nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Непрызнаныя і мёртвыя дзяржавы Эўропы

25 чэрвеня, 2008 | Няма каментараў

Віталь  Куплевіч

Ð�Ñ�плевÑ�Ñ� Ð�Ñ�Ñ�алÑ� 2.JPG 

Непрызнаныя дзяржава – краіна якая валодае частковым, абмежаваным, або поўным сувэрэнітэтам, але не прызнана іншымі дзяржавамі, або прызнана адной ці некалькімі дзяржавамі.

 

Такія дзяржавы могуць адпавядаць аднаму, двум і нават тром прынцыпам сувэрэннасьці дзяржавы, аднаму і, max., двум крытэрыям індэнтыфікацыі незалежных дзяржаў. Ва ўсіх непрызнаных дзяржавах адсутнічала і адсутнічае міжнароднае прызнаньне – трэці асноўны крытэр індэнтыфікацыі незалежных дзяржаў.

Непрызнаная дзяржава з той ці іншай ступеньню пасьпяховасьці праводзіць сваю вонкавую палітыку на тым ці іншым абшары або на яго частцы, разьлічаную на той ці іншы люд ці на яго частку, што палітычна падтрымлівае існаваньне гэткае дзяржавы. Непрызнаная дзяржава, перадусім, можа праводзіць і часта праводзіць ўласную зьнешнюю палітыку, аднак як вонкавая, так і зьнешняя палітыка такой дзяржавы нелігітымная, бо яна не зьяўляецца суб’ектам і аб’ектам міжнароднага права. Паводле міжнароднага права такой дзяржавы не існуе ўвогуле, бо гэта краіна, або ўвогуле абшар (абшары) зь людам (людамі) зьяўляецца часткай іншай дзяржавы. Іншая дзяржава de iure валодаючы непрызнанай дзяржавай па пэўных прычынах ня ў стане эфэктыўна яе кантраляваць, г.зн. абшар няпрызнанай дзяржавай не зьяўляецца de facto эфэктыўным абшарам для дзяржавы юрыдычнай гаспадыні. De iure няпрызнаная дзяржава адсутнічае ў палітычнай часапрасторы, у т.л. на палітычнай карце Эўропы або сьвету.

Сучасная эўрапейская палітычная часапрастора налічвае дзьве няпрызнаныя дзяржавы: Косава і Прыднястроўе.

Ля межаў Эўропы як часткі сьвету існуюць яшчэ чатыры няпрызнаныя дзяржавы: Абхазія, Паўднёвая Асеція, Нагорны Карабах і Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя.

Былы Аўтаномны край Косава (па-альбанску – Kаsova) да самаабвешчаньня сувэрэнітэту фактычна належыў Сэрбіі як адной з саюзных рэспублік Югаславіі (разам з Ваяводзінай). Займае паверхню 10 тыс 887 км², на якой пражывае 1 млн. 956 тыс. чал. Шчыльнасьць насельніцтва – 180 чал. на 1 км². Адміністрацыйны цэнтр, або сталіца – Прышціна (155 тыс. чал.). Ужываныя мовы: альбанская, сэрбская (абсалют. менш.).

Косава зьяўляецца абшарам закладаньня Сэрбіі, таму яно надзвычай дорага сэрбам. Славяны ў Косаве з VII ст., а ў ІХ ст. край ўвайшоў у склад Сэрбіі. Тут знаходзяцца сярэднявечныя сэрбскія праваслаўныя цэрквы. Пасьля паразы на Косавым полі сэрбаў (1389 г.) край занялі туркі, зь ініцыятывы якіх з канца ХVІІ ст. тут пачалося інтэнсіўнае альбанскае расьсяленьне. (Альбанцы ў сучасным Косаве – абсалютная большасьць, а сэрбы – выразная меншасьць.

Пасьля сувэрэнізацыі Сэрбіі ў 1878 г., а таксама ў Югаславіі да Другой сусьветнай, Косава было непадзельнай часткай Сэрбіі. Толькі ў 1945 г. край атрымаў аўтаномію ў складзе Сэрбіі і Югаславіі, што і легла мінай запаволенага дзеяньня пад будучыню. У 1980-х гадох пачаліся выступы альбанцаў за пашырэньне іх правоў, а падчас распаду Югаславіі парлямэнт Касова абвясьціў незалежнасьць, у адказ на што Сэрбія скасавала аўтаномію Касова.

У 1998 г. варажнеча паміж сэрбамі й альбанцамі прывяла да вайны. Сэрбы распачалі этнічныя чысткі – соткі тысяч альбанцаў зьбеглі ў суседнія Альбанію, Босьнію і Герцэгавіну, Македонію ды разьбегліся па ўсей Эўропе стаўшы ўцекачамі. Толькі пасьля ўмяшаньня НАТО аўтаномія Косава была абноўлена дэ-факта, а большасьць альбанцаў вярнуліся ў край. Тое прывяло да масавага сыходу з Косава большасьці сэрбаў.

Косаўскі крызіс набыў міжнародны рэзананс. Сэрбія катэгарычна выступае супроць выхаду Косава зь яе складу, што знаходзіць вялікую падтрымку ў Расеі. Альбанія наадварот, падтрымлівае незалежнасьць Касова, між іншым, маючы надзею на яго, у пэрспэктыве, аб’яднаньне зь дзяржавай-мэтраполіяй альбанцаў. Сярод дэмакратычнай эўрапейскай супольнасьці няма выразнай адзінай думкі. Фактычная большасьць вагаецца…

Расея вядзе інтэнсіўную прапаганду, што узьнікненьне Касова як незалежнай дзяржавы стане небясьпечным прэтэндэнтам ды актывізуе “сэпаратыстых” (на самрэч незалежнікаў) ва ўсёй Эўропе да стварэньня новых дзяржаў, а гэта прывядзе да распаду старых. Расея ўзамен на поўную пераарыентацыю Малдовы і Грузіі на Эўразьвяз і НАТО пагражае незалежнасьцю прамаскоўскіх Прыднястроўя, Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Прыднястроўе зьяўляецца непадзельнай часткай Рэспублікі Малдова, а да Другой сусьветнай вайны ўваходзіла ў склад СССР (Малдаўская АССР – аўтаномія ў складзе Ўкраінскай ССР). Паверхня – 29 тыс. 900 км². Колькасьць насельніцтва – каля 700 тыс. чал., а яго шчыльнасьць – 23,4 чал. км². Адміністрацыйны цэнтр – Ціраспаль (186 тыс. чал.), а самаабвешчаная валюта – прыднястроўскі рубель.

У 1812 г. усходняя частка Малдовы (Бэсарабія) была далучана да Расеі. Калі ў 1918 г. большая частка Бэсарабіі ўвайшла ў склад Румыніі, яе ўсходняя частка населеная раманскім насельніцтвам (малдаваны) засталася ў складзе СССР.

Многія дзяржавы, якія абвяшчалі аб сваёй незалежнасьці ў мінулым, пэўны час мелі статус непрызнаных дзяржаў. Толькі пасьля міжнароднага прызнаньня такі статус (нефармалаў палітычнае часапрасторы) зьмяняўся на фармальны. На палітычнай карце зьяўлялася новая дзяржава.

Сьцьвярджэньне Z.Rykiel’я аб легальнасьці выніковай сэцэсіі надзвычай спрошчана. Гледзячы для каго, калі і пры якіх абставінах…

 

Мёртвыя дзяржавы – дзяржавы, якія існавалі ў палітычнай часпрасторы мінулага, аднак у пэўны час паводле шэрагу прычынаў зьніклі й не адрадзіліся да нашага часу.

Найбольш вядомыя зь іх у Эўропе: старажытныя Грэцыя, Рымская імпэрыя, Заходнерымская і Ўсходнерымская імпэрыі; сярэднявечныя Бізантыйская імпэрыя, Каралеўства Франкаў, Нямецкі Райх, Ангельскае і Шатляндзкае каралеўствы, Ўэльс, Ірляндыя, каралеўствы Бургундыя, Навара, Ліён і мн. інш. У эпоху новага часу існавалі шматлікія дзяржавы паўднёвых германцаў і апэнінскіх раманцаў, Асманская/Атаманская імпэрыя (эўрапейскія Балканы ўваходзілі ў яе склад). У ХІХ ст. эўрапейская палітычная часапрастора зьведала Аўстра-Вугорскую, Германскую, а таксама Расейскую імпэрыі. У ХХ ст. на палітычнай карце Старога Сьвету існавалі ўжо меншыя аб’яднаныя фэдэратыўныя Чэхаславаччына, Югаславія, ды НДР/ГДР – сатэліты гіганцкага СССР.

Падрабязнае апісаньні ўзьнікненьня, росквіту, заняпаду і распаду мёртвых дзяржаў ёсьць у многіх падручніках і манаграфіях па гісторыі, аднак амаль адсутнічаюць спробы іх сыстэматызацыі.

Сярод мёртвых дзяржаваў Эўропы можна (груба і даволі ўмоўна) выдзеліць наступныя групы:

1. Шматсупольнасныя імпэрыі (поліэтнічныя, полірэлігійныя, поліцывілізацыйныя і інш.). Імпэрыі мінулага, сабраныя з дапамогай пераважна прымусу дамінуючай супольнасьці (-яў), распадаліся пад цяжарам уласнае “вялікасьці”. Этнічная стракатасьць ускладнялася рэлігійнай і цывілізацыйнай, а таксама, найперш, гаспадарчай, сацыяльнай, клясавай і інш. дыфэрэнцаванасьцю.

2. Мікра- і мінідзяржаўкі. Характэрны пераважна для фэўдальнай грамадзка-эканамічнай фармацыі (эпоха фэўдальнай раздробленасьці), існавалі як правіла нядоўга, зьмянялі свае абшары і распадаліся, або/хутчэй былі далучаны да фарміруючыхся цэнтралізаваных дзяржаў як у эпоху раньняга капіталізму, так і ў ХІХ ст. у паўднёвых германцаў і апэнінскіх раманцаў пры фарміраваньні адзіных Нямеччыны і Італіі.

3. Мона-, пераважна мона-, біэтнічныя гаспадарствы. Раньнефэўдальныя дзяржавы палі пад ціскам больш моцных суседзяў (напр., Уэльс, Ірляндыя і Шатляндыя пад націскам Ангельшчыны) стаўшы, як правіла, аднайменным краінамі – часткамі будучых імпэрый. У іншых выпадках або фрагмэнтаваліся, або распаліся на монаэтнічныя, біэтнічныя дзяржавы.

 

Кароткая характарыстыка найбуйнейшых мёртвых дзяржаў усходу Эўропы.

Адноснай стабільнасьцю вызначалася Аўстра-Вугорская імпэрыя (дуалістычная манархія, 1867-1917 гг., паверхня 676,5 тыс. км², колькасьць людаў – 52,8 млн. чал. у 1914 г.), што складаліся з двух de iure (аўстрыйцаў і вугорцаў), а de facto – трох каталіцкіх супольнасьцяў (аўстрыйскай паўднёвагерманскай, вугорскай і славянскіх). Аўстра-Вугоршчына не ўключала шматлікіх рэлігійных меншасьцяў, а складалася з сучасных Аўстрыі, Вугоршчыны, Чэхіі з Маравіяй, Славаччыны, украінскіх Галічыны і Закарпацьця, румынскага Сямігорада, Ваяводзіны, Харватыі, Славеніі, Малапольшчы (з Кракавам). Духоўным інстытутам стабілізацыі манархіі была каталіцкая царква, а мадэрныя/мадэрновыя нацыяналізмы (вугорскі, чэскі, славацкі, галіцка-ўкраінскі, славенскі, харвацкі) і фарміраваньні мадэрных нацый дэстабілізоўвалі манархію, што перажыўшы Асманскую імпэрыю, пала ў выніку Першай сусьветнай вайны.

Эўра-афра-азіяцкая Атаманская імпэрыя, сфармаваўшыся пасьля падзеньня Бізантыі на аснове цюркска-мусумальнскага субстрату, як і Бізантыйская імпэрыя, была надзвычай трывалаю. Вызначалася скраійнім азіяцкім запаволеньнем постбізантыйскіх праваслаўных балканскіх супольнасьцяў. Тое прывяло да іх шматвяковай ізаляцыі ад агульнаэўрапейскіх працэсаў, што адбываліся ў лацінскім сьвеце і, нават, “прасочваліся” праз межы царскае Расеі. Да паслабленьня дэспатыі прывялі, між іншым, спробы нутраных рэформ зьверху, а таксама ўзмацненьне Аўстра-Вугоршчыны, утварэньні аб’яднаных Італіі й Нямеччыны ды суперніцтва з Расеяй. 1870-я гады прынесьлі даўгачаканую свабоду супольнасьцям Балкан, многія зь якіх вызваліліся ад цюрка-асманскага прыгнёту з дапамогай Расеі. Пасьля Першай сусьветнай вайны Атаманская імпэрыя пала.

Адной з прычын падзеньня імпэрыі стала няшчырая і няверная служба мноства рэнегатаў – неасманаў і немусульман, што з-за карысьлівых матываў прынялі асманства і мусульманства. Апошнія асманы дажывалі свае дні ў тагачасным Стамбуле (Л. Гумілёў, 1989), як правіла, так і не прыняўшы ўдзел у стварэньні сучаснай сьвецкай Турэччыны на чале зь яе лідэрам Мустафой Атацюркам – прыхільнікам эўрапейскай арыентацыі дзяржавы.

Расейская імпэрыя – эўразійская станавая (саслоўная) дзяржава з абсалютнай манархіяй (1721 – 1917 гг.). У 1917 г. імпэрыя налічвала 128,2 млн. падданых і аж 22,4 млн. км² паверхні. Тэрытарыяльны падзел імпэрыі – камбінаваны. Існавалі губэрні і паветы, а таксама аўтаноміі: Польскае каралеўства і Фінляндыя ў Эўропе. Афіцыйная дыфэрэнцыяцыя людаў на станы: дваранства (карэлявалася з нашай беларуска-літвінскай шляхтай), духавенства, месьцічы (гаражане) і сяляне – фактычна ўскладнялася аж да падзелу на тры буйнейшыя цывілізацыйныя супольнасьці: эўразійцы (найперш расейцы), эўрапейцы (этнасы што жылі на землях былое Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама пратэстанты – продкі фінаў, эстонцаў і латышоў) ды азіяты Сярэдняй і Паўночнай Азіі – Сібіры. Пры тым рускія складалі толькі 43% ад агульнай колькасьці падданых.

Выглядае (паводле В. Булгакава, 2006), што спробы зьверху сфармаваць трыадзіную (найперш праваслаўныя вялікарусы, маларусы і беларусы) мадэрную расейскую нацыю з поступовай асіміляцыяй (зрасейшчваньнем) нярускіх (іншародцаў і іншаверцаў) былі пераважна неэфэктыўнымі. Калі дастаткова малалікія рэдкарасьселеныя карэнныя этнасы Паўночнай Азіі пераважна асіміляваліся, бо яны гістарычна раней былі падпарадкаваны маскоўцамі, то сярэднеазіяты, каўказцы і эўрапейцы або зь цяжкасьцю паддаваліся асіміляцыі (праваслаўныя праўкраінцы і пераведзеныя ў расейскае праваслаўе прабеларусы), або, хутчэй, – не асімілёўваліся. Шматлікія мусульманы-сярэднеазіяты і магаметаны-паволшцы, а таксама агрэсіўныя каўкасцы былі найперш рэлігійна і этнічна несумяшчальныя з расейцамі (нехрысьціяне і неіндаэўрапейцы).

Іншародцы ў Расейскай імпэрыі афіцыйна (!) мелі статус іншага саслоўя.

Цывілізацыйныя эўрапейцы, мелі досьвед эўрапейскіх дзяржаўных традыцый, а таксама войнаў з Масковіяй: ВКЛ, Рэч Паспалітая, нямецкіх (продкі латышоў і эстонцаў), швэдзкай (фіны). Суб’ектыўнае побытавае стаўленьне эўрапейцаў да маскоўцаў (г.зв. маскалёў) было, як правіла, негатыўным (як да культурова ніжэйшых), а аб’ектыўна – як да несумяшчальных цывілізацыйна.

Шматлікія польскія ды спалянізаваныя эліты ў сваёй абсалютнай большасьці прынцыпова не паддаваліся калябарацыі (супрацоўніцтву з маскоўцамі), ды ў ХІХ ст. стварылі, найперш з заходнеславянскага люду аўтаномнага польскага каралеўтва, мадэрновую нацыю на аснове ўласнай культуры. У Польшчы адбыўся пераход большасьці месьцічаў, местачкоўцаў і, нават, сялянаў у палякі – г.зн. прыняцьце імі польскай мадэрнай індэнтыфікацыі, што актыўнейшым чынам падтрымаў каталіцкі касьцёл. Прарэчпаспалітаўскія эліты арганізоўвалі й кіравалі Вызвольнымі Збройнымі чынамі 1830 і 1863-64 гг. Палякі, польскамоўныя і польскакультуровыя назапасілі такі вялікі патэнцыял, што з посьпехам спаборнічалі зь пецярбурскімі імпэрскімі элітамі (выклікаючы ў апошніх шавіністычную рэакцыю).

“Першародным грахом” Расейскай імпэрыі было падпарадкаваньне ёй зямель на захад ад былой Масковіі (Пераяслаўская рада, тры падзелы Рэчы Паспалітай і інш. заваёвы), дзе тубыльцы стаялі на больш высокім узроўні гаспадарчага й культурнага разьвіцьця.

Дзеля ўтварэньня трыадзінай расейскай нацыі ў імпэрскіх элітаў не хапіла часу, бо, найперш, працэс украінскага нацыятварэньня ішоў хутчэй чым працэс тварэньня агульнаімпэрскай індэнтыфікацыі. Больш таго, ён ахопліваў дзесяткі мільёнаў маларосаў (найбольш шматлікіх “кандыдатаў” у гепатэтычную “расейскую нацыю”).

Позьняя індустрыялізацыя, высокі адсотак анальфабэтызму, невялікая колькасьць элітарных расейскіх асяродкаў і нязначная колькасьць расейскай “інтэлігенцыі” у параўнаньні з дзесяткамі мільёнаў неадукаваных сялянаў ды работнікаў (якія выкарыстоўвалі прымітыўныя тэхніку й тэхналёгіі), а таксама рэдкая сетка чыгунак, што пракладаліся на дзесяткі год пазьней ад часу чыгунізацыі эўрапейскіх дзяржаў, надзвычай паспрыялі распаду імпэрыі. Азіяцкая дзяржаўніцкая традыцыя станавай (!) абсалютнай (!) манархіі ў пачатку ХХ ст. (!) прадугледжвала таталітарнае кіраваньне зьверху, пры чым дыстанцыянаванасьць улады ад люду была нормаю. Паверхневыя рэформы зьверху бюракратыяй не распаўсюджваліся ўшырыню і ўглыбіню, не рэалізоўваліся, пры тым з Эўропы часам імпартаваліся тэхніка і тэхналёгіі, аднак амаль не імпартаваліся гуманітарныя ноў-хаў (асабліва найноўшыя інстытуты дзяржаўнай улады й кіраваньня замест архаічных).

Паразы Расеі ў Першай сусьветнай вайне, а таксама дзесяткі іншых прычын суцэльна радыкалізавалі царскую імпэрыю, што прывяло да лютаўскай рэвалюцыі, кастрычніцкай рэвалюцыі, крывавай некалькігадовай грамадзянскай вайны з чужаземнымі інтэрвенцыямі.

Фінскія, польскія і балтыйскія рабочыя мелі свае айчыны, а расейскія – ня мелі, бо не былі часткай мадэрнай нацыі. Клясавая індэнтыфікацыя і клясавыя інтарэсы тут перамаглі нацыянальную індэнтыфікацыю і нацыянальныя інтарэсы, таму адны расейцы бязьлітасна вынішчалі іншых паводле, найперш, клясавай і сацыяльнай прыкметы (чырвоныя і белыя).

У 1917 г. Расейская імпэрыя пала. Трыадзіная расейская мадэрная нацыя не сфарміравалася.

Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (Савецкі Саюз, СССР, 1922-91, паверхня – 22,4 млн. км², колькасьць грамадзян у 1989 г. – 286,7 млн. чал.). Фэдэратыўная рэспубліканская дзяржава з законадаўча замацаванай кіруючай рольлю камуністычнай партыі (КПСС).

Адзіная ў СССР камуністычная партыя як de iure, так і de facto кіравала дзяржавай зрошшыся зь усімі органамі дзяржаўнай улады й кіраваньня.

Суполкі КПСС былі на кожным прадпрыемстве і ў кожнай установе. Абсалютная большасьць вышэйшых і сярэдніх кіраўнікоў зьяўляліся сябрамі КПСС. Камуністычная ідэалёгія марксізму-ленінізму і пралетарскага інтэрнацыяналізму сталася абавязковай для грамадзян СССР (уключала атэізм).

КГБ СССР (ВЧК – НКВД) – другі паводле ўплывовасьці інстытут (дзяржава ў дзяржаве).

Мільёны людзей у савецкай імпэрыі былі забіты і пасаджаны ў вязьніцы, дзесяткі мільенаў кантраляваліся тысячамі дабраахвотных інфарматараў КГБ, таму ўся дзяржава суцэльна зкадэбізавалася. Пасьля сьмерці Сталіна шэф НКВД Бэрыя паспрабаваў кантраляваць вышэйшае кіраўніцтва партыі, аднак быў схоплены, асуджаны і расстраляны.

Савецкая Армія (СА) – “непераможная і легендарная” інстытуцыя, дзякуючы якой СССР перамог у грамадзянскай і Другой сусьветнай вайне (названай расейцамі і саветамі “Вялікай Айчыннай”). Пасьля КПСС і КДБ армія была найуплывовейшай сілай.

Сьцьвярджэньне P.Taylor’а (2000) аб тым, што “Савецкі Саюз даўзброіўся да сьмерці” ілюструе велізарны ўплыў армейскага генэралітэту ў Саюзе на вышэйшае палітычнае кіраўніцтва (ЦК КПСС).

Савецкі фэдэралізм (de iure) пасьля сталінскага зьнішчэньня нацыянальных элітаў ператварыўся ва ўнітарызм (de facto). Рэспубліка ў савецкай практыцы абазначала тое, што СССР (замест манарха – расейскага імпэратара) кіраваўся правадырамі (de facto), таму савецкія выбары рэдукаваліся да імітацыі галасаваньня.

Першы правадыр У.Ленін быў сакралізаваны пасьля сьмерці, а другі, крывавы Сталін, – стаўся жывым аб’ектам культу асобы (крытыкаваны і забыты пасьля сьмерці). Хрушчоў і Брэжнеў – наступныя “абразы́” дзеля пакланеньня пры жыцьці, затым для забыцьця ды абсьмяяньня пасьля сьмерці. Правадыроў савецкія людзі не выбіралі.

Савецкі парлямэнт (Вярхоўны Савет) – прыдатак да КПСС.

Савецкае галасаваньне за адзіны блёк камуністых і беспартыйных нічога не вырашала, таму яго нельга нават назваць клясычнымі выбарамі (ня было выбару), а Вярхоўны Савет СССР, Вярхоўныя Саветы рэспублік і мясцовыя саветы адзінагалосна прымалі рашэньні КПСС.

Рэальная роля ўсіх астатніх інстытутаў (прафсаюзаў, мясцовых саветаў й інш.) таталітарнай савецкай імпэрыі была нязначнай, хутчэй сымбалічнай.

Царква – адзіны паводле сутнасьці антыкамуністычны інстытут, што быў не забаронены, але максімальна абмежаваны ў сваёй дзейнасьці й супэркагэбізаваны, бо, фактычна, Савецкі Саюз зьяўляўся бязбожнай дзяржавай [РПЦ МП у цяпершняй Расеі застаецца пад такім жа кантролем КГБ-ФСБ. – Рэд.].

Распад СССР тлумачыцца, між іншым, структурнымі прычынамі (Taylor, Flint, 2000). СССР утварыўся на аснове Савецкай Расеі як першы элемэнт сусьветнага камунізму і чвэрцьстагодзьдзя быў фактычна першым элемэнтам гэтай сыстэмы. Адсюль, прыняцьце невыканальнай стратэгіі пабудовы сацыялізму ў адной дзяржаве ва ўмовах капіталістычнага акружэньня, таму патрэбна было дасягнуць узровень Захаду. Гэта рэальна рэалізоўвалася толькі празь імпарт найноўшых тэхналёгій, што ўключала Саюз у сусьветны капіталістычны гандаль і ў сусьветную эканамічна-палітычную сыстэму, але толькі ў якасьці сэміпэрыфэрыі або, нават, пэрыфэрыі. СССР ня быў часткай аднаго з двух тагачасных цэнтраў (Заходнеэўрапейскага і Паўночнаамэрыканскага) сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы.

Больш таго, у СССР рэспублікі мелі легальна гарантаванае канстытуцыйнае права на сэцэсію (выхад з Саюза). Пры сацыялізьме Канстытуцыя СССР практычна складалася з прыгожых, але неабавязковых дзеля выкананьня дэклярацый, бо, сутнасна, кіравала дзяржавай КПСС – мела таталітарную манаполію на ўладу [на справе кіравала яшчэ больш вузкая алігархічная група – Палітбюро ЦК КПСС. – Рэд.]. У час перабудовы Канстытуцыя СССР нарэшце запрацавала. Замацаванае ў Канстытуцыі права рэспублік на сэцэсію ў дэмакратычнай прававой дзяржаве трэба было выканаць.

Наступствы вядомыя…

 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы