На 23 сакавіка г.г. (праз тры тыдні) у Беларусі запланаваная агульнанацыянальная дыктоўка па нашай мове. Дыктоўка прысьвячаецца 90-годдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Падаем ніжэй тлумачэньні некаторых асоб, да якіх, мы лічым, варта прыслухацца.
Рэдакцыя.
Уладзімір Падгол, кандыдат філасофскіх навук, ініцыятар дыктоўкі (на фота першы зьлева).
Шаноўныя спадарыні і спадары!
Прашу трохі вашай ўвагі на роздум над прапановай правесьці 23 сакавіка ва ўсіх куточках Беларусі і сьвету дыктоўку пад умоўным назовам: “За незалежную Беларусь!”. Пісаць можна ў офісах партый і грамадскіх аб’яднаньняў, на кватэрах і, магчыма, у бібліятэках. Поплеч сядуць палітычныя лідэры й іхныя дзеці, мастакі й пісьменьнікі, студэнты і школьнкі, бацькі разам з дзецьмі. Гэта можа быць дэманстрацыя павагі да нашай мовы і незалежнасьці, шанаваньня беларускага духу і душы. Дэманстрацыя ўсяму сьвету і тым, хто лічыць, што «белорусы – это те же руские, только со знаком качества», што «белорусы и руские – это единый народ».
Дыктоўка можа быць напісаная ў сімвалічнай нядзельнай усебеларускай школе і стаць традыцыйнай.
Такія дыктоўкі шмат гадоў пішуць палякі, два тыдні таму ў трэці раз запар пісалі летувісы.
Прычым, разам са школьнікамі сядзелі й пісалі міністры. Пісалі ва ўсіх летувіскіх амбасадах па ўсёй зямлі.
У нас спадзявацца на падтрымку дыктоўкі дзяржаўным радыё і тэлебачаньнем не выпадае. Але ёсьць радыё “Свабода”, CD– ды DVD-дыскі, зь якіх можа прагучаць тэкст дыктоўкі.
Ідэя агульнанацыянальнай дыктоўкі ўжо шмат кім прынятая, й ідзе прапрацоўка дэталяў: які тэкст зрабіць узорным – можа, яго напіша хто з сучасьнікаў, а можа, ўзяць тэкст класіка; якім правапісам карыстацца – тарашкевіцай ці наркамаўкай, а можа даць магчымасьць пісаць тым, які больш даспадобы.
Тыя, хто супраць дыктоўкі, аргументуюць так: нашы людзі ня любяць, каб ім нешта дыктавалі і таму ня пойдуць на дыктант; шмат хто будзе саромецца атрымаць пры праверцы двойку і гэта стрымае яго ад удзелу.
Адразу патлумачу сваю пазіцыю. Ніхто нікога ня будзе прымушаць здаваць на праверку свой тэкст. Удзельнік можа адразу забраць яго дахаты, каб потым у газетах прачытаць узорны тэкст і самастойна праверыць сваю дыктоўку. Сама ж дыктоўка хай ляжа ў ваш архіў, які вы будзеце паказваць дзецям, унукам і ганарыцца ўдзелам у Першай Агульнанацянальнай дыктоўцы.
Тут галоўнае ня вынік, а ўдзел.
Пішучы дыктоўку, мы тым самым дэманструем павагу мове нашага народу, сьведчым, што яна жывая, мае шмат прыхільнікаў і будучыню.
Прызамі пераможцам могуць стаць бясплатныя падпіскі на газеты “Наша слова”, “Народная воля”, “Наша Ніва”, а таксама кнігі нашых пісьменьнікаў з аўтографамі.
Пісьменьнікі й любыя творцы таксама могуць напісаць узор дыктоўкі. Зь іх можна стварыць кнігу. Увесь 2008 год можа стаць годам падрыхтоўкі да другога агульнанацыянальнага дыктанта.
Асобная тэма – дачыненьні з уладамі. На мой погляд, трэба прапанаваць уладатрымальнікам усіх рангаў узяць удзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы, а таксама арганізаваць яе ў сваіх установах. Больш за тое, запрасіць памяшканьні ў бібліятэках для жадаючых. І трэба спасылацца на дзяржаўнасьць нашай мовы…
Алесь Бяляцкі – віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.
Закон аб мовах не выконваецца, чыноўнікі выкарыстоўваюць яго для дыскрымінацыі беларускамоўнай часткі грамадства. У краіне адсутнічае ўпарадкаванае заканадаўства на роднай мове. Вось чаму такія акцыі, як дыктоўка, дазваляюць беларусам адстойваць свае штодзённыя лінгвістычныя правы…
Алег Трусаў – старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францінка Скарыны (на фота ўверсе трэці справа).
Дыктоўка будзе праводзіцца 23 сакавіка, у нядзелю, кожную гадзіну з 10.00 да 18.00. Заяўкі на выдзяленьне залаў накіраваныя ў самыя буйныя быбліятэкі сталіцы. Тое самае мы прапануем зрабіць прыхільнікам роднай мовы ў рэгіёнах. Калі нам адмовяць, дыктоўка пройдзе ў офісах палітычных партый.
Ад рэакцыі:
Мы заклікаем усіх нашых наведвальнікаў (нармальных) прыняць удзел ня толькі ў правядзеньні Агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, а і, па магчымасьці, у яе арганізацыі. Час, якія наперадзе, гэта дазваляе.