nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Другая сусветная вайна

сакавік 2, 2009 | 4 каментарыя

Валянцін Акудовіч (паводле baj.by/belkalehium/lekcyji/litaratura/akudovicz01_3-4.htm; частка артыкула “Нацыянальная парадыгма: Ракурс канцэптуальнай перамены”)

d090d0bad183d0b4d0bed0b2d196d187Мы хацелі, былі, завяршыць на дадзеным этапе (толькі на дадзеным) тэму “Беларускі народ у Другой сусьветнай вайне”, падаўшы артыкул паважанага філосафа з разьлікам на добрае абагульненьне. На жаль, гэтага не атрымалася. Пан Акудовіч, якога мы заўважылі на фоне акцыі з “картай апалячанага”, у дадзеным выпадку нас у многім расчараваў (не ва ўсім!). У чым канкрэтна, мы патлумачылі па ходу тэкста і пасьля яго. Наша задача ператвараць недахопы ў перавагі, як мінімум, у лепшую арыентацыю ў сучаснай рэчаіснасьці. Ідэалагічны фармат нашага сайта гэта зрабіць дазваляе. У цэлым жа высьвятляецца, што тэма лёсу беларусаў у Другой сусьветнай вайне павінна стаць адной з важнейшых на нашым сайце. Бо беларуская ідэалогія без фармуляваньня свайго стаўленьня да тых падзей, на жаль, паўнавартаснай ня будзе…

Рэдакцыя.


“Другая сусветная вайна для Беларусі выявілася не толькі самай трагічнай, але, бадай, і самай істотнай (пасля стварэння дзяржавы) падзеяй у вымеры ўсяго ХХ стагоддзя. З аднаго боку, загінуў кожны чацвёрты беларус (ёсць версіі і пра кожнага трэцяга), былі разбураныя гарады, паселішчы, заводы ды фабрыкі, раскалолася на драбкі ўся сацыяльная інфраструктура, на доўгія гады заняпала эканоміка, інтэлектуальнае і культурнае жыццё. А з другога — і праз гэтыя страты, а яшчэ ў большай меры праз збройны партызанскі чын адбылася легітымацыя Беларусі як праўнага суб’екта сусветнай супольнасці, фармальным пацвярджэннем чаго сталася членства ў ААН — ды яшчэ ў статусе аднаго з заснавальнікаў (абмінем тут праблему палітычнай кан’юнктуры, з якой мы і займелі гэты “статус”).

Аналізуючы гэтую падзею, перадусім будзем зважаць, што для Беларусі другая сусветная вайна абярнулася некалькімі войнамі.

Першая з іх — гэта тая, якую Савецкі Саюз вёў з Германіяй і ў якой беларусы (звыш мільёна чалавек) у складзе савецкіх войскаў ваявалі па законах татальнай мабілізацыі, аднолькавай для ўсяго савецкага грамадства. Але для беларусаў галоўнай сталася не першая, лёсавызначальная для ўсяго чалавецтва, а другая вайна, якая табарылася на іх уласнай, акупаванай немцамі тэрыторыі. (А была ж яшчэ адна “беларуская вайна”, у якой заходнія беларусы ваявалі ў складзе польскага войска — але мы яе пакінем абок гаворкі.) Якраз гэтая партызанская вайна і зрабіла Беларусь вядомай у свеце. І, што не менш істотна, суб’ектызавала і міфалагізавала беларусаў для саміх сябе.

Савецкая “партызанка” (па афіцыйных звестках — звыш 440 тысяч партызанаў і падпольшчыкаў) — першы агульнанацыянальны міф беларусаў. Значнасць гэтай падзеі цяжка перабольшыць. Бо Нацыя як “уяўная супольнасць” набывае сваю рэальнасць толькі ў міфах і адно праз міфы. Калі заўгодна, Нацыя — гэта не што іншае, як міф пра Нацыю [?! – Рэд.].

Але разумеючы ўсю каштоўнасць міфаў для нацыяўтваральных працэсаў, далей мы паспрабуем дэканструяваць гэтае Вялікае паданне пра мужны і гераічны беларускі народ, якое шматлікімі дзесяцігоддзямі фармавала магутная ідэалагічная машына камуністычнай імперыі. І дэканструяваць не дзеля забаўкі (маўляў, што там спадсподу?), а каб не таясаміць міжсобку міф і тую рэальнасць, на якой ён паўстаў.

Як гэта ні дзіўна, аднак у праблеме беларускай “партызанкі” звычайна застаюцца ўбаку ці ўзгадваюцца толькі ўскосна самыя прынцыповыя пытанні гэтай падзеі і найперш наступнае: масавы партызанскі рух у Беларусі — штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены факт? [і што з гэтага лепш. – Рэд.] Паколькі гэтае пытанне ўтрымлівае ў сабе шмат аспектаў, паспрабуем вылучыць у ім аснову. Нашыя вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы, ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчары і часам хапацца за стрэльбы? І яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызвалення ад акупацыі [чыёй? – Рэд.], ці такі выраз ёй надалі з пэўных ідэалагічных патрэб.

На пачатак паспрабуем давесці, што ідэя змагання з нямецка-фашыстоўскімі акупантамі ўвогуле небеларускага паходжання, бо ў праекцыі на беларусаў яна не мае гістарычна пацверджанага генезісу, прынамсі, ужо не мела яго на той час, паколькі традыцыя вайны з іншаземцамі была перапыненая ў апакаліптычных войнах з Масковіяй другой паловы ХVII стагоддзя (“крывавы патоп”) [cправа зусім ня ў гэтым, а ў чым – мы пададзім у абмеркаваньні. – Рэд.]. Яе пазнейшая як бы наяўнасць у фактах і лічбах спланаваная звычайным ідэалагічным (рамантычным) памкненнем вылучыць гераічную плынь у бытаванні беларускага народа і тым самым гераізаваць увесь народ. Паасобным фактам 1794, 1812, 1830, 1863, 1918 гадоў, паўсталым на парэштках традыцыі шляхецкай вольнасці, надаецца значэнне ўстойлівай тэндэнцыі, што і “сацыялагічна”, і “агіяграфічна” ніяк не адпавядае агулу рэальнасці на тую пару ўжо спрэс плебейскай беларускай нацыі [тое, што Акудовіч, на жаль, не ўлічвае, вымаўляючы такое, будзе ў нашым каментары пасьля артыкула. – Рэд.].

Гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова негераічны [па-першае, дзе тут мерка – колькасьць-якасьць; па-другое, ва ўсіх народах так, а таму, калі гаворыцца “гераізм народу”, маецца на ўвазе гераізм яго прадстаўнікоў. – Рэд.]. Масавы збройны гераізм народа — аксюмаран. Калі б гэтая з’ява існавала папраўдзе, а не была толькі рытарычнай фігурай ідэалагічнага начыння, то народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт. Масавы гераізм — з’ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізму ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяртэльнай хваробы, за якой страта народам найважнейшага з інстынктаў — інстынкту самазахавання.

Невыпадкова ў мове беларускага народа няма слова, якое акрэслівала б гэтую тэндэнцыю [дзіўна, што такі мовазнаўца ня ведае старажытнага беларускага слова “вычын” – “вышэйшы чын”, чын у імя вышэйшых мэт. – Рэд.]. Больш таго, нават сінгулярныя праявы гэтай тэндэнцыі не абапіраюцца на ўстойлівыя лексемы, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі, “герой” у жывым вымаўленні беларусаў гучыць не інакш, як іранічна [прадстаўнікі масы ня могуць быць героямі па азначэньні; прызнаць гэта – таксама; таму “іронія” што да сапраўдных герояў – форма кампенсацыі ўласнага комплексу непаўнавартасьці, ня больш за тое; але ніяк ні арыентыр для пошуку ісьціны. – Рэд.].

Няма слова — няма і з’явы [няўжо, каб апісаць вычын Каліноўскага ці случчакоў, у беларускай мове словаў ня знойдзецца?.. – Рэд.]. У лакальным змесце падобнае сцвярджэнне мусіць успрымацца як спрошчанае ці авантурнае. Але калі мы азіраем шырокі гістарычны прасцяг і, вызначыўшы ў ім нейкую натуральна абумоўленую заканамернасць, не можам ёй падшукаць адпаведнага слова ў мове народа, то ў нас з’яўляюцца сур’ёзныя падставы запытацца: а ці быў хлопчык? [?! – Рэд.] Бо не факт і лічба, а ўтаймаванне факта і лічбы ў слове выяўляе іх сапраўдны сэнс альбо ягоную адсутнасць.

Адсюль вынікае наступнае пытанне: ці з’яўляецца імкненне да волі адметнай рысай беларусаў? [?! – Рэд.] Для рамантыка нават пастанова гэтага пытання, напэўна, гучыць абразліва. Толькі чалавецтва ведае не шмат народаў, сярод якіх гэтая якасць дамінуе. А, скажам, для Усходу катэгорыя волі, у сэнсе свабоды, як яе разумее еўрапейская ментальнасць, амаль увогуле адсутнічае… Толькі мы гэтую тэму, у яе універсальнай праекцыі, пакінем па-за далейшым разглядам і вернемся да вылучанага раней зусім канкрэтнага сцверджання: ідэя збройнага супраціву нямецка-фашыстоўскай акупацыі небеларускага паходжання [гэта зусім іншая справа, але яна нічога ня кажа пра ўласьцівасьці народу. – Рэд.].

Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай вынішчаная войнамі з Масковіяй Беларусь была ўжо ў нейкай ступені “акупаваная” Польшчай. А далей пацягнулася эра перманентнай акупацыі: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а на пачатку, у прамежку і потым — расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для беларусаў [?! – Рэд.], і з цягам часу яны прызвычаіліся да чужыннага гнёту, як да ціску атмасферы.

Зноў жа звернем увагу, як факт татальнай залежнасці ад чужаземцаў адбіўся ў мове. Вызначаючы час той ці іншай падзеі, беларусы звычайна кажуць: (гэта было) за палякамі, за немцамі, за Саветамі [будзе яшчэ і “за Лукашэнкам”. – Рэд.]. Мова народа ўжо не ўтрымлівала катэгорый самастойнага бытавання на сваёй зямлі.

Дык адкуль тады феномен збройнага супраціву апошняй нямецкай акупацыі? З чаго раптам гэтая ідэя апанавала ўсім народам, які даволі абыякава трываў папярэднія прышэсці чужынцаў, хаця б тых жа самых немцаў яшчэ дваццаць год таму?

Адказ навідавоку: мадэль жорсткага супраціву акупацыі была навязаная беларусам Расеяй. Для расейцаў, якія ад захопу польска-беларускімі войскамі Масквы на самым пачатку ХVІІ стагоддзя зведалі толькі паспешлівы “візіт” Напалеона, чужынец са зброяй у руках сапраўды быў нечым нязвыклым, дысгарманічным, варожым у той апошняй меры, якая вымагала змагання да скону (свайго ці ворага). Тут яшчэ трэба адзначыць, што падобнае стаўленне да акупацыі вынікала не толькі з ментальнасці расейскага чалавека, але і з ягонага ўсведамлення моцы сваёй дзяржавы, якая здольная і мусіць перамагчы кожнага ворага [ага, усё гэта асабліва пацьвярджаюць першыя месяцы вайны, калі ў палон да немцаў адразу здаліся 5 мільёнаў расейцаў. – Рэд.]. А з адваротнага боку — з адмаўлення Расейскай імперыяй якой-кольвек каштоўнасці за жыццём асобнага чалавека.

Вось гэткае разуменне акупацыі і было “вменено” паноўнай расейскай ментальнасцю пабраным Расеяй народам, і беларускаму таксама. Адсюль і збройны супраціў, адсюль і акцэнт на зніштажэнне ворага, а не на ратаванне чалавека, адсюль — “перамога альбо смерць” [ага, і імя гэта Акудовічавага “адсюль” – Палітбюро ЦК КПСС і асабіста тав. Сталін. – Рэд.].

Аднак тое, што для Расеі было Вялікай Айчыннай вайной, для нас — самазніштажэннем [!!! – Рэд.]. Інспіраваная Масквой “партызанка”, з аднаго боку, правакавала немцаў на дадатковую, “пазапланавую” жорсткасць, а з другога, што, можа, яшчэ горш, саміх беларусаў да ненатуральнага ім, непатрэбнага і ўрэшце згубнага змагання з акупацыяй [гэта зноў зусім іншая справа, якая нічога ня кажа пра ўласьцівасьці народу. – Рэд.].

Здаецца, і па сёння мы не ўсвядомілі, што для нас і для Расеі гэта былі дзве зусім розныя вайны [!!! – Рэд.], і таму ўсё яшчэ ніяк не выпрацуем сваю сістэму ацэнак тых падзей, зыходзячы са свайго разумення каштоўнасці жыцця [ды нам ніхто пакуль такой магчымасьці ня даў; яе трэба браць і рабіць. – Рэд.]. Будзем спадзявацца, што некалі такое здарыцца, а пакуль звернем увагу вось на што… Нягледзячы на магутны, татальны ўціск, беларускі народ (падкрэслім яшчэ раз — народ, а не пэўныя зпалітызаваныя групоўкі насельніцтва) не прыняў “партызанку”. Так, не прыняў. І хай нас не ўводзяць у зман усе лічбы і факты ідэолагаў і “сацыёлагаў”, успаміны ветэранаў і безліч твораў у мастацкай ды публіцыстычнай літаратуры, якія як бы адлюстроўвалі рэальную барацьбу з ворагам.

Калі б так яно было папраўдзе, калі б папраўдзе ўвесь народ узняўся на змаганне з акупацыяй, гэта азначала б толькі адно — інстынкт самазахавання этнасу выпетрыўся да тых рэшткаў, за якімі ўжо нічога няма.

“Партызанку” зладзілі пакінутыя ў тыле савецкія функцыянеры, падпольныя райкомы, гаркомы, абкомы, дыверсійныя групы, рэйдавыя брыгады, акружэнцы, больш за дзвесце атрадаў НКУС… І ўтрымлівалася яна ідэалагічна, арганізацыйна і матэрыяльна [матэрыяльна дашчэнту абіралі насельніцтва. – Рэд.] коштам Вялікай Зямлі. А для самога беларускага народа “партызанка” была чужароднай, марнай і пераважна варожай справай. Яна несла небяспеку смерці ў значна большай ступені, чым сама акупацыя, бо гэтая небяспека была не гіпатэтычнай, а непасрэднай і вынікала як з карных аперацый пасля партызанскіх актаў, так і з гвалтоўнай сутнасці самой “партызанкі”.

Фактаў варожасці шараговага насельніцтва да “партызанкі”, не кажучы ўжо пра абыякавасць да яе, дакументамі, успамінамі, літаратурай назапашана таксама даволі, аднак яны яшчэ нікім не сістэматызаваныя і на іх ніколі не рабіўся акцэнт. Толькі для нашых “даследзінаў” гэта і не істотна, бо мы звернем увагу на іншае, а менавіта на скептычную і нават здзеклівую афарбоўку слова “партызан” у жывым вымаўленні. І на захадзе Беларусі (Гарадзеншчына), і на ўсходзе (Віцебшчына — партызанскі край) у непасрэднай, незаідэалагізаванай гаворцы ў слове “партызан” гучыць што заўгодна, ад з’едлівага скепсісу да панылай абыякавасці, толькі не “беларускія сыны”. (Іранічна-паблажлівае “Маўчыць, як партызан на допыце”, можа, найвышэйшая мяжа станоўчай адзнакі, усе астатнія ніжэй.) За выключэннем нешматлікіх, асобных фактаў, народная свядомасць адраклася “партызанкі”, і таму нам не знайсці паважлівых, удзячных, пазначаных гонарам за мужную дзею інтанацый у семантычнай афарбоўцы ўсяго комплексу слоў, якія яе вызначаюць.

Ні з сацыяльна-палітычнага гледзішча (якое-такое вялікае шчасце яны мелі за Саветамі), ні з натуральнага памкнення зберагчы сябе, сям’ю, род — ідэя змагання з акупацыяй не магла быць успрынята народам як жыццёвая неабходнасць [!!! – Рэд.]. І яшчэ. У масавай народнай свядомасці воля — не абстрактная катэгорыя, яна мае выразна акрэслены духоўна-сацыяльны абрыс. Калі мае… На той час беларусы так доўга не карысталіся воляй, што наўрад ці ведалі яе сэнс. А змагацца ні за што, толькі сабе на згубу, не будзе ні адзін народ.

Дык ці была для беларусаў другая сусветная вайна Вялікай Айчыннай вайной, у кантэксце якой і быў сфармаваны міф пра мужны партызанскі народ? Верагодна, падобнае пытанне нетактоўна ставіць перад тым канкрэтным беларусам, які лічыў тады і застаецца перакананым да сёння, што змагаўся з фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне. Аднак яшчэ больш нетактоўна і нават абразліва яно гучыць у адносінах да ўсяго народа, нацыі, якую прымусілі самазніштажацца, змагаючыся на баку адной хцівай імперыі супраць такой жа другой [!!! – Рэд.]. Тут трэба дадаць яшчэ вось што. Крытэрый вайны як Вялікай Айчыннай значна звужае і проста-такі нахабна спрошчвае гэтую неверагодна трагічную падзею, зводзячы яе да аднамернага супрацьдзеяння: “свае” — “чужыя”. І ў дадатак надае вайне высакародны сэнс, якога ў яе не было і быць не магло.

Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй) [? – Рэд.]. У бруд і кроў упэцкваюцца ўсе [? – Рэд.]. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры [? – Рэд.]. І калі наша свядомасць яшчэ не можа абысціся без ідэі гераічнага на вайне, то няхай паспрабуе перанесці сваё ўяўленне аб гераічным на годнае пакутніцтва ці самаахвярнасць (як гэта зрабіла хрысціянства) [? – Рэд.].

Спроба вылучыць з вайны ў якасці станоўчага прыкладу той ці іншы яе элемент — ідэалагічная маніпуляцыя [?! – Рэд.]. Ніякі грамадскі інстытут не здольны быць больш маральным за маральнасць таго часу, таго грамадскага ладу і стану, у якім ён існуе [? – Рэд.]. Ён можа дэклараваць найцнатлівыя маральныя пастулаты, абапірацца на якія заўгодна высакародныя прынцыпы, але дзейнічаць будзе на тых, якія выснаваныя тагачасным жыццём. Этычны кодэкс хрысціянства застаецца нязменным з часоў апостала Паўла, а сама царква ў розную пару бытавання і рабавала, і забівала, і здраджвала сабе і Богу, адным словам, падпарадкоўвалася пульсу рэальнага жыцця. Больш ці менш маральнай можа быць асоба, але не грамадскі інстытут, не тая ці іншая грамадска-палітычная супольнасць [? – Рэд.]. У вайну ўсе некага забівалі. Забівалі “немцы”, забівалі “рускія”, забівалі “паліцаі”, забівалі “партызаны” [? – Рэд.]. Якое з забойстваў лічыць маральным, а якое амаральным? І што значыць увогуле маральна апраўданае забойства? [напрыклад, забойства дастаткова вялікага сацыяльнага паразіта – эксплуататара твайго народу. – Рэд.]

Акупант і той, каго ён акупаваў, нкусавец і партызан, калабарант і паліцай — усе яны выклятыя лёсам, усе яны вартыя жалю [? – Рэд.]. Верагодна, такі ўтапічна-пацыфісцкі падыход да праблемы шмат у каго выкліча абурэнне, бо ў маральнай тоеснасці паміж забойцам і ягонай ахвярай праглядваецца здзек з самой сутнасці маральнасці. Але на вайне няма забойцаў, ці наадварот — на вайне ўсе забойцы [на жаль, пан Акудовіч дэманструе поўную сьветаглядную дэзарыентацыю, бо ён арыентуецца не на кірунак чыну, а толькі на сам чын, як форму; дзіўна, што такі дэфект сьветагляду прысутнічае ў філосафа. – Рэд.]. “Калі ты выбраў вайну, то гэта твая вайна” (Сартр). І таму ўсё залежыць толькі ад тых абставін, у якія патрапіў чалавек [ацэнка чалавека, якім ён ёсьць, якраз і вызначаецца тым, што ён будзе рабіць у тых ці іных абставінах. – Рэд.]. Той, хто апынуўся там, дзе даводзілася забіваць, — забіваў [каго забіваў?! – гэта і ёсьць ключавое пытаньне – Рэд.]. І ўся розніца паміж грэшным і нявінным у тым, што аднаму з іх пашанцавала не патрапіць туды, дзе ён вымушаны быў забіваць, а другому не пашанцавала, і ён забіваў (магчыма, таго, каму пашанцавала не забіваць) [? – Рэд.]. Кім стаўся для германцаў той беларус, які, перажыўшы акупацыю і “партызанку”, быў “завербаваны” ў савецкае войска і страляў немцаў на іх зямлі, бурыў ушчэнт Кёнігсберг і Берлін? Натуральна, што для паспалітых жыхароў Нямеччыны ён быў акупантам, ворагам, забойцам. Гэта ідэолагі прыхарошылі ягоную ролю паганскім словазлучэннем “святая помста”. Помста не бывае святой [а адплата?! – Рэд.], прынамсі, яна перастала быць ёю з таго часу, як Ісус узышоў на Галгофу [падзеі на Галгофе аніяк не паўплывалі на тое, што на зямлі ёсьць, было і яшчэ доўга будзе Дабро ды зло, і што чалавеку давядзецца абіраць паміж імі… – Рэд.].

Вайна — гэта паганства, вайна — гэта вяртанне чалавека ў задушлівае лона першабога, жорсткага і помслівага. Як быццам не было дзвюх тысяч год цярплівага гадавання этычнага імператыва, як быццам чалавек зноў вярнуўся ў сваю дагісторыю [так, ругаць “першагоба” нашмат лягчэй і бясьпечней, чым штодзённа змагацца ў роднай Беларусі за перамогу Дабра над злом… – Рэд.].

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

Выразайце людаедаў,

Каб не стала іх і следу…

Рыйце загадзя магілы,

Вырывайце з жывых жылы,

Кроў за кроў, а смерць за смерць!

Янка Купала.

Ухваляючы збройны гераізм пераможцаў ці пераможаных, партызан ці калабарантаў, мы молімся цьмянаму першабогу з пажаднымі да крыві вуснамі. На гэтым абагаўленні бога помсты і чалавечых ахвяр [цікава, няўжо філосаф Акудовіч ніколі ня чуў пра розьніцу паміж помстай і адплатай?! – Рэд.] і быў сфастрыгаваны савецкай ідэалогіяй міф пра Партызанскую Беларусь. Аднак, як гэта часта бывае ў гісторыі, падзея, што ладзіцца дзеля нейкіх адных мэт, неўзабаве ці пазней выяўляе сваю значнасць у радыкальна іншай перспектыве, часам зусім і не пажаданай для тых, хто яе зладзіў. Савецкія ідэолагі, якія прыдумалі гераічны беларускі народ, гатовыя пакласціся ўсім сваім целам на ахвярнік камуністычнай ідэі, меліся на мэце гэтым міфам яшчэ раз сцвердзіць вартасць сваёй Іідэі, але ніяк не высокую вартасць беларускага народа як апрычонага суб’екта еўрапейскай гісторыі… Ды атрымалася, што атрымалася… [нешта незразумула – гэта добра, што “так атрымалася”, ці гэта кепска?! акрамя таго, калі б усе беларусы былі такімі ж двушчокімі хрысьціянамі-пацыфістамі, дык нават і гэтага “міфу” не было б! – Рэд.]

У праблемы гераічнай беларускай “партызанкі” ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы аспект. Згодна натуральнай логіцы, гэты міф мусіў распушыцца ў нішто адразу пасля дыскрэдытацыі той ідэалогіі, што яго спарадзіла [штучны пасыл: Акудовіч пераблытаў гістарычны факт ды ўтапічную ідэалогію і чамусьці вырашыў, што ўтопія жыцьцяздольней за гісторыю; а потым яшчэ і зьдзіўляецца, што “нічога такога не здарылася”. – Рэд.]. Аднак нічога такога не здарылася (хаця на самым пачатку “дэмакратычных” дзевяностых гэты міф, відавочна, перажываў сур’ёзны крызіс). І зусім не таму, што ідэю “гераічнай партызанкі”, амаль не трансфармуючы, неўзабаве прыўлашчыла пад свае патрэбы ідэалогія новай улады ўжо як бы незалежнай Беларусі. Сітуацыя бачыцца значна больш складанай. Тут найперш трэба звярнуць увагу на той факт, што “партызанка” ў тых жа самых формах і не з меншай актыўнасцю [няўжо зь ня меншай? – Рэд.] ладзілася і на Украіне, і ў Прыбалтыцы, і ў Крыму, і на Каўказе, і ў самой Расеі, але ніводны з гэтых рэгіёнаў не стаўся “партызанскім краем” і ніводны з тых народаў не атрымаў мянушку “народ-партызан”…

Тут мы не ў стане заглыбляцца ва ўвесь абсяг гэтай неверагодна цікавай тэмы, якая сёння так актыўна апрабоўваецца ў інтэлектуальнай эсэістыцы, маладзёвай музыцы і актуальным мастацтве, дзе “партызан” выступае адначасна як канцэптуальны персанаж і як канцэптуальная метафара. Таму адно мімаходзь заўважым, што для беларусаў панятак “партызан” ужо даўно набрыняў пэўным сакральным значэннем [у пачатку артыкула значэньне было іранічным… – Рэд.], якое не змагла спрафанаваць нават савецкая “партызанка”… “Партызан” ці не найлепей люструе нейкую анталагічную сутнасць беларуса як у яго прыватным жыцці, так і ў яго пражыванні гісторыі.

Партызан — гэта той, хто ўвесь час хаваецца (хованкі — бадай адзіная нацыянальная гульня беларусаў) [няўжо гульні ў хованкі ў іншых народаў няма? ну, калі знойдзем…; вось пад што дзеля чырвонага слоўца падставіў свой аўтарытэт пан Акудовіч. – Рэд. – Рэд.]; партызан — гэта той, хто заўсёды кажа пра сябе — “мяне няма”; партызан — гэта той, хто выяўляецца толькі ў момант дыверсіі, а потым зноў знікае ў адсутнасць самога сябе… [партызан – гэта той, хто вынікова ваюе з нашмат больш моцным ворагам! гэта элементарна, Ватсан; чытайце хаця б тут: https://nashaziamlia.org/2007/03/09/568/ – Рэд.]

Хвала савецкім ідэолагам, што яны адчулі “анталагічную” сутнасць беларусаў і ў патрэбны для сябе момант скарысталіся ёю на ўсю ейную моц. Шкада толькі (і ганебна), што яны скарысталіся ёю гэтак вычварна, кінуўшы ў ненажэрную пашчу молаха сваёй партызанскай вайны сотні тысяч беларусаў.

P.S. У гэтым раздзеле цалкам застаўся па-за ўвагай феномен нацыянальнай “партызанкі”, якая пасля вайны часткова перарасла ў антысавецкую і доўжылася да пачатку пяцідзесятых гадоў. Безумоўна, гэта вельмі цікавая з’ява, але ў вялікім вымеры нацыянальнай гісторыі яна выглядае, з майго гледзішча, усяго толькі лакальнай падзеяй. Куды больш істотнай бачыцца праблема шырокай “калабарацыі”, хаця, па вялікаму рахунку, “беларускі калабарант” тыпалагічна не розніцца ад “савецкага партызана” [!!! – Рэд.], таму асобна тут і не кранаўся.

[Цікавую версію “калабарацыі і партызанкі” выказаў Васіль Быкаў у гутарцы з Юрасём Залоскай “Рэцэпт напою багоў”: “Тое, што мы называлі калабарацыянізмам і калабарантамі і адпаведна да іх ставіліся, як цяпер бачыцца, было куды больш складаней. Існавалі і калабаранты, і калабарацыя — даволі значныя на Беларусі. Я заўсёды пра гэта гаварыў. Калі ў Беларусі было каля мільёна партызан, і яны ваявалі, дык з кім яны ваявалі? Гэта камуністы рабілі такую падмену, што, маўляў, партызаны ваявалі быццам з немцамі. На самай справе якія немцы — у той час як фронт стаяў пад Масквой?.. Немец быў у лепшым выпадку адзін на раён, у раённай адміністрацыі. З кім жа тады ваявалі шматтысячныя партызанскія арміі? Зразумела, з кім — з паліцэйскімі фармаваннямі, каторыя, як і партызанскія злучэнні, рэкрутаваліся з беларусаў альбо з суседзяў — літоўцаў ці ўкраінцаў. Гэта ж атрымалася абсалютна спантанна — Хатынь. Трагедыю Хатыні спрабавалі аднесці на рахунак немцаў, а папраўдзе яе спаліў канкрэтны 118 украінскі паліцэйскі батальён [ёсьць яшчэ меркаваньне, што не ўкраінскі, а ўласаўскі… – Рэд.]. Дык вось, што датычыць калабарацыі: прыблізна столькі ж, колькі партызан, было і калабарантаў. І тое, што тут адбывалася, мела ўсе прыкметы грамадзянскай вайны. Нямецкія рэгулярныя войскі ў гэтую справу ўлезлі тады, як фронт падышоў да Полацку. Тады яны акружылі і зліквідавалі ўсю партызанскую зону. “Прарыў” — гэта эўфемізм: разгром быў заменены на “прарыў”. Які прарыў? Прарваліся рэшткі… Немцы ўмелі гэта рабіць, гэта не Чачня, партызаны для іх не ўяўлялі ніякай небяспекі… Яны іх акружылі і задушылі меней чым за месяц. Рэшткі, якія прарваліся з блакады, пасля хаваліся ў Селіцкай пушчы, я пра гэта пісаў. У густых хвойках яны прывязваліся рамянямі да вершалін і там сядзелі. Ды немцы пусцілі сабак, каторыя аблайвалі дрэвы. Немец падыходзіў і даваў уздоўж ствала некалькі чэргаў… Пасля вайны, у 1947 годзе, калі я прыязджаў на радзіму, на тых хвойках яшчэ бялелі партызанскія косці, абгладаныя вараннём…” – В.А.].

Валянцін Акудовіч

Ад рэдакцыі:

Ня ўсё ў гэтым артыкуле нам не спадабалася. Тое, што спадабалася, мы пазначылі так [!!! – Рэд.] і абмяркоўваць ня будзем. Зьвернем увагу на тое, з чым мы нязгодныя.

А затым…

Ці можна дачакацца ад паляка публічных заяваў, што, маўляў, якія мы кепскія, сквапныя і жорсткія былі ў адносінах да беларусаў у 1920-39 гг. (хаця б тады) з-за таго, што прысабечылі сабе палову Беларусі й спрабавалі апалячыць гэты народ? А яшчэ: як мы кепска зрабілі, што забралі іхную – беларусаў – Беласточчыну (1944 г.), прысабечылі сабе і зьдзейсьнілі там этнацыд?

Ці можна дачакацца ад маскалёў нечага аналагічнага што да Смаленшчыны, Браншчыны, Пскоўшчыны, цяперашняй Калінінградскай вобласьці?

Ці можна дачакацца ад летувісаў пакаянных словаў з нагоды таго, што, маўляў, мы – жамойты-аўкштайты – перахапілі ў беларусаў іх спрадвечныя назвы – Літва, літвіны? Прабачце нас, браты-беларусы!…

Адказы адназначныя: не, не і не! Прынамсі, мы чакаем-чакаем, а дачакацца нешта ня можам.

Калі хто-небудзь здольны давесьці адваротнае, калі ласка, паведамце (бо мы, паўторым, такое шукаем і чакаем). Будзем вельмі ўдзячныя.

Але з боку некаторых унікальных беларусаў нешта падобнае, ды яшчэ шматкроць гіпертрафіраванае і недарэчнае, амаль да мазахіцкага вычварэнства, пачуць можна. Паколькі за ўсю папярэднюю гісторыю беларусы нікому ніякай асаблівай шкоды не зрабілі (спадзяемся, і ня зробяць), ні ў каго нічога не забіралі, дык некаторыя ўнікумы (падкрэсьлім, з этнічных беларусаў) самі пачынаюць прыдумляць нешта. Адныя прыдумляюць міфы. Іншыя, наадварот, пачынаюць заяўляць, што нешта, што было і ёсьць рэальным, зьяўляецца міфам, і пачынаюць яго выкараняць…

У выніку на нашыя беларускія галовы то пачне наклікацца неіснуючая віна за “халакост” (С.Дубавец), то нам пачнуць адмаўляць (як В.Акудовіч у дадзеным выпадку) у рашучасьці, сьмеласьці, гераізме ў час вайны. То яшчэ якая трасца публічнай мазахісьціі на некага абрынецца…

Дый ладна бы пра сябе так. Не. Абавязкова ад імя беларускага народу і аўтарытэтна адразу пра ўвесь беларускі народ! Во які маштаб. Дзівіся ўвесь сьвет…

А тэхналогія, па якой усё робіцца, бывае, цягне не іначай як на філасофскае вынаходніцтва. Так, пан В.Акудовіч на пачатак прыдумаў нейкі ідэальны сьвет, дзе жывуць толькі праведнікі, якія ўсе даўно перакаяліся адныя перад аднымі, павярталі адзін аднаму раней накрадзенае ці нарабаванае, вымалілі прабачэньні за ўсё папярэдняе благое. І зрабілі ўсё так абсалютна, так дакладна, што ўсе падобныя пытаньні ў іх цяпер цалкам вычарпаныя й ім няма чаго больш рабіць… Няма ні за што каяцца, ні за што прабачэньня прасіць, ні што вяртаць…

Вось у такі сьвет, праўда, не гаворачы, дзе ён такі ёсьць, вырашыў выправіцца Акудовіч і захапіць з сабой пад пахай увесь беларускі народ. А для гэтага на пачатак яму спатрэбілася адабраць у беларускага народу яго “незаслужана атрыманы міф”, каб самому выглядаць праведнікам. Маўляў, беларусы ніякія ня сьмелыя, свабода ім не патрэбная, яны здольныя прыцярпецца да любых акупантаў (ня тое што рускія – тыя дык свабодалюбныя!). Беларусаў у патрызаны заганялі закінутыя на парашутах з-за мяжы фронту НКВДшнікі, сцягваючы за ногі зь цёплых печак. І тое толькі тады, калі да таго дакладна так не пасьпелі зрабіць немцы.

Іншым народам можна мець сваіх герояў, – працягвае разьвейваць “партызанскі міф” Акдовіч, – а беларусам – не. Калі нехта зьдзейсьніць геройскі ўчынак (і т.л. у час вайны), дык па Акудовічу найперш трэба дакладна паглядзець, ці не беларус гэта раптам быў. Калі не беларус – усё нармальна, герой! А, калі беларус, – не-не. Гэты героем быць ня можа ў прынцыпе. Так лічыць беларускі філосаф В.Акудовіч.

Пад такую сваю “філасофію”, якая для яго, відаць, каштоўней за саму рэчаіснасьць (у т.л. каштоўней за рэальны стан яго ўласнага народу), Акудовіч падвёў базу ўласнага сьветаадчуваньня: вайна па Акудовічу – гэта заўсёды кепска. Маўляў, заўсёды толькі проігрыш, бяда, кроў. Хто б у ёй па якой прычыне і на якім баку ня ўдзельнічаў, той заўсёды будзе запэцканы ўсім брудам вайны і да яго, як да пракажонага, лепш нават не падыходзіць. Маўляў, заўсёды, як толькі вайна, самае лепшае выйсьце – гэта абсалютны пацыфізм-пафігізм.

Вось так выглядае філасофія і канкрэтны ўніверсальны рэцэпт нашага філосафа па вырашэньні ўсіх праблем, зьвязаных з вайной.

Паспрабуем усумніцца ў яго асобных складовых.

Ну, па-першае. Ці існаваў бы цяпер той “міф” пра “рэспубліку-партызанку”, як выслаўляецца В.Акудовіч, “дэзавуюючы” яго, калі б у час Другой сусьветнай вайны ўсе беларусы былі такім ж стоікамі-пацыфістамі, як сам Акудовіч? Вядома, не. Адсюль адразу відавочна, што філосаф “апісвае ды аналізуе” ня столькі беларускі народ, колькі сам сябе. І гэта самае галоўнае. Ужо тут можна было б паставіць кропку і закончыць наш каментар. Але мы, калі ўжо ўзяліся… Вось напрыклад, пытаньне ў разьвіцьцё асьпекта: Цікава, якія б “міфы” тады сёньня мог дэзавуёўваць філосаф, калі б усе беларусы мелі прозьвішча Акудовічы?… Не было б “міфа” – не было б працы ў “філосафа”. Відаць, давялося б перакваліфікоўвацца ва ўпраўдомы ці, там, у сантэхнікі… Ну, апошняе – у скрайнім выпадку…

Па-другое. Ці заўсёды і ўсе войны кепскія? Няўжо пан Акудовіч ніколі ня чуў пра дзяленьне войнаў на захопніцкія і вызвольныя. Ну, з захопніцкімі ўсё зразумела. А як быць з вызвольнымі? Вось тут, пан філосаф, будзьце ласкавы, падрабязьней… Уявім, напрыклад, што на вашую жонку на вашых жа вачах напаў гвалтаўнік (ці некалькі гвалтаўнікоў). Вы і тады б заставаліся “пацыфістам”? Ну, хай сабе, жонка. А на дачку? На ўнучку? Няўжо і тады?!… Ня верыцца. Але аб’ектыўна тут сапраўды ёсьць два варыянты. Першы, найбольш верагодны. Думаем, у такіх абставінах вы пратэставалі б, паспрабавалі б выратаваць сваіх блізкіх ад гвалту і ганьбы. Тады, чаму ж права на падобныя рэакцыі вы адмаўляеце для ўсіх іншых беларусаў? Бараніць сябе ад гвалтаўнкоў, рабаўнікоў, захопнікаў, забойцаў – натуральнае права ўсіх людзей і ўсіх народаў ва ўсе часы. Гэтае права заўсёды лічылася дабром, а найбольш выніковыя ў яго рэалізацыі – тыя, хто, маючы малыя сілы й ігнаруючы ўласны страх, вынікова караў злачынцаў – лічыліся героямі. Калі ўсё гэта ня ёсьць варыянтам вашых паводзін, тады магчыма другое. Вы, відаць, лічыце, што ва ўмовах нападу гвалтаўнікоў найбольш выніковым ёсьць легчы і аддацца. Перад гэтым, праўда, трэба абвесьціць пра свой пацыфізм. Маўляў, тады злодзеі пачырванеюць ад сораму, узвізгуць і, падціснуўшы хвасты, кінуцца наўцёкі ў розныя бакі. І такім чынам агрэсія будзе спынена, праблема вырашана. Што ж, ня хочацца такое казаць, але барані вас бог калі-небудзь… пасрабаваць праверыць на практыцы сапраўдную выніковасьць запрапанаванай вамі “ўніверсальнай тактыкі”. Мы, вядома, людзі ня менскія, не такія перадавыя, але наш жыцьцёвы досьвед паказвае на небясьпеку такога падыходу да жыцьця, а таму, як беларусы беларусу, мы дазволім сабе параіць вам зьвярнуць сваю ўвагу на нашыя сумненьні…

Па-трэцяе. Няўжо, пан Акудовіч, усе войны сапраўды бессэнсоўныя, маўляў, таму што бесперсьпектыўныя? А як быць з войнамі, якія прывялі да перамогі. Возьмем ХХ стагоддзе. Напрыклад, Польшча перамагла бальшавіцкую імперыю ў 1920 годзе, а Фінляндыя здолела абараніцца ад яе ж у 1940-м. Аўганістан у 1989 г. перамог СССР. Чачня ў 1994-96 гг. наваляла цэлай “дэмакратычнай” Расеі. В’етнам у свой час перамог ЗША, дый Аўганістан і Ірак, змагаючыся супраць ЗША, вось-вось дасягнуць нешта аналагічнае. Нешта зь гістарычнымі ведамі ў пана філосафа кепскавата… Ці што? Тады што? – мы ўжо і ня ведаем…

Чацьвертае. Вы кажаце пра помсту, што гэта – грэх. А пра адплату (рус. – возмездие) вы калі-небудзь чулі? Ці для вас гэта адно і тое ж? А між тым, мы для сустрэчы ў будучыні з такімі “філосафамі”, як вы (а такую сустрэчу мы прагназуем, ведаючы, як шмат людзей і як шмат шкоды зрабілі нашаму народу), вымушаны былі распрацаваць Д пр-п 47. Гэты прынцып сьцьвярджае: “З нагоды будучых рэвалюцыйных зьмен у Беларусі неабходна ўжо цяпер патлумачыць адрозьненьні паміж помстай (рус.-«месть») і адплатай (рус.- «возмездие»). Выкарыстаем вобраз найпростшай сістэмы: начальнік – падначалены (ці камандзір – салдат, улады – народ, уладары вялікай краіны – улады меньшай краіны, дамінант – падпарадкаваны яму субдамінанат і г.д.). У яе межах ПОМСТА – гэта калі «начальнік» карае, крыўдзіць, усяляк уціскае «падначаленага» за тое, што той яго скрытыкаваў, зрабіў заўвагу, паказаў на памылкі і г.д. (пры гэтым – справядліва і дзеля агульнай справы). Помста сапраўды зьяўляецца, як мінімум, маральна-этычным злачынствам. У здаровых грамадствах яна дапускацца не павінна і ў будучай Беларусі з помсьлівымі людзьмі будзе весьціся змаганьне. АДПЛАТА ж – гэта пакараньне за ўсе несправядлівасьці, злачынствы, якія былі зроблены «начальствам» (дамінанатам, уладаром) у адносінах да «падначаленага» (залежнага, слабога) за кошт выкарыстаньня сваёй прывілеяванай пазіцыі. Такім чынам, адплата – гэта зьява альтэрнатыўная помсьце, што падкрэсьліваецца магчымасьцю (а то і неабходнасьцю) адплаты за помсту. У адпаведнасьці зь любой грамадскай нормай (і ў такой ступені, у якой мы хацелі б жыць у здаровых, паўнавартасных грамадствах) кожны нармальны чалавек у такой жа ступені абавязаны не забываць і не ленавацца зьдзесьніць адплату (як толькі ў яго ўзьнікнуць такія магчымасьці), у якой ён ня мае права на помсту!

Так мы на фоне ганебнасьці помсты бачым абавязковасьць адплаты. І лічым гэта адзіным магчымым падыходам. Інакш ні мы, ні чалавецтва ніколі не пераможам зло. У тым ліку і войны…

Усё пералічанае, і ня толькі, чамусьці штурхае нас да думкі, што абсалютны пацыфізм аўтара мае адну істотную прычыну. Нам падаецца, што Акудовіч нападае на вайну, нібы на абсалютнае зло, якое баіцца адно што яго пацыфізму, а на самой справе імкнецца адцягнуць увагу ад… ворага (ворагаў), які (якія) ў любой вайне – галоўны суб’ект (суб’екты). Калі так, дык гэта – своеасаблівая рэакцыя па скідваньні ценю (і ўнутраная псіхічная праблема аўтара). Абстрактны аб’ект – заўсёды нядобрая вайна – вельмі падыходзіць для гэтага. Хто ж вам запярэчыць і скажа, што вайна – гэта добра. Сярод нармальных людзей такіх няма. Але гэты хвыт – не галоўная праблема. Галоўнае ў тым, што аўтар проста ня ў стане адкрыта называць ворагаў беларускага народу – тых, хто яго забіваў, зьнішчаў, паразітна выкарыстоўваў, пераіначваў, страўліваў, дэзінфармаваў…

Між тым, дакладна назваць імя ворага – ужо напалову яго перамагчы!

Давайце паспрабуем разам назваць тых, хто быў у гэтай катэгорыі пад час падзей Другой сусьветнай. Пап Акудовіч, паўтарайце за намі:

– расейская імперская бюракратыя, варыянт бальшавіцкі;

– польскія шавіністы-імперыялісты;

– нямецкія шавіністы-імперыялісты.

Ну, як, атрымалася? Калі атрымалася, праўда, стала лягчэй?…

Цяпер, калі далей будзе пісаць пра войны ў Беларусі, у т.л. і пра Другую сусьветную, называйце, калі ласка, “імёны, паролі, яўкі”. Запэўніваем вас, артыкулы будуць атрымлівацца ня толькі больш цікавыя, але і апісаньні ўласьцівасьцяў беларускага народу будуць атрымлівацца больш адэкватнымі…

У дадатак да азначанага, у нас склалася ўражаньне, што ўсе пералічаныя дзіўнаватасьці “філасофіі” пана Акудовіча абумоўлены яго нясьцерпным жаданьнем выдаць якую-небудзь арыгінальную ідэю ў наш смутны час. Не інакш, каб узбудзіць грамадства, разварушыць людзей. Аднак, калі арыгінальнасьць, эпатажнасьць, “чырвонае слоўца” становяцца галоўнай мэтай, зьнікае ня толькі навуковасьць, а і элементарная праўдзівасьць. Няўжо інтэлектуальны выпендрож важнейшы за крыўду, якая наносіцца ўласнаму народу? Няўжо зараза карпарацыі “ННН” (“Ня Наша Ніва”) так распаўсюдзілася?

Зьвярніце ўвагу, што робіць пан Акудовіч для таго, каб прасунуць канцэпцыю пра “рахманых беларусаў”, якія ня любяць свабоду, а любяць прыцярпецца да любых акупантаў. Ён:

адным махам адкідае “феномен нацыянальнай “партызанкі”, якая пасля вайны часткова перарасла ў антысавецкую і доўжылася да пачатку пяцідзесятых гадоў”;

– прапануе не зьвяртаць увагі на збройныя паўстаньні 1794, 1812, 1830, 1863, 1918 гадоў;

– прапануе ігнараваць “мільён беларусаў у партызанах”, “мільён беларусаў у паліцыі” і, відаць, ня менш за мільён беларусаў у шэрагах Чарвонай арміі (ці не зашмат для 10 мільённага “рахманага” народу? людзі ж ня проста ваявалі – яны паміралі…);

прапануе апрыёры пачаць лічыць, што партызанская барацьба іншых народаў была ня менш значнай.

Паслухайце, пан Акудовіч, нешта ня тое з вашай “тэорыяй”! Бо, як вядома, у навуцы прынята зыходзіць з фактаў, а не ігнараваць іх…

А справа, між тым, відавочная. Беларусы, сапраўды, ня бачылі свайго асаблівага інтарэсу ў той вайне. Калі паглядзець на тое, што нарабілі бальшавікі беларусам, дык можна зразумець тых, хто пайшоў у паліцыю-калабарацыю. Калі паглядзець на тое, што нарабілі немцы, можна зразумець тых, хто пайшоў у партызаны. Але ж, у прынцыпе, гэта, як кажуць, “абое рабое”. За што ваяваць?! Не была бачна ў той час хоць якая магчымаць перамагчы ў змаганьні ЗА СВАЮ ЎЛАДУ, беларускую! У Беларусі ў 1941-44 гг. была ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА. Гэта цяпер відавочна. На гэтым фоне не было вялікім грахом і проста імкнуцца выжыць. І гэта ня значыць, што ўсе мы ледзь не генетычныя рабы, што сярод нашага народу менш людзей, здольных на геройскія ўчынкі, чым сярод іншых…

У гэтых абставінах, натуральна, самымі высакароднымі былі тыя, хто думаў, як ратаваць СВОЙ НАРОД ад усіх ворагаў! І такія былі. Але, на жаль, гэта якраз тыя, каго наш “філосаф” палічыў за лепшае… вынесьці за дужкі.

А вось мы, наадварот, усіх іх аб’яўляем НАЦЫЯНАЛЬНЫМІ ГЕРОЯМІ!

У заключэньне толькі адно пытаньне аўтару: ну, і навошта вам усё гэта было трэба, пан Акудовіч?!

У цэлым жа зразумела, што падобныя “аналізы” беларускіх праблем, дзе аб наш народ некаторыя ня ў меру закамплексаваныя лічаць магчымым выціраць ногі, будуць зьяўляцца роўна да той пары, пакуль кожны ахвотны ня будзе ведаць, што ён за падобныя выхадкі атрымае добры адлуп. Калі ж на кожнага такога “энтузіяста”, нібы шчанюка, які нагадзіў у хаце, заўсёды знойдзецца нехта, хто возьме яго за карак і добра натыцкае мордай у тое, што ён нарабіў, ды яшчэ са словамі: “Запомні, нягоднік, нельга паскудзіць ва ўласным доме!”, – дык адразу мазахісцкая хвароба і вылечыцца. Прычым, татальна ва ўсіх і назаўсёды. Гэта, як кажуць, медыцынскі факт…

Усяго лепшага, сябры.

Жыве Беларусь – наша зямля!

4 каментарыя

  1. Дарафей кажа:

    Пазіцыя спадара Акудовіча у мяня вызывае, каб не сказаць больш… непаразуменне. Вельмі лёгка мы раскідваемся нашай гісторыяй. Выракаемся яе, аддаем суседзям.( Мне здаецца, увогуле існуе нейкія дзьве часткі разарванай па палітычнаму прынцыпу гісторыі Беларусі. Першая – гэта большая яе частка, якую (у асноўным) не вельмі любіць cёнешняя улада (гэта частка гісторыі ахоплівае: станаўленне, моц і закат ліцьвінскай дзяржавы, гады нацыянальнага прыгнёту і барацьбы з ім). Другая – частка, яе наадварот, вельмі любіць спадар Лукашэнка і дужа баіцца наша “дэмакратычная апазіцыя”- гісторыя Савецкай Беларусіі, у якой дамінуе тэма апошняй сусветнай вайны. І ў адпаведнасці з сваімі палітычнымі поглядамі кожны з бакоў імкнецца, адрэдактаваць тую частку,якая яму не падабаецца, выкінуць тое, што ” вочы рэжа”).Чаму мне-беларусу не прыняць “міф”, у якім мой народ паўстае, народам-пераможцам, займае сваё пачэснае месца сярод іншых народаў, якія змагаліся з фашызмам (кампанія не благая). Стаўленне да немцаў спачатку было насцярожанае, але такой яркай варожасці не было. Усё змянілася, як толькі пачаліся масавыя забойствы мірнага насельніцтва. Згодны, што пачатак партызанкі быў інспіраваны з Масквы, але потым яна пачала насіць нацыянальны характар. Беларусы шлі ў партызаны не за савецкі лад жыцця, а адпомсціць (калі не падабаецца,то-адплаціць) ворагу за смерць блізкіх, спаленыя хаты. І не трэба зласловіць сваю нацыю называць яе “плебейскай”,застаўце гэту працу яе ворагам. Любіць наша так названая “дэмакратычная апазіцыя” ва ўсім вінаваціць свой “цёмны” народ (нават ў сваёй палітычнай імпатэнцыі і немагчымасці звергнуць рэжым). У спадара Акудовіча беларускі народ паўстае нейкімі хіпі-пацыфістамі. Да, ніхто не адмаўляе той факт,што у выніку партызанкі на Беларусь зноў вяруўся бальшавізм. Але гэта становішча не унікальнае ,у ім знаходзіліся і іншыя народы. У гісторыі, як і ў жыцці, не бывае абсалютна белага альбо чорнага, а існуюць розныя адценні шэрага. Немагчыма стварыць такую ружовую, гламурненькую гісторыю Беларусі.Яе трэба любіць такой, якая яна ёсць.Жыве Беларусь!

  2. Рэдакцыя, малайцы! Вельмі правільна сказана, што трэба носам таўкці кожнага, каб не шкодзіў у сваёй хаце. Ці гераічна паводзіў сябе народ у часы ВАВ? А як бы вы сябе паводзілі, калі б у вас нізавошта растралялі сына ці мужа? Каму патрэбна была жыдоўска-бальшавіцкая крывавая улада? (Пра габрэяў я нічога не кажу, бо сястра маёй бабулі ратавала ў часы вайны габрэйку з дзіцём). А вось тое, што немцаў у шматлікіх вёсках сустракалі з хлебам-соллю, гэта праўда. Аб тым, што беларусы-партызаны, гэта не міф, а найстаражытнейшае прозвішча беларусаў, вядома даўно. Мабыць усе чулі такі выраз – косы пабярэм ды ў партызаны пойдзем. Але пойдзем, калі палічым патрэбным. Вельмі здзіўляе тое, што беларус, філосаф, навуковец не бачыць ў сваім народзе нічога гераічнага, вартага да павагі. Гэта проста нейкая дзікасць.
    А цяпер для сп. Адуковіча распавяду гэты расказ. У бабулі Алены (сястра маёй роднай бабулі) была на кватэры сям’я бальшавіка-камуніста – старшыні сельсавету, яго жонка габрэйка і маленькая дачка. Яна не паспела эвакуявацца і калі прышлі немцы працягвала жыць ў бабы Алены. У часы акупацыі кожныя 2-3 тыдні да яе прыходзілі два браты, таксама габрэі, перажарыць адзенне, абагрэцца ды ўзяць ежы. Пакуль яны спалі жанчыны усю ноч рыхтавалі ім адзенне і ежу. Раніцай яны шлі хавацца ад немцаў. Калі наступіў канец лістапада, то адзін з братоў загінуў, а другі яшчэ прыходзіў. Аднойчы суседка прыбегла ў хату і крыкнула: “Алена, бяжы з дзяцьмі, немцы ідуць за табой”. Тая агаломшаная выскачыла з босымі дзяцьмі на вуліцу. А тут ужо і немцы: “Куды мутэр ідзеш?” – Дзяцей лячыць. – А чаго босых вядзеш? Трэба абуцца. Завялі у двор і паставілі каля сценкі яе і двух босых малых дзяцей у канцы лістапада на мёрзлай зямлі. Немцы аб’явілі народу, каб сказалі дзе знаходзіцца габрэйка з дзіцём. Ніхто не сказаў. І тады яны сказалі, калі да 6 часоў вечара яна не прыйдзе, то растраляюць Алену з дзяцьмі. Адна думала ісці ці не ісці, а другая стаяла каля сценкі цэлы дзень. Яе дачка, а ёй было недзе 4-5 год, успамінала: “Што ні холаду, ні голаду у гэты час не адчувала”. К 6 часам вечара жанчына прыняла рашэнне і прыйшла сама да немцаў. Алену з дзяцьмі адпусцілі, а яе забралі з сабой.
    Вось няхай мне адкажа сп. Акудовіч, ці можна гэта назваць мужнасцю людзей, ці можна назваць гэта гераізмам у Алены, бо яна ж ведала, куды тая пайшла. А ці можна назваць гераізмам рашэнне жанчыны габрэйкі, якая сама пайшла на пакутніцкую смерць, бо на ёй і маленькай дачцы потым трэніравалі сабак. Уласнымі рукамі яна задушыла сваю дачку, каб не пакутвала ад сабачых пакусаў. А гэта не мужыкі былі, а жанчыны з дзяцьмі. І наогул, ці падлічыў сп. Акудовіч колькі тады было мужчын на Беларусі. У часы вайны мужчынаў амаль што не было. Ці мы ўжо так ахамелі, што жанчыну таксама лічым мужчынай. Не было тады мужчын, адны жанчыны ды дзеці. 17-гадовых хлапчукоў і тых адправілі ў Нямеччыну на працу. Брат той габрэйкі яшчэ потым прыходзіў да Алены, а потым таксама знік.
    Муж жанчыны-габрэйкі вярнуўся з фронту энкэведзістам з камісіяй. Дапытвалі ўсю вёску. Думалі, што нехта здаў. Але гэтага не было і камісія з’ехала.

  3. Рэдакцыя кажа:

    У рэдакцыю паступілі зьвесткі з аўтарытэтнай крыніцы, што пан Акудовіч – небеларус. Мы гэта ні пацьвердзіць, ні абвергнуць ня можам. Але, калі гэта так, тады зразумела, чаму ў яго беларусы гэта “плебс” і чаму яго так інтэнсіўна піярыць радыё “Свабода”.

  4. Siarhiej кажа:

    Кім бы не быў Сп. Акудовіч па нацыянальнасці, але плямы саўковасці на ім яшчэ засталіся.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы