Іса Джабраілаў (былы першы намесьнік міністра Інфармацыі ЧРІ; падаецца паводле kavkazcenter.com/russ/content/2007/12/26/55308.shtml)
1.
Сьцьвярджаецца, што Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя адказвае ўмовам і патрабаваньням, якія прадугледжаны дэмакратычнай супольнасьцю для абвяшчэньня незалежнай дзяржавы і, адпаведна, яе прызнаньня [адразу хочам папярэдзіць: тут і далей аўтар называе “дэмакратыяй”, “дэмакратычнай супольнасьцю” тое, што імі не зьяўляецца – як правіла, ідэалогію і практыку псеўда-лібералізма; апошняе – гэта ідэйна-палічная і грамадска-арганізацыйная плынь, якая цяпер дамінуе на Захадзе і ствараецца глабалісцкай фінанс-алігархіяй у адпаведнасьці са сваімі соцыя-паразітнымі інтарэсамі; таму казаць, што на Захадзе дэмакратыя, што Захад дэмакратычны – катэгарычная “памылка”; магчыма аўтар пра гэта ведае, але, відаць, яму так трэба…. – Рэд.].
Ці так гэта на самай справе? І, такім чынам, ці можам мы ў сёньняшніх умовах чакаць якіх-небудзь рашучых крокаў з боку Захаду ў пытаньні прызнаньня нашага, па-за ўсялякім сумневам, справядлівага імкненьня будаваць сваю дзяржаву ў адпаведнасьці з нашымі законамі, звычаямі й, нарэшце, нашай рэлігіяй?
Для нас, чачэнскага народа, наша шматвекавая барацьба з Расейскай імперыяй у розных яе відах, і тыя шмалікія людскія ахвяры, матэрыяльныя і маральныя, якія былі прынесены за гэты час, ужо зьяўляюцца дастатковым грунтам для нашага права на самастойнасьць і незалежнасьць. Але ці так разважае заходняе грамадства? Ці ёсьць усё гэта дастатковай падставай для прызнаньня нашага права на незалежнасьць у вачах гэтага самага грамадства?
І, нарэшце, ці легітымнае наша дзяржава з пункту гледжаньня заходняй мадэлі дзяржаўнай арганізацыі? Што ёсьць незалежная дзяржава з пункту гледжаньня дэмакратычнага права па яго крытэрах і, самае галоўнае, ці адпавядаем мы (ЧРІ) гэтым крытэрам?
У заходнім грамадстве ёсьць некалькі вызначэньняў (якія адрозьніваюцца толькі ў невялікіх дэталях) таго, якое ўтварэньне можа лічыцца дзяржавай.
У адпаведнасьці з асноўным азначэньнем, якое прынятае на Канферэнцыі амерыканскіх дзяржаваў у Монтавідэа ў 1933 годзе і зьяўляецца асноўным у падыходзе да гэтага пытаньня галоўнага дэмакратычнага інстытута Захаду – Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзяржава павінна адпавядаць чатыром асноўным крытэрам-патрабаваньням. Не асобна нейкаму зь іх, а ўсім чатыром адначасова. У адпаведнасьці з гэтымі патрабаваньнямі ДЗЯРЖАВА ПАВІННА:
1. Мець сталае насельніцтва (грамадзянаў), якія добраахвотна падпарадкоўваюцца (слухаюцца) цэнтральным органам улады;
2. Мець пэўную тэрыторыю (у межах), якая кантралюецца цэнтральнай уладай;
3. Мець урад (цэнтральныя органы ўлады), які мае ўладу над дадзенай тэрыторыяй і мае манаполію на кіраваньне, кантроль, сістэму абароны ды пакараньня і мае структуры, здольныя выконваць дадзеныя функцыі;
4. Мець прызнаньне, як незалежная дзяржава, з боку іншых дзяржаваў.
2.
Разгледзім паэтапна, што маецца на ўвазе пад кожным пунктам гэтага азначэньня. На колькі цяперашняе Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя адпавядае гэтым умовам і, як наступства, на што мы (народ і кіраўніцтва ЧРІ) маглі разьлічваць, зыходзячы з дадзеных умоваў.
Такім чынам, пункт першы – насельніцтва (грамадзяне). У адпаведнасьці з заходнім азначэньнем, грамадзянін дзяржавы – гэта чалавек (персона), які мае магчымасьць і карыстаецца ў поўным аб’ёме палітычнымі й сацыяльнымі правамі ў дадзенай дзяржаве, выконвае (прызнае і падпарадкоўваецца) ўсе абавязкі, якія накладае заканадаўства на грамадзянаў дадзейнай дзяржавы.
Пад палітычнымі правамі грамадзяніна маюцца на ўвазе: права абіраць і быць абраным у прадстаўнічыя органы ўлады дзяржавы, права ўдзельнічаць (быць сябрам) у партыях, рухах, грамадска-палітычных і рэлігійных арганізацыях дадзенай дзяржавы, права на юрыдычную (прававую) абарону з боку дзяржавы, права ўплываць (праз прадстаўнікоў ці асабіста і да т.п.) на рашэньні, якія прымаюцца кіраўніцтвам дзяржавы і да т.п.
Пад сацыяльнымі правамі маецца на ўвазе: права грамадзяніна на атрыманьне абавязковай мінімальнай адукацыі, медыцынскае абслугоўваньне і страхаваньне, сацыяльныя паслугі з боку органаў сацыяльнай абароны, пенсійнае забесьпячэньне і г.д.
Пад абавязкамі грамадзяніна дзяржавы маецца на ўвазе: прызнаньне і выкананьне законаў ды іншых нарматыўных актаў дзяржавы, падпарадкаваньне органам улады, прызначаным дзяржавай [тут і ў іншых месцах аўтар пачаў ня верна выкарыстоўваць тэрмін “дзяржава”; напрыклад, у дадзеным месцы трэба было напісаць “прызначаным дзяржаўнымі ўладамі”. – Рэд.], абарона дадзенай дзяржавы ў выпадку канфлікту зь іншымі (чужымі) дзяржавамі і г.д.
Як мы бачым, у адпаведнасьці з дадзеным пунктам азначэньня, грамадзянамі дзяржавы (у нашым выпадку, ЧРІ) можа лічыцца толькі частка насельніцтва, якая ў поўнай меры карыстаецца ўсімі пералічанымі правамі й выконвае ўсе пералічаныя абавязкі.
Пярэчаньні тыпу – “карысталіся б, калі б была магчымасьць” – прагматычнымі заходнімі грамадствамі не прымаюцца.
Наступны (другі) пунк азначэньня – тэрыторыя. У адпаведнасьці з дадзеным азначэньнем, пад тэрыторыяй дзяржавы маецца на ўвазе геаграфічная вобласьць (тэрыторыя): абмежаваная дзяржаўнымі межамі, на якой дзейнічаюць законы ды іншыя нарматыўныя акты дзяржавы, кіруемая і кантралюемая цэнтральнай уладай дзяржавы.
У прымяненьні да ЧРІ, нашай тэрыторыяй, у адпаведнасьці з азначэньнем, лічыцца толькі тая тэрыторыя, на якой у поўным аб’ёме дзейнічае Канстытуцыя, законы ды іншыя нарматыўныя акты ЧРІ, і якая кантралюецца і кіруецца (рэальна) органамі дзяржаўнай улады ЧРІ.
Пяройдзем да трэцяга пункту азначэньня – урад (улада). Пад урадам (уладай) у дадзеным азначэньні маюцца на ўвазе органы цэнтральнай улады, якія: манапольна кантралююць і кіруюць тэрыторыяй дадзенага адміністратыўна-тэрытарыяльнага ўтварэньня (дзяржавы) і насельніцтвам, якое жыве на яго тэрыторыі; маюць правы (законы, нарматыўныя акты, рэпрэзентатыўныя органы ўлады), мачымасьць (рэальная ўлада), сродкі (эканамічныя, фінансавыя, сьпецыялісты) і структуры (органы мясцовай улады, праваахоўная сістэма, судовая сістэма, пенітэнцыярная сістэма, узброеныя сілы) для рэальнага і поўнага зьдзяйсьненьня дадзенага кіраваньня і кантроля.
У нашым выпадку (кіраўніцтва ЧРІ), у адпаведнасьці з дадзеным азначэньнем, органы ўлады ЧРІ лічыцца ўрадам толькі на той тэрыторыі, якім ён (рэальна) кіруе, і для таго насельніцтва, якое ён (рэальна) кантралюе і якое яму (рэальна) падпарадкоўваецца.
І нарэшце, апошні (чацьверты) пункт азначэньня незалежнай дзяржавы, які грунтуецца на папярэдніх трох, і наяўнасьць якога таксама абавязковая для адпаведнасьці азначэньню дзяржавы. У адпаведнасьці з азначэньнем, адміністратыўна-тэрытарыяльнае ўтварэньне, для адпаведнасьці паняцьцю дзяржава, павінна мець прызнаньне.
Пад прызнаньнем маецца на ўвазе: згода іншых дзяржаў (прычым, гэтыя дзяржавы павінны самі мець міжнароднае прызнаньне) лічыць дадзенае адміністратыўна-тэрытарыяльнае ўтварэньне незалежнай, сувярэннай дзяржавай; усталёўваньне іншымі прызнанымі дзяржавамі дыпламатычных зносінаў на дзяржаўным узроўні з дадзенай дзяржавай; і, як правіла, прыём у члена ААН.
Асабліва адзначым, што прызнаньне накшталт – “ты – мне, я – табе” – г.зн, ад такіх “дзяржаў”, як Прыднестроўе, Абхазія, Курдыстан альбо Краіна індэйцаў Лакота, міжнароднай (заходняй дэмакратычнай) супольнасьцю ў разьлік не бярэцца.
Заўважым яшчэ раз, што прызнаньне незалежнасьці й суверэнітэту дзяржавы, у адпаведнасьці з заходнім азначэньнем, можа мець месца толькі пры адпаведнасьці адміністратыўна-тэрытарыяльнага ўтварэньня першым тром пунктам дадзенага азначэньня. У нашым выпадку (ЧРІ), для таго, каб быць прызнаным заходняй супольнасьцю ў якасьці незалежнай дзяржавы, мы павінны да таго, як мінімум: узяць пад кантроль і кіраваньне ўсю тэрыторыю Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя; усталяваць дакладныя межы з суседнімі дзяржавамі; мець давер і дабраахвотнае падпарадкаваньне (паслухмянасьць) з боку ўсяго насельніцтва; мець дзейсныя органы ўлады на ўсіх узроўнях; мець канстытуцыю, законы ды іншыя нарматыўныя акты, якія б адпавядалі заходнім (дэмакратычным) стандартам.
Акрамя гэтага, мы ня можам ськідаць з рахунку кароткатэрміновыя эканамічныя і доўгатэрміновыя стратэгічныя інтарэсы заходніх дзяржаў. Эгаістычныя, цынічныя, але – рэальна існыя.
Дадзеную пазіцыю найбольш проста і, разам з тым, адкрыта абазначыў шматгадовы прэмьер-міністар Вялікабрытаніі й, бадай што, самы аўтарытэтны палітык Еўропы ХХ стагоддзя Уінстан Чэрчыль, які сказаў, прыкладна, наступнае: “У Брытаніі няма сталых сяброў, у Брытаніі ёсьць сталыя інтарэсы”.
У роўнай ступені гэтае выказваньне можна аднесьці да любой заходняй, дый ня толькі заходняй, дэмакратычнай краіны. І нават у тым выпадку, калі б мы мелі права на незалежнасьць у адпаведнсьці зь іхнымі ж законамі, пытаньне прызнаньня альбо непрызнаньня нашага суверэнітэту вырашалася б выключна ў адпаведнасьці з коштамі на расейскія нафту ды газ на таргах на лонданскай і ню-ёркскай сыравінных біржах.
3.
Некаторыя аналітыкі спрабуюць параўноўваць нашую сітуацыю зь сітуацыяй вакол Косава і робяць, на мой погляд, абсалютна беспадстаўную выснову, што, маўляў, касавары апынуліся разумней і прадбачлівей чачэнцаў і таму ў іх усё атрымалася. І хаця незалежнасьці ў іх пакуль няма, але ёсьць поўная падтрымка з боку Еўразьвязу і Злучаных Штатаў Амерыкі, што, у сваю чаргу, амаль на 100% гарантуе яе атрыманьне ў бліжэйшай персьпектыве.
Такое параўнаньне цалкам неадпаведнае, але калі ўсё-ткі ўзьнікае, паспрабуем разабрацца і ў ім. Такім чынам, пытаньне ў наступным: Ці сапраўды мы (кіраўніцтва і народ ЧРІ) зрабілі нейкую ракавỳю памылку, якая, у адрозьненьні ад сітуацыі ў Косава, зьвяла на нішто нашыя высілкі ў барацьбе за прызнаньне сусьветнай дэмакратычнай супольнасьцю нашай незалежнасьці? Якія аб’ектыўныя і/ці суб’ектыўныя прычыны паўплывалі на тое, што нам, у адрозьненьне ад касавараў, не ўдалося заручыцца падтрымкай заходняй дэмакратыі?
Нават павярхоўны аналіз сітуацыі паказвае, што на дыферэнцываны падыход Захаду ў адносінах да разглядаемых канфліктаў паўплывалі, галоўным чынам, так званыя геапалітычныя інтарэсы ЕЗ і, у асаблівасьці, НАТА. Каб зразумець, чаму здарылася так, як здарылася, дастаткова адказаць на два простых пытаньні: Дзе разьмешчана Косава і, адпаведна, Ічкерыя? І ад каго спрабуе “аддзяліцца” Косава і, адпаведна, Ічкерыя?
Ва ўмовах, калі гідра Расейскай імперыі зноў падняла галаву і ў Крамлі ўсё больш адкрыта і выразна чуюцца галасы аб ПАЛІТЫЧНЫМ РЭВАНШЫ, узмацненьне пазіцыі Расеі ў самым цэнтры Еўразьвязу і НАТА (праз свайго “натуральнага саюзьніка” – Сербію) абсалютна не адпавядае інтарэсам заходняй супольнасьці. Акрамя таго, знаходжаньне Косава ў складзе Сербіі абавязкова пацягне за сабой далейшую эскалацыю ўзброенага канфлікта ў непасрэднай блізкасьці ад межаў Еўрасаюзу і НАТА, а дакладней, у самым цэнтры гэтых межаў.
Пасьля прыняцьця Баўгарыі й Румыніі ў сябры ЕЗ кола Еўразьвязу вакол Балканаў цалкам замкнулася і Еўропа лічыць тое, што адбываецца там, ужо сваёй “унутранай” справай. Дзеяньні кіраўніцтва Прышціны ў дадзеным пытаньні маюць далёка не вядучую ролю, тым больш, што яны ніколі не ўступалі ў пярэчаньне з жаданьнямі заходніх краін. Дый гістарычныя фактары ў дадзеным выпадку не згулялі ніякай ролі ў фармаваньні палітыкі Захада ў адносінах спрэчкі паміж Белградам і Прышцінай.
У адрозьнені ад Ічкерыі, Косава не зьяўляецца монанацыянальным утварэньнем – на поўначы края па-ранейшаму жыве сербскае насельніцтва, якое мае нават уласныя сілавыя структуры (так званая сербская міліцыя).
Албанцы, зноў такі ў адрозьненьне ад чачэнцаў, не зьяўляюцца абарыгенамі на большай частцы тэрыторыі края, што, аднак, не перашкодзіла ЕЗ і ЗША стаць цалкам на іх бок у дадзеным канфлікце. Г.зн., у выбары пазіцыі Захада галоўную ролю згулялі не юрыдычная абаснаванасьць, не гістарычная справядлівасьць, і не маральны асьпект праблемы, а геапалітычная МЭТАЗГОДНАСЬЦЬ і ЎЛАСНЫЯ ІНТАРЭСЫ.
Аднак, цалкам іншая сітуацыя складаецца вакол Ічкерыі. Аддаленасьць рэгіёна ад межаў Еўразьвязу, разам з нежаданьнем Захаду сварыцца са сваім сыравінным дадаткам, які да таго ж яшчэ і мае ядзерную зброю, згуляла тую галоўную і ракавỳю ролю ў выбары пазіцыі Захада ў адносінах да канфлікта паміж Ічкерыяй і Расеяй.
Таму цешыць сябе ілюзіямі што да магчымасьці нашага прызнаньня ў выпадку, калі б мы паводзілі сябе як-небудзь інакш – гэта самападман. А калі нехта на гэтым настойвае, дык гэта проста падман.
Не, і яшчэ раз не. Усё было б дакладна таксама.