Паводе артыкула Уладзімера Глода ад 30 кастрычніка 2007 г. “Эўрапейскія палітычныя мудрацы – на дапамогу Беларусі” (svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/10/97A639AA-8BAC-47E9-AF6F-0269D3B2D48F.html)
Былы міністар замежных справаў Літвы, а цяпер намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту ў эўрапейскіх справах Антанас Валёніс (гл. фота ўверсе) ініцыяваў стварэньне спецыяльнай “беларускай” групы. У яе ўвойдуць “вядомыя і дасьведчаныя палітыкі, якія ўзначальвалі свае краіны, былі прэм’ерамі альбо міністрамі замежных справаў”. Наколькі спроба стварыць яшчэ адну групу ў беларускіх справах можа паўплываць на становішча ў Беларусі і ці ня будзе яна дубляваць працу іншых груп, якія ўжо ёсьць?
Антанас Валёніс называе сваю структуру “групай мудрацоў”. Размова ідзе пра дасьведчаных і вядомых людзей, якія сваім аўтарытэтам паспрыялі б таму, каб Эўразьвяз больш актыўна заняўся беларускімі справамі.
Нашаму радыё спадар Валёніс сказаў: “Я спадзяюся, спадар Квасьнеўскі будзе кіраваць гэтай групай. Яна змагла б прааналізаваць палітыку Эўразьвязу адносна Беларусі й прапанаваць нейкія новыя элемэнты. А, магчыма, і новую палітыку, хаця гэта, можа, і занадта сьмела”.
Між тым беларускімі справамі ў міжнародных структурах займаюцца многія. Прыкладам, у Парляменцкай асамблеі АБСЭ група дэпутаткі нямецкага Бундэстагу Ўты Цапф. У Парляменцкай асамблеі Рады Эўропы – дакладчык ў справах Беларусі італьянец Андрэа Рыгоні, а таксама група эстонскага парляментара Андрэса Хэркеля – старшыні “беларускага” падкамітэту. У Эўрапарляменце таксама дзьве групы: Богдана Кліха з Польшчы і галяндца Яна Вірсмы.
Палітоляг, памочнік Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Лагвінец лічыць, што неабходна мець вядомых людзей, якія б стала ўздымалі беларускае пытаньне ў эўрапейскай палітычнай прасторы: “Ці будзе вялікая эфэктыўнасьць ад стварэньня новай структуры, калі ўжо існуюць ініцыятывы і адказныя за дачыненьні з Беларусьсю ў розных парламенцкіх структурах, дык тут відавочна могуць быць пэўныя сумневы. Але калі Аляксандар Квасьнеўскі сапраўды заангажуецца ў гэтую справу, дык, зважаючы на тое, што ён вельмі пазытыўна прымаецца ў брусэльскіх колах, можа быць, ён і дасягне нейкага посьпеху. Тым больш, калі беларускія ўлады сапраўды наважацца на дыялёг як з Эўразьвязам, так і ўнутры беларускага грамадзтва, дык фігура Квасьнеўскага, які цяпер знаходзіцца ў апазыцыі ў Польшчы, ня будзе выклікаць такіх вялікіх падазрэньняў”.
Літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч, які ачольвае ў сойме літоўска-беларускую групу, даволі скептычна ставіцца да стварэньня групы мудрацоў. Ён лічыць – для сур’ёзных зрухаў у Беларусі патрэбна як мага раней зьмяніць два законы: аб выбарах і аб друку. “А астатняе пойдзе ланцугом”, – упэўнены спадар Станкевіч: “Я лічу, трэба вучыцца працаваць з той Беларусьсю, якая цяпер ёсьць. І рабіць на яе дыпламатычны і палітычны ўплыў, каб яна хоць маленькімі крокамі ішла да дэмакратыі”.
Ад рэдакцыі:
Мы таксама ськептычна глядзім на магчымасьці пазітыўнага ўплыву на падзеі ў Беларусі еўрапейскай бюракратыі. Яна паступова пераўтвараецца ў тыповага бюракратычна-паразітычнага монстра – еўракратыю, з-за чаго і на падзеі ў самой Еўропе уплывае ў асноўным негатыўна. Калі не ўспрымаеце меркаваньне “нацыяналістаў”, пачытайце тады меркаваньні амерыканцаў (nashaziamlia.org/2007/06/30/737).
Мы больш верым у дзеяньні з боку іншых краін накшталт такіх, за якія мы дзякавалі шведаў у папярэднім артыкуле… Прычым, успрымаць такую падтрымку варта, ў дадатак, як падарунак лёсу. Разьлічваць жа трэба найперш на сябе, на ўласную сілу і ўласную арганізаванасьць…
Ведаю Багдана Кліха – польскага “хрысьціянскага дэмакрата”, сябра Лябедзькі і Вячоркі.
Беларускія нацыянальныя дэмакраты зьвярталіся аб дапамозе ў часе вымушанай эміграцыі.
Адмовіўся нават адказаць. Дапамогі ад яго чакаць бессэнсоўна.
Элементарную зычлівасьць праявілі бельгійцы і немцы.