А. Астроўскі, В. Хромаў
У мінулым артыкуле мы адзначылі стратэгічныя неадэкватнасьці ў сьветаглядзе некаторых расейскіх гора-аналітыкаў што да стану ўласнага грамадства і яго асобных груп. Па гэтай прычыне яны са сваімі прагнозамі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Расеі праваліліся. Але нас, акрамя стратэгічных пытаньняў, цікавяць тэхнічныя дэталі фальсіфікацыі народнага волевыяўленьня, якія пераўтвараюць зьмястоўную дэмакратыю ў фармальную, а затым і ў яе прафанацыю. Мы ведаем, як гэта адбываецца ў нас, у Беларусі, а як гэта робіцца ў Расеі? Давайце разьбярэмся. Напярэдадні пачатку выбарчай кампаніі ў “палатку” гэта можа быць карысным.
1. Афіцыйныя вынікі выбараў прэзідэнта Расеі ў 2008 годзе.
Даныя ЦВК РФ пасьля падліку 100% пратаколаў выглядаюць так: Д.Мядзьведзеў – 70,28%; Г.Зюганаў – 17,72%, В.Жырыноўскі – 9,34%, А.Багданаў – 1,29%. Яўка склала 69,78%, што азначае (калі прыняць “правілы гульні” расейскай імперыякратыі), што за Мядзьведзева прагаласавала амаль 50% ад усіх выбарцаў (http://www.utro.ru/news/2008/03/04/721042.shtml).
На фоне гэтых вынікаў прывядзем выказваньне, якое зрабіў некалькі гадоў таму губернатар Саратаўскай вобласьці Аяцкаў. Ён, у прыватнасьці, заявіў, што ўлада цалкам авалодала выбарчымі тэхналогіямі й можа абраць каго заўгодна і куды заўгодна (узята адсюль: http://kprf.ru/vibory2008/chronicle/55493.html)… Калі дадаць сюды, што казаў гэта кіраўнік, які прызначаецца на сваю пасаду прэзідэнтам і які ўваходзіць у “вертыкаль” расейскай ўлады, становіцца зразумелым, што нядаўнія вынікі прэзідэнціх выбараў – гэта ня больш, чым ілюстрацыя да яго выказваньня.
2. Рэакцыя зацікаўленых структур і асоб на “выбары прэзідэнта Расеі”.
Ведаючы сітуацыю знутры, практычна ўсе ўнутрырасейскія апазіцыйныя сілы, нягледзячы на іх разнамаснасьць, заклікалі да байкоту выбараў. Гэта былі й расейскія нацыяналісты, і СПС, і “Яблоко”, і Народна-дэмакратычна саюз, Аб’яднаны грамадзянскі фронт, вядомыя праваабаронцы, дзеячы культуры, палітыкі, эксьперты.
З замежных структур фактычны байкот расейскіх выбараў аб’явіў БДІПЧ і ПА АБСЕ – з гэтых структураў не былі дасланыя назіральнікі. Фармальным прэтэкстам паслужыла тое, што расейскія ўлады “абмяжоўваюць колькасьць і час працы назіральнікаў” (http://www.polit.ru/news/2008/02/07/bdipch.html).
Пасьля завяршэньня выбраў аб іх фальсіфікацыі заявілі Зюганаў і Жырыноўскі (http://korrespondent.net/russia/392468). Пры гэтым апошні пагражае зьвярнуцца ў суд, а вось Зюганаў ужо перадаў зьвесткі пра факты фальсіфікацый у ЦВК і пракуратуру РФ (naviny.by/rubrics/abroad/2008/03/06/ic_news_118_287063).
Але, як бачна ўжо цяпер, усё гэтыя “пратэсты” зноў будуць спушчаныя на тармазах (расейскія камуністы заяўляюць, што Зюганаў набраў аж на 5% больш галасоў – news.gala.net/?cat=23&id=284456; сваю спрэчку з крэмлядзямі яны зьвялі толькі да гэтага). Напэўна спадары добра ведаюць сваё месца ў крамлёскім раскрадзе і старанна выконваюць свае падстаўныя ролі…
Міхаіл Касьянаў – лідэр Расейскага народна-дэмакратычнага саюзу, якога імперыякратыя не дапусьціла да выбараў, заявіў, што яму “ўсё роўна, якія лічбы афіцыйна заяўленыя – хоць 60-70%, хоць 120%. Сёньня – дзень завяршэньня аперацыі па нелегітымнай перадачы ўлады”, – заявіў ён.
І, па сутнасьці, гэта так.
Заходнія СМІ таксама раскрытыкавалі адбылыя “выбары Мядзьведзева” (ura–inform.com/politics/2008/03/04/vibori_smi/). Так, брытанская газета The Times піша, што выбарцы “пакорна ўхвалілі” Дзьмітрыя Мядзьведзева ў якасьці пераемніка Пуціна на выбарах, якія заходнія назіральнікі байкатавалі як недэмакратычныя. Выданьне адзначае, што Мядзьведзеў выйграў зь вялікім адрывам дакладна зрэжысаваны Крамлём конкурс, у якім ў яго не было сур’ёзных канкурэнтаў. У многіх рэгіёнах на выбарчых участках прапанаваліся танныя прадукты харчаваньня і разыгрываліся латэрэі, каб прыцягнуць увагу выбарцаў, а працаўнікі бюджэтных галінаў скардзіліся, што іх прымушаюць галасаваць проста на працоўным месцы, каб забясьпечыць яўку.
Амерыканская газета The Washington Post нагадала, што перадвыбарная кампанія была бляклая і выглядала хутчэй як каранацыя, чым спаборніцтва, пасьля таго, як у сьнежні 2007 года Пуцін ухваліў кандыдатуру Мядзьведзева ў якасьці кандыдата ў прэзідэнты. На думку выданьня, як чакалася, Мядзьведзеў неўтралізаваў квёлыя спробы да супраціву трох апанетаў, у якіх нават не было шанцаў уступіць зь ім у дыскусію. Газета адзначае, што іх галасы былі заглушаныя барабанным боем СМІ, якія сьцьвярджалі, што Мядзьведзеў – гэта “выбар Пуціна” і што яго перамога гарантуе працяг ранейшай палітыкі.
Брытанская The Daily Telegraph напісала: “Абраны Пуціным пераемнік атрымаў сакрушальную перамогу на самых тэндэнцыйных выбарах у постсавецкай Расеі”. Газета сьцьвярджае, што супраціўнікамі Мядзьведзева былі тры “неабіраемыя няўдачнікі”, якім Крэмль дазволіў кінуць выклік дзеля захаваньня прыстойнасьці.
The Financial Times заявіла, што па словах апанентаў Мядзьведзева на прайшоўшых выбарах фальсіфікацыі былі яшчэ больш распаўсюджаныя, чым на выбарах у Дзярждуму, якія былі тры месяцы таму.
На думку еўрапейскіх назіральнікаў, прэзідэнцкія выбары ў Расеі, на якіх перамог Дз.Мядзьведзеў, не былі ні сумленнымі, ні справядлівымі (гл. www.inopressa.ru/faz/2008/03/04/15:33:55/election). Па словах назіральнікаў ад ПАРЕ, гэта ўражаньне, якое склалася ў час перадвыбарнай барацьбы, толькі ўзмацнілася. Але, нягледзячы на ўсе недахопы, вынікі выбараў адлюстроўваюць волю народу [?! Вось яно! – Рэд.]. Прыкладна так на расейскія «выбары» адрэагавалі й вядучыя палітыкі заходніх дзяржаў.
Ці ня праўда, знаёмая пазіцыя заходнікаў? Вось і ўсё…
Чаму рэакцыя Захаду будзе менавіта такой, было бачна яшчэ пасьля вылучэньня Пуціным свайго “выбітнага пераемніка”.
3. Фальсіфікацыі ў час галасаваньня.
У выніку аналіза інфармацыі, якая ёсьць у сеціве, можна прачытаць пра наступныя спосабы фальсіфікацыі вынікаў волевыяўленьня людзей непасрэдна ў дзень галасаваньня (ва ўсіх выпадках фальсіфікацыя была на карысьць Мядзьведзева):
– укіданьне бюлетэняў у выбарчыя скрыні яшчэ да пачатку галасаваньня [у Расеі з гэтым яшчэ трэба мучыцца, а ў Белару зроблена “значна лепш” праз 5-дзённае датэрміновае гласаваньне; рабі, што хочаш, укідай сколькі хочаш. – Рэд.];
– укіданьне пачак бюлетэняў на працягу галасаваньня;
– беспрычыннае выгнаньне прынцыповых назіральнікаў і сябраў камісіі з участкаў;
– завабліваньне людзей на выбарчыя ўчасткі таннымі харчовымі прадуктамі, бясплатнымі (магчыма, пратэрмінаванымі) лекамі, разыгрываньнем латэрэі;
– стварэньне ўмоваў, калі адмысловыя групы людзей маглі галавасаваць шматкроць;
– прымус да галаваньня па месцы працы;
– падганяньне кіраўніцтвам дзяржпрадпрыемтваў сваіх працаўнікоў прыйсьці на выбары праз тэлефонны абзвон у дзень галасаваньня;
– кантроль з боку начальства за тым, як галасуць курсанты ваенных вучэльняў;
– перапісваньне пратаколаў Участковых выбарчых камісій у памяшканьні Тэрытарыяльнай выбарчай камісіі перад здачай пратаколаў.
Варта праілюстраваць «тэорыю» паказальнымі прыкладамі канкрэтных выпадкаў фальсіфікацыі.
Пра першы (па часе) з такіх выпадкаў можна прачытаць тут: www.podrobnosti.ua/power/elections/2008/03/02/501420.html. «Масавае ўкіданьне бюлетэняў яшчэ да адкрыцьця выбарчага ўчастка №1513 (у Маскве) зафіксаваў назіральнік Раман Удот. Ён паведаміў наступнае: «У абедзьвюх урнах для галасаваньня я выявіў пачкі бюлетэняў – каля 100 штук, як мінімум. Яны былі адзначаны «за» кандыдата Мядзьведзева». Па словах Удота, ён выклікаў міліцыю, якая апячатала адну урну, а ў другую ўсё роўна «пачалі кідаць бюлетэні, паколькі выбарцы ўжо пайшлі»».
За паўгадзіны да завяршэньня галасаваньня на выбарчыя ўчасткі ў Заходнім Бірулёва №1637 і 1638 (Масква) уварваліся некалькі мужчын і пачалі адкрыта ўкідаць у скрыні для галасаваньня пачкі бюлетэняў. Назіральнікі спрабавалі затрымаць іх, але ў іх гэта не атрымалася. Калі ж яны скалалі акт пра гэта відавочнейшае парушэньне, прадстаўнікі ўправы заявілі, што назіральнікі “ня так усё зразумелі” (kprf.ru/vibory2008/chronicle/55415.html).
На ўчастку №734 у Чырвонагвардзейскім раёне (у Пецярбурзе) назіральнік выявіў наступнае. За ўвесь час галасаваньня было выдадзена 734 бюлетэня, а ў урнах апынулася аж 1136 [“прыбаўка” ў 400 штук; адразу вось яна і яўка, і %% за “пераемніка”. – Рэд.], што выявілася ў час падліку галасоў (kprf.ru/vibory2008/chronicle/55417.html).
А вось яшчэ адзін аповяд, узяты з www.anticompromat.ru/churov/pit_020308.html.
«Вольга Пакроўская – вядомы ў Пецярбурзе юрыст, намесьнік старшыні юрыдычнага аддзела ў муніцыпальнай радзе «Грамадзянка», сябра бюро піцерскага «Яблака». Яна шмат гадоў працавала ў выбарчых камісіях і ня раз адстойвала правы грамадзян у судзе. На гэтых выбарах яна была назіральнікам на 488-м выбарчым участку Кіраўскага раёна. Дачакалася складаньня пратакола, атрымала завераную копію, а затым запрапанавала падвезьці сябраў участковай камісіі (УВК) на сваёй машыне ў тэрытарыяльную выбарчую камісію (ТВК) №3, куды пакінны былі здавацца пратаколы (ТВК разьмяшчаецца ў будынку раённай адміністрацыі).
Пакроўская сьведчыць: “Ужо пры падрыхтоўцы дакументаў для перадачы ў ТВК мяне насьцярожыў той факт, што акрамя запоўненага і падпісанага пратаколу камісія павезла з сабой чысты бланк, але… з подпісамі й пячаткай. Калі мы прыехалі ў адміністрацыю, ужо на лесьвіцы нас сустрэлі нейкія грамадзяне, якія сказалі: вы з участковай камісі? Вам у такі-та кабінет. А мне запрапанавалі прайсьці ў памяшканьне ТВК, якое знаходзілася зусім у іншым месцы. Я там пасідзела і вырашыла высьветліць – куды нясуць пратаколы, якія на справе павінныя адразу дастаўляцца ў ТВК і рэгістравацца. Я знайшла сем кабінетаў на другім паверсе, куды заносілі пратаколы, нешта за зачыненымі дзьвярыма зь імі рабілі й толькі потым прыносілі ў памяшканьне ТВК. На маё пытанне: што адбываецца? – заявілі, што там правяраюць пратаколы перад увядзеньнем у ДАС “Выбары”. Але ж, даныя пратаколы павінны ўводзіцца ў сістэму ня да, а пасьля прыёму дакументаў у ТВК!
Хутка да сп-ні Вольгі падышоў дэпутат Закадаўчага сходу аж “Адзінай Расеі” В. Мілонаў і пачаў яе “прэсаваць”. Маўляў, яна махоярскім шляхам атрымала пратакол УВК, журналісцкае пасьведчаньне ў яе падробнае, і ён зараз жа выкліча міліцыю… Пакроўская спакойна адказала, што ўсё ў яе сапраўднае, а дэпутат па законе ўвогуле ня мае ніякага дачыненьня да выбараў. Заўважыўшы, што Мілонаў цікавіцца яе сумкай з пратаколам, Вольга, абраўшы момант, перахавала паперку ў больш надзейнае месца. І тут на яе стала ціснуць старшыня ТВК Т.Кавешнікава: маўляў, чаму ў яе няма акрэдытацыі гарвыбаркаму? “Таму няма, што закон гэтага не патрабуе”, – адказала Пакроўская. “Прашу вас пакінуць памяшканьне!” – заявіла Кавешнікава. Вольга вымушана ыла зьехаць… Але яшчэ да таго зразумела, у чым была прычына такой нярвовай рэакцыі прадстаўнікоў ТВК на яе прысунасьць…
– У камісіі вісела табліца, куды заносіліся вынікі выбараў на ўчастках, – кажа Пакроўская. І я зьвярнула ўвагу, што даныя па нашаму ўчастку ніяк ня могуць зьявіцца ў табліцы (пры тым, што мы прыехалі адны зь першых). Пры гэтым вынікі па нашым ўчастку (і майму пратаколу) рэзка адрозьніваліся ад іншых, ужо занесеных у табліцу. Не бывае такога на адной тэрыторыі! Калі ж дадзеныя 488-га ўчастка нарэшце ўвялі ў ДАС “Выбары”, мы ахнулі: неба і зямля! Можна сказаць – фантастыка, а можна – нахабная фальсіфікацыя. Мядзьведзеву было прыпісана амаль 800 галасоў на фоне 620 рэальна атрыманых! [толькі на гэтым этапе “выбараў” прыпіска галасоў выбарцаў Мядзьведзеву склала 2,3 разы! – Рэд.]
Як правіла, у такіх выпадках піцерскі гарвыбаркам заяўляе: “Вашыя назіральнікі атрымалі копію пратакола і пайшлі… А затым участковая камісія пералічыла яшчэ раз, больш дакладна, і склала ўдакладнены пратакол”. Але ў дадзеным выпадку номер не праходзіць: Вольга Пакроўская прывезла прадстаўнікоў УВК (разам з апошнім пратаколам) у ТВК на сваёй машыне і ніякага “пераліку” пасьля гэтага быць не магло! Дый як можна “не заўважыць” 800 бюлетэняў?
– Лічу, што прыклада такімі ж метадамі карысталіся і на іншых участках, – кажа Пакроўская. – Назіральнікаў было мала: на нашым участку, напрыклад, не было нікога, акрамя мяне. У гэтай сітуацыі для ўкідваньняў і перапісваньняў пратаколаў адкрываліся проста беспрэцэдэнтныя магчымасьці…”
Хто жадае больш падрабязна праштудзіраваць дадзены асьпект апошніх прэзідэнцкіх “выбараў” ў Расеі, можа пачытаць тут: kprf.ru/vibory2008/chronicle/55415.html; тут: kprf.ru/vibory2008/chronicle/55417.html; тут: http://yashin.livejournal.com/591783.html. А між тым, гэта толькі некаторыя дадзеныя па дзьвюх расейскіх сталіцах. Можна толькі ўявіць, што рабілася ў рэгіёнах…
Правы́ Аяцкаў, сапраўды правы…
Апошняе, што варта дадаць з нагоды – што ўсё гэта нам, беларусам, вельмі добра знаёмае.
4. Стратэгія згортваньня дэмакратыі.
Аднак у дэмакратычных краінах інстытут выбараў – гэта далёка ня толькі апусканьне бюлетэняў у скрыню для патаемнага галасаваньня і дакладны падлік галасоў. У яшчэ большае ступені гэта свабоднае, адкрытае, сапраўды канкурэнтнае ўзаемадзеяньне ідэй, праграмаў, лідэраў перад грамадствам, што павінна адбывацца стала, далёка да часу непасрэдна выбарчай кампаніі.
А вось з гэтым у час апошніх расейскіх прэзідэнцкіх выбараў было яшчэ горш, чым у час апошніх аналагічных беларускіх.
Дзейнасьці механізмаў дэмакратыі ў Расеі (як і ў Беларусі) перашкаджае:
– у цэлым дэзарыентацыйна-дэструктыўная арганізацыя інфармацыйнай прасторы (гэта, дарэчы, рыса краін і з г.зв. ліберальнай дэмакратыяй);
– адсутнасьць магчымасьці для арганізацыі й дзейнасьці сапраўдных палітычных партый (іх дзейнасьць замоўчваецца альбо дыскрэдытуецца ў СМІ, супраць іх вядзецца агентурнай дзейнасьць тайнай паліцыі й г.д.);
– адсутнасьць магчымасьці для прэзентацый разнастайных ідэалогій і праграм у СМІ, для тлумачэньня іх асаблівасьцяў звычайным грамадзяням, для публічных дыскусій, спрэчак (у расейскіх выбарах Мядзьведзеў адмовіўся ад любых тэлевізійных дэбатаў; гэта проста ганьба);
– адсутнасьць магчымасьці вылучыцца лепшым прадстаўнікам грамадства для ўдзелу ў выбарах на роўных умовах (Касьянаў – далёка ня лепшы, але і яму не дазволілі ўдзельнічаць у кампаніі).
– і г.д.
Па гэтых параметрах Расея таксама знаходзіцца ў такім жа аддаленьні ад зьмястоўнай дэмакратыі, як і наша Беларусь.
6. Заключэньне.
У заключэньні варта зрабіць некальі высноваў:
– усё істотнае, што атрымалася выявіць у сувязі з апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Расеі, што характарызуе рэжым расейскай імперакратыі, які пануе там – усё гэта ёсьць у посткамуністачнай Беларусі Лукашэнкі-цяперцаў. Нічога асабліва новага ў гэтым сэнсе расейскія выбары прынамсі нам не паказалі.
– гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што тэхналогія вяртаньня народу пасьля глытка свабоды ў аўтарытарна-таталітарны рэжым сапраўды магла першапачаткова апрабоўвацца ў Беларусі. І ў гэтым сапраўды магло заключацца адно з прызначэньняў лукашэнкаўскага рэжыму, накінутага беларускаму народу расейскай імперыякратыяй.
– у выбарах у “палатку” ў 2008-м годзе калі й варта ўдзельнічаць, дык толькі ня з мэтай стаць дэпутатам гэтага нібы заканадаўчага органа. Як паказвае беларуска-расейская практыка, такая мэта ў сёньняшніх умовах ня мае сэнсу. Апошняе, аднак, не азначае поўнай адсутнасьці іншых задачаў, з-за якіх такі удзел можа быць сэнсоўным.
Нарэшце, апошняе. Прыводзім некалькі варыянтаў псаваньня бюлютэняў, якія больш поўна пададзены тут: http://trinixy.ru/2008/03/06/kak_isportit_bjulleten_28_shtuk.html
Шановні колеги-брати! Усе це є не що інше, як суггестія свідомості особистості шляхом використання нейросемантичних контурів свідомості. Дякую Вам за Вашу працю і вельмі цікаві статті про сучасність! Успіхів Вам!
Дзякуй, шаноўны пан-брат Антон!
Жыве Украіна! Жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!!!