткова брутальных формах, нават рэдка раячыся з народам), можа, гэта ўсё ж будзе «больш дэмакратыя», чым калі ўладная група на справе, найчасьцей патаемна, рэалізуе свой прыватна-бюракратычны, паразітны інтарэс, а напаказ (напрыклад, для міжнароднай супольнасьці) перыядычна праводзіць такія-сякія выбары ці дэманструе іншыя фармальныя адзнакі нібы дэмакратызма. Пры гэтым PR-аўскі (і за кошт розных іншых штучак) арганізуецца фармальная падтрымка масай “парводзімага ў краіне курсу”.

Толькі скрайніх выпадкаў такой сітуацыі можна назваць дзясяткі – гэта ўсе краіны былога савецкага блоку плюс Куба, Паўночная Карэя, Лівія, Ірак і г.д. А колькі яшчэ прамежкавых выпадкаў, якія нагадваюць сёньняшнюю Беларусь? Імітацыя дэмакратыі – гэта якраз тое, што мае месца ў Беларусі сёньня (на фоне дыскрэдытацыі дэмакратыі ў масавай сьвядомасьці беларускага грамадства, пра тэхналёгію чаго ўжо ўзгадвалася ў раздзеле 3.1).

Натуральна, такую сітуацыю нельга назваць дэмакратыяй («дэмакратыя – гэта не працэдура»), а толькі паразітны бюракратызмам, які выстаўляе напаказ, нібы маланкаадвод, аўтарытарызм, дыктатуру.

Паразітычны інтарэс бюракратыі, накіраваны ў цалкам супрацьлеглы ад грамадскіх інтарэсаў бок. Калі дадаць сюды менталітэт часаўшчызму (часовасьці знаходжаньня на «добрай пасадзе»), які дамінантай сядзіць у галовах большасьці прадстаўнікоў бюракратыі, а таксама  шмат што іншае, мы атрымаем адказ, чаму паўнаўладзьдзе бюракратыі заканамерна вядзе да пагаршэньня жыцьця грамадства па ўсіх кірунках. На гэтым фоне сапраўды дэмакратычныя краіны (зьмястоўна дэмакратычныя) ўсё больш квітнеюць.

У сучасных умовах бюракратыі цяжка абысьціся без супрацоўніцтва з дэмакратычнымі краінамі. Ёй шмат чаго ад іх трэба. У выніку бюракратыя вымушана адаптавацца да сучасных гуманістычных патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці. Але рабіць яна гэта будзе толькі не ў кірунку дэмакратыі, не ў кірунку перадачы ўладных функцый грамадству (бо гэта супярэчыць яе прынцыповым інтарэсам), а так, каб не згубіць для сябе галоўнае – сваю ўладу. З гэтага тупіку бюракратыя бачыць выйсьце ў імітацыі дэмакратыі, у мімікрыі пад яе (імітацыя, мімікрыя – гэта зьявы капіраваньня формы,  накіраваныя на тое, каб схаваць іншы зьмест). Яна вывучае апошнюю і распрацоўвае адпаведныя спосабы імітацыі дэмакратыі, прыймальныя для яе.

Таму, калі мы будзем канцэнтраваць сваю ўвагу на фармальным выкананьні выбарчых працэдур у час выбараў, на тое, ці існуе падзел улады (фармальна і ён можа быць) і г.д., а ў той жа час будзем зьвяртаць недастатковую ўвагу на тое, што, напрыклад, у так званага Нацыянальнага сходу (лукашэнкаўская імітацыя Парляменту) нават няма права заканадаўчай ініцыятывы (!); калі мы ня будзем зьвяртаць увагу, што задоўга да выбараў расшчапляецца, страўліваецца, аслабляецца апазіцыя; што ўвесь час у прамежках паміж выбарамі з дапамогай самых сучасных PR-тэхналёгій масіравана шызафрэнізуецца, дэмаралізуецца, дэбілізуецца і дэсуб’ектывізуецца грамадства; што ў міжвыбарчы перыяд выдушваюцца ўсе сапраўды незалежныя СМІ; што рэальным уладаром у краіне зьяўляецца не грамадства, а бюракратыя на чале з адным чалавекам і г.д. – мы можам не заўважыць, як рана ці позна (бюракратыя ж ня сьпіць) выбары прыдзецца прызнаць “практычна дэмакратычнымі”. А на справе ў грамадстве на той час проста ўжо ня будзе ніякай дэмакратыі…

Без наяўнасьці зьмястоўных (сутнасных) умоваў для дэмакратыі нельга прызнаваць выбары “дэмакратычнымі”, нават калі па фармальных крытэрах яны праведзены нібы бездакорна!

Гэтая выснова ў значнай ступені выклікана прыкладам цяперашняй беларускай рэчаіснасьці, а таксама апасеньнямі, якія вынікаюць з некаторых назіраньняў за паводзінамі міжнародных назіральнікаў…

Для таго, каб дапускаць меньш памылак тым, хто мала знаёмы з беларускай рэчаіснасьцю ці ў цэлым з прыёмчыкамі бюракратыі (а тэарэтычная верагоднасьць малазнаёмства з такімі праблемамі вельмі высокая – у разьвітых дэмакратыях бюракратыя, як правіла, знаходзіцца пад жорсткім кантролем істотна больш суб’ектнага грамадства ды ўладальнікаў вялікага капіталу і таму ня можа прадэманстраваць усіх «сваіх магчымасьцяў» у поўным абьёме), прапаную класіфікацыю альтэрнатываў дэмакратыі, прадстаўленую ў табліцы 3.2.

Табл. 3.2.GIF 

З аналізу дадзенай табліцы зноў атрымліваецца, што ключавым пытаньнем (тэарэтычным пытаньнем пад № 1, але зь вялікімі практычнымі наступствамі…) зьяўляецца пытаньне зьместу дэмакратыі. Адказ на яго не ляжыць на паверхні грамадскага жыцьця. Такі адказ трэба шукаць адмыслова…

Акрамя таго, у адпаведнасьці з табліцай атрымліваецца, што наша накіраванасьць на аўтарытарызм і дыктатуру “як асноўных ворагаў дэмакратыі”, можа быць прычынай істотных памылак. З табліцы бачна, што бюракратыя проста аддае дэмакратычныя формы дыктатуры на “расшарпаньне”, каб “пад шумок” пакарыстацца аслабленьнем грамадства, – мець усе “плады” ад пераўтварэньня грамадства ў аб’ект, у асяродзьдзе для свайго бюракратычна-паразітычнага жыцьця.

Вось ён – механізм “сімбіёзу” дыктатуры і бюракратыі.

Дыктатура – гэта проста “агрэсіўна размаляваная шырма”, за якой хаваецца сапраўдны паразіт, – бюракратыя. Апошняя выкарыстоўвае дыктатуру інструментальна (як і грамадства) для таго, каб, прыкрыўшыся ёй, штодзённа і ціха рабіць сваю брудную, дэкструктыўную справу…

Асабліва добра гэта бачна на прыкладзе сёньняшняй сітуацыі ў Беларусі. Аб гэтым больш дакладна будзе пазьней. А цяпер затрымаемся толькі на адным моманце, які раскрывае механізм супрацоўніцтва бюракрытыі й дыктатуры – гэта дэпрэсіўны PR-аўскі ўплыў на грамадства. 

Калі зыходзіць з рацыянальных пазіцый, дык сапраўды, навошта дыктатару разбураць пад сабой (!) грамадства? У яго ж ёсьць усе рычагі ўлады для сілавога (сапраўды дыктатарскага!) кантролю грамадства. Дык не, трэба ж яшчэ і грамадства PR-аўскі аслабляць. Навошта? А на гэтым настойвае бюракратыя.  Няхай сабе ва ўмовах сёньняшняй Беларусі  гэта ў большай ступені робіць ня столькі мясцовая, колькі паралельна з уплывам на сваё грамадства расейская імперская бюракратыя, але гэта ніяк не мяняе сутнасьці таго, што адбываецца, – бюракратыя кроўна зацікаўлена ў аслабленьні грамадства.

А як яна можа зацікавіць дыктатара “апускаць” грамадства? А яна яму нашэптвае, што калі ён ня будзе так рабіць, дык са здаровага грамадства яму будзе ісьці пастаянная пагроза. Маўляў, для вашай жа бясьпекі, тов.дыктатар, “давайце нейтралізуем грамадства, давайце яго дэнацыяналізуем, дэальтруізуем, дэсуб’ектывізуем, давайце не дадзім яму стаць эканамічна незалежным…, а для гэтага давайце зробім яму шызафрэнізацыю, дэмаралізацыю, дэбілізацыю і г.д.” Дыктатар згаджаецца (канешне, гэта на яго ж інтарэс таксама накіраваны прапануемыя мерапрыемствы), а бюракратыя ціха пацірае рукі… Дыктатару пры гэтым можа быць і няўцям, што ідзе гнюснае разбурэньне, некрафілізацыя (па Фрому) грамадства, якое ў яго першапачатковыя планы магло і не ўваходзіць. Ён аніяк ня можа зразумець (на прыкладзе Лукашэнкі гэта асабліва добра бачна), “як гэта так – у грамадстве, якое поўнасьцю знаходзяцца пад яго такім “харошым” кантролем, чамусьці падае вытворчасьць працы, разбураецца эканоміка, расьце злачыннасьць, пьянства, бескультур’е, дзяржава ўсё больш бяднее і г.д.”. Але ськеміць, што на самай справе адбываецца, што ён выкарыстоўваецца як прылада значна больш хітрай і подлай сілай – ён ня можа. Дыктатары, звычайна, вельмі тупыя (ну, на ўсялякі выпадак скажам мякчэй – абмежаваныя) людзі…

Шмат у дэмакратыі сур’ёзных ворагаў. Але значэньне іх рознае, і блытаць іх нельга.

Бык на арэне карыды можа блытаць значэньне для яго тарэадора (свайго галоўнага ворага) і анучы, якой той трасе. Грамадства таксама можа блытаць значэньне бюракратыі і дыктатуры. Але той, хто залічвае сябе да эліты грамадства, – не…

У сувязі з прадстаўленымі вышэй развагамі напрошваюцца як мінімум два праекты практычных рэкамендацый:

1. Трэба істотна памяняць праграмы і методыкі адукацыі апазіцыі. Навучаньне стандартным (класічным) тэхналёгіям, прынятым у краінах з устойлівымі дэмакратычнымі сістэмамі й рынкавымі эканомікамі, зьяўляецца малавыніковымі для краін, тыпу Беларусі. Прычына – вялікая насычанасьць такіх краін ворагамі дэмакратыі, якія навучыліся імітаваць дэмакратызм. Трэба распрацаваць такія праграмы навучаньня, якія б дазволілі апазіцыі сваёй дзейнасьцю пераігрываць бюракратыю.

2. Пры ацэнцы ўзроўню дэмакратычнасьці краіны галоўную ўвагу трэба зьвяртаць на наяўнасьць ці адсутнасьць прыкмет «дэмакратычнага фона» (прадстаўлены ў першую чаргу пп. 1, 2.1, 2.2 табліцы 3.2). Гэта варта рабіць для прыняцьця правільнага рашэньня нават адносна прызнаньня ці непрызнаньня выбараў дэмакратычнымі (п. 2.3). Наяўнасьць фармальных рысаў «беззаганнасьці выбарчых працэдур», але адсутнасьць дастаткова дэмакратычнага фона ў краіне павінна весьці да НЕпрызнаньня выбараў міжнародна супольнасьцю.

У сваю чаргу аб’ектыўная ацэнка агульнага дэмакратычнага фона ў краіне павінна быць заснаваная на высьвятленьні наступных пытаньняў:

ці не «задурана» грамадства (а калі задурана, дык на колькі) сучаснай чорнай PR-аўшчынай, якую арганізуе ўлада і якая накіравана на пераўтварэньне грамадства ў дэзарганізавае, дэзарыентаванае месіва-насельніцтва, якое здольна толькі “маліцца” на ўладароў? Ці не навязаны грамадству штучныя сьхемы рэчаіснасьці?

ці не расшчэплена штучна грамадства на варагуючыя групы?

