Андрэй Астальскі
Ужо пару гадоў, як у салідных заходніх выданьнях можна сустрэць артыкулы пад назовам накшталт: “Расея – вораг?” ці “Расея – вораг!”. Натуральна, што іх аўтары маюць погляд на гэтую імперыю, супрацьлеглы таму, які прапагандуе агент расейскай імперыякратыі Аляксандр Рар (яго інтэрвю было пададзена нядаўна на нашым сайце). У студзені г.г. у лонданскім выдавецтве Bloomsbury выйшла кніга Эдварда Лукаса (Edward Lucas) “Новая халодная вайна” (як выглядае вокладка, паказана ўверсе). У ёй аўтар даводзіць, што “Расея стала пагрозай для Еўропы, Амерыкі й сьвету”. З дапамогай сваёй кнігі Эдвард Лукас распачаў кампанію на Захадзе, каб абудзіць і пераканаць грамадства, што час рашуча адкінуць ружовыя летуценьні што да сёньняшняй Расеі. Пра зьмест кнігі можна пачытаць, напрыклад, у артыкуле, які напісаў сам Лукас для “Daily Mail” (гл. тут: www.inosmi.ru/translation/239034.html), ці ў артыкуле, які напісаў Андрэй Астальскі для ВВС (гл. тут: news.bbc.co.uk/hi/russian/international/newsid_7223000/7223467.stm). Сёньня мы прапануем нашым чытачам пазнаёміцца менавіта з апошнім артыкулам.
Рэдакцыя.
Лукас, вядомы брытанскі сьпецыяліст па Расеі, шматгадовы карэспандэнт часопіса Economist, тлумачыць, што галоўным пабуджальным матывам для напісаньня кнігі было імкненьне “разбудзіць” заходнюю грамадскую думку і палітычныя эліты, прымусіць іх апамятацца і адкрыць вочы на фінансавую ды энэргетычную агрэсію “чэкісцкай Расеі”. “Захад ужо прайграé чарговую халодную вайну, нават амаль не заўважыўшы, як яна пачалася”, – піша Лукас.
На яго меркаваньне, сутыкненьне інтарэсаў Расеі й Захаду ёсьць сутыкненьнем несумяшчальных каштоўнасных сістэмаў, і зьнешнепалітычны курс Крамля вынікае зь яго ўнутранай палітыкі: ліквідацыя свабодаў, разгром грамадзянскай супольнасьці, жорсткі ўціск іншадумства [гэта ўсё проста феномены; а хто іх ініцыятар? чые інтарэсы, каштоўнасьці, чый сьветагляд праз іх праступае? няўжо так цяжка назваць суб’екта такой палітыкі – расейскую імперыякратыю? – Рэд.]. “Ідэалагічны канфлікт новай халоднай вайны – гэта канфлікт паміж расейскім беззаконным нацыяналізмам [раней на Захадзе з тэрмінамі было куды лепш; казалі не пра “нацыяналізм”, а пра таталітарызм, імперыялізм…; ну, што гэта за хімерычны зьвер такі, “расейскі нацыяналізм”, у выкананьні Пуціна і яго банды, якія на справе прэзентуюць інтарэсы расейскай імперыякратыі; так і хочацца запытацца: хлопцы-лібералы, вы хоць асэнсоўваеце паняцьці, якімі карыстаецеся? – Рэд.] і заходняй законапаслухмянасьцю ды плюралізмам”, – лічыць Лукас [гэтага для сур’ёзнага аналіза недастаткова! хто суб’екты ў першым і другім выпадку? – Рэд.].
Захад праіграé новую халодную вайну, нават не заўважыўшы, што яна ўжо пачалася
Аднак Расея больш не ўяўляе ваеннай небясьпекі [якая памылка ў мысьленьні, асабліва ў персьпектыве. – Рэд.]. Ці варта ў такім выпадку турбавацца? Лукас малюе характар энэргетычнай ды фінансавай экспансіі Расеі ў Заходнюю Еўропу і паказвае, у якой ступені эканамічныя мэты Масквы пераплятаюцца з палітычнымі: “Калі раней Захад выкарыстоўваў грошы, каб дапамагчы працэсу рэформаў, дык цяпер Крэмль карыстаецца сваёй фінансавай магутнасьцю, каб падрываць і паслабляць палітычныя сістэмы іншых краін”.
“Механізм такі: спачатку [краіны Захаду] зьмірваюцца з залежнасьцю ад паставак газу. Затым пагаджаюцца з тым, што энэргагіганты скупляюць мясцовую энэргетычную інфраструктуру. Гэта, у сваю чаргу, стварае магутнае мясцовае прарасейскае лобі. У выніку Германія [напрыклад] зусім не жадала заступацца за Грузію ці краіны Балтыі”, – піша Лукас.
Па меркаваньні аўтара кнігі, чым больш Захад саступае, тым больш самаўпэўнена паводзіць сябе Расея: “Узьнікае непрыемнае, але непазьбежнае пытаньне: дзе ж гэта скончыцца? Калі Расея атрымае тое, чаго хоча на Каўказе ці ў Балтыі, на Балканах і Цэнтральнай Еўропе, дык што ж будзе далей? Арктыка? Заходняя Еўропа? Крок за крокам Крэмль пашырае сваю сьферу ўплыву”.
Расея не жадае быць нармальнай краінай. Крэмль карыстаецца сваёй фінансавай магутнасьцю, каб падарваць і аслабіць палітычныя сістэмы іншых краін
Лукас з пагардай гаворыць пра ліберальныя чаканьні 1990-х гадоў, калі многім здавалася, што, скінуўшы груз камуністычных догмаў, Расея стане часткай Еўропы, падзеліць агульныя з Захадам дэмакратычныя каштоўнасьці.
“Самая катастрафічная памылка, якую зрабіў сьвет пасьля 1991-га года, – гэта ўяўленьне, што Расея павольна, але пэўна ператвараецца ў “нармальную краіну”, – лічыць аўтар.
“Страты, прынесеныя камуністамі за 70 год, аказаліся занадта глыбокімі, сілы цемры занадта моцнымі, а задача, якая стаяла перад Ельцыным і яго саюзьнікамі, занадта вялікай”.
Лукас ідзе яшчэ далей і сцьвярджае: “Нават лепшая палітыка ў сьвеце, пры яе ажыцьцяўленьні ў ідэальнай пасьлядоўнасьці, зь неабмежаванай вонкавай падтрымкай, усё роўна не адолела б жахлівыя праблемы, якія стаялі перад Расеяй” [гэта азначае адно: няверна быў зроблены аналіз і вызначана стратэгія. – Рэд.].
Такі погляд на гісторыю вельмі распаўсюджаны, але ўсё ж не ўсе яго падзяляюць. Пасьля кожнага гвалтоўнага павароту ў гісторыі прасьцей за ўсё меркаваць, што і нічога іншага не магло здарыцца – што непазьбежныя былі, напрыклад, Кастрычніцкая рэвалюцыя ці прыход нацыстаў да ўлады ў Германіі. На жаль, не існуе навуковага спосабу праверыць, у якой ступені ўплываюць на падзеі канкрэтныя асобы ці нагрувашчваньні выпадковасьцяў. Але нельга выключыць, што гісторыя разьвівалася б якасна інакш без Сталіна, Гітлера ці нават Чэрчыля. Ну і, адпаведна, без Уладзіміра Пуціна.
Захапляльна напісаныя главы кнігі, прысьвечаныя сацыяльна-эканамічнаму аналізу сітуацыі ў Расеі 1990-х гадоў і ў пачатку новага стагоддзя – таму, з прычыны чаго дэмакратыя і сучасны капіталізм, заходнія каштоўнасьці, сталі трывала асацыявацца ў народнай сьвядомасьці з анархіяй, карупцыяй, бандытызмам і алігархіяй.
СССР пакінуў “у спадчыну” новым расейскім уладам збанкрутаваную краіну, але менавіта Ельцын і яго ўрад насельніцтва палічыла віннымі [на фоне цудоўнага зьяўленьня фінансавай алігархіі, у асноўным габрэйскай, гэта не выглядае такім бессэнсоўным. – Рэд.]. Прэм’ер Паўлаў фактычна правёў гвалтоўную дэвальвацыю рубля, але заўважылі гэта спажыўцы толькі тады, калі Гайдар здолеў напоўніць паліцы крамаў ежай і таварамі, і менавіта ён у народнай сьвядомасьці назаўсёды стаў вінаватым у зьнікненьні працоўных зберажэньняў [на фоне зьяўленьня цэлых катэджных паселішчаў каля гарадоў гэта таксама не выглядае бессэнсоўным. – Рэд.]. Насупраць, цяперашні свой дабрабыт жыхары Расеі зьвязваюць з палітыкай прэзідэнта Пуціна [і ціскам на алігархаў Гусінскага, Беразоўскага, Неўзьліна, Хадаркоўскага… – Рэд.], што шмат у чым тлумачыць яго высокую папулярнасьць.
Пуцін захаваў тыя свабоды, якія асабліва каштоўныя для “новых рускіх”
“Новыя рускія” маюць магчымасьць у значна большай ступені, чым раней, планаваць сваё жыцьцё, займацца самаадукацыяй, вандраваць, выхоўваць дзяцей так, як ім гэта падабаецца; яны могуць купіць усё, што дазваляе ім кішэня, могуць валодаць нерухомасьцю ў сябе ў краіне і за мяжой, верыць (у асноўным) так, як яны жадаюць, чытаць амаль што заўгодна, жыць у адпаведнасьці са сваімі сэксуальнымі схільнасьцямі (хоць часам і не занадта гэта выпінаюць)” – піша Лукас.
“Няхай у іх дрэнна са свабодай выбіраць сабе кіраўнікоў ці ствараць грамадскія арганізацыі, якія ўплывалі б на ўладу і маглі б дамагацца пераменаў у палітычнай сістэме. Тым ня менш, ніколі яшчэ ў гісторыі Расеі так многа грамадзянаў краіны не жылі так добра і так свабодна. Тут ёсьць чым ганарыцца, і гэта павінны шчыра прызнаць нават тыя, каму не падабаецца цяперашні шлях Расеі”, – адзначае аўтар “Новай халоднай вайны”.
Самая катастрафічная памылка, зьдзейсьненая сьветам пасьля 1991-га году – гэта ўяўленьне, што Расея марудна, але пэўна пераўтвараецца ў “нармальную краіну”
Да шэрагу тых, каму гэты шлях, мякка кажучы, не падабаецца, яўна належыць і сам аўтар. Згодна зь яго меркаваньнем, у Расеі ўсталяваўся “фальшывы плюралізм”: “законы, выбары і прыватная ўласнасьць – усе гэтыя атрыбуты заходняй сістэмы – толькі прыкрываюць бяспраўнасьць, рэальнасьць жорсткасьці й прагнасьці.
Пры гэтым любы супраціў “бязьлітасна здушваецца грубай сілай грошай і дзяржаўным апаратам”. “У свабоднай, прававой дзяржаве выканаўчая ўлада знаходзіцца пад кантролем з усіх бакоў: абраных парламентароў, СМІ, грамадскіх арганізацый і судовай сістэмы”. У Расеі ж “усе яны ці разгромленыя ці ўлучаныя ў сістэму ўлады”, і ў якасьці “пародыі на прынцып вяршэнства закона, Расея ўпарта разьвівае прававую базу для дзяржаўнага гвалту”.
Адзначае Эдвард Лукас і ўзмацненьне адзяржаўленьня расейскай эканомікі, якое, зь яго пункту гледжаньня, вядзе да зьніжэньня эканамічнай эфектыўнасьці. Злучэньне дзяржаўнай “Роснафты” з танна купленымі актывамі ЮКАСа Лукас апісвае формулай 1+1=1,8, што адлюстроўвае становішча, калі складаньне дзьвюх велічыняў вядзе да памяншэньня іх агульнага багацьця.
Якія свабоды хочуць рускія?
“Парадокс у тым, – піша Лукас, – што так многа рускіх яўна хочуць жыць у сістэме, якая абмяжоўвае іх свабоды … Для многіх зь іх лічаць іншадумства і правы рознага кшталту мяньшыняў не жыцьцёва важнымі складнікамі палітычнага плюралізму, а падрыўной, антыпатрыятычнай пагрозай, якую ў лепшым выпадку можна сьцяўшы зубы цярпець, але якую можна пры неабходнасьці і зьнішчыць”.
“Самае дзіўнае – гэта нежаданьне Захаду прызнаць, што адбываецца”, – піша Лукас. Галоўная праблема, лічыць ён – у недальнабачнасьці палітыкаў і прагнасьці бізнэсу.
“Кожны раз, калі Крэмль паказвае свой сапраўдны твар, замежныя бізнэсмэны лабіруюць свае інтарэсы і ўгаворваюць урады “не рэагаваць празмерна … У былыя часы прадстаўнікі камуністычных прафсаюзаў прыязжалі ў Маскву, каб выкрываць Рэйгана і Тэтчар як “распальнікаў вайны”. Цяпер жа новыя “спадарожнікі” – гэта капіталісты, а не камуністы… Калісьці сімвалам слабасьці Захаду быў рокат савецкіх танкаў у Аўганістане. Зараз жа яе вызначаюць рускія банкі ў лонданскіх Сіці … Пракрамлёўскія банкіры і палітыкі здраджваюць сваім краінам за трыццаць срэбных рублёў”.
Калі G8 – клуб высокаразьвітых дзяржаў, якія паважаюць вяршэнства закона і палітычныя свабоды, дык Расеі ня месца нават у яго прыёмнай
Што ж Эвард Лукас прапануе зрабіць практычна, каб папярэдзіць паразу Захаду ў “новай халоднай вайне”? – “Ізноў аднавіць былыя рэфлексы часоў старой халоднай вайны”.
Выпрацаваць агульную палітыку, каб не дапусьціць энэргетычнай залежнасьці ад Расеі. Праявіць дзейсную салідарнасьць з краінамі Балтыі й іншымі суседзямі Расеі, якія церпяць ад расейскага ўціску: “Мы вярнуліся да палітыкі вялікіх дзяржаваў, і калі мы хочам абараніць нашы інтарэсы, нам трэба быць гатовымі дорага плаціць … Калі Расея бамбіць Грузію, гэта павінна выклікаць такія ж пратэсты, як быццам бы быў зроблены напад на Фінляндыю”.
Прапануецца таксама перагледзець сяброўства Расеі ў міжнародных арганізацыях. Калі ўдзел у “Вялікай васьмёрцы” вызначаецца эканамічнай значнасьцю дзяржавы, дык чаму ў яе шэрагах няма Кітая, Індыі, Бразіліі? Калі гэта “клуб высокаразьвітых дзяржаваў, якія паважаюць вяршэнства закону і палітычныя свабоды, дык “Расеі няма месца нават у яго прыёмнай”, – лічыць Лукас.
Многім падасца спрэчным яго цьвярджэньне, што адной з “катастрафічных памылак” Захаду быў прыём Расеі ў Раду Еўропы ў 1996 годзе. Між тым, менавіта ўдзел Масквы ў гэтай агульнаеўрапейскай арганізацыі дазволіў дасягнуць мараторыя на прымяненьне сьмяротнага пакараньня, прымусіў расейскія ўлады хоць у нейкай ступені, хоць дзеля бачнасьці, азірацца на Захад у сувязі з вайной у Чачні [маўчалі б лепш пра такое сваё “дасягненьне”. – Рэд.], нарэшце, адчыніў расейскім грамадзянам дарогу ў Страсбургскі суд па правах чалавека. Характэрна, што крамлёўскія і калякрамлёўскія “ястрабы” таксама вельмі хацелі б вывесьці краіну з гэтай “шкоднай арганізацыі”.
У Захаду ў Крамлі сяброў няма
Але па вялікім рахунку, відаць, самае спрэчнае ў кнізе – гэта ўжо памянёны гістарычны фаталізм, у тым ліку ў прымяненьні да сёньняшняга моманту.
Адно з падспудных пытаньняў – ці могуць перамены ў Крамлі, напрыклад, абраньне Дзьмітрыя Мядзьведзева, нешта зьмяніць у адносінах Расеі з Захадам?
Лукас дае зразумець, што ня бачыць сэнсу разважаць на гэтую тэму. “Бессэнсоўна шукаць сяброў сярод крамлёўскіх кланаў, якія змагаюцца паміж сабой”, – піша ён. – “Мы супрацьстаім людзям, якія хочуць прынесьці нам шкоду, аслабіць нас, падарваць нашыя высілкі. Да Расеі трэба цяпер ставіцца як да аўтарытарнага рэжыму, а не як да часова заблукалага члена еўрапейская сямьі”.
Гэта значыць, усё – кропка прыняцьця рашэньня пройдзеная і цяпер застаецца толькі “змагацца”, хаця і “халоднымі метадамі”.
Між тым, апошнія выказваньні міністра фінансаў Аляксея Кудрына і галавы РАО ЕЭС Анатоля Чубайса, якія заявілі, што канфрантацыйны курс “занадта дарагі” (у літаральным сэнсе) для Расеі, плюс некаторыя асьцярожныя, але ўсё ж хутчэй заміральныя прамовы самога Мядзьведзева – усё гэта ў нейкай ступені адрадзіла надзеі [ах, як мала вам трэба. – Рэд.] ў еўрапейскіх сталіцах на некаторае зьмягчэньне і вонкавай, і ўнутранай палітыкі пасьля зьмены караўлу ў Крамлі.
Што гэта – дакладна спланаваная аперацыя дэзынфармацыі? Ілюзія, міраж? А можа быць, проста мае месца зразумелае, але ўсё ж занадта гарачае імкненьне зацятых заходніх лібералаў выдаць пажаданае за сапраўднае? Альбо ўсё ж у аптымістаў, якімі Лукас пагарджае, ёсьць хоць нейкія падставы для спадзеваў? Урэшце, ці можна было паверыць, што ў нетрах кандовай савецкай сістэмы 1980-х гадоў можа зарадзіцца нешта падобна на перабудову і галоснасьць…
Так ці інакш – чакаць засталося ня вельмі доўга. Бліжэйшыя два-тры гады, відаць, павінны даць канчатковы адказ, хто правы. Цалкам магчыма, што правымі будуць менавіта песімісты, і тады Эдвард Лукас мае шанцы стаць іх прарокам [гэта толькі для Захаду так; напрыклад, толькі ў Беларусі такіх “прарокаў” можна знайсьці дзюжыны. – Рэд.] – новым класікам крэмліналогіі.
Песімісты ўвогуле часта апынаюцца правымі…
Ад рэдакцыі:
Тэкст Андрэя Астальскага трохі іранічны. Прабачым гэта брытанцу, які жыве не, напрыклад, у Беларусі, Украіне, Эстоніі ці Грузіі… Тым больш, што ў дадзеным выпадку іронія – гэта фармальнае пытаньне. Ёсьць рэчы больш істотныя.
Так, у артыкуле гаворыцца пра “дзіўнае”, па-дзіцячаму ружовае, стаўленьне Захаду ў адносінах да Расеі на працягу 1990-х гадоў. Мяркуем, менавіта на гэтым зрабіў акцэнт сп-р Лукас у сваёй кнізе, асабліва, калі ён заклікае тэрмінова спыніць такое стаўленьне. Такім чынам, тое, пра што ўвесь час пішам мы (на расейскае кіраўніцтва палітыкі Захаду сапраўды глядзелі са спадзевам, даверам, яму ўсё прабачалі – напрыклад, і генацыд у Чачні, і этнацыд у Беларусі…), знайшло чарговае аўтарытэтнае пацьверджаньне. Паўтарым: “Самая катастрафічная памылка, якую зрабіў сьвет пасьля 1991 года, – гэта ўяўленьне, што Расея нібыта ператвараецца ў “нармальную краіну”, – пішуць сёньня самыя дасьціпныя заходнія дасьледнікі гэтай усходняй імперыі.
Дададзім сюды, што на Захадзе найбольшымі прыхільнікамі Расеі зьяўляюцца лібералы (узгадка пра гэта ёсьць і ў дадзеным, і ў папярэднім артыкулах), што расейскія лібералы, якія, без сумневу, зьвязаныя зь лібераламі Захаду, – катэгарычна супраць дэзінтэграцыі Расеі (пра гэта быў артыкул пару тыдняў таму). Таксама давайце дададзім да гэтага адкрытыя зьвесткі пра тое, што ЗША і ЕЗ штогод выдзяляюць па 20 млн.даляраў і больш на “барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі”, на фоне меркаваньня паважаных і дасьведчаных людзей: “Да сёньня Захад не аказваў ні малейшай падтрымкі, нават праз артыкулы ў друку, імкненьню славянскіх ды неславянскіх народаў да свабоды і незалежнасьці ад Расеі, іх барацьбе за тое, каб Расея як краіна[-імперыя] зьнікла з палітычнай мапы сьвету” (kavkazcenter.com/russ/content/2008/01/24/55832.shtml).
Аб’яднаўшы ўсе ўзгаданыя факты ў адну цэласную сістэму, мы атрымаем ня толькі чарговае пацьверджаньне высновы, сфармуляванай у выглядзе, напрыклад, Д пр-пу 5, а і новыя цікавыя падазрэньні:
– Захад апошнія два дзесяцігоддзі сапраўды не падтрымліваў дэзінтэгратыўныя сілы ў расейскай імперыі, як і нацыянальна-дэмакратычныя сілы ў Беларусі й Украіне;
– Захад увесь гэты час выдзяляў гіганцкія сумы (як на нашы сьціплыя запатрабаваньні) рознага кшталту ліберастам у Расеі, Беларусі й Украіне;
– Захад праіграе з такой “палітыкай” расейскай імперыі па ўсіх пунктах і ў выніку можа хутка атрымаць па мардасах (што было б вельмі добра, прынамсі, павучальна);
– галоўным віноўнікам у правальнай палітыцы Захаду зьяўляюцца г.зв. заходнія лібералы зь іх ліберастычнымі каштоўнасьцямі й палітыкай. У сувязі з гэтым да іх і далей варта пільна прыглядацца. Прычым, пажадана, каб гэта рабілі ня толькі мы, а і найбольш шчырыя, дальнабачныя прадстаўнікі Захаду.