Нарошчваньне кітайскай ваеннай моцы – апошні прынцыповы асьпект, які варта разгледзець перад падвядзеньнем канчатковых высноваў па тэме. Адбываецца яно пад прэтэкстам “вострай неабходнасьці” “інтэграваць” Тайвань у Кітай, натуральна… зь кітайскага боку. Пакуль другая кітайскай дзяржава знаходзіцца пад пратэктаратам ЗША. Ці дастаткова моцны гэты пратэктарат? Як доўга ён здольны пратрымацца? Адказы на гэтыя ды іншыя пытаньні становяцца ўсё менш пэўнымі, бо матэрыковыя кітайцы ўжо зразумелі – армія павінна быць ня толькі шматлікай, але і тэхналагічна сучаснай…
Рэдакцыя.
1. Істотныя зьмены ў ваеннай сітуацыі
РОСТ ВАЕННАЙ МОЦЫ КІТАЯ
Рычард Д. Фішэр-малодшы (“The Wall Street Journal”, ЗША, красавік 2006 г.; паводле www.inosmi.ru/stories/01/06/28/3008/226803.html)
Усяго год таму, на канферэцыі ў сінгапурскім гатэлі “Shangri-La”, міністар абароны ЗША Рамсфельд спытаў: “Паколькі ніякая краіна не пагражае Кітаю, можна толькі зьдзіўляцца: … для чаго гэтыя закупкі ўзбраеньняў, якія працягваюцца і пашыраюцца?”
Пытаньне было рытарычнае, таму што адказ відавочны. Ваенныя магчымасьці Кітаю, якія растуць, рашуча зьмяняюць суадносіны ваеннай моцы ў Азіі, пагражаюць сябрам і саюзьнікам ЗША, ад Японіі да Індыі, прычым найбольш сур’ёзна – Тайваню.
Нарошчваньне групоўкі ўзброеных сілаў Кітая ў зоне Тайваньскага праліва павялічвае небясьпеку вайны, даючы Кітаю новыя прылады для нападу на амерыканскія ўзброеныя сілы [зьвяртаем увагу, так лічаць амерыканцы. – Рэд.], калі тыя будуць бараніць востраў Тайвань, і закладаючы грунт для будучых магчымасьцяў па “распаўсюджаньні моцы”, якія могуць абмежаваць амерыканскія стратэгічныя варыянты дзеяньняў у наступным дзесяцігоддзі.
Кітай выдаткоўвае на свае ўзброеныя сілы значна больш, чым любая іншая азіяцкая краіна. Па ацэнах Пентагону, сапраўдныя ваенныя выдаткі Кітая ў 2-3 разы больш за афіцыйны ваенны бюджэт гэтага году ў 35 млрд. даляраў – г.зн. складаюць каля 70-105 млрд. даляраў ЗША.
У параўнаньні з гэтымі тратамі абаронны бюджэт Токіё, які складае 46,5 млрд. даляраў, выглядае марна, што дае японскім афіцыйным асобам яшчэ адну прычыну, каб лічыць Кітай пагрозай для сябе.
Паскоранае нарошчваньне ваенных магчымасьцяў Кітая прыносіць свае плады. Паспрабуем параўнаць няўдалыя спробы Кітая застрашыць Тайвань 10 гадоў таму зь яго здольнасьцю захапіць востраў сёньня.
У 1996 годзе ваенныя вучэньні Народна-вызвольнай арміі Кітаю (НВАК) паблізу Тайваня ня здолелі запужаць жыхароў гэтага вострава. Абсалютнай большасьцю галасоў яны абралі сваім прэзідэнтам Лі Дэнхуэя, якога Пекін падазраваў у жаданьні абвясьціць незалежнасьць Тайваня. Часткова гэта было таму, што НВАК у той час была занадта слабая, каб уяўляць істотную пагрозу. Вышэйшае камандаваньне НВАК, у якім дамінуючую ролю мелі прадстаўнікі сухапутных войскаў, у час вучэньняў 1996 года было няздольнае нават каардынаваць дзейнасьць сухапутных войскаў з марской пяхотай, авіяцыяй і сіламі флоту. Тады іх самыя сучасныя зьнішчальнікі Су-27 расейскай вытворчасьці прымянялі састарэлыя авіяцыйныя бомбы свабоднага паданьня. Ніхто ўсур’ёз не ўспрымаў думкі пра марскую блакаду вострава, ня кажучы ўжо пра высадку на яго марскога дэсанту, у асаблівасьці пасьля таго, як НВАК была прыніжаная з-за сваёй няздольнасьці адэкватна адказаць на перадыслакацыю ў раён Тайваня па загаду Клінтана дзьвюх амерыканскіх авіяносных ударных груп.
Цяпер пераносімся ў жнівень 2005 года, калі НВАК упершыню пасьля камуністычнай рэвалюцыі сумесна са сваімі расейскімі калегамі правяла складаныя ванныя гульні пад дваістай назвай “Місія міру 2005”. На гэты раз кітайскія сухапутныя войскі, марская пехота і сілы флоту без праблем каардынавалі свае дзеяньні, прычым ня толькі адзін зь адным, але і таксама са сваімі расейскімі калегамі. Зьнішчальнікі ВВС НВАК праводзілі вучэньні з выкарыстаньнем інфармацыі ад расейскага самалёта дальняга радыялакацыйнага выяўленьня і навядзеньня авіяцыі (накшталт AWACS) А-50, у той час як караблі ВМС Кітая і ВМФ Расеі праводзілі супольныя супрацькарабельныя, супрацьпаветраныя і супрацьлодкавыя аперацыі. Апошні этап гэтых вучэньняў паказаў, наколькі за апошняе 10-годдзе падвысіліся магчымасьці Кітая па высадцы марскога дэсанту. Часткі сухапутных войскаў і марской пяхоты НВАК ва ўзаемадзеяньні з паветрана-дэсантнымі падраздзяленьнямі злучыліся са сваімі расейскімі калегамі й імітавалі высадку дэсанту на ўзьбярэжжа, якое баранілася. Гэтая аперацыя, як чакаецца, стане складовай часткай любога ўварваньня на Тайвань.
Пагроза, якую нясе з сабой гэта трансфармацыя, узмацняецца дзякуючы павелічэньню цяперашняй групоўкі войскаў, разгорнутых супраць Тайваня.
Тым часам востраў усё яшчэ тармозіць мадэрнізацю сваёй абароны. Апазіцыйная Нацыяналістычная партыя КМТ (Kuomintang), якой маніпулюе Пекін, сабатуе высілкі па мадэрнізацыі ўзброеных сілаў Тайваня. У апошнія 2 гады разам з аналагічна настроенымі саюзьнікамі КМТ выкарыстала сваю большасьць у заканадаўчых органах вострава, каб заблакаваць сьпецыяльны бюджэт, неабходны для закупу пакета абаронных сістэм, паабяцаных Тайваню прэзідэнтам Дж.Бушам яшчэ ў 2001 годзе. У выніку сёньня ўяўляецца, што Тайвань наўрад ці калі-небудзь атрымае комплексы супрацьпаветранай абароны (СПА) і 8 новых падводных лодак, якія Буш запрапанаваў у рамках пакетнай дамовы. Усё, што на сёньня здолеў закупіць Тайвань, гэта 4 старыя амерыканскія эскадраныя караблі, якія падвысілі магчымасьць тайваньскага флоту па барацьбе з паветранымі цэлямі.
Калі ЗША калі-небудзь зноў прыйдуць на дапамогу Тайваню ў пытаньні яго абароны, дык яны сутыкнуцца з флотам НВАК, які будзе значна лепш, чым у 1996 годзе, аснашчаны для таго, каб пагражаць амерыканскім авіяносцам.
У бягучым годзе Кітай закупіць дзясяты з 1999 года новы эскадраны карабель СПА, а таксама атрымае з Расеі 8 новых падлодак з сучаснымі супрацькарабельнымі ракетамі. Чакаецца, што да 2010 года НВАК будзе мець супрацькарабельныя балістычныя ракеты з дальнасьцю стрэлаў ня менш 1000 міляў – ракеты, якія ВМС ЗША не гатовыя перахопліваць.
Амерыцы, цалкам магчыма, прыйдзецца сутыкнуцца таксама і зь ядзерным шантажом. Да 2010 года Кітай, хутчэй за ўсё, дадаткова разгарне да 100 новых міжкантынентальных балістычных ракет (МБР) наземнага базаваньня і 24 балістычныя ракеты на падлодках (БРПЛ) зь ядзернымі боегалоўкамі; гэтага будзе больш чым дастаткова, каб пераадолець сістэму супрацьракетнай абароны (СРА) ЗША. Летась адзін генерал НВАК пагражаў у выпадку канфлікта з-за Тайваня запусьціць ядзерныя ракеты па сотнях амерыканскіх гарадоў.
Кітай таксама пачынае распаўсюджваць сваю моц далей у Азіі. Зусім не выпадкова, што леташнія ваенныя гульні афіцыйна праводзіліся пад эгідай Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), якая ўзначальваецца Кітаем ды Расеяй. Гэта сьведчыць пра намер Пекіна і Масквы ўмацоўваць ШАС як канкурэнта НАТА.
Некаторыя кітайскія навукоўцы ўжо прапануюць, каб ШАС выступіла ў падтрымку Тэгерана, які мае там статус назіральніка. Паколькі Пакістан у дадзены час таксама мае ў ШАС такі ж статус, не ёсьць нерэалістычным прагноз, што ў будучых ваенных гульнях кітайскія ўзброеныя сілы могуць удзельнічаць разам са сваімі калегамі й з гэтай краіны – крытычна важкага саюзьніка Амерыкі ў вайне з тэрорам [у рэдакцыі мы ўжо даўно схільныя пісаць так: “вайна з тэрорам”. – Рэд.].
Кітай пачаў рабіць інвестыцыі ў сілы, прызначаныя для распаўсюду моцы далёка за нацыянальныя межы – у авіяносцы і самалёты. У Пекіна ўжо ёсьць адзін сучасны авіяносец, які быў куплены ў Украіны ў 2002 годзе [пры Кучме. – Рэд.]. Гэта “Вараг” савецкай пабудовы. Летась паступілі паведамленьні, што Расея гатовая дапамагчы Кітаю спраектаваць і ўзброіць другі авіяносец такога ж тыпу.
Крыніцы ў Кіеве кажуць, што Украіна таксама выказвае гатовасьць дапамагчы Кітаю ў будаўніцве ваенных самалётаў такіх памераў, як амерыканскі С-17 і нават яшчэ большых С-5 [а гэта ж ужо пры Юшчанку. – Рэд.]. Такія самалёты далі б Кітаю здольнасьць перавозіць буйныя вайсковыя падраздзяленьні разам з бронетэхнікай, паколькі грузапад’ёмнасьць С-5 складае 150 тон.
Адміністрацыя Буша пачала рэагаваць на кітайскую пагрозу, перакідвае ў Азію новыя сілы, у тым ліку падлодкі й авіяносцы. Яна таксама ўзмацняе ваеннае супрацоўніцтва зь Японіяй і рыхтуецца стварыць новыя партнерскія стасункі зь Індыяй, якія калі-небудзь могуць распаўсюдзіцца на стартэгічныя пытаньні. Вашынгтон, акрамя таго, заклікае Пекін быць “адказным гульцом” у глабальных пытаньнях.
Але па меры таго, як узмацняецца ваенная магутнасьць Кітая, кіраўнікі гэтай краіны хутка могуць стаць такімі ж рэзкімі, як і сінгапурская газета “Straits Times”, якая запрапанавала амерыканцам спыніць “задзірацца” і “вызваліць месца” для ваеннай моцы Кітая. Гэта здаецца асабліва злавесным таму, што з гэтага вынікае, што нават амерыканскія саюзьнікі накшталт Сінгапура могуць пачаць рэагаваць на моц Кітая, якая расьце, заміральнымі саступкамі – зьява, якая ўсяго толькі заахвочвае Кітай да далейшага нарошчваньня сваёй ваеннай моцы.
І тады наўрад ці можна будзе разьлічваць на тое, што Кітай скароціць свае пагрозы ў адрас Тайваня, спыніць сваё варожае стаўленьне да Японіі альбо зьменіць сваю падтрымку тыранічных рэжымаў у Паўночнай Карэі й Іране [а, можа, на месца Ірана варта паставіць іншую краіну? – Рэд.].
Наша спраўка:
1. Тайвань прызналі больш за 20 краінаў сьвету, і да 1971 года ён прадстаўляў у ААН сам Кітай, лічыўся больш легітымнай кітайскай дзяржавай, чым тая, што ўяўляў зь сябе камуністычны ўрад Пекіна.
2. У чэрвені 2004 года Цэнтральная ваенная рада КНР паставіла задачу: да 2020 года вярнуць Тайвань пад юрысдыкцыю матэрыковага Кітая любымі сродкамі, улучна з ваеннымі. Як вынікае са словаў старшыні гэтай рады, Пекін ня спыніцца нават перад прамым канфліктам з ЗША. Праз год на сесіі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (сакавік 2005 г.) прыняты закон “Аб супрацьдзеяньні сепаратызму”. У дакуманце гаворыцца, як і пры якіх умовах Пекін можа рашыцца на сілавы варыянт вырашэньня тайваньскага пытаньня.
3. Сёньня Пекін заняты тым, што калекцыянуе краіны, згодныя зь яго бачаньнем праблемаў, як у стаўленьні да будучыні Тайваня, так і акупаванага Тыбету. У лік краін, якія прынялі пазіцыю Кітая ў тайваньскім пытаньні, ужо некалькі гадоў уваходзіць і такая “вялікая краіна”, як Расея. Пра тое, што Лу-ка цалкам “падзяляе пазіцыю Кітая”, мы ўжо ведаем (гл. уступ да Часткі 1 дадзенага матэрыялу).
НА КАГО ПЛАНУЕ НАПАДАЦЬ КІТАЙ
Юры Жыгалкін, Ян Руноў (паводле www.svobodanews.ru/Article/2007/05/28/20070528114504323.html)
Кітай пераўтварае свае ўзброеныя сілы ў магутную ваенную машыну. Прычым мэты гэтай паскоранай і схаванай ад чужых вачэй мадэрнізацыі арміі могуць быць больш маштабнымі, чым падрыхтоўка да патэнцыйнага канфлікту з Тайванем. Такая выснова зробленая ў адмысловым дакладзе Пентагона, які быў пададзены заканадаўцам.
Ваенныя планы КНР на працягу дзесяцігоддзяў асабліва цікавілі Вашынгтон, які, у адпаведнасьці з дамовай з Тайванем, абавязаны бараніць свайго саюзьніка ў выпадку спробы кітайскага ўварваньня на востраў. Да нядаўняга часу кітайскія ваенныя рэформы ўпісываліся ў агульную карціну падрыхтоўкі кітайскай арміі да высьвятленьня адносінаў з Тайванем. Да чаго рыхтуецца Кітай у апошнія 2-3 гады, амерыканскія эксьперты могуць толькі здагадвацца. Інфармацыя, даступная ім, дазваляе прадбачыць трывожныя сцэнары.
Першая выснова эксьпертаў: кітайская армія рыхтуецца да нанясеньня раптоўнага папераджальнага ўдару па перыметры сваіх межаў у выпадку пагрозы з боку больш моцнага суперніка. Перад кітайскімі ВВС пастаўленая задача распрацаваць працэдуру ды тактыку, якая дазволіць ім па першым жа загадзе не марудзячы нанесьці масаваныя ўдары па аб’ектам, якія знаходзяцца на значнай адлегласьці. У канцпэпцыю папераджальнага ўдару ўпісваецца і зьяўленьне ў арсенале Кітая 5 субмарын, здольных несьці балістычныя ракеты. Адзіная падводная лодка падобнага класа, якую маюць кітайцы, да гэтай пары знаходзілася на базе і ні разу не выходзіла ў акіян. Народна-вызвольная армія Кітая актыўна пашырае свой арсенал ракетаў “зямля-паветра” і асвойвае сістэмы спадарожнікавых камунікацыяў вайсковага выкарыстаньня.
Другая выснова амерыканскіх эксьпертаў: КНР спакваля распрацоўвае тэхналогіі для нанясеньня ўдару ў космасе. Па даных амерыканскай выведкі, праз тры гады на ўзбраеньні кітайскай арміі зьявяцца ракеты, здольныя зьнішчаць амерыканскія ваенныя спадарожнікі. Паралельна кітайцы ствараюць сістэму сачэньня за імі й глушэньня сігналаў спадарожнікаў, якія выкарыстоўваюцца Пентагонам. Адзін з аўтараў справаздачы параўнаў па значнасьці нядаўняе выпрабаваньне антыспадарожнікавай ракеты з запускам першага савецкага спадарожніка.
Каметуючы гэтую выснову, вядучыя амерыканскія ваенныя эксьперты дадалі: “Гэта ўсё вельмі сур’ёзна. Уся наша сістэма абароны залежыць ад спадарожнікавай сувязі, выведных спадарожнікаў, навігацыйных… Чаму Кітай пайшоў на правакацыйны крок і прадэманстраваў нам і ўсяму сьвету свае супрацьспадарожнікавыя сістэмы? Іх задача ў тым, каб у выпадку неабходнасьці здолець паралізаваць ваенную машыну ЗША: выведка, спадарожнікавыя фотаздымкі, навігацыйная і радарная сістэмы – усё, што даюць нам спадарожнікі. Не хацелася б, каб Кітай сваімі дзеяньнямі вымусіў нас пайсьці па шляху большай мілітарызацыі космасу і прыняцця ваенных мераў па абароне нашых спадарожнікаў. Таму мы хочам дасягнуць дамоўленасьці аб дэмілітарызацыі космаса з Расеяй і Кітаем. Гэта тое, чаго хочуць усе разумныя людзі”. [усе разумныя людзі дадаткова хочуць дэмілітарызацыі зямлі, вады і паветра – усяго сьвету… – Рэд.]
Трэцяя выснова: кітайская армія робіць новую стаўку на кампутарную вайну. Яна набірае падраздзяленьні хакераў. Іх мэта – нанесьці ўдар па ваенным і грамадзянскім кампутарным сеткам суперніка.
У каментары да гэтай высновы было заўважана: “У Кітаі праходзяць падрыхтоўку тысячы і тысячы хакераў з тым, каб яны маглі ўлезьці ў любую ваенную сістэму кампутарнай сувязі. І мы ўжо сталі сьведкамі іх посьпеху. У час ваенных вучэньняў год таму яны здолелі цалкам паралізаваць кампутарную сістэму Ваенна-марскога каледжу ў Горадзе Ню-Порт, штат Род-Айленд. Яны ўзламалі коды, скапіявалі інфармацыю, а затым блакавалі працу кампутараў. Нам неабходна знайсьці спосаб дамовіцца зь Кітаем аб супрацоўніцтве, зрабіць яго партнэрам [ну-ну, паспрабуйце; вам Кітай – самы партнэр…. – Рэд.] і адначасова паспрабаваць высьветліць, якія сапраўдныя кітайскія планы… Калі прэвентыўная стратэгія і распрацоўваецца ў Кітаі, дык у рамках больш глабальнай задачы – стаць у ваенных адносінах звышдзяржавай на адным узроўні з ЗША. Колькі часу на гэта спратрэбіцца, мы ня ведаем… Кітай робіць каласальныя ваенныя закупкі ў Расеі. Гэта і субмарыны, і супрацькарабельныя ракетныя сістэмы, прызначаныя для зьнішчэньня авіяносцаў. Кітай становіцца такой пагрозай нашаму ціхаакіянскаму флоту, якой ніколі раней ня быў. І гэта адбываецца значна хутчэй, чым мы чакалі…”.
2. Асобныя сігнальныя факты
ВУЧЫЦЦА ШПІЯНАЖУ
Чжан Іхун, «Время новостей», №116, 3.07.2002 г.
Кітайская выведка хутка ўваходзіць у клуб сусьветных шпіёнскіх арганізацый, якія актыўна засвойваюць сучасныя прыёмы замежных сьпецслужбаў.
У ранейшыя часы пры зборы інфармацыі Кітай разьлічваў найперш на “ідэалагічную сьвядомасьць” крыніцы, пры гэтым шэрагі агентаў папаўняліся найперш за кошт этнічных кітайцаў. Цяпер гэтая сьпецыфіка становіцца часткай гісторыі – кітайская выведка надае ўсё меншае значэньне палітычнай ідэалогіі й этнічнаму патрыятызму [цікавы тэрмін. – Рэд], з усё большай гатовасьцю выкарыстоўваюць грошы ў якасьці прылады для атрыманьня патрэбных зьвестак…
Прыярытэтам у агентурнай працы для кітайскіх сьпецслужбаў цяпер зьяўляюцца тайваньцы, якія ў мінулым знаходзіліся на ваеннай службе і пасьля адстаўкі заняліся бізьнесам на мацерыку. Галоўнай мішэньню сярод іх выступаюць тыя, хто служыў у тайваньскіх падраздзяленьнях сувязі ды выведкі.
Так, напрыклад, як высьветлілася ў час сьледства, пры перадачы Кітаю сабранай сынам інфармацыі бацька кожны раз атрымліваў ад 600 да 2000 даляраў. У гэтага скандалу ёсьць яшчэ адна сьпецыфічная асаблівасьць: бацька сержанта Лю Чжэньго быў завербаваны кітайскай выведкай пасьля таго, як у Кітаі яго абвінавацілі адразу ў некалькіх крымінальных злачынствах. Але тут у крытычны момант зьявіўся нехта, хто запрапанаваў сп-ру Лю магчымасьць пазьбегчы пакараньня наўзамен за супрацоўніцтва. Гэтая сьхема вельмі нагадвае практыку былога савецкага КГБ, які спалучаў шантаж са шчодрымі грашовымі прапановамі.
Шпіёнскія скандалы, зьвязаныя з дзейнасьцю Кітая супраць Расеі, таксама ясна паказваюць на прагматычныя зьмены ў дзейнасьці кітайскіх сьпецслужбаў. У трох з 4 абнародаваных за апошнія гады выпадках кітайскага шпіянажу на Далёкім Усходзе Расеі ўдзельнічалі рускія, уключна з адстаўнымі вайскоўцамі й навуковымі супрацоўнікамі абаронных інстытутаў. Можна чакаць, што з далейшым павелічэньнем бюджэту кітайская выведка будзе канцэнтраваць высілкі на працы з прадстаўнікамі мясцовага, некітайскага насельніцтва.
ЗША РЫХТУЮЦЦА ДА КІБЕРВАЙНЫ ЗЬ КІТАЕМ
Як паведаміў Daily Telegraph (чэрвень 2007 г.),
Генерал-лейтэнант Роберт Элдэр, камандзір 8-га падраздзяленьня ВПС ЗША, заявіў пра пагрозу новага канфлікту паміж Вашынгтонам і Пекінам. Па яго словах, Кітай хоча адціснуць ЗША зь месца дамінуючай сілы ў кіберпрасторы. Многія ворагі ЗША шукаюць спосабы ўзламаць сетку ЗША, каб выведаць сакрэты ў галіне абароны і гандлю, аднак дзейнасьць Кітая стаіць асобна. “Яны – адзіныя, хто асьмельваецца прама казаць: так, мы хочам гэта зрабіць”, – паведаміў ён.
Яркім прыкладам наступстваў, якія можа выклікаць канфлікт у кіберпрасторы, былі ўзломы расейскімі сьпецслужбамі афіцыйных сайтаў у Эстоніі.
Дадатак (kavkazcenter.com/russ/content/2007/11/16/54392.shtml):
Кітай разьлічвае да сярэдзіны бягучага стагоддзя атрымаць перамогу ў інфармацыйнай вайне. Па даных Sophos, менавіта ЗША і Кітай генеруюць цяпер большую частку спаму і падтрымліваюць працу найбольшай колькасьці вэб-сайтаў, якія ўтрымліваюць шкоднае ПЗ. Так, 22% ад агульнага аб’ёму сьмецьцевага паштовага трафіку ідзе з тэрыторыі ЗША. Паднябесная займае ў гэтым другое месца – 16% ад агульнага аб’ёму спаму. У цэлым на долю амерыканскіх і кітайскіх сайтаў прыпадае 65% ад усіх інфікаваных онлайнавых рэсурсаў.
Па даных выданьня USA Today, атакі на ЗША з боку Кітая рэзка ўзмацніліся з канца 2006 года. У прыватнасьці, адзін з хакераў здолеў ўзламаць кампутар Адміністрацыі ЗША, адказны за ядзерную бясьпеку. Улады ЗША ўсур’ёз баяцца, што раней ці пазьней 11 верасьня можа паўтарыцца ў інтэрнэце, толькі што ў выглядзе сапраўднай кібервайны.
КІТАЙ РАСПРАЦОЎВАЕ БАЛІСТЫЧНЫЯ СУПРАЦЬКАРАБЕЛЬНЫЯ РАКЕТЫ
Defense News, студзень 2008 г. (паводле kavkazcenter.com/russ/content/2008/01/15/55693.shtml)
Па цьверджаньні шэрагу ваенных аналітыкаў з ЗША і Тайваня, у 2009-12 гг. Кітай пачне разгортваць супрацькарабельныя варыянты балістычных ракет DF-21. Галаўная частка новай ракеты здольная зьнішчаць авіяносцы, нягледзячы на магутныя СПА карабельных злучэньняў. На гэта ня здольныя галаўныя часткі балістычных ракет, якія падаюць на цэль вертыкальна з хуткасьцю некалькі кіламетраў у секунду. Пры гэтым баегалоўкі балістычнай ракеты, забясьпечаныя радарам ці інфармацыйнай сістэмай навядзеньня, забясьпечваюць трапляньне і ў рухомыя цэлі.
Джозеф Кан, Дэвід Лэг, “The New York Times”, ліпень 2005 г. (паводле www.inopressa.ru/nytimes/2005/07/15/15:28:53/china)
Кітай павінен будзе прымяніць супраць ЗША ядзерную зброю ў выпадку, калі амерыканцы зьдзейсьняць ваеннае ўмяшаньне ў любы канфлікт, зьвязаны з Тайванем, заявіў высокапастаўлены кітайскі генерал.
“Калі амерыканцы зьдзейсьняць ракетны ўдар па тэрыторыі Кітая і высадзяць свае войскі, дык я думаю, Кітай будзе гатовы адказаць на гэта ядзерным ударам”, – заявіў на афіцыйным брыфінгу для журналістаў генерал-маёр Чжу Чэнху, дэкан факультэта абаронных досьледаў Універсітэта нацыянальнай абароны НВАК КНР.
Генерал Чжу, якога адносяць да партыі “ястрабаў”, падкрэсьліў, што яго каментары адлюстроўваюць яго прыватны пункт гледжаньня, а не афіцыйную палітыку [як бы ня так. – Рэд.]. Раней Пекін на працягу доўгага часу рабіў заявы, што ня будзе першым выкарыстоўваць ядзерную зброю ні пры якім канфлікце.
Ад рэдакцыі:
Пасьля 2005 г. аналагічныя пагрозы з боку Кітая аб прымяненьні адзернай зброі мелі месца і ў наступныя гады…
Мір у Свеце заўсёды быў пад пагрозай. Здаецца зараз пагроза сапраўднай гарачай вайны ўзрастае.
Адчуваецца неўстойлівасць.
Калі сярэдні кітаец, ды ня толькі кітаец, будзе спажываць як сярэдні жыхар ЗША, дык адкуль
узяць столькі ўсяго? Рэсурсы Зямлі такога ня вытрымаюць.
Спатрэбіцца пераразмеркаванне рэсурсаў, а гэта – Вайна ў выніку якой рэсурсы толькі скарацяцца.