Алесь Васількоў
Нядаўна ў Ню-Ёрку быў паказаны 15-хвілінны фільм пра Музей беларускага мастацтва, створаны ў Старых Дарогах высілкамі знакамітага беларуса і яго блізкіх. Гэта, як на наш час, унікальная падзея, калі не сказаць, што пэўная этапная перамога. Віншуем і дзякуем найперш шаноўнага спарада Анатоля, а таксама ўсіх тых, хто спрычыніўся да падзеі як тут, у Беларусі, так і па той бок Атлантакі. Кароткі артыкул, які мы падаем ніжэй, узяты адсюль (http://nation-sos.info/index.php?option=com_content&task=view&id=196&Itemid=71; http://www.bulletinonline.org).
Рэдакцыя.
“Пятнаццаці хвілін было дастаткова, каб зразумець, што менавіта ў Старых Дарогах, дзе месціцца музей, знаходзіцца душа і гісторыя беларускай нацыі.
Знятая ў дакументальнай стужцы сядзіба, якая ператварылася ў пантэон беларускасці, захавала лёсы самых-самых беларусаў, штучна замоўчаных савецкай ідэалогіяй. Часам некалькіх кадраў пра багацце збору музея было дастаткова, каб давесці свету, якая мы таленавітая і старажытная нацыя. Яе носьбіты выйшлі з архіваў і скляпенняў, адкуль іх доўгі час не выпускалі на свет Божы, да суайчыннікаў.
Паглядзі, Амерыка, вось якія мы, беларусы!..
Але галоўнае ў гэтым фільме – інтэрв’ю рэжысёра Аляксандра Ступнікава са стваральнікам музея Анатолем Белым. Ён сцвярджае, што працэс адраджэння нацыі не захлынуўся – працягваецца. Што апазіцыя ў Беларусі не слабая, што ўмовы яе выжывання з кожным годам становяцца больш жорсткімі. Што яго самога тройчы выганялі з працы, але ж па-ранейшаму працягваеца справа вяртання краіны да сваіх вытокаў.
– Гэта глупства, – пераконвае з экрана гісторык, даследчык, журналіст Анатоль Белы, – што мы рахманая, талерантная нацыя. Мы можам доўга цярпець, аднак заўсёды прыходзіў момант бунту, выбуху. За 100 апошіх год беларусы ўзнялі 5 паўстанняў, яны ўдзельнічалі ў рэвалюцыях і змагаліся ў сусветных войнах, каб адстаяць незалежнасць Бацькаўшчыны. І нават за 200 год панавання на нашай зямлі расейскіх і часткова польскіх інтарэсаў, мы беларусамі ўсё ж засталіся.
Дарэчы, у Нью-Йорку тры рускамоўныя каналы. У самой Беларусі ніводнага беларускага. Але перажывём і гэта”.
Алесь Васількоў
09.02.2009