nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Адкрыты ліст Алены Захаранка да Аляксандра Казуліна

27 сакавіка, 2008 | Няма каментараў

�а�а�анка-�аз�л�н.JPG
Да нас у рэдакцыю з просьбай надрукаваць адкрыты ліст да Аляксандра Казуліна зьвярнулася дачка былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі Алена Захаранка. Мы выконваем яе просьбу, вычакаўшы, як прыстойныя людзі, патрэбны час пасьля вядомай трагедыі ў сям’і Казуліных. Каб усім чытачам была зразумелая фабула падзеі, спачатку мы пададзім словы А.Казуліна, якія сталі прычынай адпаведнай рэакцыі з боку сям’і былога міністра – вельмі паважанага чалавека.

Рэдакцыя.

1.

Казулін працягнуў руку Лукашэнку

Зьміцер Панкавец (матэрыял узяты адсюль: www.nn.by/index.php?c=ar&i=15398)

Перад выездам назад у калёнію «Віцьба» Аляксандар Казулін даў невялікую прэс‑канфэрэнцыю ў рэдакцыі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Казулін быў абмежаваны ў часе, таму кантакты з прэсай былі сьціснутыя да паўгадзіны. На пытаньні палітвязень адказваў па‑расейску.

Пачаў А. Казулін зь невялікай прамовы, дзе акрэсьліў сваю пазыцыю па шэрагу пытаньняў.

«Я выйшаў з прапановай да ўсіх дэмакратычных сілаў падвесьці рысу, забыцца на ўсе свае нейкія асабістыя крыўды, зразумець, што дзяленьне ўжо скончылася. Усе мы мусім аб’яднацца для перамен, час гвалту вайны і тэрору канчаецца. Я выступіў з ініцыятывай аб’явіць 2008 год — годам Беларускай Народнай Рэспублікі, у нас, у Эўропе, у сьвеце. Я выступіў з прапановай аб стварэньні не аргкамітэту АДС, а народнага камітэту па сьвяткаваньні 90‑годзьдзя БНР. Таксама папрасіў апазыцыю заявіць, што сёлета мы правядзем Кангрэс усіх дэмакратычных сіл Беларусі. Гэты Кангрэс ня можа быць месцам разборак, а павінен быць прысьвечаны будучыні нашай краіны, яе месцы ў сьвеце, адносін з нашымі суседзямі, ЗША, Эўрасаюзам, Расеяй. Нам ня трэба на Кангрэсе патрабаваць нейкіх справаздач і апраўданьняў, ці высьвятляць, хто з нас найлепшы. Я прапанаваў, каб на Кангрэс была запрошаная Рада БНР на чале з Івонкай Сурвіллай. Таксама зьвяртаюся да грамадзкай арганізацыі «Бацькаўшчына», каб яны таксама ўвайшлі ў склад народнага камітэту, і паспрыялі, каб беларусы сьвету прыехалі на гэты Кангрэс. У Кангрэсе мусіць узяць удзел ня толькі палітыкі, але і пісьменьнікі, і моладзь, і прадпрымальнікі.

Сёньня я прачнуўся крыху іншым чалавекам. У маёй душы наступіў спакой. Гвалт не прыводзіць ні да чаго добрага, я гэта заўсёды ведаў. Я дарую Лукашэнку, мая сям’я даруе яму. Магу толькі сказаць, што нельга пераступаць празь сьвятыню, за сьвятыню змагаюцца і перамагаюць, але яе не абражаюць. Я працягваю руку да Лукашэнкі з абсалютна чыстым сэрцам і намерамі. Я прапаноўваю яму забыцца на ўсе асабістыя крыўды. Нягледзячы ні на што, ён частка гісторыі незалежнай Беларусі. Я заклікаю яго падняцца над асабістым і стаць сапраўды прэзыдэнтам Беларусі, а не звычайным сьмяротным. Лукашэнка чалавек са сваімі жарсьцямі і эмоцыямі, пара яму стаць прэзыдэнтам. Падняцца над нізкім і паказаць усё сьветлае, што ёсьць у кожным чалавеку, і, канечне, ёсьць у Лукашэнку. Я прапаноўваю яму забыцца на мінулае і пачаць усё з чыстага аркуша. У Лукашэнкі ёсьць сёньня выбар – прыняць маю прапанову і пачаць новы этап у разьвіцьці Беларусі.

Калі мы гаворым пра Расею, то нельга паліваць брудам вялікую краіну, у нас захаваюцца і будуць асаблівыя адносіны з Расеяй, аднак наша будучыня ў Эўропе і Эўрасаюзе.

За гэтыя два дні я быў вельмі ўражаны. Я ня мог згадаць ніводнага раёну Беларусі, адкуль не прыехалі людзі».

* * *

Пасьля выступу журналісты задалі пытаньні. Мы зьвярнулі ўвагу на некаторыя зь іх:

– Можна спрагназаваць, што ўлады не паціснуць працягнутую Вамі руку, што рабіць тады?

– Ня трэба каяцца публічна, важна, каб пакаяньне было ў душы. Гаворка ідзе ня толькі пра Лукашэнку, але і пра ягоную каманду. Калі мы ня можам зьмяніць сьвет, мы павінны зьмяніць самі сябе. Трэба задумвацца не аб бытавых праблемах, а аб вечных. Нас усіх чакае Божы суд, які вельмі блізкі. Гэта ня толькі мая прапанова, але і прапанова нябёсаў. Калі гэтая прапанова будзе адрынутая, то Лукашэнка пакажа ўсяму сьвету, што ў яго няма нічога сьвятога. Агульная карысьць дасягаецца толькі шляхам кампрамісу, таму Лукашэнка мусіць пераадолець сябе.

– Ва Ўкраіне прагучала сёньня, што эўраінтэграцыя здольная аб’яднаць улады і апазыцыю. Ці магчыма нешта падобнае ў нас?

– Апазыцыя і ўлады розьняцца толькі на асновах духоўных каштоўнасьцяў, а не на нейкіх жорсткіх прыярытэтах матэрыяльнай і суб’ектыўнай рэчаіснасьці. Будучыня Беларусі ў ЭС досыць туманная і аддаленая, але мы павінны да гэтага імкнуцца, бо гэта будучыня нашай краіны. Ня выключана, што Лукашэнка зноў вернецца на «прынцып дубінкі», і тады Беларусь можа чакаць хаос. І якія наступствы будуць гэтага хаосу, вельмі цяжка сказаць.

– Ці могуць расейскія выбары неяк паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?

– Роля асобы ў гісторыі ўжо даказаная. Мядзьведзеў – гэта асоба, ён, у любым выпадку, ужо не асоба Пуціна. Так, яны сябруюць і маюць супольную палітыку, але элемэнт асабістага мядзьведзеўскага будзе відавочным. Нам трэба проста пачакаць, у якім ракурсе будуць разьвівацца гэтыя адносіны.

– Што Вы думаеце пра стан апазыцыі ў Беларусі?

– Я паставіў кропку на мінулым, і не хачу лезьці ў нейкія разборкі. Цяперашні стан у апазыцыі відавочны. Навошта я буду вам гаварыць тое, што вы і так ведаеце? Калі кожны зробіць крок насустрач адзін аднаму, то мы дасягнём згоды.

– Вас часта параўноўваюць з Лукашэнкам узору 1994 году. У чым прынцыповае адрозьненьне?

– Мы з Аляксандрам Рыгоравічам зьяўляемся антыподамі, а яны заўсёды прыцягваюцца. Той, хто займаецца вывучэньнем тэасофскай літаратуры, зразумее, што я сказаў.

2.

Адкрыты ліст А. Захаранка

Спадару А.Казуліну.

Лічу, што чалавек, які добраахвотна прыняў рашэньне бараніць інтарэсы беларускага народу, павінен перш за ўсё ўзгадняць з ахвярамі, якія ў найбольшай ступені пацярпелі ад існага рэжыму – ці падаць руку грамадзяніну Лукашэка?

Ці можаце Вы, хоць на хвіліну, уявіць, што адчувае маці, якая ўжо 9 гадоў ня ведае пра лёс свайго сына, як пакутуюць дзеці й жонка, ня маючы магчымасьці пахаваць свайго сына, бацьку і мужа?

Прайшо ўжо шмат гадоў, але для сям’і гэта было нібы ўчора. Ва ўсіх нас разьбітыя лёсы, разбуранае жыцьцё. Нашым горам сілкуецца п’яная ад улады ПАЧВАРА, якая беспакарана пануе на той зямлі, дзе нашыя родныя аддалі свае жыцьці.

І робячы такую заяву – не стаўце сябе адзіным прадметам рознагалосьсяў паміж апазіцыяй і Лукашэнкам. Лічу, што тут на чале стаяць вашыя асабістыя інтарэсы.

Я расцэньваю падачу рукі “Хунце”, якая прыйшла да ўлады, як здраду памяці майго бацькі.

10.03.2008 г.

Алена Заханка

3.

Ад рэдакцыі:

1. Сталыя чытачы нашага сайта ведаюць, што мы ўжо даўно вывелі Дактрынальны прынцып №47, у якім патлумачылі розьніцу паміж помстай і адплатай. За ўсе злачынствы адплата павінна наступіць. Абавязкова! Бо іншае – здрада!

2. Уважлівыя чытачы напэўна зьвярнулі ўвагу, што ў выступе А.Казуліна мы таксама выдзелілі словы “нельга паліваць брудам вялікую краіну, Расею”. Варта было б разабрацца, што гэта значыць – разабрацца з пазіцый шматмільённых сьмяторных ахвяраў (!) беларускага народу, якія “з’ела” гэтая ўся такая белая, пушыстая і “вялікая”… усходняя ПАЧВАРА.

Мы таксама лічым, што “Боскі суд” – гэта справа Бога, а людзі павінны рабіць тое, што яны павінны рабіць, як людзі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы