nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Мовы эўрапейскіх палітычных супольнасьцяў

24 мая, 2008 | Няма каментараў

Віталь Куплевіч

Калі адной з падставовых адзнак этнічных супольнасьцяў зьяўляецца моўнасьць, г. зн. этналект (гаворка, дыялект, мова), то адна з галоўных адзнак палітычных і этнапалітычных абшаравых супольнасьцяў – гэта мова. Эўропа – адно зь нямногіх месцаў у сьвеце, дзе амаль кожнай нацыі адпавядае ўласная нацыянальная мова, што мае аўтахтонныя, эўрапейскія карані.

 

Надзвычай складана вызначыць розьніцу паміж нацыянальнай мовай, рэгіянальным дыялектам і лякальнай гаворкай. Розьніца абапіраецца на трох функцыях (Z. Rykiel, 2006):

1. Генэтычнай – ад супольнага паходжаньня (генэзісу). Гістарычна моўнасьці адной моўнай групы і нават сям’і маглі паходзіць, хутчэй, ад прагаворак, або, часам, ад прадыялектаў і нават ад прамоўнасьці. У працэсе гістарычнага разьвіцьця з расьсяленьнем насельніцтва і, найперш, павелічэньнем яго колькасьці – адбывалася моўнасная дыфэрэнцыяцыя, г. зн. гаворкі пераўтвараюцца ў дыялекты, а дыялекты (групы гаворак) – у моўнасьці. Нельга размаўляць дыялектам, бо размаўляюць заўсёды канкрэтнай гаворкай. Калі гаворкі або дыялекты з аднаго кораню настолькі дыфэрэнцаваліся (найчасьцей у працэсе шматвяковай ізаляцыі іх носьбітаў, якія расьсяліліся ў розных частках паверхні), што іх аўтахтонныя носьбіты, сустрэўшыся, ня змогуць паразумецца або дакладна паразумецца ў элемэнтарных сытуацыях – можна казаць аб узьнікненьні асобных моўнасьцяў.

Аўтахтоннае вясковае насельніцтва Эўропы і ў наш час камунікуецца, перадусім, аўтахтоннымі гаворкамі. Такім чынам, розьніца паміж гаворкамі, дыялектамі і моўнасьцямі (этналектамі) адносная і зьмяняецца гістарычна. Адныя гаворкі, дыялекты і нават моўнасьці зьнікаюць у сувязі з моўнай асіміляцыяй іх носьбітаў. Іншыя гаворкі і дыялекты атрымоўваюць літаратурнае афармленьне, пераўтвараючыся ў мовы. Мова ад моўнасьці адрозьніваецца пісьмовасьцю і той ці іншай ступеньню літаратурнасьці (літаратурнага афармленьня). Камунікатыўную функцыю выконваюць як гаворкі, так і літаратурныя мовы, аднак гаворкі толькі абмяжоўваюцца вуснай, пераважна побытавай камунікацыяй. Пісьмовую функцыю выконваюць у некаторых выпадках дыялекты і ўсеахопна – літаратурныя мовы.

Старагрэцкую мову і латынь можна лічыць літаратурнымі мовамі толькі для сваіх часоў. Іх вяртаньню ў сучасную камунікацыю ў якасьці міжнародных моў перашкаджае найперш адсутнасьць жывых носьбітаў (мёртвыя мовы).

2. Грамадзкае прызнаньне. Мова павінна быць комплекснай і нарматыўнай. Яна ў стане абслугоўваць усе сфэры рэчаіснасьці (уключаючы мастацкую і навуковую літаратуру, а таксама тэхнічную тэрміналёгію). Няма мовы бяз моўнай нормы. Можна правільна або памылкова пісаць, чытаць і размаўляць літаратурнай мовай, аднак гаворкаю размаўляюць заўсёды правільна, бо для яе адсутнічаюць літаратурныя нормы – крытэрыі правільнасьці.

3. Палітычная мэтазгоднасьць. Суб’ектыўная воля пануючага палітычнага рэжыму падтрымаць тую ці іншую мову можа супадаць зь яе генэзісам і грамадзкім прызнаньнем, а можа й разысьціся. Напрыклад, флямандзкая мова (адна зь дзьвюх дзяржаўных у Бэльгіі) генэтычна зьяўляецца той жа самай што й галяндзкая, бо нязначна адрозьніваецца ад яе ў напісаньні (нават менш, чым амэрыканская вэрсія ангельшчыны ад брытанскае клясыкі). Нягледзячы на гэта, мае прэстыжны статус у Фляндрыі і Бэльгіі, бо Бэльгія – незалежная сувэрэнная дзяржава. Галяндзкая гістарычна не зьяўляецца дыялектам, а, хутчэй, толькі заходняй гаворкаю ніжненямецкае (дакладней ніжнепаўднёвагерманскае) мовы. Прэстыжны статус мае з той жа самай прычыны, што і флямандзкая ў Бэльгіі. Люксэмбурская мова генэтычна – лякальная гаворка верхненямецкае мовы, аднак атрымала літаратурнае афармленьне і статус дзяржаўнай у незалежным Люксэмбурзе).

Наадварот, ніжненямецкая мова, будучы генэтычна асобнай моваю, стала афіцыйна (палітычна) прызнанай у Нямеччыне толькі ў апошнія гады ХХ ст. Відавочны падзел немцаў і, больш таго, паўднёвых германцаў на дзьве вялікія лінгвістычныя супольнасьці – верхненямецкую і ніжненямецкую (ускладняецца падзелам на каталікоў і пратэстантаў) – усяляк сьціраўся (найперш жалезным канцлерам Ота фон Бісмаркам пры аб’яднаньні Нямеччыны пад гегемоніяй Прусіі) і цяпер не афішуецца афіцыйна. Мэта – не прывесьці дзяржаву да падзелу на дзьве часткі. Аднак, на верхне- і ніжненямецкіх мовах ды дыялектах і гаворках працуюць многія рэгіянальныя й лякальныя мас-мэдэа, што стымулюе рэгіяналізм.

Клясычны прыклад пераўтварэньня трох дыялектаў (сэрбскага, харвацкага і басьняцкага) аднае другасна ўніфікаванае сэрбахарвацкае мовы (генэтычна) ў асобныя нацыянальныя, дзяржаўныя і афіцыйныя мовы Сэрбіі, Харватыі ды Босьніі й Герцэгавіны – прыклад перавагі палітычнай прыкметы над генэтычнай і, у пэўнай ступені, – грамадзкай.

Моўным падзелам у канцы ХХ ст. завяршыўся падзел аднае паўднёваславянскае сэрбахарвацкае супольнасьці, што распачаўся ў сярэднявеччы. Як вядома, сэрбы – традыцыйныя праваслаўныя (постбізантыйцы), харваты, прыняўшы каталіцтва, далучыліся да лацінскага сьвету, а басьнякі, ісламізаваўшыся ў часы Асманскай імпэрыі разам з альбанцамі і туркамі Фракіі, складаюць іслямскія выключэньні ў Эўропе. Рэлігійны падзел і жыцьцё ў розных дзяржавах (Аўстра-Вугоршчыне ды Асманскае імпэрыі) прысьпешылі этнадыфэрэнцыяцыю.

Нарэшце, беларуская літаратурная мова, зьяўляючыся асобнай генэтычна (літаратурная мова ліцьвінаў і русінаў ВКЛ, афіцыйная мова Вялікага княства), нацыянальнай мовай беларускае нацыі, мела ўсе шанцы стаць адзінай дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь [яшчэ стане! ніякіх сумненьняў! – Рэд.]. Аднак, з прыходам да ўлады прарасейскага рэжыму было працягнута праз антыпраўны рэфэрэндум (травень 1995 г.) двумоўе (“роўны статус беларускай і расейскай”, інакш маскоўскай, імпэрскай, як дзяржаўных моў). У выніку дзяржаўнае двумоўе праз падтрымку рэжымам выключна расейскай мовы параўтварылася ў расейскае афіцыйнае аднамоўе. У Беларусі de facto расейская мова выконвае функцыі адзінай афіцыйнай мовы (толькі па-расейску працуюць органы дзяржаўнай улады і кіраваньня за выкл. некаторых устаноў адукацыі, навукі, культуры ды інш.). Навідавоку афіцыйная дыскрымінацыя беларускамоўных грамадзян [зь сістэмных пазіцый, значна горш – навідавоку дыскрымінацыя ўсяго беларускага народу – адзінага законнага гаспадара зямлі беларускай. – Рэд.].

Нацыянальная мова – мова, характэрная для пануючай нацыі. Нацыянальная мова атрымоўвае разьвіцьцё ў працэсе нацыятварэньня, афармляючыся літаратурна. Літаратурная мова – унармаваная мова з уласнымі правапісам, граматыкай, лексыкай, слоўнікамі і г. д. Пры поўнай выніковасьці нацыятварэньня (узьнікненьні і ўтрыманьні нацыянальнай дзяржавы) нацыянальная мова атрымоўвае прэстыжны статус дзяржаўнай.

Дзяржаўная мова – мова замацаваная ў законадаўчых і падзаконных актах дзяржавы. На дзяржаўнай мове пішуцца і прымаюцца Канстытуцыя, канстытуцыйныя і іншыя законы ды падзаконныя акты агульнадзяржаўнага значэньня. Відавочная роля дзяржаўнай мовы як мовы – сымбалю дзяржавы.

Дзяржаўныя ўлады, як правіла, многімі сродкамі падтрымлівае прэстыж дзяржаўнай мовы, яе распаўсюджаньне па-за межамі дзяржавы асабліва сярод суграмадзян і суайчыньнікаў, яе вывучэньне чужаземцамі (франкафоны, ангельскамоўныя, летуаністы, украіністы, паляністы) і г.д. Больш зо тое, вакол дзяржаўнай мовы ствараецца арэол прэстыжу. Дзяржаўная мова абвяшчаецца старажытнаю, культурнаю і г.д.

Афіцыйная (публічная) мова – мова дзейнасьці афіцыйных (легальных, зарэгістраваных) арганізацый (прадпрыемстваў і ўстаноў), між іншым СМІ, адукацыі, навукі, культуры і г. д. Афіцыйная мова часьцей супадае зь дзяржаўнай, аднак могуць быць і выключэньні.

Беларуская мова, фармальна маючы роўны статус дзяржаўнай з расейскай, наўмысна выведзена з публічнай дзейнасьці абсалютнай большасьці прадпрыемстваў і большасьці ўстаноў сучаснай Беларусі [у Беларусі цяпер адбываецца этнацыд беларускага народу, адбываецца наўмысна, штучна пад уплывам праімперскіх сіл. – Рэд.].

Неадпаведнасьць генэтычнай і грамадзкай функцый моў з палітычнай мэтазгоднасьцю рэжымаў зьяўляецца як прычынай, так і вынікам няроўнасьці статусаў розных моў у пэўнай дзяржаве.

Ад грамадзкага прызнаньня як функцыі мовы варта адрозьніваць яе грамадзкія ролі:

1. Хатняя – мова, у якой адбываецца сацыялізацыя Асобы, звычайна, гэта мова сям’і.

2. Побытавая – мова штодзённай побытавай камунікацыі з сацыяльным асяродзьдзем Асобы. Можа не супадаць з хатняй, асабліва ў бі- і полімоўных, бі- і поліэтнічных дзяржавах.

3. Сакральная – мова імшы (літургіі, месы) царквы/касьцёлу. Радзей – мова афіцыйнай камунікацыі ўнутры царквы (найперш паміж сьвятарствам), а таксама царквы зь вернікамі. Для хрысьціянства характэрная латынь (каталіцтва) і стараславянская або царкоўнаславянская (праваслаўе).

Царкоўнаславянская стала першай у Эўропе ў свой час жывой славянскай мовай, якая (разам з новым альфабэтам кірыліцай) адаптавалася царквой у якасьці сакральнай (акрамя грэцкай). Сакральная славянская мова і кірыліца – найвялікшыя вынікі дзейнасьці, між іншым, Кірылы і Мяфодзія.

Рэфармацыя Марціна Лютара прывяла да дэманапалізацыі (ужо даўно мёртвае) лаціны ў постлацінскім сьвеце як сакральнай мовы і сакралізацыі этнічных моў народнасьцяў (пазьней нацыяў), на якія была перакладзеная Біблія. Тое, разам з вынаходніцтвам друкаваньня Гутэнбэргам, пашырэньнем асьветы, урбанізацыяй і дэмаграфічным пад’ёмам, прывяло да росту колькасьці ды якасьці адукаваных людзей, а таксама іх канцэнтрацыі ў местах. Далей – узьнікненье элітарных асяродкаў інтэлектуалаў (сьвятарства, паэты, пісьменьнікі, навукоўцы, мастакі і г. д., у якіх фармаваліся этнічныя літаратурныя мовы на аснове жывых гаворак) – асновы дзеля ўзьнікненьня нацыянальных моў.

4. Нацыянальная (родная) мова – аўтахтонная мова пэўнай нацыі (для беларусаў – беларуская).

Нацыя (у часы Вялікай французскай рэвалюцыі – заўв. В.К.) была вызваліцелькай ад фэадальнага рабства і носьбіткай культуры: толькі нацыянальная мова разглядалася як сапраўдная “культурная мова”. Брэтонскую мову рэвалюцыянэры абвясьцілі мовай забабонаў, нямецкую – эміграцыі і антырэспубліканізму, а басконскую – мовай фанатызму. І на ўсіх іх начапілі бірку “барбарскіх жаргонаў” і “ вульгарных дыялектаў” (В. Булгакаў, 2006).

5. Дзяржаўная мова – мова камунікацыі дзяржаўных уладаў з грамадзянамі. Напрыклад, у Францыі каралеўскія дакуманты да 1792 г. перакладаліся на мовы і дыялекты асобных правінцый. Рэвалюцыя ўвяла дзяржаўную мову Рэспублікі (Taylor, Flint, 2000).

Французская мова абвяшчалася “мовай свабоды і вызваленьня”, у той час як мовы правансальцаў, баскаў, карсыканцаў, флямандцаў, эльзасцаў і іншых народаў (народнасьцяў – заўв. аўт.) Францыі заставаліся сродкам увекавечваньня “панаваньня фанатызму… папоў і арыстакратаў” (В. Булгакаў, 2006; Р. Шпорлюк, 1998).

Больш трох чацьвёртых эўрапейскіх дзяржаў, дзе жыве абсалютная большасьць насельніцтва Эўропы, маюць адну дзяржаўную мову. Толькі некаторыя, пераважна малыя дзяржавы, маюць дзьве і больш дзяржаўныя мовы: Ірляндыя, Фінляндыя, Бэльгія, Ватыкан, Мальта і Кіпр (па дзьве), Швэйцарыя, Босьнія і Герцэгавіна, Люксэмбург (па тры). З трох традыцыйна поліэтнічных вялікіх заходнеэўрапейскіх дзяржаў (Гішпанія, Вялікабрытанія і Францыя) толькі ў Гішпаніі тры мовы маюць статус рэгіянальных разам зь гішпанскай (каталёнская, галісейская і басконская). У посткамуністычнай Усходняй Эўропе толькі Босьнія і Герцэгавіна (падзеленая на тры супольнасьці) маюць па тры дзяржаўныя мовы.

Ганебны прыклад сучаснай “двухмоўнай” Беларусі, дзе (на жаль) дыскрымінуюцца беларускамоўныя грамадзяне – не правіла, а выключэньне ў дэмакратычнай Усходняй Эўропе і ўвогуле ў Эўропе.

6. Сымбалічная мова – вымерлая родная мова, якая не захавала нават статусу дзяржаўнай мовы. У Эўропе такой мовай зьяўляецца мэнская. Функцыя мэнскай мовы абмяжоўваецца цэрэмоніяй адкрыцьця паседжаньняў парлямэнту востраву Мэн.

7. Распаўсюджаныя (вядомыя мовы) – мовы, якія распаўсюджаны ў дадзенай дзяржаве сярод меншасьцяў, часьцей імігрантаў, а таксама што вядомы грамадзянам пэўнай краіны як замежныя. У Беларусі гэта польская, украінская, летувіская, англійская, нямецкая, французская і, вядома ж, расейская.

Былы французскі жаўнэр арміі Напалеона зь імем Франсуа (што застаўся ў Вільні пасьля 1812 г.) быў сьведкам усіх грамадзкіх роляў розных моў (гаворак, моўнасьцяў).

З жонкай (віленскай беларускай-каталічкай) і дзецьмі ён дома размаўляў па-французску і па-просту, г. зн. на мясцовай беларускай гаворцы (хатнія мовы). Па-просту размаўлялі прасталюдзіны-мяшчане (учарашнія сяляне) ў Вільні (побытавая мова). Калі ў нядзелю зьбіраліся ў касьцёл (па-віленску: да касьцёла) – чулі лацінскую мову (імша) і польскую (казаньне падчас імшы)(сакральныя мовы).

Па-просту (па-беларуску) і па-аўкштайцку (па-летувіску) гутарылі суседзі на ягонай вуліцы (нацыянальныя мовы). Расейскія чыноўнікі паміж сабой і да людзей (падданых цара Расейскае імпэрыі) зьвярталіся выключна па-расейску (дзяржаўная мова), а віленскія жыды (габрэі) у ешыве ад ісраільмэера (па-віленску: сраймэера) чулі еўрыт (сымбалічную і сакральную мову).

Выпадкова сустрэўшы адукаваных заможных асобаў наш герой-француз (былы жаўнэр Напалеона, што застаўся ў Вільні) учуў перакручаную родную французскую і англійскую (распаўсюджаныя мовы). Аж сэрца мацней забілася ад радасьці ў Франсуа, бо ўжо даўно страціў надзею дзе-небудзь пачуць родную французчыну (нават у скажонай форме). Для мясцовых (тубыльцаў) Франсуа стаў Пранусем (Францам), або Пранасам. Гледзячы, хто да яго зьвяртаўся: беларус ці летувіс.

(Гісторыя выдумана аўтарам адумысна дзеля ілюстрацыі магчымых грамадзкіх роляў моў у этнічнай Беларусі на пачатку ХІХ ст.).

Клясычны прыклад грамадзкіх роляў моў падае ў сваёй працы “Биосфера и этногенез” Л. Гумілёў (1989) на прыкладзе моў, якімі валодалі асманы. “Дыпляматамі (у асманаў – заўв. В. К.) станавіліся французскія рэнегаты, а фінансістымі і эканамістымі – грэкі, армяны і габрэі. А жонак гэтыя людзі куплялі на рынках запаняволеных. Там былі палячкі, украінкі, немкі, італійкі, грузінкі, грэчанкі, берберкі, негрыцянкі і г. д. Гэтыя жанчыны ў ХVII – ХVIII стст. аказваліся мацяркамі і бабулямі турэцкіх ваяроў. Туркі былі этнасам, але малады жаўнэр слухаў каманду па-турэцку, размаўляў з маці па-польску, а з бабуляй па-італійску, на рынку гандляваўся па-грэцку, вершы чытаў пэрсідзкія, а малітвы – арабскія. Але ён быў асманам…”

Генэтычныя тыпы эўрапейскіх моў:

1. Мясцовыя (карэнныя, аўтахтонныя) – абсалютная большасьць дзяржаўных моў у эўрапейскіх дзяржавах.

Чым Эўропа і розьніцца ад Афрыкі, Амэрыкі, Аўстраліі і Акіяніі ды, нават, Азіі.

2. Мовы чужаземцаў (захопнікаў) – мовы, што за доўгія гады чужаземнага панаваньня захопнікі змаглі накінуць аўтахтонам і якія значная частка аўтахтонаў павінна была ўспрымаць і засвоіць (ангельская ў Ірляндыі, дацкая ў Нарвэгіі, расейская ў Беларусі і ва Ўкраіне).

3. Крэольскія моўнасьці. Характэрныя для Беларусі і Ўкраіны. Узьніклі пераважна ў выніку перамяшаньня расейскай лексыкі і беларускай ды ўкраінскай фанэтыкі (букмал у Нарвэгіі).

Сваеасаблівы расейска-беларускі неўнармаваны жаргон у народзе завецца “трасянкай” – літаральна сумесь сена з саломай (паводле З. Пазьняка, 1990). Характэрны для неадукаваных або напаўадукаваных людзей, што ня ведаюць ні беларускай, ні расейскай літаратурных моў і займаюць, звычайна, ніжэйшыя ступені грамадзкай ласьвіцы. Выдаюць звычайна сябе за вялікіх прыхільнікаў “двуязычыя” і зьяўляюцца электаратам звычайна марыгінальных палітыкаў.

[Мы ў рэдакцыі абмяркоўвалі стаўленьне да трасянкі; яе існаваньне абумоўлена ня толькі жаданьнем “напаўадукаваных людзей” перайсьці ад беларускай мовы на рускую, а і адваротным працэсам, характэрным для тых беларусаў, якія ўсьвядомілі значэньне мовы свайго народу для яго будучыні й вырашылі ахвярна ўключыцца ў барацьбу; аднак такі пераход не адбываецца за адну ноч, а, як правіла, за некалькі гадоў – так выглядае практычная рэчаіснасьць; таму мы для другой групы людзей, у адрозьненьне ад ворагаў беларусізацыі, якія ў пачатку 1990-х патрабавалі: “вы говорите или чисто на русском языке, или чисто на беларуском” (ведалі, мярзотнікі, у чым справа), – каб зьняць сацяльна-псіхічны ціск, выпрацавалі альтэрнатыўныя лозунгі: “Трасянка – гэта нармальна на час пераходу” ці нават “Хай жыве трасянка!” (ідэалістычную пазіцыю Пазьняка па гэтым пытаньні мы таксама ведаем і не падзяляем). – Рэд.]

 

АФІЦЫЙНЫЯ І ЎЖЫВАНЫЯ МОВЫ ЭЎРАПЕЙСКІХ ПАЛІТЫЧНЫХ СУПОЛЬНАСЬЦЯЎ

(афіцыйныя выдзелены тлустым шрыфтам).

1. Альбанія: альбанская, баўгарская, грэцкая, румынская, цыганская, македонская.

2. Андора: каталёнская, гішпанская, французская.

3. Аўстрыя: нямецкая, харвацкая, турэцкая, вугорская.

4. Бэльгія: флямандзкая, французская, італійская, арабская, нямецкая.

5. Беларусь: беларуская, антызаконна de facto расейская, украінская, польская, летувіская.

6. Босьнія і Герцэгавіна: басьнійская, харвацкая, сэрбская.

7. Баўгарыя: баўгарская, турэцкая, арумынская, македонская.

8. Харватыя: харвацкая, сэрбская, італійская.

9. Кіпр: грэцкая, турэцкая, ангельская.

10. Чэхія: чэская, мараўская, цыганская, славацкая, польская, нямецкая.

11. Данія: дацкая, турэцкая.

12. Эстонія: эстонская, расейская, украінская, беларуская.

13. Фінляндыя: фінская, швэдзкая, ляплянская, расейская.

14. Францыя: французская, аксітанская, арабская, нямецкая, партугальская, брэтонская, турэцкая, каталёнская, флямандзкая.

15. Грэцыя: грэцкая, арумынская, турэцкая.

16. Гішпанія: гішпанская (кастыльская), у некаторых рэгіёнах роўныя зь ёю каталёнская, баскійская, галісейская;

17. Нідэрлянды: галяндзкая; нідэрлянская (галяндзкая), фрыская, арабская, гурэцкая.

18. Ірляндыя: ангельская, ірляндзкая.

19. Ісьляндыя: ісьляндзкая.

20. Ліхтэнштэйн: нямецкая (аляманская), італійская, турэцкая.

21. Летува: летувіская, расейская, польская, беларуская, украінская.

22. Люксэмбург: люксэмбурская, нямецкая, французская, партугальская, італійская.

23. Латвія: латыская, расейская, польская, беларуская, украінская, летувіская, ідыш.

24. Македонія: македонская, альбанская, турэцкая, цыганская, арумынская, сэрбская.

25. Мальта: мальційская, ангельская.

26. Малдавія: малдаўская (у на правым беразе р. Днястра, г. зв. Прыднястроўі – незаконна расейская de facto), украінская, гагауская.

27. Манака: французская; французская, італійская, манагаская, ангельская.

28. Нямеччына: нямецкая, найперш турэцкая, затым харвацкая, сэрбская, італійская, курдзкая, расейская, грэцкая, польская, верхнелужыцкая, ніжнелужыцкая, дацкая, фрыская і інш.

29. Нарвэгія: нарвэская, ангельская, дацкая, швэдзкая.

30. Польшча: польская, нямецкая, украінская, беларуская, летувіская, славацкая.

31. Партугалія: партугальская.

32. Расея: расейская, татарская, украінская, чуваская, башкірская, беларуская, мардоўская, чачэнская, ідыш і каля 100 іншых.

33. Румынія: румынская, вугорская, цыганская, нямецкая, турэцкая, сэрбская, украінская.

34. Сан-Марына: італійская.

35. Сэрбія: сэрбская, альбанская, харвацкая, вугорская, румынская, славацкая, русінская.

36. Славаччына: славацкая, вугорская, цыганская, русінская, чэская, польская.

37. Славенія: славенская, харвацкая, сэрбская, вугорская, італійская.

38. Швэйцарыя: нямецкая, французская, італійская (нацыянальная – рэта-раманская), харвацкая, сэрбская, гішпанская, партугальская, рэтрараманская.

39. Швэцыя: швэцкая, фінская, харвацкая, сэрбская, грэцкая, гішпанская, пэрсідзкая, дацкая, нарвэская, турэцкая, ляпляндзкая.

40. Украіна: украінская, расейская, польская, ідыш, беларуская, малдаўская, баўгарская, румынская, вугорская (мадзьярская).

41. Ватыкан: італійская, лацінская і інш.

42. Вугоршчына: вугорская, цыганскія, румынская, украінская, харвацкая.

43. Вялікабрытанія: ангельская, валійская, шатляндыйская, грэцкая, італійская, і некалькі дзесятак зьмяшаных моў з былых брытанскіх уладараньняў.

44. Італія: італійская, фрулійская, нямецкая, французская, славенская, альбанская.

 

У цывілізацыйнай Эўропе (за выкл. эўрапейскай Расеі, Фракіі Турэччыны, эўрап. Казахстану, турэцкай часткі Кіпру) 40 моў маюць статус афіцыйных. Цывілізацыйная Эўропа – адзіны рэгіён сьвету, дзе ўсе афіцыйныя мовы маюць эўрапейскае паходжаньне.

Найбольш распаўсюджаная афіцыйная мова ў цывілізацыйнай Эўропе – нямецкая. Ёй карыстаюцца ў пяці дзяржавах (Нямеччыне, Аўстрыі, Швэйцарыі, Люксэмбурзе, Ліхтэнштэйне) больш 95 млн. чал. Французская – вядомая як афіцыйная таксама пяцём палітычным супольнасьцям (у Францыі, Бэльгіі, Швэйцарыі, Люксэмбурзе, Манака) для больш 65 млн. чал. Ангельская ў Вялікабрытаніі, Ірляндыі ды на Мальце афіцыйная для амаль 64 млн. чал. (63,9). Італійскаю карыстаюцца як афіцыйнаю ў Італіі, Швэйцарыі, Сан-Марына і Ватыкане каля 60 млн. чал. Усяго чатыры самыя распаўсюджаныя афіцыйныя мовы Эўропы абавязковыя ў 12 эўрапейскіх дзяржавах для 283,9 млн. чал.

Ангельская, нямецкая і французская – найпрэстыжнейшыя эўрапейскія мовы, ведаючы якія можна пазнаёміцца з абсалютнай большасьцю інфармацыі. Гэта мовы бізнэсу і палітыкі, навукі і культуры…

Ангельская, французская і гішпанская – тры з шасьці (+ расейская, арабская і кітайская) афіцыйных моў ААН, адныя з самых распаўсюджаных моў у сьвеце.

Украінскай, гішпанскай і польскай афіцыйна карыстаюцца па 47, 40,1 і 38,6 млн. чал. (Украіна, Гішпанія, Польшча). Сем самых распаўсюджаных афіцыйных моў цывілізацыйнае Эўропы (тры раманскія, дзьве германскія, дзьве славянскія) вядомы каля 419,5 млн. чал.

Калі гішпанская мова вядома соткам мільёнаў жыхароў Лацінскай Амэрыкі. Польская – родная мільёнам палякаў за межамі Польшчы, а таксама зразумелая ў славянскім сьвеце. Украінская як дзяржаўная, так шанаваная сьвядомымі ўкраінцамі – толькі займае зрасейшчаны прастор усходняй і паўднёвай Украіны.

Нарэшце 8-9-е месца ў цывілізацыйнай Эўропе дзеляць румынская разам зь блізкаю да яе малдаўскаю, ды галяндзкая зь блізкай флямандзкаю мовай. Першымі ў Румыніі і Малдове абавязаны de iure карыстацца 26,7 млн.чал., а другімі ў Галяндыі і Бэльгіі – 26,1 млн. чал.

Расейская мова як афіцыйная ў Расеі, Беларусі і Казахстане налічвае больш 110 млн. карыстальнікаў у межах фізыка-геаграфічнае Эўропы і каля 9,7 млн. у межах цывілізацыйнае Эўропы, бо Беларусь афіцыйна амаль цалкам зрасейшчана de facto (што антыпраўна з пункту гледжаньня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г.). Насамрэч у межах фізыка-геаграфічнай Эўропы найбольшую колькасьць карыстальнікаў як афіцыйная мае расейская мова (больш за 110 млн. чал.), аднак Расею і Казахстан (дзе расейская мова другая афіцыйная пасьля казахскай) нельга лічыць цывілізацыйнаю Эўропаю.

Цюрскскія турэцкая і казахская мовы (што маюць выразны пазаэўрапейскі генэзіс) як афіцыйныя ў межах фізыка-геаграфічнай Эўропы налічваюць больш 6 млн. карыстальнікаў у Турэчыне і Казахстане адпаведна.

Такім чынам, статыстычная большасьць людаў фізыка-геаграфічнай Эўропы (582,3 млн. чал.) карыстаецца ўсяго дзесяцьцю-дванаццацьцю афіцыйнымі мовамі (расейскай, нямецкай, французскай, ангельскай, італійскай, украінскай, гішпанскай, польскай, румынскай з малдаўскай, галяндзкай з флямандзкай) у 21 дзяржаве.

Грэцкая, вугорская, партугальская, чэская, сэрбская і беларуская вядомы як афіцыйныя каля 10 млн. карыстальнікам (больш ці менш у залежнасьці ад колькасьці люду кожнай нацыянальнай дзяржавы), швэцкая і баўгарская –8,9 і 8,1 млн. адпаведна, а фінскай, дацкай, славацкай ды харвацкай штодня афіцыйна карыстаюцца каля 5 млн. чал. Нарвэская вядомая 4,5 млн. чал.

Беларуская мова ўваходзіць у лік 16 самых распаўсюджаных афіцыйных моў Эўропы, толькі шкада, што роднае слова нават у ХХІ ст. ня мае на Бацькаўшчыне рэальнага прэстыжнага статусу адзінай дзяржаўнай мовы.

Нарэшце самымі слабавядомымі афіцыйнымі мовамі Эўропы зьяўляюцца альбанская, ірляндская, балцкія (летувіская, латыская), македонская, славенская, басьнійская, эстонская, люксэмбурская, ісляндыйская, мальційская, каталёнская (колькасьць карыстальнікаў як афіцыйных ад некалькіх мільёнаў да некалькіх сотак тысяч асобаў).

А.Латышонак (2006) распрацаваў наступны рэйтынг эўрапейскіх нацый (паводле суадносін эўрапейская нацыя – дзяржава – мова).

1. Нацыі, якія маюць уласную дзяржаву і размаўляюць на ўласнай мове: альбанцы, ангельцы, аўстрыйцы, басьнійцы-мусульманы, баўгары, вугорцы, гішпанцы, грэкі, даччаны, ісляндыйцы, італійцы, летувісы, латышы, македонцы, немцы, палякі, румыны, славакі, славенцы, сэрбы, фіны, харваты, чарнагорцы, чэхі, швэдыйцы, эстонцы.

2. “Мадэрнізаваныя помнікі Сярэднявечча”. Нацыі, якія карыстаюцца некалькімі мовамі: швэйцарская, бэльгійская, люксэмбурская, або маюць двумоўныя меншасьці: брытанская, гішпанская. Аўстрыйцаў і чарнагорцаў магчыма аднесьці да гэтай групы.

3. Нацыі, якія валодаюць уласнай дзяржавай, але маюць пэўныя праблемы з нацыянальнай мовай: украінцы, беларусы, нарвэжццы й ірляндцы.

Украінскія і беларускія моўныя праблемы вядомыя. Нарвэжцы з-за позьняй дэкалянізацыі і некалькі пазьнейшага мадэрнага нацыятварэньня маюць дзьве літаратурныя мовы: букмал і нюнорск. Першая – адаптаваная дацкая мова з пэўнымі нарвэскімі граматычнымі формамі і фанэтыкай, аналяг нашай “трасянкі” у выпадку яе літаратурнага ўнармаваньня. На жаль, аўтахтоннай літаратурнай мовай нюнорск, створанай на аснове народных гаворак (аналяг сучасных украінскай і беларускай), карыстаюцца толькі 20% нарвэжцаў. Старажытную ірляндскую мову штодзённа ўжываюць каля 100 тыс. асобаў.

4. Нацыі, якія ня маюць уласнай дзяржавы, а валодаюць толькі той ці іншай формай тэрытарыяльнай аўтаноміі. Яны маюць праблемы з ужываньнем ўласнай нацыянальнай мовы: баскі, валійцы, галісійцы, каталёнцы, шатляндцы.

5. Нацыі, у якіх адсутнічае тэрытарыяльная аўтаномія і маюць праблемы з ужываньнем нацыянальнай мовы, напрыклад – брэтонцы.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы