nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Паміж Менскам і Кіевам

10 студзеня, 2009 | Няма каментараў

Сяргей Высоцкі

���о�к� 1.JPG

“Беларусь – краіна парадоксаў”, – такое выслоўе даводзілася чуць часта. Аднак, як бы гэта выказацца мягчэй, парадоксы гэтыя ўсе маюць адзін складнік – накінутае нам рабства. Гэта трагедыя старога еўрапейскага народу (не варта сабе хлусіць, што гістарычна беларускі этнас юны). Закатаваны, падняволены, прыгнечаны, падмануты да страты нават імя свайго – так. Але зусім не малады. Трагедыя светлага і цывілізаванага народу, заняпалага ў векавых супрацьстаяннях з драпежнай і цёмнай імперыяй. На жаль, сябры, гэтая драма не заўсёды мае “happy end”.

Аднак нашая вялікая суседка Украіна таксама дзяржава парадоксаў. Сёння мы моцна прайграем Украіне. Беларуская эліта можа толькі зайздросціць таму выбуху нацыянальнага духу, які сёння адбываецца ва Украіне. Насычанасць інтэлектуальнага, культурніцкага жыцця проста ўражвае. Беларусы, якія прыязджаюць ва Украіну не толькі за шмоткамі ды таннай тэхнікай, патрапляюць у стан культурнага шоку. Выходзяць сотні кніг пра ўкраінскіх герояў, дзеячаў гісторыі, пра Мазепу, Хмяльніцкага, Бандэру, Стэцько, Пятлюру, Шухевіча, Бульбу-Бараўца і г.д. Сотні перакладаў лепшых еўрапейскіх і сусветных узораў інтэлектуальнай думкі. Фантастычнае павяртанне традыцыяў, нацыянальных дат і сапраўдных святаў народу. З якім размахам святкуецца Дзень стварэння Ўкраінскай Паўстанцкай Арміі 14 кастрычніка! Ветэраны УПА выступаюць на вядучых каналах, прыймаюць віншаванні ад ураду і прэзідэнта. Праваслаўныя святы з цудоўнай нацыянальнай афарбоўкай – св. Мікалая, св. Андрэя, Чэснага Хрэсту, Купала. Зычу нашым суайчыннікам пабываць ва Украіне на Раство ці Вялікдзень. Глыбокае ўсенароднае святкаванне і ачышчэнне ад камуністычна-расейскага гвалту.

Але хіба найбольш мяне ўразіла шанаванне памяці ахвяраў Галадамору. Такое ўражанне, што была ў жалобе ўся нацыя, а Божы дух вітаў сярод мільённага натоўпу. Людзей на плошчы са свечкамі ў руках ды нацыянальнымі сцягамі з самотнай стужкай было ня менш, чым у часе “памаранчавай” рэвалюцыі. Калі прамаўлялі ахвяры рэпрэсій, а таксама айцы Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату, многія людзі плакалі. Украіна не забыла пра 9 мільёнаў закатаваных у часе генацыду. (Хоць бы раз нашыя прыўладныя падлюкі аддалі даніну памяці беларускім нацыянальным героям ці тым жа ахвярам Курапат. Вось ужо дзе служкі цемры!).

Беларусь, слугуючы Расеі, губляе свой аўтарытэт у вачах украінцаў. Найбольш брыдка, што Беларусь так і не прызнала генацыд украінцаў у часе Галадамору. А, тым ня менш, ужо 30 дзяржаў прызнала генацыд украінцаў.

Кожнае сур’ёзнае пытанне ва Украіне мае ўсенароднае абмеркаванне. У папулярных тэлеперадачах ідуць такія жорсткія дэбаты паміж палітыкамі, што беларусам і не снілася. Пры гэтым ніхто не пазбягае спрэчак – ні прэзідэнт, ні прэм’ер, ні лідар апазіцыі. Ніхто не можа схавацца за надутым “тыпу аўтарытэтам”. Відавочна, што ні Лукашэнку, ні Мілінкевічу, ні Лябедзьку ці Івашкевічу тут не было б чаго лавіць… Слабенькія зусім.

Вядома, ёсць вялікія сацыяльныя праблемы, карупцыя, але выкліканае гэта з большага наўпроставым і прыхаваным умяшальніцтвам Масквы. Прыём вядомы – мільёны даляраў на подкуп лідараў партый, дзяржслужачых, прасоўванне агентуры…

Ужо чую пярэчанні незадаволеных: “ды ў іх страшэзны крызіс – і палітычны, і эканамічны; пенсіі меншыя, чым у Беларусі”. Гэта праўда, частка людзей жыве вельмі цяжка. Многія прадстаўнікі ніжэйшых слаёў захапляюцца Лукашэнкам. Але аніводнага разу не чуў я захаплення “геніем” шклоўскага хлопца ад прадстаўнікоў украінскай эліты. Многія пачалі сур’ёзней ставіцца да Рыгорыча, калі той пачаў “агрызацца” Маскве. “Агрызацца” – дзеяслоў, які найчасцей я чуў у Кіеве. Не б’ецца, не стаіць на смерць за Беларусь і беларускую нацыю, не беражэ скарб Незалежнасці, а так, драбненька “агрызаецца”. Як той дурны сабака, які кінуў сваю сям’ю, ды чакаў ласкі ад лютых ваўкоў, а ў выніку сам стаўся іхнай здабычай. Дзякуй Богу, хоць пачаў “агрызацца”, а то былі часы, калі з-за халуйства такое вырабляў…

Але ж папярэджвалі, крычалі: “Не плюй у святы калодзеж нацыянальнай гісторыі, мовы, сілы, традыцыі – прыйдзецца яшчэ напіцца!” Ды не хацела слухаць халопская душа. Ацэньвала ўсё з вышыні кучы гною – маўляў, “мы і самі з вусамі”, “мы і д’ябла аблапошым”. А вось і не аблапошыў! Як цяпер чысціць крыніцу нацыянальнай праўды тым, хто звыкся толькі гадзіць на ўсё святое?!

Тапталі магілы дзядоў і прадзедаў. А вось прыпекла, і прадбачу, што многія з іх хутка папаўзуць на каленях, вымольваючы свой недаравальны грэх!..

І яшчэ невядома, які кошт заплоціць Беларусь за тыя гады дурнаватага шчасця пад сцягам каланіялізму, хлусні й брыдоты. Як, дарэчы, падказвае інтуіцыя, вырвацца з пашчы раз’ятранага мядзведзя будзе складана. І кошт за гэта прыйдзецца заплаціць, баюся, высокі… Так заўжды было ў нашай гісторыі – подласць здраднікаў аплочвалі чыстыя нявінныя душы… Забітыя ў страшных войнах з акупантамі, замардаваныя на Беламор-каналах і ў Магадане, расстраляныя ў Курапатах.

Не так даўно размаўляў з адным беларускім чыноўнікам. Можа, гэта і не характэрна, але адчуваецца, што баяцца, баяцца нявызначанасці… Улада гэтая ўжо не падсвядома, а рэальна, ды яшчэ як выразна (!) бачыць, да чаго ж яны дагуляліся. Яны ўрэшце не дурныя людзі, “прасякаюць”, што гэта толькі кветачкі. Вунь на Каўказе Масква і не такіх ламае…

Але, Аляксандр Рыгоравіч, за ўсё трэба несці адказ. Беларусы могуць аб’яднацца, каб даць адпор. Аднак не спадзявайцеся зноў прыкрыцца целамі простых беларускіх хлопцаў, якіх вы ўжо хацелі кідаць пад натаўскія танкі! І вашыя сыны будуць не з дзеўкамі баляваць, а сядзець у тым жа акопе, што і ўсе абаронцы Бацькаўшчыны! А збяруцца ўцячы, дык са здраднікамі размова кароткая…

Аднак цяпер мне хацелася б звярнуць увагу на іншае, звязанае з папярэдняй тэмай. Абсалютная большасць украінскай інтэлігенцыі адстойвае пазіцыю далучэння Украіны да NATO. І чым больш мне даводзіцца знаёміцца з іхнымі аргументамі, тым больш я іх разумею і падтрымліваю. Што цікава, ва Украіне за далучэнне да NATO стаяць найперш не ліберальныя партыі, а патрыятычныя, нацыянальна-дэмакратычныя. Тыя, каго лібералы [разам з камуністамі ды імперыялістамі] агульна клічуць “нацыяналістамі”. Чаму тыя сілы, якія, здавалася б, ідэйна найбліжэй да Захаду, у такі вырашальны момант часцяком унікаюць спрэчкі?! Пытаньне, нават, ня столькі ў тым, што “як ліберал – дык пачвара”, колькі ў складанай закуліснай гульні, у палітычным гешэфце, зацягнутым гандлі. Людзі, якія не маюць цвёрдых ідэйных перакананняў, спачатку атрымліваюць фантастычную падтрымку з Захаду, а затым бяруць грошы і з супрацьлеглага лагеру – пачынаюць разварочваць свой партыйны карабель на 180о [мы б хацелі зьвярнуць увагу і на іншую заканамерную зьяву, якая спачатку для многіх выглядае дзіўнай: і чаму гэта Захад у краінах, дзе ён “змагаецца” за дэмакратыю, паўсюль падтрымлівае менавіта маральных вырадкаў, а сапраўдных дэмакратаў ігнаруе?.. – Рэд.]. У гэтым схаваная пагроза ад гэтых “агульначалавекаў і вообщедемократаў”, якія ўсе прыкрываюцца ліберальным сцягам.

У заключэнні, паколькі я дастаткова добра знаёмы з украінскай палітычнай думкай, прапаную рэдакцыі сайта “Наша Зямля” выставіць артыкул майго добрага знаёмага, вядомага ўкраінскага геапалітыка кансерватыўнага кірунку А.Соскіна. Мяркую, ён будзе цікавым чытачам сайта…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы