nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“У лідараў Захаду поўная няздольнасьць разумець сапраўдныя матывы рускіх”

21 студзеня, 2009 | 2 каментарыя

�л�к�ман.JPG

Тэкст, пададзены ніжэй – гэта інтэрвю, якое даў Андрэ Глюксман (гл. фота) польскаму часопісу “Dziennik”. Глюксман – адзін з важнейшых сучасных еўрапейскіх філосафаў ліберальнага кірунку. Ён нарадзіўся ў 1937 годзе, але і сёньня працягвае істотна ўплываць на еўрапейскую грамадскую думку. Пэўную павагу нашай рэдакцыі заслужыў за тое, што ў свой час хоць трохі крытыкаваў вайну Расеі ў Чачні. Інтэвюіраваў Глюксмана Мацей Навіцкі. Падаецца паводле inosmi.ru/stories/05/09/02/3453/245970.html.

Рэдакцыя.

 

Мацей Навіцкі (М.Н.): Што азначае крызіс для моцы Расеі?

Андрэ Глюксман (А.Г.): Фінансавы крызіс вельмі моцна ўплывае на яе. Бо і паніжэньне коштаў на энэрганосьбіты мае вялікае значэньне – урэшце, Крэмль 70% свайго бюджэту атрымлівае ад продажу газу і нафты. У цяперашнім тэмпе, у тэмпе апошніх тыдняў, расейскія валютныя рэзервы цалкам зьнікнуць увесну 2009 года.

 

М.Н.: Вы сапраўды верыце, што Крэмль абанкроціцца праз некалькі месяцаў?

А.Г.: Вядома, у гэтым ёсьць нейкае перабольшваньне – цяперашні тэмп вельмі хуткі, і нішто не гарантуе, што дакладна так будзе і далей… Аднак сёньняшняя сітуацыя паказвае нам, да якой ступені Расея слабая. Дастаткова параўнаць зь Кітаем. Кітай – як і Захад – не пазьбег крызісу, аднак сітуацыя ў яго зусім іншая, чым у Расеі. Кітай мае патрэбу ў амерыканскім рынку збыту. Зь іншага боку, Злучаным Штатам вельмі патрэбны Кітай, які купляе амерыканскія дзяржаўныя аблігацыі. Кітайцы, вядома, не дэмакраты. Я таксама не лічу, што яны больш добразычліва, чым Расея, настроены што да Захаду, – аднак Кітай злучае з Захадам салідарнасьць, заснаваная на эканамічным узаемадзеяньні. Між тым Расея нават у малейшай ступені не дэманструе эканамічны цуд накшталт кітайскага. Гэта краіна ў стылі Савудаўскай Арабіі, якая жыве на даходы ад нафты і газу. Калі гэтыя даходы зьніжаюцца, Расея ня ў стане кампенсаваць гэтыя зьмены продажам сваёй прадукцыі таму, што мала што вырабляе.

 

М.Н.: Што ў такім выпадку могуць зрабіць рускія?  

А.Г.: У Крамля толькі два сцэнары на выбар. Альбо заняць больш мяккую пазіцыю ў кантактах з Захадам – тык было, напрыклад, у выпадку Савудаўскай Арабіі ў час нафтавага крызісу 1973 года, альбо Расею ахоплівае добра зрэжысіраваная лютасьць. Яна будзе лічыць, што павінна кусацца, таму што так лягчэй за ўсё схаваць сваю слабасьць. І ў першым, і ў другім выпадку рэакцыя Захаду павінна быць прыкладна аднолькавай. Калі Расея прызнае, што яна слабая, ня будзе ніякіх прычын ёй саступаць. Калі абярэ зрэжысіраваную лютасьць, каб схаваць сваю слабасьць, тады будзе яшчэ менш прычын саступаць ёй. У абодвух выпадках ня варта весьці перамовы з Расеяй з пазіцыі слабага таму, што гэта яна слабейшая.

 

М.Н.: Вы параўналі Кітай з Расеяй. Ёсьць яшчэ адно адрозьненьне, якое вы не ўзгадалі – у поглядах на Амерыку і Еўропу. Кітайскія ўладары перакананы, што ім патрэбна моцная Амерыка для таго, каб іх краіна стала сапраўднай дзяржавай. Яны мяркуюць, што эканамічныя зьмены будуць доўжыцца гадоў 20-30, і калі Амерыка за гэты час значна аслабне, гэта выразна пагоршыць пазіцыю Пекіна, бо ня будзе збыту для кітайскіх тавараў. Крэмль жа стала дэкларуе, што Амерыка ўжо ўвайшла ў фазу заняпаду, а Еўропа ня мае вагі па дзьвюх прычынах – інстытуцыянальнага паралюша і немагчымасьці выпрацаваць агульную пазіцыю па якім-небудзь сур’ёзным пытаньні. Асабліва пытаньне адносінаў з Расеяй…

А.Г.: Трэба рабіць папраўку на хлусьню і прапаганду. Няма нічога дзіўнага ў тым, што ўсе крамлёўскія прапагандысты сьцьвярджаюць, быццам Еўропа слабая, а Расея моцная. Усе кажуць адно і тое ж, усе слухаюцца адных і тых жа загадаў. Яшчэ нядаўна яны плявалі на Абаму. А сёньня кажуць, што Абама добры, што яны зь ім дамовяцца. Адзіная мэта маскоўскіх піяршчыкаў – хлусіць такім чынам, каб заходнія журналісты іх слухалі і адначасова ніколі б не задумваліся, ці праўда гэта. Вы кажаце, што рускія ня вераць у Еўразьвяз… Толькі яны такім чынам трапляюць ва ўласную пастку: яны не памыляюцца, калі лічаць, што Еўропа раз’яднаная, але перабольшваюць гэты раскол. Яны недаацэньваюць Еўразьвяз. Яны былі неверагодна ўражаны тым, што, нягледзячы ні на што, ЕЗ падтрымаў украінцаў і грузін.

 

М.Н.: Вы сказалі, што крызіс выявіў, у якой ступені слабая Расея. Дапусьцім, яна прызнае гэтую слабасьць. Але што будзе, калі некаторыя з еўрапейскіх урадаў прыдуць да наступнай высновы: набліжаецца крызіс, эканоміка развальваецца і палітыка-эканамічны саюз з Расеяй – дзякуючы магчымасьці дамаўляцца аб коштах на энэрганосьбіты і інвеставаньню на расейскім рынку – можа стаць пэўным выхадам са становішча. Іншымі словамі: Расея слабая, мы слабыя, але разам мы можам больш.

А.Г.: Я не разумею, якая карысьць можа быць ад збліжэньня з Масквой. Кошты на нафту – сусьветныя, а Расея ў любым выпадку павінна яе прадаць. Калі Еўропа дыверсіфікуе свае крыніцы пастаўкі нафты, дык Расея апынецца ў цяжкім становішчы – таму што яна павінна прадаваць нафту менавіта Еўропе, а не камусьці іншаму. Каб прадаваць нафту і газ Кітаю, які ахвотна купіў бы іх, ёй давялося б пабудаваць нафта- і газаправоды, а гэтае будаўніцтва – справа доўгая і патрабуе важкіх інвестыцый. Так што пакуль няма ніякай разумнай прычыны, каб падпарадкоўвацца рускаму шантажу. Затое існуе магчымасьць контршантажу: Расеі няма дзе захоўваць непраданую нафту і непраданы газ. Так што і гаворкі ісьці ня можа аб прынцыповай слабасьці Еўропы ў параўнаньні з Масквой. Адзіная праблема ў тым, што Еўропа раз’яднаная, у яе няма агульнай энэргетычнай палітыкі. Расея ня можа даць нам нічога акрамя прыстойных паводзінаў [але разьлічваць на гэта бессэнсоўна. – Рэд.]. Гэта азначае, што Расея ня будзе паддаваць сумневу незалежнасьць дзяржаваў, якія атрымалі гэтую незалежнасьць пасьля падзеньня берлінскай сьцяны.

 

М.Н.: Пакуль што Еўразьвяз вяртаецца да перамоваў аб партнэрстве з Расеяй, якія былі перапыненыя на час вайны з Грузіяй. Гэта, здаецца, ня сьведчыць пра тое, што ЕЗ намерваецца выявіць цьвёрдасьць. Эдвард Лукас, аўтар “Новай “халоднай вайны”, магчыма, самай важнай кнігі, прысьвечанай адносінам Расеі зь Еўропай [у свой час мы рэкламавалі гэту кнігу на нашым сайце. – Рэд.], сказаў мне, што, па яго меркаваньні, Расея зробіць стаўку на правакаваньне крызісаў у краінах былой савецкай зоны: пачне з Крыма, наступны крызіс будзе датычыць адной з балтыйскіх краінаў, а потым адбудзецца нетша накшталт аншлюсу Беларусі.

А.Г. У гіпотэзы аб новай “халоднай вайне” нявернае слова “вайна”. Так, цяперашняя, на жаль, эфектыўная стратэгія Расеі ва Украіне – Пуцін робіць там усё, што душы заўгодна – грунтуецца на выкарыстаньні ўнутранага расколу між украінцамі ў спалучэньні з шантажом коштамі на энэргарэсурсы і карупцыяй. Навошта Пуціну ў такой сітуацыі выклікаць ваенны канфлікт у Крыме? Калі, вядома ж, выключыць прыступ вар’яцтва. Украіна – вельмі недасьведчаная дэмакратыя, з пэўнага часу там пануюць бязладдзе і трывога. І ясна, што Крэмль можа і намераны выкарыстаць гэту сітуацыю і рабіць шкоду ўсімі магчымымі спосабамі. Перш за ўсё, з дапамогай прапаганды, таму што рускія – чэмпіёны ў хлусьні [зноў пра Беларусь ні слова! – Рэд.].

 

М.Н.: А яшчэ яны вельмі нэрвовыя. Стала пагражаюць без якой-небудзь стрыманасьці. Як, напрыклад, калі пагражаюць Польшчы: нацэлім на вас свае ракеты ў адплату за СРА…

А.Г.: У часы Сталіна ці Брэжнева ракеты ніколі ні для чаго не паслужылі. А тады ж Расея мела большае значэньне, чым зараз. Вы мяркуеце, яны выкарыстаюць гэтую зброю сёньня? Гэта проста балбатня. І ставіцца да яе трэба, як да балбатні, і адказваць Пуціну: “Заканчвайце гэты марны блеф”. Расея занадта слабая для еўрапейскай вайны. Вы сказалі: “Рускія нэрвуюцца”. Але зь якога часу? Яны нэрвуюцца з таго часу, як адбыліся зьмены ў Грузіі і ва Украіне. Чаму? Пуцін ясна сказаў: таму, што гэта безупынная рэвалюцыя, а гэта азначае, што ён сам адчувае сябе ў небясьпецы. Магчыма, няма шанцаў на тое, што Пуцін будзе зрынуты. Аднак у доўгатэрміновай персьпектыве дэмакратычная Украіна, якая нармалёва функцыянуе, і Грузія, якая спыніла карупцыю, стануць пагрозай для пуцінскага рэжыму. Таму Еўропа павінна падтрымліваць Саакашвілі і украінцаў у іх памкненьні да незалежнасьці і дэмакратыі. Польшча магла б паўплываць на іншыя краіны былога савецкага блоку, а таксама на заходнія краіны, магла б растлумачыць ім, у чым праблема – таму што відавочна, што французы з цяжкасьцю разумеюць, што адбываецца ў краінах, якія толькі выходзяць з саветызацыі.

 

М.Н.: Рускія гавораць пра Сарказі прыкладна так: “Мы вельмі баяліся Сарказі. Гэтыя страхі аказаліся памылковымі. Так, вядома ж, Францыя часта крытыкуе нас, але амаль ніколі не пераходзіць ад словаў да дзеяньняў. Гэта нам вельмі адпавядае”.

А.Г.: Так, Францыя ўвесь час вагаецца, а яе зьнешнюю палітыку нельга зьмяніць за адзін дзень. Большасьць прадстаўнікоў французскай дыпламатыі былі выхаваны, з аднаго боку, у духу антыамерыканізму, а з іншага, у пэўнага кшталту сімпатыі да Пуціна. Старая тэндэнцыя, прадстаўнікамі якой былі Шырак і дэ Вільпэн, пераважна пануе і зараз. Як сказаў адзін французскі дыпламат: “Гэта праўда: Пуцін – былы КГБшнік. Але ў гэтым няма нічога дрэннага. У Расеі КГБ – гэта як у нас Ecole Nationale d’Administration.” Усё роўна, як калі б нехта сказаў, што “КГБ – гэта Гарвард”.

 

М.Н.:  На апошніх выбарах вы падтрымалі Сарказі – галоўным чынам таму, што вы разьлічвалі на перамену палітыкі ў адносінах да Пуціна. Аднак, у апошні час вы ўсё часьцей крытыкуеце Сарказі, які падаецца вам занадта прымірэнча настроеным да Крамля.

А.Г.: Трэба заўважаць і добрыя бакі ў Сарказі – у час выбараў ён казаў пра ахвяры генацыду ў Чачні. Гэта былі адзіныя важныя выбары ў Еўропе, у час якіх была закранутая гэтая тэма. Варта ўспомніць таксама пра высілкі Сарказі, скіраваныя на тое, каб не дазволіць расейскай арміі захапіць Тбілісі. Можна лічыць, што менавіта яго дзеяньні затрымалі рускіх, а журналісты, якія прысутнічалі на месцы падзей, лічаць, што ўсё ішло да таго, што марш на Тбілісі будзе працягнуты. У той жа час цяперашнія лідары Францыі – Сарказі й Кушнэр – вядуць двайную гульню. Яны ня могуць дазволіць сабе адназначную пазіцыю ў стаўленьні да Масквы. Напрыклад, хаця яны і ўсьвядомілі, што Пуцін – гэта не бясшкоднае ягня, дык Мядзьведзева яны ўсё яшчэ лічаць памяркоўным [дый ня лічаць яны так; так “лічыць” ім загадала сіянакратыя. – Рэд.].

 

М.Н.: Сарказі нядаўна казаў, што Мядзьведзеў значна ліберальней за Пуціна [ну, вось і тлумачэньне падрыхтавана. – Рэд.], а таму варта зрабіць усё, каб узмацніць яго пазіцыю ў Крамлі. Заяўляў, што ён хоча згуляць у адносінах да Мядзьведзева тую ж ролю, што Тэтчар – у адносінах да Гарбачава, г.зн. пераканаць яго ў неабходнасьці радыкальных рэформ.

А.Г.: Няма ніякага сумневу, што Сарказі памыляецца. Так сама, як усе заходнія лідары раней памыляліся ў Пуціне. Буш убачыў у яго вачах нябесную чысьціню, Блэр пайшоў зь ім у оперу ў Санкт-Пецярбурзе яшчэ да таго, як Пуцін быў абраны. Гэта было своасаблівым дабраславеньнем. Пра Шродэра і Берлусконі й казаць няма чаго. Найперш уражвае абсалютна фантастычная няздольнасьць лідараў Захаду разумець сапраўдныя матывы рускіх [! як бачым, ні адных нас уражвае… – Рэд.]. Кітайцаў стымулюе імкненьне да сілы. Гэта класічная сітуацыя – тыя краіны, якія перажылі эканамічны цуд, хочуць стаць моцнымі. У Расеі інакш [ды не інакш, проста маскалі сілу бачаць у іншым. – Рэд.].  Паколькі Расея ня можа стаць па-сапраўднаму моцнай, яе галоўнай мэтай стала шкодніцтва [!.. – Рэд.]. Дзякуючы ядзернай зброі, дзякуючы продажу канвенцыйнага ўзбраеньня па ўсім сьвеце, а таксама дзякуючы продажу нафты і газу Крэмль у стане распаўсюджваць трывогу і паніку. Прыкладам можа служыць падтрымка, якая аказана Чавесу. Заходнія лідары ўсьведамляюць гэта вельмі марудна і зь вялікімі цяжкасьцямі…

 

М.Н.: Нядаўна Сарказі заявіў, што хоча быць пасярэднікам паміж рускімі й амерыканцамі ад імя Еўразьвязу ў пытаньні СРА. Гэта было, як мінімум, дзіўна. Як вядома, пазіцыя Францыі ў гэтым пытаньні некалькі адрозьніваецца ад польскай…

А.Г.: У Сарказі занадта шмат асабістай фанабэрыі – гэта дакладна.

 

М.Н.:  Толькі пыхлівасьці? Альбо, хутчэй, гэта нейкі палітычны праект?

А.Г.: У любым выпадку, далёка ён ня зойдзе, таму што Францыя ня ёсьць дзяржавай маштаба Злучаных Штатаў. Ён толькі пакарыстаўся прабелам – у пераходны момант паміж Бушам і Абамай ён вырашыў згуляць ролю лідара ўсяго сьвету. Ён памыліўся – гэта не яго справа, і гэта ня справа Еўразьвязу. Кожная еўрапейская краіна мае права падпісваць уласныя дамовы, якія датычаць бясьпекі, паколькі ў Еўропы няма ні ўласнай абароны, ні ўласнай арміі. Выбар Польшчы – гэта наступства стану еўрапейскай бясьпекі. Таму ніхто ня мае права крытыкаваць гэты выбар. Сарказі тут увогуле права голасу ня мае. Прэзідэнцтва яму ў галаву стукнула…

 

М.Н. : Пяць гадоў таму асноўны палітычны раскол у Еўропе датычыў адносін да вайны ў Іраку і палітыкі Буша. Ці ня думаеце вы, што менавіта стаўленьне да Расеі стане важнейшым паказьнікам расколу ў Еўропе?

А.Г.: Але ж гэта ўжо адбылося. А сымбалем стаў газаправод па дне Балтыцы, які абыходзіць Польшчу і Украіну [Беларусі зноў няма. – Рэд.]. Ёсьць тыя, хто хоча супрацьставіцца Расеі, што на практыцы можа азначаць толькі адно: вядзеньне перамоваў з пазіцыі аб’яднанай Еўропы, а значыць, з пазіцыі сілы. Так робяць англічане, скандынаўскія краіны, Польшча і, вядома, балтыйскія краіны. І ёсьць тыя, хто ўладжвае свае інтарэсы на баку: у Нямеччыны ўласныя адносіны з Расеяй, у Берлусконі таксама, у Грэцыі. А таксама Баўгарыя і Венгрыя. А Францыя храмае. ЕЗ абапіраецца на франка-нямецкі саюз, а Нямеччына ня хоча ніякіх скандалаў з Расеяй… Для мяне абсалютна відавочна, што палітыка Еўропы ў адносінах да Расеі залежыць найперш ад таго, што адбываецца ў Нямеччыне…

 

М.Н.: У якім сэнсе? У такім, што Меркель, якая ўспрымала Расею цалкам па-іншаму, чым Шродэр, паколькі ГДР-аўскае дзяцінства вызначыла яе антырасейскія рэфлексы, мае міністрам замежных спраў Штайнмайера, гадаванца Шродера, у якога дакладна такія ж погляды на Расею? А, можа, у такім сэнсе, што, як сьцьвярджаюць некаторыя каментатары, немцы вырашылі аслабіць свае сувязі з Еўропай, паколькі яны адчуваюць, што іх недастаткова хвалілі за тое, што яны ўклалі ў ЕЗ на працягу некалькі дзесяцігоддзяў? У дадатак новае пакаленьне палітыкаў не абцяжарана тым пачуцьцём віны за нацызм, якое было характэрным яшчэ, напрыклад, для Коля. А гэта можа азначаць, што Расея часткова заменіць Еўропу.

А.Г.: Зрэдку Нямеччына кажа Расіі “не” – некалькі гадоў таму ў дачыненьні да Украіны, а ў апошні час усіх уразіла жорсткая пазіцыя Меркель у пытаньні Грузіі… Аднак, ёсьць нешта асаблівае ў нямецкіх справах. Гэта ня толькі праблема Шродэра, падкупленага Газпрамам. Таксама многія нямецкія прадпрымальнікі, банкіры і бізнэсмэны ў захапленьні ад таго, што Расея разьлічвае на іх больш, чым на новых сябраў ЕЗ. Мы маем справу зь гіганцкай ілюзіяй ідэалагічнай прыроды. Немцы лічаць, што Расея магла б стаць іх новай калоніяй, што яны маглі б вярнуць сабе тую ролю, якую мелі ў ХІХ стагоддзі – ролю адміністратараў царскай імперыі. Яны перакананыя, што маюць над Расеяй тэхналагічную й інтэлектуальную перавагу. Яны кажуць: “Мы будзем настаўнікамі, адміністратарамі, інвестарамі ў перыяд мадэрнізацыі Расеі”.

 

М.Н.: І вы лічыце, што яны памыляюцца?

А.Г.:  Абсалютна. Па-першае, рускія зусім не такія дурні, нічога падобнага. Калі б ні адзін рускі, руская культура дамінавала б ва ўсёй Еўропе ХХ стагоддзя. А сучаснасьць не была б чужой для рускай эліты. З іншага боку, 70 гадоў панаваньня камунізму прамылі мазгі расейскай эліце [а папярэднія сотні гадоў расейскай імперыі, што, не прамылі? – Рэд.] – калі гэтая эліта апынулася ва ўладзе, яна робіць стаўку на нігілізм [на соцыяпаразітызм яна робіць стаўку. – Рэд.]. Большасьць лідараў Расеі былі ў КГБ альбо іншых рэпрэсіўных органах. Агульнай рысай гэтых органаў была пагарда да чалавецтва. Калі б у Нямеччыне дасёньня ва ўладзе было Гестапа, мы б не падумалі, што гэта мілыя і наіўныя людзі. Дакладна так няма ні найдрабнейшай прычыны думаць, што ўсе прадстаўнікі “жорсткага” апарату цяперашняй улады – гэта людзі, якія ідуць за добрымі намерамі, якія жадаюць мадэрнізацыі краіны. Урэшце, ня зроблена нічога для барацьбы з сухотамі, СНІДам, беспрацоўем, прастытуцыяй, ня зроблена нічога, каб дапамагчы дзецям, якія валацужнічаюць па вуліцах, каб палепшыць умовы ў турмах альбо жахлівыя ўмовы ў войску. У гэтай эліты няма ані крохі павагі да людскага жыцьця. Калі я думаю, што спраўныя немцы хочуць падкупіць індывідаў гэтага тыпу – зрэшты, вельмі гордых сваім шкодніцтвам – дык я ведаю, што яны глыбока памыляюцца. Па-мойму, у дурнях застануцца немцы, а ня рускія [ці ж упершыню? – Рэд.]. Таму, што немцам і ў галаву не прыходзіць, наколькі вялікі цынізм і нігілізм кіроўнай эліты ў Расеі. Аднак, нігілізм нашмат разумней за наіўнасьць, нават калі гэта наіўнасьць нямецкіх прадпрымальнікаў і палітыкаў.

 

М.Н.: Сёньня адносіны паміж Меркель і Сарказі неверагодна напружаныя. Ці азначае гэта, што Нямеччына ўсё больш будзе збліжацца з Расеяй?

А.Г.: Ёсьць нешта значна больш важкае, чым непрыязнасьць паміж Меркель і Сарказі. Праз год Меркель чакаюць выбары. І яна выдатна памятае, што ў 2000 годзе Шродэр здолеў выйграць выбары дзякуючы антыамерыканізму і прарасейскім настроям. Штодэр быў корашам Пуціна і ворагам Буша, таму і выйграў. У Нямеччыне ёсьць дурні, якія мяркуюць, што лепш Пуцін, чым хаас, аўтакратычнае кіраваньне лепш, чым дэмакратыя на ўсходзе Еўропы – гэтыя дурні існуюць як сярод правых, так і сярод левых. А іхны ўплыў у час выбараў вельмі вялікі.

 

МН.: З усяго, што вы сказалі, вынікае, што Еўропа ўсё ж застанецца расколатай у рускім пытаньні. Але што гэта значыць? Што ўсё залежыць ад Амерыкі і таго, які курс абярэ Абама?

А.Г.: Калі б Еўропа не была настолькі падзеленай, дык яна выкарыстала б амерыканскае міжцарства, каб хаця б на хвіліну прарвацца на першы план і заняць лепшую стартавую пазіцыю ў пасьлябушаўскім сьвеце. Але, на жаль, Еўропа нічога ня робіць, проста чакае Абаму. Так што існуе дзьве магчымасьці. Першая – што Еўропа ў будучыні, нягледзячы ні на што, усё ж аб’яднаецца вакол агульнай энэргетычнай палітыкі, якая прывядзе да таго, што яна стане дзяржавай, якая будзе размаўляць з Расеяй з пазіцыі сілы. Другая магчымасьць – гэта далейшы распад ЕЗ [не пасьпелі аб’яднацца, а ўжо “далейшы распад”; а прычына ў тым, што не на тых прынцыпах аб’ядноўваліся; а пракансультавацца можна было хаця б у нас. – Рэд.]. Нямеччына радыкальна стане на бок Пуціна і супраць атамнай энэргіі, якую абрала Францыя і на якую вось-вось рашыцца Англія, каб атрымаць незалежнасьць ад рускіх энэрганосьбітаў. Так што адбудзецца сапраўдны раскол, нешта накшталт еўрапейскага паралюша. Такі выбар. Калі Еўразьвяз не распрацуе агульнай энэргетычнай стратэгіі, Еўропа будзе ісьці ў двух супрацьлеглых кірунках: трансатлантычным – дзе інтарэсы ЗША і Францыі, нягледзячы ні на што, ўсё ж не супярэчаць адны адным прынцыпова, і кантынентальным, аўраазіяцкім – г.зн. нямецка-расейскім. Ці адбудзецца [такі раскол], залежыць галоўным чынам ад Нямеччыны.

 

 

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Моц краіны базуецца на культуры народа. Тэхналагічная, эканамічная, вайсковая… моц. Хлусня, абалваньванне, абмежаванне ініцыятывы аслабляе краіну, але дазваляе ўтрымліваць уладу. А “рускія – чэмпіёны ў хлусьні”, абдурваюць у першую чаргу саміх сябе.
    А ў нас хто чэмпіён хлусні? Палітыка Лукі знішчальная для нас.
    З гэтага артыкулу вынікае што эўрапейскія палітыкі таксама шмат чаму навучыліся ў расейцаў (“праблема Шродэра, падкупленага Газпрамам”, афёра Мядофа…).
    Магчыма глыбіня сёняшняй эканамічнай крызы абумоўлена культурнай (маральнай) крызай заходніх эліт.

  2. Алег Гаеўскі кажа:

    Я тут навічок. Сайт вельмі падабаецца.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы