nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Зьміцер Жалезьнічэнка – стальны цьвік на этнацыднай дарозе

10 лютага, 2008 | Няма каментараў

Рэдакцыя (паводле паведамленьняў беларускіх інтэрнэт-СМІ, найперш ww.svaboda.org; pahonia.org)

Ð�алезÑ�нÑ�Ñ�Ñ�нка.JPG 

На фоне ганебнай, прадажнай, здраднай расейскамоўнасьці “беларускіх” “незалежных” СМІ, на якую мы зьвярнулі ўвагу тут: nashaziamlia.org/2008/02/08/1186, прыводзім яшчэ адзін выпадак (у датак да папярэдняга матэрыялу) ахвярнага змаганьня за адну з галоўных каштоўнасьцяў беларускага народу – нашу мову. Гаворка пойдзе пра сапраўднага героя сучаснай Беларусі Зьмітра Жалезьнічэнку. Гэты 20-гадовы жыхар Гомеля ўступіў у барацьбу з сістэмай міністэрства абароны, гомельскай міліцыяй і адміністрацыяй Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.

 

Ён – студэнт-выдатнік матэматычнага факультэта Гомельскага універсітэта “імя Францішка Скарыны”. Сярэдні бал пасьпяховасьці Зьмітра за першыя 4 семестры навучаньня – 9,3 бала з 10 магчымых. Адначасова ён актывіст моладзевага руху г. Гомеля, у якім займае прынцыповыя пазіцыі – міліцыя неаднаразова затрымвала Зьмітра Жалезьнічэнку за правядзеньне розных моладзевых імпрэзаў.

Ніхто не мае сумневу, што ўсе жыцьцёвыя праблемы хлопца ў апошні час зьвязаныя менавіта зь яго грамадска-палітычнай пазіцыяй.

А падзеі, якія разгортваліся вакол асобы Зьмітра, як іх удалося аднавіць з блытаных паведамленьняў СМІ, адбываліся прыкладна так:

– летась Зьміцер удзельнічаў у арганізацыі канцэртаў беларускіх бардаў у Гомелі;

– за гэта гаспадарчы суд па ініцыятыве падаткавай інспекцыі наклаў на яго штраф нібыта за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць;

– ліст пра гэта быў дасланы ва універсітэт, дзе адміністрацыя, скарыстаўшыся нагодай, незаконна ў верасьні 2007 г. адлічыла хлопца з ВНУ “за сістэматычнае парушэньне правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэта”. Прафкам даў згоду на адлічэньне, ня маючы на гэта права [у свой час, калі ў Беларусі ўсталюецца нармальная ўлада, усе адказныя за незаконнае адліченьне Зьміцера з універсітэта – прадстаўнікі адміністрацыі, суддзі – таксама будуць “адлічаныя” са сваіх пасадаў!.. – Рэд.];

– хлопец падаў скаргу ў суд на адміністрацыю ВНУ, патрабуючы аднавіць яго ў вучобе, але судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Алена Цалкова прызнала правільным адлічэньне студэнта-выдатніка з трэцяга курсу універсітэта;

– актывіст абскардзіў і гэтае рашэньне. У касацыйнай скарзе ў абласны суд Жалезьнічэнка прывёў 9 пунктаў парушэньня дзейнага заканадаўства падчас ягонага адлічэньня. І 16 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля (суддзя Віктар Казачок) адмяніў рашэньне рэктара Універсітэту Аляксандра Рагачова аб адлічэньні студэнта “за парушэньне правіл унутранага распарадку”;

– але адміністрацыя універсітэта і гомельскія цяперцы не супакоіліся. 18 студзеня студэнт атрымаў ліст, у якім прафкам ВНУ выклікаў яго «для разгляду пытаньня аб знаходжаньні ва ўніверсітэце ў сувязі з наяўнасьцю адміністрацыйнага правапарушэньня». І у той самы дзень у аддзеле кадраў універсітэта яму афіцыйна пацьвердзілі, што на падставе рашэньня суду загад рэктара скасаваны і з пачатку навучальнага года студэнту будзе налічаная стыпендыя. «Адкуль такі посьпех, рашэньне суду ўступіць у законную сілу толькі 26 студзеня? Мабыць, мяне хочуць хутчэй аднавіць, каб зноў адлічыць за якое-небудзь хуліганства, якое я нібыта здзейсніў. І тады мяне да таго ж яшчэ паспеюць заклікаць у войска», – выказаў здагадку Жалезнічэнка.

– Так і сталася. Міліцыя абвінаваціла хлопца ў “нецензурнай лаянцы” [як гэта нам знаёма… – Рэд.]. Пікантнасьць сітуацыі заключаецца ў тым, што Жалезьнічэнка ня мае звычкі брыдкасловіць, акрамя таго, нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы нібыта пачуў міліцыянт, які праязджаў побач на машыне, а Жалезьнічэнка ў гэты час спускаўся ў падземны пераход… Гэты абсурд стаў нагодай, каб прафкам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта сямю галасамі супраць пяці зноў рэкамендаваў рэктару выключыць Зьмітра з ВНУ. І гэта нягледзячы на тое, што хлопец упэўніваў прысутных, што не рабіў таго, у чым яго вінавацяць. Рэктар Рагачоў у другі раз адлічыў Жалезьнічэнку, а той зьбіраўся ў чарговы раз падаваць у суд.

– акрамя таго, 17 студзеня ў гомельскім вайсковым камісарыяце Жалезьнічэнку ўручылі позву, якой яму загадвалася прыбыць 23 студзеня на прызыўны пункт для праходжаньня службы ў войску. «Раней мяне ў ваенкамаце ўпэўнівалі, што ў войска не возьмуць: ім, маўляў, апазіцыянеры не патрэбныя», – адзначыў студэнт у адным зь інтэрв’ю. Ён накіраваў у прызыўную камісію дзьве заявы. Першую – з просьбай не заклікаць яго на службу згодна з Канстытуцыяй Жалезнічэнка з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, а артыкул 36 Асноўнага закона абвяшчае, што вайскоўцы не могуць уваходзіць у палітычныя партыі. Таксама актывіст просіць прызыўную камісію накіраваць яго ў ваенную частку, дзе загады будуць аддавацца на беларускай мове. У адваротным выпадку Жалезнічэнка адмаўляецца іх выконваць.

– Але тут 24 студзеня яго зноў затрымала міліцыя. Гэта адбылося ўвечары, калі ён выправіўся ў банк, каб атрымаць налічаную пасьля аднаўленьня ва ўнівэрсытэце стыпэндыю. Моладзевага актывіста даставілі ў апорны міліцэйскі пункт на вуліцы Чырвонаармейскай, дзе абвінавацілі ў тым, што ён нібыта скраў нейкія грошы. На наступны дзень зранку Зьмітра ў ваенкамаце прымусілі тэрмінова прайсьці мэдычны агляд. Хлопец у апошнія дні цярпеў на высокі крывяны ціск, прымаў лекі, меў даведку, але камісія не зьвярнула ўвагі на гэтую акалічнасьць. Адлічанаму студэнту прыставілі суправаджальніка, і ён вадзіў Зьмітра ад дзьвярэй да дзьвярэй.

– раней Жалезьнічэнка заяўляў, што жадае служыць толькі ў беларускім войску: “Калі так атрымліваецца, што трэба служыць, я хачу служыць толькі ў беларускім войску. На расейскай мове я служыць ня буду. Я падаў у ваенкамат (з копіяй міністру абароны) заяву аб тым, што я буду служыць у беларускім войску, загадаў на расейскай мове я выконваць не зьбіраюся. Гэта мая катэгарычная пазыцыя, і я ад яе адмаўляцца не зьбіраюся, нават нягледзячы на тое, што да мяне, напэўна, будуць прымяняцца жорсткія санкцыі. І яшчэ я пакінуў заяву, што я сябра Партыі БНФ. А згодна з 36-м артыкулам Канстытуцыі ваеннаслужачыя ня могуць быць сябрамі палітычных партыяў”. Заявы й патрабаваньні адлічанага студэнта не былі пачутыя. Прызыўная камісія вырашыла накіраваць Зьмітра Жалезьнічэнку ў чыгуначныя войскі ў Жлобін. Ваенны білет Жалезьнічэнку выпісалі на расейскай мове. Актывіст адмовіўся ставіць подпіс за тое, што атрымаў яго. Актывісту не далі нават абскардзіць сваё другое адлічэньне з унівэрсытэта ў судзе – у ваенкамат прыехаў начальнік юрыдычнага аддзелу гомельскага ўнівэрсытэта Валеры Недаступ з двума іншымі супрацоўнікамі і пад подпіс азнаёміў Зьмітра з загадам рэктара на другое адлічэньне.

– З прычыны незаконнага адлічэньня ды гвалтоўнай адпраўкі ў войска Зьміцер Жалезьнічэнка абвясьціў бестэрміновую галадоўку. Пра гэта ён падаў адмысловую заяву ў прызыўную камісію і ў Міністэрства абароны. Ужо ў 14 гадзін Зьмітра разам зь іншымі навабранцамі вывезьлі аўтобусам са зборнага пункту пры гарадзкім ваенкамаце.

– 28 студзеня Жалезьнічэнку, які трымаў галадоўку з 25 студзеня, на знак пратэсту супраць паўторнага адлічэньня з ўнівэрсытэта і тэрміновы прызыў ў вайсковую чыгуначную часьць 83469, якая месьціцца ў Жлобіне, перавялі ў вайсковы шпіталь. Яго зьмясьцілі ў кардыялагічнае аддзяленьне, бо ён скардзіўся на няўстойлівы крывяны ціск і галаўны боль. Раней жлобінскія вайскоўцы папярэдзілі Зьмітра пра крымінальную адказнасьць за галадоўку. Кіраўнік прэс-цэнтру Міністэрства абароны палкоўнік Вячаслаў Раменчык заявіў наступнае: “Жалезьнічэнка ў адпаведнасьці з артыкулам 447 Крымінальнага кодэксу падлягае крымінальнай адказнасьці за наўмысную шкоду свайму здароўю ў мэтах ухіленьня ад вайсковай службы. Таму сёньня яму будуць даведзеныя гэтыя патрабаваньні, і далей камандзірам часткі будуць рабіцца адпаведныя захады”.

– 29 студзеня Зьміцер Жалезьнічэнка яшчэ працягваў галадоўку, знаходзячыся ў вайсковым шпіталі ў Менску. Да яго быў прыстаўлены афіцэр, які забараняў салдату вонкавыя кантакты і тэлефонныя званкі. “Мяне палохваюць зараз кожны дзень. Кожны дзень са мной размаўляюць “асабісты” з часткі, размаўляў галоўны псыхіятр. Гэты трымаў учора ажно тры гадзіны, задаваў розныя пытаньні, увесь час перабіваў мяне. Хацеў мяне зь сябе вывесьці, ці што? Я трымаюся, кажу ім як ёсьць, але чым гэта скончыцца, ня ведаю”, – пасьпеў паведаміць Зьміцер карэспандэнту.

– Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі зьвярнуўся да міністра абароны Леаніда Мальцава і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова з заклікам спыніць перасьлед студэнта Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Зьмітра Жалезьнічэнкі. Лявон Баршчэўскі паведаміў, што дэмсілы пакідаюць за сабой права зьвярнуцца да эўрапейскіх інстытуцыяў, каб спыніць супрацоўніцтва і кантакты з тымі ВНУ, зь якіх будуць адлічваць студэнтаў паводле палітычных матываў. Дарэчы, паводле міжуніверсітэцкага абмену штогод стажыруюцца за мяжой — у краінах Эўропы, ЗША і Канадзе — сотні студэнтаў і выкладчыкаў з усёй Беларусі. У свой час рэктар БДУ Аляксандар Казулін, каб захаваць магчымасьць міжнародных сувязяў, скасаваў загад аб адлічэньні студэнта-выдатніка Паўла Севярынца.

– а вось друкаваны орган Міністэрства абароны – «Белорусская военная газета» (раней «Во славу Родины») на пратэст былога студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнкі адрэагавала ў духу сталінскага агітпропа. Не абцяжарваючы сябе апісаньнем перадгісторыі, нехта Максімаў у матэрыяле пад назвай «Дима Железниченко как зеркало несостоявшейся «васильковой революции» малюе партрэт банальнага ўхіліста, які падпаў пад уплыў «духовных наследников полицаев и карателей, пытающихся под прикрытием лозунгов о свободе не только реанимировать своих «героев», тесно сотрудничавших в годы войны с гитлеровцами, но и завладеть умами отдельных молодых людей». Да тэксту невядома для чаго прыкладаецца рэпрадукцыя плакату зь юнаком пад бел-чывона-белым сьцягам і свастыкай на рамні. Лозунг апазіцыі “Беларусь – у Еўропу” аўтар зьвязвае з заявай гаўляйтэра Кубэ пра тое, што беларусы павінны заняць годнае месца ў вайне і паказаць, што яны гатовыя змагацца за новую Еўропу (гл. www.gazetaby.com/index.php?sn_nid=11316&sn_cat=33). 

– пазьней Жалезьнічэнка спыніў галадоўку, прыслухаўшыся да просьбаў аднапартыйцаў ня гробіць сваё здароўе і ня даць уладам магчымасьці падвесьці сябе пад артыкул 447 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад ваеннай службы шляхам самапашкоджаньня ці іншым чынам), якая прадугледжвае пакараньне да 7 гадоў пазбаўленьня свабоды. Вечарам 29 студзеня хлопца вярнулі ў вайсковую частку.

– 8 лютага г.г. Ала Жалезьнічэнка, маці прызванага ў войска студэнта-выдатніка, накіравала заяву ваеннаму пракурору Гомельскага гарнізону Аляксандру Данчанку. Яна патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці службоўцаў Гомельскага ваенкамата і камандзіраў вайсковай часткі 83469 у Жлобіне, дзе служыць яе сын Зьміцер. На думку маці службоўцы не выконваюць пастанову судзьдзі Савецкага раёну Гомеля Юрыя Жорава наконт прыпыненьня выкананьня рашэньня Гомельскай гарадзкой прызыўной камісіі. Паводле пастановы судзьдзі Жорава вайсковае камандаваньне павінна адпусьціць паўторна адлічанага з унівэрсытэту імя Ф. Скарыны студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнку дадому. Як мінімум, на той час, пакуль не завершыцца судовае разьбіральніцтва і рашэньне суду наконт правамернасьці прызыву яго ў войска не набудзе моц. 

– Зьміцер накіраваў таксама апэляцыю ў суд наконт свайго паўторнага адлічэньня з унівэрсытэта. Дата разгляду справы ў судзе Цэнтральнага раёну пакуль не прызначаная.


 

Ад рэдакцыі:

Мы асабіста не знаёмыя са Зьмітром Жалезьнічэнкам, але ўсё, што мы ведаем пра яго з паведамленьняў СМІ, выклікае ў нас захапленьне.

Малойца, хлопча! Так трымаць!

Такія, як ты, заўсёды будуць узорам для іншых. Стой вертыкальна, як цьвік, упоперак сатанісцкіх планаў тых, хто робіць у нашай роднай Беларусі ўсе гэтыя злачынствы, увесь гэты сатанінскі этнацыд. 

Трымайся, не здавайся, перамагай!

Мы ў рэдакцыі захапляемся табой!!!

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы