Рэдакцыя (паводле матэрыялаў www.svaboda.org, pahonia.org, www.t-styl.info).
Яшчэ летась адзін з гарадзенскіх актывістаў, выкладчык універсітэта імя Янкі Купалы Ігар Кузьмініч сабраў 19 бацькоў сярод сваіх знаёмых, якія хацелі б аддаць дзетак у беларускамоўныя садкі. Кузьмініч: “Цяпер у бацькоў няма выбару, у які садок аддаць дзяцей, паколькі беларускамоўнага наагул няма, а застаецца толькі ў рускамоўны”.
На свае грошы бацькі-ініцыятары пачалі распаўсюджваць рэкляму ў гарадзкіх перыядыных выданьнях і на транспарце, каб пашырыць кола жадаючых. Прыватны прадпрымальнік пагадзіўся запісаць і распаўсюджваць тэкт рэклямы ў тралейбусным транспарце бясплатна. Калі ў ідэалягічным аддзеле гарвыканкаму даведаліся пра гэта, рэкляму адразу забаранілі, спаслаўшыся на тое, што “яе тэкст ніхто не ўзгадняў у аддзеле адукацыі гарвыканкаму”.
Ігар Кузьмініч кажа, што напачатку ў аддзеле адукацыі да яго паставіліся добра. Маўляў, вось узгаднім, тады й будзеце даваць рэкляму, і садкі адкрыем. Кузьмініч: “Праблема толькі ў тым, што выкананьне абяцаньня ўвесь час чамусьці адкладаецца, і гэта мяне ўжо насьцярожвае. Бо ня можа так увесь час адкладацца дробная рэч, ды яшчэ зь усьмешкай на вуснах”. Ён не выключае, што рэкляму стрымліваюць наўмысна, бо калі яна загучала ў транспарце, адразу пачаліся тэлефанаваньні, і ў жо зараз набралася больш за два дзясяткі дзетак розных узроставых групаў.
Сп. Кузьмініч зьвяртае ўвагу, што для адкрыцьця беларускамоўных групаў чыноўнікі патрабуюць заявы ад бацькоў, а давесьці ім пра гэта ці праагітаваць забараняюць. Ён кажа, што не пакіне хадзіць па чыноўніках, пакуль не даб’ецца адкрыцьця беларускамоўных групаў у садках, таму што іншага выйсьця, на ягоную думку, папросту няма…
Дарэчы, пакуль цяперцы зацягвалі вырашэньне пытаньня са стварэненем беларускамоўных групаў у дзіцячых садках горада, прадстаўнікі Бацькоўскага камітэту не сядзелі без справы. Была праведзеная беларуская ялінка, а на Новы год 19 дзетак атрымалі падарункі, што былі сабраныя беларусамі з Нью-Ёрку.
І ўсё ж Гарадзенскі гарвыканкам зьвярнуўся 24 студзеня ў тралейбуснае ўпраўленьне з просьбай зьмясьціць гукавую рэкляму пра набор ў беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках. У тэксце абвесткі, зацьверджанай гарвыканкамам, гаворыцца, што аддзелы адукацыі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў “вывучаюць запыт бацькоў на адкрыцьцё беларускамоўных груп у дашкольных установах адукацыі горада”. Абвесткі павінны таксама з’явіцца бліжэйшым часам у гарадзенскіх ЖЭСах, паліклініках, у некаторых перыядычных выданьнях, падавацца бягучым радком на мясцовым тэлеканале.
Аднак, насуперак першапачатковым дамоўленасьцям, з тэксту абвесткі выдаленыя… кантакты прадстаўнікоў бацькоўскага камітэту.
Начальнік аддзела адукацыі гарвыканкама Сяргей Блажэй паабяцаў сам інфармаваць прадстаўнікоў камітэту пра рэакцыю гарадзенцаў.
Ад рэдакцыі:
У дадзенай сітуацыі мы зноў пабачылі тыповыя рэфлексы цяпрцаў.
Галоўны сярод іх – максімальна зацягнуць вырашэньне “няўтульнага” пытаньня, каб яно задохлася нібы “само сабой”.
Калі гэта не атрымоўваецца, яны імкнуцца пераключыць грамадскую ініцыятыву на сябе, каб уласнаручна зрабіць тое самае – здушыць яе.
Нічога “незаконнага” тут няма, таму ва ўмовах “гарманічнага дзьвюхмоўя”, а на справе татальнага этнацыду, які негалосна накідаецца з самага верху “вертыкалі”, мясцовыя цяперцы вымушаныя дзейнічаць так.
Гэта іх паганы, этнацыдны інтарэс. Наш інтарэс – супрацьлеглы.
Таму мы падаем кантактныя тэлефоны галоўнага ініцыятара Бацькоўскага камітэту – Ігара Кузьмініча (8-029-629-92-13; 8-029-86-89-882) – і заклікаем усіх жадаючых па дадзеным пытаньні найперш кантактаваць менавіта зь ім!
http://f-group.org/wgcre/?cat=15 – Больш падрабязны расказ па тое, як гэта адбывалася і апошнія навіны пра садкі ад Ігара.
Да ўсяго што вышэй напісана, хацеў бы толькі дадаць, што справа арганізацыі групы – гэта не справа ўлады, а справа саміх людзей. Тых бацькоў, якія маюць дзетак і хочуць, каб іх дзеткі выраслі годнымі і паспяховымі людзьмі.
Я супраць любога віду этна-садкоў, паколькі хачу каб мае сыны не лапці вучыліся плясці, а вывучалі некалькі
замежных моваў, вышэйшую матэматыку, інфарматыку, псіхалогію, філасофію і г.д. Для мяне асабіста беларускамоўная група – гэта аснова, дзякуючы якой мае дзеці дасягнуць поспеху. Беларускамоўны садок патрэбны не для таго каб дзеткі вывучылі беларускую мову, але для таго каб яны выраслі паўнавартаснымі грамадзянамі сваёй краіны і не саромеліся казаць, што яны беларусы, не саромеліся і не мелі комплексаў звязаных з беларускай мовай.. А гэтага можна дасягнуць, калі стварыць беларускамоўнае атачэнне з дзетак іх узроста. Стварыць атачэнне, якое будзе паказываць, што беларуская мова – гэта не толькі мова іх бацькоў, ці аднаго з бацькоў, але гэта асобная мова, на якой размаўляюць беларусы. У выніку дзеткі будуць ведаць, што ёсць людзі, якія размаўляюць па-беларуску, ёсць, якія размаўляюць па-руску, па-ангельску і г.д. Прычым, для дзетак гэта не будзе
азначаць, што нехта лепшы, а нехта горшы. Яны будуць ведаць што адныя маюць адну, а іншыя другую мову.
Для бацькоў, якія збіраюць групу – надзвычай важна зараз дапамога КОЖНАГА беларуса. Калі Вы ведаеце каго-небудзь са сваякоў, з суседзяў, сяброў, калегаў па працы – раскажыце пра беларускамоўныя групы і звяртайцейся да мяне.
Ігар Кузьмініч МТС: 86 896 88 2б Velcom: 629 92 13б e-mail: ikuzminich@yahoo.com
Я ведаю, што для маіх дзяцей будзе лепш наведваць беларускамоўны садок, таму што гэта паспрыяе выхаваньню ў іх пачуцьця ГАСПАДАРА НА СВАЁЙ ЗЯМЛІ.
За мовай стаіць зусім не “пляценьне лапцяў” – ЗА МОВАЙ СТАІЦЬ СЬВЕТАЎСПРЫНЯЦЬЦЕ, СЬВЕТАГЛЯД.
Праз мову, родную літаратуру, культуру, гісторыю ўваходзіць у душу чалавека падсьвядомаснае, глыбіннае адчуваньне наяўнасьці ў гэтым сьвеце нечага свайго, роднага і надзвычай важнага. Гэта тая кропка адліку, якая дае магчымасьць вызначаць у жыцьці мэты, кірунак руху, адрозьніваць сяброў і ворагаў. Я сама ўсьвядоміла, як мне было патрэбнае гэта пачуцьцё, пасьля развалу Саюзу: калі для незалежнасьці Беларусі ўзнікла пагроза ў сувязі з усталяваньнем ГКЧП.
Лёс чалавека наўпрасткі залежыць ад яго сьведагляду. Я ўпэўнена, што мае дзеці, адчуваючы сябе ГАСПАДАРАМІ Ў СВАІМ ДОМЕ – НА СВАЁЙ ЗЯМЛІ – змогуць стаць паўнавартаснымі людзьмі і прынесьці вялікую карысьць і сабе, і свайму народу.
І ўсё гэта пачынаецца з самага раньняга ўзросту, зь сямьі, зь дзіцячага садка…