nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Зварот Звязу Беларусаў Нямеччыны (ЗБН) да беларусаў Еўропы

30 сакавіка, 2009 | 3 каментарыя

d09fd196d0bad0b5d182-d183-d091d0bed0bdd0b5


Паважаныя суайчыннікі!

Прайшло шмат часу з таго моманту, калі мы вымушаны былі пакінуць Бацькаўшчыну. За гэты перыяд у нашым жыцці адбываліся розныя падзеі і асабістага, і грамадскага кшталту. Былі перыяды цяжкага станаўлення і інтэграцыі ў незнаемую нам супольнасць. Цяпер мы больш-менш ўсталяваліся і вырашылі свае пабытовыя праблемы. Былі спробы аб’яднаць свае намаганні ў плане дапамогі сваёй роднай краіне ў яе дэмакратычных ператварэннях. Аднак утвораная намі Беларуская Вунія пад уплывам нейкіх варожых сіл аказалася непрацаздольнай. Пройдзе час і мы будзем ведаць, хто вінаваты – ці спецслужбы, ці асабістыя амбіцыі нашых жа суайчыннікаў. У любым выпадку, Вуніі не існуе, як не існуе моцнай беларускай дыяспары, здольнай аператыўна рэагаваць і ўплываць на знешнюю палітыку Старой Эўропы. Была надзея на дапамогу ў гэтым Эўрапейскай супольнасці. Аднак сення нас пакінулі ўсялякія ілюзіі на конт заклапочанасці краін ЭЗ лёсам беларускага народу.


Навідавоку той факт, што ў палітыцы ЭЗ існуе толькі прагматычны інтарэс да Беларусі, як краіны, дзеля ўплыву на яе, а не заклапочанасць лёсам народу, які жыве ва ўмовах своеасаблівага канцлагера. На карысць гэтага кажа той факт, што Эўропа працягвае руку дыктатуры – маўляў, ізаляцыя нічога не дасць станоўчага. У той жа час робяцца перашкоды грамадзянам Беларусі ў свабодным наведванні той самай Эўропы праз вялікі кошт і адмаўленне ў візах. Такую ж прагматычную пазыцыю займае і Расея, якой таксама патрэбна наша краіна для ўплыву, для размяшчэння свайго крымінальнага капіталу і як буферная зона ў выпадку магчымых канфліктаў з НАТА. Таму і цягне нас у розныя ОДКБ і у агульную СПА. Як бачым, усе улічваюць свой асабісты інтарэс, а інтарэсы нашага народу нікога не цікавяць – нас, нібы канат, імкнуцца перацягнуць і Ўсход, і Захад.

Аднак мы не жадаем быць нічыім аб’ектам палітычнага, эканамічнага ці вайсковага ўплыву, мы жадаем быць раўнапраўным суб’ектам міжнародных адносін.

У кантэксце вышэй сказанага, мы лічым, што ў такім паднявольным стане адзначаць 25 Сакавіка як “Дзень Волі”, як свята – не карэктна. Сенняшнім нашым лозунгам павіна быць “За Волю!”

Суачыннікі Эўропы!

ЗБН прапануе выказаць сваё стаўленне да падзей, якія адбываюцца вакол Бацькаўшчыны і правесці сумесную акцыю-пратэст 7 траўня г.г. пад час правядзення саміту ў Празе. І неістотна, будзе запрошаны на яе Лукашэнка ці не. Гэта ўжо другасна. Ва “Ўсходняе партнэрства” запрашаюць дыктатуру. Такі падыход. Мы расцэньваем гэта як палітычную волю ЭЗ і заахвочванне рэжыму да працягу сваёй рэпрэсіўнай палітыкі ў адносінах да свайго народу. Злачыннай ёсць тая ўлада, якая парушае правы сваіх грамадзян.

Есць яшчэ вельмі важкая падстава для акцыі. 7 траўня спаўняецца 10 гадоў з дня знікнення патрыёта нашай бацькаўшчыны Ю.Захаранкі. Дасёння няма адказу на пытанне: Дзе Захаранка? Хто вінны ў яго знікненні, а таксама В.Ганчара, А.Красоўскага, З. Завадскага? Хто спрыяў заўчаснай смерці Г.Карпенкі? Чаму не прыцягнулі да крымінальнай адказнасці людзей, якія прымусілі Я.Палякову заўчасна пайсці з жыцця?

Звяртаемся да сумленных беларусаў Эўропы. Досыць сядзець па сваіх сямейных норах. Давайце пакінем ў мінулым усе рознагалоссі і непаразуменні, якія былі паміж намі. Быў час, калі мы на стадыі вырашэння пытання аб атрыманні палітычнага прытулку праяўлялі вялікую палітычную свядомасць і актыўнасць, каб даказаць, што мы маем на яго права. Калі ж прытулак быў атрыманы, многія пахаваліся. Для тых, у каго засталося сумленне, ёсць два выйсця:

1. Вярнуцца да актыўнай дзейнасці на карысьць нашай Бацькаўшчыны.

2. Адмовіцца ад статусу палітычнага ўцекача, каб быць чыстым перад сваім сумленнем.

Мы не спадзяемся, што пасля гэтага Звароту абсалютна ўсе расчуляцца і ўмомант пераасэнсуюць свае пазіцыі, а таму мы абяцаем прыкласці намаганні, каб у будучыні пазбавіць магчымасці некаторых спекуляваць сваёй “актыўнай дзейнасцю” ў замежжы. Заклікаем зразумець, што падзеі вакол нашай Беларусі патрабуюць актыўных, супольных намаганьняў.

Чакаем адказу на наш зварот.

Жыве Беларусь.

З павагай.

Ад імя Звязу Беларусаў Нямеччыны

Я.Мурашка,

29.03.2009 г.

3 каментарыя

  1. jauhien кажа:

    Гэты каментар быў напісаны да другога артыкулу, але ён дае адказ на пытаньне з гэтага.

    Патрыёты й крумкачы.
    Паважаная рэдакцыя, з вялікай удзячнастцю хочацца адзначыць Вашу шчырую працу на ніве патрыятычнага курсу на карысьць будучага нашай шматпакутнай краіны. Толькі Вы моцна трымаеце гэтую тэматыку і заўседы шчыра стаіце ў абароне сапраўдных інтарэсаў беларускага народу, часта звяртаючы ўвагу на праблему нашых сяброў, абаронцаў інтарэсаў нашай краіны і яе народу, патуранага праз стагоддзі тымі, да каго бягуць за дапамогай (толькі менавіта для сваёй уласнай карыстці) шматлікія халуі і прысьпешнікі ўзурпатараў. Хвала патрыетам.
    Чорненька-белыя будуць часта з’яўляцца ў розных іпастасях выключна з адной нагоды: як больш і мацней пасварыць паміж сабой рознанацыянальных! беларусаў. Сапраўдныя беларусы добра ведаюць, што вякамі жылі мірна і згодна і такія ж чорненькія-белыя, і “палякі”, і палякі, ліцьвіны, украінцы і нават рускія, толькі ні маскалі і ні кацапы.
    Ці задумваліся вы калі-небудзь: чаму пасля здабыцця незалежнасьці пачалі з’яўляцца рознамасныя згуртаванні накшталт Палякаў на Беларусі. Каму і для чаго яны з’явіліся і, самае галоўнае, хто іх узначаліў? Можа якісьці “нацы” з пакалечаным лёсам за свае сьветапогляды на існуючую палітычную сітуацыю ў краіне? Не! Часьцей за ўсе гэта былі вайскоўцы, старшыя афіцэры, многаразова правераныя спецыяльнымі маскальскімі службамі, таму што мелі яны доступ да вайсковых сакрэтаў. А можа хтосьці з вас ведае пра сакрэты, якія яны апавядалі людзям?
    А можа найважнейшы сакрэт іх дзейнасьці, як найбольш пасварыць звычайных людзей, найбольш сумяціцы ўнесьці ў іх галовы? Але людзі, здольныя да лягічнага мыслення, даўно зразумелі на каго і за што яны так шчыруюць.
    Перакананы, што ніякія чорненькія-белыя сапраўдных беларусаў ніколі не саб’юць з той цяжкай дарогі, якую яны абралі ў сучасным звар’яваным сьвеце, дзе грошы і хваравіты эгаізм кіруюць людзкімі ўчынкамі.
    За час пражывання ў Варшаве даводзілася шмат сустракацца з рознымі людзьмі. Цікава тое, што звычайная палякі таксама разумеюць усю фальш той палітычнай рыторыкі ў абарону дэмакратыі на Беларусі, а з некаторых нашых «дзеячоў» проста сьмяюцца, асабліва калі ў полькіх Медыях з’яўляецца інфармацыя, што кагосьці ў амаль соты раз «выклікаюць» у КДБ. Гэта сапраўды сьмешна выглядае, таму што ў гэтых структурах працуюць далека не ідыёты і ні іх справа займацца глупствам. «Наркотыкамі» ці яшчэ чымсьці займаецца УУС.
    Дзіўна тое, што польскія палітыкі самага высокага ўзроўню і некаторыя дзяржаўныя структуры паводзяць сябе, мякка кажучы, не зразумела. Перш за ўсе хочацца адзначыць Генеральгае консульства ў Гародні, якое без тлумачэння прычын проста не прыймае дакументы на выданне ВІЗы, альбо выдаюць аднаразовую ВІЗу на паўгода, калі іх просіш аб многаразавай. Затое, працаўнікі гэтага ж консульства «трымаюць» рэчавы рынак у Кузьніцы (размяркоўваюць каму колькі якога тавару), там яны паўнапраўныя гаспадары. Езьдзяць, калі хочуць і колькі хочуць.
    Другая вельмі важная структура, якая займаецца ўцекачамі, таксама заслугоўвае ўвагі, таму што статус уцекача хутчэй атрымае ўцекач ад падаткаў ці нейкага крыміналу, чым той, хто сапраўды быў актыўным удзельнікам супраціву дыктатуры. Нягледзячы на шматлікія доказы, ім адмаўляюць нават у праве легальнага пражывання ў Польшчы, матывуючы тым, што ты ў Беларусі не сядзеў у турме, выяжджаў за мяжу, дык табе там нічога ні пагражае. Цікава што пагражала дзецям шматлікіх беларускіх палітыкаў, якія ўвогуле й блізка каля нейкіх пратэстных акцый не былі, а атрымалі статус уцекача. Такія ёсьць і ў Варшаве. Толькі й тут іх ніхто ніякім чынам ні заманіць да якога-небудзь удзелу нават ні ў палітычнай акцыі.
    Добра памятаеце, як палітыкі эўрапейскага ўзроўню заклікалі да ўдзелу апазіцыі ў парляманцкіх выбарах, і што атрымалася. Можа толькі тое, што самае галоўнае, што Лукашэнка зразумеў, што на месцах у рэгіёнах гаспадараць маскальскія прыхвасьні й ён памыліўся разлічваючы прапусьціць у «парлямант» некалькі памяркоўных «апазіцыянераў». Такіх вынікаў ён не спадзяваўся й гэта была яго першая значная параза, з якой ён хуценька зрабіў адпаведныя высновы.
    Сапраўдных сяброў Беларусь не мае й не мела. Але заўседы мела й мае сапраўдных беларусаў, якіх не напалохаюць ніякія цяжкасьці й турботы.
    Жыве Беларусь!

    Адносна пытаньня ці запросяць Лу-ку на саміт у Прагу, не ўсё так проста.
    Ну, перш за ўсё, мала верагодна, што яго запросяць, хаця ў справе ізаляцыі Беларусі ніякай карысьці забароны на выязд кагосьці ў Эўропу для краіны не далі, наадварот уплыў духу дэмакратыі быў цалкам прыпынены. Але, праўду кажучы, кіраўніцтва Эўрапейскіх структур не надта імкнулася да паважных уплываў на сьвядомасьць беларусаў. Свае шкурныя інтарэсы іх больш цікавяць, чым нейкія пазітыўныя зьмены ў беларускім грамадстве. Сьведчаньняў таму больш, чым дастаткова.

  2. Дарафей кажа:

    Паважаны спадар Juhien. Даўно ўжо зразумела, якую палітыку праводзіць сённяшні польскі ўрад у дачыненні да Беларусі і беларусаў. Яна ў асноўным нічым не адрозніваецца ад той палітыкі, якўю яна (Польшча) праводзіла з пачатку адраджэння сваёй дзяржаўнай самастойнасці. Гэта палітыка паланізацыі як мага болей беларускіх зямель (у чым мела пэўны посьпех – акупаваная Беласточчына). У гэтым жа рэчышчы, але больш езуіцкімі методамі, праводзіцца і сёнешняя палітыка: карта паляка, візавая палітыка, палітыка да нацыянальных меншасцяў у самой Польшчы, уліванне фінансавых сродкаў у імперскі настроеныя згуртаванні палякаў ў Беларусі (саюз палякаў А. Борыс і інш.), непрыкрытае ўмяшальніцта ў справы беларускага касьцёлу і шмат інш.). Што да таго, ці паедзе, ці не паедзе Лукашэнка на саміт у Празе, дык гэта не мае аніякага значэння, бо Эўропа ўжо даўно вырашыла для сябе лёс Беларусі – гэта касмапалітычная “эўрапізацыя” і глабалізацыя. І зараз ідзе толькі гонка паміж РФ і ЭЗ, хто праглыне Беларусь пасля зыходу Лукашэнкі. Мэтай жа кожнага беларуса павінна стаць барацьба, каб гэтага не адбылося.
    Жыве Беларусь!

  3. Рэдакцыя кажа:

    Дарафею.
    Нас уразіла глыбіня разуменьня вамі сітуацыі. Пакуль такое рэдкасьць…
    Дзякуй вам!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы