Мы – ня сайт навінаў, а ідэалагічны. Мы настроеныя на нясьпешны аналіз стратэгічных пытаньняў і ня маем магчымасьці рэагаваць на бягучыя падзеі. Аднак бываюць выпадкі, калі мы вымушаныя гэта рабіць. Ну, як не адрэагаваць на тое, што спадзеў на “лібералізацыю” рэжыму закончыўся так хутка. 25 і 27 сакавіка г.г. усё пачалося зноў – масавыя зьбіцьці й арышты мірных дэманстрантаў, масавая ператрусы ў рэдакцыях і кватэрах журналістаў. З нагоды таго, што адбываецца, мы заяўляем пра свой пратэст і падмацоўваем яго артыкулам Алеся Астроўскага, надрукаваным у газеце “Пагоня” яшчэ ў 1995 годзе.
Рэдакцыя.
УЗАКОНЕНАЯ ЎЛАДА НАД ІНШЫМІ ПАСКАРАЕ РАЗЬВІЦЬЦЁ ПАРАНОІ
Нядаўна ў бібліятэку Гродзенскага медыцынскага інстытута паступіў новы падручкіх па псіхіятрыі (М.В.Коркіна, Н.Д.Лакосіна, А.Е.Лічко. Псіхіятрыя. – 1995 г.). У адным зь яго раздзелаў, прысьвечаным параноіднаму парушэньню асобы чалавека, напісана наступнае:
“Адзнакамі яго (параноіднага парушэньня – АА) лічыцца надзвычайная чульлівасьць хворых да незадавальненьня сваіх дамаганьняў; злапамятнасьць, не дазваляючая прабачаць абразы, крыўды і нанесены шкоды; падазронасьць і імкненьне скажаць няўтральныя альбо сяброўскія дзеяньні іншых, падаючы іх як злашкодныя альбо праявы пагарды; ваяўнічае, суправаждаемае пагрозамі, адстойваньне сваіх правоў у кожнай сітуацыі; надзвычайная самаўпэўненасьць, адчуваньне ўласнай важнасьці; паглынутасьць думкамі, што ўсе знаходзяцца ў змове супраць іх.
Важнейшай рысай гэтага тыпу (парушэньня асобы людзей) зьяўляецца ўпэўненасьць у сваёй перавазе над іншымі, упэўненасьць у першаступеннай важнасьці таго, чым яны занятыя, таго, што яны зрабілі. Таму… выяўленьне распаўсюджаных парушэньняў і нават звычайных недахопаў (падаецца імі) – ашаламляльнымі выкрыцьцямі, іх (хворых) фармальныя патрабаваньні – высока прынцыповымі. Яны заўсёды прэтэндуюць на выключнае становішча, на тое, каб усё рабілася так, як яны лічаць неабходным. Прэтэндуючы на лідэрства, звычайна аб’ядноўваюць вакол сябе людзей недалёкіх і незадаволеных сваім становішчам. Не атрымліваючы прызнаньня сваіх “выбітных” якасьцяў ды дзеяньняў, задавальненьня сваіх дамаганьняў ды патрабаваньняў, азлабляюцца, паўсюль бачаць ворагаў і зайздросьнікаў, зламысныя козьні супраць іх (хворых). Пачынаюць вытанчана і, нават, бязьлітасна перасьледаваць сваіх уяўных ворагаў і сапраўдных супернікаў, лічачы, што тыя перасьледуюць іх.
Параноіднаму разьвіцьцю спрыяюць сацыяльныя ўмовы, у якіх пануе фармалізм, дактрынёрства, чынапачытаньне, таталітарны рэжым, нецярплівасьць да іншадумства… Паскарае разьвіцьцё (хваробы) як адпор (іншых) у адказ на дамаганьні (хворых), гэтак і сітуацыя, калі ў руках схільнага да параноіднага разьвіцьця суб’екта апынаецца ўзаконеная ўлада над іншымі. У гэтых умовах на фоне канфліктных сітуацый параноідныя ідэі, якія звышкаштоўныя (для хворага), могуць пераўтварыцца ў трызьневыя (вар’яцкія) – трызьненьне перасьледу, (манія) вялікасьці… Аднак галюцынацыі адсутнічаюць. Падобныя трызьневыя псіхозы альбо адносяць да рэактыўных параноідаў, альбо лічаць асобным псіхічным захворваньнем – паранояй…
Параноіднае разьвіцьцё звычайна разгортваецца ва ўзросьце 30-40 гадоў – у перыяд дасягненьня сацыяльнай сьпеласьці і слабне толькі ў старасьці”.
Калі я прачытаў гэта, перада мной паўстаў вобраз аднаго вядомага чалавека. А як у вас?
Алесь Астроўскі, доктар медыцынскіх навук.
Газеце “Пагоня” № 146 за 15-21 сьнежня 1995 г.
Пытанне да лекараў: а тыя шматлікія “людзі”, што выконваюць загады параноіка – хто яны?
Якое атачэнне было ў Леніна, Сталіна, Гітлера?
Чаму людзі не адыходзяць убок ад параноіка, а транслююць вар’ятцва на ўвесь народ?
Дапамажыце зарыентавацца ў сёньняшняй сытуацыі ўзаемаадносінаў КДБ, ФСБ і Лукашэнкі..
Якая сьхема Вам падаецца праўдзівай:
1) “бароўскія” + Лукашэнка – (КДБ + ФСБ + “чаргінцы”);
2) “бароўскія” + КДБ – (Лукашэнка + ФСБ + “чаргінцы”);
і г.д.?
“бароўскія” – тып з антырасейскімі прыкметамі;
“чаргінцы” – тып антыбеларускі.
Ці маглі быць ператрусы сплянаванымі сьпецлужбамі Расеі супраць рэжыму на Беларусі?
“Чаму людзі не адыходзяць убок ад параноіка, але трансьлююць вар’яцтва на ўвесь народ?”
Мабыць, музычны гурт “Таварыш Маўзэр” усё ж трапна падкрэсьліў у сваёй песьні “Шызафрэнія”, што яна заразная?