ІХ. 1. ГЛЯБАЛІЗАЦЫЯ
Найноўшыя зьмяненьні ў палітычнай часапрасторы Эўропы прывялі да гегемоніі ЗША (аднаполюсны сьвет), пэрыфэрызацыі Эўропы (у зьвязе з ЗША), эўрапейскай інтэграцыі, узросту ролі Азіі (асабліва Ўсходняй і, у намнога меньшай ступені, — Паўднёва-Заходняй), далейшай марыгіналізацыі Афрыкі і інш.
Глябалізацыя – сукупнасьць працэсаў інтэграцыі сьвету. Паклала канец сьвятарнасьці сувэрэнітэтаў і незалежнасьцяў асобных дзяржаў.
Восем галоўных аспэктаў глябалізацыі (P. Taylor i C. Flint, 2000):
— фінансавы, сутнасьць якога заключаецца ў існаваньні сусьветнага фінансавага рынку, які працуе n o n s t o p 24 гадзіны кожныя суткі дзякуючы “сусьветным местам” і апэратыўна рэагуе на зьмены попыту ды прапановы;
— тэхнічны, праяўляецца ў камбінацыі кампутарных і тэлекамунікацыйных тэхнік ды сатэлітарных сувязяў, бесперапынна перадаючых інфармацыю на ўвесь сьвет, што прыводзіць да рэальнага скарачэньня часапрасторы;
— эканамічны, азначае інтэграцыю сыстэм вытворчасьці, што дазваляе ТНК (транснацыянальным карпарацыям) выкарыстоўваць капіталы і працоўныя рэсурсы па ўсім сьвеце;
— культуровы, выражаецца ў спажываньні глябальных тавараў і паслуг, што прыводзіць да іх уніфікацыі ў брэндах “Coca Cola”, “McDonald’s”, “Sony”, “Panasonic”, “Adidas”, “Philirs”, “hp”, “LG”, “Samsung”, “Canon” і мн. інш.;
— палітычны, вызначаецца як распаўсюджаньне нэалібэральнай палітычнай праграмы, якая ўключае стымуляцыю абмежаваньня дзяржаўных выдаткаў, дэрэгуляцыю, прыватызацыю і адкрытую гаспадарку;
— экалягічны, трактуецца як клопат аб далейшым жыцьці на Зямлі пры сучасных грамацкіх тэндэнцыях, і большае фінансаваньне розных праграм раўнавагі прырода-грамацтва;
— геаграфічны, абагульняецца як перагляд прасторы, дзе замест традыцыйнага разуменьня дзяржава – народ рэалізуецца разуменьне сьвету бязь межаў, якое можна сфармалізаваць да функцыянаваньня “сусьветных местаў”;
— сацыялягічны, разумеецца як утварэньне адной сусьветнай супольнасьці як аб’яднанага супольнаснага цэлага, што выходзіць з нацыянальных супольнасьцяў.
Геапалітычны кодэкс эпохі глябалізацыі (Z. Rykiel, 2006):
1. Распад сусьветнага камунізму.
2. Войны задарагія для багатых.
3. Гегемонія ЗША.
4. Ангельская мова – сусьветная.
5. Інструмэнталізацыя дэмакратыі.
6. Канец сувэрэннасьці дзяржаў.
7. Пэрыфэрызацыя Эўропы і Атлянтыкі.
8. Узрастаньне ролі Азіі і Ціхаакіянскага басэйну.
1. Распад сусьветнага камунізму і падзеньне рускай імпэрыі СССР стаў радасьцю для ўсходнеэўрапейцаў і найвялікшай трагедыяй для расейцаў ды зрасейшчаных. Яны так і не адыйшлі ад шоку, адсюль папулярнасьць у Расеі таталітарных і імпэрскіх палітычных сіл на чале з марыгінальнымі лідарамі, агульная пэрыфэрызацыя Расеі, пастімпэрскі сіндром і г. д., што прывяло да антырасейскай кансалідацыі былых калёній і паўкалёній ад скрайняй (Балтыя, заходнеславянскі сьвет, Вугоршчына і іншыя), да агульнай і памяркоўнай. Прарасейскасьць палітычных рэжымаў Беларусі, Арменіі, Казахстану можна растлумачыць, між іншым, магчымасьцю карыстацца рэсурсамі былой мэтраполіі выкарыстоўваючы імпэрскія комплексы расейцаў не падмацаваныя рэальным узроўнем гаспадарчага, культуровага і інш. разьвіцьця.
2. Вядучыя багатыя (найперш эўрапейскія) дзяржавы ня могуць стаць ініцыятарамі клясычных войнаў па ўзору сусьветных у ХХ ст. паколькі яны прывядуць да агульнага паніжэньня ўзроўню жыцьця і ўпадку Эўропы. Клясычная вайна суправаджае пэрыфэрыйныя ды марыгінальныя дзяржавы й рэгіёны.
Выключэньнем можа быць агульная чыстка азіяцкага іслямскага сьвету ЗША з трансатлянтыкай ад адыёзных дыктатарскіх рэжымаў. Ліквідацыя рэжыму талібаў у Аўганістане і Садама ў Іраку пазбавіла сьвет ад магчымай пагрозы войнаў з пэрспэктыўным выкарыстаньнем ядравай і хімічнай зброі. Агульнавядомая пагроза сьвету з боку іранскага мусульманскага і паўночнакарэйскага камуністычнага рэжымаў.
3. Злучаныя Штаты зьяўляюцца абсалютовым лідарам эпохі глябалізацыі.
Заходнегерманскія англасаксы Эўропы як лідары германапратэстанскага сьвету праэвалюцыянавалі ад ўспрыняцьця клясычных старажытных традыцый Рыму з найменьшымі бізантыйскімі ўплывамі да пратэстантынізацыі (чаго не зрабілі Гішпанія з Партугаліяй, нават Францыя), суцэльнай пратэстантызацыі і ўтварэньня цэнтралізаванай дзяржавы. Тое, чаго ня зьдзейсьнілі паўночныя (спрэчкі Швэцыі як дзяржавы прэтэндучай на лідарства з Даніяй і Нарвэгіяй) і, асабліва, паўднёвыя германцы (захаваўшы каталіцкую меньшасьць) і гістарычна доўга (да др. пал. ХІХ ст.) не ўтварыўшы адзінай Нямеччыны. Адсюль у Паўночнай Амэрыцы англасаксы і ангельскамоўныя не далі шанцаў французам і інш. стварыўшы перасяленскія дзяржавы з дамінаваньнем ангельскага элемэнту.
Ангельская мова стала найбольш распрацаванай літаратурнай мовай сьвету з поўнай тэрміналёгіяй ва ўсіх галінах навукі і культуры, масай абрэвіятураў і г. д. Ангельская кансэрватыўнасьць прывяла да несупадзеньня напісаньня і вымаўленьня ў ангельскай мове, што спрыяла інтэлектуалізацыі ангельскамоўных зь дзяцінства, бо каб навучыцца правільна чытаць і пісаць трэба запамятаць ня толькі правіла чытаньня, але й нават напісаньне ды чытаньне кожнага слова.
Гігантызм тэрыторыі з больш чым 300 мільённым людам, палітыка ўсяленьня ў краіну інтэлектуальных рэсурсаў з усяго сьвету, падмацаваны наяўнасьцю мінэральных рэсурсаў, спрыяльны клімат, пас/пояс чарназёмаў, выгаднае палітыка- і эканомікагеаграфічнае становішча і мн. інш. — натуральныя падставы дзеля лідарства.
Гіганскія нутраны валавы прадукт і нацыянальны даход – найвялікшы аргумэнт лідарства ў эўраатлянтычным і хрысьціянскім сьвеце, інакш –гегемоніі.
Сучасныя ЗША — першая сусьветная звышдзяржава, паколькі зьяўляецца абсалютовым лідарам у:
— прамысловасьці, вырабляючы каля 30% сусьветнага валавага прадукту (брута), асабліва ў сусьветнай прамысловай прадукцыі,
— тэхналёгіях, апярэджваючы сваіх эўрапейскіх і далёкаўсходніх канкурэнтаў,
— мілітарнай сфэры, маючы найсучасьнейшае велізарнае войска, якое можа вынікова праводзіць вайсковыя дзеяньні ў любым пункце сьвету,
Расея і Кітай маюць вялікія арміі і ядзерную зброю, у стане распачаць ды праводзіць самазабойчую ядзерную вайну, аднак ня ў стане яе выйграць. Не патрапяць хутка перакінуць вялікія колькасьці войскаў на далёкія адлегласьці каб зрэалізаваць свае палітычныя мэты, а таксама тэхналягічна адсталыя ў параўнаньні з Амэрыкай, ды маюць недахоп сродкаў дзеля абсалютовай дамінацыі ў сьвеце (паводле З. Бжэзіньскага).
— культуры, г. зн. што амэрыканская культура, ня гледзячы на яе некаторы прыміты-візм, мае велізарную прыцягальнасьць у сьвеце.
У часы камунізму было відавочна, што расейцы культурова ніжэй культуры супольнасьцяў якія жылі на захад ад Расеі, адсюль — іх культура не была прыцягальнаю. Побытавае грэблівае стаўленьне да расейскай культуры як да ніжэйшай было характэрна для ўсходне-эўрапейцаў, балтаў, сьвядомых украінцаў і беларусаў.
Адсюль, гегемонія ЗША прывяла да унілятэралізму, г. зн. перакананьню часткі амэрыканскіх эліт у тым, што гаспадарчая і вайсковая гегемонія ЗША з адрывам ад іншых багацейшых дзяржаў не патрабуе зьвязаў (саюзаў) і міжнародных арганізацый (у т. л. ААН). Адзінай крыніцай міжнароднага права ёсьць воля ЗША, а інструмантам яе рэалізацыі – кіраваная і ідэалягічна ўжываная інфармацыя. Канцэпцыя амэрыканскага унілятэралізму апіраецца на супярэчнасьці паміж дэмакратыяй і глябальным капіталізмам, які дзейнічае дзеля інтарэсу міжнароднай гіпэрбуржуазіі, што вызначае накірункі і інтэнсіўнасьць глябальніх пераліваньняў грошаў, інфармацыі, ідэй і сьветапоглядаў (Bielohradský, 2003).
Вышэйузгаданая супярэчнасьць праяўляецца ў чатырох зьявах:
1. Крайняя фармалізацыя дэмакратыі шляхам яе рэдукцыі да выбарчай тэхнікі.
2. Ігнараваньне пайважнейшых пастулятаў дэмакратыі: роўнасьці ў супольнасьці, паміж супольнасьцямі; падзелу ўлады; масавай асьветы; адкрытай (-ых) грамадзянскай (-іх) супольнасьці (-яў); прававой дзяржавы; супольнай палітычнай культуры і масавых палітычных рухаў.
3. Атаясамліваньне дэмакратыі зь гегемоніяй ЗША, што вядзе да абмежаваньня сувэрэнітэту дзяржаў (аналёгія з брэжнеўскім разуменьнем абмежаванасьці (дэ-факта) сувэрэнітэту сацыялістычных краін).
4. Экспарт ідэалягічна зразумелай дэмакратыі (аналёгія з экспартам пралетарскай, або сацыялістычнай рэвалюцыі СССР).
Зь іншай пазыцыі, экспарт дэмакратыі – найвялікшая місія ЗША. Ніводная аўтарытарная ці таталітарная дзяржава, дыктатар плянэты ня можа спачуваць сябе бясьпечна. George W. Bush меў найвялікшую місію чысткі плянэты ад недэмакратычных рэжымаў і дыктатараў ад імя дэмакратыі. Старажытны і сярэднявечны пастуляты геапалітычных кодэксаў “мы цывілізаваныя – яны варвары” ды “мы – хрысьціяне, яны — паганцы” аналягізаваны ў яшчэ адзін пэрспэктыўны пастулят геапалітычнага кодэксу эпохі глябалізацыі: “мы – дэмакраты, дэмакратыя, яны – аўтарытарныя або таталітарныя”.
Сусьветны паход дэмакратыі супраць аўтарытарызму і таталітарызму мае філязофскае афармленьне як паход дабра і справядлівасьці супраць зла і несправядлівасьці. ЗША, Эразьвяз і НАТО узначальваюць гаспадарчы і мілітарны наступ дэмакратыі, найперш дэмакратычнай эўраатлянтыкі. Часапрасторава сучасны паход можна аналягізаваць з паходам цывілізаванага міжземнаморска-эўрапейскага Рыму супраць барбараў, з крыжовымі паходамі рыцараў сярэднявечча, з крыжовым паходам дэмакратыі супраць камунізму.
Магчыма хрысьціянскае афармленьне сучаснага паходу як Вялікага Крыжовага паходу дэмакратыі супраць таталітарызму з мэтай дэтаталітарыза-цыі сьвету.
4. Ангельская мова задоўга да эпохі глябалізацыі стала міжнароднаю, мае заходнегерманскі этнічны і этнакультурны субстрат, увабрала ў сябе лацінскую спаччыну Рыму, распаўсюдзілася па плянэце разам з Брытанскай імпэрыяй і дыфэрэнцавалася на мноства вэрсій (амэрыканскую, індыйскую, аўстралійскую, паўднёваафрыканскую і мн. інш.), разам з тым, уніфікавалася так, што дзякуючы параўнальна нескладанай граматыцы і складанаму напісаньню што розьніцца ад чытаньня, дваццацішасьцілітарнаму альфабэту без дыякрытычных значкоў, — выконвае ролю сучаснай латыні, зьяўляючыся найбольш зразумелай мовай для элітаў і глябалізаваных частак людаў гаспадарстваў. Мае некалькі функцый: нацыянальная мова ангельцаў; мова штодзённай камунікацыі; другая, або адна з моў камунікацыі; мова пасіўнага валоданьня і інш. Паттрымліваецца ЗША як лідарам, Вялікабрытаніяй і пастбрытанскімі дзяржавамі.
5. Інструмэнталізацыя дэмакратыі – выкарыстаньне дэмакратыі як інструманту дзеля дасягненьня мэтаў гегемоніі, што зыходзіць з амэрыканскага унілятэралізму. Гегемонія гэта: перавага ў эфэктыўнасьці прадукцыі (якасьці, колькасьці, культуры вытворчасьці, працы), гандлёвая перавага, фінансавая дамінацыя, прапаганда лібэральных ідэяў, стварэньне найноўшых нішаў, стварэньне эфэкту традыцый, генэралізацыя (упрашчэньне) лякальных узораў, вызначэньне будучыні іншых асобаў, людзей і супольнасьцяў.
Паняцьце гегемоніі ўключае ў сябе гаспадарчую, палітычную і ідэалягічную перавагу адной (-ых) дзяржавы (-аў) над іншай (-ымі). Тры фазы гегемоніі (P. Taylor i C. Flint, 2000):
— гегеманічная дзяржава пераважае над канкурэнтамі паводле эфэктыўнасьці прадукцыі,
— што прыводзіць да гандлёвай перавагі,
— банкавы сэктар гегемона дасягае фінансавай перавагі ў сусьветнай гаспадарцы.
Сучасная гегемонія праяўляецца пры такім высокім ўзроўні разьвіцьця прадукцыі, гандлю і фінансаў, пры якім дзяржава-гегемон патрапіць дамінаваць ня спосабам стварэньня імпэрыяў, а спосабам стварэньня такой раўнавагі, пры якой канкурэнты ня здольны стварыць дастаткова моцную кааліцыю дзеля нэйтралізацыі палітычнай перавагі гегемона. Прапанаваўшы найноўшыя лібэральныя ідэі гегемон прызнаецца іншымі шляхам — шляхам перайманьня досьведу гегемона.
Гегемонія ЗША праяўляецца ў факце, што іх вайсковыя выдаткі роўныя выдаткам наступных пятнаццаці найвялікшых мілітарных звышдзяржаў разам узятых. Ад першай вайны ў Пэрсіцкім заліве пры прэцыдэнстве G. Bush’a старэйшага (1990) ЗША ня маюць сапернікаў здольных зь імі канкураваць мілітарна, тэхнічна і гаспадарча. Яны ня ўтрымаюць сваёй першасьці заўсёды, бо маюць многа ворагаў і ахвотных насьледнікаў. Сілы ворагаў здаюцца маленькімі і несур’ёзнымі, але любаваньне ўласнай перавагай прыводзіла не адну імпэрыю ла заняпаду. У ХХ ст. ЗША выйгралі канкурэнцыю зь іншымі імпэрскімі звышдзяржавамі: Нямеччынай, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Ćавецкім Саюзам. У ХХІ ст. напэўна будуць вымушаны прымерыцца з азіяцкімі звышдзяржавамі – Кітаем і Індыяй (Z. Brzeziński, 2004).
Амэрыканская гегемонія прыводзіць як да станоўчых (сканчэньне эпохі супрацьстаяньня капіталізму з сацыялізмам, адзін гаспадар сьвету, паход дэмакратыі супраць таталітарызму), так і адмоўных (аднапалярны сьвет, ігнараваньне пры экспарце дэмакратыі цывілізацыйнай і іншай дыфэрэнцыяцыі супольнасьцяў) наступстваў.
6. Канец сувэрэннасьці дзяржаў можна трактаваць найперш як дэабсалютызацыю сувэрэннасьці, г. зн. што ў эпоху глябалізацыі сувэрэнітэт ў кожны момант можа быць абмежаваны ЗША як лідарам эпохі, патокамі рухаў насельніцтва празь дзяржаўныя межы, тэрарыстымі, наддзяржаўнымі арганізацыямі (UNO, EU, NATO), сусьветнымі працэсамі інтэграцыі і мн. інш. чыньнікамі.
7. Пэрыфэрызацыя Эўропы вынікае з таго чыньніку, што пасьля распаду камуністычнай сыстэмы і інтэграцыі ў Эўразьвяз пасткамуністычных дзяржаў Эўропе не пагражае ані нутраны, ані зьнешні канфлікт.
8. Узрастаньне ролі Азіі і Ціхаакіянскага басэйну вынікае з дэмаграфічнага выбуху, што прывёў да рэзкага павялічэньня колькасьці насельніцтва (дзьве-трэція ад сусьветнага), рынку і попыту на тавары і паслугі. Адсюль, канцэнтрацыя працоўных рэсурсаў з-за высокай шчыльнасьці насельніцтва, найніжэйшы кошт працоўных рэсурсаў, зацікаўленасьць мяйсцовых палітычных рэжымаў (у т. л. таталітарнага кітайскага) у найноўшых тэхналёгіях і г. д.
Узвышэньне Азіі прывяло да істотных наступстваў у ЗША:
— росту колькасьці амэрыканцаў азіяцкага гэнэзісу, у т. л. багатых, прагназуе дээўрапеідызацыю ЗША, г. зн. праз 50-100 год у ЗША эўраамэрыканцы будуць у меньшасьці, што прывядзе ў даўгачасовай пэрспэктыве да рэмангалаідызацыі ды азіятызацыі ЗША і Канады,
Традыцыйны ўзор павялічэньня амэрыканскай супольнасьці за конт эўрапеоіднага ангельска-саксонскага пратэстанскага элемэнту, які азначаўся скарачэньнем WASP (White Anglo–Saxon Protestants) сёньня трансфармаваўся ў новы амэрыканскі этнічна-расавы пяцікутнік NAERP (New American Ethno–Racial Pentagon), які стварылі амэрыканскія індэйцы-абарыгены, эўраамэрыканцы, афраамэрыканцы, лацінаамэрыканцы-лаціносы і азіятаамэрыканцы (!) (Żelazny, 2002).
— росту колькасьці навукоўцаў у галінах дакладных навук зь ліку азіятаамэрыканцаў (да паловы дысэртацый ад агульнай колькасьці),
— пераносу цэнтру інавацый з усходу ЗША ў Каліфорнію з даўгачасовай пэрспэктывай зыходу туды гаспадарчага цэнтру,
Наступствы ўзвышэньня Азіі для ЗША на доўгі прамежак часу:
— дэатлянтызацыя ЗША, паколькі дамінуючыя азіятаамэрыканцы найперш зацікавяцца сувязямі з расава, этнічна і цывілізацыйна роднаснай Азіяй, што будзе азначаць канец эўрацэнтрызму.
— азіята-ціхаакіянізацыя ЗША з утварэньнем амэрыкана-азіяцкай цывілізацыі, што прывядзе да пэрыфэрызацыі Эўропы.
Эпоху глябалізацыі характарызуе агульная перавага разьвіцьця сувязі (інтэрнэт, мабільная) над разьвіцьцём транспарту (транспартных сродкаў і магістраляў), што дазваляе толькі ўскосна штодзённа камунікаваць на адлегласьцях.
Магчыма, эпоха глябалізацыі зьменіцца глябальнай эпохаю у якой дэмакратычныя дзяржавы будуць весьці жорсткае змаганьне з таталітарнымі, а час татальнай кампутэрызацыі, інтэрнэту, мабільнай сувязі, што глябалізавалі асобныя часткі плянэты, саступіць інтэнсіўным наўпроставым (штогадовым, штомесячным і штодзённым) кантактам соцень мільёнаў людзей з розных цывілізацыйных супольнасьцяў. Такая эпоха надыйдзе з вынаходніцтвам новых транспартных сродкаў (магчыма аэрамабіляў), якія дазволяць пераносіцца штодзённа ў паветры на соткі, тысячы і дзесяткі тысяч кілямэтраў. Здаецца, што найперш новыя транспартныя сродкі здольны пераўтварыць глябалізаванае чалавецтва у глябальнае.
ІХ. 2. ЗЬМЯНЕНЬНІ СТАТУСАЎ ГАСПАДАРСТВАЎ У ЭЎРОПЕ
Люды (супольнасьці, часткі супольнасьцяў) пэўных гаспадарстваў могуць быць задаволены іх статусам (французы ў Францыі, чэхі ў Чэхіі), або не задаволены (баскі ў Гішпаніі, альбанцы ў Косаве, паўночныя ірляндыйцы ў Вялікабрытаніі).
Пры незадавальненьні пэўнай часткі людаў статусам гаспадарстваў ўзьнікаюць рухі за самавызначэньне – за зьмяненьні статусаў гаспадарстваў.
Мэты рухаў за самавызначэньне:
— аўтанамізм — дасягненьне або пашырэньне гаспадарствам аўтаноміі (напр., Галісія ў Гішпаніі, Уэльс у Вялікабрытаніі),
— незалежніцтва — дасягненьне гаспадарствам незалежнасьці, г. зн. пераўтварэньне краіны (краін) ў дзяржаву (напр, фляндрыйцы ў Бэльгіі, шатляндыйцы ў Вялікабрытаніі),
— аб’яднаньне – параўтварэньне дзьвюх або некалькіх дзяржаў, (гаспадарстваў) ў адну (немцы ў НДР, ФРН і Заходнім Бэрліне з канца 40-ых да канца 80-ых гг. ХХ ст.),
— узьяднаньне — уваходжаньне гаспадарства ў склад іншай дзяржавы (частка альбанцаў у Косаве выступаюць за ўваходжаньне Косава ў склад Альбаніі і ўтварэньне Вялікай Альбаніі, частка малдаван у Малдове – за аб’яднаньне Малдовы з Румыніяй).
Вынікі самавызначэньня тыя ж самыя што і мэты:
— абвяшчэньне аўтаноміі,
— пашырэньне аўтаноміі,
— абвяшчэньне незалежнасьці і стварэньне сувэрэннай дзяржавы,
— аб’яднаньне (НДР + ФРН),
— узьяднаньне, далучэньне да іншай дзяржавы, аднак у пэўнай прасторы за пэўны час вынікі могуць быць не дасягнуты, часткова дасягнуты або цалкам дасягнуты, што залежыць ад мэтаў ды іншых аб’ектыўных і суб’ектыўных чыньнікаў.
Шляхі самавызначэньня (зьмяненьня статусу гаспадарстваў):
— мірны,
— эвалюцыйны (рэфэрэндум, дэмакратычныя выбары),
— рэвалюцыйны (дэманстрацыі, мінтынгі):
— ваенны:
— унутраная (грамадзянская) вайна,
— зьнешняя вайна:
— абарончая,
— агрэсія,
— тэрарызм
Мірны эвалюцыйны спосаб адбываецца шляхам рэфэрэндума (напрыклад, незалежнасьць Украіны пацьцьверджана рэфэрэндумам 1сьнежня 1991 года), або вольных дэмакратычных, празрыстых выбараў (незалежнасьці краін Балтыі абнавілі палітычныя сілы, што прыйшлі да ўлады ў выніку такіх выбараў).
Мірная антыкамуністычная рэвалюцыя ў Чэхаславакіі прывяла ня толькі да зьмяненьня палітычнага рэжыму (з таталітарнага на дэмакратычны), але і да пераўтварэньня краін Чэхіі і Славаччыны з частак фэдэрацыі ў сувэрэнныя дзяржавы.
Ваенны. Незалежнасьць міжваеннай Польшчы была здабыта ў выніку зьнешняй (польска-бальшавіцкай) вайны, якая ў дачыненьні да этнічна польскіх земляў мела абарончы характар (цуда над Віслай), да летувіскіх, беларускіх і ўкраінскіх земляў – характар агрэсіі.
Грамадзянская вайна ў Босьніі і Герцэгавіне прывяла да ўтварэньня Рэспублікі Сэрбскай і Харвацка-Мусульманскай Канфэдэрацыі.
Тэрарызм. Частка паўночных ірляндыйцаў і баскаў вялі тэрарыстычную вайну за незалежнасьць Паўночнай Ірляндыі ад Вялікабрытаніі і Краіны Баскаў ад Гішпаніі.
Часьцей за ўсё пэўная супольнасьць выкарыстоўвае розныя спосабы ў барацьбе за зьмяненьне статусу сваяго гаспадарства.
Напрыклад, адна частка паўночных ірляндыйцаў і баскаў у змаганьні за незалежнасьць сваіх краін была сьхільна да тэрарызму, аднак іншая — пераканаліся ў непрадуктыўнасьці ґвалту як спосабу змаганьня.
Прычыны рухаў за самавызначэньне (зьмяненьне статусаў гаспадарстваў):
— гаспадарчыя. Праяўляюцца як:
— вынік слабога ў параўнаньні зь мэтраполіяй узроўню разьвіцья гаспадаркі: перавага здабываючых галін гаспадаркі над перапрацоўчымі, аграрная спецыялізацыя, слабое разьвіцьцё транспарту і галін невытворчай сфэры, малыя інвэстыцыі, слабаразьвітая інфраструктура (Паўночная Ірляндыя, Галісія) і г. д.;
— вынік высокаразьвітасьці рэгіёну ў параўнаньні зь мэтраполіяй: рэпрэзэнтаваны машынабудаваньне, электроніка, электратэхніка, вытворчасьць кампутарнай тэхнікі, транспартнае машынабудаваньне, высокаразівітыя тэхналягічныя лёгкая і харчовая прамысловасьці, інтэнсіўныя інвестыцыі, разьвітая інфраструктура (Каталёнія, Поўнач Італіі) і інш.;
Гаспадарчыя прычыны ня могуць раптам прывесьці да руху за самавызначэньне. Дзеля ўзьнікненья такога руху ды забясьпячэньня яго стабільнай грамацкай падтрымкай супольнасьці ці часткі супольнасьці патрэбны прычыны,
— палітычныя: наяўнасьць пэўнай супольнасьці (-яў), або часткі супольнасьці якая незадаволена статусам дадзенага гаспадарства; палітычнай партыі (-яў), руху (-аў) якая (-ія) выражае (-юць) інтарэсы незадаволенай супольнасьці; абмежаваньні прадстаўнікоў супольнасьці да доступу на кіраўнічыя пасады, выказваньня сваіх палітычных перакананьняў у мас-мэдэа і мн. інш.;
— сацыяльныя: наяўнасьць розных форм дыскрымінацыі прадстаўнікоў пэўнай супольнасьці, у т. л. аформленай заканадаўча, побытавай і інш.,
— этнічныя: наяўнасьць абмежаваньняў або табу на карыстаньне роднай мовай, этнакультурай, палітыка этнічнай асіміляцыі (дабраахвотнай, прымусовай, ці спалучэньне перніка зь бізуном) і г. д.;
— рэлігійныя: наяўнасьць забароны на вольнае выяўленьне сваіх рэлігійных перакананьняў праз доступ да веравучэньня і культу, абмежаваньне выкарыстаньня храмаў, доступу вернікаў ды парафій да СМІ і г. д.;
— забарона або абмежаваньне прапаганды дзяржаўніцкай ці дзяржаўнай традыцыі сваёй супольнасьці (антыдзяржаўніцкія): яе гістарычнага мінулага, велічы духу і славы, прыгнечанай сучаснасьці, веры ў вольную будучыню, ды г. д.;
— цывілізацыйныя: этнічныя + рэлігійныя + антыдзяржаўніцкія.
Паводле сутнасьці рух за самавызначэньне бывае:
— сэпаратысцкім. Узьнікае і разьвіваецца толькі ў тэрытарыяльна і гаспадарча дыфэрэнцаванай дзяржаве з гаспадарчых прычын (гл. вышэй) з мэтамі аўтанамізму, незалежніцтва, аб’яднаньня ці ўзьяднаньня.
Тыповы сэпаратысцкі рух Эўропы – Паўночная Ліга ў Італіі. Ставіць мэтай стварэньне на тэрыторыі прамыслова разьвітай поўначы краіны самастойнай дзяржавы. Мае грамацкую падтрымку з-за нежаданьня часткі насельніцтва рэгіёну плаціць на разьвіцьцё гаспадарча адсталых поўдня Апэнін, Сардыніі і Сыцыліі.
Сэпаратызмам можна лічыць жаданьне часткі мігрантаў ды іх нашчадкаў да аўтанамізму ці незалежніцтва, стварэньня анкляваў – частак тэрыторыі мацярынскіх дзяржаваў мігрантаў і г. д. Туркі ў ФРН, афра-франкамоўныя, альжырцы ў Францыі азіяты-мусульманы складаюць некалькімільённыя супольнасьці з кампактным пражываньнем пераважна ў местах Эўропы. Дэмакратычныя дзяржавы Эўропы клапоцяцца аб інтэграцыі шматлікіх мігрантаў у аўтахтонныя грамацтвы.
Схільны да сэпаратызму (тэрытарыяльнага і пэрсанальнага) нашчадкі чужаземных захопнікаў, ды асіміляваны імі крэольскі элемэнт (сутнасна марыгінальны) аўтахтонных этнасаў у дзяржавах што нядаўна сталі незалежнымі пасьля распаду СССР і Югаславіі.
У Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне пры кантакце эўрапейскай і эўразійскай цывілізацыяў узьніклі арэалы сэпаратызму зь перавагай расейскага і зрасейшчанага (саманазоў расейскамоўныя) насельніцтва: Прыднястроўе Малдовы, Крым і ўсходнія рэгіёны Ўкраіны. Такі сэпаратызм можна акрэсьліць як цывілізацыйны з прычын эўрапейска-эўразійскай нясумяшчальнасьці.
— вызвольным. Узьнікае і разьвіваецца ня толькі ў тэрытарыяльна і гаспадарча, але і ва ўласна этнічна, рэлігійна і цывілізацыйна дыфэрэнцаванай дзяржаве з мэтамі аўтанамізму, незалежніцтва, аб’яднаньня і ўзьяднаньня для этнічнага, рэлігійнага ды цывілізацыйнага вызваленьня супольнасьці пэўнага (-ых) гаспадарства (-аў).
Вызвольны рух:
— нацыянальна-вызвольны. Праяўляецца ў а ў т а х т о н н ы х этнасаў якія гістарычна ня мелі сваёй дзяржаўніцкай або дзяржаўнай традыцыі; мелі традыцыю, але страцілі дзяржаўнасьць (дзяржаву) ў выніку заваёвы яе дзяржавай (-амі) пануючага (-ых) этнасу (-аў) (галісійцы; шатляндыйцы),
— дзяржаўна-нацыянальна-вызвольны (чарнагорцы якія мелі сваю дзяржаву да Першай сусьветнай вайны і ўвайшлі ў склад Югаславіі),
— рэлігійна-нацыянальна-вызвольны (ірляндыйцы-каталікі Паўн. Ірляндыі, праваслаўныя сэрбы Босьніі, мусульманы-альбанцы Косава).
Рэлігійныя, расавыя, цывілізацыйныя вызвольныя рухі характэрны для Азіі, Афрыкі.
Распаўсюджана імкненьне некаторых палітыкаў ды навукоўцаў называць сэпаратызмамі вызвольныя рухі, што зьвязана зь іх палітычнай заангажаванасьцю на баку цэнтралізатарскіх палітычных рэжымаў дзяржаў, што ў мінулым прыдбалі сабе абшары населеныя этнічна, рэлігійна, цывілізацыйна іншымі супольнасьцямі, якія схільны да вызвольных рухаў.
ІХ. 3. СУЧАСНЫЯ КАНФЛІКТЫ Ў ЭЎРОПЕ І СПРОБЫ ІХ СЫСТЭМАТЫЗАЦЫІ
Самы спробы пераліку і аналізу канфліктаў – складаная задача. Спробы іх сыстэматызацыі небездакорныя, бо неверагодна складана ўлічыць усе чыньнікі і ўзаемасувязі дзеля выяўленьня агульных заканамернасьцяў.
Надзвычай важна выяўленьне тыпаў этнічных меньшасьцяў (И. И. Пирожник, 2005):
1. Ня былі ў стане стварыць нацыянальную дзяржаву і ўвайшлі ў склад буйных дзяржаў (баскі, брэтонцы, славакі, сілесцы і інш.);
2. Сталі нацыянальнай меньшасьцю ў выніку зьмяненьня дзяржаўных межаў (вугорцы ў Румыніі, беларусы ў Польшчы, аўстрыйцы ў Італіі і г. д.);
3. Сфармаваліся ў выніку масавых эканамічных (працоўных) ці палітычных міграцый (туркі ў ФРН, альжырцы ў Францыі, палякі ў Вялікабратаніі, ФРН і інш.).
Паводле геаграфічнай блізкасьці, цывілізацыйна-культурных асабліва-сьцей, гістарычнага разьвіцьця і ўзроўню палітычнай стабільнасьці ў эўра-пейскім палітыка-геаграфічным рэгіёне Заяц у 2004 годзе выдзеліў два тыпы рэгіянальных рухаў: Заходнеэўрапейскі і Ўсходнеэўроапейскі тыпы сэпаратызму.
Гэта сыстэматызацыя, зробленая пастсавецкім дасьлеччыкам разбудавана. Тут улічана мноства чыньнікаў. Аднак невядомае выразнае акрэсьленьне Зайцам паняцьцяў “рэгіянальны рух” і “сэпаратызм”. У чым іх розьніца? Ці кожны рэгіянальны рух – сэпаратыскі? Больш таго, падзел рэгіянальных рухаў на заходне- і ўсходнеэўрапейскія здаецца наступствам старога ідэалягічнага падзелу Эўропы на Заходнюю капіталістычную і Ўсходнюю сацыялістычную ды не адлюстроўвае новай тэндэнцыі — паступовага сьціраньня розьніцы паміж захадам і ўсходам Эўропы. Больш таго, ніводны з абсягаў сэпаратызму ўсходнеэўрапейскага тыпу не знаходзіцца на тэрыторыі Вышаграцкіх дзяржаў і Балтыі, прынамсі ня ўнесены ў табліцу (гл. И. И. Пирожник. Проблемы политической географии. Минск, БГУ 2005. Стар. 166-170).
Вышаграцкая Эўропа, што аб’ядноўвае заходнеславяна-каталіцкія Польшчу, Чэхію, Славаччыну ды урала- /вугракаталіцкую Вугоршчыну не сатрасаецца ад канфліктаў, прынамсі праблемы польскіх сілезцаў і кашубаў, мараваў у Чэхіі не перарасьлі ў бачныя канфлікты дзякуючы іх інтэграцыі ў агульнапольскую і агульначэскую супольнасьці, але не асіміляцыі. Больш таго, традыцыйна каталіцкія дзяржавы Вышаграцкай Эўропы непараўнальна больш разьвітыя гаспадарча, чым традыцыйна праваслаўныя Румынія, Баўгарыя, пастюгаслаўскія супольнасьці за выключэньнем каталіцкай Славеніі. У паўночнаэўрапейскіх балтыйскіх Латвіі і Эстоніі, ня гледзячы на пазбаўленьне выбарчага права расейцаў і расейскамоўных (за выключэньнем дэнатуралізаваных), не назіраецца масавага даўгачасовага канфлікту, за выняткам асобных праяваў фундамэнталізму. Узровень жыцьця расейцаў і зрасейшчаных Балтыі непараўнальна больш высокі, чым у Расеі, таму тыя, як правіла, не жадаюць вяртацца на гістарычную Бацькаўшчыну (рэпатрыявацца).
Падаецца, што такая сыстэматызацыя — вынік расейскацэнтрычнага эўразійскага сьветапогляду дасьлеччыка.
Выглядае, што акрамя гаспадарчых, этнічных, рэлігійных, культурніцкіх чыньнікаў, надзвычай важныя гістарычныя ды цывілізацыйныя чыньнікі. Таму як канфлікты мінулага, так і сучасныя канфлікты можна сыстэматызаваць ў наступныя групы.
Гістарычныя пасы і арэалы канфліктаў супольнасьцяў Эўропы.
1. Барбара-хрысьціянскі, у т. л. паганска-хрысьціянскі.
2. Унутрыхрысьціянскі, у т. л. Балканскі.
3. Хрысьціянска-мусульманскі.
4. Эўрапейска-эўразійскі, г. зн. эўрапейска-расейскі.
5. Германа-раманскі.
6. Германа-славянскі.
7. Вакол старажытных рэліктавых супольнасьцяў.
Сучасныя пасы і арэалы канфліктаў паміж супольнасьцямі ў Эўропе.
І. Канфлікты вакол старажытных рэліктавых этнасаў. Такія супольнасьці маюць надзвычай выражаную этнічную індэтыфікацыю, бо гістарычна старажытнейшыя, таму перажываюць стадыю колькаснай і якаснай стабілізацыі. Адсюль, іх незвычайныя здольнасьці па супраціву экспансіі больш маладых і вялікіх этнічных супольнасьцяў з мэтай асіміляцыі. Большасьць кельтаў-ірляндыйцаў асімілавалася моўна (ангельскамоўныя), аднак разам з этнічнай сьвядомасьцю захавала сваю рэлігію (каталіцтва) ў супрацьвагу заходнім германцам (ангельцы й шатляндыйцы – традыцыйныя пратэстанты). Альбанцы ў Косаве нават расьсяліліся сярод славян-сэрбаў стаўшы статыстычнай большасьцю. Баскаў не засімілявала а ні магутная Гішпанія ў часы канкісты, а ні прагрэсіўная Францыя ў час Вялікай францускай рэвалюцыі ХVIII ст. Балты (традыцыйныя паганцы) ня зьніклі нават пасьля позьняга прыняцьця хрысьціянства і ператрывалі магутнейшыя хвалі германізацыяў ды славянізацыяў.
Старажытнейшыя этнасы Каўкаскай моўнай сям’і ды армяны перажылі стагодзьдзі спроб іх асіміляцыі з боку пэрсаў, цюркаў, славян-расейцаў. Адсюль стойкасьць чачэнцаў, грузінаў, абхазаў, асецінаў, каўкасцаў Дагестану і г. д. Армяне ўвогуле выдатна захаваліся ня гледзячы на канфлікты зь цюркамі і пэрсамі (у т. л. генацыд армян Зах. Арменіі Турэччынай).
1. Ольстар. Пасьля захопу ангельцамі Ірляндыйскае дзяржавы (экспэдыцыя Алівэра Крóмўала ў 1649-50 гг.) ірляндыйцы-каталікі некалькі стагодзьдзяў змагаліся за незалежнасьць ад Вялікабрытаніі, фактычна ад ангельскай экспансіі. Пасьля абвяшчэньня Ірляндыйскай Рэспублікі паўночна-усходняя частка вострава засталася часткай Вялікабрытаніі. Паўночная Ірляндыя заселена пратэстанскай большасьцю (ангельцы і шатляндыйцы – нашчадкі калянізатараў) ды каталіцкай меньшасьцю. Паўночныя ірляндыйцы-каталікі маюць ніжэйшы ўзровень жыцьця за прышлую пратэстанскую большасьць. Жыцьцё тут падзелена вонкава па рэлігійнаму, а сутнасна па рэлігійна-этнічнаму прызнаку. Шавіністычна настроеныя пратэстанты ладзяць маршы аранжыстаў з праходамі па каталіцкіх кварталах. Адсюль сутыкненьні, бойкі, пагромы. Частка паўночных ірляндыйцаў – сябры радыкальнай ірляндыйскай рэспубліканскай арміі (ІРА), якая ладзіла выбухі ў Ольстары.
2. Баскская праблема. Баскі – старажытнейшыя аўтахтоны Пірынэй захаваліся як рэліктавы этнас на поўначы Гішпаніі (каля 800 тыс. чал.), на ўзьбярэжжы Біскайсага заліву. Маюць сваю стабільнуюм баскскую індэнтыфікацыю, не раманізаваліся ў Гішпаніі і Францыі. Таму натуральна выглядае патрабаваньне баскамі незалежнасьці. Частка баскаў аб’яднаны ў радыкальную арганізацыю ЭТА, якая мае дачыненьне да выбухаў у Краіне Баскаў ды на іншых тэрыторыях Гішпаніі.
3. Косава і Заходняя Македонія. Гістарычна аўтаномія Косава, што мяжуе з Альбаніяй зьяўляецца адной з калысак сэрбскай праваслаўнай культуры. Славяне тут жывуць з VII ст., а зь ІХ ст. Косава – частка Сэрбскай дзяржавы. Пасьля паразы сэрбаў на Косавым полі і падпарадкаваньня краіны туркамі (1389 год) зь ініцыятывы апошніх (з канца ХVII ст.) распачалося інтэнсіўнае альбанскае асадніцтва, ў выніку якога на 1998 г. колькасьць сэрбаў тут складала – 18 %, а альбанцаў – аж 74 % ад агульнай колькасьці насельніцтва Косава. Альбанцы-касавары, што падвяргаліся дыскрымінацыі ў Косаве ў часы камунізму, запатрабавалі стварэньня ўласнай дзяржавы і (магчымага) далучэньня яе да Альбаніі. Вайна 1998-99 гадоў суправаджалася ня толькі вайсковымі дзеяньнямі сэрбскай арміі, арміі вызваленьня Косава, але й масавымі ўцёкамі альбанскага і сэрбскага насельніцтва за межы Косава (у Альбанію, Македонію, Чарнагорыю, Сэрбію), налётамі авіяцыі НАТО на Сэрбію, у т. л. Бялград (23. 03. – 20. 06. 1999 г.). Альбанцы, помсьцячы сэрбам, нішчылі сярэднявечныя праваслаўныя цэрквы і манастыры.
У Македоніі альбанцы складаюць значную меньшасьць – больш 400 асобаў (аж 22 % ад агульнай колькасьці двухмільённага люду Македоніі).
У паўночна-заходняй Македоніі альбанцы – большасьць. Пасьля наплыву альбанцаў-касавараў у 1999 г. паўночна-заходняя Македонія стала адным з цэнтраў вызвольнага руху альбанцаў. Патрабаваньні далучэньня паўночна-заходняй Македоніі да Альбаніі, мітынгі ды іншыя акцыі дэстабілізавалі міжэтнічныя адносіны у дзяржаве.
4. Балтыйскі крызіс. Старажытныя рэліктавыя балты, што да зьяўленьня германцаў і славян жылі ад Балтыі, паўночнай Польшчы (Прусія), Беларусі, да (часткова) заходняй часткі Расеі перажылі некалькі хваль славянізацыі і германізацыі. З 1918 года паўсталі дзьве балцкія дзяржавы. Летува ўключыла ў сябе балцкія землі былога ВКЛ, дзе гістарычна адбывалася славянізацыя (беларусізацыя і палянізацыя) балтаў (славянізаваныя балты). Латвія – землі, што ў мінулым (у асноўным з ХІІІ ст.) былі калянізаваны ордэнамі германцаў (германізаваныя балты). З 1940 года Балтыя акупавана і анэксавана СССР і фактычна знаходзілася пад кантролем расейцаў-камуністых. Тыя стымулявалі іміграцыю ў новыя савецкія сацыялістычныя рэспублікі (Летувіская ССР, Латыская ССР, Эстонская ССР) расейцаў ды іншых славян, якія ў местах склалі значныя меньшасьці зрасейшчаных (па-рас. русскоязычные).
Зрасейшчаныя, як правіла, ня ведалі моў і культур мясцовых нацый, чаго саветы-камуністыя ад іх не патрабавалі. Балтаў падверглі генацыду: масавыя забойствы інтэлектуалаў, вываз у Сібір і г. д. Пасьля лібэралізацыі савецкай імпэрыі (т. зв. перестройка) – узьнік балтыйскі крызіс. Праявіўся ў рознай цывілізацыйнай палітычнай арыентаванасьці балтаў ды зрасейшчаных. Балты-эўрапейцы аднавілі незалежнасьці сваіх краін ды прывялі іх у Эўрапейскі Зьвяз і НАТО, а расейцы разам з зрасейшчанымі-эўразійцамі – марылі аб захаваньні напаўкаляніяльнага або каляніяльнага статусу Балтыі (у складзе СССР, затым у “сяброўстве” з Расеяй, СНД і г. д.). Балтыйскі крызіс праявіўся ў канцы 80-ых – пачатку 90-ых гг. Дзьве супольнасьці праводзілі паасобку мітынгі з супрацьлеглымі патрабаваньнямі, што прывяло да шматлікіх канфліктаў на моўнай, побытавай глебе, да супрацьстаяньня паміж балтыйскімі патрыётамі і савецкімі войскамі (Вільня, Рыга ў пачатку 1991 г.).
У наш час некарэннае насельніцтва (расейскамоўныя) Латвіі і Эстоніі ня мае грамадзянства і ня ўдзельнічае ў выбарах. Шавіністычныя колы Расеі, зрусіфікаваныя ў Беларусі, на Ўкраіне і Малдове аказываюць ім палітычную падтрымку. Аднак з-за вышэйшага ўзроўню жыцьця і культуры ў дзяржавах Балтыі не назіраецца масавай іміграцыі зрасейшчаных з Балтыі (нелегальных імігрантаў часоў савецкай акупацыі Летувы, Латвіі і Эстоніі) у Расею. Летува займаецца інтэграцыяй славянскай меньшасьці ў сучаснае грамацтва. Латвія і Эстонія, разумеючы небясьпеку для ўласных дзяржаў наданьня выбарчага права расейскамоўным (тыя прагаласуюць за прарасейскія палітычныя сілы, за прамаскоўскую арыентацыю Балтыі, супроць Эўразьвязу і, вядома ж, NАТО) — займаюцца іх гаспадарчай і культурніцкай інтэграцыяй.
5. Вугорская (вугорска-румынская) праблема. Сучасная Вугоршчына аб’ядноўвае ня ўсе абшары, на якіх жывуць этнічныя вугорцы. Больш 2 млн. вугорцаў расьселены у суседніх Сямігорадзе/Сямігародзьдзі (каля 1 млн. 500 тыс.), Ваяводзіне (каля 350 тыс. чал.), Падкарпацьці/Закарпацьці, якія да Першай сусьветнай вайны ўваходзілі ў Аўстра-Вугорскую імпэрыю, аднак цяпер належаць адпаведна Румыніі, Сэрбіі і Ўкраіне, бо пасьля Першай сусьветнай вайны Аўстра-Вугоршчына распалася, а вугорцы (раскіданыя па розных частках былой уласнай імпэрыі) — засталіся ў межах наваўтвораных Румыніі і Югаславіі нацыянальнымі меньшасьцямі. Сытуацыя ўскладняецца тым, што традыцыйныя вугорцы-каталікі Вугоршчыны маюць больш высокі ўзровень жыцьця чым іх суродзічы ў бяднейшых традыцыйна праваслаўных Румыніі, Сэрбіі ды Ўкраіне. Таму магчымасьць вугорскага аўтанамізму й незалежніцтва ў мейсцах кампактнага пражываньня вугорцаў у вышэйпералічаных дзяржавах не выключаецца. Але з-за сяброўства Вугоршчыны і Румыніі ў Эўразьвязе ды магчымасьці вольнага пераходу дзяржаўнай мяжы, пазьбегнуць верагоднага вугорска-румынскага супрацьстаяньня — нескладана.
ІІ. Балканскія канфлікты. Балканы здаўна былі “бочкай з порахам”, або “порахавай кадушкаю” Эўропы. Тут пэрыядычна ўспыхвалі, разгараліся і згасалі канфлікты паміж этнарэлігійнымі супольнасьцямі, якія падтрымліваліся каталіцкімі (харваты- і славенцы-каталікі былой Аўстра-Вугоршчыны), праваслаўнымі (чарнагорцы-, македонцы-, сэрбы-праваслаўныя) і мусульманскімі (мусьліманы-басьнякі або басьнійцы) ўплывовымі дзяржавамі. Сытуацыя на Балканах сталася індыкатарам стасункаў паміж Аўстра-Вугоршчынай, Асманскай імпэрыяй (затым Турэччынай), Расеяй, захадам Эўропы. З правакацый на Балканах пачалася Першая сусьветная вайна. Стабільнае становішча былой Югаславіі зьвязана з пэўнай кансалідацыяй паўднёвых славян у міжваенны пэрыяд і савецкім панаваньнем з экспансіяй камунізму ў другой палове ХХ ст. Пасьля падзеньня бэрлінскага муру і ў першыя пасткамуністычныя гады Балканы зноў выбухнулі.
1. Славенскі і харвацкі крызы.
Адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці найбольш разьвітых гаспадарча і найбагацейшых славяна-каталіцкіх Славеніі (23 чэрвеня 1991 г.) і Харватыі (25 чэрвеня 1991г.) югаслаўскія фэдэральныя войскі распачалі вайну (фактычна агрэсію) 27 чэрвеня 1991 г. Пасьля некалькіх дзён супраціву славенцаў фэдэральныя войскі пакінулі рэспубліку. У Харватыі выбухла шматмесячная вайна паміж харватамі і мяйсцовай сэрбскай меньшасьцю, што паттрымала фэдэральныя войскі. Вайна завяршылася аж у студзені 1992 г. Сэрбскія шавіністыя выкарысталі сэрбскую нацыянальную меньшасьць ў Харватыі дзеля стварэньня сэпаратыскіх (Славоніі і Крайны) абшараў пад кантролем сэрбаў.
2. Басьнійская вайна.
Босьнія і Герцэгавіна населена трыма этнарэлігійнымі супольнасьцямі: мусьліманамі-басьнякамі (каля 40% ад сукупнага люду краіны), праваслаўнымі-сэрбамі (каля 30%), ды харватамі-каталікамі (каля 17%).
Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці краіны ў сакавіку 1992 г. і байкоту рэфэрэндуму аб незалежнасьці басьнійскімі сэрбамі тут (у 1992-95 гадох) распачалася самая доўгая і кравапралітная клясычная балканская вайна (усе супраць усіх), якая суправаджалася этнічнымі чысткамі (Срэбраніца) і прынесла згубу дзесяткам тысяч чалавек. Адной з прычынаў вайны сталі спробы дзяржаўнага самавызначэньня басьнійскіх супольнасьцяў, дзе дзяржаўныя і адміністрацыйныя межы не супадаюць з этнічнымі ды рэлігійнымі.
Летам 1995 г. інтэрвэнавалі сілы НАТО. Пад ціскам ЗША ўрады Босьніі і Герцэгавіны, Югаславіі ды Харватыі падпісалі паразуменьне ў Дэйтане, а 14 сьнежня 1995 г. мірную дамову ў Парыжы. Тэрытарыяльным вынікам вайны стала паўстаньне Харвата-Мусульманскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Сэрбскай (паводле дэйтанскага паразуменьня) у складзе адзінай Босьніі і Герцэгавіны.
3. Мірныя незалежнасьці Македоніі і Чарнагорыі.
Македонцы зьяўляюцца асобнай нацыяй, а ня часткаю сэрбаў.
Славяна-праваслаўныя Македонія і Чарнагорыя сталі незалежнымі ў выніку мірных працэсаў. Македонія абвясьціла незалежнасьць 17 верасьня 1991 г., што справакавала дыпляматычную спрэчку з Грэцыяй аб назьве новай дзяржавы, бо Грэцыя мае аднайменны рэгіён (спыніліся на вэрсіі Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія). Маленькая Чарнагорыя (вядома дзякуючы вольналюбнасьці ды агрэсіўнасьці яе жыхароў у адстойваньні свабоды як “славяна-праваслаўная Чачэнія”) доўгі час заставалася ў зьвязе з Сэрбіяй ды ўтварала Зьвязавую (Саюзную) Рэспубліку Югаславію. Аднаўленьне незалежнасьці Чарнагорыі ўвесь час адкладвалася, бо вялікая сэрбская меньшасьць была супраць, а чарнагорская незалежніцкая індэнтыфікацыя не магла супрацьстаўляцца сэрбскай імпэрскай шавіністычнай. Чарнагорская дзяржава зьявілася толькі ў 2006 г. ў выніку рэфэрэндуму, калі толькі больш 50% люду “праваслаўнай Чачэніі” прагаласавала за незалежнасьць.
Сэрбскім шавіністым ня верылася, што маленькая Падгорыца стане сталіцаю эўрапейскай дзяржавы. Сама дзяржава ня столькі абвясьціла, колькі абнавіла сваю незалежнасьць, якая мае слаўную гістарычную дзяржаўніцкую традыцыю.
У выніку распаду Югаславіі загінулі некалькі дзесятак тысяч асобаў, соткі тысячаў сталіся ўцекачамі. Затармазілася разьвіцьцё гаспадаркі, ўзрасьлі аўтарытарныя і шавіністычныя тэндэнцыі ў палітычнай сфэры. Шырокі доступ да зброі, грамацкая дэстабілізацыя, слабасьць і карупцыянаванасьць праваахоўчых структур сталіся базай для разьвіцьця арганізаванай злачыннасьці. Істотнейшы вынік вайны і дэстабілізацыі – спазьненьне інтэграцыі заходнебалканскіх дзяржаў у агульнаэўрапейскія структуры (апрача Славеніі). Косава і Босьнія сталі de facto міжнароднымі пратэктаратамі. З мэтамі перасьледу і справядлівага пакараньня вайсковых злачынцаў дзейнічае Міжнародны Трыбунал па справах былой Югаславіі з сядзібаю ў Гаазе (Галяндыя).
4. Баўгара-турэцкая гісторыя зьвязана з заваёвам і шматвяковым панаваньнем Турэччыны над Баўгарыяй, яе частковай цюркізацыяй і іслямізацыяй. Баўгара-турэцкі канфлікт быў міжцывілізацыйным (хрысьціянская і мусульманская цывілізацыі). Вызваленьне Баўгарыі ад турэцкага панаваньня адбылося дзякуючы Расеі ў другой палове ХІХ ст. Вядомы турэцкія меньшасьці ў балканскіх краінах.
5. Грэка-турэцкая напружанасьць зыходзіць з папярэдняй гісторыі міжцывілізацыйных (хрысьціянска-мусульманскіх) канфліктаў і лякалізавана на востраве Кіпр, дзе турэцкая супольнасьць стварыла сваю непрызнáную дзяржаву.
ІІІ. Праблемы дзяржаў былой некамуністычнай Заходняй Эўропы.
Для дзяржаў традыцыйнай Заходняй Эўропы характэрны:
— бі-, або паліэтнічнасьць (Бэльгія, Швэйцарыя),
У Бэльгіі жывуць два аўтахтонныя этнасы: флямандыйцы і валёны. Флямандыйцы карыстаюцца флямандыйскай мовай (блізкай да галяндыйскай), а валёны – францускай. Тут тэндэнцыі да падзелу, ня гледзячы на тое, што Брусэль – сталіца Эўропы, абвастрыліся. Валёны ўсё больш кажуць аб цясьнейшых гістарычных сувязях з Парыжам, а багатыя фляндрыйцы шмат год незадаволены датацыямі на разьвіцьцё валёнскай прамысловасьці. На пачатку 1993 г. бэльгійскі парлямант прыняў зьмену ў канстытуцыю якая дае большую аўтаномію Фляндрыі і Валёніі. Ці прывядзе гэта да падзелу Бэльгіі на ўзор аксамітнага разводу Чэхіі і Славаччыны?
Паліэтнічная Швэйцарыя складаецца зь германа-, франка-, італашвэйцарцаў і рэтрараманцаў. У 1992 г. на рэфэрэндуме аб інтэграцыі Швэйцарыі ў эўрапейскую супольнасьць германашвэйцарцы прагаласавалі супраць. Яны карыстаюцца дыялектам “Schwyzerdoutsch” які надзвычай адрозьніваецца ад нямецкай літаратурнай мовы, бо немцы яго амаль не разумеюць. Працэсы этнадыфэрэнцыяцыі за больш пяцьсот год існаваньня Швэйцарыі і нямецка-швэйцарскай мяжы зайшлі так далёка, што германашвэйцарцы лічаць сябе групай зусім іншай, чым такія ж паўднёвагерманцы-немцы, што жывуць за паўночнай мяжой альпійскае Швэйцарыі. Інакш павяла сябе на рэфэрэндуме заходняя франкафонная частка Швэйцарыі. Некалькі ніжэйшы ўзровень жыцьця, большае беспрацоўе, рэцэсія, нязначная розьніца Лазанскай і Жэнеўскай францусчыны ад літаратурнай францускай мовы, вялікая колькасьць іншаземцаў у Жэневе (кожны трэці), нарэшце наяўнасьць шматлікіх сядзібаў міжнародных арганізацый прывялі да таго, што побытава франкашвэйцарцу лягчэй паразумецца ў сябе з чужаземцам, чым зь якім-небудзь германашвэйцарцам у сталіцы. Адкрытая на сьвет франкамоўная Швэйцарыя адказалася эўрааптымістычнаю і сказала на рэфэрэндуме “так” эўраінтэграцыі.
“Не” германашвэйцарцаў сталася больш важкім, бо франкашвэйцарцы складаюць усяго каля 20% ад агульнай колькасьці люду Канфэдэрацыі. Таму Швэйцарыя не ўваходзіць у Эўрапейскі Зьвяз. У некаторых газэтах зьявіліся карты, на якіх заходняя (франка-) Швэйцарыя аддзелена ад астатняй дзяржавы.
— наяўнасьць вялікіх аўтахтонных этнічных меньшасьцяў (Гішпанія – баскі, каталёнцы, галісійцы/галісійцы, Вялікабрытанія – шатляндыйцы, гэлы),
— рэлігійная меньшасьць (Нямеччына – каталіцкі поўдзень, найперш Баварыя, Вялікабрытанія – каталікі ірляндыйцы),
— моўныя меньшасьці (Францыя — баскі, Нямеччына – паўднёвыя немцы якія размаўляюць на верхненямецкай мове, што розьніцца ад літаратурнай нямецкай),
— этнарэлійная меньшасьць (Вялікабрытанія – ірляндыйцы-каталікі Паўночнай Ірляндыі).
Мікрадзяржавы, што вядуць свой генэзіс зь сярэднявечча (Люксэмбург, Андора, Ліхтэнштэйн) і, як правіла, не зьяўляюцца арыгінальнымі ні этнічна, ні рэлігійна, г. зн. падобны на вялікія суседнія Нямеччыну, Гішпанію, Швэйцарыю з Аўстрыяй.
А. Латышонак трапна назваў супольнасьці мікрадзяржаў Эўропы мадэрнізаванымі “помнікамі Сярэднявечча” (2006).
Дзяржавы вышэйназванага рэгіёну склаліся ў мінулыя стагодзьдзі, таму палітычныя супольнасьці фармаваліся пераважна на тэрытарыяльным і культурніцкім груньце. Спачатку шляхам заваёў і падпарадкаваньня пануючай супольнасьцю дзяржаў (ангельцы, французы, гішпанцы-кастыльцы) іншых супольнасьцяў зь іх палітычнай асіміляцыяй (Ангельшчынай Уэльсу, Шатляндыі, Ірляндыі), затым — ўтварыўшы каляніяльныя імпэрыі (Гішпанія, Вялікабрытанія, Францыя), і пасьля дэкалянізацыі — у такім выглядзе застаюцца. Дзяржаўныя межы тут не зьмяняліся некалькі стагодзьдзяў, таму не супадаюць з этнічнымі, рэлігійнымі, моўнымі межамі. Заходнеэўрапейскія дзяржавы стабільныя найперш дзякуючы высокаму ўзроўню жыцьця. У будучыні тут, пры зьбегу пэўных чыньнікаў, паўстануць (акрамя баскскай і паўночна-ірляндыйскай) шатляндыйская, каталёнская, галісійская, валійская, карсіканская, сіцылійская, сардынійская, флямандыйская, валёнская ды фарэрская праблемы. Магчыма, частка супольнасьцяў атрымае пашыраныя аўтаноміі, іншыя — ўтвораць фэдэратыўныя або канфэдэратыўныя дзяржавы, а найбольш шматлікія, кансалідаваныя і слабаасіміляваныя супольнасьці (Каталёнія, Паўночная Ірляндыя, Шатляндыя, Фляндрыя і Валёнія) стануць новымі незалежнымі дзяржавамі.
ІV. Усходні пас Эўропы, або праблемы эўрапейска-эўразійскіх стасункаў. Балтыя – Беларусь – Украіна – Малдова складаюць патэнцыйна гарачую ўсходнюю ўскраіну Эўропы.
Усходняя мяжа эўрапейскай цывілізацыі доўгі час супадала зь мяжой Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай ў сувязі з расейскай эўразійскай экспансіяй пастрэчпаспалітаўскія эўрапейскія супольнасьці падвяргаліся эўраазіятызацыі. Моўнае, культурніцкае, рэлігійнае зрасейшчваньне павялічвалася з захаду на ўсход. Адсюль вялікая розьніца паміж заходняй і ўсходняй Украінай, Беларусьсю, Малдовай г. д.
Сутнасьць канфліктаў у Малдове, Украіне і Беларусі – цывілізацыйная нясумешчальнасьць мяйсцовых эўрапейскіх рамана- і славяна-праваслаўных супольнасьцяў з эўразійскай супольнасьцю расейцаў ды зрасейшчаных (саманазва “русскоязычные”). Відавочная моўная і культуровая несумяшчальнасьць вызначаецца несумяшчальнасьцю дзяржаўніцкіх традыцый. Эўрапейскія дзяржаўніцкія традыцыі малдаван, украінцаў і беларусаў зь іх свабодай, дэмакратыяй, правамі чалавека, культурніцкім, рэлігійным плюралізмам ніяк не карэлюецца з азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыяй расейцаў зь яе таталітарызмам, пазбаўленьнем індывіда элемэнтарных палітычных, гаспадарчых, культуровых, этнічных, рэлігійных правоў і свабод, уніфікацыяй тэрыторый (не рэгіёны як у Эўропе, а правінцыі).
Украіна. Левабярэжная (адносна Дняпра) частка сучаснай Украіны аж зь сярэжзіны ХVII ст. была ўключана ў склад Расеі (Пераяслаўская рада, Б Хмяльніцкі). Правабярэжжа да канца XVIII ст. была ўсходняй ускраінай Рэчы Паспалітай, а Галіцыя ды Закарпацьце – аж да 1918 г. зьяўляліся часткамі Аўстра-Вугорскае імпэрыі. Больш таго, у міжваенны пэрыяд Галіцыя, Валынь – частка Польшчы, а Закарпацьце – Чэхаславаччыны. Бэсарабія і Букавіна да 1940 г. знаходзіліся ў Румыніі. Большая частка Ўкраіны з канца ХVIII ст. уваходзіла ў склад Расеі ды СССР.
У наш час Галіцыя ўяўляе асобны рэгіён, які характэрызуецца адрозным мінулым у складзе Аўстра-Вугоршчыны. Сталіца Галіцыі (Галічыны) Львоў зьяўляецца другой сталіцай Украіны (сталіцай украінцаў). Доўгія гады супрацьстаяньня германскай, вугорскай, польскай і расейскай экспансіі сталі прычынаю нацыянальна-вызвольнага руху. Адсюль, яскрава выражаная нацыянальная і рэлігійная сьвядомасьць (індэнтыфікацыя) насельніцтва, яго незалежніцкая (праукраінская), прэўрапейская і антырасейская (антыэўразійская, антыазіяцкая, антыімпэрская) арыентацыя.
Менавіта тут у былой Аўстра-Вугоршчыне захавалася вуніяцкая царква, якая была забаронена ў Расеі. Сучасная супольнасьць Галічыны пераважна двухканфэсійная. Найбольш вернікаў Украінскай грэка-каталіцкай царквы (УГКЦ) і Украінскай праваслаўнай царквы (УПЦ) кіеўскага патрыярхату), а Украінская праваслаўная царква маскоўскага патрыярхату амаль не карыстаецца падтрымкаю.
Унікальныя: мяйсцовыя гаворкі, сыстэма эўрапейскага расьсяленьня з былымі палацамі, дамамі і маёнткамі землеўладальнікаў, украінскамоўныя месты, Львоў зь яго эўрапейскай архітэктурай і вызвольным духам.
Украінскамоўныя месты сфарміраваліся пасьля Другой сусьветнай вайны. Расейцы і саветы амаль пазбавіліся тутэйшых палякаў рэпатрыяваўшы іх у Польшчу, затое не пасьпелі засяліць месты расейцамі і зрасейшчанымі, а мяйсцовае ўкраінскае насельніцтва, перасяліўшыся ў месты, — прынясло сельскую аўтахтонную ўкраінскую (украінскамоўную) культуру, бо ніколі не знаходзілася ў складзе Расеі і СССР, значыць — не было зрасейшчана.
Закарпацьце ў розныя часы знаходзілася ў складзе Аўстра-Вугоршчыны, Чэхаславаччыны (Падкарпацкая Русь), Вугоршчыны. Вызначаецца паліэтнічнасьцю супольнасьцяў (наяўнасьць вугорскай і румынскай меньшасьцяў, а таксама карпацкіх русінаў, гуцулаў), унікальнай горнай сыстэмай расьсяленьня і г. д.
Асобнымі рэгіёнамі лічацца ўкраінскаі часткі былой Бесарабіі і Букавіны.
Заходняя і Цэнтральная Ўкраіна (Валынь, Палесьсе, Кіеўшчына і г. д.) маюць наступныя рысы: наяўнасьць ўкраінскай эўрапейскай ідэнтыфікацыі, перавага незалежніцкага праваслаўя кіеўскага патрыярхату, памяркоўная праэўрапейская і антырасейская палітычная накіраванасьць. Кіеў – даўнейшая сталіца дзяржавы. На тэрыторыях былой міжваеннай Польшчы месты – украінскамоўныя, а былога СССР – двухмоўныя.
Правабярэжная Ўкраіна (правы бераг Дняпра) характэрызуецца зрусіфікаванасьцю местаў, украінскамоўным сялом, памяркоўнай украінскай незалежніцкай і прарасейскай індэнтыфікацыяй, панаваньнем праваслаўя як незалежніцкага, так і прарасейскага (РПЦ).
Левабярэжная Ўкраіна розьніцца расейскамоўным местам і двумоўным (украінска-расейскім) сялом, украінскай прарасейскай сьвядомасьцю (Украіна і Расея тое ж самае), ад незалежніцкай праз напаўкаляніяльную аж да каляніяльнай (як правіла ў этнічных расейцаў). Адсюль прарасейская палітычная арыентацыя.
У Данбасе, на Луганшчыне пануе расейскамоўнае насельніцтва з расейскай культурніцкай арыентацыяй. Мнагавяковая каляніяльная мінуўшчына ў складзе Расеі, галадамор — генацыд украінцаў (найперш сялянаў) бальшавікамі і расейцамі, засяленьне тэрыторый расейцамі і зрасейшчанымі, урбанізацыя (Данецк, Луганск, Марыюпаль, Харкаў), хуткія тэмпы індустрыялізацыі і калектывізацыі, моўная і культурніцкая асіміляцыя украінцаў прывялі да напаўкаляніяльнай і каляніяльнай палітычнай індэнтыфікацыі ды арыентацыі на Расею (Украіна і Расея тое ж самае і Ўкраіна – частка, ускраіна Расеі).
Тут назіраюцца праявы побытавай нянавісьці да ўкраінскамоўных, спробы нішчыць рэклямы, дарожныя знакі з надпісамі па-украінску, адбываюцца дэманстрацыі і мітынгі пад антыэўрапейскімі, антынатаўскімі, антыэўразьвязаўскімі лёзунгамі напоўненымі нянавісьцю да Эўропы і эўрапейцаў.
Крымская аўтаномная вобласьць. Абшары далучаныя да Ўкраіны у 1955 годзе. Акрамя панаваньня расейскага і расейскамоўнага этнічнага, культурніцкага элемэнту, характэрызуецца асаблівай антыўкраінскасьцю і антыэўрапейскасьцю палітычнай арыентацыі расейскай большасьці. Крымскія татары, якія былі выселены ў час савецкай акупацыі Ўкраіны і вяртаюцца ў Крым, пераважна дэманструюць ляяльнасьць да Ўкраіны і праўкраінскую арыентацыю фармалізаваную ў альянсе з украінцамі-незалежнікамі.
Тут назіраюцца ўсе формы псыхозу. Мітынгі і дэманстрацыі з патрабаваньнямі далучэньня Крыму да Расеі (азіяцкі дзяржаўніцкі сэпаратызм) і асаблівай нянавісьцю да украінцаў-эўрапейцаў ды Ўкраіны як незалежнай эўрапейскай дзяржавы: пагромы, у якіх удзельнічалі расейцы, зрусіфікаваныя ды крымскія татары. Мяйсцовыя эўрапейскія ўкраінцы і крымскія татары складаюць меньшасьць, аднак іх колькасьць павялічваецца. Дэстабілізуючыя для Ўкраіны чыньнікі ў Крыме – наяўнасьць расейскага Чарнаморскага Флёту і масавы заезд турыстаў з Расеі, ад чаго Ўкраіна мае фінаісавыя выгады.
Зрасейшчаныя сэпаратыстыя ў час украінскай аранжавай рэвалюцыі паспрабавалі абвясьціць на ўсходзе і поўдні дзяржавы аўтаномію, не адмаўлялі нават расколу Ўкраіны на дзьве дзяржавы. Толькі выйсьце мільёнаў украінцаў на Майдан у Кіеве і на пляцы іншых местаў выратавала Ўкраіну ад расколу й прывяло патрыятычныя ды праэўрапейскія сілы ўкраінцаў да ўлады (Прэзыдэнт Віктар Юшчанка).
Малдова. Малдаўская ССР (МССР) ўтварылася пасьля 1940 года ў выніку акупацыі Савецкім Саюзам часткі Румыніі і далучэньня да яе Малдаўскай аўтаноміі (МАССР) ў складзе Ўкраіны (УССР). У 1940 –1990 гг. Малдаўская ССР знаходзілася ў складзе таталітарнай савецкай імпэрыі, таму нейкіх відавочных прызнакаў тэрытарыяльнай цывілізацыйнай дыфэрэнцыяцыі ды несумяшчальнасьці яе насельніцтва не праяўлялася. Пасьля атрыманьня незалежнасьці палітычнае кіраўніцтва Малдовы абранае большасьцю насельніцтва, якое жыве ў былой частцы Румыніі, узяло курс на стварэньне ўласнай дзяржавы: дзяржаўнасьць малдаўскай (румынскай) мовы, ужываньне сіне-жоўта-чырвонага традыцыйнага сьцяга-трыкалёра, вывучэньне гісторыі румын і г. д. Народны Фронт Малдовы ўзяў курс на аб’яднаньне Малдовы з Румыніяй, паколькі пасьля акупацыі Малдовы ў 1940 годзе саветы тут нават не правялі выбарчага фарсу, адсюль юрыдычна акупацыя зьяўлялася цалкам антыпраўнай.
На ўсходзе ад р. Днестр большасьць расейскамоўных (расейцы, русіфікаваныя ўкраінцы, нашчадкі мяшаных шлюбаў ды інш.) мелі агульнасавецкую, або расейскую імпэрскую эўразійскую тоеснасьць, ня ведалі малдаўскай мовы і не ўспрымалі рамана-праваслаўнай румына-малдаўскай індэнтыфікацыі ды культуры. У 1992 годзе на тэрыторыях на ўсход ад Днястра (з плошчай 29 000 км² і насельніцтвам 700 тыс. чал.) была абвешчана сэпаратыская Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка. Сэпаратысты разьвязалі вайну з законнай уладай Кішынёва. Непрызнаная ПМР існуе практычна і атрымоўвае паттрымку шавіністычных колаў Расеі. У ПМР пазапраўна ўжываецца савецкі сьцяг Малдаўскай ССР (бяз зоркі, сярпа і молата), а дзяржаўнаю мовай de facto зьяўляецца расейская.
ІХ. 4. ЭЎРАПЕЙСКАЯ БУДУЧЫНЯ
Прагноз будучыні палітычнае часапрасторы Эўропы на бліжэйшыя пяцьдзесят-сто год можна скласьці, улічваючы сёньняшнія працэсы.
Эўропа не зьяўляецца аднароднаю. Відавочна ўзмацненьне Нямеччыны пасьля яе задзіночаньня (ад чаго быў глыбока засмучаны афіцыйны Лёндан). Сучасная Нямеччына ўплывае на Ўсходнюю Эўропу ўскосна, распаўсюджваючы нямецкую тэхніку, тэхналёгіі, інвэстуючы і г. д . Падаецца, што большасьць немцаў зрабілі высновы з трагічнага досьведу двух сусьветных войнаў, таму традыцыйная наўпроставая нямецкая экспансия (культурніцка-вайсковая) зьмянілася культурніцка-гаспадарчымі ўплывамі. Немцам вядомы сумны гістарычны досьвед ўсходнеэўрапейцаў, што былі звычайна падзелены паміж немцамі і расейцамі на сфэры ўплыву (клясычны прыклад – пакт Молатава Рыбэнтропа), таму немцы ў большасьці разумеюць, што пры шавінізацыі Нямеччыны і спробах яе клясычнай рээкспансіі на Ўсходнюю Эўропу (пабудэва новай Mitteleurop’ы), яны атрымаюць антынямецкую кансалідацыю ад Балтыі да Балкан.
Сёньняшняя Нямеччына як дзяржава мае аптымальную моц і вагу, бо калі яна была заслабаю (фраґмэнтаванаю) – на яе абшарах часта панавалі чужынцы, а пры шавінізацыі – выбухалі сусьветныя войны (С. Jean, 2006).
Нясумнеўна кансалідацыя Ўсходняй Эўропы на антынямецкіх і антырасейскіх гістарычных фобіях, бо ўсходнеэўрапейцы лічаць сваімі хаўрусьнікамі найперш ЗША і Вялікабрытанію, а ўжо потым — Францыю ды Нямеччыну. Нямеччына сьхільна да альянсу з Расеяй, што адпавядае яе гаспадарчым інтарэсам (найперш атрымаць як мага найтанейшую расейскую сыравіну). Усходнеэўрапейцы не зацікаўлены ў пабудове на дне Балтыйскага мора трубаправодных камунікацыяў, бо тады трацяць выгады як транзітныя дзяржавы (плата за карыстаньне трубапровадамі, інфраструктурамі і мн. інш.). Расея вядзе прапаганду ў духу перабольшваньня розьніцы паміж былой Заходняй і Ўсходняй Эўропай, а усходнеэўрапейцы абвінавачваюць Расею ў спробах зноў раскалоць Эўропу на захад і ўсход з мэтай рээкспансіі ў цывілізацыйную Эўропу. Расейская пагроза – важкі аргумант ўсходнеэўрапейцаў за агульнаэўрапейскую і эўраатлянтычную кансалідацыю.
Улічваючы цягу ўсходнеэўрапейцаў найперш да палітычнага супрацоўніцтва з ЗША і Вялікабрытаніяй (што вынікае з нашага горкага гістарычнага досьведу), а не з Нямеччынай, Францыяй і Расеяй, апошнія, каб не застацца ў ізаляцыі, стварылі вось Парыж – Бэрлін і працягнулі яе аж да Масквы, што выклікае занепакоенасьць магчымасьцю антыўсходне-эўрапейскай кансалідацыі Францыі, Нямеччыны і Расеі.
Расея, страціўшы ўплывы ў сваіх былых паўкалёніях-сатэлітах і трацячы палітычны аўтарытэт у Малдове, на Ўкраіне і, нават, у Беларусі (скандалы з цэнамі на паліўную сыравіну), згодна на ўсялякі ўплыў са стварэньнем любога альянсу з Бэрлінам і Парыжам (дзе здаўна “сядзіць” вялікая руская эміграцыя, што прытрымліваецца традыцыйных расейскіх шавіністычных пазыцый).
Антырасейская і антынямецкая кансалідацыя Ўсходняй Эўропы адбываецца вакол Польшчы. Польшча – лідар усходу Эўропы, бо мае найвялікшыя ў рэгіёне паверхню, колькасьць люду, гаспадарку і зьяўляецца, разам з Эстоніяй, Славеніяй, Чэхіяй, Вугоршчынай, найзаможнейшай пастсацыялістычнай дзяржавай з рэфармаванай эканомікай, якая дынамічна разьвіваецца. Польшча і яе саюзьнікі (дзяржавы Балтыі, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Румынія, Баўгарыя, у меньшай ступені Ўкраіна і Малдова) – уплывовая сіла, зь якой лічацца найперш у Бэрліне, Парыжы і Маскве і ганарацца палітычнай дружбай у Вашынгтоне і Лёндане.
Вымалёўваецца ўзвышэньне над эўрапейскім паствізантыйскім праваслаўным сьветам Украіны пры яе ўваходзе найменьш у асацыятыўнае сяброўства з Эўрапейскім Зьвязам.
Сучасная Ўкраіна толькі абшарава-насельніцкі лідар эўрапейскіх паствізантыйцаў, бо мае расколатыя паводле бачаньня будучыні дзяржавы супольнасьці і нізкі ўзровень матэрыяльнага жыцьця.
Зь іншага боку, Эўрапейскі Зьвяз і НАТО – гаранты эўрапейскай і трансатлянтычнай кансалідацыі, выступаюць гарантамі еднасьці пастсацыялістычнае Эўропы (бачная адсутнасьць вугорска-румынскага, польска-летувіскага, польска-украінскага і інш. канфліктаў).
Відавочны ўплывы Паўночнай Эўропы (найперш Швэцыі і Фінляндыі) на дзяржавы Балтыі, а Італіі і Грэцыі – на суседнія балканскія дзяржавы.
Неаднароднасьць і рознапалярнасьць інтарэсаў найбольш уплывовых эўрапейскіх дзяржаў – найважнейшая геапалітычная асаблівасьць Старога Сьвету.
Улічваючы гэта Эўропа можа фраґмэнтавацца і нават балканізавацца (усе супраць усіх) пры нязначнасьці знешніх пагроз. Наадварот, пры інтэнсіўных зьнешніх экспансіях Эўропа скансалідуецца вакол адзінага ядра – Эўрапейскага Зьвязу. Трансфармацыя ЭЗ з гаспадарчага аб’яднаньня ў палітычна-гаспадарчае і, нават, гаспадарча-палітычнае – індыкатар глыбіні эўрапейскай інтэграцыі, а, значыць, — найперш глыбіні усьведамленья сучаснымі эўрапейскімі элітамі сур’ёзнасьці вонкавых пагроз Эўропе ў сувязі з стратай Старым Сьветам абсалютнага лідарства на плянэце.
Сярод эўрапейскіх суседзяў найбольш уплывовыя расейцы і мусульманы (цюркі і арабы). Эўразійская Расея і араба-мусульманскі Магрыб (Паўночная Афрыка) непазьбежна паўплываюць на эўрапейскую будучыню, найперш у сілу геаграфічнага становішча.
Найбольш верагодны два варыянты ўзаемаадносін цывілізацыйнай Эўропы і Расеі:
1. Пры ўзмацненьні Расеі за конт пераважна прыбыткаў ад манапольнага гандлю паліўнай сыравінай ды прыходу да ўлады ў Маскве праімпэрскіх шавіністычных палітычных сіл, магчыма выкарыстаньне былой мэтраполіяй расейцаў (нелегальных імігрантаў і іх нашчадкаў) і зрасейшчаных асімілянтаў (носьбітаў расейскай эўразійскай этнакультуры) Балтыі, Беларусі, Украніы і Малодовы дзеля нутранай дэстабілізацыі з мэтай культурніцкай, інфармацыйнай, палітычнай і гаспадарчай экспансіі. Тыя эўрапейскія пастсавецкія дзяржавы, якія хутчэй пазбавяцца ад негатыўных наступстваў русіфікацыі (шляхам правядзенья хуткай і эфэктыўнай дэкалянізацыі), будуць мець большыя шанцы на незалежнае і праэўрапейскае разьвіцьцё.
Мэтазгодна арганізаваць як дабраахвотную(!) рэпатрыяцыю расейцаў і зрасейшчаных у Расею, так і іхную інтэграцыю ў незалежніцкія грамаствы. Найбольшую небясьпеку дзеля свабоды Балтыі, Украіны, Беларусі і Малдовы ўяўляе сабе расейская мова і рэгенэрацыя побытавага расейскамоўнага асяродзьдзя шляхам легальнага існаваньня расейскамоўных (фактычна расейскіх) школаў не для этнічных расейцаў, мас-мэдэа, расейскай праваслаўнай царквы (расейскае праваслаўе – сукупнасьць рэлігіі ды расейскага імпэрскага нацыяналізму і шавінізму).
Расея пры вялікай (найперш матэрыяльнай і палітычнай) паттрымцы прарасейскіх палітычных сілаў можа дабіцца палітычнага падзелу Ўкраіны шляхам аддзяленьня ўсходу і поўдню дзяржавы (ад аўтанамізацыі да псеўданезалежнасьці з далучэньнем да Расеі), “незалежнасьці” і далучэньня да Расеі Прыднястроўя, але, найперш, пераўтварэньня суцэльна зрасейшчанай Беларусі, ў лепшым выпадку, ў расейскую аўтаномію, а, ў горшым, –уваходу ў склад Расеі шасьцьмі вобласьцямі з закнадаўчай забаронай ня толькі эўрапейскае, але і напаўкаляніяльнае беларушчыны (мова, літаратура, этнакультура і інш.).
Рэкалянізаваныя Расеяй краіны могуць стаць пляцдармам для расейскай экспаніі ў незрасейшчаную Эўропу: дзяржавы (НАТО і Эўрапейскага Зьвязу): Балтыі, заходнеславянскія, паўднёваславянскія і ўсходнераманскія дзяржавы.
2. Пры далейшым нутраным ўзмацненьні (зьмяньшэньні і перадоленьні розьніцы паміж багатымі і сярэднеразьвітымі дзяржавамі і распаўсюджаньні на ўсход Эўрапейскага Зьвязу, НАТО з далучэньнем да эўрапеска-эўраатлянтычных інтэграцыйных структур найперш Украіны і Беларусі –цывілізацыйная Эўропа стане палітычна адзінаю. Будучыня Расеі будзе залежыць ад яе супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам. Пры курсе на пераўтварэнье Расеі ў пераважна ізаляваную дзяржаву, або арыентацыі на Ўсходнюю Азію (Кітай, Японія) ці іслямскі сьвет — яе чакае марыгіналізацыя (павялічэньне розьніцы паміж: велічынёй тэрыторыі і колькасьцю насельніцтва, з ростам колькасьці ды ролі нярускага насельніцтва; наяўнасьцю паліўных, сыравінных рэсурсаў і сучасных тэхнікі, тэхналёгій ды працоўных рэсурсаў і інш.).
Дэталёвы прагноз будучыні Эўропы на 500-1000 год скласьці немагчыма, толькі можна паспрабаваць прадбачыць агульную сытуацыю ў сьвеце.
Дамінаваньне Эўропы ў сьвеце ў ІІ тыс. н. э. скончылася. Эўрапеідызацыя сьвету абароніць Эўропу на пэўны час ад экспансіі іншых цывілізацый. Толькі на які час? Супастаўленьне тэмпаў гаспадарчага разьвіцьця розных рэгіёнаў плянэты можа прывесьці да наступных прагнозаў.
Стары Сьвет траціць статус адзінага самага разьвітага цэнтру і ўваходзіць у новы час спаборніцтва і канкурэнцыі зь іншымі цывілізацыйнымі абшарамі і іх цэнтрамі.
Найбольш пэрспэктыўны канкурэнтны абшар — Усходняя і Паўднёва-Усходняя Азія. Наяўнасьць мнагалікага маладога насельніцтва, яго высокая шчыльнасьць, слабае гаспадарчае разьвіцьце прывяло да наяўнасьці найтанейшых на плянэце працоўных рэсурсаў, адсюль — да мінімальных коштаў працы. Транснацыянальныя кампаніі інвэстуюць вытворчасьць у Кітаі (ня гледзячы на адсутнасьць дэмакратычнага палітычнага ладу). Тайвань, Малайзія, Інданэзія, В’етнам, Філіпіны, Сінгапур сталі новымі ціхаакіянскімі тыграмі, г. з-н. дзяржавамі з хуткімі тэмпамі разьвіцьця. Да канца ХХІ ст. пры высокіх тэмпах гаспадарчага разьвіцьця тут можна чакаць утварэньня абшару (-аў) з мільярдам багатага насельніцтва. Наяўнасьць масавых вытворчасьцей прывядзе да буйных інвэстыцый у мяйсцовую, а не эўрапейскую ды амэрыканскую навуку (найперш прыкладную).
Гэта можа прывесьці да пэрыфэрызацыі дэмакратычнае хрысьціянскае трансатлянтычнае супольнасьці (Усходняя Азія, Паўночная Амэрыка, Эўропа). Зьбяденлыя Эўропа і (у меньшай ступені) Паўночная Амэрыка – пэрспэктыва канца ХХІ – пачатку ХХІІ стагодзьдзяў. Высокі кошт працоўных рэсурсаў і паттрыманьне высокага ўзроўню жыцьця састарэлага насельніцтва стануць найвялікшымі праблемамі Эўропы, пры ўмовах невырашэньня эўрапейцамі дэмаграфічнай праблемы, г. зн. рэзкае павышэньне натуральнага прыросту і абмежаваньне прытоку імігрантаў зь іншых цывілізацый (найперш зь іслямскай, з чорнай Афрыкі). Адваротна, калі тэмпы прытоку імігрантаў будуць апярэджваць тэмпы іх інтэграцыі ў традыцыйныя грамацтвы (пры недахопу сродкаў на інтэграцыю), то заходнюю частку Старога Сьвету можа чакаць палітычная дыфэрэнцыяцыя, г. зн. разбурэньне традыцыйных Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Францыі, Італіі, Бэльгіі як з дапамогай вызвольных рухаў, так і сэпаратызмаў. Буйныя найбяднейшыя асяродкі прышлага насельніцтва (найперш у Францыі, Нямеччыне ды інш.) стануць азанальнымі цэнтрамі дэстабілізацыі, а спробы іх выкарыстаньня дла вызвольных рухаў і сэпаратызмаў – выніковымі.
Пры далейшым нарастаньні праблемаў Эўропу чакае іслямізацыя і страта хрысьціянскай цывілізацыйнай індэнтыфікацыі з-за наплыву дзесяткаў мільёнаў араба-, цюрка-, пэрса- і каўказамусульманскага насельніцтва з Паўночнай Афрыкі, Блізкага Ўсходу, Цэнтральнай Азіі, Каўказу.
Канчатковым этапам закату хрысьціянскае Эўропы можа быць яе заваёва найперш арабамусульманскім сьветам пры ўмовах яго палітычнай кансалідацыі на падмурку іслямскага фундамэнталізму і наяўнасьці паліўных рэсурсаў Пэрсіцкага заліву (новы Арабскі Халіфат інтэграваны багатымі манархічнымі фундамэнталіскімі дзяржавамі Пэрсіцкага заліву). Паступова з сканчэньнем паліўных рэсурсаў будзе падарваны гаспадарчы стымул палітычнай кансалідацыі араба-мусульманскага і ўвогуле мусульманскага сьвету, бо багатыя араба-мусульманскія дзяржавы хутчэй ня стануць разьвітымі. Вышэйапісаныя працэсы зьмяненьня палітычнай прасторы Эўропы магчымыя ў першай палове ІІІ тыс. н. э.
Альтэрнатыва пэрыфэрызацыі і іслямізацыі Эўропы – яе інтэграцыя.
1. Эўрапейскі Зьвяз павінен (праз 10-15 год) пашырыцца шляхам інтэграцыі Ўкраіны, Беларусі, пастюгаслаўскіх дзяржаў і ўключаць дзяржавы цывілізацыйнай Эўропы. Адзіную Эўропу немагчыма ўявіць без эўрапейскага славяна-праваслаўнага сьвету, аднак патрэбна цалкам улічваць яго цывілізацыйную спэцыфіку.
2. Неабходна прапанова Расеі з боку Эўразьвязу і НАТО рэальна прымаць удзел у эўрапейскай інтэграцыі (асацыяцыйнае або іншае сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе, NАТО, зоне EURO, Шэнгенскай зоне), ня гледзячы нават на яе ўнутрыпалітычную сытуацыю. Пры нарастаньні кітайскай, японскай, цюркска- і каўказаіслямскай пагроз магчыма перамога ў Расеі праэўрапейскіх палітычных сілаў над сіламі эўразійскай ізаляцыі, або кампраміс між імі з агульнай ляяльнасьцю да Эўропы, як альтэрнатыве іслямізацыі ды кітаізацыі. Расея прадстаўляе інтарэс для Эўропы як найперш крыніца энэргетычных і сыравінных рэсурсаў, таму нельга дапусьціць альянсу Расеі зь іслямскім сьветам, або з Усходняй Азіяй.
3. Канчатковае перадоленьне канкурэнцыі паміж Эўропай і Амэрыкай, іх інтэграцыя або шляхам ўваходу Паўночнае Амэрыкі ў Эўрапейскі Зьвяз (ці то як паўнавартасныя сябры ЭЗ, ці то — як асацыятыўныя).
4. Паттрымка эўрапеідызаванай Лацінскай Амэрыкі, шляхам яе раўнапраўнай інтэграцыі з Канадай і ЗША. Геаграфічна адддаленая Лацінская Амэрыка ў меньшай ступені можа служыць мэтаю экспансіі ўсходнеазіяцкага і іслямскага сьвету. Аднак нельга адмовіць зьяўленьня іслямістых-фанатыкаў, або высакатэхналягічных усходнеазіятаў у Лацінскай Амэрыцы (тым больш пры наяўнасьці сучасных транспартных сродкаў адлегласьці ў сьвеце мінімізуюцца), выкарыстаньня імі антыштатаўскіх настрояў вялікіх частак супольнасьцяў, ды уцягненьня ў антыэўрапейскі і антыпаўночнаамэрыканскі праект.
Мнагалікая і традыцыйна варожыя ісляму Індыя (канфлікты вакол Панджабу, Джаму й Кашміру) або стабілізуецца шляхам ізаляцыі, або ўступіць у зьвязы як з трансатлянтычнай супольнасьцю, так і з Усходнеазіяцкай. Чорная Афрыка стане мэтай для іслямізацыі фундамэнталістымі, аднак поўдзень кантынэнту можа весьці ўласную экспансію пры паттрымцы Трансатлянтыкай.
У ІІІ тыс. н. э. прагназуецца існаваньне трох-чатырох асноўных цывілізацыйных цэнтраў: Усходнеазіяцкага (магчыма нават Трансціхаакіянскага), Трансатлянтычнага, Іслямскага. Ступень іх кансалідацыі будзе залежыць ад суадносінаў працэсаў узаемадзеяньня цывілізацый ды іх канкурэнцыі з жорсткаю варажнечаю.
Цікавым зьяўляецца пытаньне аб магчымым узьнікненьні ў будучыні адной агульнаэўрапейскай, або нават адной сусьветнай дзяржавы з сусьветным парлямантам, урадамі і г. д. Такое непажадана, бо калі гэная дзяржава стане аўтарытарнаю, або, нават горш, таталітарнаю – тое прывядзе да сканчэньня абшаравага палітычнага прагрэсу Эўропы і ўсяго чалавецтва да часу, пакуль агульнаэўрапейская або сусьветная супольнасьць ня вызваліцца ад аўтарытарызму ці таталітарызму. Вярнуць дэмакратыю у будучыні пры высокім ўзроўні разьвіцьця навукі, тэхналёгіяў і тэхнікі стане надзвычай складана, бо таталітарныя ворганы дзяржаўнай улады й кіраваньня паспрабуюць адсачыць любыя пагрозы для ўласнага йснаваньня і сваечасова іх зьнішчаць.
ІХ. 5. ЭЎРОПА І СУСЬВЕТНЫЯ ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ СЦЭНАРЫ
Carlo Jean (2006) апісаў дзевяць асноўных сусьветных геапалітычных сцэнароў:
1. Паводле канцэпцыі сутыкненьня цывілізацый Гантынгтана/Huntington’а (заходняй хрысьціянскай, славяна-праваслаўнай, японскай, канфуцыянскай, іслямскай, гіндустанскай, паўднёваамэрыканскай і, магчыма, афрыканскай) адбудзецца верагодней сутыкненьне Поўначы з Поўднем, рэпрэзэнтаваных групай дзяржвў G-8 і іслямска-канфуцыянскім зьвязам. Магчыма кошты такога сутыкненьня панясе Індыя (вораг як ісляму, так і Кітаю). Уключэньне Афрыкі і Паўднёвай Амэрыкі ў супрацьстаяньне будзе марыгінальным, або ніякім. Эўропа зьінтэгруецца з Расеяй і Японіяй. ЗША верагодней актыўна ўключацца ў сутыкненьне, а магчыма будуць адыйгрываць ролю стратэгічнага рэзэрву для прамысловага сьвету і “язычка ў вагі” ў сусьветнай стратэгіі.
2. Стварэньне панрэгіёнаў з утварэньнем геаэканамічных блёкаў, у якіх кожны зь геапалітычных рэгіёнаў Поўначы інкарпаруе суседні рэгіён Поўдня: Эўропа злучылася б з Афрыкай і Бліскім Усходам; Расея зь Індыяй; Японія зь Кітаем; ЗША расьцягнулі б НАФТА на ўсю Амэрыку (як частку сьвету).
3. Канцэпцыя расейскіх эўразійцаў што супрацьстаўляе зямлю мору (груба заўв. В. К.). Сцэнар маларэальны, бо Эўропа зашчыльна зьвязана з ЗША і Канадай каб зацікавіцца містычнасьцю Масквы як Трэцяга Рыму, а альянс паміж Расеяй, Кітаем і іслямскі сьветам маларэальны, тым больш з цэнтрам у Маскве.
4. Уяўленьне аб пяціполюсным сьвеце паводле Гэнры Кісынджара (Henry Kissinger), у якім ўсе часткі (ЗША плюс Канада і Эўропа, Расея, Японія, Кітай і іслямскі сьвет) застаюцца ў дынамічнай раўнавазе з сабой і рэпрэзэнтуюць акрэсьленыя правілы гульні, – што мела мейсца ў час вайны ў Пэрсіцкай затоцы – з мэтай дасягненьня агульнага інтэрасу, г. зн. недахоп стабілізацыі і канфліктнасьць не перашкодзіць ім ў дамінаваньні ў сьвеце. Часы супрацоўніцтва чаргуюцца з часамі канфліктаў, найперш эканамічных, або надзвычай абмежаванымі лякальнымі войнамі на абшарах, што маюць натуральныя стратэгічныя рэсурсы (Пэрсіці заліў, Паўдзённая Афрыка, Сярэдняя Азія і інш.). Канфлікты ў Трэцім Сьвеце заставаліся б ігнараванымі, а нелегальная міграцыя з Поўдня затрымана рэальнымі санітарнымі кардонамі.
5. Трохбаковы сьвет G-7, у якім зьвязу паміж Эўропай, ЗША і Японіяй супрацьстаўляецца Расейска-Кітайскі альянс.
6. Сьвет раўнавагі паміж Амэрыкай, Эўропай і Расеяй, з днаго боку, ды Японіяй і Кітаем – зь іншага.
7. Сцэнар “рах Pacifica” ці “трыяды”, прапанаваны японскім прэм’ерам Ясухірам Накасонам, зь зьвязам сфэры дабрабыту вакол Ціхага акіяну ў складзе найперш Японіі, Кітаю і ЗША з Канадай, чаму могуць супрацьстаўляцца Эўропа з Расеяй, што, бязумоўна, зьяўляецца адным з самых неспрыяльных сцэнароў для Эўропы.
8. Зьвяз Эўропы з Расеяй з супрацьвагой яму з боку Кітаю, да якога можа далучыцца Японія. ЗША ў такой сыстэме могуць выконываць функцыі арбітра.
9. Гепатэтычная дэз’інтэграцыя Эўрапейскага Зьвазу з утварэньнем раўнавагі. Расея гепатэтычна аб’ядноўваецца зь Mitteleuropa’й, а ЗША з Францыяй і Вялікабрытаніяй. Італія далучылася б да аднаго з блёкаў.
Можна напісаць мноства іншых лякальных, рэгіянальных і глябальных геапалітычных сцэнароў, аднак толькі часапрасторавая рачаіснаьць іх актуалізуе, або дэактуалізуе.