Пададзены ніжэй артыкул сп-ра Яўгена Бяласіна выбітна ілюструе шэраг прынцыповых зьяваў, якія ўжо зафіксаны нашай рэдакцыяй. Гэта і адсутнасьць якой-небудзь рэальнай дапамогі з боку Захаду сапраўдным беларускім дэмакратам, якія разам са сваімі сем’ямі з-за дзеяньняў цяперцаў вымушаныя пакутаваць, напрыклад, у безграшоўі; гэта, нібы для дадатковых маральных пакутаў на рэальным фоне і для дыскрэдытацыі, шырока рэкламуемая ЗША і ЕЗ “дапамога дэмакратыі ў Беларусі”, якая вымяраецца дзесяткамі (!) мільёнаў даляраў штогод; гэта фактычная падтрымка Еўразьвязам (асабліва Нямеччынай) прадстаўнікоў цяперскай улады ў Беларусі; іншае. Чытайце, зьдзіўляйцеся, запамінайце. Факты – рэч упартая.
Рэдакцыя.
Паважаны спадар Н.!
Я даўно сачу за нямецка-беларускай публічнай сцэнай і акцёрамі, якія зьвяртаюць на сябе ўвагу. Вашыя выступы былі найбольш шчырымі зь нямецкага боку. Менавіта з гэтай прычыны гэты мой зварот адрасаваны Вам. Таму што людзі шчырыя не павінны быць недаінфармаванымі – яны і так рызыкуюць, бо шчырыя і маюць добрыя намеры.
Тэмай майго ліста будзе лёс беларускай дэмакратыі, за якую Вы так шчыра заступаецеся.
Ключавым словам майго звароту ёсьць слова “неадэкватнасьць”.
Перш чым перамясьціцца на нямецкую глебу, неабходна абазначыць пэрсоны (па магчымамсьці) і сюжэт у Беларусі, збольшага ў Берасьці, дзе я найлепш валодаю фактамі.
Ня збоку
Нагадаю Вам, што дала мне магчымасьць зазірнуць і за беларускую мяжу, і ў палітычную закулісу. Больш за 20 гадоў я адпрацаваў у Берасьцейскім унівэрсітэце, зь іх блізу 10 гадоў (з дня заснаваньня) як выкладчык факультэта замежных моў; маё імя як перакладчыка нямецкай літаратуры значыцца ў Беларускай энцыкляпэдыі. Падрыхтаваў і чытаў студэнтам спэцкурс “Нямецка-беларускія дачыненьні”. Цікавіўся, займаўся і займаюся палітыкай, бо ад яе шмат залежыць. У сярэдзіне 1990-х браў удзел у фінансаванай нямецкім урадам праграме “Transform”, якая мела на мэце забясьпечыць працу як мясцовых чыноўнікаў, так і апазыцыянэраў па засваеньні нямецкага досьведу дэмакратычнага самакіраваньня.
Пад час прэзыдэнцкай кампаніі 2001 года я быў звольнены з працы рэктарам Плецюховым – артадаксальным камуністам і зацятым прыхільнікам Лу (на сёньня ён дэкан фізыка-матэматычнага факультэта). Перад сваім конкурсным абраньнем, адчуваючы, як гэтыя дзялягі падрыхтаваліся да галасаваньняў, я схадзіў на размову да таварыша Плецюхова, прапанаваў не даваць ходу таму фарсу, які падрыхтавала адміністрацыя. Мая кампрамісная прапанова палягала ў наступным: калі ўжо настолькі дасталі па тэлефоне зь мясцовага Крамля, дык я сыходжу з працы, пакінуўшы за сабой чвэрць стаўкі, і зарабляю грошы на пражыцьцё як-небудзь іначай. Плецюхоў, седзячы пад партрэтам Леніна, які не здымаў прынцыпова, думаў роўна поўсекунды. Потым цьвёрда сказаў “Нет”.
Чаканыя дасягненьні і нечаканыя набыткі ворагаў дэмакратыі
Панізіцца на дэкана таварыш Плецюхоў мусіў пару гадоў таму, бо адзін з прарэктараў, Страчук, таксама былы камсамолец, трапіў на гарачым з сваім сынам. Цэлы год Страчук-малодшы навучаўся ў адным з унівэрсітэтаў ЗША, але пасьпеў, пры фізычнай сваёй адсутнасьці, здаць цалкам адну і амаль здаў другую экзаменацыйную сэсію ў Берасьці. Дзясяткі залікаў і экзаменаў былі проста намаляваныя яму ў залікоўку, большай часткай у бацькоўскім прарэктарскім кабінэце. Вынік – падвышаная стыпендыя для пасьпяховага пэўным чынам студэнта. Павязаныя крымінальнай кругавой парукай дзясяткі выкладчыкаў, спляжаная, калі і была якая, рэпутацыя ВНУ. Пра гэта напісаў нават мясцовы аналаг “Саўбеліі” – абласная “Заря”. Тэкст падпісаў супрацоўнік КГБ. Але гром з тэй хмары сабакі берасьцейскімі падворкамі разьнесьлі. А новы рэктар Часноўскі вынес прарэктару Страчуку, які страціў адно што пасаду (“вернулся на кафедру”), падзяку за шматгадовую плённую працу.
А цяпер з Штатаў/Беларусі перанясем сваю ўвагу на Нямеччыну/Беларусь. Сын рэктара Плецюхова на той час вучыўся ў адным нямецкім унівэрсітэце. Пры гэтым ягоная маман, завуч школы, палітычная актывістка ў духу трымальнікаў улады – цяперцаў, на перадвыбарным сходзе жалілася людзям, што яе сыну, маўляў, цяжкавата ў тэй Нямеччыне: у інтэрнаце холадна, мусіла на днях поштай дзьве коўдры выслаць… Кажуць, на тыя цяжкасьці Плецюхоў-junior нядаўна перавёз і жонку.
Заўважу, што дзеці дэмакратычных актывістаў з “воўчымі” білетамі забароны на прафэсію зусім ня цешацца-зьвіняць ключамі ад дзьвярэй да пасьпяховай прафэсійнай, а значыць, і жыцьцёвай карьеры, навучаючыся ў прэстыжных установах за мяжой, не практыкуюцца ў пасьпяховым вядзеньні бізнэсу – разам з бацькамі перабіваюцца з хлеба на ваду і паказваюць прадметна мысьлячаму электаральнаму “балоту”, на што здольная практычна сусьветная/эўрапейская дэмакратыя. Дзеля праўды, некаторыя дзеці дэмакратычных актывістаў пры ўмове палітычна матываванага звальненьня з тутэйшых ВНУ могуць ехаць на падрыхтаваныя месцы ў польскіх, літоўскіх, нямецкіх ВНУ, і гэта вельмі заўважны плюс апошніх двух гадоў. Аднак шмат і ў пасіве: выключанасьць з аператыўнай працы на карысьць Беларусі, пэўны перабой пакаленьняў у дэмакратычных арганізацыях, часта неадпаведнасьць профілю ранейшай/жаданай адукацыі, цяжкасьць пераездаў, псыхалагічная траўматычнасьць прысутнасьці ў якасьці студэнтаў такіх вось парасткаў прыўладнікаў з постсавецкай прасторы, якіх бацькі могуць выправіць на вучобу за мяжу проста таму, што могуць сабе дазволіць гэта матэрыяльна.
Але быў, быў і ў Берасьці шанец! Рэктар Часноўскі, заступаючы на пасаду, дэкляраваў задачу ператварыць Берасьцейскі ўнівэрсітэт у еўрапейскі. Таму ён адразу распачаў баявыя дзеяньні супраць Свабоднага прафсаюза. Яго чальцоў пачалі абрабляць пэрсанальна. Звольнілі пазасталых акрамя мяне кіраўнікоў Берасьцейскіх падразьдзелаў дэмакратычных палітычных партый. Нарэшце, звольнілі самога кіраўніка ўнівэрсітэцкай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Лазарэнкава. Спачатку міліцыянты засьведчылі, што той нібыта брыдкасловіў і чапляўся да нейкіх мірных грамадзянаў, потым суд напісаў 7 сутак, а пасьля адсідкі паводле рэктарскага загада прафсаюзьніка звольнілі за амаральныя паводзіны.
Летась восеньню і сёлета пачаўся генэральны татальны наступ. Усім выкладчыкам з Свабоднага, хто абіраўся па конкурсе, першы прарэктар Ганна Сэндзер і яшчэ некаторыя найміты ставілі ўмову: альбо пераходзяць у афіцыйны прафсаюз, альбо з табой не падпісваецца кантракт. Г.зн. забяруць нават тую мізэрную, самую малую ў Беларусі сярод роднасных ВНУ зарплату, якой тыя маюць прабаўляцца. Маюць прабаўляцца, бо хабараў, у адрозьненьне ад апалітычнай “совінтэлігенцкай” прафэсуры, не бяруць і ў іншых карупцыйных афэрах ды махлярствах ня ўдзельнічаюць. Улучна з цынічным явачным пераводам вышэйшай адукацыі ў платную, прычым платна-канфіскацыйную форму, ад якой шараговым выкладчыкам ды й студэнтам карысьці на пазур.
А цяпер зазірнем у вобласьць міжнародна неадэкватнага. Рэктар Часноўскі пасьпеў стаць doctor honoris causa аднаго з польскіх унівэрсітэтаў. Ганна Сэндзер езьдзіла летась яшчэ на выклады ў адзін зь іх. Езьдзяць у замежныя камандзіроўкі ў Нямеччыну, Швайцарыю, выкладаюць як гасьцявыя дацэнты тыя мікравертухаі, якія дамагаліся звальненьня калегаў, па сутнасьці, за іх сумленную і прынцыповую грамадзянскую пазыцыю. Ня буду засьмечваць і абцяжарваць тэкст прозьвішчамі, яны будуць выкарыстаныя ў іншых, чым сістэмна-аналітычны, функцыянальных тэкстах.
Ці не выкладаюць часам усе гэтыя цывілізацыйна выпадковыя эўравізіцёры ў духу нейкай шызафрэнічнай логікі і звольненым за апазыцыйную дзейнасьць беларускім студэнтам, якія навучаюцца, скажам, па праграме імя Каліноўскага? І як гэтую міжнародную гіпэрактыўнасьць і фінансавую пасьпяховасьць шчырых лукашыстаў паяднаць з беспрацоўем і безграшоўем выкінутых з працы дэмакратаў?
Beistand Belarus і іншыя падобныя
Шаноўны мой нямецкі знаёмы, у Беларусі ўсе ведаюць, што безграшоўе дэмакратаў гэта блеф. Прэзідэнт ЗША публічна заявіў пра мільёны даляраў падтрымкі, кожны хоць крыху прыкметны эўрапейскі лідэр выказаўся: трэба дапамагчы! Лукашэнкаўская прапаганда памножыла ўсё на сто і разьнесла адрасна альбо проста на вецер. Але Вы, мой нямецкі знаёмы, лепш ведаеце стан справаў. Дзеля чытачоў гэтага адкрытага як-ніяк ліста згадаю тое-сёе.
Нельга прайсьці міма афіцыйнай праграмы нямецкага ўраду “Beistand Belarus” (“Дапамога Беларусі”). Яна мела тры плюсы, Па-першае, праграма пераводзіла дзейнасьць на неафіцыйны ўзровень, – спрыяла народнай дыпляматыі, – бо падтрымлівала праекты няўрадавых арганізацый. Па-другое, адзін зь пяці яе разьдзелаў прадугледжваў супрацу на ўзроўні партыяў. І нарэшце, па-трэцяе, яна запабягала карупцыі ў на парадак бяднейшай Беларусі, бо грошы выдаваліся толькі нямецкай арганізацыі-партнэру. Праграма была разьлічаная на 5 гадоў. Штогод меліся выкарыстоўвацца 25 мільёнаў дойчмарак (на час запуску праграмы гэта былі каля 10 мільёнаў эўра).
Ня буду ўдавацца ў падрабязны аналіз эфектыўнасьці праграмы. Яе вынікі празрыстыя і знаходзяцца на адпаведным сайце. Для мяне, калі я даю сабе ўстаноўку пачувацца журналістам, а не беларускім палітыкам дэмакратычных поглядаў, гэта цікавае чытво.
Пэўна, праграма была б зусім пасьпяховай, каб Беларусь не дэградавала ў сэнсе дэмакратыі так імкліва.
Выдае на тое, што па меры гэтай дэградацыі ўзрастала і асьцярожнасьць нямецкага ўраду. Зразумець гэта можна, але дзе яна, тая мяжа, за якой асьцярожнасьць абарочваецца сітуацыяй, калі прайграюць усе? Як гэта было ў Мюнхэне ў 1938 годзе.
Нават у тым выглядзе, у якім праграма “Дапамога Беларусі” існавала летась на апошнім яе этапе, яна тармазілася лукашыстамі. Наколькі я інфармаваны, па Берасьцейскай вобласьці ў межах гэтай праграмы быў падтрыманы грантавы праект па экатурызму. Сама тое, што трэба для беларускай дэмакратыі. Калі ўжо менавіта дэмакратыя карэлюецца з пасьпяховым і ўстойлівым разьвіцьцём і ёсьць найэфектыўным шляхам да вырашэньня эканамічных праблем, дык як тут без экатурызму.
Паважаны мой знаёмы, Вы ў гісторыі разьбіраецеся прафэсійна. Яна дае прыклады тоесных праграм. План Маршала для цяперашніх беларускіх умоваў невалідны і непаказальны: дэмакраты тут ужо чатырнаццаць гадоў як па-за ўладай і выкінутыя нават па-за сістэмную апазыцыю. Можа йсьціся пра асобныя элементы гэтай праграмы.
Больш адпаведны назоў літаральна ляжыць на адной з цэнтральных вуліцаў Берасьця. Яна называецца МОПРа. У часы росквіту чырвонай ідэі збальшавізаваная сусьветная лявіца мела так званую “Международную Организацию Помощи Рабочим”. Калі ў нашу праверку на адэкватнасьць далучаецца тэма “бедныя і багатыя”, дык найперш трэба згадаць: у сьвеце ёсьць толькі некалькі багатых аўтакратый – у асноўным, коштам прыродных багацьцяў, прыкладам, Саўдаўская Арабія. Дэмакратыя, паўтаруся тут, устойліва карэлюецца з багацьцем, і ёсьць больш за 50 багатых краін з рынкавай эканомікай і стабільнай дэмакратыяй. І ўсё ж дэмакратыя як сістэма сацыяльнага ўладкаваньня мусіць даказваць сваё права быць, яна павінная сябе абараняць. Дык вось, бедныя “левыя” ў свой час змаглі наладзіць міжнародны механізм самапомачы, а ў наш час багатыя дэмакраты, у тым ліку і Нямеччына, – выдае на тое, што спаборнічаюць, як гэтую дэмакратыю здыскрэдытаваць.
Мой калега па Свабодным прафсаюзе, інжынер з Баранавічаў, сацыял-дэмакрат з Эўрапейскай кааліцыі, пасьля звальненьня і шасьцігадовага перабываньня ў падважаным стане забароны на прафэсію ня вытрымаў і, разьвярнуўшыся ў процілеглым Эўропе кірунку, зьехаў прарабам на будоўлі алігархічнай Расеі. Туды сама езьдзілі, каб выжыць, пасьля шматгадовага рэальнага галадамору, і некаторыя звольненыя мае таварышы па Партыі Беларускага Народнага Фронту.
Яшчэ адзін ровень кантактаў
Вельміпаважаны мой нямецкі знаёмы, Вы навуковец, а значыць, сістэмнік. На прадмет сістэмнай ацэнкі Вам напэўна спатрэбіцца інфармацыя зь іншага, больш пэрыфэрыйнага ўзроўню постсавецкасаюзнай нэабальшавіцкай Беларусі&постіндустрыяльнай эўрасаюзнай Нямеччыны. Гэта партнэрства гарадоў.
Ужо больш за 15 гадоў Берасьце мае партнэрскія сувязі з Равэнсбургам і прылеглымі да яго гмінамі. Равэнсбург гэта багаты горад на паўднёвым захадзе Нямеччыны. Штогод абодва гарады абменьваюцца дэлегацыямі, як мінімум, раз на год гэта пратакольныя афіцыйныя дэлегацыі пасьля жаночых, школьніцкіх, спартовых, бізнэсовых ды інш. Дык вось, ні разу ў склад афіцыйнай берасьцейскай дэлегацыі ня трапіў аніхто зь мясцовых дэмакратаў. Зноў-такі, аніхто з афіцыйных асобаў нямецкай дэлегацыі ні разу не пацікавіўся станам дэмакратыі ў Берасьці. Калі хто з нашых і прасачыўся ў далёкі Равэнсбург, дык толькі прыватным чынам, выпадкова ды зь недагляду мясцовых трымальнікаў-і-неаддавальнікаў улады.
Перабываньне нямецкіх гасьцей у Берасьці заўсёды так шчытна расьпісанае, што ў наведваньне Белавежскай пушчы, успадарожанае пікніком ля Віскулей, экскурсію па зоне Свабоднай эканамічнай з колькімі нямецкімі капіталістамі, застыглымі там у чаканьні магчымасьці рыўка ў баязную бы халодная вада ўвесну Расею, сямейныя дні ў ведама якіх семьях аніяк нельга было і бывае ўклініцца. Мясцовыя дэмакратычныя палітыкі і левай, і правай арыентацыі спрабавалі навязаць кантакт з “аднакаляровымі” адпаведнікамі на гэтым узроўні, па магчымасьці пачаць абмеркаваньне ў СМІ тэмы партнёрства гарадоў, як пачатку вяртаньня ў цывілізаваны сьвет, але нават пры падпісаных паміж роднаснымі партыямі “ўверсе” дамовах аб партнёрстве справа ніяк не пайшла. Дзейным нямецкім дэмакратычным палітыкам лакальнага ўзроўню мы ніяк нецікавыя.
Толькі нямецкі інжынэр на пэнсіі Нагэль, хай будзе яму Царства Божае, сябар ХДС з нацыянал-сацыялістычным мінулым, ад якога большасьць равэнсбурскіх іншапартыйных дэмакратаў падкрэсьлена трымалі дыстанцыю, пасьля наведваньня Берасьця шчыра напісаў у тамтэйшай “Швэбішэ Цайтунг” артыкул пад красамоўна-роспачным загалоўкам “Камуністы цьвёрда сядзяць у сядле” ды ахвяраваў адной з тутэйшых дэмпартый у яе жабрацкім офісе колькі асабістых дойчмарак на канвэрты.
Летась кіраўнічка адной з выбарчых камісіяў, наіўна-ўпёртая камуністка, пэнсыянэрка паштовага ведамства, у часе спакойна-разважнай размовы падзялілася са мной, што ёй надакучыла ўжо гэтая Еўропа, у тым ліку і Нямеччына, дзе ў тым Равэнсбургу нічога асаблівага, і жабракі таксама ёсьць (сапраўды, просіць адна штатная жабрачка ў Равэнсбургу ля Базылікі, яна румынка, працаваць ня хоча прынцыпова, нават мыць посуд адмаўляецца). Што яшчэ адметна, гэтая ну надта добрая Анна Іванаўна згадала, што таксама вучылася ў беларускай школе, і ўхваліла Фінляндыю за тое, што ў Тампэрэ ёсьць музэй іхняга вождя (фюрэра) Леніна. А мне яна выказала, што ня трэ было высоўвацца – і ўсё было б у парадку і ў працы, і ў жыцьці.
Зь дзясятка нямецкіх гарадоў-партнёраў толькі адзін, з майго веданьня, паставіў беларускім аўтакратам зь мясцовай улады ўмову: альбо ў кантактах бяруць удзел прадстаўнікі мясцовых дэмакратычных партый, альбо кантактаў ня будзе зусім. Прапорцыя складу дэлегацыі 50 х 50 адсоткаў.
З майго веданьня, гэтая мадэль працавала колькі гадоў. Як цяпер, інфармацыяй не валодаю. Але магу прыватна паведаміць, пра якія гарады йдзецца.
Можа быць, нямецкія палітычныя мэнэджэры альбо лакальныя палітыкі, абраныя ва ўладу, баяцца такога магчымага сцэнара: беларускія прымальнікі рашэньняў загадаюць мясцовым чыноўнікам, каб тыя запрапанавалі і нямецкаму боку таксама ўлучыць у дыялог гарадоў-партнэраў сваю апазыцыю. Па-мойму, гэта былі б адно бздуры эўрапейскага мысьленьня. Бо родная стыхія нашых адвечных байцоў на лініі Сталіна – гэта простыя рашэньні. У выпадку кантактаў з Захадам гэта скарыстаць грошыкі, якія плывуць з Эўропы, па магчымасьці запісаць іх як свае заслугі, і разам з тым напоўніцу адкрыцца ў бок палітычна аднаколерных і геаграфічна ну так блізкіх Кітая, Віетнама, Вэнэсуэлы ды нават Бірмы. А калі Захад занадта будзе дакучаць нейкімі там умовамі, дык даць усім гэтым дэмакратыям зь іх вярэдай перамоваў ды кампрамісаў адлуп. І выклікаць задаволены рогат тутэйшых прасталюдзінаў.
Рэзюмэ
Сфармулюю верагодны існы кантэкст беларускай дэмакратычнай ідэі. З пладоў разьвітай дэмакратыі ў сьвеце, Эўропе і Нямеччыне карыстаюцца збольшага, наўпрост альбо апасяродкавана, беларускія ворагі дэмакратыі. Дэмакраты, якія выступаюць за эўрапейскі шлях разьвіцьця Беларусі, самі атрымліваюць усё больш праблемаў на гэтым шляху. Шалёна дарагая віза, агалошваньне нейкіх фантастычных сум на дапамогу дэмакратыі ў Беларусі пры фактычнай адсутнасьці рэсурсаў нават на выжываньне, адсутнасьць праграм, якія мелі б на ўвазе адрасную асабістую дапамогу гэтай групе ахвяраў рэжыму – гэта тое, што мы маем, і калі гэта опцыі, адэкватныя непатаемным намерам сусьветнай дэмакратычнай супольнасьці, дзе Нямеччына прэтэндуе на адну зь вядучых роляў, то бачна, што тут беларускім дэмакратам спадзявацца фактычна няма на што.
Гаркавае крытычнае мысьленьне
Паважаны мой нямецкі знаёмы, Вы дык, можа, не, а той-сёй з Вашых знаёмых ва ўнісон, прабачце, з брэхам лукашыстаў возьме ды падумае: такое бачаньне гэта ачарніцельства. Бо ж крыўдна: столькі высілкаў пакладзена на справу дапамогі Беларусі.
У фізіцы калі жалезны сэйф ня зрушыўся зь месца, дык і праца ня выкананая. На кон пастаўленыя лёс Беларусі, лёсы людзей, хто гады паклаў на справу пераадоленьня таталітарнага мінулага. У такой сітуацыі як можна цешыць прыхільнікаў слаўных канцлагерных традыцый і сучаснасьці капітальнымі хібамі пад маркай дапамогі дэмакратам. Гэта можа прывесьці да рэваншу сталіністаў і да страты Беларусі. Таму трэба мысьліць крытычна. Што я і спрабаваў зрабіць.
Ды і каб не звужацца занадта: крытычнае мысьленьне само па сабе гэта набытак эўрапейскай культуры, неад’емная частка дэмакратычнага сьветагляду, і навошта ад яго, крытычнага мысьленьня, адмаўляцца.
Напрыканцы патлумачу, чаму Вас, шаноўны мой шчыры нямецкі знаёмы, я ў адкрытым як-ніяк звароце не раскрыў, абазначыўшы толькі крыптанімам Н. Рэч у тым, што Вы ўжо не такі шчыры, як былі яшчэ год таму назад. Ведаючы, што Вы атрымалі нейкую дастаткова адказную дзяржаўную пасаду, я накіраваў скарочаны варыянт гэтага ліста на Ваш афіцыйна пазначаны e–mail месяц таму назад. Як і чакалася, дзяржаўная служба на карысьць Германіі абавязвае, і адказу не было. Дык і мне нічога не застаецца, як скараціць Ваша імя да літары з кропкай і абнародаваць ліст на ўвесь зацікаўлены сьвет. А раптам знойдзецца сярод маіх нямецкіх знаёмых нехта сумленны, хто зразумее, што гэта ён Н.
Яўген Бяласін (10.05.2008, Берасьце)
1. Калі ў суседа здохне карова, то табе гэта выгадна, бо сусед мусіць купіць малако ў цябе.
2. З 100 тыс. эўра на дапамогу дэмакратыі ў Беларусі, 50 тыс. пойдуць на “камандыровачныя”
для нямецкіх дэлегацый, а 49 тыс. на прыём беларускіх “вертыкальных” у Нямеччыне. Рэальную
“дапамогу” атрымаюць гатэлі, рэстараны, авіякампаніі…
І гэта тычыцца ня толькі Нямеччыны.