nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Самая вялікая хлусьня – гэта паўпраўда : Чаму беларускае адраджэнне атрымлівае паразу за паразай

9 сакавіка, 2009 | 3 каментарыя

Біч Павал Макаравіч (на фота 1), пенсіянер, кандыдат тэхнічных навук.

Гаеўскі Алег Міхайлавіч (на фота 2), пенсіянер, інжынер-электронік

d091d196d0b3-d093d0b0d0b5d19ed181d0bad196

Мяркуем, што беларускім сродкам масавай інфармацыі трэба больш увагі надаваць асвятленню таго перыяду нашай гісторыі, калі мы былі вольнымі і незалежнымі. А ў тым перыядзе ніхто нашу краіну не называў Беларуссю, а нас беларусамі. Маем на ўвазе час ад нараджэння ВКЛ (Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае) да часу падзелу Рэчы Паспалітай (якая была канфедэрацыяй ВКЛ і Польшчы). У выніку гэтага падзелу мы сталі часткай Расеі, што прывяло да поўнага разбурэння ўсяго – нашыя землі сталі глухім кутком Расеі, сяляне сталіся прыгоннымі рабамі, з вышэйшымі клясамі (з тымі, што не загінулі) зрабілася тое, што А.Міцкевіч трапна назваў ападленнем нацыі. Бальшавікі падоўжылі гэтае запрыгоньванне і ападленне ўжо цэлага народу. З распадам Саюзу амаль усе народы пачалі адбудоўваць свае нацыянальныя дзяржавы. У нас гэтага не адбылося. Больш за тое, з 1995 г. пачалася брутальная русіфікацыя. Чаму так сталася?


Параўноўваючы нас з суседзямі, называюць два чыннікі: згуба народам мовы і страта гістарычнай памяці. Пра першае напісана і сказана даволі шмат, але зроблена гэта, як правіла, без глыбокага аналізу ды засыпана агульнымі фразамі аб нацыянальнай ідэі. Наша апазіцыя нават мела надзею абудзіць народ з дапамогай мовы. Але глянем на Ўкраіну. Там стартавыя ўмовы былі лепшыя за нашы, 18 гадоў ідзе ўкраінізацыя, а народ у асноўным усё яшчэ размаўляе па-руску, асабліва на ўсходзе [для адраджэньня мовы гэтага часу недастакова; трэба, каб цалкам зьмянілася, мінімум, адно пакаленьне. – Рэд.]. Так адбылося таму, што, каб вярнуць сваю мову, трэба, па-першае, зразумець шкоднасць чужой мовы і культуры, што простаму чалавеку даволі цяжка, а, па-другое, каб загаварыць на “новай” мове, чалавеку трэба рабіць намаганні, тады як на гэта ў нашых сённяшніх умовах жыцця ў большасьці людзей няма ні сілаў, ні часу. У гэтых варунках роднай мове застаецца толькі вучыць дзяцей, пачынаючы ад дзіцячых садкоў і школ, што і робіцца ва Украіне. Аднак гэта пакуль немагчыма рабіць у нас з-за супраціўлення “беларускай” улады.

Панаванне чужой мовы ня ёсьць адзінай прыкметай рабства. Рабства пачынаецца з ваенных паразаў, са знішчэння лепшых людзей народа, з вынішчэння гістарычнай памяці. Пасля гэтага чужая мова і культура робяцца ахоўнікамі акупацыйнага рэжыму.

Не ўздыме беларусаў з каленяў і Агульная Дэкларацыя Правоў чалавека. Панаванне на нашай зямлі Расеі (дзе беззаконне ды бяспраўе амаль іх адвечная рэчаіснасць) прызвычаілі нашых людзей глядзець на гэтыя Правы, як на пустую паперку. Як сказаў З.Пазняк, “няма правоў чалавека без правоў нацыі” [пра гэта было сказана ў дакументах ААН, калі Пазьняк быў яшчэ хлопчыкам; у сьнежні 1952 году Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю №637 (VII), дзе ў раздзеле А запісана: “Права народаў і нацый на самавызначэньне з’яўляецца перадумовай для карыстаньня ўсімі асноўнымі правамі чалавека”; гл. https://nashaziamlia.org/2007/03/03/554/ ! – Рэд.]. А Правы Нацыі – гэта права развівацца й жыць на базе сваёй мовы і культуры, што адбываецца толькі пасля таго, як народ змятае акупацыйны рэжым. Разважаючы далей, можна прыйсьці да зразумення марнасці надзеяў часткі нашай апазіцыі (з дапамогай Захада і новага Закона аб выбарах) перамагчы на наступных Выбарах. Не хопіць разняволеных беларусаў, каб закрыць усе выбарчыя ўчасткі, не хопіць разняволеных беларусаў, каб (у выпадку фальшавання) абараніць вынікі на вуліцах і плошчах. Гэта ўжо шмат разоў было, таксама, як і хаджэнне па кватэрах, сустрэчы з выбаршчыкамі і напісанне “манбланаў” скаргаў на парушэнні Закона.

Каб разняволіць беларуса, трэба аджывіць ягоную гістарычную памяць, паказаць яму, што не заўсёды ў гісторыі ён быў рабом. А гэта і ёсць акурат той перыяд нашай гісторыі, пра які сказана вышэй, які ў нас альбо замоўчваецца, альбо скрадзены суседзямі, альбо сфальшаваны. Прыклад габрэяў тут пераканаўчы. Яны страцілі й дзяржаву, і мову, але дзякуючы веданню сваёй гісторыі (праз сваю рэлігію), яны адрадзіліся. Кожны гісторык вам скажа: каб знішчыць народ, трэба спачатку знішчыць ягоную гістарычную памяць. У беларусаў яна знішчана.

Што беларус ведае аб нашай гісторыі часоў мангольскіх паходаў на Захад? Толькі тое, што ў гэтых паходах была пакорана ўся Масковія (умоўна кажучы), Кіеўская Русь, Паўднёвая Польшча і нават Венгрыя… і чамусьці не была пакораная Літва (Беларусь). Расейскія гісторыкі тлумачаць, што нас выратавалі балоты ды лясы. І гэта ўсё. Аднак лясоў і балотаў у Масковіі было не менш, а Венгрыя наогул ляжала за гарамі, якія стэпавікам-манголам былі ў навіну. Праўда ж у тым, што манголы, сутыкнуўшыся з намі, справядліва лічылі нас непераможнымі і баяліся.

Далей. Ведама, што за стагоддзі паняволення ў Масковіі не зафіксавана аніводнага паўстання супраць мангольскага іга, і … раптам Кулікоўская бітва і перамога. Такога не бывае. А праўда ў тым, што Літва лічыла Маскву сваім горадам (нашага князя Яўсея выгнаў з Масквы ў той час хан Тахтамыш), і таму амаль палова войска супраць манголаў на полі Кулікоўскім было з нашых зямель і кіравалі бітвай нашыя палкаводцы. Д. Донской, прысягнуўшы Арзде (“рускія” князі ў тыя часы менаваліся ханамі і мелі мангольскія прозвішчы), вельмі баяўся палону і таму, пераапрануўшыся ў рыштунак простага ваяра, не мог кіраваць бітвай. Цалкам абылганы Ягайла (бо быў каталіком), які, маўляў, ішоў дапамагчы манголам, калі на самой справе ён ішоў дапамагчы сваім. Сцісла кажучы, гісторыя гэтага перыяду ў нас скрадзена і прысвоена расейцамі.

Пакуль беларусы не даведаюцца, што краіна іх продкаў – гэта Літва, і што яны ў мінулым – гэта ліцьвіны, што мы стагоддзямі ваявалі з Масквой і былі іх галоўнымі ворагамі, што, забураючыся на нашыя землі, маскавіты чынілі тут страшэнныя разбурэнні і знішчэнні, выразаючы да 90% жыхароў нашыя гарады ды апаганьваючы нашыя святыя месцы і імёны, што менавіта Літва была першым абарончым валам заходняй цывілізацыі ад цемрашальскай Масковіі, што псіхічна, ментальна [і ў істотнай ступені – генетычна. – Рэд.] мы зусім розныя з рускімі этнасы, што руская мова, з’яўляючыся славянскай, не даказвае нашыя агульныя карані, а сьведчыць толькі аб тым, што славянская мова, ідучы з Захаду, перамагла ўгра-фінскія мовы плямён, якія пазней стварылі Масковію, што расейцы ўсімі даступнымі сродкамі нішчылі нашу мову й культуру, што польскі прыгнёт у Заходняй Беларусі нельга нават параўноўваць з тым, што выраблялі на нашых землях расейскія бальшавікі, што існаванне ў нас маскоўскіх парадкаў, калі жыць прыстойна дазваляецца толькі подлым, прымушала пакідаць радзіму мал-мала амбіцыйных людзей, што насамрэч мы – людскі донар Расеі, што Расея ніколі не абараняла нас ад захопнікаў з Захаду (напрыклад, немцаў, якія, дарэчы, ніколі не былі супраць нашае культуры), што мы неслі самыя вялікія матэрыяльныя і людскія страты, удзельнічаючы ў яе войнах, што расіяне ніколі не былі абаронцамі праваслаўных на нашых землях, што наша праваслаўе было толькі нагодай для вайны, што мы былі адзінай рэспублікай Саюзу, якая не мела свята спалучэння з Расеяй, бо пасля векавой варажнечы нават у расейцаў не павярнуўся язык схлусіць…і г.д. і да г.п. – пакуль не даведаюцца, ніякага Адраджэння, ніякага разняволення ў нас не будзе.

Натуральна, ворагі Беларусі зробяць усё магчымае, каб заблытаць і ашукаць нас. Яны будуць казаць, што ВКЛ нельга лічыць беларускай дзяржавай, таму, маўляў, што паняцце нацыі ў тыя далёкія часы яшчэ не існавала (схаваўшы пры гэтым, што яно не існавала і ў іншых народаў Еўропы). Яны будуць паказваць нам нейкія мапы й запіскі вандроўнікаў, дзе ўсе альбо некаторыя землі на ўсход ад Польшчы названыя рускімі (схаваўшы, што й мы ўсіх на захад ад Польшчы менавалі немцамі, хаця гэта былі, напрыклад, галяндцы альбо датчане). Яны будуць хлусіць, што мы былі заваяваныя жамойтамі (цяперашнімі літувісамі), хаця мы ўратавалі гэтых літувісаў ад немцаў, злучыўшы з сабой. Яны будуць аспрэчваць беларускасьць ВКЛ, высоўваючы наперад то палітычныя, то рэлігійныя чыннікі (схаваўшы, што гэткае змешванне было тады паўсюдным). Нам будуць хлусіць, што магнаты й шляхта ў нас былі польскімі (хаваючы, што законы ВКЛ забаранялі набываць у нас землі палякам і што масавых перасяленняў палякаў на нашыя землі ніколі не было, і што веданне імі польскай мовы не ёсьць прыкметай іх нацыянальнасці, таксама як пагалоўнае веданне намі рускай мовы не робіць нас рускімі). Каб нас прынізіць і ашукаць, яны будуць пісаць артыкулы і здымаць фільмы, дзе “акупантамі” ў Маскве ў 1612 годзе паказаны палякі, хаць вядома, што амаль усе харугвы акупацыйных войскаў былі літоўскімі (беларускімі). Подлы спосаб нашага знішчэння і ў тым, што і расейцы і іхныя халуі ў Беларусі “запісваюць” у палякі беларусаў-патрыётаў, а на бытавым узроўні “міла-прастадушна” блытаюць нас нават з габрэямі. Нашыя ворагі яшчэ шмат у чым будуць нас ашукваць, выстаўляючы нас у самым жалосным выглядзе.

Прадбачым, што калі наш артыкул будзе апублікаваны, пасыплюцца абвяржэнні – маўляў, у гісторыі ВКЛ яшчэ шмат цёмных плямаў, што іх трэба ўважліва абмеркаваць, што не трэба нам, тэхнарам, лезці ў гісторыю і да т.п. і г.д. Гэта будзе іх стандартны прыём. І шмат прафесійных беларускіх гісторыкаў, як ні дзіўна, пагодзяцца з гэтым, паколькі “калючы дрот” афіцыйнай расейскай гісторыяграфіі ўсё яшчэ нацягнуты у іх мазгах. Тым жа, хто плача, што наш народ ніколі не ведаў, хто ён такі, раім перачытаць “Пана Тадэвуша” А.Міцкевіча. Дзеі адбываюцца пад Карэлічамі. Паэт адназначна называе нас Літвой і ліцьвінамі, словы ж “палякі” і “Польшча” маюць толькі палітычны сэнс – сэнс, які нядаўна надавалі словам “Савецкі Саюз”, “савецкі” ці “славянскі”. Геніі не памыляюцца.

Паўпраўдай з’яўляецца тое, што мы ёсць беларусы. Так прыкладна ў 1840 годзе канчаткова назвалі нас нашыя заваёўнікі, каб словам “русь” мацней прывязаць нас да сябе. В.Акудовіч і В.Булгакаў добра растлумачылі нам, чаму адраджэнцы XIX стагоддзя прынялі гэтую назву (шляхта знічтожана ды апалячана, просты народ не разумее і г.д.). Але прынялі не ўсе. В.Ластоўскі прапанаваў нам менавацца Крывіяй, па назве старадаўняга славянскага племені. З’яўленне слова “русь” у нашай назве стала фатальным, паколькі рэзка палегчыла русіфікацыю і асіміляцыю нас. Гэтую небяспеку бачылі многія – напрыклад, Я.Станкевіч.

Існаванне БНР і БССР зрабілі нібыта немагчымым выпраўленне гэтай памылкі ў 1990-я гады. Тады трэ было зноў даказваць, што мы не паўночна-заходні край Расеі.

Цяпер, калі стала відавочна, што без гістарычнай памяці наша насельніцтва не ператворыцца ў нацыю, а ўлады сталі таксама “За Беларусь”, памылку можна і трэба выправіць. За апошнія дзесяцігоддзі стала добра вядомая моцная роля падсвядомасці. Гэтую акалічнасць, дарэчы, такія тэарэтыкі, як В.Акудовіч і В.Булгакаў ўлічваюць у недастаткова належным памеры. Калі з калыскі чалавека намаўляюць, што ён рускі (толькі беленькі), ці будзе ён здольны абараніць ад рускіх газавую трубу, МАЗ, БелАЗ і г.д.? Сумніўна.

Шмат якія былыя калоніі Азіі ды Афрыкі змянілі назвы, дадзеныя ім каланізатарамі, на свае спрадвечныя. Змяніць трэба і нам. Каб слова “русь” не правакавала нашага ўсходняга суседа на культурную, рэлігійную, эканамічную і ваенную агрэсію. Тым больш, што яно зусім не зручнае: нас заўжды будуць блытаць з расейцамі і трэ будзе тлумачыць, чаму мы белыя рускія, а не чорныя, сінія альбо жоўтыя… Увогуле прыйдзецца чытаць лекцыю, успамінаючы то белыя кашулі з магеркамі, то манголаў, то чыстага Хрыста і г.д. Пісьменнік К.Акула ўспамінае, што яго часцяком дапытвалі – ці не белагвардзейцы стварылі нашую краіну. Паглядзіце ўкраінскае ТВ, пачытайце іх падручнікі. Яны ВКЛ лічаць сваёй дзяржавай. І гэта правільна, таму што слова “рускае” ў поўнай назве ВКЛ датычыць перш за ўсё ўкраінцаў. Яны не называюць сваіх гетманаў палякамі (таго ж Вішнявецкага), хоць тыя былі каталікамі, размаўлялі па-польску і нават ваявалі са сваімі казакамі. А як ачарнёны наш праваслаўны гетман К.Астрожскі толькі за тое, што ваяваў з Масквою! Гэта яшчэ раз даказвае, што мы засталіся калоніяй Расеі. Летувісы, якіх датычыцца слова “жамойцкае” ў назве ВКЛ, з дапамогай расейскіх гісторыкаў наогул сталі нібыта адзінымі спадкаемцамі ўсёй спадчыны ВКЛ (нашыя прозвішчы і назвы – Вітаўт, Альгерд, Вільня і г.д. атрымалі ў іх заканчэнне “с”, яны ўзялі сабе герб “Пагоня”, хаця ён быў распаўсюджаны толькі на ліцьвінскіх (беларускіх) землях, тады як на іх землях ужываўся герб “Чорны мядведзь” (А Міцкевіч у “Пане Тадэвушы”: “Заржэ Пагоня на Літве, узраве Мядзведзь на Жмудзі”). Наш гісторык М.Ермаловіч даказаў, што старажытная Літва – гэта тэрыторыя ў трохкутніку Менск-Маладэчна-Наваградак. І на гэтым трэба стаяць і з гэтага трэба пачынаць.

Ноў-хаў “Беларусь і беларусы” сталася худасочным дзіцём і палюбіць яго змагла толькі частка інтэлігенцыі. Народ жа, падсвядома адчуваючы ягоны фальш і негістарычнасць, не стаў беларускім патрыётам. Камуністы спадзяваліся стварыць беларускі патрыятызм на працоўных поспехах (трактарах, мазах, белазах …). Але дзеля выхавання патрыятызму патрэбны вайсковыя перамогі, якія былі ў нас у часы ВКЛ (немцаў – пад Грунвальдам, татараў – на Сіняй Вадзе, маскалёў – пад Воршай і г.д.). Спрабавалі гераізаваць чырвоную партызанку. З таго таксама нічога не атрымалася. Адносіны беларусаў да партызанаў засталіся іранічнымі. Кінематограф, нягледзячы на ўсе высілкі, так і не стварыў вобраза сімпатычнага партызана. Чаму? Таму што Свой (партызан), які паўзе ўначы, каб забіць спячага ворага, ніяк не выглядае шляхетным. Хай Свой паказаны як просты народны мсцівец, які ня ведае пра закладнікаў, а вораг – як носьбіт самай звярынай ідэалогіі XX стагоддзя. Е.Мазанік, што паклала міну ў ложак В.Кубэ, названая ў газэце “Камсамолка” забойцай, чым яшчэ раз пацверджана, што ўсе геройскія высілкі беларусаў ва ўмовах іх каланіяльнага стану не выклікаюць у людзей ніякіх патрыятычных пачуццяў. Занядбаным стаіць помнік М.Казею. Хто з народу ведае і паважае Канарскага, Гурко, Даватара і іншых беларусаў, якія змагаліся і гінулі за Расею? Зусім смехатворныя спробы выхаваць беларускі патрыятызм на проціпастаўленні руска-савецка-славянскага з нямецкім (заходнім) на падзеях Другой Сусветнай вайны (лінія Сталіна). Гэтым проціпастаўленнем цяпер, калі Саюзу няма, а Беларусь просіць грошы ў Захаду, можна абдурыць толькі акцябратаў, а піянераў – ужо не.

Словы “Беларусь” і “беларусы” зьвязаныя з сімволікай рабства. Дык ці можна маліцца на такія сімвалы?! Ці можна адной рукой змагацца супраць рабства, а другой яго пацьверджваць? Чым больш сябе мянуем “беларусамі”, тым больш заганяем сябе ў рабства.

Каб не працягваць і надалей ападленне нашага народу, каб нашая Дзяржава стала моцнай духоўна і ўсімі ў Свеце паважанай, мяркуем, нам трэба вярнуць сабе ўсю гістарычную спадчыну шляхам увядзення ў назву нашай мовы, нашага народа й нашай Краіны тэрміна ЛІТВА. Зробім гэта хаця б для нашых нашчадкаў. Хай суседзі і асабліва Расея называюць нас як хочуць. Важна, як мы самі будзем сябе называць. Шмат якія краіны маюць па некалькі названняў – Германія, Нямеччына, Дойчланд, Альмань, альбо Фінляндыя, Суомі. Няма нічога страшнага, калі назвы мовы, народа і краіны будуць розніцца. Падобных прыкладаў у гісторыі таксама шмат. За ўдакладненне нашай назвы выступаў З.Пазняк. У гэтым, 2009-м, годзе спаўняецца 1000 гадоў назвы ЛІТВА, дык распачнем дыскусію пра гэта. Прыйшоў час успомніць Міцкевічскае “Айчыно, Літво мóя” ды Багдановічскае “Старадаўняй Літоўскай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць”.

Ад рэдакцыі:

Мы падтрымліваем асноўны пасыл аўтараў. Мы ўжо даўно ня толькі раім іншым, а і самі рэгулярна пішам “беларусы-літвіны”. Акрамя таго, даўно запрапанавалі назваць Беларусь у будучыні Вялікая Літва-Беларусь.

3 каментарыя

  1. Дарафей кажа:

    Наперадзе перапіс насельніцтва (калі крызіс не зблытае карты ) – вось чым не магчымасць заявіць аб сабе літвінам-беларусам. Але пад гэта павінна быць нейкая сур’ёзная прапагандысцкая кампанія сярод насельніцтва. Мне здаецца, апошні час назіраецца нейкая зацікаўленнасць гісторыяй ВКЛ і з боку рэжыму, гэта абумоўлена апошнімі падзеямі у беларуска-польскіх адносінах ( карта паляка, ультыматум выдвінуты Варшавай Лукашэнку ). Бо яму няма нічога супрсцьпаставіць польскай-імперскай хлусне, якая мае даўнія традыцыі. Тут канёк сёнешняй лукашэнкаўскай ідэалогіі – другая сусветная вайна не дзейнічая. Старэйшая хлусня заўсёды амаль падобна да праўды. А найлепшым сродкам тут з’яўляецца праўдзівая гісторыя ВКЛ. Таму час узнімаць гэту тэму выбраны аптымальны.

  2. Алег Гаеўскі кажа:

    Вялікі дзякуй Рэдакцыі сайту (і асабіста спадару А.Астроўскаму) за трапныя праўкі й апублікаванне. Мо і слушна, калі першымі часамі не надоўга захаваецца ў якасьці гістарычнага рудыменту ў названні краіны слова “русь”. Але надалей трэба НАЗАЎСЁДЫ пазбавіцца ад гэтае “ласкі” суседа-драпежніка.

  3. Сейбіт кажа:

    Дзякуй за добрую працу!

    Але ёсьць заўвагі адносна двух стэрэатыпаў, якія даволі распаўсюджаныя ў нашых развагах.
    1. “Пакуль….. ніякага Адраджэння, ніякага разняволення ў нас не будзе.”
    Пасыл тыпу “пакуль ня будзе ….., у нас нічога ня будзе” дэканструктыўны. Паколькі першая частка зьвязаная з доўгай і складанай працай, чалавек інтуітыўна імкнецца ўхіліцца яе. У падсьвядомасьці замацоўваецца апошняя частка: “у нас нічога (ніякага, ніколі, і г.д.) ня будзе”. Гэта псыхалягічна заганяе чалавека ў фатальную безвыходнасьць.
    Паколькі рэалізацыя чалавекам (ці людзьмі) свайго інтарэсу адбываецца праз пошук рашэньняў тых ці іншых праблем і іхнюю рэалізацыю, варта зьвяртаць увагу на неабходнае дзеяньне: “каб вырашыць задачу …. (рэалізаваць інтарэс….), трэба зрабіць тое і тое. У чалавека перад тым як нешта рабіць мусіць быць сфармулявана: што, як і дзеля чаго рабіць.

    2. “Натуральна, ворагі Беларусі зробяць усё магчымае, каб…..”
    Ворагі заўсёды будуць рабіць усё магчыма, гэта проста трэба мець на ўвазе. Ну не крытыкаваць жаіх за гэта. Пытаньне ў іншым: ці зробім мы ўсё магчымае, каб вырашыць нашыя праблемы? Папершае гэтае “усё магчымае” абавязкова трэба сабе ўяляць. А ворагі нам тады толькі дапамогуць, каб мы чаго з гэтага “ўсё магчымага” не ўпусьцілі. Канешне, калі мы наогул хочам нешта рабіць. Тады, не пераацэньваючы свае магчымасьці і не ставячы перад сабой непад’ёмных задач (і не палохаючы сябе гэтымі задачамі, каб потым нічога наогул не рабіць), варта пачаць рабіць хаця б тое, што можам. А там, глядзіш, і “немагчымае” падасца не такім ужо і цяжкім і невырашальным.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы