Іна Студзінская (паводле www.svaboda.org/content/Article/1199305.html; гл. таксама www.gazetaby.com/index.php?sn_nid=5548&sn_cat=46)
Учора, 11 верасьня, вядомаму пэдагогу, краязнаўцу Алесю Белакозу споўнілася 80 гадоў. Усё жыцьцё ён працаваў настаўнікам у вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёну ў нас на Гарадзеншчыне. Спадар Алесь стварыў у сваёй школе ўнікальны літаратурна-этнаграфічны музэй. Цяпер ён на пенсіі, аднак час ад часу водзіць экскурсіі, бо ніхто ня здольны гэта рабіць так захапляльна.
Сам юбіляр у свае 80 мае шмат плянаў: “Калі мне ў 1986 годзе сказалі, што ў мяне рак, пайшлі мэтастазы і ўжо няма ратунку, я прасіў у Бога, каб даў яшчэ паўгода пажыць. Дзякуй Богу, адмовіўся ад лекараў і ўжо 22 гады жыву і добра сябе адчуваю. Лічу, што ў 80 гадоў ужо ня сорамна паміраць. Але ў мяне яшчэ даволі вялікія працоўныя планы — на гадоў шэсьць. Ну а там, відаць, зьявяцца новыя…”
Алесь Белакоз марыў стаць мэдыкам, але ў мэдінстытут не паступіў. У 1948 годзе пачаў працаваць у Гудзевіцкай школе. Хацеў стаць матэматыкам, але лічыў, што найпершы абавязак кожнага чалавека, а тым больш настаўніка, добра ведаць родную мову. У 1965-м ён наладжвае ліставаньне вучняў зь вядомымі беларускімі пісьменьнікамі, арганізоўвае школьны кабінэт беларускай літаратуры, на базе якога празь некалькі гадоў быў адкрыты музэй. З 1990 году Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музэй мае статус дзяржаўнага і налічвае амаль 15 тысяч экспанатаў, сабраных Алесем Белакозам разам з вучнямі. Да прыкладу, там знаходзіцца адзіны глёбус з надпісамі на беларускай мове. Калісьці па ім вывучалі геаграфію навучэнцы віленскай беларускай гімназіі.
Самыя дарагія экспанаты для Алеся Белакоза… “Гэта лісты нашых беларускіх патрыётаў, успаміны пісьменьнікаў Ларысы Геніюш, Мележа, Караткевіча, Быкава, Карпюка, чарнавікі іх твораў, пажаданьні для Беларусі, выказваньні пра мову. У нас вельмі шмат сабрана выказваньняў пра мову. Гэта для мяне самае дарагое. Таксама вельмі дарагія этнаграфічныя экспанаты ў нас ёсьць: падвойны дыван, на ім выткана дата “1898 год”, дыван 1900 году, які ахвяравала Ларыса Геніюш. Наагул, у нас сёньня самая багатая калекцыя падвойных дываноў у сьвеце”.
Алесь Белакоз неаднойчы адчуваў ціск з боку ўладаў, у т.л. КДБ. Аднак, нягледзячы на перашкоды, музэй працягваў існаваць і нават пашыраўся. У 2004 годзе спадар Белакоз адмовіўся павесіць у музэі партрэт прэзыдэнта, і яго адправілі на пэнсію.
Меркаваньне паэта Генадзя Бураўкіна: “Ён у сваёй грамадзянскай справе, грамадзянскай пазыцыі прайшоў пэрыяд ад таго часу, калі ваявалі зь беларушчынай, да таго часу, калі зноў зь беларушчынай сталі ваяваць. І нідзе ня схібіў — ні тады, ні цяпер. І калі б такі Белакоз быў у кожным раёне, у нас зусім па-іншаму было б і з нашай культурай, і са стаўленьнем да мовы. І я вельмі прашу і Бога, і самога Алеся Мікалаевіча, каб мы былі зь ім яшчэ доўга-доўга на нашай беларускай зямлі”.
Зямляк і сябра Алеся Белакоза мастак Лявон Вашко з Мастоў кажа: “Такія людзі, як Алесь Мікалаевіч, — гэта адзінкі, якія захоўваюць нашу нацыю. Веды, духоўнае багацьце народа акумулююцца ў сьвядомасьці нешматлікіх людзей, якія фактычна ахоўваюць нашу Бацькаўшчыну, зьберагаюць яе, перадаюць свой досьвед іншым. І таму як зь ім сустракаесься — гэта як дотык да народу. Таму што ў нашым зрусыфікаваным асяродзьдзі гэта – сапраўдная Беларусь”.
Ад рэдакцыі:
Мы ад усёй душы далучаемся да віншаваньняў спадару Алеся з нагоды яго 80-годдзя. Натуральна, жадем трымацца і далей рабіць сваю, і нашу агульную, справу. Вельмі хочацца, каб ён убачыў Сапраўдную Беларускую Перамогу, якая ўжо не за гарамі…
Мы таксама перакананыя, што на такіх людзях, як спадар Алесь – сапраўдных энтузіястах, беларускіх героях-волатах – трымаецца наша беларуска-літвінская зямля і будучыня нашага народу. Пацьвярджаем, што ў натхненьні на высакародную беларускую справу, вобраз Алеся Белакоза меў для нас першаступеннае значэньне.
Мы зьбіраліся наведаць спадара Алеся ўлетку, каб узяць у яго вялікае інтэрвю для нашага сайта. Але, на жаль, “Фестываль нацыянальных культур” і падзеі ў Грузіі перашкодзілі нашым планам. Спадзяемся, яны зьдзейсьняцца трохі пазьней. Але, з нагоды, заклікаем усіх маладых беларускіх патрыётаў наведацца ў Гудзевічы да спадара Белакоза (як мусульмане наведваюць Мекку). Перакананыя, у такой ступені, у якой вашы душы чыстыя, а планы шчырыя, вы атрымаецца і зарад, і натхненьне на ўсё жыцьцё!