Паводле Любові Лунёвай і www.svaboda.org/content/Article/1047770.html
Амбасадары і прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу і ЗША, а таксама рэдактары недзяржаўных выданьняў і пісьменьнікі пісалі сёньня (15.03.2008 г.) першую агульнанацыянальную дыктоўку па-беларуску. Тэкст дыктоўкі – прадмова да зборніка Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская”.
Прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу і ЗША сабраліся на сядзібе Таварыства беларускай мовы, каб разам пісаць дыктоўку. На блянку было напісана “Першая агульнанацыянальная дыктоўка. 90 год БНР”. Напачатку кожны з амбасадараў падарыў ТБМ адзін беларускі верш. Такім чынам у сядзібе адбыўся фэстываль беларускай паэзіі.
Часовы павераны ў справах амбасады Славацкай Рэспублікі Любамір Рэгак патлумачыў свой удзел у мерапрыемстве: “Беларуская мова эўрапейская. Вельмі багатая і прыемная мова. Хацеў падтрымаць гэтую ініцыятыву, якая, на маю думку, зьяўляецца вельмі добрай. Ведаеце, у нас ва ўнівэрсытэце ў Прэшаве ёсьць курс беларускай мовы і студэнты, якія яе вывучаюць. І ў іх якраз праблема, бо яны былі на стажыроўцы ў Менску і нават не маглі тут паразмаўляць па-беларуску”.
Гаворыць часовы павераны ў справах амбасады Вялікай Брытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс: “Я пісаў на самой справе па-ангельку. Намагаўся перакласьці… Вось, бачыце, ангельскі варыянт. Цяжка, цяжка… Не пяцёрка, канешне, але стараюся”.
Кіраўнік дыпмісіі Швэцыі Стэфан Эрыксан дадаў: “У нашых школах чамусьці мы часьцей пішам тэсты, але часам дыктоўкі таксама. У Беларусі гэта робіцца часьцей. Мне гэта было цікава. Калі гэтым можна будзе прыцягнуць увагу кагосьці да мовы і ён задумаецца над гэтым, то я буду вельмі рады”.
Гаворыць дарадца амбасады Чэхіі Гержман Хромы: “Я вучыў беларускую мову ва ўнівэрсытэце і прыйшоў падмацаваць тое, каб у Менску больш гаварылі па-беларуску, а не па-расейску. Я лічу, што беларуская мова найбольш музычная з усіх славянскіх моваў”.
Васіль Сёмуха таксама пісаў дыктоўку: “Гэта сымбалічны акт. Нам штодня ўбіваюць у галовы, што гэтая мова мужыцкая і на ёй нічога разумнага не скажаш, бо на сьвеце толькі дзьве вялікія мовы. Дык гэта ж сказаў чалавек, які ні той, ні другой мовы ня ведае. І мы павінны гэта цярпець моўчкі. Таму я і прышоў”.
Амбасадар Украіны Ігар Ліхавы выказаў спадзяваньне, што сытуацыя з ужываньнем роднай мовы ў Беларусі палепшыцца: “Я думаю, што тут цэлых тры званкі. Адзін званок для маіх суайчыньнікаў, якія сёньня далёка ня ўсе добра ведаюць і ужываюць штодня ўкраінскую мову. Можа, другі званок для маіх калегаў-дыпляматаў зь іншых амбасадаў у Менску, але й ня ў меншай ступені гэта такі ж сыгнал для беларусаў, бо бяз мовы няма народу, няма нацыі і, па вялікім рахунку, няма й асобы”.
Амбасадары казалі, што з задавальненьнем удзельнічалі ў мерапрыемстве і сама ідэя яго ім імпануе, а таксама, што яны надалей з жаданьнем будуць удзельнічаць у падобных мерапрыемствах.
Ад рэдакцыі:
Спадарства! Яшчэ колькі такіх акцый і ськептычнае стаўленьне рэдакцыі што да Захаду пачне мяняцца…
Яшчэ раз, дзякуем і запамінаем!
N.B.
Цікава, а расейскі амбасадар, сп-р Сурыкаў, прыме ўдзел у дыктоўцы? Такі шанц будзе праз тыдзень.