ці ня здушаны (тым ці іншым чынам) незалежныя СМІ?

ці не праводзіцяцца ўнутры палітычнай апазіцыі мерапрыемствы па яе расшчапленьню, страўліваньнію, маральнаму распаду, дыскрэдытацыі, і ў цэлым, аслабленьню?

ці мае апазіцыя доступ да дзяржаўных СМІ?

ці не перашкаджае кіраўнічы рэжым арганізоваўвацца дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці ў выглядзе разнастайных NGOs?

ці не перашкаджае дзяржаўнае кіраўніцтва ўтварэньню незалежных прафсаюзаў і рэлігійных канфесій, якія непадпарадкаваны ўладзе?

і г.д.

 

3.2.3.  Праблема выкарыстаньня  магчымасьцяў дэмакратыі. Уласьцівасьці  грамадскай  масы.

Дэмакратыя стварае магчымасьці для грамадскага разьвіцьця (у гуманістычным і тэхналагічным асьпектах).

Адсюль паўстае яшчэ адно прынцыповае пытаньне, без адказу на якое немагчыма ўсур’ёз разважаць пра дэмакратыю. Яно можа гучаць так: у якой ступені само грамадства можа карыстацца магчымасьцямі дэмакратыі?

Бо рэалізаваць свае магчымасьці ў азначаным кірунку дэмакратыя можа толькі з дапамогай самаго ж грамадства (праз яго).

Атрымліваецца па формуле: Магчымасьці Дэмакратыі + Грамадства = Рух у кірунку Мэты грамадства.

А што на практыцы?

Паспрабуем, хаця б сьхематычна, адказаць на дадзенае пытаньне. Пачнем з каштоўнасьцяў грамадства.

Некалькі валюнтарысцкі можна запрапанаваць погляд, што каштоўнасьці грамадства складаюць сістэму, кампанентамі якой у сваю чаргу зьяўляюцца: аб’ектыўныя кантоўнасьці грамадства – яго мэты, яго аб’ектыўны інтарэс – тое, што «цікава» грамадству, як цэласнай адзінцы пры «поглядзе» ў будучыню; і яго суб’ектыўныя каштоўнасьці – тое, што цікава грамадзянам, якія разам утвараюць грамадства. Больш таго, суб’ектыўныя каштоўнасьці грамадзянаў могуць быць усьведамляльнымі й неўсьведамляльнымі.

Суадносіны паміж названымі кампанентамі пададзены на малюнку 3.3.

Ð�ал. 3.3.GIF 

Мал. 3.3. Кампаненты сістэмы грамадскіх каштоўнасьцяў і адпавядаючыя ім характарыстыкі.

 

Любое навуковае сацыя-псіхалягічнае дасьледваньне напэўна пацьвердзіць, што ў час выбараў каштоўнасьці вышэйшага гатунку (мэты грамадства, яго сапраўдны, аб’ектыўны інтарэс) не ўспрымаюцца большасьцю грамадзян – легітымнымі носьбітамі права вырашаць лёс грамадства – у якасьці крытэраў, на падставе якіх трэба рабіць свой палітычны выбар. Грамадзяне ў гэты рашаючы момант, як правіла, не ўспрымаюць грамадскія мэты як свае ўласныя каштоўнасьці. Больш таго, аб’ектыўны інтарэс грамадства і ня можа быць успрыянты ўсімі грамадзянамі як іх уласны, суб’ектыўны інтарэс. Пры гэтым грамадства вельмі кансерватыўна, нібы весь час імкнецца застацца ў мінулым (а яшчэ, калі сюды дадаецца стан узбуджанасьці грамадства, яго амасаўленьня, страху за будучыню сваю і дзяцей, і г.д., якія накідаюцца яму з дапамогай адмысловых PR-тэхналогій паразітнай уладай…).

Так на сёньня пабудавана псіхіка грамадскай масы (пра яе асаблівасьці адмыслова пазьней).

Гэтыя рысы грамадства (негатыўнасьць якіх выступае на фоне мэтаў, скіраваных у будучыню) асабліва выразна праявілі сябе ў нядаўняй беларускай гісторыі. Калі беларускаму народу лёс падараваў унікальны шанец вярнуць самастойнасьць пасьля стагодзьдзяў каланіяльнага рабства і пачаць жыць у імя ўласных інтарэсаў, менавіта дадзеныя кансерватыўныя псіхічныя рысы грамадскай масы былі выкарыстаны расейскай імперскай бюракратыяй і набліжанымі да яе паразітнымі сіламі ў Беларусі й за яе межамі, як прылада для зьдзяйсьненьня палітычнага рэваншу. У выніку, сёньня беларуская дзяржава – найвышэйшая каштоўнасьць беларускага грамадства – усё яшчэ надзейна ня выйшла на шлях самастойнага разьвіцьця, а працягвае заставацца на мяжы існаваньня-зьнікненьня.

Такім чынам, галоўная прычына таго, што грамадства, калі яно ўяўляе сабой  простую суму асобных грамадзян, ня можа эфектыўна карыстацца магчымасьцямі дэмакратыі для руху ў кірунку сваёй мэты, заключаецца ў тым, што паўнавартаснае грамадства (як складаная цэласная структура) зьяўляецца сістэмай істотна больш высокага ўзроўню, чым узровень абсалютнай большасьці звычайных людзей, якія зьяўляюцца кампанентамі грамадства. Інтарэсы грамадства ўспрымаюцца грамадзянамі як абстрактныя, малаістотныя катэгорыі, затое  свае  суб’ектыўныя праблемы (найчасьцей, праблемы сёньняшняга дня) ўспрымаюцца як сапраўды важкія, «злабадзённыя». У выніку, у час выбараў, калі трэба прымаць рашэньні ў інтарэсах грамадства як цэласнай сістэмы, рашэньні прымаюцца «грамадствам» як простай сумай грамадзян (і гэта яшчэ ў лепшым выпадку…).

Атрымліваецца, што формула, якая прыведзена ў пачатку дадзенага раздзела (Магчымасьці Дэмакратыі + Грамадства = Рух у кірунку Мэты грамадства), не спрацоўвае па прычыне таго, што не ідэяльнае грамадства, а, як правіла, грамадская маса рэальна ўдзельнічае ў яе рэалізацыі! Вось ён, зьмест супярэчнасьці, якая зьвязана з рэалізацыяй магчымасьцяў дэмакратыі. І вось яна яшчэ адна праблема дэмакратыі…

Атрымліваецца, дэмакратыя – адна з найважнейшых каштоўнасьцяў грамадства, але яна застаецца ў значнай ступені нерэалізаванай, патэнцыйнай, таму што грамадская маса карыстацца ёй у інтарэсах грамадства, як сістэмы (а г.зн., у сваіх жа аб’ектыўных інтарэсах) яшчэ ня ўмее.

Ня будзем забываць стала дадаваць да апісанай сітуацыі ўсім зразумелы факт, што дэмакратыю ўвесь час імкнуцца вырваць з рук грамадства самыя розныя соцыяпаразіты – яе галоўныя ворагі.

 

3.2.4. Дэмакратыя не ідэяльная, а практычная.

Такім чынам, маем супярэчнасьць.

Калі вызначаецца лёс грамадства (хаця б на бліжэйшыя 5 год), аб’ектыўна адбываецца апора на тых, хто вызначаць гэтую будучыню, як правіла, аб’ектыўна ня можа… А адсюль атрымліваецца, што абапірацца на грамадскую масу ў працэсе рэалізацыі агульнаграмадскага інтарэса мы вымушаны, але гэта амаль бессэнсоўна!

Парадокс?

Праверым у іншай форме. Каб забясьпечыць грамадскі прагрэс, трэба, каб грамадства рухалася ў кірунку сваёй мэты. Забясьпечыць дадзены рух можа толькі само грамадства. Для таго, каб пры гэтым рух адбываўся ў правільным кірунку, грамадства павінна ўмець карыстацца дэмакратыяй – г.зн. выкарыстоўваць магчымасьці дэмакратыі ў адпаведнасьці са сваімі (грамадства) аб’ектыўнымі інтарэсамі. Але атрымаўшы доступ да дэмакратычных механізмаў грамадства рэальна можа карыстацца імі зыходзячы са сваіх суб’ектыўных інтарэсаў. У выніку грамадства як правіла рухаецца далёка ў кірунку сваёй мэты…

Усё гэта малюе, здавалася б, даволі песімістычную перспектыву. Нават калі мы тэарэтычна правільна вызначым мэты грамадства, калі навукова правільна  вызначым зьмест і магчымасьці дэмакратыі, нават, калі ідэяльна-правільна пабудуем усю сістэму ўяўленьняў пра тое, якой павінна быць дэмакратычная сістэма ў грамадстве, каб спрыяць рэалізацыі мэты грамадства, – мы ўсё роўна ўпрэмся ў праблему: хто і як будзе рэалізоўваць усе гэтыя няхай сабе й выдатныя, навуковыя распрацоўкі.

Вырвацца з парадоксу традыцыйным чынам немагчыма. Патрэбна нетрадыцыйнае рашэньне. І яно ў тым, каб утварыць элітарную групу (партыю) зь людзей, якія лепш, чым грамадства, усьведамляюць і цэняць значэньне аб’ектыўных агульнаграмадскіх  каштоўнасьцяў. Гэта група-партыя павінна заняць важнейшыя дзяржаўныя пасады.

Атрымліваецца формула: Магчымасьці Дэмакратыі + Рэальнае Грамадства + Ідэяльная Партыя à Рух у кірунку Мэтаў грамадства.

Каб пайсьці па гэтым шляху, трэба:

1. Выявіць аб’ектыўныя мэты грамадства.

2. Скласьці палітычную праграму, адпавядаючую ім;

3. Сабраць дастаткова велькую групу людзей, якія гатовыя ахвяраваць часткай сваіх асабістых інтарэсаў на зьдзяйсьненьне дадзенай праграмы;

4. Выйграць выбары, атрымаць уладу;

5. У час знаходжаньня ва ўладзе зрабіць максімальна магчымае, каб:

зрушыць грамадства ў кірунку яго мэты,

і так удасканаліць дэмакратычныя механізмы, так падвысіць узровень грамадства, каб забясьпечыць устойлівасьць дэмакратыі й падвысіць яе магчымасьці як інструмента грамадскага прагрэсу.

Вось такім чынам, праз падзел роляў – за рух у кірунку аб’ектыўных мэтаў грамадства цяпер адказвае сапраўдная дэмакратычная партыя, а за легітымнасьць знаходжаньня ва ўладзе такой партыі адказвае грамадства – магчыма практычна вырашыць праблему апісанага вышэй «заганнага кола». 

Але сітуацыя ўскладняецца трыма абставінамі (цяпер ужо для партыі):

1. Ідэяльнай партыі ня можа быць. Паколькі любая група можа складацца з рэальных людзей, якія заўсёды маюць тыя ці іншыя індывідуальныя недахопы, любая партыя можа больш ці меньш набліжацца да той, якая ідэяльна неабходна грамадству. Таму далей такую ідэяльна-рэальную партыю мы будзем называць «правільнай, лепшай».

2. Выбары адбываюцца ў сітуацыі, калі на палітычным полі дзейнічае акрамя  «лепшай партыі» яшчэ і партыі, якія прадстаўляець суб’ектыўныя інтарэсы асобных групаў грамадзян, якія праз палітычную ўладу імкнуцца рэалізаваць свае суб’ектыўныя інтарэсы (пры гэтым тых, хто распараджаецца дзяржаўнай уладай, можна лічыць прадстаўнікамі адной з такіх канкуруючых партый-груп). Гэта трэба прыняць як дадзенасьць, бо толькі ў такой форме і можа праяўляць сябе рэальная дэмакратыя.

3. У такіх абставінах любая «правільная» партыя ў час выбараў вымушана прэзентаваць грамадству ня столькі яго аб’ектыўныя каштоўнасьці, колькі абяцаць рэалізацыю суб’ектыўных інтарэсаў грамадзян (маючы дачыненьні з «рэальным грамадствам» як сумай грамадзян, аб’ектыўна даводзіцца некалькі «заігрываць» з грамадствам). Без гэтага ніякая партыя ня можа разьлічваць мець шанцы на посьпех. Мала таго, у такім своеасаблівым заігрываньні «правільная» партыя павінна быць лепш за іншыя…

Па мне, вось такая складаная сітуацыя завецца практычнай дэмакратыяй.  Яе не апісвае папярэдняя формула. Для апісаньня сітуацыі практычнай дэмакрытыі больш адпавядае формула:

Магчымасьці Дэмакратыі + Рэальнае Грамадства (адказвае за легітымнасьць улады) + «Правільная» Партыя (якая лепш за іншыя палітычныя сілы здольна адказваць за рух грамадства ў кірунку яго мэтаў) + Іншыя Партыі (у тым ліку Ўлада), якія імкнуцца рэалізаваць суб’ектыўны інтарэс асобных грамадскіх груп = Барацьба за Рух у кірунку Мэтаў грамадства.

Менавіта такая дэмакратыя якраз і прысутнічае ў большасьці сучасных дэмакратычных краінах сьвету (нам у Беларусі яшчэ і да такой далёка…). Пры гэтым яна стварае сітуацыю толькі рэальнай магчымасьці барацьбы за аб’ектыўныя інтарэсы грамадства, не гарантуючы посьпеху

Практычная дэмакратыя падкрэсьлівае вялікае значэньне палітычных партый для рэальнага выкарыстаньня магчымасьцяў дэмакратыі й настройвае на палітычную барацьбу, без якой (і гэта трэба прыняць, як дадзенасьць) немагчыма дасягнуць ніякай, нават самай сьвятой мэты.  Менавіта на такое ўспрыняцьце палітычнай рэчаіснасьці павінны настроіцца ўсе ідэялісты і рамантыкі, гатовыя ахвяраваць сабой дзеля аб’ектыўных інтарэсаў свайго грамадства (народу), асабліва, калі яны не проста жадаюць ахвяраваць, а жадаюць чаго-небудзь дасягнуць



3.2.5.  Навука і палітычная  практыка.

Прадстаўнікі «правільнай партыі» аб’ектыўна павінны быць зацікаўлены ў максімальнай выніковасьці сваёй дзейнасьці (альтэрнатыўная лёгіка проста ня мае сэнсу). Зыходзячы з гэтага і з рэальных абставін, у якіх ім прыйдзеца дзейнічаць, яны павінны быць накіраваны, як мінімум:

на максімальна добрае асэнсаваньне (дайсьці да ісціны) і ўсьведамленьне (укараненьне ва ўласную сьведамасьць) аб’ектыўных мэтаў грамадства, якое неабходна і ў час будаваньня партыі, і ў час змаганьня за ўладу, і яшчэ больш – у працэсе рэалізацыі дзяржаўнай улады;

і на максімальную выніковасьць сваёй практычнай дзейнасьці на рэальным грамадска-палітычным полі (з улікам усіх абставін, зьвязаным і з рэальным грамадствам, і са сталай канкурэнцыяй зь іншымі «няправільнымі» партыямі).

Здавалася б, у абодвух выпадках галоўная роля належыць ведам і практычным уменьням. Але тут высьвятляецца, што ідэалагічныя веды і практычныя палітычныя навыкі не заўсёды зьвязаны ў адзінае цэлае. Бываюць сітуацыі ня толькі «і–і», а і «альбо–альбо». Паколькі ў навуцы няма нічога вышэй за навуковую, чыстую праўду, а ў палітыцы няма нічога важней за практычны вынік, які рэальна павінен набліжаць грамадства да перамогі праўды і справядлівасьці, у сучаснай палітычнай рэчаіснасьці, бывае, што «праўда» і абумоўленая ёй «неабходнасьць» уступаюць у супярэчнасьць, аказваюцца рознымі рэчамі.

Як  паказве практыка, у сёньняшніх беларускіх рэаліях небясьпечна карыстацца формулай, на якой настойваў адзін вядомы дзеяч (дарэчы, дзе ён цяпер?): «Народу трэба казаць усю праўду…». Лепш карыстацца формула: «Калі сапраўды любіш свой народ, трэба яму казаць тое, што неабходна, каб узмоцніць яго і палепшыць яго жыцьцё…».

Усе ідэялісты, якія гэтага не спасьціглі, – палітыкамі не зьяўляюцца…

Адсюль атрымліваецца, што для таго, каб зьдзяйсьняць аб’ектыўныя мэты грамадства, «правільная» партыя мусіць перанесьці ўнутр сябе апісаныя вышэй галоўныя грамадскія супярэчнасьці (памятаеце?: паміж ідэялёгіяй і палітыкай; унутрыпалітычная супярэчнасьць – калі вызначаецца лёс грамадства, рэальна адбываецца апора на масу, якая вызначаць гэтую будучыню аб’ектыўнай магчымасьці ня мае…) і пастаянна вырашаць яе там унутры сябе (як? пра гэта іншым разам). Супярэчнасьць аб’ектыўная, і проста адкінуць яе немагчыма.

Такім чынам, унутры «правільнай» партыі атрымліваецца аб’ектыўны падзел на дзьве групы пытаньняў, якія павінны вырашацца ў межах двух асобных падыходаў (гл. малюнак 3.4):

1. Што такое аб’ектыўныя грамадскія мэты? Што трэба рабіць (зьместоўна), каб яны рэалізоўваліся? У якім кірунку трэба разьвіваць дэмакратыю, каб яе ўдасканаліць і каб яна лепш служыла мэтам грамадства? (Гэтыя пытаньні трэба вывучаць у сьферы ідэалогіі, як чыста навуковыя ці навукова-тэарэтычныя. Пры іх вырашэньні асноўны крытэр прафесіяналізму –  максімальнае набліжэньне да навуковай праўды).

2. Што трэба зрабіць (як выглядаць? што казаць? дзе і як агітаваць? што папярэдне зрабіць?), каб за цябе прагаласавала бальшыня выбаршчыкаў? Што трэба рабіць (па форме), каб ва ўмовах заняцьця кіраўнічай пасады зрабіць максімум аб’ектыўна неабходнага для грамадства, і каб цябе працягвала падтрымліваць большасьць грамадзян? (Гэтыя пытаньні трэба вывучаць як навукова-палітычныя ці навукова-практычныя. Асноўны крытэр прафесіяналізму ў іх вырашэньні – максімальны палітычны вынік).

Ð�ал. 3.4.GIF 

Мал. 3.4. Дзьве групы праблем, якія стаяць перад «правільнай»  партыяй. Першая (пазначана 1) – гэта праблемы пераходу ад розных форм недэмакратыі да дэмакратыі; другая (пазначана 2) – гэта праблемы, зьвязаныя зь неабходнасьцю дасканаленьня сучаснай «класічнай» дэмакратыі заходняга ўзору. З пазіцый цяперашняга стану беларускай рэчаіснасьці першая група праблем успрымаюцца як навукова-практычныя, а другая – як выключна навуковыя, тэарэтычная.

 

Прадстаўнікам «правільнай» партыі нікуды не падзецца, каб спраўляцца з гэтай   «шызафрэніяй» і каб ня даць ворагам дэмакратыі выкарыстаць яе для  самаразбурэньня «лепшай» партыі… Гэта вялікая аб’ектыўная праблема такой партыі… Майстэрства яе лідараў якраз павінна выяўляцца ва ўмельстве гарманічна (без сутыкненьняў) і на максімальна высокім узроўні вырашаць абедзьве гэтыя праблемы.

Стратэгія памяньшэньня «шызафрэнічнай праблемы» ў партыі – гэта акцэнтуацыя ўвагі грамадства (прапагандысцкімі метадамі) на яго аб’ектыўных мэтах, гэта адукацыя грамадства, а таксама праца над тым, каб кожны сябра партыі выразна бачыў розьніцу паміж веданьнем навукой праўды пра аб’ектыўныя мэты грамадства, кірункам эвалюцыі дэмакратыі (з аднаго боку) і палітычнай практыкай, дзе галоўнае – практычны вынік (з другога).

Давайце паспрабуем коратка разгледзець абедзьве дадзеныя праблемы.

Пачнем з першай.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы