Анатоль Сідарэвіч (узята з http://www.arche.by/by/8/40/151)
Падаем артыкул вядомага публіцыста, літаратурнага крытыка, гісторыка, аднаго з заснавальнікаў адноўленай Сацыял-дэмакратычнай Грамады Анатоля Сідарэвіча. Шмат якія думкі (на жаль, ня ўсе), выказаныя ім, пераклікаюцца з тым, пра шматкроць пісалі мы. Што да яго галоўнай высновы пра тое, што “сучасная Расея беларускай дэмакратыі не саюзнік, а сучасная Еўропа – у лепшым разе ненадзейны, хісткі партнёр”, дык яна практычна адзін у адзін паўтарае тое, што ўжо даўно сфармулявана намі ў якасьці Д пр-пу 5. І яшчэ, мы, у адрозьненьне ад аўтара, ужо даўно імкнемся не карыстацца паняткамі “Расея”, “Захад”. Мы імкнемся называць імёны канкрэтных суб’ектаў тых ці іншых грамадска-палітычных працэсаў у Еўропе і сьвеце.
Рэдакцыя.
ЕЎРАПЕЙСКАЯ ПАВЯРХОЎНАСЦЬ
Хлопцам і дзядзькам, якія насілі на дэманстрацыях сцягі Еўрасаюза і натхнёна крычалі “Беларусь – у Еўропу!”, тая самая Еўропа нанесла адчувальны ўдар.
Нашы еўрааптымісты таму і аптымісты, што не валодаюць дастатковай інфармацыяй, мала чыталі. Я раю ім разгарнуць хоць бы “Былое і думы” Аляксандра Герцэна. Гэты выдатны рэвалюцыянер і мысліцель, які нямала гадоў пражыў на Захадзе (асабліва ў Англіі), пісаў і пра “нищих разумом» брытанскіх лібералаў, і пра “английскую тупоумную доверчивость”, і пра іншыя не бліскучыя якасці брытанскіх палітыкаў. Зрэшты, не толькі брытанскіх.
Як пісьменніка, Аляксандра Герцэна цікавілі псіхалогія, менталітэт, г.зн. менавіта тое, што адрознівае адну нацыю ад іншай, адну цывілізацыю ад іншай. Ён вынасіў тую ж думку, што і Пётр Чаадаеў, – думку пра тое, што народы Заходняй Еўропы «имеют общую физиономию, некоторое семейное сходство». І саркастычна канстатаваў, што расейскім падданым «Европа нужна как идеал, как упрек, как благой пример; если она не такая, ее надобно выдумать».
Частка змучаных дыктатурай беларусаў таксама думала пра Еўропу як пра ідэал, звяртаючыся да якога, можна папракаць, дакараць, абвінавачваць уладу сваёй краіны, палітычны рэжым і думаць, што яна, Еўропа, паспагадае, праявіць салідарнасць з дэмакратычнымі сіламі нашай краіны, прадэманструе прынцыповасць і цвёрдасць у абароне каштоўнасцяў дэмакратыі.
Думаць так – значыць дэманстраваць няведанне школьнага курсу гісторыі.
Ад дзяржаў, якія наладжвалі «канструктыўнае супрацоўніцтва» з бальшавіцкім рэжымам у СССР, а потым з гітлераўскім рэжымам у Нямеччыне, нельга чакаць ні прынцыповасці, ні цвёрдасці. Дастаткова згадаць, як Францыя і Вялікабрытанія здалі Гітлеру дэмакратычную Чэхаславакію.
Дастаткова згадаць, як еўрапейскія палітыкі ўспрынялі вестку пра аранжавую рэвалюцыю ва Ўкраіне. Як іх займала думка пра стабільнасць на ўсходзе Еўропы, а дакладней, думка пра захаванне статус-кво, пры якім у нашым рэгіёне кантыненту гаспадарыла б Расея. Калі я пачуў, што ў Кіеў паедзе Хаўер Салана, сэрца маё сціснулася: гэты толькі нашкодзіць. Палягчэла толькі тады, калі прыйшла вестка, што побач з Саланам будуць Аляксандр Кваснеўскі і Валдас Адамкус: гэтыя не дадуць «старой» Еўропе зрабіць чарговую саступку Расеі.
Дастаткова згадаць, як трусліва паводзіла сябе «старая» Еўропа ў жніўні гэтага года. «Нямецкая хваля» з філісцерскай самазадаволенасцю вяшчала на ўвесь свет: ах, як прадбачліва зрабілі Нямеччына і Францыя, зачыніўшы сёлета ў красавіку браму НАТО перад Грузіяй. Калі б не мужнасць прэзідэнтаў Латвіі, Польшчы, Эстоніі, расейскія бомбы падалі б на старажытны Тбілісі, а “старая Еўропа” ў страху толькі войкала б.
Каўказскі збройны канфлікт 2008 году пацвердзіў даўнюю выснову Герцэна, які пісаў: “Европа и сами поляки… поверхностно смотрят на Россию, особенно в промежутки, когда она не бьет соседей или не присоединяет целые государства в Азии”.
Каўказскі збройны канфлікт дазволіў Еўропе на час пазбыцца “тупоумной доверчивости” да Расеі і пачаць “найноўшую” палітыку ў дачыненні да Беларусі.
Адзіная карысць з гэтай “найноўшай” палітыкі ў тым, што не адна тысяча нашых еўрааптымістаў, якія песцілі ў грудзях вобраз ідэальна дэмакратычнай Еўропы, працверазела і стала глядзець на яе больш рэалістычна.
У пэўнай ступені сваёй “найноўшай” палітыкай Еўропа нашкодзіла сабе: не для адной тысячы беларусаў яна перастала існаваць «как идеал, как упрек, как благой пример». Але найбольшую шкоду палітыка, якую «старая» Еўропа вырашыла весці пасля каўказскага збройнага канфлікту, прынеслі і яшчэ прынясуць беларусам і Беларусі.
ПАНЫ ВІК і ВІНКЕЛЬМАН, АБО НЯМЕЦКАЯ ПАЛІТЫКА
Адзін з персанажаў Мікалая Гогаля пісаў: “Луна… обыкновенно делается в Гамбурге; и прескверно делается».
Гэтыя словы я заўсёды згадваю, калі думаю пра беларускую палітыку «старой» Еўропы. Праўда, гэтыя словы я трохі перайначваю: «Беларуская палітыка звычайна робіцца ў Нямеччыне; і вельмі пагана робіцца». Дый адкуль узяцца разумнай беларускай палітыцы IV Райху, калі яе, разумнай беларускай палітыкі, не было і ў Другога Райху, і ў Трэцяга?
Добрыя год шэсць немцы дэманстравалі неразуменне. На новапаўсталую Рэспубліку Беларусь яны глядзелі, як на геапалітычную недарэчнасць. Нямецкія сацыял-дэмакраты шчыра пыталіся ў мяне: «Чаму вы не хочаце жыць у адной дзяржаве з Расеяй?» І яны, і нямецкія кансерватары спрабавалі ўбачыць беларускія рэаліі праз маскоўскую прызму, пакуль не здагадаліся памяняць пункт гледжання. Але й гэта не прыносіць відочнай карысці, бо кансультантамі нямецкіх палітыкаў выступаюць такія, перапрашаю, спецыялісты, як Аляксандэр Рар. Не ведаю, у якім Фрайбургу вучыўся гэты параўнальна малады мысліцель, але аднойчы ён рэкнуў, што Расея (ужо пуцінская Расея) можа паспрыяць дэмакратызацыі Беларусі. Ці гэта быў жарт, ці праява знакамітага reiner Vernunft (чыстага розуму) – сказаць цяжка. І вось гэты чалавек лічыцца выдатным экспертам па Расіі, Украіне і… Беларусі. Сапраўдны стаханавец-многастаночнік.
Я запыняюся на нямецкім чынніку таму, што пазіцыя Нямеччыны шмат у чым вызначае беларускую палітыку Еўрапейскага Звязу.
Сутнасць нямецкай палітыкі ў дачыненні да Беларусі ведае кожны: Нямеччыне трэба пашыраць сваю Wirtschaftsraum (гаспадарчую прастору). Нямецкі капітал зацікаўлены ў тым, каб размясціць у Беларусі, дзе маецца танная і больш-менш кваліфікаваная рабочая сіла, нейкую частку вытворчых магутнасцей. Вядома ж, нямецкіх капіталістаў цікавіць і рынак збыту. Гэта, так сказаць, – мэта нямецкай палітыкі.
Я не буду казаць пра яе наступствы і вынікі. Іх лёгка ўявіць, калі, напрыклад, дапусціць, што Мінскі аўтамабільны завод стане часткаю карпарацыі MAN. Значыць, нашым канструктарам і тэхнолагам трэба будзе перакваліфікавацца ў дворнікі, бо было б абсалютна фантастычна думаць, што немцы паклічуць нашых спецыялістаў ў канстуктарска-тэхналагічныя бюро Аўгсбурга ці Нюрнберга.
З мэты нямецкай палітыкі вынікаюць яе задачы. Галоўная задача – любымі сродкамі, спосабамі прысябрыцца беларускім уладам, каб атрымаць магчымасць весці ў Беларусі гаспадарчую дзейнасць на шырокую нагу.
Нямецкія палітыкі і ў Берліне, і ў Менску час ад часу робяць заявы наконт неабходнасці дэмакратызацыі Беларусі, але, з другога боку, шкодзяць дэмакратычным сілам нашай краіны. Асабліва горача за правядзенне такой шкодніцкай палітыкі ўзяліся амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Вінкельман і кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ ў Менску Вік.
У 2000 годзе належала абраць “палатку”. Апазіцыя вырашыла байкатаваць гэтыя выбары. Такі паварот падзей аніяк не задавальняў афіцыйны Менск. І тут на дапамогу яму прыйшлі Вік і Вінкельман. У Каардынацыйнай Радзе дэмакратычных сілаў (КРДС) Беларусі яны знайшлі “слабое звяно” – Міколу Статкевіча. Гэты палітык ніякавата пачуваўся ў кампаніі кіраўнікоў іншых партый: Аляксандр Бухвостаў, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч былі ў свой час дэпутатамі, а ён, любімы, – не. Вось гэтую статусную заклапочанасць выкарысталі нямецкія дыпламаты. Яны падгаварылі Статкевіча адмовіцца ад тактыкі байкоту выбараў. І ў спадзяванні, што ён атрымае выснены мандат, Статкевіч павёў за сабою частку Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі на выбары. Такім чынам, справакаваўшы раскол КРДС, нямецкія дыпламаты справакавалі таксама і раскол БСДП.
Мала таго, што Вік і Вінкельман раскалолі КРДС і БСДП. У супрацьвагу КРДС Вік стварыў Каардынацыйную Раду апазіцыйных палітычных партый, куды паклікаў нават Сяргея Гайдукевіча.
Калі еўрапейскія палітыкі кажуць нам пра слабасць цяперашняй беларускай апазіцыі, заўсёды трэба нагадваць ім, хто гэтай апазіцыі шкодзіў і шкодзіць.
Зрэшты, да пытання пра слабасць беларускай дэмакратычнай апазіцыі я яшчэ вярнуся.
МЮНХЕН
Думаю, я не памылюся, калі назаву палітыку “старой” Еўропы ў дачыненні да беларускай дэмакратыі своеасаблівым Мюнхенам.
Гэты Мюнхен, як мы бачылі, пачаўся ў 2000 годзе.
У 2004 годзе Еўропа, як можна здагадвацца, націснула на правадыроў дэмакратычных партый, каб тыя адмовіліся ад тактыкі байкоту і павялі свае арганізацыі на выбары ў “палатку”. Нямецкі чыннік у выпрацоўцы гэтае агульнаеўрапейскае пазіцыі быў вельмі прыкметны. Дастаткова нагадаць ролю, якую адыгрывала ў гэтым працэсе дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф, якая ўсё мерылася наладзіць дыялог з беларускай уладай і дэмакратызаваць яе.
Адно з двух: або Genossin Zapf і ўсе астатнія еўрапейскія палітыкі, якія штурхалі апазіцыю на ўдзел у выбарах, былі, кажучы словамі Герцэна, “тупоумно доверчивыми”, або цынікамі.
Як бы там ні было, Еўропа ў 2004 годзе падыграла Лукашэнку. У 2008 годзе наш гарант ужо не сумняваўся, што еўрапейцы будуць штурхаць беларускіх дэмакратаў да ўдзелу ў выбарах у “палатку”. І меў рацыю. Калі некаторыя кандыдаты ў дэпутаты знялі свае кандыдатуры і запахла тым, што прынамсі ў палавіне акруг выбары будуць безальтэрнатыўныя, на дапамогу Лукашэнку прыйшоў Захад. Камандзірскім голасам амбсадара Яе Вялікасці каралевы Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ён закамандаваў: не смець! І толькі адзін Аляксей Янукевіч “даў адлуп” гэтаму брытанцу. Усе астатнія правадыры беларускай дэмакратыі прамаўчалі, быццам так яно і трэба.
Не ведаю, як каго, а мяне гэты вокрык брытанскага пасла не здзівіў. Я чытаў “Архіпелаг ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына, і ведаю як брытанцы вераломна адправілі ў сталінскую мясарэзку тысячы сваіх саюзнікаў у І сусветнай вайне – кубанскіх і данскіх казакоў – у 1945 годзе.
І такое прачытаў я ў Аляксандра Салжаніцына: “О, западная демократическая тупость: как? вы говорите, что вы – политическая оппозиция? Да разве у вас есть оппозиция? А почему же она никогда не заявляла о себе публично? Если вы недовольны Сталиным – возвращайтесь на родину и в первой же избирательной кампании переизберите его”. Так разважалі брытанцы ў 1945 годзе, калі гналі на смерць у сталінскіх лагерах тысячы савецкіх грамадзян.
Ад “Былога і дум” Аляксандра Герцэна да “Архіпелага ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына прайшло сто гадоў, ад “Архіпелага ГУЛАГ” да нашага часу – 40 гадоў, а заходнія палітыкі як былі тупыя, так і засталіся. Ці чытаюць яны хоць сваіх палітолагаў, якія, здаецца, даходліва тлумачаць, на чым і як трымаецца рэжым Лукашэнкі? Не ўсе ж палітолагі такія, як Аляксандэр Рар.
Тупасць, пастаянная схільнасць заходніх палітыкаў (што брытанскіх, што нямецкіх, што французскіх) да мюнхенаў тлумачыцца, па-мойму, іх нацыянальным эгаізмам, імперыялістычнымі інстынктамі [на наш погляд, тут акрамя тупасьці ёсьць яшчэ два чыньнікі: цынізм і агентурная падданасьць інтарэсам глабалісцкай фіналігархіі. – Рэд.].
МАДАМ ЛІЗЭН І ПАН ВАЙС, АБО НАЙНОЎШЫ МЮНХЕН
Збройны канфлікт на Каўказе не на жарт спалохаў Еўропу. Ёй адразу ж прымроіліся расейскія танкі на мяжы Еўрапейскага Звязу. І гэтыя танкі, вядома ж, з’явяцца на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой ды Польшчай. З гэтага дапушчэння Еўропа адразу зрабіла памылковую выснову: трэба мяняць беларускую палітыку, трэба палепшыць адносіны з Лукашэнкам.
Нашы мудрацы (як, напрыклад, Юры Дракахруст), развілі на гэты конт цэлую філасофію. Вось цяпер, кажуць яны, беларускія зладзеі-чыноўнікі пачнуць класці свае грошы ў еўрапейскіх банках і такім чынам будуць зацікаўленыя ў добрых адносінах з Еўропай, а там, глядзіш, і да дэмакратыі рукой падаць [на жаль, толькі да ліберастыі. – Рэд.]. Карацей, палез, як цыган па драбінах, на неба.
Еўрапейскія мудрацы спадзяваліся, што наўзамен за змякчэнне палітыкі Еўразвязу да Беларусі Лукашэнка ажыццявіць даўнюю мару Віка-Вінкельмана і прапусціць у “палатку” пару-тройку апазіцыянераў. Вось тады ім можна было б казаць, што працэс дэмакратызацыі пайшоў.
Лукашэнка, някепска ведаючы заходнія фобіі, падыграў заходнім палітыкам і выпусціў на волю трох заложнікаў-палітзняволеных. Заходнія палітыкі загалёкалі на ўвесь свет, што ў Беларусі назіраюцца перамены да лепшага. І пачалі, як пасол Яе Вялікасці, выкручваць рукі беларускім дэмакратам [былі б тыя сапраўднымі беларускімі дэмакратамі, наўрад ці ім хто рукі выкруціў. – Рэд.].
За два дні да дня выбараў у “палатку” група еўраназіральнікаў слухала думку аб выбарчай кампаніі намесніка старшыні БСДП Івана Анташкевіча. Анташкевічу для паведамлення было адведзена 20 хвілін, але не прайшло і дзесяці хвілін, як кіраўнічка групы, мадам Лізэн, груба абарвала ягоны маналог і ва ўпор задала пытанне: дык ёсць перамены да лепшага ці няма? Анташкевіч сказаў, што, ведама, у параўнанні з 2006 годам нейкія змяненні ёсць: не арыштоўвалі членаў ініцыятыўных груп, людзей масава не звальняюць за ўдзел у выбарчай кампаніі з працы, не адлічвалі з універсітэтаў… Вось бачыце, патэтычна прамовіла мадам Лізэн, перамены да лепшага ёсць. І марна спрабаваў Іван Анташкевіч давесці еўрапейцам, што гэтыя змяненні аніяк не датычаць істоты выбарчага працэсу.
Назаўтра, 27 верасня, кіраўніку Партыі камуністаў Сяргею Калякіну еўраназіральнікі далі для маналогу замест дваццаці ўсяго пяць хвілін.
Еўрапейскія палітыкі чарговы раз прадэманстравалі сваю тупасць [тупасьць?! – Рэд.]. 28 верасня здарылася тое, што, на думку беларускіх дэмакратаў, павінна было здарыцца.
І тут “старая Еўропа” прадэманстравала, што яна не адмовіцца ад мюнхенскай палітыкі ў дачыненні да беларускай дэмакратыі. Ролю [быць] адвакатам кіруючай клікі яна даручыла нямецкаму амбасадару пану Вайсу. Праўда, непрыемна-нечаканыя для “старой Еўропы” вынікі выбараў пан амбасадар патлумачыў вельмі прымітыўна: “вярхі” хацелі справядлівых выбараў, а “нізы” адміністрацыйнай вертыкалі не зразумелі жадання “вярхоў”. Зрэшты, заходнееўрапейскаму абываталю дастаткова і такога тлумачэння.
ПОШУКІ АПРАЎДАННЯ, АБО ТВАРЭННЕ МІТАЎ
Кожны нешляхотны, кепскі ўчынак, кожную здраду можна заўсёды апраўдаць: то цешча хворая, то жонка поедам есць, то дзяцей гадаваць трэба… Больш высокапастаўленыя грамадзяне сваё філісцерства прыкрываюць грамадскім інтарэсам: я адказваю за калектыў кафедры, не маю права ставіць пад удар нашу арганізацыю ў абарону соек і дзятлаў… Нарэшце, калі няма іншых аргументаў, здрада, труслівасць, шкурніцтва спісваецца на час і абставіны: маўляў, такі час, такія абставіны…
Калі ў 1990-х нараджаліся першыя палітычныя арганізацыі (БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Аб’яднаная дэмакратычная партыя), Захад не меў да гэтага ніякага дачынення. Заходнія эмісары з’явіліся ў Беларусі пасля распаду СССР. Вядома, іх гнаў сюды самы шкурны інтарэс: 1) што будзе з ядзернымі бомбамі, размешчанымі ў Беларусі, і 2) ці нельга тут зрабіць які бізнэс. Паступова заходнія інстытуцыі пачалі ўмешвацца ў справы нашай грамадзянскай супольнасці, прапануючы і нават навязваючы свае партнёрства, дапамогу і, калі ўдавалася, патранат. Некаторыя заходнія палітыкі (да прыкладу, амбасадар Вік) пачалі паводзіць сябе як суб’екты ўнутранай палітыкі Беларусі. У час сёлетняй выбарчай кампаніі заяўку на такі статус зрабіў амбасадар Яе Вялікасці.
Амбасадар Вік ды іншыя пачалі развязна паводзіць сябе ў Беларусі пад канец 1990-х. А спачатку і немцы, і французы, і брытанцы, якія глядзелі на Беларусь праз расейскую прызму, доўга не маглі сарыентавацца. Напрыклад, нямецкія сацыял-дэмакраты ўспрынялі вынікі майскага рэферэндуму 1995 году пра дзяржаўную мову і сімволіку як перамогу дэмакратыі і спадзяваліся наладзіць добрыя адносіны з лукашэнкаўскай Беларуссю. Рэферэндум 1996 году і разгон Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання нібыта працверазіў заходніх палітыкаў. Нямецкі сацыял-дэмакрат і палітолаг Хайнц Тымерман акрэсліў нядрэнна прадуманую лінію паводзінаў ЕЗ, але таварыш Тымерман нейк забыў, хто будзе рэалізоўваць гэтую лінію. Ён нібыта не ведаў, што ў сацыял-дэмакратаў, асабліва нямецкіх, з канца ХІХ стагоддзя выпрацавалася звычка “думаць па Каўцкаму, а дзейнічаць па Бернштайну”, казаць адно, а рабіць другое. Усе далейшыя падзеі паказваюць, што такая звычка выпрацавалася таксама і ў кансерватараў з лібераламі. І гэтая – шчыра скажу – шкодная звычка толькі ўмацоўвала рэжым Лукашэнкі.
Такая дваістасць у беларускай палітыцы заходнеўрапейскага палітычнага істэблішменту тлумачыцца тым, што яго жаданне бачыць Беларусь дэмакратычнаю краінаю падаўляецца эканамічнымі інтарэсамі заходняй буржуазіі, якую, як вядома, пытанні прыбытку хвалююць больш, чым правы чалавека [а мы пра што? – Рэд.]. Наадварот, жабрацкія (у параўнанні з заходнімі) заробкі беларускіх рабочых, ліквідацыя ў нашай краіне трыпартысцкай сістэмы і радаў працоўных калектываў, задушанасць прафсаюзаў, кантрактная сістэма найму на працу, пазбаўленне мільёнаў людзей шмат якіх сацыяльных правоў і ільготаў як нельга лепш адпавядаюць інтарэсам буржуазіі, інтарэсам прыбытку [а мы даўно пра што?! – Рэд.]. Застаецца толькі неяк улагодзіць беларускую кліку, каб яна адчыніла дарогу еўрапейскаму капіталу і дала яму магчымасць удзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Гэтую зацікаўленасць буйной буржуазіі (найперш нямецкай) добра агучыў адразу ж пасля выбараў у “палатку” нямецкі амбасадар Вайс.
Ціск капіталу на заходні палітычны істэблішмент асабліва ўзмацніўся ў сувязі з глабальным фінансавым крызісам. Каб апраўдаць свае паводзіны, растлумачыць шырокім колам грамадскасці, чаму яны вырашылі “кідануць” дэмакратычныя сілы Беларусі, якія – паўтару – самі навязаліся ў ментары і партнёры, заходнія палітычныя эліты ўзялі на ўзбраенне некалькі мітаў:
1) Беларусі пагражае страта незалежнасці [вось тут, на жаль, адрозна ад аўтара, мы лічым, што сапраўды пагражае; і з кожным годам усё больш… – Рэд.];
2) у Беларусі назіраюцца змены да лепшага (напрыклад, ужо няма палітычных вязняў);
3) у Беларусі слабая апазіцыя [у такой ступені слабая, у якой насычана агентурай расейскай імперыякратыі й заходняй фіналіграхіі. – Рэд.].
Міты адрозніваюцца ад казак тым, што маюць у сабе рэальныя элементы, але яны ўсё роўна застаюцца мітамі.
ГІСТЭРЫКА
У міту “Беларусі пагражае страта незалежнасці” айчынная прырода. Ён нарадзіўся ў беларускіх нацыяналістычных колах адразу ж пасля абвяшчэння незалежнасці нашай краіны. Гэты міт увайшоў у свядомасць часткі нашых сацыял-дэмакратаў, лібералаў і нават камуністаў. Не забуду, як у 1992 годзе мне давялося бітую гадзіну даводзіць асобным таварышам у Баранавічах, што Беларусь застанецца незалежнаю. Прайшло 16 гадоў, а многія спадары і таварышы і дасёння не могуць развітацца з мітам.
Гэтую страшылку – што Беларусь можа страціць незалежнасць – узялі на ўзбраенне еўразвязаўскія палітыкі. З канца 1990-х логіка іх разважанняў такая: не трэба моцна ціснуць на ўлады Беларусі, бо чым больш мы ціснем, тым больш Лукашэнка кідаецца ў абдымкі Расеі. Калі ж сёлета выбухнуў каўказскі збройны канфлікт, першыя заалярмавалі нашы суседзі – Латвія, Літва і Польшча, – вельмі зацікаўленыя ў тым, каб паміж Расеяй ды імі існавала буферная дзяржава.
Выгукну: о, калі б такі розум, такая палітычная мудрасць у латвійскіх, літоўскіх ды польскіх палітыкаў была ў 1917–20 гадах, мы мелі б цяпер іншую Еўропу ды іншыя праблемы. Але тады і Латвія, і Літва, і Польшча разам з Расеяй дзялілі Беларусь, утоптвалі ў балота Беларускую Народную Рэспубліку і коштам беларускіх інтарэсаў спадзяваліся пабудаваць свой дабрабыт [!!! – Рэд.].
Зрэшты, да гэтага пытання – пытання аб усіх прыкрасцях, якія чынілі Беларусі нашы блізкія і далёкія суседзі, – я збіраюся вярнуцца ў адмысловым артыкуле “Беларускія рахункі”, а тут хачу сказаць: панове, дарма вы ўсчалі алярм. Да высновы, што беларускай незалежнасці нічога не пагражае, выдатны паляк – Збігнеў Бжэзінскі – прыйшоў даўно, у 1990-х. Ён сказаў, што нашы алярмісты кідаюцца ў гістэрыку. Дадам ад сябе: нашы алярмісты дэманструюць няведанне псіхалогіі ўлады і псіхалогіі ўладцаў. І зноў нагадаю ім гісторыю армяніна Аляксандра Мяснікяна і латвійскага немца Вільгельма Кнорынга. Яны настолькі прасякліся расейскімі інтарэсамі, што нават прозвішчы свае памянялі на расейскі лад. Яны былі ворагамі самавызначэння Беларусі. Але калі Масква загадала – і Мяснікоў, і Кнорын узялі ўдзел у абвяшчэнні фіктыўный беларускай дзяржаўнасці. Гэта тым лягчэй было зрабіць, што ні адзін, ні другі нічога не гублялі. Праз 15 дзён пасля таго, як быў створаны Часовы савецкі ўрад Беларусі, Масква вырашыла адарваць ад гэтага квазідзяржаўнага ўтварэння Віцебскуюя, Магілёўскую і Смаленскую губерні, а рэшту Беларусі злучыць з Літвою ў савецкай рэспубліцы Літвы і Беларусі. І вось нядаўнія праціўнікі хоць нейкай дзяржаўнасці Беларусі, Мяснікоў і Кнорын, выступілі абаронцамі яе тэрытарыяльный цэласці і “суверэнітэту”. Масква, каб утаймаваць бунтаўнікоў, мусіла адправіць у Менск сябра ЦК бальшавіцкай партыі Адольфа Ёфе. Не дапамагло. Тады ў Менск тэрмінова выехаў другі ў партыі чалавек, Якаў Свярдлоў. І толькі Свярдлову, за якім стаяў Ленін, удалося выкруціць рукі Мяснікову і Кнорыну. Калі яны далі згоду і на адрыў ад Беларусі трох яе ўсходніх губерняў, і на стварэнне літоўска-беларускай савецкай рэспублікі, Масква прыбрала іх з Беларусі.
Ці трэба даводзіць, што ўлада ў Беларусі належыць Лукашэнку? Ці трэба даводзіць, што Лукашэнка не збіраецца аддаваць сваю ўладу? А раз не хоча аддаваць уладу, не аддасць і Беларусь. Іншая справа, што за танныя расейскія газ і нафту трэба плаціць часткаю суверэнітэту. Можна сцвярджаць, што Беларусь сёння з’яўляецца расейскай калоніяй [1], правінцыяй ў галіне культуры, але сілавыя структуры і эканоміку наш гарант трымае пад сваім кантролем [2]. І не такі наіўны Лукашэнка, каб упускаць у Беларусь расейскія танкі, расейскія войскі. Па-першае, яму няма разліку рэзка псаваць адносіны з ЕЗ. Па-другое, на прыкладзе Грузіі ён яшчэ раз убачыў, што такое расейская неаімперыя.
Лукашэнка даволі ўмела выкарыстоўвае ў сваіх (не кажу, што ў нацыянальных) інтарэсах геапалітычнае становішча Беларусі. У параўнанні з Мясніковым у яго значна шырэйшае поле для манеўру. Ён выбудаваў бы добрыя адносіны з ЕЗ, калі б цяперашні палітычны лад і палітычны рэжым Беларусі былі без усякіх агаворак прынятыя заходнім палітычным істэблішментам. Падобна на тое, што заходнія палітычныя эліты схільныя пайсці насустрач пажаданням Лукашэнкі [пойдуць! – Рэд.].
ЦЫНІЗМ, АБО ЦІ ЁСЦЬ У БЕЛАРУСІ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫЯ?
Каб апраўдаць рэзкі паварот у беларускай палітыцы ЕЗ, заходнееўрапейскія палітыкі распаўсюджваюць у сваіх краінах чуткі пра тое, што ў Беларусі адбываюцца змены да лепшага. У прыватнасці, вызваленне трох заложнікаў у жніўні месяцы еўрапейскія палітыкі паднеслі еўрапейскай грамадскасці як вырашэнне праблемы палітзняволеных у Беларусі наогул.
“Гуманнная і прававая”, Еўропа нейк забылася, што па палітычных матывах у Беларусі пазбаўлены волі 11 чалавек. Гэта маладыя людзі, якія праходзілі па так званай «справе чатырнаццаці».
Так, яны не знаходзяцца ў турме, у калоніі або «на хіміі», але нельга сказаць, што яны – вольныя. Напрыклад, мой таварыш па партыі Алесь Стральцоў мае права ад сваёй кватэры дайсці толькі да паштовай скрынкі ў пад’ездзе. Выйсці на двор і пасядзець на лавачцы перад пад’ездам права ён не мае.
Што б сказала французская амбасадарка, калі б апынулася ў такім становішчы, як Алесь Стральцоў? Ці сцвярджала б яна, што знаходзіцца на волі?
Рэпрэсіўныя рэжымы не могуць абыходзіцца без зняволеных. Цяпер, калі вядомыя вынікі выбараў у «палатку», калі за кратамі апынуўся Аляксандр Баразенка (яшчэ адзін з чатырнаццаці маладых людзей), заходнім палітыкам вельмі цяжка давесці слушнасць сваіх дзеянняў цягам апошніх трох месяцаў.
ПРА СЛАБАСЦЬ АПАЗІЦЫІ
Тэзіс «У Беларусі слабая апазіцыя» падмацоўваецца адным-адзіным аргументам: беларуская апазіцыя няздатная памяняць сітуацыю ў краіне да лепшага.
Чуючы гэты аргумент, я пытаюся сам у сябе: а дзе апазіцыя перамагла дыктатарскі рэжым? Олівер Кромвель у Англіі і Юзаф Післудскі ў Польшчы трымалі ўладу ў сваіх руках да самай смерці. Аўтар перавароту Напалеон Банапарт сам усклаў сабе на галаву карону імператара. Ягоны пляменнік кіраваў Францыяй без малога 22 гады. Абодвух Банапартаў «з’елі» ваенныя авантуры. Ніхто не ведае, колькі працягвалася б дыктатура Беніта Мусаліні і Адольфа Гітлера, калі б не вайна, калі б свабоду італьянцам і немцам на сваіх штыках не прынеслі амерыканцы і брытанцы. Антоніу Салазар захаваў нейтралітэт сваёй краіны і прабыў дыктатарам 38 гадоў, да самай смерці. Падобнай палітыкі прытрымліваўся і Франсіска Франка, таму кіраваў Іспаніяй амаль 40 гадоў. Маўчу пра камуністычных дыктатараў (Сталіна, Мао, Кіма, Кастра ды інш.), бо Лукашэнкава дыктатура ўсё ж блізкая да банапартызму і дыктатуры Пілсудскага [ні Банапарт, ні Пілсудскі, ні нават туркменбашы – ніхто! – не займаліся этнацыдам! – Рэд.].
Ці здатная апазіцыя памяняць сітуацыю да лепшага ў сучаснай Расеі? Ці многа змаглі ў змаганні з пуцінскім рэжымам сусветна вядомыя і багатыя Міхаіл Касьянаў ды Гары Каспараў? Дзе апынуўся са сваімі мільярдамі Міхаіл Хадаркоўскі?
Нагадаю, што ў адной са сваіх самых першых прамоў у Вярхоўным Савеце свежаабраны галава дзяржавы заявіў: я вам закон аб змешанай выбарчай сістэме не падпішу. І хоць выбары ў 1995 годзе праводзіліся па мажарытарнай сістэме, у Вярхоўным Савеце ХІІІ склікання склалася даволі моцная апазіцыя, а давыбары, што прайшлі ў 1996 г., толькі ўзмацнялі яе. Лукашэнку, каб устанавіць дыктатуру, даводзілася дзейнічаць гвалтоўнымі метадамі.
Да аслаблення дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі прыклаў руку і Захад [у нашай рэдакцыі гэта лічыцца труізмам. – Рэд.].
Заходні палітык ад самага пачатку раздвоены. З аднаго боку, на яго напірае эканамічны істэблішмент, з другога – незалежнае грамадства. Таму не даводзіцца здзіўляцца, што заходнія дэмакраты нібыта не заўважылі расстрэлу Вярхоўнага Савета Расеі, учыненага на загад Барыса Ельцына. У Расіі практычна ўстанавіўся аўтарытарны рэжым. Нашчадку Ельцына не трэба было прыкладаць асаблівых намаганняў, каб закруціць гайкі, абмежаваць грамадзянскія і палітычныя свабоды, бо практычна ўсе паўнамоцтвы яму дала ельцынская канстытуцыя. Пасля ельцынскага перавароту Лукашэнка не асабліва рызыкаваў, калі вырашыў усталяваць рэжым асабістай улады ў Беларусі. Па-першае, ён абапіраўся на дапамогу Расеі. Па-другое, нефармальную згоду на пераварот Лукашэнку даў Захад, які прызнаваў Беларусь сферай расейскіх інтарэсаў.
Пра тое, як у канцы ХХ стагоддзя паразуменне з Лукашэнкам спрабавалі знайсці амбасадары Вік і Вінкельман, як яны дзеля гэтага расколвалі беларускую дэмакратычную апазіцыю, я ужо напісаў.
Дзіўна не тое, што дэмакратычная апазіцыя ў Беларусі ёсць. Дзіўна тое, што пасля загадкавай смерці Генадзя Карпенкі, пасля знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага, пасля ўсіх рэпрэсій (зняволенні, штрафы, пазбаўленне права на працу і на вучобу), пасля практычнай страты непадкантрольных дзяржаве сродкаў масавай інфармацыі і надзейных крыніц фінансавання, пасля ўсіх паклёпаў з экранаў тэлебачання і старонак урадавых газет дэмакратычная апазіцыя ў Беларусі [такой на сёньня, на жаль, няма. – Рэд.] карыстаецца падтрымкаю ад 20 да 30 працэнтаў насельніцтва. І гэта выдатна ведае Лукашэнка. Гэта не горш за яго ведаюць заходнія палітыкі, якія таксама нямала нашкодзілі беларускай апазіцыі. Мала таго, яны ведаюць, што 28 верасня выбары ў “палатку” не адбыліся, што належала правесці другі тур. Ведаюць яны і тое, што больш за 10 апазіцыйных кандыдатаў праходзілі ў “палатку” па выніках галасавання ў першым туры [3].
Усе гэтыя міты – пра магчымую страту незалежнасці Беларусі, пра расейскія танкі на мяжы з ЕЗ, пра паляпшэнні ў Беларусі і пра слабасць беларускай дэмакратычнай апазіцыі – адрасаваны не нам. Яны разлічаны на масавага і няўдумлівага спажыўца ў Нямеччыне, Францыі, Брытаніі. Мэта гэтай мітатворчасці – апраўдаць “новы курс” ЕЗ у дачыненні да лукашэнкаўскай Беларусі. Прычына ж “новага курсу” – інтарэсы заходняга капіталу [дакладна так; але “інтарэсы капіталу” – гэта адуважваньне; як завуцца людзі, якія маюць капітал? – Рэд.].
ГРАБЛІ і АРЭЛІ
Падобна на тое, што еўразвязаўскія палітыкі сёлета другі раз наступілі на адны і тыя ж граблі. Першы раз на іх наступілі амбасадары Вік і Вінкельман, калі спрабавалі дамовіцца з уладай пра некалькі мандатаў для апазіцыі ў “палатцы”.
Трэба быць безнадзейна тупым, абсалютна не ведаць прыроды і сутнасці дыктатарскай улады, каб спрабаваць дамовіцца з ёю наконт хоць самага малога прадстаўніцтва апазіцыі ва ўладзе. Лукашэнка добра памятае, што да краху камуністычнага рэжыму прывялі два чыннікі: 1) адносная свабода слова, свабода друку і 2) прысутнасць ва ўладзе (З’езд народных дэпутатаў СССР, Вярхоўныя Саветы саюзных рэспублік) апазіцыі, няхай сабе і малалікай.
Наогул здзіўляе “палітыка арэляў”, якую праводзіць Еўразвяз у дачыненні да Беларусі. Еўрапейскія палітычныя эліты то прымаюць гучныя заявы, учыняюць прыгожыя жэсты, то адступаюць з занятай пазіцыі.
Што засталося ад заяў, прынятых еўраструктурамі пасля перавароту 1996 году? Што рэалізавана? Далей былі прынятыя знакамітыя 12 пунктаў, выкананне якіх абвяшчалася абавязковым для нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕЗ. Цяпер гэтыя 12 умоў абрэзалі да чатырох. Забаранілі групе беларускіх палітыкаў уязджаць на тэрыторыю Еўразвязу – цяпер спіс скарацілі. І ўжо чуюцца галасы: трэба зняць забарону на паездкі ў Еўропу Лідзіі Ярмошынай. А чаму не зняць забароны з Дзмітрыя Паўлічэнкі? А чаму б наагул не закрыць пытанне аб зніклых беларускіх палітыках?
Калі заходнія паслы пасля драздоўскага канфлікту выехалі ў свае краіны, гэта быў адчувальны ўдар па лукашэнкаўскім рэжыме. Многія беларускія палітыкі думалі, што адносіны з Беларуссю будуць пераведзены на ўзровень часовых павераных і што Лукашэнку не давядзецца прымаць даверчыя лісты ад заходніх амбасадараў. Аднак іншыя палітыкі прапаноўвалі пабіцца аб заклад, што паслы хуценька вернуцца. І пад смех лукашэнкаўскай каманды вярнуліся! Навошта ж было з’язджаць?
Асабліва камічна выглядала Еўропа пасля каляровых рэвалюцый ў Грузіі і ва Ўкраіне. Калі не на жарт перапалоханы за сваю ўладу Уладзімер Пуцін пагразіў Еўропе пальцам (каб больш ніякіх рэвалюцый!), дэмакратычная Еўропа стала перад ім на дыбачкі і паабяцала: не будзе, не будзе ніякіх рэвалюцый.
Трэба быць тупа самаўпэўненым, каб даваць такое абяцанне, бо рэвалюцыі ўспыхваюць знянацку, раптоўна. Але, даючы такое абяцанне, Еўропа тым самым голасна заявіла, што яна не падтрымае рэвалюцыйны выбух, скажам, у Беларусі і ў Расеі. І гэта быў чарговы ўдар па дэмакратычных сілах нашай краіны.
Лукашэнка, што ні кажы, – чалавек цвёрды. І паважае ў іншых людзях сілу волі, цвёрдасць. Еўрапейцы, якія ў сваёй палітыцы нібыта гойдаюцца на арэлях, у яго павагі не выклікаюць. (У дужках заўважу: у значнай часткі беларускіх дэмакратаў – таксама). У Лукашэнкі ёсць свабода манеўру. І на саступкі ЕЗ ён не пойдзе, дзяліцца хоць самай малюсенькай доляй улады не будзе. Праігнараваў ён 12 умоваў, праігнаруе і чатыры. На шырокае партнёрства з Еўропай ён пойдзе тады, калі яна спыніць усякія размовы пра дэмакратызацыю Беларусі. Урэшце, Лукашэнка, мусіць, добра памятае, што ў 1949 годзе салазараўскую Партугалію прынялі ў НАТО, а ў 1947 годзе ЗША выдзелілі ёй дапамогу паводле плану Маршала.
Ліберальная дэмакратыя вядзе такую заблытаную і непаслядоўную палітыку, палітыку беспрынцыпных кампрамісаў, што лукашэнкаўскі рэжым можа не трывожыцца за сваё існаванне [! Дакладна так. – Рэд.]. Нават больш: лукашэнкаўскі рэжым можа спадзявацца на сваю легітімізацыю ў Еўропе. Магчыма, еўрапейскаму палітычнаму істэблішменту давядзецца ў такім разе актуалізаваць формулу “Самоса – сукін сын, але гэта наш сукін сын”.
ДЫК ХТО Ж НАШ САЮЗНІК І ПАРТНЁР?
Аб нашай усходняй суседцы нехта з амерыканцаў (ужо не памятаю, хто) дасціпна сказаў: Расея можа суседзіць або з ворагамі, або з васаламі. Быць нашым саюзнікам сучасная Расея не можа. Ёй патрэбная паўсуверэнная васальная Беларусь. Каб пазбыцца васальнай залежнасці ад Расеі, нам трэба перш-наперш ставіць на ногі нацыянальную эканоміку (чаго за 14 гадоў не зрабіў Лукашэнка).
Саюзнікам беларускай дэмакратыі ў Расеі можа быць толькі вузкі сегмент расейскай апазіцыі. Стаць партнёрам Расея можа толькі тады, калі мы створым дастаткова моцную, незалежную ад яе эканоміку.
У нашых публіцыстаў і палітолагаў, асабліва ў тых, якія прыгрэліся ва ўсякіх інстытутах і цэнтрах, стала добрым тонам паліваць дэмакратычную апазіцыю брудам і ўслед за заходнімі палітыкамі і грантадаўцамі казаць пра яе слабасць і няздатнасць здзейсніць перамены.
Наконт сілы і здольнасці апазіцыі здзяйсняць перамены ва ўмовах дыктатуры яшчэ раз раю нашым мудрацам чытаць кніжкі з гісторыі Італіі, Нямеччыны, Гішпаніі, Партугаліі. І прыгледзецца да сучаснай Расеі. У нас змагары тыпу метадолага Уладзімера Мацкевіча ледзь не плююцца, калі ў Менску на мітынг збярэцца тысяча-другая чалавек, а расейская служба Радыё Свабода ледзь не суткі трубіць, калі ў Маскве (гэта колькі Менскаў?) на апазіцыйную акцыю прыйдзе сотня-другая.
У мяне іншыя прэтэнзіі да апазіцыі. Чаму яна, не адмяніўшы свае гучныя заявы пра нелігітымнасць “палаткі”, пайшла на выбары 2004 і 2008 гадоў? Як яна дазволіла амбасадару Віку стварыць Каардынацыйную раду апазіцыйных палітычных партый у процівагу Каардынацыйнай Радзе дэмакратычных сілаў? Як яна згадзі́лася на вылучэнне ў якасці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімера Ганчарыка? І галоўнае пытанне: чаму лідэры нашай апазіцыі не маюць нацыянальнага гонару і дазваляюць так развязна паводзіць сябе то амбасадару Віку, то амбасадару Яе Вялікасці?
Зразумела, што ні Вік, ні брытанскі амбасадар, ні ўвесь Еўразвяз не з’яўляюцца саюзнікамі і сябрамі беларускай дэмакратыі. Сваёй беспрынцыпнай палітыкай, сваімі ваганнямі і саступкамі лукашэнкаўскаму рэжыму Еўропа толькі шкодзіла і шкодзіць дэмакратычнай апазіцыі.
Толькі падпалкоўнік запасу Статкевіч можа думаць, што Беларусь чакаюць у Еўрапейскім Звязе. Мы ж памятаем словы Рамано Продзі, які аднойчы заявіў, што Беларусь мае такое ж права на ўступленне ў Еўразвяз, як і Новая Зеландыя. Па-мойму, сказана даволі канкрэтна і даходліва.
Задамо і такое пытанне: а навошта нам патрэбна ўступленне у Еўрасаюз? Чаму ў гэты альянс не спяшаюцца дэмакратычныя Ісландыя, Нарвегія і Швейцарыя? Ці не лепш было б будаваць у сябе, у Беларусі, Ісландыю (Нарвегію, Швейцарыю)?
Ці не трэба было б спачатку паставіць на ногі нацыянальную эканоміку, пабудаваць сацыяльную дэмакратычную і прававую Беларусь, а не адчыняць шырокую дарогу нямецкаму (брытанскаму, французскаму і г. д.) капіталу?
Мая выснова: СУЧАСНАЯ РАСЕЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ НЕ САЮЗНІК, СУЧАСНАЯ ЕЎРОПА – У ЛЕПШЫМ РАЗЕ НЕНАДЗЕЙНЫ, ХІСТКІ ПАРТНЁР.
Па-мойму, дэмакратычная апазіцыя Беларусі здзейніла адну фундаментальную памылку, і ў святле апошніх падзей гэтая памылка становіцца вельмі відавочнай. Нашы дэмакратычныя сілы надта шмат увагі аддаюць кантактам з еўрапейскім палітычным істэблішментам, а трэба было б не менш увагі надаваць працы з незалежным грамадствам. І тлумачыць яму нашу сітуацыю. Універсітэцкая аўдыторыя, маладзёжны клуб, прафсаюзны мітынг – вось да каго трэба звяртацца, калі мы не хочам, каб еўрапейскі палітычны істэблішмент за нашай спінай учыніў Мюнхен.
________________________________________________
1. Па-мойму, мае рацыю Кэтлін Хэнкак, калі называе Беларусь паўсуверэннаю незалежнаю дзяржаваю. Гл. яе артыкул «Паўсувэрэнная незалежная дзяржава: Беларусь і расейская нэаімпэрыя» ў 9-м нумары часопісу ARCHE за 2008 г. Адсылаю да гэтага артыкулу ўсіх нашых і замежных алярмістаў.
2. Пра тое, што трываласць лукашэнкаўскага рэжыму грунтуецца на сілавых структурах і кантролі эканомікі, піша Лукан Уэй у артыкуле “Сіла і слабасьць аўтарытарных рэжымаў” (ARCHE. 2008. № 9).
3. Ніхто не мог зразумець, чаму дзяржаўныя сродкі агітацыі і прапаганды, абвяшчаючы аб перамозе праўрадавых сілаў, распачалі позна ўвечары 28 верасня атаку на апазіцыю. Першы здагадаўся палітолаг Юры Чавусаў: значыць, апазіцыя дасягнула неблагіх вынікаў. Ужо пазней з’явіліся звесткі аб выніках датэрміновага галасавання, агучаныя Сяргеем Калякіным. І я гэтым лічбам веру, бо памятаю, што ў 2004 годзе С.Калякін, маючы звесткі з уладных колаў, прадказаў, якія лічбы “намалююць” выбарчыя камісіі ў пэўных выбарчых акругах г. Менску.
1. Сапраўды цікавы артыкул!
2. Капіталісты робяць добры бізнэс у Кітае разам з тамтэйшымі камунякамі. Чаму б ім не рабіць такі ж бізнэс у Беларусі з тутэйшай вертыкальнай мафіяй?
3. Ёсць верагоднасць, што Лука стаміўся і пойдзе на пенсію са сваімі міл’ярдамі, купіць маёнтак у Сочы… А Беларусь разам з халопамі і халуямі падорыць Маскве.
4. [ні Банапарт, ні Пілсудскі, ні нават туркменбашы – ніхто! – не займаліся этнацыдам! – Рэд.] – слушная заўвага!
5. З дыктатарам можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы.