Алесь Астроўскі
7. БЕЛАРУСКІ ШЛЯХ ДА ПЕРАМОГІ (aб палітычнай праграме з узроўню апазіцыі)
Перамога нам ня здрадзіць,
нам бы ня здрадзіць ёй
7.1. Некаторыя палажэньні стратэгічнай палітычнай праграмы
Калі сёньня які-небудзь палітычны дзеяч разьлічвае проста дачакацца лепшай сітуацыі, калі, напрыклад, як у 1991 годзе наша грамадства ў выніку вонкавых падзей раптам вызвалілася ад шмат чаго штучнага і шкоднага – ён кепскі палітык. Па-першае, сучасныя псіхатэхналогіі й СМІ дазваляюць трымыць людскую масу ў любым стане, раскалваць яе, укараняць любыя міфы, рабіць зь ёй усё, што заўгодна, а па-другое, жадаючых папаразітаваць на нашым грамадстве па-ранейшаму хоць адбаўляй… Таму найбольш вартаснай ёсьць актыўная пазіцыя беларускага палітыка, накіраваная на самастойнае стварэньне станоўчай персьпектывы для сябе і беларускага грамадства. У цэлым мы павінны весьці справу так, каб усё больш станавіцца СУБ’ЕКТАМ свайго ўласнага жыцьця.
Перамагчы такую сілу, якой ёсьць расейская імперская бюракратыя, можна толькі тады, калі будзеш знаходзіцца на больш высокім узроўні барацьбы, чым яна (будзеш над ёй). А гэта значыць, што ў нас павінна быць лепшая ідэалогія, лепшая палітычная і эканамічная праграмы, лепш падрыхтаваныя кадры, лепшая арганізацыя. У вачох нашага грамадства мы павінны выглядаць сапраўднай АЛЬТЭРНАТЫВАЙ чужынскаму, акупацыйна-каланіяльнаму рэжыму. Для гэтага дзеяньні ўсіх тых, для каго расейская імперская бюракратыя агульны вораг, павінны быць, як мінімум, дастаткова скаардынаванымі й прафесійнымі.
На азначаным шляху з пазіцый зьместу вышэй апісанай беларускай палітычнай сітуацыі (барацьба нацыянальнай эліты з расейскай імпэрскай бюракратыяй за будучыню беларускага грамадства-народу) стратэгічна важным бачыцца дасягненьне некалькіх асноўных задачаў, якія ў цэлым складаюцца ў стратэгічную палітычную праграму першага (да часу ўзяцьця ўлады) перыяду.
У адпаведнасьці з дадзенай праграмай трэба:
1. Стварыць Праграмны вобраз будучай Беларусі, які б максімальна дакладна апісваў усе асьпекты будаўніцтва будучай беларускай дзяржавы, і сабраць вакол дадзенай праграмы максімальна шырокае кола палітычных сіл. Стварыць сістэму падрыхтоўкі ўласных прафесійных кадраў – будучых дзяржаўных служачых, маючых нацыянальна-дзяржаўнае мысьленьне і здольных эфектыўна кіраваць Беларусьсю пасьля прыходу да ўлады дэмакратычных сілаў. Апошняе можна дасягнуць праз эфектыўнае навучаньне тых, хто знаходзіцца сёньня ў шэрагах апазіцыі. І іншыя дзеяньні;
2. Вярнуць нашаму беларускаму народу-грамадству такі сьветагляд, у якім:
– беларускае грамадства ўспрымае само сябе цэласным і самакаштоўным;
– самастойная дэмакратычная Беларуская Дзяржава зьяўляецца найвышэйшай грамадскай каштоўнасьцю;
– расейская імперская бюракратыя ўспрымаецца ў якасьці галоўнага ворага ўсіх грамадзян Беларусі;
– перавагае жаданьне быць самастойнымі (ці інтэгравацца зь еўрапейскімі краінамі);
– нацыянальна-дэмакратычная апазіцыя ўспрымаецца як «свае, надзейныя хлопцы», якія сапраўды будуць клапаціцца пра беларускае грамадства (народ) і якія не здрадзяць, не прададуць…
3. Імкнуцца аслабіць расейскую імперскую бюракратыю ці хаця б аслабіць яе агрэсіўныя намер апанаваць Беларусь.
З дадзенай палітычнай праграмы найбольш важкімі зьяўляюцца першыя дзьве задачы. Па-першае, яны найбольш рэалістычныя, а па-другое, толькі пасьля дасягненьня дадзеных задач беларуская нацыянальна-дэмакратычная апазіцыя стане выглядаць для нашага грамадства сапраўднай альтэрнатывай сёньняшняму дэструктыўнаму рэжыму – а гэта значыць, што рэалізуючы менавіта дадзеныя праграмныя задачы, мы абіраем найбольш эфектыўны палітычны шлях.
Што да 3-й задачы, дык дзякуй усім тым, хто яе зьдзяйсьняе, маючы большыя рэсурсы, чым мы…
Калі ўлічыць, што ў любой барацьбе (у палітычнай – тым больш) прысутнічаюць два кірункі: дэструктыўны і канструктыўны – дадзеную палітычную праграму можна падаць і ў таблічным варыянце (табліцу 7.1).
Варта толькі дадаць, што пры гэтым канструктыўная дзейнасьць усё ж галоўная!
Калі не сёньня, дык заўтра.
Але сёньня лепш…
8. Выбары – гэта шанец (альбо Што рабіць у час выбарчай кампаніі)
8.1. Не змарнаваць магчымасьці выбарчай сітуацыі…
Можна не сумнявацца, што ў выбарах у мясцовыя органы ўлады, якія набліжаюцца, існуючы рэжым выкарыстае большасьць метадаў (калі ня ўсе вядомыя і не дадатковыя), якія ён выкарыстоўваў для дасягненьня сваіх мэт падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Таму разьлічваць на значны посьпех нацыянальна-дэмакратычных сіл у маючых адбыцца выбарах (калі посьпехам лічыць праход пэўнай колькасьці дэмакратычна настроеных людзей у мясцовыя рады) не даводзіцца. Акрамя таго, значэньне органаў мясцоваў улады, якія поўнасьцю падпарадкаваныя «прэзідэнцкай вертыкалі», у сучасных палітычных абставінах малаістотнае.
Таму стратэгія будучых выбараў павінна будавацца ня столькі на праходзе апазіцыйных кандыдатаў у «мясцовую ўладу», колькі на выкарыстаньні выбарчай сітуацыі для эфектыўнага выпраўленьня штучнага сьветагляду, намоўленага беларускаму грамадству паразітнымі сіламі. Выбарчая сітуацыя стварае значна больш магчымасьцяў нацыянальна-дэмакратычным сілам, каб зрабіць істотны прарыў у інфармацыйна-псіхалягічнай вайне. І гэтую магчымасьць трэба выкарыстоўваць!
Таму ва ўмовах выбару паміж дзьвюма стратэгіямі – змагацца за праходжаньне кандыдата ці працаваць над санацыяй інфармацыйна-псіхалагічнай прасторы – стаўку трэба рабіць менавіта на другое. Тым больш, што другое можа аказацца найбольш эфектыўнай формай агітацыі, якая будзе найлепшым чынам спрыяць падвышэньню верагоднасьці пасьпяховага праходжаньня кандыдата ў дэпутаты…
Адсюль рэйтынг перадвыбарчых стратэгій апазіцыі павінен быць такім:
Першае па значнасьці: распаўсюджаньне ў масавай сьведамасьці грамадства такога сьветагляду, які адпавядае яго аб’ектыўным інтарэсам (карэктыроўка сьветагляду грамадства).
Другаснае па значнасьці: змаганьне за трапленьне ў склад мясцовых органаў улады прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі (паказ грамадству, «які я харошы…»).
Больш таго, хачу заранёў папярэдзіць, што імкненьне замяніць дадзеную пасьлядоўнасьць прыярытэтаў на адваротную, будзе галоўнай стратэгіяй дзейнасьці спецслужбаў у шэрагах апазіцыі (каб проста ў чарговы раз змарнаваць час і высілкі)… І калі «актывісты апазіцыі» абмяжуюць сваю дзейнасьць на час мясцовых выбараў толькі другой задачай, то яны будуць рабіць якраз тое, што прапісана «вонкавым сцэнаром».
Але ў такой сітуацыі вы – аб’ект чужой гульні… Вы – футбольны мяч на полі, а не гулец у футбол. Адчуваеце розьніцу?
Калі ж вы жадаеце пагуляць у футбол у якасьці самастойнага гульца ды яшчэ у найбольш персьпектыўнай камандзе, прапаную, каб у інфармацыйна-псіхалагічнай вайне вы далучыліся да той справы, якая сапраўды патрэбная нашаму грамадству і якая адпавядае нашай стратэгіі й нашым мэтам!…
Падрыхтуйцеся да таго, што ў гэтым выпадку вонкавыя сцэнарысты будуць страшэнна незадаволеныя. Але гэта іх праблемы…
Дарэчы, яшчэ раз падкрэсьлю, зрабіць трэба няшмат. Трэба, каб у рэйтынгу задачаў, якія будуць рэалізоўвацца ў час выбарчай кампаніі, – агітацыя за Беларускую Дзяржаву і супраць расейскай імперскай бюракратыі (1-я задача) і агітацыя за сябе, як «будучага харошага дэпутата мясцовага савета» (2-я задача) – першая задача заўсёды заставалася прыярытэтнай, галоўнай! [як бачыце, гэта ўсё было сфармулявана яшчэ ў 2002 годзе. – Рэд.]
8.2. Галоўная задача на выбарчы перыяд
Калі вы прыймаеце пададзеную расстаноўку акцэнтаў, дык падрыхтуйцеся да таго, каб ў бліжэйшых выбарах вярнуць грамадству сьветаглядную сьхему, якая адпавядае рэчаіснасьці й ёсьць дастаткова простая:
1. Беларускае грамадства – гэта цэласная, самакаштоўная і непаўторная частка агульналюдскай цывілізацыі, неабходная і кожнаму жыхару Беларусі для яго паўнавартаснага жыцьця, і ўсяму чалавецтву. Ядром беларускага грамадства зьяўляецца беларускі народ. Без яго беларускае грамадства быць ня можа;
2. Галоўным «інструмантам», з дапамогай якога беларускае грамадства можа забясьпечыць сабе матэрыяльны і маральны дабрабыт, зьяўляецца яго беларуская дзяржава. У захаваньні і разьвіцьці паўнавартаснай беларускай дзяржавы – стратэгія вырашэньня большасьці індывідуальных праблем усіх грамадзянаў Беларусі. У гэтым яе непараўнальна вялікая, стратэгічная каштоўнасьць для ўсіх нас;
3. Мы – беларускія грамадзяне – павінны быць сапраўднымі, адказнымі гаспадарамі на сваёй уласнай беларускай зямлі. Застаючыся паўнавартаснымі гаспадарамі ў сваім уласным доме, мы павінны цывілізавана і ўзаемакарысна супрацоўнічаць і з Расеяй, і з Украінай, і з Прыбалтыкай, Польшчай, і з Еўропай і з усім сьветам. Мы гэта ўсё у стане рабіць. Ніякіх абьектыўных перашкодаў для гэтага няма!
4. У Беларусі шмат разумных і высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія б маглі нашмат лепш кіраваць дзяржавай, выкарыстоўваючы ўсе нашыя магчымасьці, чым гэта адбываецца цяпер. Гэта сапраўды «нашы хлопцы», якім можна давяраць, якія ня будуць супраць, каб іх правяралі (бо не зьбіраюцца красьці ва ўласнага народу). Іх трэба вылучаць на кіраўнічыя пасады.
5. Каб не пагоршыць наша становішча, мы ні за што не павінны аддаваць нашу зямлю, нашы заводы, фабрыкі, транзітныя шляхі, нашыя лясы, палі, рэкі і азёры, усю нашую маёмасьць расейскім алігархам-крымінальнікам. Мы ні за што не будзем «інтэгравацца» з Расеяй, каб зноў не папасьці ў кабалу, «пад каблук» расейскай імпэрскай бюракратыі. І тыя, і другія ўжо абрабавалі расейскі народ да апошняй ніткі, цяпер жадаюць абрабаваць нас. Нашыя багацьці ствараліся намі, нашымі бацькамі й дзядамі, знаходзяцца на нашай зямлі й павінны належаць толькі нам і нашым дзецям!
6. Няма той Расеі, якую нам малююць. Ёсьць «вечно необустроенные просторы» г.зв. Расейскай Федэрацыі. Ёсьць рускі й іншыя народы, якія пражываюць на гэтай тэрыторыі. Ёсьць расейскія міліярдэры-алігархі, якія захапілі ўсю самую каштоўную маёмасьць на гэтай тэрыторыі. І ёсьць расейская імперская бюракратыя – ненажэрны, цынічны, крыважэрны паразіт на целе ўсіх народаў г.зв. Расеі. Вынікам паразітаваньня і тых і другіх зьяўляецца беспрасьветная беднасьць, страта сэнсу жыцьця, прыгнечанасьць духа, беспрызорнасьць, амаральнасьць, злачыннасьць, прастытуцыя (нават дзіцячая), наркаманія, карупцыя і іншыя праявы цяжкай хваробы расейскага грамадства.
7. Лепш за ўсё быць самастойнымі, як Швайцарыя. А калі ўжо зь кім і інтэгравацца, дык гэта з аб’яднанай Еўропай. Усё ж больш цывілізаванасьці. Амаль усе еўрапейскія народы ўжо там. А менавіта гэты варыянт «інтэграцыі» Пуцін чамусьці нам не прапануе… Няўжо забыў? (у нашай сьветагляднай сьхемы рэчаіснасьці Лукашэнкі проста няма. Яго там і не павінна быць!)
Гэты ж сьветаглядны комплекс сьхематычна пададзены ніжэй на малюнку 8.1, дзе ён паказаны ў параўнаньні з тым сьветаглядам, які прапагандуе сёньняшняя апазіцыя, а таксама у табліцы 8.1, дзе ён паказаны ў параўнаньні са сьветаглядам, які нашаму грамадству праз сваю агентуру намаўляе расейская імперская бюракратыя.
Мал. 8.1. Для эфектыўнай замены скажонай сьхемы рэчаіснасьці, якую ўкараняе расейская імпербюракратыя, трэба прапанаваць грамадству ня тую сьхему, якую сёньня прапануе апазіцыя і якая зьяўляецца люстраной альтэрнатывай сьхемы рэжыма (гл.мал.6.1), а іншую сьхему, якая робіць акцэнт на тры наступныя моманты (пры гэтым Лукашэнкі проста няма): 1. Галоўны вораг беларускаму грамадсту не Захад і не Расея, а расейская імперская бюракратыя. 2. Патрэбны не прыход апазіцыі да ўлады, а ўлада прафесійных беларускіх хлопцаў. 3. Патрэбна не ўступленьне ў НАТА, а ўзаемакарыснае супрацоўніцтва Беларусі і з Захадам, і з Расеяй.
8.2.1. Некаторыя псіхалагічныя моманты ў агітацыі.
Канкрэтныя гістарычныя рэаліі прымушаюць нас яшчэ раз вярнуцца да пытаньня пра псіхалагічныя асьпекты агітацыі за нашы аб’ектыўныя агульнаграмадскія каштоўнасьці. А менавіта, у якой ступені дадзеныя каштоўнасьці павінны падавацца рацыянальна як абстрактныя прынцыпы (як агульнацывілізацыйныя умовы жыцьця, адарваныя ад канкрэтна гістарычнага, псіхалагічнага і культурнага кантэксту грамадства), а ў якой ступені, наадварот, іх укараненьне павінна грунтавацца на веданьні асаблівасьцяў людскай псіхікі й на гістарычных каштоўнасьцях нашага грамадства, на асаблівасьцях яго традыцый, культуры, фальклёра.
Агульнавядома, што другі падыход нашмат больш выніковы.
Таму, разьвіваючы яго, трэба:
1. У характарыстыцы нашага грамадства-народу абавязкога выходзіць на ўяўленьне пра яго, як «адзінага законнага і адказнага гаспадара на сваёй этнічнай тэрыторыі», месца якога (падкрэсьлю, абсалютна законнае месца) абумоўлена ўсёй яго гісторыяй, усімі пакаленьнямі нашых продкаў, якія тысячагоддзямі жылі на нашай зямлі, паліваючы яе потам і крывёй…
2. Задача беларускай ўлады (якой бы яна ні была) – рэалізоўваць аб’ектыўныя інтарэсы нашага народу-грамадства. Іншых абавязкаў і правоў ва ўлады няма, бо ўсялякая ўлада жыве за кошт грамадства, знаходзіцца ў яго на ўтрыманьні, а наўзамен за гэта абавязана рабіць тое, што абавязвае яе ўладны статус…
3. Паказваць, што ўсе асабістыя, сямейныя і агульнаграмадскія праблемы людзей у абсалютнай сваёй большасьці могуць быць вырашаныя толькі праз паўнавартасную беларускую дзяржаву, як своеасаблівы сацыяльны інструмант. Менавіта ў гэтым яе (дзяржавы) прызначэньне і каштоўнасьць. Таму, беларуская дзяржава – вышэйшая каштоўнасьць як усяго нашага грамадства, так і кожнага нашага чалавека!
4. Зьвязваць аб’ектыўныя каштоўнасьці ўсяго беларускага грамадства з індывідуальнымі і сямейнымі каштоўнасьцямі людзей. Такія рэчы, як дом, сям’я, асабістыя каштоўнасьці, ва ўяўленьні абсалютнай большасьці звычайных людзей важаць значна больш, чым каштоўнасьці агульналюдскія (якія, як ўжо ўзгадвалася, большасьцю ўспрымаюцца часьцей за ўсё як пустыя абстракцыі). Адсюль лозунгі: “Беларусь – наша зямля!”, “Беларусь – наш дом!”, “Беларусь – наш еўрапейскі дом!”, “Усе мы – дзеці Беларусі!”, “Беларускі народ – адзіная сям’я!”, “Беларусь – твая зямля!”, “Беларускі народ – адзіны законны гаспадар сваёй краіны (зямлі, дзяржавы)!”, “Беларусь належыць беларускаму народу!”
5. Выкарыстоўваць натуральнае жаданьне чалавека мець сваё: “Не аддамо нікому нашу маёмасьць: заводы, фабрыкі, дарогі, нашу зямлю, нетры. Усё гэта належыць нам і павінна служыць толькі нам і нашым дзецям”.
6. У характарыстыцы г.зв. Расеі ніколі не казаць “Расея”. Заўсёды падзяляць Расею на грамадства (мы яму спачуваем), тэрыторыю (нейтральна ставімся – “ну і што з таго, што велькая, затое жыць там немагчыма – вечна бязладная”, “У Еўропе самы высокі ўзровень жыцьця ў жыхароў самай маленькай краіны – Люксембурга. Чым большая краіна, тым цяжэй яе давесьці да ладу. У Беларусі самыя лепшыя памеры – яна аптымальныя (і не малая, і не велькая). Дарэчы, Беларусь уваходзіць у групу вялікіх еўрапейскіх краін”) і расейскую імперскую бюракратыю разам з алігархамі (“мы хочам уберагчы наш народ ад гэтых цынічных, ненасытных, крыважэрных монстраў”).
7. Вяртаць натуральную мяжу “мы-яны”. Напрыклад: “Усе лепшыя людзі Беларусі супрацьстаяць прарасейскаму рэжыму, усе яны – нашы (свае) хлопцы!”. “Не аддамо нашу Беларусь чужынцам – расейскім бюракратам, алігархам, крымінальнікам!”
Неабходнасьць фармуляваньня ўяўленьняў аб беларускім народзе-грамадстве як адзіным законным гаспадары на сваёй этнічнай тэрыторыі, патрэбнае ня толькі з пазіцый большай эфектыўнасьці агітацыі за аб’ектыўныя каштоўнасьці беларускага народу, а і з пазіцый таго, што зьнішчэньне дадзенага пачуцьця (гл. разд. 6.1.4) ёсьць адна са стратэгічных задач, пастаўленых перад PR-шчыкамі, якія служаць расейскай імперыякратыі.
Апісаная дзейнасьць у нашай сітуацыі ёсьць найбольш неабходная і выігрышная. Нават пры самым горшым выніку – як мінімум, беспроігрышная. Таму ўсім тым, хто лічыць, што менавіта ўкараненьне ідэалагізаванай сьхемы, адэкватнай абьектыўнай рэчаіснасьці – гэта галоўнае ў бліжэйшых выбарчых кампаніях, варта аб’яднацца. Разам мы зможам зрабіць неабходную працу, без якой нам перамогаў яшчэ доўга ня бачыць…
8.3. Аб тэхналёгіі эфектыўнай агітацыі за беларускую самастойнасьць
8.3.1. Выкарыстаньне часу.
Час – самы галоўны рэсурс любой кампаніі, прычым, у двух асьпектах: у плане своечасовай падрыхтоўкі да выбарчай сітуацыі й у плане яго эфектыўнага выкарыстаньня ўжо ў час самой кампаніі.
Калі пачнуцца сустрэчы з людзьмі, галоўная тактычная задача – зрабіць усё магчымае, каб пакінуць найлепшае ўражаньне і… прапанаваць людзям адэкватную сьхему рэчаіснасьці. Трэба, каб запомнілі вас, ваша прозьвішча, і, самае галоўнае, запомнілі зьмест таго, на што вы зьвярталі ўвагу, што вы казалі…
Для гэтага вельмі пажадана сустрэцца з патэнцыйнымі выбаршчыкамі, як мінімум, тройчы:
1. Яшчэ да пачатку збора подпісаў, неабходных для вылучэньня (гэта варта зрабіць, каб лепш пазнаёміцца з праблемамі, якія сапраўды турбуюць выбаршчыкаў, адкрыта заяўляючы ім аб гэтым: “Магчыма, я буду ўдзельнічаць у выбарах, я яшчэ канчатковага рашэньня не прыняў, але, калі я пайду на выбары, я хацеў бы ведаць, якія праблемы хвалююць людзёй”);
2. У час збору подпісаў (нават калі вы будзеце вылучаны праз партыю, усё роўна зьбірайце подпісы і размаўляйце з людзьмі);
3. Натуральна, у час агітацыі.
Перасьцярога!
Пры ўсім гэтым вы ніколі не павінны быць настырным, навязьлівым!
Трэба быць максімальна папераджальным і аптымальна ветлівым…
8.3.2. Вонкавы імідж.
Важнейшымі фактарамі добрага вонкавага іміджу, які ў час выбараў мае ня меншае значэньне, чым рэальныя заслугі чалавека, зьяўляюцца:
– на вас максімальна прыстойны касьцюм, чыстая кашуля, гальштук, але ваш выгляд не надзіманы, не крыкліва-арыгінальны, ня кідкі;
– вы заўсёды выпрасаваны, пачышчаны, памыты, паголены, боты начышчаны;
– вы не павінны быць потным, стомленым, нярвовым; што б ні адбылося, вы заўсёды спакойныя, ураўнаважаныя, разважлівыя, удумлівыя, салідныя, надзейныя;
– ніякіх пахаў: ні непрыемных (ад вопраткі, гуталіну, ад поту, з рота), ні, як вам здаецца, прыемных (адэкалон, духі);
– вы заўсёды поўнасьцю цьвярозыя (ніякіх “100 грамаў для храбрасьці”);
– вы гаворыце гладка, вобразна, запамінальна;
– вы гаворыце толькі пра тое, што цікава для канкрэтнага выбаршчыка;
– вы ўносіце рэальныя прапановы, якія да вас выбаршчыкі ня чулі;
– вы не адзін, вас цэлая вялікая каманда па ўсёй Беларусі (вы – прадстаўнік партыі, грамадскай арганізацыі ці “Руху пабудовы беларускай дзяржавы”);
– бачна, што вы – чалавек сур’ёзны, надзейны, прыстойны…
8.3.3. Імідж, які заснаваны на інфармацыі пра вас.
Складаецца з трох крыніцаў:
1. Таго ўражаньня, якое складваецца пра вас яшчэ задоўга да выбараў.
2. Той інфармацыі, якую вы імкнецеся падаць выбаршчыку пра сябе ў час выбарчай кампаніі (нібы адказваючы на пытаньне: “А хто ён такі?”).
3. Таго вобраза, які складаецца пра вас на падставе тых праблем, якія вы ўздымаеце ў час выбарчай кампаніі (нібы адказваючы на пытаньне: “А што ён прапануе?”).
Калі вы хочаце, каб у выбаршчыка зьявілася станоўчае ўражаньне пра вас яшчэ задоўга да выбараў (у адпаведнасьці з першай крыніцай), “выбарчая кампанія” павінна пачацца, як мінімум, за год да пачатку выбараў. Павінна адбыцца нейкая яркая, запамінальная акцыя (а, можа, і не адна), якая мусіць быць успрынятая абсалютна станоўча большасьцю грамадзян, і быць зьвязаная з вашым імем (сёньня што-небудзь рабіць у гэтым сэнсе пад мясцовыя выбары ўжо позна).
Калі вы прэзентуеце сябе выбаршчыку (у адпаведнасьці з другой часткай, нібы адказваючы на пытаньне, хто вы такі), найбольш пажадана, каб у яго склалася ўражаньне, што вы для яго:
– “свой”, “наш”, “такі ж, як я” (таму што вы “мясцовы, тутэйшы”; “сталы жыхар гэтага ж населенага пункту”; вы жывеце тут, побач; вы былі ці застаецеся зьвязанымі з той жа дзейнасьцю (ці блізкай да яе), якой займаюцца большасьць выбаршчыкаў на вашым участку (працавалі на тым жа прадпрыемстве; маеце такое ж лецішча, як ва ўсіх; такое ж жыльлё); у вас падобныя сямейныя праблемы, блізкія праблемы з дзецьмі, з бацькамі, праблемы на працы ці ў сувязі зь ёй…);
– што вы чалавек, “вядомы ў горадзе” (“у нас яго многія ведаюць”);
– што вы чалавек “кампетэнтны, разумны (“яго вакол пальца не абвядзеш”), прафесійны, сур’ёзны, дасьведчаны, здольны ва ўсім разабрацца (“ведае нашыя праблемы і ведае, як іх вырашаць”)”;
– што вы чалавек “актыўны, адказны, настойлівы, прынцыповы, які пустых слоў на вецер не кідае, а заўсёды даводзіць пачатае да канца”;
– у вас сям’я, дзеці…
Што да трэцяй крыніцы, на падставе якой фармуецца ваш імідж, дык для аптымальнага яе напаўненьня і прэзентацыі выбарцам трэба абраць максімум 3-4 найбольш важныя праблемы (ня больш!), на якіх вы будзеце канцэнтраваць сваю ўвагу ў час выбарчай кампаніі (некаторыя прыклады праблем, якія могуць хваляваць выбарцаў у час мясцовых выбараў, пададзены ў раздзеле 8.3.4.1). Найбольш падыходзячымі для вас будуць тыя праблемы, якія:
– сапраўды актуальныя для выбарцаў (для высьвятленьня гэтага якраз і варта папярэдне абысьці абраны вамі выбарчы ўчастак і высьвятліць рэйтынг актуальнасьці мясцовых праблем);
– якія вы самі найлепей ведаеце (вы найбольшы прафесіянал у гэтых пытаньнях, вы ведаеце, што канкрэтна і як павінна быць зроблена, каб гэтыя пытаньні маглі быць вырашаны);
– практычна найбольш вырашальныя.
8.3.4. Прынцыповая структура агітацыйнага тэкста
Агітацыйны тэкст, які зьяўляецца адной з асноваў усёй дзейнасьці ў выбарчы перыяд, павінен быць падрыхтаваны ў некалькіх варыянтах (больш кароткіх і больш доўгіх, а таксама для розных аўдыторый: моладзі, людзей сярэдняга ўзросту, персіянераў, мужчын, жанчын, для прастаўнікоў розных прафесійных груп) і павінен складацца з некалькіх стандартных частак.
У яго акрамя прэзентацыйнай часткі (у якой вы прадстаўляеце сябе), павінна быць тры галоўныя часткі:
– акцэнтуацыя вашай увагі на праблемах, псіхалагічна важных для аўдыторыі – тых праблемах, якія сапраўды хвалююць людзей дадзенай групы (гл. раздзел 8.3.4.1);
– ідэалагічнае ядро (дакладнае апісаньне адэкватнай сьхемы рэчаіснасьці, якая тлумачыць прычыны многіх праблем людзей, у тым ліку тых праблем, якія вы называеце ў першай частцы – гл. раздзел 8.2);
– заключная частка, якая ўтрымлівае прапановы спосабаў рашэньня тых праблем, да якіх выбаршчыкі прадэманстравалі цікавасьць і якія вы прадстаўлялі ў першай частцы; прычым, дадзенае рашэньне праблем павінна быць лагічна працягнутае са сьхемы рэчаіснасьці, прадстаўленай вамі ў другой частцы (гл. раздзел 8.3.4.2).
Агітацыя – гэта вельмі цяжкая, нярвовая, ды яшчэ руцінная справа. Трэба паўтараць адно і тое ж (ці амаль адно і тое ж) сотні разоў за дзень. Як кажуць, пакуль не стане моташна ці не забаліць галава ці горла. А на заўтра трэба пачынаць усё спачатку… Гэта ведаюць усе, хто калі-небудзь меў дачыненьне да агітацыйнай дзейнасьці ў выбарчы час.
Для таго, каб палегчыць працэс прэзентацыі сваёй пазіцыі ў любой сітуацыі (хоць перад тэлекамерамі, хоць у час размовы з выбаршчыкам адзін на адзін), варта падрыхтаваць 3-5 варыянтаў першай часткі, пару варыянтаў другой часткі й 2-4 варыянта вашых прапаноў па вырашэньні галоўных грамадскіх праблем (трэцяя, заключная частка).
Камбінацыя гэтых нарыхтовак можа рабіць выступ кожны раз новым (гл. малюнак 8.2). Гэта вядзе да таго, што ваша агітацыя становіцца ня толькі больш эфектыўнай (бо адаптуецца пад розныя аўдыторыі), але больш творчай, лягчэйшай, весялейшай.
Мал. 8.2. Камбінацыя 5 варыянтаў першай часткі тэкста, 2 варыянтаў другой і 4 варыянтаў трэцяй часткі дае магчымасьць стварыць да 40 варыянтаў прэзентацыйнага тэкста, які б адпавядаў самым розным сітуацыям, якія могуць паўстаць у часе агітацыі.
Такім чынам, прапануецца, каб структура агітацыйных тэкстаў (выступаў, артыкулаў, улётак) мела наступны выгляд:
Уступ. Прэзентацыя сябе.
А затым:
1. Актуалізацыя праблемаў той групы выбарцаў, да якой зьвяртаецеся, з адначасовай дэманстрацыяй таго, што гэтыя праблемы блізкія й зразумелыя вам.
2. Выкладаньне прынцыпаў грамадска-палітычнага сьветагляду, адэкватнага рэчаіснасьці (дадзены сьветагляд у розных формах і асьпектах шырока пададзены ва ўсёй кнізе, больш канцэнтравана – у табліцы 7.1 і ў разьдзеле 8.2).
У гэтай частцы павінна быць прадстаўлена толькі наша пазітыўнае апісаньне адэкватнай сьхемы рэчаіснасьці (наша сьхема рэчаіснасьці). Крытыкі альтэрнатыўнага міфа, які навязвае расейская імперская бюракратыя, варта пазьбягаць. Ня варта таксама ўзгадваць пра Лукашэнку і яго «палітыку» (зьвярніце ўвагу, на мал. 8.1. яго ўвогуле няма). Толькі калі будуць пытаньні, тады можна падаць сваю некалькі крытычную пазіцыю адносна Лукашэнкі. Так рабіць неабходна, каб максімальна зьвярнуць увагу на нашу праўдзівую сьхему рэчаіснасьці, каб яна не была «зашумлена» іншымі, малаістотнымі для нас пытаньнямі.
Зьвязуючым вязьмом паміж першай і другой часткамі тэксту зьяўляецца інфармацыя пра тое, што «нашыя грамадскія праблемы» могуць толькі пагоршыцца, калі расейскія паўкрымінальныя й крымінальныя структуры, а таксама расейская імперская бюракратыя захопяць на нашай тэрыторыі ўсё тое, што па праву належыць толькі нам. Тут, калі трэба, дадаецца інфармацыя пра сапраўдны стан рэчаў у сёньняшняй Расеі. Гаворыцца: «Паглядзіце, да чаго яе давялі тыя, хто цяпер ірвецца захапіць нашу Беларусь» і «Але ўсё гэта ад нас хаваюць, па тэлебачаньні паказваюць карцінкі несапраўднай Расеі. Так, як у свой час князь Пацёмкім будаваў сьпецыяльныя вёскі на дарозе, дзе ехала Кацярына ІІ».
3. Выкладаньне спосабаў вырашэньня агульграмадскіх праблем. Адзначэньне ролі мясцовай ўлады ў гэтым (калі адбываюцца выбары ў мясцовыя рады).
Заключэньне. Зьвяртаецеся з просьбай падтрымаць вас і прадстаўнікоў «нашага блоку» на выбарах.
Заўвага. Апісаная пасьлядоўнасьць трох галоўных частак вашага тэксту не такая ўжо прынцыповая. У прыватнасьці, пункты 2 і 3 могуць мяняцца месцамі (але па тэорыі НЛП усё ж пажадана, каб была апісаная вышэй пасьлядоўнасьць).
Патлумачым некаторыя моманты дадаткова.
8.3.4.1. Некаторыя прыклады актуальных мясцовых праблемы:
1. Беспрацоўе. Шмат каму няма дзе і як зарабіць грошы…
2. Улетку няма нашага цудоўнага хлебнага кваса. Раней ён быў, а цяпер «піўное і мінеральнае лобі» робіць усё, каб яго не было…
3. Калі ў людзей урадзілі, напрыклад, яблыкі, іх часта няма куды здаць…
4. Добраўпарадкаванасьць мікрараёна: забруджанасьць сьмецьцем, няма лавачак перад пад’ёздамі, паблізу няма спартыўных пляцовак і элементарных спартовых прылад для дзяцей і моладзі (хаця б таго ж турніка)…
5. На адной і той жа траўцы выгульваюць і сабак, і дзяцей. Іншыя праблемы з выгулам жывёл…
6. Рускі мат у грамадскіх месцах, а міліцыя на гэта не зьвяртае ўвагі…
7. Забруджаныя шкляным і поліэтіленавым посудам зоны адпачынку (лес, возера, рака) вакол гарадоў. Іх ніхто не прыбірае…
8. Кіраўнікамі прапрыемстваў становяцца не сьпецыялісты, а людзі, адданыя наменклатуры…
9. Няма магчымасьці атрымаць беларускамоўную адукацыю ў беларускіх ВНУ (пра школы не гаворым)…
10. Варта перайменаваць адну (толькі адну!) вуліцу…
11. Кепскае асьвятленьне мікрараёна…
12. Праблемы з камунальнымі паслугамі: ацяпленьнем, гарачай вадой, дахам, які цячэ, і г.д…
13. З грамадскім транспартам…
14. Праблемы з выкананьнем законаў. Закон павінен быць адным для ўсіх: і для гарадскога начальства, і для звычайных людзей…
15. Зварот увагі на праблемы сярэдняй школы…
16. Праблемы сістэмы аховы здароўя…
17. Праблемы эфектыўнага (карыстнага) і культурнага выкарыстаньня вольнага часу падлеткамі…
Натуральна, што можна скласьці яшчэ большы сьпіс тых пытаньняў, якія вы, як будучы дэпутат мясцовага савета, лічылі б актуальнымі.
Пасьля таго, як вы абярэце 2-4 найбольш падыходзячых для вас, як кандыдата ў мясцовы совет, пытаньні, далей (у час збора подпісаў за вашае вылучэньне і ў час агітацыі «за сваю кандыдатуру») вы прэзентуеце сябе (у першай частцы свайго тэкста) праз актуальзацыю неабходнасьці вырашэньня менавіта дадзеных пытаньняў.
8.3.4.2. Магчымыя праекты прапаноў па рашэньні мясцовых праблем.
Як было паказана раней, значная частка агульнаграмадскіх праблем зьяўляецца вынікам ня толькі таго, што ў сёньняшняй лукашэнкаўскай дзяржавы няма грошай на іх вырашэньне (хаця гэта само сабой таксама ёсьць), а вынікам мэтанакіраванага разлажэньня, апусканьня, дэзарганізацыі, шызафрэнізацыі і г.д. грамадства – разбурэньне, якое метадычна праводзіцца расейскай імперскай бюракратыяй праз усе каналы СМІ (нагадаю, гэта ёй трэба, каб аслабіць і падпарадкаваць наша грамадства сабе). У выніку ў людзей штучна ствараецца сьветаўспрыняцьце, што яны жывуць не «сярод сваіх, блізкіх ім людзей», а ў «варожым асяродзьдзі». Яны пачынаюць памылкова «лічыць», што за межамі іх дома, іх аўтамашыны і г.д. не «іх зямля», не «іх народ, грамадства», а, наадварот, чужынцы, ворагі, якія, «калі табе будзе патрэбна, ня толькі не дапамогуць, а хутчэй наадварот…». Гэткае сьветаадчуваньне і сьветаўспрыняцьце вядзе да адпаведнага стаўленьня беларускага грамадзяніна да навакольнага сьвету. Ён без праблем з сумленьнем можа забруджваць, загаджваць асяродзьдзе (!); лаяцца матам, не зьвяртаючы ўвагі на дзяцей і жанчын; выпускаць на двор сабаку, не думаючы пра іншых; не дапамагчы іншаму чалавеку (жанчыне, старому), калі той будзе ў патрэбе. Такое грамадскае разлажэньне асабліва негатыўна ўплывае на моладзь. Мы губляем цэлае пакаленьне!!!
Таму ўсе праблемы, вырашэньнем якіх могуць заняцца мясцовыя ўлады, у залежнасьці ад колькасьці сродкаў, неабходных для іх вырашэньня, можна падзяліць на дзьве групы. Першая – гэта тыя праблемы, для якіх патрабуецца адносна вялікія грошы. Стратэгія іх вырашэньня заключаецца ў барацьбе за накіроўваньне сродкаў мясцовага бюджэту менавіта на дадзеныя пралемы і кантроль за іх выкарыстаньнем. Другі група – гэта праблемы, якія патрабуюць істотна меншых сродкаў. Вырашэньне дадзеных праблем можа быць зьвязана з арганізацыяй культурнага сужыцьця грамадзян у сваім населеным пункце, зьместам якога зьяўляецца ўспрыманьне сябе (суседзяў, жыхароў аднаго мікрараёна, жыхароў свайго горада) адзінай супольнасьцю, якая цэніць сваю родную зямлі, адчувае сябе яе гаспадарамі.
Апошняе дасягаецца праз:
– эфектыўнае інфармаваньне, тлумачэньне і агітацыю насельніцтва,
– арганізацыю агульнаграмадскіх акцый (напрыклад, па прыборцы тэрыторыі),
– выкарыстаньне тых рэсурсаў, якія ёсьць (напрыклад, той жа міліцыі), для вырашэньня агульнаграмадскіх праблем (напрыклад, трэба дамагчыся, каб у вашым населеным пункце міліцыя, апранутая па-цывільнаму, затрымлівала мацернікаў, тых, хто паводзіць сябе занадта агрэсіўна, тых, хто сьмеціць і г.д., улічвала іх, а потым і перадавалі ў адміністратыўны суд).
Стратэгія другога кірунку дзейнасьці – гэта, у першую чаргу, вяртаньне атмасьферы і пачуцьцяў агульнасьці, супольнасьці, адзінства, гістарычнай, культурнай і нават генетычнай роднасьці й, у выніку, вяртаньня пачуцьця адказнага гаспадара «ва ўласным доме».
Сярод канкрэтных спосабаў вырашэньня праблем, якія азначаны вышэй, можна запрапанаваць наступныя:
1. Вырашэньне праблем з беспрацоўем зьвязна з адкрыцьцём новых працоўных месцаў. Адзін з універсальных спосабаў рашэньне дадзенай праблемы – спрыяньне развіцьцю сярэдняга і малога бізнэса.
2. Адзін з універсальных спосабаў рашэньня праблемы падвышэньня ўзроўня заробкаў – цывілізаваная прыватызацыя.
3. З квасам трэба разбірацца канкрэтна. Няма ў мясцовых улад рацыянальнага адказу на пытаньне: чаму раней ён быў, а цяпер улетку нашага ўласнага выдатнага напою няма… [у апошнія гады гэтая праблема з большага вырашаная. – Рэд.]
4. Трэба канкрэтна разабрацца, хто павінен клапаціцца пра прыём, напрыклад, яблыкаў у насельніцтва, і чаму гэта не адбываецца. Ня можа быць, каб дастаўка яблыкаў з Малдовы была эканамічна больш выгаднай…
5. Трэба канкрэтна разабрацца з праблемамі тых, хто адказвае за прыбіраньне тэрыторыі й новай праблемай, чаму такая вялікая колькасьць людзей сталі некрафіламі і засьмечваюць сваю родную зямлю.
6. Трэба прадумаць, дзе варта паставіць сталы і лавачкі перад дамамі й пад’ёздамі, дзе арганізаваць будаўніцтва спартовых пляцовак і элементарных спартовых прылад для дзяцей.
7. Варта падумаць, як падзяліць месцы для выгулу сабак і гульняў маленькіх дзяцей.
8. Трэба апрануць частку нашай шматлікай міліцыі ў цывільную вопратку, каб яна пачала выконваць функцыі паліцыі па культуры – змагалася супраць рускага мата, публічнага распіцьця спіртовых напояў, агрэсіўных і некультурных паводзін у грамадскіх месцах…
9. На прыбіраньне навакольных лясоў, берагоў азёр і рэк, якія былі месцам нашага летняга адпачынку, можна накіраваць школы, замацаваўшы за імі адпаведныя тэрыторыі. Такая праца (1 дзень на год для аднаго дзіцяці й штогадова) будзе служыць ня толькі для ачысткі тэрыторыі ад сьмецьця, але і стрымліваць бескультурныя паводзіны дарослых наступным летам, спрыяць выхаваньню дзяцей культурнымі і біяфільнымі гаспадарамі сваёй роднай зямлі…
10. Можна ставіць пытаньне пра тое, чаму несьпецыялісты прызначаюцца кіраўнікамі прапрыемстваў…
12. Трэба вылучаць на сесіях абласных і гарадскіх радаў (у вялікіх гарадах) патрабаваньне забесьпячэньня беларускамоўнай адукацыю ў нашых ВНУ, нагадваючы пры гэтым, што адваротная сітуацыя, якая назіраецца ў нас сёньня, ёсьць вядомым штучным спосабам этнацыду (генацыду культуры) нашага беларускага народу і ва ўсім сьвеце лічыцца адным з ганебнейшых злачынстваў. Папярэджваць, што ў выпадку невыкананьня дадзенага патрабаваньня, якое прапісана нават у лукашэнкаўскай канстытуцыі, вы будзеце зьвяртацца ў міжнародныя арганізацыі, уключаючы Раду Еўропы, АБСЕ, ААН…
13. Калі будзеце ставіць пытаньне пра перайменаваньне вуліцы, выберыце толькі адну, якая носіць найбольш адыёзнае імя, пад якім людзям на гэтай вуліцы няўтульна жыць…
14. Выберыце найбольш актуальныя камунальныя праблемы на тэрыторыі вашай выбарчай акругі й, натуральна, максімальна паспрыяйце іх вырашэньню…
15. Што да гарадкога транспарта, паабяцайце, што вы прыцягнеце да вырашэньне дадзенай праблемы адмыслоўцаў (якія здольны будуць, напрыклад, параіць, як аптымізаваць рух транспарту ў вашым населеным пункце) ці выкарыстаеце перадавы досьвед (напрыклад, у некаторых населеных пунктах Беларусі вельмі эфектыўна транспартную праблему ўдалося вырашыць з дапамогай маршрутных таксі). [гэтая праблема таксама ўжо практычна вырашана. – Рэд.]
16. Натуральна, вы будзеце на баку закона, будзеце змагацца за тое, каб за адное і тое ж злоўжываньне-злачынства і просты грамадзянін, і начальнік мелі аднолькавыя пакараньні. Акрамя таго, вы будзе спрыяць таму, каб пачалі працаваць незалежныя, прыватныя службы адвакатаў і дэтэктываў.
17. Калі ў бліжэйшай сярэдняй школе ёсьць сур’ёзныя і вырашальныя праблемы, якія істотным чынам пагаршаюць умовы для атрыманьня дзецьмі добрых ведаў, пагражаюць іх здароўю ці перашкаджаюць іх выхаваньню, гэтым праблемам трэба ўдзяліць максімум сіл і ўвагі. Падобныя праблемы зьяўляюцца і будуць зьяўляюцца аднымі з самых актуальных для нас. Падыйдзіце да дырэктара школы, да завуча. Пагаварыце зь імі. Высьветліце, што іх турбуе. Падумайце, як ім можна дапамагчы…
18. Праца ўрача – адна з самых цяжкіх і ахвярных. Сёньня наша медыцына вельмі аслабленая. Яе саму трэба лячыць. Адна з прычын гэтага – ад урача шмат патрабавалі (маўляў, вы ж давалі клятву Гіпакрата), але не лічылі яго дзейнасьць працай (рабочыя і калгасьнікі ў нас працавалі, а ўрачы займаліся няведама чым). А пра тое, каб годна кампенсаваць яму выдаткі (вельмі доўгая і цяжкая адукацыя, адказная і цяжкая праца), забывалі. У выніку сёньня значная частка медыцынскіх работнікаў самарасклалася (уключаючы хабарніцтва), а частка працягвае атрымліваць зьневажальна нізкія заробкі (прытым, самыя сумленныя, хто хабар не вымагае і не бярэ, аказваюцца матэрыяльна ў найгоршым стане – ганебная, перагарнутая да гары нагамі сітуацыя…). Медыцына патрабуе рэфармаваньня. Яна павінна стаць трохузроўневай: бясплатная – страхавая – платная. У сітуацыі мясцовых выбараў вам варта зайсьці да галоўнага ўрача шпіталя і паліклінікі, якія знаходзяцца на тэрыторыі вашага выбарчага ўчастка, да ўчастковага педыятра і тэрапеўта, пазнаёміцца зь іх праблемамі й падумаць, як і чым ім можна дапамагчы.
19. Адзін са стратэгічных момантаў, якія абавязкова варта ўлічваць у час прэзентацыі сябе праз прэзентацыю сваёй праграмы, заключаецца ў тым, што такая прэзентацыя павінна быць пазітыўнай. Г.зн., што вы ня столькі павінны займацца крытыкай улады, Лукашэнкі, рэжыму (яшчэ раз, лепш пра іх увогуле не казаць, а ўзгадваць толькі тады, калі да вас будуць пытаньні; выключэньне ў дадзеным асьпекце складае толькі адна асабліва небясьпечна сіла – расейская імперская бюракратыя, пра якую вы павінны ўзгадваць па ўласнай ініцыятыве), колькі паказваць сябе праз прапановы станоўчага вырашэньня актуальных праблем нашага жыцьця.
І апошняе. Агульнавядома, што людзі больш запамінаюць ня што чалавек гаварыў, а як ён гаварыў, якое ўражаньне пакінуў. Таму весь час шукайце найбольш выніковую форму прэзентацыі сябе…
8.4. Як лепш рэагаваць на некаторыя рэчы
8.4.1. Пра некаторыя словы.
Наша грамадства PR-аўскі запраграмавана на пэўныя словы-сімвалы, такія, напрыклад, як “Россия”, “демократия”, “националисты”, «президент Лукашенко», “оппозиция”. Калі вы іх прапускаеце “міма вушэй” ці, ня дай Бог, самастойна выкарыстаеце, вы актывізуеце ў псіхіцы нашых людзей тыя штучныя сьхемы ўяўленьняў аб рэчаіснасьці, якія ім намоўлены і якія працуюць як супраць іх, так і супраць нас (затое на карысьць сацыяльных паразітаў).
Таму пры сутыкненьні з гэтымі “словамі” вам варта паступаць наступным чынам.
Слова “дэмакратыя” лепш не выкарыстоўваць. Калі зусім прыпячэ, лепш казаць “народаўладзьдзе”. Калі ж у вас запытаюцца: “Ці дэмакрат вы?” – варта казаць, што “… я маю такія погляды, у адпаведнасьці зь якімі не народ павінен служыць бюракратыі, а, наадварот, чыноўнікі павінны служыць інтарэсам народу. Усё начальства павінна рабіць сваю справу на сваіх працоўных месцах і ў такой жа ступені ўносіць свой уклад у разьвіцьцё грамадства, як гэта робяць іншыя сацыяльных групы: урачы, настаўнікі, рабочыя, прадпрыймальнікі, сяляне, міліцыянты, працаўнікі сьферы паслугаў, вадзіцелі, хатнія гаспадыні й іншыя групы насельніцтва. Не павінна быць сітуацыі, калі ўсё грамадства існуе нібы для таго, каб добра жылося толькі адной бюракратыі. Гэта ненармальная, хворая сітуацыя. Я ня ведаю – гаворыце вы далей – як называюцца падобнага рода погляды (дэмакратычнымі, ліберальнымі, правільнымі, нармальнымі ці як-небудзь інакш). Для мяне гэта неістотна. Галоўнае, што я лічу, што не народ для ўлады, а ўлада для народа. Як яшчэ ў свой час казаў наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі і да чаго яшчэ мы дагэтуль не дажылі. Вось, што галоўнае. Дарэчы, а як вы назавеце такія погляды?”…
Словы “нацыяналізм, нацыяналіст”. Таксама лепш не выкарыстоўваць.
Калі ж у вас запытаюцца, ці вы, раптам, не нацыяналіст, вы кажаце: “… я проста люблю Беларусь і мой беларускі народ. Я хачу, каб ён жыў ня горш за іншыя народы, а пажадана і лепш. Каб ганарыўся сабой, сваёй гісторыяй, культурай, узроўнем жыцьця ня меньш за іншыя народы, якія жывуць у Еўропе. Я хачу, каб нас – беларусаў – у сьвеце паважалі ня меньш за іншыя народы: рускі, польскі, нямецкі, францускі… Мне зноў жа ня важна – гаворыце вы – якімі словамі называецца маё такое жаданьне: патрыятызмам, нацыяналізмам, дэмакратызмам ці як-небудзь інакш. Гэта для мяне неістотна, таму што гэта толькі словы. Дарэчы, а як вы мяне назавеце за тое, што я ўсяго пералічанага жадаю майму народу?”
Вы НЕ выкарыстоўваеце слова “нацыя”. Замест яго вы гаворыце “наша (беларускае) грамадства”, “наш (беларускі) народ”. Пры гэтым вы сьцьвярджаеце, што “… выразы “народ Беларусі”, “беларускі народ”, “беларускае грамадства” – гэта ўсё сінонімы. Вы заяўляецце, што беларускае грамадства, якое цэніць сваю нацыянальную культуру, мову, гісторыю, трыдыцыі, сімвалы і г.д. (а толькі такое грамадства і можа паўнавартасна жыць, разьвівацца ў сучаным сьвеце; паглядзіце навокал – гаворыце вы – і вы ў гэтым пераканаецеся) – гэта і ёсьць беларускі народ” (дарэчы, хацелася б паглядзець на таго, хто гэта пачне аспрэчваць…).
Вы пазьбягаеце слова “апазіцыя”. Замест яго старайцеся казаць: “…мы свае хлопцы”, “мы нашы”, “мы прапануем альтэрнатыўныя шляхі вырашэньня нашых агульнаграмадскіх праблем” і да т.п.
Замест слоў “прэзідэнт Лукашенко” ці “наш прэзідэнт” лепш казаць каротка і ясна: “Лукашенко”.
Калі ўзьнікае неабходнасьць гаварыць пра Расею, ці ў вас запытаюцца пра вашыя адносіны да яе, варта сказаць, што “… няма такога аб’екта, як “Расея”, а дакладней, няма той Расеі, якую нам малююць. Слова “Расея” – гэта абстракцыя. На самай справе ёсьць дзьве прынцыпова розныя рэчы – насельніцтва Расейскай Федэрацыі й бюракратыя РФ – якія механічна аб’яднаныя адзінай тэрыторыяй. Вось, напрыклад, ня так даўно ў расейскіх СМІ – гаворыце вы – зьявілася цьверджаньне, што Шэварнадзэ абразіў Расею тым, што не ўпусьціў на сваю тэрыторыю расейскія войскі. Каго ён абразіў? Насельніцтва? Не! Тэрыторыю? Тым больш, не! Абразілася расейская імперская бюракратыя і асабліва яе частка – ваеншчына, якая хацела б паводзіць сябе на зямлі іншага народа так, як яна паводзіць сябе ў межах Расейскай Федэрацыі. Дык вось, менавіта гэтая бюракратыя зьяўляецца тым паразітам, які мучае расейскі народ (з часой Пятра І: памятаеце, як ён зь ёй змагаўся?). Расейская імперская бюракратыя зьяўляеца ворагам і расейскага, і нашага грамадства таму, што акрамя як паразітаваць, яна нічога іншага ня ўмее. Але як толькі хто-небудзь наступае на хвост гэтай бюракратыі, яна адразу пачынае крычаць: “Расею абражаюць”. Так адбывалася ўсе апошнія стагодзьдзі, адбываецца і зараз. Таму, як толькі вы чуеце гістэрычны крык “Расею зьневажаюць, абражаюць, не паважаюць!” – ведайце, хтосьці зноў наступіў на хвост гэтаму паразітычнаму, нялюдскаму монстру”.
У доказ таго, што ў Расеі людзі жывуць ня лепш, а нават горш за нас, вы прыводзіце факты. Напрыклад, такія.
Факт 1. Вясной 2002 году Пуцін быў у Астрахані й наведаў дом для старых людзей. Яго пасадзілі перад жанчынай – ветэранам ВАВ, уся ў медалях. І Пуцін у яе пытаецца: “А якая ў вас пенсія?”. І гэта жанчына – пенсіянер, ветэран – гаворыць: “456 рублёў” (меньш 15 $). “Штосьці малая ў вас пенсія”, – гаворыць Пуцін. (Гэта ўсё было паказана па ОРТ у праграме “Время”).
Факт 2. Міністар абароны Расеі Іваноў дакладае Пуціну, што ён паклапаціўся, каб афіцэрам, якія служаць на мяжы з Грузіяй, падвысілі заробкі ў 2 разы. Раней яны атрымлівалі 2000 рублёў, а цяпер аж 4000 (атрымлівалі каля 60$, цяпер – каля 120$). Гэта значыць, што расейскі афіцэр падстаўляў сваю галаву пад кулі (ідэалогію мы пакуль адкінем, возьмем толькі факты) за 60$ у месяц, а цяпер будзе падстаўляць за 120$. І гэта лічыцца вялікім дасягненьнем. (Гэта было паказана па ОРТ у праграме “Время” ў пачатку верасьня 2002 г.).
Факт 3. У той жа самай праграме расейскіх навінаў паказваюць, як іхныя настаўнікі вымушаны падпрацоўваць у час канікулаў, бо іх заробкі ледзь дасягаюць усё тых жа 60$.
Факт 4. Вясной 2002 году ў тых жа навінах паказвалі пратэсты жонак расейскіх вайскоўцаў, якія служаць у Дагестане, з-за таго, што іх мужыкам 5 год (!) не выдаюць зарплату.
І ў той жа час па тым жа расейскім тэлебачаньні (канал РТР; праграма “Времена”; вясна 2002 году; перадача, калі абмяркоўвалі Ле Пэна, які заняў 2-е мейсца на прэзідэнцкіх выбарах у Францыі) вядучы Позьнер паведаміў на ўсю Расею і Беларусь, што ў краінах Еўразьвязу стандартная пенсія складае 2000$ !!!
З гэтых фактаў, якія могуць быць вядомы ўсім (я ўсе іх узяў з расейскага тэлебачаньня, хаця яго рэдка гляджу), бачна, што жыхары “велікой і магучей Россіі” у сваёй масе жывуць ня лепш за нас. Але пры ўсім тым і мы, і яны жывем, як мінімум у дзесяткі разоў горш (!) за жыхароў Еўропы, якая знаходзіцца ўжо літаральна ўпрытык да нашай Беларусі…
Выбівайце лухту з галоў задуранага грамадства самым рашучым чынам!
8.4.2. Пра тое, як будуць спрабаваць нас дыскрэдытаваць
1. Будуць казаць: «Вы супраць Расеі, супраць рускага народу».
Адказ.
«Мы за рускі народ у такой жа ступені, як мы за ўкраінскі, польскі, балгарскі, сербскі, летувіскі, латышскі, чэскі, славацкі і іншыя братнія і блізкія нам народы… Яны – нашы «браты» і бліжэйшыя суседзі. Мы – браты і суседзі ім. Нашым агульным ворагам зьяўляецца расейская імперская бюракратыя, якая высмактала ўсе сокі з рускага і іншых народаў Расейскай Федэрацыі, а цяпер цягне свае агідныя шчупальцы, каб паразітаваць на нас!»
2. Будуць казаць: «Вы нацыяналісты, фашысты, экстрэмісты».
Адказ.
«Мне вас шкада. Вы заблытаны чалавек. Мы – за наша беларускае грамадства, за наш беларускі народ! Інтарэсы нашага беларускага грамадства: эканамічныя, духоўныя, іншыя – для нас на першым месцы, а інтарэсы любых бюракратаў-казнакрадаў, начальнікаў-карупцыянераў, крымінальнікаў і мафіёзі пасьля іх. Натуральна, бюракратам (у першую чаргу расейскім) нашы погляды не падабаюцца. Таму яны ўвесь час імкнуцца нас абылгаць. Для гэтага яны праз падпарадкаваныя ім газеты, радыё і тэлебачаньне выкарыстоўваць розныя слоўцы, накшталт тых, якія выкарысталі вы. Лепш скажыце: на каго вы працуеце? Чые інтарэсы вы адстойваеце? Я вам больш скажу: гаварыць так, як вы, у той час, калі забараняецца культура аднаго са славянскіх народаў, калі забараняецца гістарычная праўда, сімвалы, калі вынішчаецца беларуская мова – зьдзяйсьняецца этнацыд, калі ўсяляк падтрымліваецца і падкормліваецца на беларускай зямлі рускі фашызм (РНЕ), калі рыхтуецца захоп нашай маёмасьці чужымі паразітычнымі сіламі (рознымі паўкрымінальнымі алігархамі) – гэта блюзнэрства (кашчунства)… Дык паўтару пытаньне: На каго вы працуеце? На іх?»
3. Будуць казаць: «Вы заяўляеце «Беларусь – для беларусаў!»».
Адказ.
«Гэта ж трэба так усё пераварочваць. А для каго наша Беларусь? Для кітайцаў, немцаў, а, можа, яна для карупцыянераў-бюракратаў, для крымінальнікаў, для мафіі?! Мы лічым, што Беларусь для грамадзян Беларусі, а гэта значыць, для ўсяго беларускага народу!»
4. Будуць казаць: «Пуцін запрапанаваў тры мадэлі інтэграцыі з Расеяй: уваход абласьцямі, Саюз Расеі і Беларусі, інтэграцыя па тыпу Еўрасаюзу. За які вы?»
Адказ.
«У гэтых прапановах няма выбару. Гэта вядомы фокус, які завецца выбар без выбару. Калі б былі тры такіх варыянта: Беларусь застаецца поўнасьцю няўтральнай і незалежнай, як Швэйцарыя (1-ы варыянт); Беларусь інтэгруецца ў Еўрасаюз, як Чэхія, Славакія, Польшча, Баўгарыя, Харватыя, Славенія, Украіна, Грузія, іншыя краіны (2-і); Беларусь інтэгруецца з Расеяй (3-і) – беларускае грамадства ва ўмовах сапраўдных выбараў прагаласавала б ці за першы, ці за другі варыянт, але толькі не трэці (гэта агульнавядома). У тых жа прапановах, якія нам накідае маскоўскае кіраўніцтва, першыя два варыянты ўжо за нас адкінулі (у гэтым якраз і заключаецца падман – нас проста імкнуцца абдурыць). Бач ты, адкінулі менавіта тое, за што прагаласавалі бы грамадзяне Беларусі. Таму мы за варыянты: “Беларусь – другая Швайцарыя” альбо за інтэграцыю па тыпу Еўрасаюза і… ў Еўрасаюз!!! Толькі не ў расейскую імпэрыю, бо гэта ўсё раўно, што сьмерць!»
8.5. Некаторыя парады ўроссып:
– Усім вядома: кантактаваньне зь людзьмі – найцяжкая праца. Таму перад абыходам кватэр ці выхадам у пікет вельмі патрэбная добрая псіхалагічная саманастройка;
– Пажадана, каб аб вашым наведваньнем выбаршчык быў папярэджаны;
– Пачынаць гаварыць зь людзьмі ў большасьці выпадкаў трэба не па-руску, не па-беларуску, а “па-мясцоваму”. Як толькі зьявіцца нагода, адразу пераходзьце на нашу беларускую мову;
– Калі вы падзяляеце ідэялогію і галоўныя палітычныя прынцыпы, апісаныя ў дадзенай кніжцы, і калі вам гэта трэба, вы – прадстаўнік “Руху пабудовы беларускай дзяржавы” (рус.“Движения строительства беларуского государства”);
– Чым больш выбаршчык пачуе вас ці пра вас, тым лепш (лічыцца, што трэба мінімум 7-8 нагадваньняў вашага прозьвішча, каб выбаршчык пачаў вас запамінаць);
– Вельмі пажадана ў час, адведзены на агітацыю, пакінуць выбаршчыку пасьля наведваньня яго кватэры хаця б календарык на 2003 год, дзе напісана ваша прозьвішча; [цяпер гэта забарнена і выкарыстоўваецца, каб зьняць кандыдата з выбараў. – Рэд.]
– Ні пад якім прэтэкстам не спрачайцесь з выбаршчакам, а тым больш ні пры якіх абставінах не абражайце яго. Што б там ні было… Галоўнае, што павінна застацца ў памяці выбаршчыка: “Прыходзіў прыстойны чалавек, пакінуў добрае ўражаньне і ўсё правільна гаварыў”.
8.6. Іншыя тэхнічныя і арганізацыйныя парады вам напэўна вядомыя са шматлікіх семінараў…
А таму жадаю посьпехаў…
Плуг і меч выкаваныя.
Дык бяры ж іх…
Гэта ўсё занадта складана для простага чалавека.
Можа перапісаць Канстытуцыю Беларусі так каб яна адпавядала сёняшняй рэчаіснасці. Напрыклад:
– Улада ў Беларусі належыць Пахану
– Пахана абірае Вертыкаль на Агульным схадняку
– Дэлегатаў на Агульны схадняк выбірае Пахан
– Для лохаў устраіваюць Лахатрон на якім яны выказываюць “сваю волю”
– Пахан і Вертыкаль мусяць забяспечыць лохам “чарку і шкварку”
– Пахан і вертыкальцы павінны сябраваць са Старэйшым братам
– Старэйша брат павінен падкідываць бабло Пахану і вертыкальцам
– г.д.