nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Што беларусу да Кітая? (частка 7, заключная; Д пр-пы 90, 91, 92)

31 студзеня, 2008 | Каментары (1)

Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі

Заключны аналіз, высновы і Дактрынальныя прынцыпы па “кітайскай” тэме.

Рэдакцыя.

 

1.

Кітай, без сумневу, выклікае да сябе моцныя, але дваістыя пачуцьці.

З аднаго боку – гэта вялікая краіна, вялікі народ, адметная культура. Гэта гісторыя, якая цягнецца са старажытных часоў.

З іншага боку Кітай – застарэлая імперыя, якая мае ўсе рысы, характэрныя для дадзенай анамальнай формы грамадскай арганізацыі. Апошнія праяўляюцца ў тыповай для любой імперыі разбуральнай дзейнасьці – як унутры краіны, так і адносіна суседзяў; як у стаўленьні да вонкавага асяроддзя, так і ў палітыцы ў гуманітарнай сьферы. У апошняй галоўнымі кірункамі імперскай агрэсіі зьяўляюцца: вайсковы захоп тэрыторыі некалі самастойных народаў і падпарадкаваньне іх сабе, каланізацыя прадстаўнікамі імперскага этнасу чужых земляў, касмапалітызацыя абарыгеннага насельніцтва з мэтай яго поўнага падпарадкаваньня суб’екту імперыі й… фактычнае зьнішчэньне (!). Прычым, пасьля завяршэньня адной імперскай хвалі наступае чарговая, пакуль інфляцыя пашырэньня, каспамапалітызацыя насельніцтва, страта ідэалаў (дададзім, штучных, памылковых) і дэградацыя цэнтральнай ўлады не выклічуць татальную страту веры ў імперыю, у сэнс яе існаваньня, а затым і разбурэньне.

Народы і прырода – галоўныя ахвяры імперскай палітыкі.

Таму, захапляючыся сёньня асаблівасьцямі гісторыі й культыры Кітаю, яго дасягненьнямі ў эканоміцы і тэхналогіі, ні ў якім разе нельга забываць пра вышэй адзначанае.

Галоўным імперскім этнасам у кітайскай імперыі зьяўляецца народ хань, колькасьць якога складае там амаль 1,2 млрд. чалавек (91% ад агульнага насельніцтва ў колькасьці, прыкладна, 1,3 млрд.), што нават для ўсёй Зямлі зашмат. Аднак мы далёкія ад таго, каб найперш гэты народ вінаваціць у імперскай палітыцы. Ён, як і ў любой іншай імперыі – найперш сродак, прылада для зьдзяйсьненьня чужых для яго інтарэсаў. Тым больш мы не зьбіраемся вінаваціць у імперскай палітыцы Кітай як краіну.

Спробы надаваць рысы суб’ектнасьці тым аб’ектам нашай рэчаіснасьці, якія іх ня маюць ці мець ня могуць (“Белоруссия заявляет”, «Россия высказывает свое несогласие с планами самопровозглашения Косова», «посмотрим, что скажет народ», “Кітай жадае вырашыць свае дэмаграфічныя праблемы”), зазвычай накіраваныя на тое, каб схаваць сапрадны суб’ект – непасрэднага ініцыятара і правадніка той ці іншай разбуральнай палітыкі. Такую падмену, якая сёньня сустракаецца практычна на кожным кроку, стала модна называць «паліткарэктнасьцю». У рэдакцыі мы дамовіліся лічыць яе, наадварот, злачынствам, бо яе сутнасьць – хаваньне праўды, падман. 

Дык вось, галоўным суб’ектам, які ініцыюе разбуральную імперскую палітыку сёньняшняга Кітаю ў самых розных сьферах нашага існаваньня на Зямлі, зьяўляецца кітайская імперская бюракратыя (скарочана, кітайская імперыякратыя). У адрозьненьне ад расейскай імперыякратыі, яна мае пад сабой большы досьвед імперскай палітыкі, большы гістарычны грунт – у тысячагоддзі (расейская – у стагоддзі), больш актыўна выкарыстоўвае кітайскі (дакладней, ханьскі) шавінізм, як “крыніцу энэргіі” для наступнай імперскай экспансіі (расейская імперская бюракратыя таксама выкарыстоўвае рускі шавінізм для сваёй імперскай палітыкі, але робіць гэта менш пасьлядоўна, больш фармальна, чым выклікае сталае незадавальненьне рускіх шавіністаў).

Але галоўнае, што выдзяляе сьпецыфіку Кітая, як імперыі – гэта магчымасьць выкарыстаньня дэмаграфічнага фактару ў якасьці аднаго з галоўных відаў імперскай зброі – свайго непрапарцыйна гіганцкага насельніцтва. Метад выкарыстаньня – каланізацыя захопленых тэрыторый кітайцамі, біялагічнае перамешваньне апошніх зь мясцовым насельніцтвам праз заахвочваньне да “інтэрнацыянальных” шлюбаў, пераўтварэньне праз гэта іншага народу ў кітайцаў, і да т.п. (гэты метад, як мы цяпер ведаем, цалкам легалізаваны “партыяй, урадам і народам” Кітаю, і плануецца выкарыстоўваць далей).

Дэмаграфічны фактар, які прысутнічае ў руках кітайскай імперыякратыі, грунтуецца на культурнай традыцыі народа хань, успрыняцьце паўнавартасьці жыцьця прадстаўнікамі якога (у адпаведнасьці зь іх культурна-сьветагляднай традыцыяй) амаль наўпрасткі вызначаецца колькасьцю нашчадкаў. Раней, ва ўмовах эпідэмій, неўраджаяў, войнаў і г.д. гэтая традыцыя дапамагала ханьцам супрацьстаяць выклікам лёсу. Цяпер гэтая нацыянальна-культурная рыса ёсьць несумніўнай праявай нацыянальнага эгаізму, разбуральнага ў адносінах да свайго асяроддзя, да іншых народаў (улічваючы яе маштабы, можна сказаць, што і да ўсёй людскай цывілізацыі), а таму вартая асуджэньня.

Нельга пераносіць праблемы, якія ўзьнікаюць з-за твайго эгаізму, на іншых. Гэта – некультурна, недобрасуседска, нялюдска. І павінна карацца… Але, у адрозьненьне ад неўсьвядомленага сьледаваньня за культурнай традыцыяй простымі ханьцамі, кітайская імперыякратыя цалкам сьвядома выкарыстоўвае дэмаграфічны фактар, які апынуўся ў яе руках, для таго, каб менавіта “недобрасуседскае” і рабіць.

У свой час шмат вэрхалу было наконт таго, што, маўляў, у Кітаі ідзе жорсткая барацьба з нараджальнасьцю. Цяпер бачна, што хутчэй за ўсё гэта быў тыповы піяр, разьлічаны на замежжа. Ва ўсялякім разе, мы бачым, што ў час барацьбы з высокай нараджальнасьцю кітайскімі ўладамі не былі выкарыстаны найбольш выніковыя метады: “палавое выхаваньне” ў школе, “планаваньне сям’і”, фемінізм, “эмансіпацыя”, аднаполыя “шлюбы” і г.д. І, у выніку, дэмаграфічная зброя “раптам”, “супраць волі” кітайскіх уладароў апынулася ў іх руках. Так мы і паверылі…

З нагоды варта таксама адзначыць, што ўсе імперыі звычайна выкарыстоўваюць для сваёй імперскай палітыкі ўсе віды зброі, якія могуць быць у іх распараджэньні: ваенную і паліцэйскую сілу, грошы, інфармацыйнае ўзьдзеяньне (мову і прапаганду, заснаваную на той ці іншай ідэалогіі), людскія масы для каланізацыі. Але ўсе гэтыя дэструктыўныя сродкі выкарыстоўваюцца ў розных прапорцыях. Апошняе вызначае асаблівасьці тэхналогіі той ці іншай імперскай экспансіі й можа быць выкарыстана для класіфікацыі.

Так, “Расея” – гэта тыповая тэрытарыяльная імперыя, узброеная найперш ваенна-паліцэйскай сілай (у т.л. тайнай цаліцыі – на сёньня, ФСБ), як галоўнай прыладай імперскай палітыкі, а ЗША – ня столькі тэрытарыяльная, колькі фінансавая імперыя з грашыма й прапагандай “правоў чалавека”, прызначанымі… для таго ж. У ЗША вайсковая сіла таксама ёсьць, але яна найбольш “сучасная”, тэхналагічная.

Сьпецыфіка ж Кітая заключаецца ў тым, што гэта тэрытарыяльная імперыя з дэмаграфічным фактарам у якасьці галоўнага інструманта імперскай агрэсіі (ужо рэальнай, актуальнай – агрэсіі сёньняшняга дню).

 

2.

Але галоўнае ў любой імперыі – гэта не сьпецыфіка, а ўніверсальныя імперскія рысы. Важнейшымі сярод іх зьяўляюцца:

– “складзенасьць” імперыі з этнічных тэрыторый многіх народаў (у Кітая гэта ёсьць);

– наяўнасьць соцыя-паразітнага суб’екта ва ўладным “цэнтры”, які й рэалізуе імперскую палітыку ў сваіх інтарэсах – так, як ён іх бачыць (у ЗША – гэта фінансавая алігархія зь сіянакратыяй у якасьці ядра; у “Расейскай федэрацыі” – гэта расейская імперыякратыя; а ў Кітаі – кітайская імперыякратыя);

– палітыка касмапалітызацыі насельніцтва, якое захоплена імперыяй (ЗША – гэта “плавільны кацёл”; у СССРы расейская імперыякратыя ўсіх рабіла “савецкімі людзьмі”; а ў Кітаі імперыякратыя ўсіх робіць “проста кітайцамі”), і выкарыстаньне дадзенага насельніцтва як аднаго з рэсурсаў, як сродку (а не як мэты) у дасягненьні мэтаў імперскай палітыкі. 

– агрэсія ў адносінах да іншых краін і народаў, жаданьне іх падпарадкаваць, каб эксплуатаваць.   

У апошнія гады назіраецца істотная актывізацыя кітайскага імперыялізму. Хутчэй за ўсё, многія народы сьвету чакае другое выданьне мангола-татарскага іга.

Мы лічым, што такая актывізацыя абумоўленая псіхічным станам кітайскай імперыякратыі. Яна жахліва спужалася тых падзеяў, якія адбыліся ў былым СССРы 15-20 гадоў таму. І, як любая соцыя-паразітная сіла, складзеная з дастаткова абмежаваных, прымітыўных асобаў, не знайшла нічога лепшага, як прысьпешыць імперскі наступ (як умеем, так і танцуем). Зыходзячы з псіхааналітычных пазіцый, зразумела, што так яна спрабуе напужаць свой уласны страх… Гэта таксама варта памятаць: усяго толькі жывёльны страх кітайскай імперыякратыі можа стаць галоўнай прычынай пакутаў і сьмерці, магчыма (і ня дай Бог), мільёнаў і мільёнаў людзей…  

Падзеі, якія разгортваюцца сёньня на ўсходзе Еўразійскага кантынета (калі яны будуць працягвацца ў тым жа ключы і далей), іх грандыёзны маштаб і разбуральны кірунак, дазваляюць аб’явіць кітайскую імперыякратыю ворагам агульналюдскай цывілізацыі №1.

(Тое, што Кітай – імперыя, кіруемая імперыякратыяй, якая ёсьць найстрашэзным ворагам  людскай цывілізацыі, лічым мэтазгодным зафіксаваць у якасьці аднаго з прыцыпаў нашай дактрыны; Д пр-п 90). 

Нагадаем. Для нас, беларусаў, з-за геаграфічнага фактару прыярытэты выглядаюць трохі інакш. У нас вораг №1 – расейская імперыякратыя, яе сатэліты-халуі – мясцовыя цяперцы – вораг №3, а глабалісцкая сіянакратыя, якая паставіла пад пагрозу  персьпектыву ўсталяваньня беларускай зьмястоўнай дэмакратыі пасьля адыходу ў нябыт прамаскоўскага рэжыму Лу-кі – мы лічым ворагам №2.

Але мы не гарантуем, што калі гістарычныя падзеі пойдуць у найгоршым ключы, кітайская імперыякратыя можа ўмяшацца ў гэты рэйтынг… Паводзіцы Лу-кі, які апошнія гады ўпарта будзіць кітайскае ліха і адкрыта запрашае кітайскіх каланістаў на нашу беларускую зямлю, апошнюю перасьцярогу робяць вельмі актуальнай…

 

3.

Абагульняючы кітайскую тэму, немагчыма не закрануць пытаньня, як іншыя імперыі (расейская, амерыканская) дапамагалі вырасьці  кітайскаму монстру – свайму будучаму праціўніку (калі не магільшчыку).

Тут, у першую чаргу, бачыцца абыякавасьць. Кітайскія імперыялісты захапілі Тыбет. Маўчок… Уйгуры паўсталі й змагаюцца за незалежнасьць – не падтрымліваем… Нешта знаёмае прысутнічае ў гэтах паводзінах. Нейкае дэ жа вю… Ці ня так?

Становіцца яшчэ цікавей, калі выяўляецца, што гэта ў першую чаргу менавіта расейская імперыя і ЗША актыўна вырошчвалі свайго будучага праціўніка. Што гэта? Недальнабачнасьць, хцівасьць, жаданьне падгадаваць ворага для свайго ворага?

Так, у свой час менавіта камуністычная Расея дала Кітаю ядзерную зброю і разнастайныя тэхналогіі, уключна зь ядзернымі й касьмічнымі. Калі гэта было даўно і пры іншым кіраўніцтве “Расеі”, дык чым патлумачыць, што ўжо сёньня Лу-ка – гэты адкрыты агент сучаснага Крамля, самым гнюсным чынам гандлюючы лёсам Беларусі, інтарэсамі беларускага народу, абяцае быць “надзейным аплотам Кітая ў Еўропе” і да т.п.

А паглядзіце на Казахстан. Сталымі пагрозамі з боку імперскіх сілаў Расеі, якіх ніхто не стрымліваў, казахскае кіраўніцтва было пастаўленае ў такія ўмовы, што палічыла за лепшае пачаць актыўнае супрацоўніцтва з Кітаем, каб “збалансаваць сітуацыю” за кошт прысутнасьці ў Казахстане ня толькі расейскіх, а і кітайскіх інтарэсаў. Гэта расейскаму кіраўніцтву трэба было, каб нафта ды газ зь берагоў Каспія пачалі перакачвацца ў… Кітай?!

А ўзяць ЗША. Сотні мільярдаў (у далярах) інвестыцыяў у Кітай за апошнія гады! Інфармацыйныя тэхналогіі, навучаньне праграмістаў. Для чаго? Для таго, каб на цябе навялі ядзерныя ракеты і вырубілі ўвесь Інтэрнэт?!

Дзе мазгі, спадарове?

Мы ня можам адказаць на гэтае пытаньне. Але падазраем, што як імперыякратыя Расеі, так і фіналігархія ЗША, “будуючы будучы сьвет” (а на справе, вырошчваючы свайго ворага №1) усяго толькі, як і заўсёды раней, ішлі на паваду ў сваіх прымітыўных, жлобскіх інстынктаў.

Перагулялі вас кітайцы, паны-спадарове. Учыстую…

Калі мы ўжо ўзьнялі пытаньне супрацоўніцтва імперыяў, ня можам не ўзгадаць факт, які нас уразіў. Нядаўна ў інфармацыйнай прасторы прайшло паведаленьне, што ў шматпакутным Аўганістане захопленых у палон талібаў пасьлядоўна дапытваюць прадстаўнікі сьпецслужбаў ЗША … Расеі й… Кітаю. Вось так, аказваецца, цяпер адбываецца “інтэрнацыянальнае” змаганьне з сусьветным мусульманскім рухам.

Мы не мусульмане і наш крытычны аналіз ідэалогіі ісламу яшчэ наперадзе. Але сам факт дэманстратыўнага ўзаемадзеньня трох імперый у здушэньні больш слабага канкрэнта ўражвае і, адначасова, сьведчыць пра існаваньне цьвёрдых дамоўленасьцяў, нягледзячы на ўсе супярэчнасьці – разам душыць слабейшых канкурэнтаў.

Гэты факт ускосна пацьвярджае нашае ранейшае дапушчэньне, што расейская імперыякратыя і фінансавая сіянакратычная алігархія Захаду дамовіліся разам душыць нацыянальна-дэмакратычныя сілы ва Ўсходняй Еўропе, у т.л. і ў Беларусі…

Так і хочацца сказаць гэтым панам: спадарове, калі вы праводзіце такую палітыку ў прынцыповых глабальных пытаньнях, будзьце гатовыя і адказваць за яе. Зь Кітаю, як мы ведаем, зьбіраюцца ўцякаць 200 мільёнаў экалагічных уцекачоў (кіраўніцтва Кітаю афармляе гэта як запланаваную “партыяй і ўрадам” праграму). Вось цяпер хай расейскае і амерыканскае кіраўніцтва рыхтуюцца прыняць на сваёй зямлі па 100.000.000 “дысцыплінаваных і працалюбных” перасяленцаў – вынік іх “дальнабачнай” палітыкі.

Перакананыя, у Расеі пасьля пасьпяховага завяршэньня такой акцыі ўжо пасьля першых жа выбараў зьявіцца кітайскі прэзідэнт, у ЗША – пасьля 3-4-х… А палітычныя “эліты” гэтых краін назаўсёды адыдуць у гістарычны нябыт…

 

4.

Калі хто не зразумеў, папярэджваем: гэта мы так горка іранізуем… Сапраўды, праблемы ствараюць адны (дурні ці падонкі), а вырашаць іх даводзіца іншым.

Спачатку наша пазіцыя.

У нашай рэдакцыі мы набліжаемся да завяршэньня распрацоўкі сістэмы ўніверсальных прынцыпаў, у адпаведнасьці зь якой будзе запрапанавана вырашаць усе тэрытарыяльныя спрэчкі паміж народамі й дзяржавамі. Галоўны падыход такі: усё павінна быць падпарадкавана інтарэсам Агульналюдскай цывілізацыі (а не яе асобных частак), забесьпячэньню яе практычна неабмежаванага існаваньня ў часе і забесьпячэньню ўмоў для гуманістычнага прагрэсу чалавецтва.

Вось першыя тры прынцыпы: у тэрытарыяльных спрэчках выйграе той, хто мае меншую плошчу тэрыторыі (1-ы прынцып), меншую шчыльнасьць насельніцтва (2-і), большую долю тэрыторыі, аддадзеную пад абсалютныя запаведнікі (3-і).

Дык вось, у спрэчках паміж Расеяй і Кітаем, першая праіграе Кітаю толькі па першым прынцыпе (плошча Расеі 17,2 млн. кв. км, Кітая – 9,6 млн. кв. км), затое значна выіграе па двух другіх. У спрэчках з усімі іншымі суседзямі Кітай праігрывае ім па ўсіх пунктах.

Што гэта азначае? Тое, што ні Расея, ні тым больш Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан, Узбекістан і г.д. не павінныя былі аддаваць ні кавалка сваёй тэрыторыі “перанаселенаму” Кітаю. Ён свае праблемы стварыў, ён іх і павінен вырашаць, а не перакідаць на іншых.

Гэта таксама азначае, што якія б мы ні былі злыя на паганую расейскую імперыю, з пазіцый інтарэсаў людскай цывілізацыі мы павінныя, у выпадку магчымых палітычных ці вайсковых спрэчках паміж Расеяй і Кітаем, Казахстанам і Кітаем, Кіргізіяй і Кітаем і г.д., як мінімум, у бліжэйшыя гады і дзесяцігоддзі станавіцца на бок першых. Ня варта станавіцца саюзьніка сатаны ў яго спрэчках з чортам…

Лічым неабходным нашу пазіцыю ў дадзеным пытаньні зафіксаваць як яшчэ адзін прыцып Нашай дактрыны (Д пр-п 91).

 

5.

Але ўсё гэта тактыка, паліятыў. Гаворка пра мінулае.

Ці ёсьць прынцыповае, стратэгічнае рашэньне Кітайскай праблемы?

У свой час З.Бжэзінскі ў сваёй знакамітай кнізе “Вялікая шахматная дошка” спрабаваў тое-сёе запрапанаваць. Асноўныя тэзы кнігі гучалі прыкладна так:

– у 1990-я ЗША засталіся адзінай звышдзяржавай;

– Еўразія – гэта ключ да панаваньня над усім сьветам, гэта – “Вялікая шахматная дошка”;

– ЗША павінныя стаць лідэрам у Еўразіі;

– лідыраваць – гэта ня значыць дамінаваць (дарэчы, ніякага падрабязнага плану, ідэалогіі такога лідэрства ў кнізе пададзена не было).

Нават гэтыя, даволі прымітыўныя, парады Бжэзінскага не былі ўспрынятыя ні адміністрацыяй Клінтана, ні адміністрацыяй Буша. Яны працягвалі сваю палітыку  раскормліваньня кітайскага дракона, ствараючы ўсе ўмовы… для будучай вайны.

Мы ж лічым, што кардынальнае рашэньне кітайскай праблемы ў прагрэсіўным ключы ляжыць у рэчышчы сістэмнага гуманістычнага сьветагляду.

Вось мэта, да якой варта імкнуцца: Кітай, як імперыя, павінен быць дэзінтэграваны. Тэрыторыі Тыбету, Сіньдзяну, унутранай Манголіі, Манчжурыі й г.д. павінныя быць перададзеныя адпаведным народам для пабудовы іх уласных дэмакратычных дзяржаў пад кіраўніцтвам іх нацыянальных эліт. Народ хань павінен вярнуцца ў межы сваёй этнічнай тэрыторыі, каб зрабіць тое самае. Страта яго імперскага статусу зь ліхвой будзе кампенсаваная зьнікненьнем пагрозы ў адрас дадзенага народу згарэць у ядзерным армагедоне, а таксама ўсімі прывілеямі й выгодамі жыцьця ва ўласнай нацыянальна-дэмакратычнай дзяржаве. Плошча гэтай дзяржавы і так будзе гіганцкай 1-2 млн. кв. км. Галоўнае, чаму трэба будзе навучыцца ханьцам – гэта жыцьцю ў гармоніі з уласным вонкавым асяроддзем і з суседзямі.  У цэлым, у якасьці стратэгічнай персьпектыўнай мэты народу хань варта абраць такі кірунак жыцьця, які павінен стаць прыкладам для ўсіх іншых народаў.  

 

6.

Але, вядома ж, наўрад ці хто-небудзь, хто мае сёньня дачыненьне да стратэгічных рычагоў улады, нас паслухае. Таму ў сваім поглядзе ў будучыню (на бліжэйшыя дзесяцігоддзі) мы хутчэй песімісты.

Сітуацыя няспынна ідзе да Вялікай вайны… Пра гэта ж гаворыць і папярэдні артыкул (дарэчы, ня ўсе ўспомнілі той час, у які ён быў напісаны; ня ўсе зразумелі іронію). Толькі мы, у адрозьненьне ад сп-ра В.Лучко, трохі інакш бачым унутраныя механізмы разьвіцьця будучага канфлікту. Мы лічым, што гэта Кітай выступіць у якасьці агрэсара, Расея (дакладней, яе “пустыя тэрыторыі”) будзе асноўным аб’ектам агрэсіі, а Захад (найперш ЗША), як і ў час папярэдніх Сусьветных войнаў, паспрабуе выступіць у ролі “мадэратара”-падзужвальніка падзей, каб атрымаць найбольшую выгаду…

Адсюль вымалёўваецца такі стратэгічны сцэнар: Кітай нападзе на Расею (перад гэтым захопіць Тайвань), а Захад будзе “дапамагаць слабейшаму”… Натуральна, за грошы.  Чым усё закончыцца, невядома. Ядзерны армагедон (ці, як мінімум, яго рэпетыцыю) лічым магчымым… 

У будучым канфлікце раім беларусам не ўдзельнічаць. Асноўная прычына вядомая: занадта шмат гора нашаму народу прынесла расейская імперыя за апошнія гады, дзесяцігоддзі й стагоддзі!..

 

7.

І апошняе – наша ацэнка што да кітайскай экспансіі на нашу беларускую зямлю, якая правакуецца Лукашэнкам.

Мы, грунтуючыся на ўсім вышэй адзначаным, ставімся да гэтай ідэі, да адпаведных заяваў і паводзін скрайне негатыўна – як да яшчэ адной праявы сатанізму цяперашняй нялюдскай, пракрамлёўскай улады ў стаўленьні да лёсу беларускага народу!

Фіксуем дадзенае, як яшчэ адзін наш Дактрынальны прынцып (Д пр-п 92).

 

Каментары (1)

  1. Алесь кажа:

    Варта было дадаць, што Беларусь уцягнутая ў нейкія “саюзы” якраз з Расеяй і Казахстанам, што падстаўляе нас пад кітайскую пагрозу…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы