nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДАПАМОЖАМ БРАТНЯЙ РАСЕІ! альбо Чаму магчыма вялікая расейска-кітайская вайна ў пачатку ХХІ-га стагоддзя

29 студзеня, 2008 | 2 каментарыя

Валянцін Лучко (паводле газеты “Пагоня” ад 26 студзеня – 1 лютага 1996 года)

���ко � 3.JPG

У шасьці выстаўленых частках абранай намі “кітайскай” тэмы прыведзены асноўныя факты. Здавалася б пара рабіць высновы. Але ёсьць людзі, якія ўжо 12 гадоў таму зрабілі прагноз, які застаецца актуальным і сёньня. Зыходзячы з павагі да аўтара і аўтарскага права мы паўтараем адпаведны артыкул.

Рэдакцыя.

Кожнаму прафесійнаму біёлагу (шкада, што ня ўсім прафесійным гісторыкам і палітыкам) вядомы паралелізм і канвергенцыя, як заканамернасьці эвалюцыі біялагічных сістэмаў. Гэтыя заканамернасьці прыводзяць да аналагічных формаў і функцый у розных па паходжаньні біясістэмах пры ўздзеяньні на іх пэўных блізкіх вонкавых фактараў. Але, нават не зьвяртаючы ўвагі на біялагічныя заканамернасьці разьвіцьця людскага грамадзтва, дасьведчаныя аналітыкі павінны заўважыць наступнае:

– Буйныя войны паміж вялікімі папуляцыямі (краінамі) Чалавека разумнага (?!) пачынаюцца толькі пасьля малых альбо дробных войнаў у гэтых папуляцыях ці зь іх удзелам.

– Інстынкт самазахаваньня (розум, Бог?!) не дапускае маштабнага прымяненьня сродкаў усеагульнага зьнішчэньня – хімічнай, ядзернай, біялагічнай зброі.

– Вялікія войны пачынаюць папуляцыі (краіны) з гіпертрафіраваным пачуцьцём нацыянальнага (фашызм, нацызм, шавінізм) ў форме месіянства.

Абапіраючыся на гэтыя веды, давайце зробім кароткі ўспамін Еўрапейскай гісторыі ХХ-га стагоддзя, якая датычыла нас – беларусаў.

Пасьля буйнамаштабнай Першай сусьветнай вайны і Расейскай грамадзянскай у Эўропе ўтварыліся дзьве грамадзка-палітычныя сістэмы (буржуазная і сацыялістычная) і тры (!) тэрытарыяльна-эканамічныя сістэмы (краіны Антанты, якія перамаглі ў вайне, Германія з саюзьнікамі, якая прайграла, і Савецкі Саюз, які і прайграў, і выйграў).

Германія на працягу 1920-х і пачатку 1930-х выплочвала кантрыбуцыі Антанце, эканамічны стан яе быў вельмі залежны ад вонкавых краінаў (акрамя СССР). У Германіі на фоне моцных камуністычных традыцыяў пралетарыяту інтэнсіўна разьвіваўся нацыянал-сацыялізм альбо нацызм. Перад прыходам нацыстаў да дыктатарскай улады самымі буйнымі партыямі былі камуністычная (КПГ) і нацыянал-сацыялістычная рабочая на чале з А.Гітлерам (НСДАП).

Камуністы і нацысты падтрымлівалі і прапагандавалі сярод насельніцтва ідэі “яднаньня нямецкіх народаў” і “шкоднасьці Вярсальскай дамовы, якая падзяліла Германію”.

Савецкі Саюз у гэты час па магчымасьці палітычна ды эканамічна супрацоўнічаў з Германіяй, падтрымліваючы камуністаў і абзываючы “фашыстамі” нямецкіх сацыял-дэмакратаў, а не нацыстаў!

А што буржуазныя краіны-пераможцы?! Яны эгаістычна лічылі, што нямецкі фашызм для іх меньшае зло, чым нямецкі і савецкі камунізм разам узятыя. Англія, Францыя і ЗША спакойна “дапусьцілі” Гітлера да ўлады, спакойна назіралі за “ўзьяднаньнем нямецкага народу” – Саарскай вобласьці, Аўстрыі і Чэхіі. І толькі пасьля дамовы “Молатаў-Рыбентроп” (дакладней, Гітлер-Сталін), захопу Германіяй і Савецкім Саюзам Польшчы, буржуазныя дэмакратычныя краіны аб’явілі і пачалі вайну з Германіяй.

Буржуазныя краіны зрабілі ўсё палітычна магчымае, каб “нацкаваць нацыстаў” на сацыялістычны Савецкі Саюз. У выніку СССР адразу (з чэрвеня 1941 году) пачаў аплочваць золатам тэхнічную і ваенную дапамогу ЗША ды Англіі (знакаміты “лендліз”).

Наступствы Другой сусьветнай вайны вядомыя? Разгром і падзел Германіі на фоне ўмацаваньня эканомікі ЗША, а затым і эканамічны росквіт краінаў Заходняй Эўропы, пашырэньне тэрытарыяльнай сістэмы сацыяльзму (Кітай і Усходняя Эўропа). Агульнай палітычнай працай пераможцаў ствараецца Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў (ААН) і дзяржава Ізраіль.

Але раптам Савецкі Саюз у асобе Іосіфа Сталіна адмовіўся сплочваць пазыкі па “ленд-лізе” – гэта значыць сацыялістычная сістэма “вырвалася” з эканамічнага падпарадкаваньня Захаду. Пачалася “халодная сусьветная вайна”, якая ледзь-ледзь не перайшла ў гарачую ядзерную вайну паміж ЗША і СССР (Карыбскі крызіс). Буржуазная сытая Амерыка не зрабіла апошні крок у атамную бездань – спрацаваў “інстынкт самазахаваньня”. Халодная вайна паміж сацыялістычнай і буржуазнай сістэмамі перайшла ў “хранічную” фазу. Эканамічна моцныя і перспектыўныя краіны “выйгралі па ачках” – спачатку “адхілілі ад вялікай гульні” сацыялістычны Кітай (савецка-кітайскі інцыдэнт), потым завяршылі сваю перамогу “перабудовай” і распадам СССР, самаліквідацыяй сацыялістычных краінаў Усходняй Эўропы.

Сучасная Расея актыўна ўключаецца ў сістэму буржуазных каштоўнасьцяў Захаду [сёньня бачна, што гэта ня столькі “буржуазныя” каштоўнасьці для сярэдняга класа, колькі каштоўнасьці для фінансавай алігархіі, што істотна мяняе (пагаршае) сітуацыю. – Рэд.].

На сёньняшні дзень у Эўразіі зноў дзьве грамадска-палітычныя сістэмы: буржуазная (Эўропа) і сацыялістычная (палова Азіі), а таксама тры(!) тэрытарыяльна-эканамічныя сістэмы (краіны Захаду, якія выйгралі халодную вайну, Расея з краінамі СНД, якая прайграла, і сацыялістычны Кітай, які і прайграў, і выйграў).

Расея вельмі падобная да Германіі 1920-х: уся ў пазыках Заходняй Эўропе і ЗША, з нізкім узроўнем жыцьця адносна Эўропы. У краіне на фоне моцных камуністычных традыцыяў пралетарыяту інтэнсіўна разьвіваецца рускі шавінізм у вобразе ідэалогіі ЛДПР (лідар У.Жырыноўскі). Ліберальна-дэмакратычная партыя разам з камуністычнай партыяй Расеі (КПР) маюць большасьць у Думе. І камуністы, і рускія шавіністы прапагандуюць сярод насельніцтва ідэі аб “шкоднасьці распаду СССР” (падзел рускай нацыі) і “ўзьяднаньня рускіх народаў”.

Сацыялістычны Кітай у гэты час па меры магчымасьцяў палітычна і эканамічна супрацоўнічае з Расеяй і краінамі СНД, падтрымліваючы камуністаў.

А буржуазныя краіны-пераможцы?! Яны зноў эгаістычна лічаць, што рускі шавінізм для іх меншае зло, чым рускі і кітайскі камунізм разам узятыя. І ЗША і Эўрапейскі Саюз могуць спакойна назіраць, як шавіністы ў Расеі прыдуць да абсалютнай улады і як пачнецца “ўзьяднаньне рускіх народаў” – далучэньне да Расеі Беларусі, Казахстану, нават Украіны. Калі ж Украіна пасьпее стаць членам НАТО, то магчыма невялікая вайна.

Падабенства сёньняшняй сітуацыі з той, якая была ў Эўропе 60 гадоў таму, дазваляе выказаць гіпотэзу аб тым, што вялікая вайна можа пачацца ў пачатку ХХІ-га стагоддзя. Згодна з гэтай гіпотэзай гэта будзе вайна паміж нацысцкай (шавіністычнай) Расеяй і сацыялістычным Кітаем. І адбудзецца яна з маўклівай згоды і патаемнага адабрэньня буржуазных краінаў Захаду.

Сцэнар вайны і яе наступствы могуць быць падобныя на Другую сусьветную: дзесяткі мільёнаў ахвяр у Расеі і Кітаі, падзел Расеі і эканамічнае аслабленьне Кітаю.

Мне запярэчаць – гэта абсалютна нерэальна, таму што адбудзецца сусьветная самазабойчая ядзерная вайна.

Шырокамаштабнай ядзернай вайны ня будзе. Дарэчы, як не было і ня будзе шырокамаштабнай хімічнай. Успомніце – у Першую сусьветную хімічную зброю прымянілі масава і жахнуліся, а ў Другую сусьветную нават Гітлер не адважыўся яе выкарыстаць. У другую сусьветную ядзерную зброю выкарысталі, а ў наступную ніхто не адважыцца. Спрацуе біялагічны “інстынкт самазахаваньня” ў кіраўнічай эліты (нават у жырыноўчыкаў). Выкарыстаюць нейкую іншую, пакуль сакрэтную, зброю.

Ці ёсьць альтэрнатыва выхаду з існуючай сітуацыі без вайны між Расеяй і Кітаем?

Канешне, ёсьць, але малаверагодная. Шанцы пазьбегнуць блізкай вялікай вайны павялічваюцца пры двух розных варыянтах:

1) Расея зноў стане камуністычнай і пройдзе праз грамадзянскую вайну;

2) Расея стане дэмакратычнай буржуазнай краінай, без “узьяднаньня рускага народу” і зьліквідуе ідэалогію шавінізму.

Мне асабіста хочацца ўбачыць братнюю Расею дэмакратычнай буржуазнай краінай, якая жыве без унутраных і зьнешніх канфліктаў – у т.л. ня мае жаданьня “інтэграваць” Беларусь. Я не жадаю пасылаць свайго сына ні на малую “каўказскую”, ні на вялікую “кітайскую” войны.

Зьвяртаюся да ўсіх разумных людзей Беларусі незалежна ад нацыянальнасьці – давайце дапаможам братняй Расеі пераадолець “вірус рускага шавінізму”!

Памятайце – кожны, хто прапаведуе “аб’яднаньне рускіх народаў”, падштурхоўвае рух падзей у напрамку вялікай самазабойчай руска-кітайскай вайны.

P.S. Магчыма, гісторыкі ці палітолагі змогуць удакладніць ці аспрэчыць зроблены вышэй прагноз будучых падзей. Верагодна, нехта з прафесіяналаў ужо апублікаваў падобныя выкладкі ў сьпецыяльных выданьнях – я не прэтэндую на арыгінальнасьць.

Шчыра запрашаю ўсіх да дыскусіі на тэму: “Персьпектывы скрайняга нацыяналізму ў Расеі і магчымыя наступствы для Беларусі ў сувязі з гэтым”.

Ад рэдакцыі:

За 12 гадоў, якія прайшлі, аўтар гэтага артыкула не атрымаў ніводнага дакументальнага водгуку ні ад грамадзян Беларусі, ні ад грамадзян Расеі, што сьведчыць ці пра небясьпеку тэмы, ці пра абыякавасьць людзей да свайго будучага лёсу…

2 каментарыя

  1. Frants кажа:

    Prabac Waliancin,
    pry usioi pawazie da ciabie ni mahu z taboj pahadzicca u adnisinakh da braterstwa z maskaliami.
    Khoc nikoli ni byu ni nacystam, ni radykalam, alie u danym wypadku nijak ni mahu z taboj pahadzicca.
    Wiadoma ni usie rasiejcy dzikija warwary, alie nikhto u swieci bols ni zrabiu zla dlia Bielarusi niz Rasieja.
    Biez jakoha mocnaha STURSKA ZWONKU CI ZNUTRY sawinisty ni zaspakojacca i ni pakinuc nas u spakoi
    Pra heta treba pamiatac zausiody i nikoli ni zabywacca na pakuty jakija nam dastalisia ad hetaha B…wa.
    Na zal pawinien koncyc.
    Z pawahaiu Frants.

  2. Горды беларус кажа:

    Поўнасьцю згодны з панам Frants’ам. Ніхто за стагодзьдзі не прынёс Беларусі столькі зла як паганая Расея.
    Гэты журналіст паўтарае расейкі міф аб “братских народах” і іншую лухту (“дапаможам братняй Расеі”…).
    Кожны сумленны чалавек павінен жадаць распаду крывавай Расейскай імпэрыі і рабіць ўсё для гэтага.
    Паглядзіце якая набрыдзь сядзіць сёньня ў Крамле і “Госдуме”. Адны сьвіныя рыла (грызловы, мірованы,
    жырыноўскія і іншая падаль), гімнасткі-прастытуткі (Хоркіна і інш.), камунякі-сатаністы і г.д.
    Брыдка глядзець.
    А невялікая вайна ў Расеі пайшла б маскалям толькі на карысьць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы