nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Яшчэ да пакту Молатава-Рыбентропа

7 кастрычніка, 2008 | 4 каментарыя

Ігар Паўлоўскі

Ð�Ñ�лÑ�Ñ�.JPG 

Аўтар – дырэктар Руска-Балтыйскага медыя-цэнтру. Артыкул быў надрукаваны ў эстонскім выданьні “Delfi” ў верасьні г.г. (падаецца паводле www.inosmi.ru/translation/244168.html). У матэрыяле відавочна зьмягчаецца драпежіцкая палітыка сталінскага СССР напярэдадні Другой сусьветнай вайны (раім чытачам на дадзены кантэкст не пападацца). Мы падаем артыкул па іншай прычыне – каб абнародаваць малавядомыя факты пра іншых еўрапейскіх драпежнікаў (напрыклад, Польшчу), а таксама пра такія дзяржавы, як Вялікабрытанія і Францыя, якія ня выканалі сваіх абавязальніцтваў, чым спрыялі эскалацыі агрэсіі гітлераўскай Нямеччыны. Ня будзем хаваць, актуальнасьць дадзенага гістарычнага матэрыялу, як своеасаблівага папярэджаньня, істотна ўзрасла ў сувязі зь нядаўнімі падзеямі вакол Грузіі. У заходніх дзяржаў выявіліся тыя ж інстынкты. Дый гісторыя, як вядома, нікога і нічаму ня вучыць. Таму аналагічная хада падзей у Еўропе можа паўтрыцца зноў. Толькі вось на месцы Чэхаславаччыны ці Аўстрыі можа апынуцца… Беларусь, а ролю Нямеччыны на гэты раз можа выканаць Расея. Мы ўжо пра гэта папярэджвалі (nashaziamlia.org/2008/08/30/1513). Практычна тое ж гаворыць цяпер (у т.л. пра “вялікую верагоднасьць аншлюсу Беларусі”) і знаёмы чатачам нашага сайта Эдвард Лукас (гл. http://www.polskieradio.pl/zagranica/news/artykul92897.html). Толькі ёсьць адзін істотны нюанс: у 1939-44 гадах у вайскоўцаў яшчэ не было ядзернай зброі…

Рэдакцыя.  

 

Калі спытаць любога прадстаўніка палітычнай эліты ў Прыбалтыцы ці ў Польшчы, “з чаго пачалася Другая сусьветная вайна”, хутчэй за ўсё, мы атрымаем адказ: “З пакта Молатава-Рыбентропа, з падзелу Польшчы і акупацыі Прыбалтыкі”. Рызыкну выказаць меркаваньне, што такі ж адказ мы атрымаем ад многіх палітыкаў і “эксьпертаў” і ў астатняй Еўропе ды ЗША.

Гэтая пазіцыя вельмі зручная. Яна дазваляе акрэсьлена азначаць у масавай палітыка-грамадскай сьвядомасьці двух ворагаў, якія падзялілі сьвет, а потым счапіліся адзін з адным. А ўжо “добрым” заходнім дэмакратыям пазьней давялося з двух благаў выбіраць лепшае – Сталіна, і зь ім у зьвязе зьнішчыць другое блага – Гітлера. Прымітывізм гэтай сьхемы пасьпяхова ўладкаваўся ў галовах нашых “партнэраў”. Частка гісторыкаў таксама лічаць за лепшае найскладаны перыяд часу перад пачаткам Другой сусьветнай зводзіць да гэтай няхітрай сьхемы. Зрэшты, гэта датычыць ня толькі гісторыі, але і сёньняшняга дню (схема “бедная дэмакратыя Грузія vs дрэнная агрэсіўная Расея” трывала засела ў галовах ня толькі абыватэляў, але і шэрагу прадстаўнікоў палітычнай эліты) [мы папярэджвалі! – Рэд.].

Вось і ў вельмі цікавым артыкуле на эстонскім партале DELFI “СССР і Эстонія. Верасень”, напісаным Хары Лэсмэнтам, адлік зьнешнепалітычных стасункаў паміж СССР і Эстоніяй пачынаецца з 1939 года. Паводле думкі аўтара, падступны СССР, наперакор усім перамовам і шчыраму ўдзелу Англіі і Францыі ў праблемах бясьпекі Прыбалтыкі, усё ж “акупуе” Эстонію і яе суседзяў [тое самае! – Рэд.].

У артыкуле аўтар прапануе зьвярнуцца да фактаў. Ну, што ж, давайце і мы зьвернемся да фактаў.

Пакту Молатава-Рыбентропа папярэднічалі Мюнхенскія пагадненьні 1938 года. Але нават дату “мюнхенскай змовы” цяжка разглядаць ў адрыве ад падзеяў, якія былі да гэтага. Падзеі ў Мюнхене прынята разглядаць як кропку “неадваротнасьці” ў падрыхтоўцы да вайны. Але на самой справе Мюнхен – хутчэй апафіёз палітыкі Францыі і Вялікабрытаніі ў міжваенны перыяд. Ганьба англійскай і французкай дыпламатыі і трыюмф нацысцкай.

Калі казаць пра тое, што было перадумовамі да Другой сусьветнай вайны, дык неабходна помніць, што адбылося шмат падзеяў і да Мюнхена, і ўжо тым больш да пакта Молатава-Рыбентропа.

7 сакавіка 1936 года. Нямеччына займае Рэйнскую дэмілітарызаваную зону (Рэйнланд). Паводле ўмоваў Лакарнскіх пагадненьняў, Нямеччына ня мела права трымаць у гэтай частцы сваёй краіны ўзброеныя войскі і будаваць умацаваньні. Дастаткова паглядзець на мапу, каб зразумець, чаму краіны Антанты наклалі такое абмежаваньне на Германію. Праз Рэйнланд, у выпадку адсутнасьці там вайсковых частак і ўмацаваньняў, францускія войскі маглі дастаткова хутка дасягнуць цэнтральных раёнаў Нямеччыны і выйсьці на злучэньне са сваімі саюзьнікамі – чэхаславакамі.

Згодна з Рэйнскім гарантыйным пактам (1925), у выпадку парушэньня дамовы аб дэмілітарызацыі Рэйнланда краіны, якія падпісалі гэтае пагадненьне, павінны былі аказаць тэрміновую дапамогу той дзяржаве, супраць якой вайсковыя акцыі ў гэтай зоне будуць скіраваныя. Францыя, якая мела ня проста перавагу над толькі што сфармаваным Вермахтам, але велізарную перавагу (13 дывізій на мяжы супраць 3-х нямецкіх батальёнаў), ня робіць ніякіх крокаў. Адзін з матываў невыкарыстаньня ўзброенай сілы быў у пазіцыі Вялікабрытаніі: яна выразна дала зразумець Францыі, што не зьбіраецца аказваць ёй падтрымку ў выпадку вайсковых дзеяньняў. Англійскі гісторык і сьведка тых падзеяў Уільям Шырэр адзначаў, што ўвядзеньне нямецкіх войскаў у Рэйнланд было чыстай авантурай Гітлера. Дастаткова было Францыі высунуць некалькі дывізій – і яны ня толькі выбілі б з рэйнскай зоны нямецкія войскі, але і атрымалі б шанец дайсьці да Берліна.

“У сакавіку 1936 году дзьве заходнія дзяржавы мелі апошні шанец, не развязаўшы вялікай вайны, спыніць мілітарызацыю і агрэсіўнасьць таталітарнай Нямеччыны і прывесьці да поўнага краху, як адзначаў і сам Гітлер, нацысцкі рэжым. Яны гэты шанец упусьцілі. Для Францыі гэта стала пачаткам канца. Яе ўсходнія саюзьнікі – Расея, Польшча, Чэхаславакія, Румынія і Югаславія – былі пастаўленыя перад фактам: Францыя ня будзе ваяваць супраць Нямеччыны” (1). Такім чынам, Нямеччына ня толькі прадэманстравала ўсёй Еўропе слабасьць Францыі й Вялікабрытаніі, але і атрымала стратэгічную перавагу.

Рэйх, пасьля ўвядзеньня войскаў, пачаў актыўнае будаўніцтва “Заходняга валу” ці “Лініі Зікфрыда” – сістэмы магутных умацаваньняў на мяжы з Францыяй. Пасьля пабудовы гэтага абарончага комплексу саюзьнікі Францыі ўжо не маглі разьлічваць на хуткае наступленьне францускіх узброеных сілаў, калі яно наогул магло быць.  Генерал дэ Голь так прадказваў наступную рэакцыю Францыі на магчымае ўварваньне нацысцкай Нямеччыны ў любую з краінаў Усходняй ці Паўднёвай Еўропы: “У залежнасьці ад абставінаў, мы выклічам людзей з рэзерву першай чаргі, ці з запасу. А затым праз амбразуры ўмацаваньняў будзем бязьдзейсна назіраць, як апаноўваюць Еўропу” (2). Уся сістэма калектыўных дамоўленасьцяў аб бясьпецы ў Еўропе, якую выбудоўвала Францыя, пачала разбурацца. У першую чаргу гэта адбылося па віне самой Францыі і Вялікабрытаніі. Са здачай Рэйнланда Чэхаславакія, Югаславія і Румынія, а таксама іншыя краіны сістэмы “калектыўнай бясьпекі” атрымалі выразны сігнал аб тым, што яны могуць апынуцца адныя перад пагрозай уварваньня з боку Нямеччыны. Гэта не магло не падштурхнуць частку гэтых краінаў у бок пошуку кантактаў і ўсталяваньня добрых, а часам і саюзьніцкіх адносінаў зь Нямеччынай.

Грамадзянская вайна ў Гішпаніі. Нягледзячы на актыўнае ўмяшальніцтва ва ўнутраны канфлікт на іберыйскім паўвостраве Італіі ды Нямеччыны, Вялікабрытанія ды Францыя ня толькі ня выступілі і не падтрымалі законны рэспубліканскі ўрад, але і сваёй “палітыкай неўмяшальніцтва” наканавалі на гібель гэты ўрад. Дарэчы, трэба адзначыць, што адзіная дзяржава ў Еўропе, якая актыўна падтрымала законныя ўлады Гішпаніі і ня толькі маральна, але і ўзбраеньнямі і добраахвотнікамі – СССР.

К 1938 году палітыка “неўмяшальніцтва” Вялікабрытаніі й Францыі павольна перацякае ў палітыку “замірэньня”. Нямеччына без праблем у зьнешнепалітычнай сьферы ажыцьцяўляе аншлюс Аўстрыі ў сакавіку 1938 года. І ў тым жа 1938 годзе падзяляе Чэхаславакію, адну з частак якой – Судэцкую вобласьць – Англія і Францыя ёй фактычна падносяць на талерачцы.

Няма сэнсу апісваць усе перыпетыі гэтай трагічнай гісторыі ў міжнароднай палітыцы. Дзьве наймагутнейшыя дзяржавы Еўропы ўласнымі рукамі зрабілі ўсё, каб іх саюзьнік Чэхаславакія здалася бяз бойкі, а германскі Рэйх атрымаў ня толькі новыя тэрыторыі і людскія рэсурсы, але і магутную ваенную і прамысловую чэхаславацкую базу, якую ён актыўна эксплуатаваў у Другой сусьветнай вайне.

Паводле архіўных даных, СССР на ўсім працягу міжнароднага канфлікту вакол Чэхаславакіі заставаўся адзінай краінай, якая з самога пачатку пацьвярджала свае саюзьніцкія абавязальніцтвы што да гэтай краіны. Да самага апошняга дню крызісу СССР, праз афіцыйныя і неафіцыйныя каналы, даваў зразумець чэхаславакам, што гатовы ваяваць за іх незалежнасьць. Аднак адсутнасьць агульнай мяжы, катэгарычная нязгода Польшчы і Венгрыі на прахаджэньне савецкіх войскаў праз іх тэрыторыі, а таксама нежаданьне Францыі выконваць абавязальніцтвы па абароне суверэнітэту Чэхаславакіі (згодна з “Дамовай аб калектыўнай бясьпецы”, СССР мог аказаць дапамогу Чэхаславакіі толькі ў выпадку аказаньня Францыяй ваеннай дапамогі Чэхаславакіі – заўв. аўт.) прывялі да таго, што Чэхаславакія адмовілася ад усіх прапановаў па сваёй абароне, якія зыходзілі ад СССР [у кіраўніцтва СССР былі свае матывы для такіх паводзінаў. Пайшоўшы “дапамагаць Чэхаславакіі”, Сталін ужо ў 1939 годзе мог заняць палову Еўропы. – Рэд.].

“Мюнхэн” стаў своеасаблівай рысай ў сусьветнай палітыцы. З падзелу Чэхаславакіі ў Еўропе пачынаецца своеасаблівае “бязьмежжа захопніцтва”. Вялікабрытанія і Францыя паказалі ня толькі сваім саюзьнікам, але і ўсяму сьвету, што ў іх ня толькі няма жаданьня стрымліваць агрэсара, але сваімі дзеяньнямі яны гатовыя патураць яму. Пры гэтым натуральны саюзьнік супраць Гітлераўскай Нямеччыны – СССР, які рэальна быў здольны трымаць у выпадку вайны з Нямеччынай усходні фронт, настойліва адсоўваецца ад еўрапейскіх справаў і рэальнага ўдзелу ў сістэме калектыўнай бясьпекі. Кіроўнымі коламі Вялікабрытаніі й Францыі СССР успрымаўся хутчэй не як раўнапраўны партнэр, а як бок, куды можна было б каналізаваць агрэсію Гітлера. Паводле інфармацыі савецкага паўпрадства ў Лондане, у палітычных колах Англіі пасьля “Мюнхена” актыўна дыскутавалася пытаньне аб тым, што “далей Гітлер пойдзе на Ўсход і што яго бліжнім буйным аб’ектам ёсьць Украіна” (3).

Польшча, убачыўшы такі падыход сваіх саюзьнікаў, перастае хаваць свае экспансіянісцкія скіраваньні і пачынае актыўнае “заляцаньне” да Нямеччыны ў зьнешнепалітычнай сьферы. Так, афіцыйная Варшава, якая ўжо мела падпісаную дамову аб сяброўстве і супрацоўніцтве зь Нямеччынай (1934), пачынае разглядаць сябе як саюзьніка Трэцяга рэйху. У сакавіку 1938 года Польшча падала Літве ўльтыматум з патрабаваньнямі заключэньня кавенцыі, якая б гарантавала правы польскай меншасьці ў Літве, а таксама адмены параграфа літоўскай канстытуцыі, які абвяшчаў Вільню сталіцай Літвы (да гэтага часу, наперакор рашэньню Лігі нацый, Вільня была акупаваны Польшчай – заўв. аўт.). На польска-літоўскай мяжы засяроджваюцца польскія войскі. У выпадку адхіленьня ўльтыматума палякі пагражалі пачаць вайну і акупаваць Літву. Дзякуючы рашучым заявам СССР аб гатовасьці ваяваць за Літву і актыўнаму супрацьдзеяньню Францыі, гэты аншлюс здолелі прадухіліць [!!! – Рэд.].

Ужо да “Мюнхену” Польшча ня толькі не разглядае сябе як удзельнік магчымай антыгітлераўскай кааліцыі, але і наўпрост, пры падтрымцы Нямеччыны, выступае ў якасьці агрэсара. Пад пагрозай сілы Польшча анэксуе частку Чэхаславакіі – Цешанскую воласьць. Рыбентроп напярэдадні захопу часткі Чэхаславакіі польскімі войскамі данёс да ведама пасла Польшчы ў Нямеччыне Ліпскага пазіцыю Рэйху: “У выпадку польска-чэскага ўзброенага канфлікту ўрад Нямеччыны захавае ў адносінах Польшчы добразычлівую пазіцыю. У выпадку польска-савецкага канфлікту ўрад Нямеччыны зойме ў адносінах да Польшчы пазіцыю больш чым добразычлівую. Пры гэтым (Рыбентроп – заўв. аўт.) даў выразна зразумець, што ўрад Нямеччыны аказаў бы дапамогу”. А генерал-фельдмаршал Герынг заявіў пасьля сустрэчы з Рыбентропам таму ж Ліпскаму, што “у выпадку савецка-польскага канфлікту, польскі ўрад мог бы разьлічваць на дапамогу з боку нямецкага ўраду. Цалкам неверагодна, каб Рэйх мог не дапамагчы Польшчы ў яе барацьбе з Саветамі” (4).

Венгрыя, бяскроўным шляхам і таксама пры падтрымцы Нямеччыны, атрымала свой кавалак ад развальваньня Чэхаславакіі. Пры гэтым Венгрыя пасьля “Мюнхена” пачынае ў зьнешняй палітыцы цалкам арыентавацца на нацысцкую вось Берлін-Рым.

Менш чым праз год пасьля Мюнхэна Нямеччына “дабівае” Чэхаславакію праз акупацыю Багеміі і Маравіі. Гітлер урачыста ўязджае ў Прагу. Паводле тэлеграмы паўнамоцнага прадстаўніка СССР ў Нямеччыне Меракалава ў НКЗС ССССР (14 сакавіка 1939 года – за дзень да акупацыі Чэхаславакіі), кіраўнікі Рэйху неўмяшальніцтва Англіі і Францыі лічылі забясьпечаным (5).

Праз некалькі дзён пасьля канчатковага падзелу Чэхаславакіі Нямеччына анэксуе Мемель (сучасная Клайпеда), які належаў Літве, і прымушае ўрад Літвы падпісаць двухбаковую дамову аб сяброўстве і супрацоўніцтве.

У 1939 годзе СССР меў перад сабой цалкам разваленую сістэму калектыўнай бясьпекі ў Еўропе, шматкроць узмоцненую ў ваенным сэнсе Нямеччыну і поўнае патураньне агрэсару з боку Вялікабрытаніі і Францыі. Спробы выбудаваць новую сістэму дамоваў разьбіваліся аб нежаданьне Вялікабрытаніі і Францыі (а балазе і Польшчы) уцягваць СССР ў еўрапейскія справы.

У красавіку 1939 году Літвінаў (галава НКЗС – заўв. аўт.) рабіць апошнюю спробу зацікавіць Францыю і Вялікабрытанію сумесным пагадненьнем і прапануе падпісаць ваенную канвенцыю трох дзяржаваў з магчымым далучэньнем Польшчы (6). Аднак і афіцыйны Лондан, і афіцыйны Парыж не прыймаюць гэтыя прапановы. Пры гэтым Вялікабрытанія дае аднабаковыя гарантыі абароны Польшчы ў выпадку нападзеньня на яе трэцяй краіны. Уінстан Чэрчыль так ацаніў гэты жэст сваёй краіны: “Англія, ведучы за сабой Францыю, прапануе гарантаваць цэласьць Польшчы – той самай Польшчы, якая ўсяго паўгады таму з прагнасьцю гіены прыняла ўдзел у рабаваньні і зьнішчэньні Чэхаславацкай дзяржавы” (7).

У канцы 1938 года аддзел друку міністэрства замежных справаў Польшчы рассылае нямецкім карэспандэнтам у Польшчы паведамленьне для надрукаваньня, у якім, акрамя іншага, утрымліваецца і такі пасаж: “Польшча ў сваёй зьнешняй палітыцы заўсёды прытрымлівалася таго пункту гледжаньня, што ўдзел Савечкага Саюзу ў еўрапейскай палітыцы залішні” (8). Акрамя таго, Польшча ня толькі не выказвае жаданьня бачыць СССР сярод сваіх саюзьнікаў, але і менш чым за год да свайго разгрому працягвае адчуваць сябе вялікай дзяржавай, здольнай у зьвязе з Нямеччынай адолець СССР.

Пра сустрэчу Рыбентропа зь міністрам замежных справаў Польшчы Бекам ў студзені 1939 года застаўся ў архівах наступны запіс: “Затым я (Рыбентроп – заўв. аўт.) яшчэ раз размаўляў з п. Бекам аб палітыцы Польшчы і Нямеччыны што да Савецкага Саюзу і ў гэтай сувязі таксама па пытаньні Вялікай Украіны; я зноў запрапанаваў супрацоўніцтва паміж Польшчай і Нямеччынай ў гэтай галіне. Пан Бек не хаваў, што Польшча прэтэндуе на Савецкую Украіну і на выхад да Чорнага мора. <...> Я (Рыбентроп – заўв. аўт.) спытаў Бека, ці не адмовіліся яны ад славалюбных памкненьняў маршала Пілсуцкага ў гэтым кірунку, гэта значыць, ад прэтэнзій на Украіну. На гэта ён усьміхнуўся і адказаў мне, што яны ўжо былі ў самым Кіеве і што гэтыя памкненьні, без сумневу, усё яшчэ жавыя і сёньня” (9). [а пра Беларусь ні слова. – Рэд.]

Пры гэтым усе спробы СССР пабудаваць сістэму бясьпекі ў Прыбалтыцы для ўнікненьня магчымага выкарыстаньня гэтых краінаў у якасьці плацдарма для наступленьня нямецкіх войскаў абарочваліся паразай. Як адзначае англійскі гісторык Шырэр, “Літва, Латвія і Эстонія адмаўляліся прымаць гарантыі СССР, які ў іх супрацьдзеяньні падазраваў нацысцкую Нямеччыну, і небеспадстаўна” (10). Пры сталым зацягваньні перамоваў з боку “заходніх дэмакратый” і выразнай агрэсіўнасьці Польшчы, Нямеччына ад імя вышэйшага кіраўніцтва Рэйху прапануе СССР заключыць пагадненьне аб міры і аб падзеле сьфераў уплыву (11). У жніўні 1939 года СССР і Нямеччына падпісваюць пагадненьні, якія пазьней сталі вядомыя як пакт Молатава-Рыбентропа.

Так, пакт Молатава-Рыбентропа немаральны, але ён быў ня больш немаральны, чым Мюнхенская змова і падзел Польшчай і Венгрыяй, разам з нацысцкай Нямеччынай, Чэхаславакіі. Да гэтага пакта СССР вымушаны быў назіраць, як “заходнія дэмакратыі” – Вялікабрытанія і Францыя – “заміраюць агрэсара”. Што да “гарантыяў”, якія Англія і Францыя гатовыя былі даваць Прыбалтыцы ў 1939 годзе, дык Сталін і яго атачэньне бачылі, чым гэтыя “гарантыі” павярнуліся для Чэхаславакіі. А атрымаць у 100 кіламетрах ад Ленінграда вайсковую групоўку Вермахту яўна не ўваходзіла ў планы савецкага кіраўніцтва.

Пры гэтым адвольна ці неадвольна ў савецкага кіраўніцтва складалася ўражаньне, што “заходнія дэмакратыі” арыентуюць агрэсію Гітлера ўсё далей на Ўсход, у бок СССР. І таму, калі ў Мюнхене ў 1938 годзе Англія, Францыя і Польшча  фактычна далі старт Другой сусьветнай вайне, СССР быў упэўнены, што наступнай мэтай больш чым рэальнага зьвязу Нямеччыны і Польшчы пры маўклівай падтрымцы “заходніх дэмакратый” можа стаць СССР, які, паводле плана галавы МЗС Польшчы, павінен быў заплаціць за свой неўдзел у Мюнхенскай змове далучэньнем да Польшчы савецкай Украіны.

Ігар Паўлоўскі

 

*****

1) У.Ширер. Взлет и падение Третьего рейха. М., 1991. с. 335

2) Молчанов Н. Генерал де Голль. М., 1988. с. 111.

3) Год кризиса 1938-1939. Документы и материалы в 2-х томах. М., 1990. т.1, с. 278

4) Письмо посла Польши в Германии Ю. Липского министру иностранных дел Польши Ю. Беку. Год кризиса. Там же

5) АВП СССР, ф. 059, оп. 1, п. 294, д. 2036, л. 44. Опубл. в сб.: СССР в борьбе за мир… С. 235.

6) У. Ширер. Там же. с. 514

7) У. Черчилль, “Вторая мировая война”, М., 1991, т.1, с. 163

8) Документы и материалы кануна второй мировой войны. 1937-1939 М. 1981 т. 1, с. 256-257

9) Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1973. т. 7, с. 20-22

10) У. Ширер. Там же. с. 514

11) В своей книге Уильям Ширер отмечает, что на очередные предложения СССР о проведении конференции по безопасности в Европе лорд Галифакс отвечает отказом. Лорд объясняет отказ тем, что ни один из министров английского кабинета не может выехать на конференцию по причине занятости. При этом Риббентроп выразил желание приехать в любой удобный для руководства СССР день для подписания соглашений.

 

 

 

4 каментарыя

  1. Гэтую сітуацыю беларуская нацыянальная эліта павінна вывучыць даскальна з усіх бакоў, бо яна паўтараецца сёння. Беларусы павінны помніць, што так будзе заўсёды, пакуль мы не станем сілай, моцнай сілай. З гэтай прычыны я і прапанавала аб адраджэнні шляхецкага стану ў нашым грамадстве, з гэтай прычыны прапаноўваецца стварэнне мазгавога цэнтру нацыі. Але гэта патрабуе вялікай мужнасці ад людзей і цярпелівасці, каб перанесці жабрацтва. Ці знойдуцца такія людзі ў Беларусі?

  2. Такія людзі ў Беларусі і па-за яе межамі – ёсьць!
    Таму клічам сумленных беларусаў да яднаньня, канешне, не ў новыя АДС.
    Знайсьці наш можна тут
    Жыве Беларусь!

  3. Siarhiej кажа:

    1. А дзе ў тыя часы была “грамадская думка”? Дзе былі журналісты ды “палітолагі”?
    2. “СССР успрымаўся …. як бок, куды можна было б каналізаваць агрэсію Гітлера.” А В. Сувораў (Ледакол)
    піша і абгрунтоўвае такое ж уяўленне Сталіна аб каналізацыі агрэсіі Гітлера на Эўропу.
    3. Ахвярамі такога крывадушша палітыкаў сталі мільёны забітых і пакалечаных людзей. Але ж гэтыя людзі
    падтрымлівалі (ці не пратэставалі) супраць крывадушша.

  4. Чаму не пратэставалі? Пратэставалі, нават са зброяй ў руках, пачынаючы з 1917 года. Толькі ўсе аказаліся ў сталінскіх лагерах. Міліёны людзей там загінула. Нават не ўстане ўсіх палічыць. Мой дзед сядзеў ў камеры, з якой забіралі на растрэл, атрымаўшы такі прыгавор, за то што яго дваюрадны брат ваяваў з Булат-Булаховічам.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы