Элен Бары (The New York Times; паволе www.inopressa.ru/nytimes/2008/09/10/11:47:35/sep; увага: дадзены адрас адчыняў артыкул адзін дзень, затым і дасёньня пачало высьвечвацца, што “артыкул ня знойдзены!”…)
Анэксія “Расеяй” некаторых правінцый Грузіі з прызнаньнем іх незалежнасьці ня толькі ў нас павялічыла цікавасьць да нацыянальна-сепаратысцкіх рухаў у межах самой імперыі. Артыкул, які мы падаем ніжэй, быў нядаўна надрукаваны ва ўплывовай газеце ЗША “The New York Times” і зьяўляецца яскравым сьведчаньнем гэтаму.
Рэдакцыя.
Паўднёвай Асеціі далёка да Татарстана. Паўднёвая Асеція – бедная памежная вобласьць Грузіі, скалечаная вайной, а Татарстан – асяродак бурлівага разьвіцьця эканомікі ў сэрцы Расеі, і яго нафтавыя радовішчы і палітычная стабільнасьць прыцягваюць інвестараў, нібы валяр’янка катоў.
Але паміж абедзьвюма вобласьцямі ёсьць нешта агульнае: пасьля распаду СССР і там, і там сталі разьвівацца сепаратысцкія рухі. І калі два тыдні таму прэзідэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў афіцыйна прызнаў самаабвешчаныя Паўднёвую Асецію і Абхазію незалежнымі дзяржавамі, актывісты ў Казані, сталіцы Татарстана, прынялі гэта да ўвагі.
Асацыяцыя нацыяналістычных арганізацый “Усетатарскі грамадскі цэнтар” пасьпяшалася апублікаваць зварот, у якім гаворыцца, што “ўпершыню ў навейшай гісторыі Расея прызнае дзяржаўную незалежнасьць сваіх падданых” [фрагмент гэтага звароту мы выставілі на сайце раней. – Рэд.], і выказваецца гарачае жаданьне, што чарга за Татарстанам. Аўтары гэтага дакумента самі ведаюць, што гэтыя заявы занадта аптымістычныя: адным з заўважальных дасягненьняў Уладзіміра Пуціна на прэзідэнцкай пасадзе, пазьней перададзенай Мядзьведзеву, было здушэньне сепаратызму. Рух татар знаходзіцца ў найбольшым заняпадзе за апошнія 20 гадоў.
Але рашэньне Масквы прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію робіць імкненьне Татарстана гіпатэтычна “небезнадзейным”, як выказаўся Рашыт Ахметаў. Ахметаў, галоўны рэдактар казанскай апазіцыйнай газеты “Зорка Паволжа”, заявіў: “Расея страціла маральнае права не прызнаваць нас”.
Рашэньне Мядзьведзева афіцыйна прызнаць незалежнасьць двух спрэчных вобласьцяў Грузіі – гэта крок, пра які доўга дыскутавалі ў маскоўскім зьнешнепалітычным істэблішмэнце, – мае далёка сягальныя наступствы.
Самым тэрміновым стала паглыбленьне расколу паміж Расеяй і яе былымі партнэрамі па перамовах на Захадзе. Але некаторыя таксама лічаць, што Масква адыходзіць ад пазіцыі, якую доўгі час займала, і спыняе настойваць на прынцыпе тэрытарыяльнай цэласьці, ствараючы лазейку, на падставе якой народы, якія жывуць на расейскай тэрыторыі, могуць патрабаваць аўтаноміі альбо незалежнасьці.
“У доўгатэрміновай персьпектыве яны, магчыма, самі сабе падпісалі сьмяротную дамову, – кажа Лорэнс Скот Шытц, дырэктар праграмы вывучэньня Каўказу у International Crisis Group, незалежнай арганізацыі, якая спрабуе папярэджваць і вырашаць глабальныя канфлікты. – У цяперашні момант гэта абстракцыя, але праз 20 гадоў сітуацыя будзе менш абстрактнай”.
Масква заяўляе, што выпадак Паўднёвай Асеціі й Абхазіі экстраардынарны, і стымулам да прыняцьця рашэньняў была сьмяротная пагроза іх жыхарам. Расейскія войскі масава перасяклі мяжу ў пачатку жніўня пасьля таго, як грузінскія сілы абстралялі ракетамі й артылерыяй грамадзянскія раёны горада Цхінвалі, сталіцы Паўднёвай Асеціі.
З-за нападу вяртаньне Паўднёвай Асеціі пад уладу Грузіі стала абсалютна немагчымым, заявіў Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна. Па словах Пяскова, Расея цьвёрда падтрымлівае прынцып тэрытарыяльнай цэласьці й не назірае буйных сепаратысцкіх рухаў на сваёй тэрыторыі.
“Так, у нас ёсьць пэўныя сепаратысцкія рухі, такія-сякія экстрэмісцкія элементы, асабліва на Паўночным Каўказе, але яны скрайне малалікія, – сказаў ён. – Яны моцна раздробленыя, гэта вельмі малалікія групы людзей”. Ён дадаў, што абставіны, у якіх апынуліся Паўднёвая Асеція і Абхазія, “цалкам іншага роду”.
Да прыходу Пуціна ва ўладу карціна выглядала цалкам інакш. У 1990-я прэзідэнт Барыс Ельцын заклікаў лідараў рэгіёнаў узяць столькі сверэнітэту, колькі яны здолеюць праглынуць. Рухі, якія дамагаліся самакіраваньня, пускалі карані на землях, якія ўяўлялі для Расеі вялікую каштоўнасьць: у Татарстане, дзе акрамя нафтавай прамысловасьці ёсьць таксама буйны завод па вытворчасьці грузавікоў і авіяцыйны завод; у Башкірыі, дзе ёсьць буйныя радовішчы прыроднага газу, у паўночнай вобласьці Комі – вуглездабывальным рэгіёне.
З усім гэтым было скончана ў Чачні, багатай на нафту маленькай латцы Паўночнага Каўказу. Чачня стала адзіным рэгіёнам, які адкрыта абвясьціў сваю незалежнасьць. У 1994 годзе Расея ўвяла ў Чачню войскі, і ў выніку баявых дзеяньняў, якія працягнуліся два гады, загінулі дзясяткі тысячаў чалавек. У 1999 годзе, на фоне нарастаючай хвалі гвалту на ўсім Паўночным Каўказе, Пуцін, у той час прэм’ер-міністар, кіраваў другой вайной, якая скончыла з чачэнскім паўстанцкім рухам [так у тэксьце. – Рэд.].
Масква, якая ўзмацнілася і нядаўна разбагацела дзякуючы нафтадалярам, выразна выказвала сваю волю. “Расея прадэманстравала, што за захаваньне сваёй тэрытарыяльнай цэласьці гатовая плаціць нялюдскі кошт, – кажа палітолаг Сяргей Караганаў, галава Рады па вонкавай палітыцы. – У Чачні ваявалі ня толькі з чачэнскімі мяцежнікамі, але і з рухамі па ўсёй краіне”. Практычна пагроза сепаратызму ў цэлым выпаравала з расейскага палітычнага жыцьця, а Пуцін даў многім расейскім гарачым кропкам дастатковую свабоду для таго, каб суцішыць унутраную апазіцыю. Нават на Паўночным Каўказе, у адным з самых выбухованебясьпечных рэгіёнаў Расеі, дзяржава цяпер дапамагае мусульманам атрымліваць візы і аплочваць авіябілеты для зьдзяйсьненьня хаджу – паломніцтва ў Меку. Адначасова Пуцін моцна ўмацаваў сваю выканаўчую ўладу: у 2004 годзе ён адмяніў выбарнасьць губернатараў. Начальнікі, якія адбіраліся ім асабіста, умацоўвалі эканоміку на месцах і жорстка ўціскалі апазіцыйныя арганізацыі. Гэта ілюструе лёс Татарстана. Татары дасёньня адзначаюць смутную гадавіну таго дню ў 1552 годзе, калі Іван Грозны ўзяў Казань і далучыў іх краіну да Сьвятой Русі.
Калі Ельцын пачаў заахвочваць суверэнітэт рэгіёнаў, Татарстан ахвотна выкарыстаў яго рэкамендацыі – увёў уласныя налогі й нумарныя знакі для аўтамабіляў. З цыбулінамі царкоўных купалоў у Казані пачалі супернічаць бліскучыя новыя мячэты, і этнічныя татары, якія складалі там 48% насельніцтва (этнічных рускіх 43%), адчынілі свае ўласныя школы. Парламент Татарстана пастанавіў, што мясцовыя жыхары, прызваныя ў войска, ня маюць права ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях за межамі Паволжа.
Калі Пуцін скасаваў выбары старшыняў рэгіёнаў, прэзідэнт Татарстана Мінцімер Шайміеў гучна пратэставаў, называючы гэты план вымушанай і балючай мерай. Але ў апошнія гады Ахметаў – рэдактар апазіцыйнай казанскай газеты, пра якога ўзгадвалася вышэй – назіраў, як персьпектывы аўтаноміі яшчэ больш звузіліся.
“Нам стала ясна, што нашага прэзідэнта могуць зьняць у любы момант, за 24 гадзіны”, – патлумачыў Ахметаў. Але рашэньне Мядзьведзева прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, па словах Ахметава, “стварае прэцэдэнт, нешта накшталт кіраўніцтва” па набыцьці незалежнасьці. Масква ўпэўнена, што жорстка кантралюе палітыку ў перыферыйных рэгіёнах, сказаў ён, але праз 10-20 гадоў сітуацыя можа зьмяніцца.
“У аўтарытарную сістэму зыходна закладзены насеньні самаразбурэньня, – кажа Ахметаў. – Масква зрабіла памылку”.
Падобныя рухі заварушыліся і ў Башкартастане, буйным нафтахімічным цэнтры, дзе этнічныя башкіры складаюць каля 30% насельніцтва. Маленькая арганізацыя “Кук Бурэ”, якая выступае за абавязковае вывучэньне башкірскай мовы ў дзяржаўных школах, выпусьціла маніфест, у якім Масква абвінавачваецца ў “падвойных стандартах” – у ім гаворыцца, што яна падтрымлівае народы накшталт абхазаў і асецін, але палітычную платформу башкірскіх арганізацый ігнаруе.
“Прыйшоў час спытаць з кожнага федэральнага чыноўніка – а ў апошнія гады ў Башкартастане яны пладзяцца тысячамі – “Што вы робіце для башкірскага народу?” – сказана ў маніфесьце, разьмешчаным на сайце арганізацыі [тэкст заявы, пра якую гаворка, можна прачытаць і на нашым сайце; яна была разьмешчана раней. – Рэд.].
Юрыст Цімур Мухтараў, адзін з заснавальнікаў руху, сказаў, што мэты яго арганізацыі куды больш сьціплыя, чым абвяшчэньне незалежнасьці. Праўда, некаторыя могуць абмяркоўваць гэтую ідэю ў кулуарах, але публічна яе падтрымліваць небясьпечна, паколькі прынятыя законы супраць экстрэмізму.
31-гадовы Мухтараў адчувае лёгкую настальгію па ельцынскіх часах, калі было “больш хаасу, але менш страхаў”.
Падтрымка Расеяй самавызначэньня абласьцей Грузіі, магчыма, ня зьменіць адносінаў Масквы і Башкартастана, кажа ён, “але, прынамсі, яна дае нам нейкую глебу для абмеркаваньня”.
Дзеяньні Расеі могуць таксама ажывіць рухі на Паўночна-Заходнім Каўказе, дзе ў пачатку 1990-х некаторыя арганізацыі заклікалі да аўтаноміі альбо аддзяленьня ад Расеі, кажа Чарльз Кінг, прафесар міжнародных зносін і дзяржаўнага кіраваньня ў Джорджтаўнскім унверсітэце. Гэтыя заклікі сьціхлі пасьля таго, як да ўлады прыйшоў Пуцін.
Але мала хто так уважліва сачыў за падзеямі ў Абхазіі, як крэўны абхазам народ – чаркесы. Многія чаркесы і сёньня жывуць у Расеі, у рэспубліках Кабардзіна-Балкарыя, Карачаева-Чаркесія і Адыгея, але абсалютная большасьць жыве за межамі Расеі й усё яшчэ ўспамінае пра Каўказ, як пра сваю бацькаўшчыну.
“Яны ў захапленьні, – кажа прафесар Кінг, аўтар кнігі “Прывід свабоды: гісторыя Каўказа”. – Іхныя кузэны набылі незалежнасьць. Яны ўспрымаюць гэты факт як буйную падзею, якая таіць у сабе рэальныя наступствы для Расеі”.
У сувязі з тым, што выданьню “Нью-Ёркскіх часоў” належыць газета “Міжнародная апавяшчальная трыбуна”, на месьціве апошняй мажліва сустрэць дадзены артыкул у вольным доступе (http://www.iht.com/bin/printfriendly.php?id=16027688 або http://www.iht.com/articles/2008/09/10/europe/10separatists.php).