nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Параза беларускага лібералізму

29 лютага, 2008 | 3 каментарыя

Сяргей Высоцкі

Ð�Ñ�Ñ�оÑ�кÑ�1.JPG 

Эпоха Лукашэнкі канчаткова пераканала ў неэфектыўнасьці і бездапаможнасці лібералізму, ліберальных падыходаў і ліберальных партый для пераходнага перыяду. Беларусь, знаходзячыся на памежжы між адыходзячым сацыялізмам і капіталізмам, не зрушыла наперад. Ключавым рэцэптам Захаду, які стаў поўнай дамінантай у палітыцы Ст.Шушкевіча, а потым усёй апазіцыі, быў складнік левага ці правага лібералізму. Гэты складнік зазнаў вялікай паразы. І не толькі з-за бездапаможнасці і прадажнасці выканаўцаў.

 

Можна прыгадаць, што адбылося ў апазіцыйным руху ад канца 1980-х. З кагорты нацыянальнай інтэлігенцыі і дысідэнтаў узнік Беларусі Народны Фронт. Нацыянальная ідэя заваёўвала сімпатыкаў, узрастала першае беларускае пакаленьне моладзі пасля камуністычнага ледніковага перыяду. Узніклі нацыянальна-дэмакратычныя моладзевыя сілы – БПС і Малады Фронт.

Але неўзабаве пачаўся супольны ціск Масквы і Захаду супраць “нацыяналістаў”. Якія толькі маразмы ні вешала прапаганда на вобраз нацыянал-дэмакратаў – і “фанатыкі”, і “дзеці паліцаяў”, і “фашысты”. Неўзабаве спецаперацыя расейскай агентуры прывяла да ўлады не надуманага, а сапраўднага прыхільніка Гітлера, сталініста-панславіста [панславізм – як правіла, прапагандысцкая рэінкарнацыя расейскага імперыялізму. – Рэд.].  

Потым праславуты бунт у БНФ. Бунт, які не даў магчымасці цывілізаванага развіцця гэтай партыі. Замест непадкупнага і харызматычнага Пазьняка [мы ў рэдакцыі глядзім на фігуру З.Пазьняка больш крытычна. – Рэд.] прыйшлі цынічныя прагматыкі ліберальнага гатунку.

На паверхню пачалі ўсплываць новыя і новыя “ліберальныя” праекты, узначаленыя былымі камсамольскімі партыйнымі функцыянерамі з другога шэрагу. Месца, ачышчанае ад здыскрэдытаванага прапагандай і расколатага БНФ, займалі ўжо чыстай вады махляры. Так узнікла перспектыва для ліберальнай наменклатуры, якая пазней будзе называцца АГП.

У АГП былі і сур’ёзныя людзі, не пазбаўленыя годнасці. Але маса разнастайнай прарасейскай набрыдзі паступова пераўтварыла гэтую партыю ў клубок дзялкоў-прагматыкаў.

Іншыя палітычныя сілы таксама прымалі культ новага ліберальнага бажка з вялікай ахвотай. Яшчэ б, гэтая модная фішка была і застаецца асноўным прадуктам палітычнай думкі Захаду. І натуральна, раней і цяпер вельмі добра аплочваецца…

Усё больш ліберальным, усё далей ад нацыянальнай ідэі аказаўся БНФ В.Вячоркі. Сацыял-дэмакратыя, як лева-ліберальнае пачынанне Захаду, таксама сталася раскручанай палітфішкай у шэрагах апзіцыі. Пра АГП і гаварыць не даводзіцца. Тыя папросту ўцямілі сябе месіямі лібералізму.

Мала таго, з вялікім размахам узнік новы гіперпраект махляроў – “Хартыя – Зубр”. Адзін выкалачваў заходнія сродкі пад другі. За галоўную тэзу моладзевага праекту “Зубр” быў узяты ліберальны прынцып: “баксы кіруюць светам”. Менавіта на такой падставе пачалі масава скупляцца юнакі і дзяўчаты ў сумнавядомы “Зубр”. Так раскручвалася палітыка зністажэння пакалення патрыётаў ды ідэалістаў. Натуральна, былі й іншыя прыёмы – сталы паклёп і бруд у бок нацыянальна-вызвольных сіл і палітыкаў, раскол непрымірымых арганізацый і стварэнне кішэнных клонаў.

Так, за гэтым стаялі спецслужбы. Але ніколі нельга забываць, чыімі рукамі ворагі калолі, разбуралі і знішчалі беларускія патрыятычныя партыі – БНС, МФ… Рабілася гэта пад выглядам “лібералізацыі і дэмакратызацыі” ўнутрыпартыйнага жыцця, барацьбы з праявамі “аўтарытарызму і нацыяналістычнага фанатызму”. Актыў “Хартыі” і “Зубра” быў у авангардзе вайны з нацыяналізмам.

Аднак, што ж абяцалі сваім прыхільнікам акром даляраў мясцовыя апалагеты Фрыдмана і Хайека? Цяпер многія, пэўна, будуць усміхацца ад тых вялікіх перлаў ліберальнай думкі:

1. Тэзіс, што рэжым Лукашэнкі разваліцца сам сабой за 3-5 гадоў па прычыне эканамічнай недзеяздольнасці.

2. Развіццё прыватнага бізнесу разгушкае рэжым і той падзе [пра тое, як на Захадзе пачынаюць разумець, што паміж рынкавай эканомікай і дэмакратыяй жорсткай сувязі няма, можна пачытаць тут: nashaziamlia.org/2007/07/28/801 – Рэд.].        

3. Інтэрнэт і глабалізацыя вельмі хутка падарвуць аўтарытэт улады і пазбавяць яе прыхільнікаў у Беларусі свайго ўплыву.

4. Для выніковасці ўплыву на грамадства трэба адмовіцца ад “усялякага нацыяналізму” ў агітацыі, а варта засяродзіцца на сацыяльна-эканамічнай пытаннях і правах асобы.

5. Ні ў якім разе не трэба бараніцца і адказваць на паліцэйскі тэрор. Не трэба і рыхтавацца да вулічнага супраціву ў адказ на гвалт рэжыму.

6. Не трэба шукаць адказы ў сваёй гісторыі, у мудрасці сваіх нацыянальных геніяў. Дастаткова перапісаць тэзісы заходніх партый.

7. Арыентацыя на ўласны народ вынікаў не дасць. Толькі заходняя падтрымка дазволіць змяніць становішча.

8. Галоўным кірункам ліберальнай “аб’яднанай апазіцыі” было паталагічнае аб’яднанне – аб’яднанне не ідэйнае, а механічнае, аб’яднанне герояў і падонкаў, ахвяраў і іх былых катаў, стоікаў і вядомых злодзеяў.

Можна прыгадаць яшчэ стос гэтых маразмаў пайгранай эпохі.

Быў час, калі нельга было сказаць слова крытыкі ў бок гэтых “абщечеловеков – космаполитов – вообще демократов”. Нас, беларускіх патрыётаў – змястоўных дэмакратаў – спрабавалі нават высмейваць, як “перажытак часу”. Але цяпер можна запытацца ў гэтых ліберальных апалагетаў, якія апошнія 15 гадоў руляць у апазіцыі: “дзе вынікі, панове?”  

Трагічна іншае: што разам з іхнай тупасцю, прадажнасцю, бяздарнасцю, яны столькі гадоў спрыялі панаванню тыраніі ў Беларусі. Яны сваімі непрафесіяналізмам і жлобскім прыхаваным інтарэсам пазбавілі народ ідэйнай і палітычнай зброі, аддаўшы ў няволю цэлае пакаленне цэлага народу.

Лібералізм у Беларусі, падмяніўшы нацыянальна-патрыятычныя сілы, узяў на сябе адказнасць за лёс дзяржавы. Але гэты цяжар ён не ўтрымаў, абваліўся і страціў усялякую перспектыву.

Сваю будучыню беларуская моладзь будзе шукаць на іншым ідэйным грунце…

 

Сяргей Высоцкі

20.01.2008 г.

 

 

3 каментарыя

  1. Сяргей кажа:

    Спрэчны артыкул, але спрачацца няма сэнсу.

  2. Алесь кажа:

    Наўрад ці варта казаць пра палітыку лібералаў у Беларусі ў тэрмінах паразы. Паразу яны атрымалі з пункту гледжання нацыянальных дэмакратаў – такіх, як Сяржук Высоцкі. Але з іх уласных пазіцый ніякай паразы няма, бо задачу пазбавіць беларускі народ ад пракрамлёўскага беларусафобскага рэжыма лібералы ніколі не ставілі. Яны атрымліваюць грошы з захаду і чакаюць, калі рэжым сам абрынецца. Адзінай іх актыўнай задачай з’яўляецца недапушчэнне сапраўдных беларускіх патрыётаў да ўлады. Для гэтага “беларускія” лібералы выкарыстоўваць шантаж, подкуп, дыскрэдытацыю праз СМІ, абмежаванне доступу да “незалежных” СМІ і г.д. усіх іншых, акрамя іх. Грошы – асноўны рэсурс “лібералаў” у знішчэнні канкурэнтаў. Калі ім сапраўды ўдасца не дапусціць беларускіх дэмакратаў да ўлады, яны возьмуць яе раней ці пазней. Спяшацца ім не трэба, у іх і так усё добра. Але ў такім выпадку, ім прыйдзецца потым вяртаць даўгі заходнікам. Натуральна, за кошт беларускага народу. Вось што адбываецца і да чаго ўсё ідзе. У такой сітуацыі выйсце адно – хутчэй аб’ядноўвацца і арганізоўвацца сапраўдным беларускім дэмакратам. Настае наш час. А на грошы, пляваць.

  3. bambuk кажа:

    нажаль, збыліся словы лютага ворага ўсяго беларускага, гаўнюка Посахава,-” БНФ-палітычны труп.” менавіта такі назоў меў артыкул,які ён надрукаваў ў 1995 г.,пасля 1 тура выбараў ў ВС. смеху варта – ў Гародне аргкамітэт па святкаванню 90 – х угодкаў БНР узначаліў Юра Істомін з АГП, неўзабаве яго ( а. к. ), наракуць імём Воўкі Пуціна. а дзешь БНФ, дзе?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы