nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Да чарговага зьезду БНФ : Публічнай прэзентацыі Пераможнай праграмы – 4 гады!

18 лістапада, 2007 | 4 каментарыя

Алесь Астроўскі

��Ф-б��ак�а�� 21.JPG

Пасьля расколу БНФ “Адраджэньне” ў 1999 годзе і выхаду групы З.Пазьняка з шэрагаў Фронту з утварэньнем Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі здавалася, што асноўныя ўнутраныя праблемы арганізацыі вырашаныя. На справе, адыход ад адной памылковай лініі ў дзейнасьці яшчэ не азначае, што кожны іншы кірунак будзе правільным. Спачатку мы – сябры БНФ і ўсё яшчэ аматары на грамадска-палітычнай ніве – гэтага ня ведалі. Але хутка (ужо праз 1-2 гады) у шэрагах Фронтау ўзьнікла даволі вялікая група, якая ўстала ў апазіцыю да БНФ-бюракратаў на чале зь В.Вячоркам. Я б, можа, не ўспамінаў тую даўнюю гісторыю, калі б ня пэўныя абставіны…

1. Што справакавала неабходнасьць успомніць былое.

У адным зь нядаўніх рэпатажаў радыё “Свабода” (гл. http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/10/96DC9A1A-09DC-4178-A402-4B2DFDA22BC5.html) прагучала, што на пасаду старшыні Партыі БНФ і грамадскага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” зьбіраецца балатавацца В.Івашкевіч. Ён пра гэта адкрыта заявіў на кастрычніцкім сойме арганізацыі, прысьвечаным падрыхтоўцы да маючага адбыцца 8 сьнежня зьезду партыі: “Для ператварэньня Партыі БНФ з маленькай партыі, адной зь невялічкіх партыяў аб’яднаных дэмсілаў, у масавую партыю, якая б была лідэрам АДС, фронт мусіць ініцыяваць і ўзначаліць масавую кампанію. Такая кампанія мною была абвешчана пасьля правядзеньня акцыі “Эўрапейскі марш” пад назвай “Кампанія Эўрапейскі марш”. Яна будзе мець некалькі кірункаў: “За эўрапейскую Беларусь”, “За свабоду палітвязьняў”, “За свабодныя выбары” і “За дэмакратычных дэпутатаў”. Падчас кампаніі плануецца пачаць масавую вэрбоўку валантэраў Эўрапейскага маршу”.

С-р Івашкевіч прапанаваў скласьці сьпіс зь дзьвюх тысяч чалавек, якія дадуць згоду ўвайсьці у выбаркамы [гаворка пра выбары 2008 году. – Рэд.]. Агітацыйная кампанія мусіць весьціся ў канкрэтных выбарчых акругах дзеля рэальнага атрыманьня большай паловы галасоў. Івашкевіч выказаўся таксама за правядзеньне масавай акцыі 25 сакавіка. “Гэта можна рабіць, калі фронт будзе непасрэдна ўзначальваць. Калі старшыня фронту будзе ісьці наперадзе гэтага руху персанальна. Я бачу сваю задачу мабілізаваць увесь фронт на рашэньне задач, якія перад намі стаяць. З тым, каб усе, хто належыць да розных груповак, працавалі разам. Я лічу, што фронт не павінен быць у ценю іншых лідэраў АДС за кошт праяўленьня сваёй ініцыятывы. Я лічу, што кіраўнік фронту ня можа быць хлопчыкам на пабягушках у дзядзенькі Мілінкевіча… Старшыня партыі мусіць быць асобай, якая праяўляе ініцыятыву, бярэ на сябе адказнасьць і выконвае ўзятыя на сябе планы”.

Адносна заявы Віктара Івашкевіча старшыня Партыі БНФ В. Вячорка сказаў, што таксама будзе балятавацца. Ён пракамэнтаваў заяву свайго намесьніка: “Я стаўлюся станоўча да ўсіх дэмакратычных ініцыятываў… да альтэрнатыўных выбараў і хачу нагадаць, што ў фронце на апошніх зьездах, акрамя перадапошняга, заўсёды была альтэрнатыва і я перамагаў на альтэрнатыўных выбарах”.

У гэтай інфармацыі меня ўразілі дзьве рэчы: заява Вячоркі і заяўленая “стратэгія” Івашкевіча.

Справа ў тым, што перадапошні з’езд БНФ адбыўся ў канцы 2003 года, і тады альтэрнатыва была – на старшыню БНФ вылучаўся я. Што да “стратэгіі змаганьня” Івашкевіча шляхам масавых кампаній, дык такіх “стратэгій” было ўжо дзесяткі. Усе яны паказалі сваю поўную безвыніковасьць. Рашэньне беларускай праблемы ў наш час знаходзіцца зусім у іншай плоскасьці. Гэтае рашэньне якраз тады, на зьездзе БНФ 2003 года, і было мною агалошана – непасрэдна ў час выступу ў якасьці прэтэндэнта на старшыню БНФ.

З нагоды лічу вартым падаць нашым чытачам тэкст таго крытычна-праграмнага выступу.

2. Тэкст майго выступу на зьездзе Партыі БНФ і грамадскага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” ў 2003 годзе ў якасьці кандыдата на старшыню арганізацыі.

У АБМЕРКАВАНЬНЕ СПРАВАЗДАЧЫ СТАРШЫНІ

Прыкра, але не магу сказаць нічога станоўчага… Вымушаны называць толькі недахопы ў дзейнасьці кіраўніцтва Фронту за апошнія 2 гады, якія дадаліся да відавочных правалаў у час першай кадэнцыі (1999-2001 гг.).

Нагадаю, што ў чорнай скарбонцы першых 2 гадоў дзейнасьці кіраўніцтва знаходзіцца найперш ганебны правал прэзідэнцкай кампаніі 2001-га году (сьвядомы), а таксама поўнае ігнараваньне вельмі патрэбных для ўсіх нас вынікаў працы PR-камісі БНФ 2000-01 гадоў.

За апошнія 2 гады сюды дадалося: абсалютна недастатковы “ўдзел” Фронту ў Курапацкай моладзевай вахце (2001-02 гг.); абсурднае прыняцьце рэлігійнага гімну “Магутны божа” ў якасьці беларускага нацыянальнага гімну; ганебны сьвядомы правал адзначэньня 85-х угодкаў БНР у Менску (калі на сакавік было прызначана аж тры “масавыя вулічныя акцыі”).

Узгаданыя факты правальнага кіраваньня яшчэ можна спрабаваць інтэрпрэтаваць як шэраг тактычных недахопаў. Нашмат больш небясьпечнымі зьяўляюцца стратэгічныя пралікі, якія вядуць да скарачэньня ар-цыі, яе згортваньня, і, як вынік, да памяньшэньня магчымасьцяў нашага ўплыву на грамадскія падзеі ў Беларусі.

Каб лепш прадставіць сітуацыю, прапаную вобраз. Уявіце сабе 2 мадэлі кіраваньня:

– пастухі “кіруюць” статкам авец – гадуюць і бароняць іх, клапоцяцца пра іх;

– бацькі “кіруюць” сваімі дзецьмі – таксама гадуюць іх, клапоцяцца пра іх.

Здавалася б, фармальна ўсё аднолькава. А на справе? На справе розьніца кардынальная. І яна заключаецца ў ВЫНІКУ!

У першым выпадку ён такі: авец зарэжуць, зьдзяруць скуру і зьядуць. У другім выпадку – дзеці стануць дарослымі, будуць умець самастойна жыць у рэальным грамадстве…

Аказваецца, каб убачыць сапраўдны зьмест кіраваньня, трэба ведаць МЭТУ тых, хто кіруе!

У прымяненьне да кіраўнікоў грамадскіх арганізацый, як можна распазнаць, якая ў іх сапраўдная МЭТА?

Калі арганізацыя расьце, разьвіваецца, становіцца больш моцнай, дзеяздольнай – тады сама арганізацыя і яе мэты ёсьць мэтамі кіраўнікоў. Калі арганізацыя слабне, памяншаецца колькасна, дзейнасьць яе фармалізуецца, становіцца малавыніковай, пустапарожняй – тады яна сродак. А сапраўдная мэта кіраўнікоў – у нечым іншым.

Дык вось, мы – не авечкі. І ў такой ступені, ў якой мы людзі, мы маем права голасу і магчымасьць кардынальна памяняць сітуацыю, вярнуць яе ў патрэбную для нашага грамадства каляіну.

Сітуацыя ж у Фронце крытычная і па віне цяперашняга кіраўніцтва.

Калі не адбудуцца радыкальныя зьмены ў патрэбным кірунку, можна будзе канстатаваць, што мы прысутнічалі на пахавальным зьездзе БНФ…

АБ ПЕРСЬПЕКТЫЎНАЙ СТРАТЭГІІ ДЗЕЙНАСЬЦІ ФРОНТУ

У Беларусі, як у Грэцыі, ёсьць усё. Тады чаму мы аніяк ня можам дасягнуць перамогі?

Асноўная прычына відавочная – нам не даюць арганізавацца, уносяць расколы і звады, адцягваць ўвагу на малаістотныя рэчы, укідваюць ў наша асяродзьдзе самую разнастайную псеўда-інфармацыю. Як жа нам вырвацца з гэтага кола, з гэтага своеасаблівага палітычнага сьметніка, у якім мы апынуліся?

Усё пачынаецца з дакладнага бачаньня МЭТЫ! Гэта галоўнае!

І. Аб нашай мэце.

Зараз у наша асяродзьдзе ўкінута шэраг зманлівых псеўдамэтаў.

1. “Шлях у Еўропу” (а калі туды павядзе Лукашэнка? Нас гэта задаволіць?).

2. “Адхіленьне Лукашэнкі ад улады” (а калі на месца Лукашэнкі-1 Масква падрыхтуе яшчэ горшага Лукашэнку-2, які пачне выконваць чарговы этап анэксіі Беларусі, і на выбарах 2006 году будзе выбар паміж імі двума – мы тады таксама будзем за адхіленьне Лу-кі ад улады?).

3. “Прыход апазіцыі да ўлады” (а вы можаце сабе ўявіць, што будзе, калі ў Беларусі раптоўна адбудуцца падзеі, як у Югаславіі ці Грузіі, і апазіцыя ў яе сёньняшнім выглядзе прыйдзе да ўлады?… Я не бяруся апісваць той жах, які нас тады чакае…) [зьвярніце ўвагу, гэта быў 2003 год! – Рэд.].

Дык вось, наша мэта ня першае, не другое, ня трэцяе. НАША МЭТА – гэта ПАБУДОВА БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ!!!

Якой? Максімальна ВЫНІКОВАЙ (у палітычнай, эканамічнай, іншых сьферых) і НАЦЫЯНАЛЬНА АДМЕТНАЙ (беларускай па свайму духу, па форме і зьместу). Такім чынам, сапраўдная беларуская дзяржава – вось першы стратэгічны пункт, які нас цікавіць.

ІІ. Аб тым, хто будзе яе будаваць?

Уявім сабе, што мы ўсё ж скінулі прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі (да чаго мы так нібы імкнемся) і гэтым вызвалілі месца каля рычагоў дзяржаўнай улады.

Для каго?

– для бязроднай, бяздарнай наменклатуры, якая засталася з камуністычных часоў, для якой Беларусь і наш народ нічога ня вартыя, а мае значэньне толькі крэсла, на якім яна гадуе свае “тылы”?

– для апантаных прыхільнікаў скрайніх ліберальных ідэяў – такога ж тыпу, якія стварылі “ліберальную імперыю” на ўсход ад нас, завёўшы Расею ў чарговы крызісны стан? І пры гэтым такіх жа бязродных, як і наменклатура?

– а, можа, для новай каманды замяталіных, сіваковых, посахавых, латыпавых, якую, без сумневу, ужо рыхтуе нам маскоўскае ФСБ?

Зноўку адказ відавочны:

Не! Мы павінны самі рыхтаваць сябе, каб стаць будучымі будаўнікамі будучай Беларусі!

Мы самі сябе павінны рыхтаваць стаць дзяржаўнымі служачымі – мэрамі, міністрамі, старшынямі райвыканкамаў і аддзелаў у аблвыканкамах, а таксама, натуральна, дэпутатамі, парламентарыямі… (гэта другі стратэгічны пункт нашага палітычнага сьветагляду).

ІІІ. Аб тым, што трэба рабіць, каб дасягаць мэты?!

Калі я сказаў гэтыя словы, большасьць прысутных напэўна падумала: “Не, пасада дзяржаўнага чыноўніка не для мяне…”

Тады зноў – прабачце. Па-першае: а для каго? А па-другое: давайце прааналізуем, чаму мы так падумалі?

Аказваецца, прычына простая – мы цяпер не ўяўляем, што будзем рабіць на любой папярэдне названай пасадзе!

А што трэба зрабіць, каб Мы ня мелі падобных комплексаў-перашкодаў?

Патрэбныя веды!!!

Аказваецца, сапраўды, ключавым момантам для таго, каб у нас узьнікла жаданьне стаць уладай (у адрозьненьне ад жаданьня змагацца за ўладу, але толькі ня дай бог ня браць яе), зьяўляюцца дакладныя канструктыўныя ВЕДЫ пра тое, як БУДАВАЦЬ БУДУЧУЮ БЕЛАРУСКУЮ ДЗЯРЖАВУ! Такія веды даюць надзвычай важнае ў палітыцы пачуцьцё – пачуцьцё палітычнай суб’ектнасьці, самастойнасьці. Гэта ўжо трэці стратэгічны пункт нашага палітычнага сьветагляду.

IV. Пра крыніцу ведаў.

Дзе ўзяць такія веды?

Я наіўна думаў, што яны недзе ёсьць (бо мы ў свой час шмат чулі пра ценявы Урад і пра тое, як ён у падпольлі інтэнсіўна працуе, распрацоўваючы праграму рэформаў для Беларусі…). Але, калі я глядзеў у 2001-м годзе выступ па БТ кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ад “аб’яднанай апазіцыі” сп. Ганчарыка, дзе ён памацаў на стале пару аркушаў паперы і сказаў: “Вось мая праграма”, – мяне ахапіў жах…

Аказваецца, у аб’яднанай апазіцыі да гэтай пары няма яснага комплекснага Праграмнага вобразу будучай беларускай дзяржавы?!!!…

Што ж… значыць, такі праграмны вобраз трэба стварыць (і гэта чацьверты стратэгічны пункт нашага палітычнага сьветгляду).

V. Галоўная сіла – грамадства.

Ідзем далей. Уявім сабе, што:

– мы цьвёрда трымаемся нашай мэты і нас у гэтым сэнсе ня зьбіць;

– усе мы жадаем стаць будаўнікамі будучай сапраўднай беларускай дзяржавы – дзяржслужачымі й дэпутатамі розных узроўняў;

– мы авалодалі неабходным мінімумам ведаў, каб рэальна заняць адказныя дзяржаўныя пасады;

– перад гэтым нехта распрацаваў матэрыялы (кнігі, праграмы), якія ўтрымліваюць усе неабходныя веды.

І, у выніку, перад намі стаіць пытаньне: ЯК ПРЫЙСЬЦІ ДА ЎЛАДЫ? Якія сілы мы павінны ўзяць у саюзьнікі, каб гэтай задачы дасягнуць?

Як ня дзіўна, такой сілай можа быць практычна толькі наша ўласнае грамадства – наш беларускі народ!

Колькі цяпер даводзіцца чуць ныцьця пра тое, што, маўляў, “наш народ слабы, запужаны, ні на што ня здатны…” (дарэчы, гэта яшчэ адна псеўда-тэза, якая ўкінута ў наша асяроддзе).

Усім гэтым ныцікам я прыводжу прыклад карэйцаў. Адзіны народ падзялілі на дзьве паловы і трымаюць у прынцыпова розных умовах. У выніку адная палова – пакутуе, дэградуе, вымірае, а другая – квітнее, дэманструючы свае дасягненьні ўсяму Сьвету!

Выснова: заўсёды вінаваты ня столькі народ, колькі ўлады. Змагацца трэба супраць дурных уладаў… Каму гэтая ісьціна невядомая, яму няма чаго рабіць у палітыцы…

Дык вось, нашае грамадства вельмі разумнае. Бо яно толькі тады гатова стаць магутнай творчай палітычнай сілай, калі яго ня толькі дапякуць няўдалыя кіраўнікі, а яшчэ і тады, калі яно выразна ўбачыць істотна лепшую альтэрнатыву!

Як чалавек, які шмат часу прысьвяціў вывучэньню PR-дзейнасьці, заяўляю: распіярыць “нуль” немагчыма. Зрабіць з “нуля” “дзесятку” немагчыма. Каб ва ўяўленьні грамадства нейкі чалавек, праграма, сіла ці зьява набылі вобраз “дзесяткі”, ім самім зыходна трэба быць, як мінімум, “адзінкамі”.

Такім чынам, мы павінны стаць прынцыпова лепшай, стваральнай альтэрнатывай сучаснаму рэжыму. Вось ён пяты стратэгічны пункт, які я прапаную ўключыць у наш палітычны сьветагляд.

VI. Палітычная праграма.

Якая ж палітычная праграма ў выніку атрымліваецца з пададзенага аналізу?

Два этапы гэтай праграмы, якія папярэднічаюць прыходу да ўлады, я ўжо падаў у кнізе “Адэкватная сьхема нашай рэчаіснасьці” (2002 год).

Сёньня прадстаўлю тры яе этапы.

Яны сімвалічна гучаць так: “веды”, “кадры”, “прыхільнасьць мас”. Гэтыя тры этапы можна ўявіць, як пасьлядоўны ланцуг падзей.

Зьмест кожнага этапу заключаецца ў наступным.

“Веды” – гэта наша мова, гісторыя, Праграмны вобраз будучай Беларускай дзяржавы, тэхналёгіі прыходу да ўлады.

“Кадры” – завочнае навучаньне вялікай колькасьці людзей (бо трэба будзе замяніць, як мінімум, чвэрць дзяржчыноўнікаў), набыцьцё імі ўсіх неабходных ведаў.

“Прыхільнасьць мас” – гэта стварэньне ў масах пачуцьця, што ёсьць выдатная альтэрнатыва рэжыму…

У заключэньні жадаю ўсяму зьезду БНФ пасьпяхова разабрацца ў сітуацыі і прыняць правільнае рашэньне.

Паколькі сучаснае кіраўніцтва ня здольна рэалізоўваць пераможную праграму, я і выстаўляю сваю кандыдатуру, як гарантыю таго, што Фронт нарэшце пачне рабіць тое, што трэба для беларусага народу…

3. Тэхналогія бюракратычнай інтрыгі.

У выніку галасаваньня мая кандыдатура набрала каля 27% галасоў. Вінцук Вчорка зноў быў пераабраны на старшыню.

Цяпер варта на прыкладзе былога БНФ адкрыта паказаць, з дапамогай якіх прыёмаў бюракратычная група, якая падпарадкоўвае сабе нейкую арганізацыю, застаецца пры ўладзе, нягледзячы на абсалютную бесперсьпектыўнасьць яе далейшага кіраўніцтва.

Першая памылка, якую робяць людзі – сябры дэмакратычнай партыі – заключаецца ў тым, што яны проста паціху выходзяць з арганізацыі, якая пачынае бюракратычна мярцьвець.

Так, пасьля 1999 году на маіх вачах на паседжаньні Сойму Партыі БНФ і руху “Адраджэньне” паступова перасталі хадзіць Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Анатоль Грыцкевіч, іншыя выбітныя беларусы. Але гэта яшчэ паўбяды. Істотна горш, што нашы людзі не здагадваюцца арганізавацца і прыехаць у ключавы момант на зьезд, каб паспрабаваць выправіць сітуацыю, абраць іншае кіранўніцтва. Паводзяць сябе нібы малыя дзеці… У выніку на зьездзе Партыі й руху БНФ у 2003 годзе проста адсутнічалі Барадулін, Грыцкевіч, Маркевіч, Голубеў, Саверчанка, Трусаў, Гусак, Заблоцкі, Арлоў (быў, але хутка пайшоў), Абразцоў, Ганчарова, Баршчэўскі, Падгол, Нікітчанка, Севярынец, Сіўчык (такія людзі, як Лугін, Суднік, хаця і былі, не сказалі ні слова).

Другі элемент бюракратычнай тэхналогіі зьвязаны з уласнай актыўнасьцю фронтаўскай бюракратыі, сабранай вакол Вячоркі.

Так, імі (яны ж кіраўнікі, усё могуць) была рэзка скарочана колькасьці дэлегатаў зьезду. Калі ў 1990-я зьезды БНФ адбываліся ў колькасьці 700 і больш дэлегатаў, у зьездзе БНФ, які адбыўся ў 2003 годзе, прыймала ўдзел усяго трохі больш за 100 дэлегатаў! Акрамя таго, напярэдадні Вячорка аб’ехаў шмат рэгіёнаў з рознымі пасуламі й угаворамі – г.зн. зрабіў тое, што я сабе дазволіць ня мог, як заняты чалавек, і не зьбіраўся рабіць, як чалавек прыстойны.

Нарэшце, на зьездзе 2003 года не ўдалося арганізаваць дыскусіі, з пытаньнямі і адказамі абодвум прэтэндантаў – таго, што было нават у 2001 годзе.

Усё пералічанае прывяло да заканамернага выніку ў 27% (перамагчы па незалежных ад мяне прычынах было немагчыма). Станоўчым жа бокам маёй актыўнасьці зьяўляецца публічнай прэзентацыі Пераможнай праграмы – падзея, якой на сёньня споўнілася ўжо 4 гады!

 

P.S.

А цяпер я хацеў бы зьвярнуцца да маіх былых паплечнікаў па Партыі і руху БНФ.

Сябры, як вам сёньня, калі прайшло столькі чарговых гадоў бессэнсоўнага “змаганьня”, падабаецца тое, што галоўнай мэтай дзейнасьці арганізацыі аб’яўляецца “ня быць хлопчыкамі на пабягушках у Мілінкевіча”?!

Усяго добрага, сябры…

 

P.P.S. Ніжэй пададзена фота з таго зьезда.

 


d090d0bbd0b5d181d18c-d0b1d0b0d0bbd0b0d182d183d0b5d186d186d0b0-21

 

4 каментарыя

  1. Frants кажа:

    Piersh za usio pra MARSHY. Iany patrebny, upeunieny u hetym, dla nabyccia srodkau i ni maluia dlia ikh “prawiadziennia”,
    a pra dzieinasjcj “palitychnykh” partyi usikh nakirunkau haworana shmat. Na wialiki rakhunak shkada slou pra ikh hawarycj.
    Aliesj, pakul sam ni vozmieshsia hurtawac wakol siabie, tolki taina, aktyunykh ludziei, na Bielarusi nichoha ni zmienicca.
    Buducj wystupacj, halasawacj, wybaracj – takim chynam zdawacj ludziei uladam na rasprawu.
    Trymaisia i zmahaisia pacikhu, kab ni zrabili kryudy.

  2. bambuk кажа:

    цяперашняя, так зв., аб’яднаная апазыцыя-фікцыя.народ наогул адвярнулся ад яе.гэта ЗАГ “ПАЛІТБІЗНЭС”. толькі закончаны ідзіёт можа уявіць сабе,што вінцукі- лябедзькі калі небудзь аттрымаюць уладу.Вам шаноуны пан прафэсар раю здалёк трымацца ад гэтай публікі,бо потым не адмыецеся.

  3. Бачу, ня ўсе ведаюць: я канчаткова выйшаў з БНФ Вячоркі яшчэ ў 2004 годзе.

  4. Упэўнена, што з гэтымі кіраўнікамі ніякага БНФ не будзе. Гэта азначае: “Загонім БНФ і крэпкі гроб скалоцім.” Я не магу сказаць аб іншых вабласцях, але скажу за Гомель. У 1999 годзе, пасля акцыі “Альтэрнатыўныя выбары”, пасля усіх гэтых дапросаў і судоў, БНФ (шэраговыя сябры) выйшлі вельмі моцныя духам і слыхам не слыхалі, што ёсць раскол ў кіраўніцтве БНФ. Людзі былі поўныя натхнення працаваць, з’явіліся арганізацыі там, дзе іх не было раней. Але лідарам не гэта трэба было. А што ім трэба было, мы бачым сёння. Натуральна, што такія паводзіны – гэта ёсць здрада. Здрада кіраўніцтва вельмі цяжка адбілася на шэраговых сябрах і людзі зыходзілі не проста так, а найбольш актыўныя былі ў нечым абвінавачаны (кожны па-свойму). Сёння ужо позна гаварыць пра гэта. Сёння ужо прыйшоў час гуртаваць нацыянальна-патрыятычныя сілы ў адзін кулак. У нас іх ужо дастаткова. Я прапаноўваю кіраўнікам сайту ў адкрытую правясці абмяркаванне праграм па адраджэнню нашай краіны і пабудове новага грамадства.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы