Збігнеў Бжэзінскі (паводле www.inosmi.ru/stories/06/06/13/3482/243263; арыгінал тут: www.time.com/time/world/article/0,8599,1832699,00)
Паводле ідэі, заканчэньне “халоднай вайны” павінна было забясьпечыць прыход новай эры, у якой буйныя дзяржавы больш не маглі б дыктаваць суседзям, як ім уладкоўваць сваё жыцьцё. Менавіта таму ўварваньне Расеі ў Грузію – падзея настолькі трагічная і патэцыйна непажаданая. Сёньня ўвесь сьвет глядзіць на Расею: ці будзе яна і далей дамагацца сваіх імперскіх мэтаў метадамі прымусу і сілы, ці яна гатовая працаваць унутры новай сістэмы міжнародных адносін, у якой цэняць супрацоўніцтва і кансэнсус?
Жорская спроба Масквы падпарадкаваць сваёй волі й паставіць у залежнасьць ад сябе гэтую малюсенькую, але незалежную дэмакратычную краіну нагадвае сталінскія часы. Напад на Грузію – практычна тое, што сталінскі Савецкі Саюз зрабіў зь Фінляндыя ў 1939 годзе: у абодвух выпадках Масквы прымяніла ваенную сілу – жорстка, неадказна і ні зь кім не лічачыся – з адзінай мэтай: цалкам падпарадкаваць сабе слабога дэмакратычнага суседа. Сёньня застаецца адно пытаньне: ці здолее сусьветная супольнасьць паказаць Крамлю, што за непрыхаванае выкарыстаньне сілы для дасягеньня даўно адыйшоўшых у мінулае імперскіх мэтаў заўсёды даводзіцца плаціць.
Гэты канфлікт распальваўся на працягу шмат год. Расея мэтанакіравана заахвочвала падзел Грузіі. Падтрымку сепаратыстам Масква аказвала адразу ў трох абласьцях Грузіі – Абхазіі, Аджарыі й, вядома, Паўднёвай Асеціі. Яна падтрымлівала і працягвае падтрымліваць мяцежныя ўрады на гэтых тэрыторыях, яна ўзброіла іх войскі й нават абдарыла сепаратыстаў расейскім грамадзянствам. Пасьля таго, як у Грузіі прыйшоў да ўлады дэмакратычны празаходні ўрад, усё гэта пачало рабіцца яшчэ актыўней, чым раней. Непрыняцьце самой Грузіі й яе прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, які атрымаў адукацыю ў Амерыцы, набыло ў прэм’ер-міністра Расеі Ўладзіміра Пуціна маніякальныя рысы.
У адказ міжнародная супольнасьць зрабіла яўна недастаткова. У апошнія тыдні на хісткай лініі спыненьня агню, якая нажом прарэзала грузінскую тэрыторыю, адбыўся шэраг інцыдэнтаў, пасьля якіх і адбылася эскалацыя гвалту, якая прывяла да правальнай спробы Грузіі прыбраць “урад” Паўднёвай Асеціі – маленькага рэгіёну з насельніцтвам усяго ў 70.000 чалавек. Можна сказаць, што гэта быў непрадуманы і нават глупы крок, але тое, якім стаўся ваенны адказ Расеі, прымушае меркаваць, што Масква толькі й чакала, каб адбылося нешта падобнае, і планавала выкарыстаць яго ў якасьці зачэпкі для прымяненьня сілы. У Паўднёвую Асецію ўмомант уварваліся велічэзныя расейскія кантынгенты і тут жа ўвайшлі ў саму Грузію: у Горы накіраваліся танкі, на Горы і сталіцу краіны Тбілісі пасыпаліся бомбы.
Агрэсію Расеі супраць Грузіі нельга лічыць адзінкавым інцыдэнтам. Факт такі: Пуцін і яго падручныя ў Крамлі ня хочуць прымаць рэаліі пасьлясавецкага сьвету. Пуцін быў цалкам шчыры, калі казаў, што на яго погляд роспуск Савецкага Саюзу быў “найбуйной геапалітычнай катастрофай [20th] стагоддзя”. З пункту гледжаньня пуцінскага рэжыму, незалежныя дэмакратычныя краіны ўяўляюць зь сябе ня проста гістарычную анамалію, але прамую палітычную пагрозу.
Наступнай “гарачай кропкай” цалкам можа стаць Украіна. Расейскае кіраўніцтва ўжо адкрыта выказваецца на тэму, ці варта Расеі паважаць тэрытарыяльную цэласьць Украіны. Расейскія лідары таксама неаднаразова адзначалі, што Крым – частка Украіны – калі-небудзь павінен увайсьці ў склад Расеі. Такая ж палітыка Расеі што да Малдовы ўжо прывяла да фактычнага распаду былой савецкай рэспублікі. Больш за тое, Масква працягвае спробы эканамічна ізаляваць сваіх суседзяў у Цэнтральнай Азіі – Казахстан і Ўзбекістан. Што ж тычыцца краінаў Балтыі – Літвы, Латвіі і Эстоніі, – дык яны ўжо ня раз станавіліся ахвярамі пагрозаў з боку Расеі, а таксама эканамічных санкцый і разбуральнай кібернетычнай вайны.
На кону стаіць вельмі шмат – у канчатковым выніку, можна казаць пра тое, што пад пытаньнем аказалася сама незалежнасьць постсавецкіх краінаў. Расея па-ранейшаму лічыць, што павінна існаваць нейкае наднацыянальнае ўтварэньне, якое кіравалася б з Крамля і ахоплівала большую частку былых савецкіх тэрыторый. Падобнае стаўленьне ў нейкай ступені адлюстроўвае нацыяналістычныя [дый імперскія!!! – Рэд.] настроі, якія літаральна прасякнулі сёньня расейскую палітычную эліту. Уладзімір Пуцін, былы прэзідэнт, а зараз прэм’ер-міністар, трывала асядлаў гэтую нацыяналістычную хвалю [імперскую! – Рэд.], палітычна яе эксплуатуе і распаўсюджвае ўнутры Расеі. Пачаліся нават размовы аб аднаўленьні расейскай ваеннай прысутнасьці на Кубе ў выглядзе помсты ЗША за падтрымку незалежнасьці постсавецкіх дзяржаваў.
Для Захаду і асабліва для ЗША канфлікт паміж Расеяй і Грузіяй зьяўляецца як маральным, так і геастратэгічным выклікам. Маральная яго складовая самавідавочная: маленькая краіна, якая толькі што атрымала незалежнасьць пасьля двух стагоддзяў расейскага панаваньня, заслугоўвае міжнароднай падтрымкі далёка ня толькі ў форме выражэньня спачуваньня. Што ж тычыцца пытаньняў геастратэгіі, дык незалежная Грузія – крытычна важкае вязьмо для падтрыманьня плыні нафты на сусьветныя рынкі. Сёньня трубаправод, які перакачвае нафту зь берагоў Касьпійскага мора, з азербайджанскага Баку, праз Грузію ў турэцкае Сяродземнамор’е, дае Захаду доступ да энэргарэсурсаў Цэнтральнай Азіі. Калі заходні сьвет страціць гэты доступ, дык магчымасьць дыверсіфікацыі крыніцаў энэргіі будзе імі ў значнай ступені страчаная.
Захад павінен выразна і рашуча адказаць на агрэсію Расеі. “Рашуча” – гэта не значыць “сілай”. Пачынаць новую “халодную вайну” з Расеяй таксама ня мае сэнсу. Аднак Захад, і ў першую чаргу ЗША, павінны працягваць мабілізацыю міжнароднай супольнасьці для асуджэньня паводзінаў Расеі. Кандыдаты ў прэзідэнты Барак Абама (якога я падтрымліваю) і Джон Маккейн павінны падтрымліваць намаганьні прэзідэнта Буша па супрацьстаяньні дзеяньням Расеі; ў гэтым пытаньні нам патрэбная пазіцыя, якая задавальняла б абедзьве партыі. На жаль, некаторыя з паплечнікаў кандыдатаў ужо ўцягнутыя ў балючую крытыку выказваньняў адзін аднаго па грузінскім пытаньні. Так нельга рабіць, гэты крызіс занадта важкі.
Казаць пра тое, якія канкрэтныя захады павінен зрабіць Захад, цяпер было б несвоечасовым. Аднак неабходна зрабіць так, каб да Расеі дайшло: яна стане тварам у твар зь небясьпекай міжнароднага астракізму. Асабліва гэта павінна быць разгледжана новай бізнэс-элітай Расеі, якая становіцца ўсё больш чульлівай да ўплыву глабальнага фінансавага прэсінгу. Магутныя расейскія алігархі трымаюць на рахунках у заходніх банках сотні мільярдаў даляраў [во колькі накралі; і гэта ня мы кажам – пра гэта сьведчыць адзін з найбольш аўтарытэтных заходніх палітолагаў. – Рэд.]. У выпадку “халоднай вайны” яны могуць страіць вялікія капіталы, бо ў выніку супрацьстаяньня Захад на пэўным этапе можа замарозіць гэтыя сродкі.
У нейкі момант Захаду неабходна ўспомніць і пра алімпіяду. Калі пытаньне тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі ня будзе вырашана адэкватна (праз, напрыклад, разьмяшчэньне ў Паўднёвай Асеціі й Абхазіі сапраўды незалежных міжнародных сілаў бясьпекі наўзамен расейскіх войскаў), ЗША павінны разгледзець варыянт свайго няўдзелу ў Зімовай Алімпіядзе 2014 года, якая будзе праводзіцца ў расейскім горадзе Сочы, зусім побач з парушанай грузінскай мяжой. Тым больш, што прэцэдэнт ёсьць: я якраз працаваў у адміністрацыі Картэра, калі алімпійскі факел стаў нашай сімбалічнай зброяй – мы адмовіліся ад удзелу ў Летніх Алімпійскіх гульнях у адказ на ўварваньне ў Аўганістан. Савецкі Саюз планаваў наладзіць прапагандысцкае шоў – прыкладна такое ж, якое арганізаваў Гітлер у 1936 годзе ў Берліне. Але байкот Амерыкі нанес прэзідэнту [так у тэксьце. – Рэд.] Леаніду Брэжневу і камуністычнай сістэме магутны ўдар і ня даў Маскве атрымаць асалоду сусьветнага трыюмфу.
Цяперашні грузінскі крызіс – гэта праверка для Расеі. Калі Пуцін будзе настойваць на сваім, падпарадкуе сабе Грузію і зрыне яе прэзідэнта, які абараны на свабодных выбарах (а да гэтага, як мы ведаем, адкрыта заклікаў расейскі міністар замежных спраў), – дык тады паварот на Украіну й іншыя незалежныя постсавецкія дзяржавы, якія застаюцца ўразьлівымі, стане толькі пытаньнем часу. Захад павінен даць свой адказ – акуратна, але маральна і стратэгічна сканцэнтравана. Мэта Захаду – дэмакратычная Расея [любая імперыя, а тым больш тэрытарыяльная, ні пры якіх абставінах ня можа быць дэмакратычнай. – Рэд.], канструктыўны ўдзельнік глабальнай сістэмы, заснаванай на павазе да суверэнітэту, закону і дэмакратыі. Але дадзеная мэта можа быць дасягнута толькі тады, калі сьвет растлумачыць Маскве, што ўпарта нацыяналістычная [імперыялістычная. – Рэд.] Расея ня будзе мець аніякага посьпеху ў стварэньні новай імперыі ў наш постімперыялістычны час [на справе, у наш час з-за татальнай ліберастызацыі Захаду такая мэта не выглядае для Расеі безнадзейнай. – Рэд.].
” “Рашуча” – гэта не значыць “сілай”. Пачынаць новую “халодную вайну” з Расеяй таксама ня мае сэнсу. ” – расчараваў мяне Сп. Бжэзінскі.
Гэта сігнал для Масквы на захоп Грузіі.
“Рашуча” – гэта значыць не мямліць, не цягнуць.
Не магу пагадзіцца толькі з адным: Расея ні чакала “нападу” на паўдневую Асетыю, а справакавала іх, калі ні сама іх
падрыхтавала праз сваіх наймітаў. З вялікай упэўненасьцю магу сказаць, што такога смецця ў іх бодльш чым даствткова
і ні толькі ў былых сваіх альянтаў, а нават сярод магутных краін Эўропы. Інакш як патлумачыць поўнае маўчанне і вельмі часта
патуранне імпэрскім памкненням маскалеў. Можа гэтыя падзеі прымусяць Захад хоць трошкі ацьвярозіць іх празмерна
прагматычныя дзеянні, калі ў разлік уваходзяць толькі свае каоысныя памкненні. Каб толькі ні стала ім запозна.