Алесь Астроўскі, прафесар Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта
Кожны год, калі я знаёмлюся з новымі студэнтамі, мне даводзіцца 5-7 хвілін тлумачыць зрэдку некалькі зьбянтэжаным маладым людзям, чаму я буду чытаць ім лекцыі й праводзіць заняткі па медыцынскай біялогіі “на нашай беларускай мове”. Нядаўна я падумаў, а можа, варта запісаць тэкст сваёй прамовы, пашырыць яе і выставіць як артыкул на нашым сайце. Тым больш, толькі што (21 лютага) адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Ніжэй вы можаце пабачыць, што атрымалася з гэтай ідэі.
“Я бачу, што многія прысутныя некалькі зьдзіўленыя, што чуюць у нашым універсітэце на нашым прадмеце беларускую мову.
Сапраўды, цяпер сітуацыя ў Беларусі такая, што гэта выглядае некалькі дзіўна. Абсалютная большасьць вакол вас размаўляюць па-руску, большасьць з вас скончыла рускамоўныя школы і вам, натуральна, здаецца, што гэта і ёсьць норма…
На справе, ва ўсім сьвеце ўсе разумныя людзі ведаюць, што нармальнай ёсьць сітуацыя адпаведнасьці паміж сабой шэрагу чыньнікаў. Ёсьць народ, ёсьць яго этнічная тэрыторыя, на гэтай тэрыторыі народ будуе сваю дзяржаву, каб зьдзяйсьняць свае інтарэсы, сваю гістарычную місію пад кіраўніцтвам лепшых сваіх прадстаўнікоў, а дзяржаўнымі зьяўляюцца яго культура, мова, гісторыя, сімвалы. Усё тут супадае, усё ўваходзіць адно ў адно, нібы часткі рускай матрошкі…
Гэта лагічныя разважаньні, рацыянальны доказ нормы. З гэтых пазіцый я ўжо правы.
Але такі падыход многімі ўспрымаецца недастатковым, бо большасьць людзей у звычайным жыцьці карыстаецца ня логікай, не рацыянальным успрыняцьцям рэчаіснасьці (гэта адкрыцьце вам яшчэ належыць асэнсаваць), а арыентуецца па атачэньні, па тым, як паводзяць сябе іншыя людзі. І калі большасьць вакол іх размаўляе па-руску, гэта ў сьветаўспрыняцьці чалавека масы зазвычай і азначае, што “гаварыць па-руску гэта нормальна”.
Калі так, тады я прапаную вам паглядзець не сабе пад ногі, не на тое, што робіцца ў вашым непасрэдным атачэньні, а падняць галаву і азірнуцца шырэй – далей, за межы Беларусі. І калі мы паглядзім на захад, мы ўбачым Польшчу, дзе, аказваецца, людзі жывуць ня так, як мы, а так, як кажу я. Калі мы пабываем у суседзяў на поўначы – у Літве ды Латвіі, мы ўбачым тое самае. На ўсход у Расеі – тое самае, ва Украіне – становіцца так, як кажу я. Калі пашырыць кола і паглядзець яшчэ далей, як выглядае сітуацыя ў Эстоніі, Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Венгрыіі, Баўгарыі, Грэцыі, Іраліі, Грузіі, Арменіі, Турцыі, Азербаджане, Францыі, Германіі й г.д., у абсалютнай большасьці выпадкаў ўсё зноў будзе так, як кажу я. Будзе прысутнічаць тая адпаведнасьць, пра якую я казаў – народ, яго этнічная тэрыторыя, дзяржава, культура, мова супадаюць.
Такім чынам, сапраўды, я правы, і ня толькі рацыянальна, а і фактычна, геапалітычна…
Тады як завецца тая сітуацыя, якія перавагае сёньня ў нас у Беларусі?
Гэтая сітуацыя ёсьць выключэньнем з правіла, ёсьць нейкай недарэчнасьцю.
І тут заканамерным зьяўляецца чарговае пытаньне: а чаму ў нашай Беларусі моўная сітуацыя перакуленая да гары нагамі? Хто так зрабіў, каму гэта было трэба, каб беларусы-літвіны не хадзілі свабодна з высока паднятымі галовамі, а ,вобразна, нібы поўзалі на карачках?
Мушу сказаць, што акрамя сваіх прафесійных абавязкаў ужо шмат гадоў я вывучаю людскае грамадства. І павінен сказаць, што як у біялагічным сьвеце ёсьць паразіты, якія жывуць у целах іншых жывых арганізмаў (у т.л. і ў людзей), харчуюцца іх плоцьцю і выклікаюць пакуты, хваробы ў сваіх гаспадароў (таму мы, як будучыя ўрачы, мусім іх вывучаць), так і ў соцыюме ёсьць паразіты, толькі што сацыяльныя. Гэта групы людзей, якія карыстаюцца вынікамі працы іншых, прысвойваюць іх сабе і жывуць з гэтага – у большасьці вельмі няблага жывуць…
Але проста прыйсьці, сесьці на грамадства і пачаць выкарыстоўваць яго ў сваіх паразітных мэтах сацыяльныя паразіты ня могуць. Калі грамадства аб’яднанае, арганізаванае, калі яно прыслухоўваюцца да сваіх лепшых прадстаўнікоў, тады сацыяльным паразітам няма чаго “лавіць”. Грамадства хутка высьветліць, што “тут нешта ня тое”, знойдзе прычыну сваіх праблем, аб’яднаецца, арганізуецца і скіне паразітаў са свайго карку.
Тыя гэта ведаюць і таму прымаюць свае захады…
Для таго, каб утрымацца, паразіты ўсяляк імкнуцца аслабіць грамадства, зрабіць яго рыхлым, неарганізаваным, бязвольным, недзеяздольным – ператварыць у нешта накшталт простай біямасы. Для гэтага паразіты імкнуцца найперш разбурыць галоўную сістэму агульнанацыянальных сувязяў, якая якраз і пакліканая інтэграваць грамадства, аб’ядноўваць яго ў адзіную, цэласную сілу. Гэтую інтэгратыўную функцыю якраз і выконваюць нацыянальная культура, гісторыя народу, нацыянальныя сімвалы і, вядома ж, мова…
Калі сацыяльныя паразіты, якія ўчапіліся за ўладу, здолеюць разбурыць, дэзактуалізаваць гэтыя каштоўнасьці, тады ім удаецца расшчапіць грамадства на дробныя групы (гэта завецца шызафрэнізацыяй). Затым яны апускаюць грамадства да самага прымітыўнага сьветагляду (абыдленьне) і касмапалітызуюць яго (хаатызацыя). Усё. Пасьля гэтага сацыяльныя паразіты могуць перакульваць усю грамадскую сітуацыю да гары намі… У такой абстаноўцы нікому ўжо немагчыма (дакладней бессэнсоўна) ставіць пытаньне пра іншыя істотныя рэчы, якія зьнішчаюць сацыяльныя паразіты ў працэсе свайго паразітаваньня – пра сацыяльную справялівасьць, пра грамадскі прагрэс, пра радаснае, паўнавартаснае, напоўненае сэнсам жыцьцё людзей, пра раскрыцьцё чалавекам яго жыцьцёвага патэнцыялу…
Патлумачу значэньне разбурэньня грамадскіх сувязяў на некалькіх мадэлях.
Уявіце, едзе аўтамабіль, вязе чалавека. Прыехаў. Аўта паставілі ў гараж і што да вінціка разабралі. У гаражы знаходзіцца тая ж машына, што да грама, да апошняй дэталькі, але ўсяго толькі ў выглядзе хаатычнай груды металу. Скажыце, цяпер чалавек можа выкарыстаць аўтамабіль па прызначэньні? Вядома ж, не! Як жа так, усе дэталі, усё да грама ў наяўнасьці, а пакарыстацца немагчыма? Так, немагчыма, бо разбураныя ўсе сувязі, разбураная ўся сістэма нармальнага ўзаемадзеяньня паміж часткамі цэлага.
Другі прыклад. Паўзе дажджавы чарвяк па сваіх справах… А вы ўзялі яго дый пракруцілі праз мясарубку, атрымаўшы некалькі грамаў фарша. Чарвяк увесь тут, да апошняга міліграма, да апошняй сваёй клетачкі, але штосьці ён не паўзе… У чым прычына? Яна ўсё тая ж – разарваныя сувязі, якія ядналі ўсе часткі дажджавога чарвяка ў адзіны цэласны арганізм.
Вось вам дзьве сістэмы, механічная і біялагічная, праз якія бачна значэньне інтэграцыйных, уладкаваных сувязяў. З людскімі грамадствамі, народамі адбываецца тое самае. Калі разбураюць іх інтэгратыўныя сістэмы – разрываюць, забараняюць, дэзактуалізуюць, прымушаюць ігнараваць, забыць, і г.д. – суб’ектнае людскае грамадства пераўтвараецца ў звычаўную біямасу, практычна і літаральна. На ёй, нібы на пажыўным асяроддзі, сацыяльныя паразіты могуць паразітаваць, як заўгодна, і ім ніхто пагражаць ня зможа…
Паразітам добра. А людзям? Людзям надзвычай дрэнна… Што яны пры гэтым страчваюць, я ўжо раней узгадаў. Таму ўзгаданае мной разбурэньне агульнанацыянальных каштоўнасьцяў, у т.л. тое, што адбываецца ў нас у Беларусі (зьнішчэньне мовы, этнацыд) – гэта адно з самых цяжкіх злачынстваў супраць людзей, народаў, усяго чалавецва! Гэта ведаю я, гэта ведаюць іншыя, гэта прызнана многімі міжнароднымі структурамі й арганізацыямі.
Калі мы ведаем, што адбываецца злачынства, паўстае чарговае пытаньне: што рабіць у такой сітуацыі чалавеку – грамадзяніну Беларусі?
Тут мушу сказаць наступнае.
Практычна кожны чалавек, які жыве ў Беларусі, ведае ці прадчувае, што змаганьне за праўду, за справядлівасьць, супраць зла і злачынцаў патрабуе ахвяр. Гэта значыць, што і ў змаганьні за нашу мову таксама давядзецца ахвяраваць часткай сваіх асабістых каштоўнасьцяў для дасягненьня каштоўнасьцяў агульных. Гэтая сітуацыя завецца маральным выбарам. І тут мы назіраем найбольш тыповую сітуацыю, характэрную для большасьці людзей ва ўсім сьвеце. Яна выяўляецца ў імкненьні ўхіліцца ад праблемы, зрабіць выгляд, што ты яе ня бачыш, не заўважаеш, што яе проста няма. Людзі імкнуцца, што завецца, “прыкінуцца шлангам”…
Але так робяць ня ўсе. Ёсьць людзі (хаця іх і меншасьць), якія прымаюць выклік лёсу – не ўхіляюцца ад грамадскіх праблем, а бяруць іх і пачынаюць вырашаць. Я належу да такіх людзей. Я ведаю: дзе права, а дзе лева, дзе верх, а дзе ніз – і раблю тое, што павінен рабіць чалавек. Тым больш, што сёньня не 1937 год, і я ня толькі жывы, а і працягваю працаваць, выкладаць. Што да розных дробных пакасьцяў, якія стала ідуць ад начальства, дык іх можна праігнараваць. Паверце, пачуцьцё, што ты чалавек свабодны, паўнавартасны, вельмі шмат каштуе… І так я паступаю з 1995 года, калі пад выглядам “рэферэндуму” адбыўся напад па нашы беларускія сімвалы і мову.
Маральны выбар стаіць і перад усімі вамі. Якое вы прымеце рашэньне – гэта вашая справа. Але, прынамсі, вы цяпер ведаеце, дзе з рацыянальных пазіцый знаходзіцца праўда, і дадаткова на ўсё жыцьцё ў вас застанецца прыклад паўнавартаснай людскай паставы, як кажуць, станоўчы прыклад…”
“беларусы-літвіны”
Здаецца “ліцьвіны”. Беларусь сапраўды ў сярэднявеччы звалася Літвой.
А з сучаснай самазванай “Літвой” (Жмудзь, Летува) мы яшчэ
разбяромся. Вернем нармальную беларускую гісторыю.
Трэба пазбавіцца ад сацыяльных паразітаў (быдла, гопнікі і іншая набрыдзь –
не перанашу іх). Выслаць іх у Расею ці што прыдумаць.
Вельмі цікавы прыклад пра чарвяка.
..
Тое, што вы выкладаеце на беларускай мове,
дае вам 100 ачкоў перад любым “русскоговоряшчім” выкладчыкам.
Вашая праца з’яўляецца моцнай цаглінкай
у падмурку будучага незалежнага Беларускага Гаспадарства.
Так трымаць!
Цікава. Паспрабую распаўсюдзіць.
Паважаны спадар!
Дзякуй за добры ліст і за тое,што вы вучыце будучых лекарау
на нашай,роднай мове.
Прыемна,калі адукаванныя людзі робяць усе для таго,каб наша
беларуская мова жыла.
Жадаю Вам і Вашым сябрам усяго самага найлепшага у жыцці
і працы.
Лявон.