nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Барысу Кіту – 99!

6 красавіка, 2009 | 2 каментарыя

Паводле матэрыялаў www.svaboda.org

d09ad196d182

Сёньня выдатны навуковец і асьветнік Барыс Кіт адзначае свой 99-ты дзень народзінаў. У біяграфіі Барыса Кіта – дырэктарства ў славутых беларускіх гімназіях ў Вільні і Наваградку, навуковая дзейнасьць ў ЗША, пэдагагічная праца ў Нямеччыне, удзел у касьмічнай праграме НАСА (ён адзін з тых, хто вынайшаў склад ракетнага паліва, што зрабіла магчымым высадку амэрыканскіх астранаўтаў на Месяц), сяброўства з выдатнымі асобамі ХХ стагодзьдзя, у тым ліку і з Васілём Быкавым, які зрабіў кнігу-інтэрвію з Барысам Кітам “Цярновы шлях”.


Вось цытата з тае кнігі:Асабістае шчасьце прыйшло да яго позна, каб пазнаць яго, давялося дажыць да сталага веку. У маладыя гады ўсё тое падавалася яму вялікай, нясьцерпнай бядой. Зрэшты, бядой яно і было. Калі малады настаўнік Кіт кідаўся з Наваградка ў Вільню і назад, адбудоўваючы адсюль гнаную беларускую школу, калі гібеў у Лукішках, чакаў растрэлу ў Глыбоцкай турме. Калі, гнаны бальшавіцкай навалай, бадзяўся па Эўропе ў пошуках хоць якога прытулку. Беларусь доўга была для яго злой мачыхай, а Амэрыка была далёка. Але менавіта Амэрыка першая ацаніла незвычайнага маштабу талент гнанага беларуса, і ён, беларус, шчодра адплаціў ёй за гасьціну. Бо змалку засвоіў хрысьціянскую максіму: нягожа заставацца вінаватым – за дабро належыць адплаціць дабром. Ягоны ўнёсак у сусьветную навуку быў па сутнасьці сплочаным доўгам за амэрыканскую дэмакратыю, за Беларусь, за яе збэшчаны навуковы патэнцыял, запарабкаваны ненажэрным расейскім ВПК”.

Падаем матэрыялы нядаўняй онлайн-канфернцыі, праведзенай з Барысам Кітам з нагоды яго 99-годдзя.

– Дзьмітры, Варшава: Паважаны сп-р Барыс, ці часта вы бываеце ў Беларусі? Калі былі апошні раз? Якія найбольш пазітыўныя і негатыўныя зьявы вы назіраеце за апошнія 15 гадоў на Радзіме?

– 1. Апошні раз я быў у Беларусі ў 1994 годзе. Гэта быў добры візыт. Разам зь беларускай навуковай элітай, прафэсарамі, мы заснавалі міжнародную акадэмію навук Эўразіі. 2. Я лічу, што за апошнія 15 гадоў, сёньняшнія ўлады адагналі Беларусь на сто гадоў назад у эканамічным, нацыянальным і палітычным сэнсах.

– Дзьмітры Вінчэўскі: Шаноўны пане Барысе! Віншую Вас з надыходзячым днём нараджэньня і зычу ўсяго найлепшага. Хачу Вас спытаць: які перыяд Вашага жыцьця Вы лічыце найбольш выніковым і чаму? Ці спадзяецеся Вы на рэвалюцыйныя зьмены ў Беларусі?

– 1. Я лічу, што найбольш выніковы і шчасьлівы пэрыяд майго жыцьця быў у Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе ў мяне была магчымасьць весьці вельмі цікавае жыцьцё і працу, рабіць дасьледаваньні ў галіне астранаўтыкі. 2. Цяжка спадзявацца на рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі сёньня, бо беларускі народ вельмі мала нацыянальна сьвядомы і вельмі пасыўны, як паказвае гісторыя і сёньняшнія падзеі. Хаця, можа, беларускі народ усё ж падымецца і возьме прыклад зь іншых народаў і з тых падзеяў, якія адбываюцца сёньня ва Ўкраіне, Грузіі й Кіргізстане.

– З вялікай павагай – Раман з Салігорску: Паважаны спадар Барыс! Вы маеце такі вялікі і цікавы жыццёвы досвед! Доўгіх Вам гадоў жыцця і здароў’я! Вы – наш праменьчык святла пры пахмурным надвор’і над нашай Радзімай! Ці ёсць у беларусаў шанцы жыць пры прабеларускім урадзе? Альбо, як паказвае гісторыя найноўшага часу, гэта падзея будзе кароткай і выпадковай з’явай? Дзякуй за адказ!

Толькі тады хіба, калі цяперашні беларускі ўрад зьменіць сваю палітыку. Калі ня зьменіць, то беларускі народ ня мае ніякіх шанцаў на сапраўднае разьвіцьцё. Далей будзе цяжэй, бо кожны год робіцца больш шкоды што да дэнацыяналізацыі сьвядомасьці грамадзтва.

– Алесь Загорыцкі: Шаноўны спадар Барыс, як Вам удалося дасягнуць вялікага посьпеха ў жыцьці, што дапамагала Вам пераадольваць цяжкасьці, разьвітаньне з Радзімай?

– Я проста меў вялікае шчасьце пасьля Другой сусьветнай вайны трапіць у ЗША, і менавіта ў той час Амэрыка перажывала вялікі ўздым у дасьледаваньні космасу, і я трапіў у ракетныя фірмы і працаваў разам зь першапраходцамі амэрыканскай астранаўтыкі.

– Сцяпан: Добры дзень, паважаны Барыс Кiт. Якi самы вядомы навукоўца у Беларусi?

– У Беларусі ёсьць шмат выдатных навукоўцаў, якія працуюць у Акадэміі навук, якія выкладаюць у БДУ і іншых унівэрсытэтах. Беларусы наагул вызначаюцца вялікай здольнасьцю і жаданьнем працаваць у навуковых галінах. Магу вызначыць Лявона Барысаглебскага, вялікага фізыка, які шмат зрабіў для разьвіцьця ядзернай фізыкі. Я яго добра ведаю, бо ён быў маім калегам у Наваградзкай гімназіі. Як я быў дырэктарам у гімназіі, дык ён быў у мяне ў гімназіі адным з самых выдатных настаўнікаў. Ён скончыў факультэт фізыкі ў Віленскім унівэрсытэце, а я – факультэт матэматыкі.

– Уладзімір Скрабатун, выдавец газеты “Вольнае Глыбокае“: Прывітаньне! Шаноўны спадар Барыс! Наколькі мне вядома, пэўная частка Вашага жыцьця зьвязана з Глыбокім. Я чытаў, што пад нямецкай акупацыяй вы знаходзіліся тут у вязьніцы, чакаючы прысуду. Ці не маглі б Вы больш дакладна лякалізаваць гэтае месца. Што гэта быў за будынак, альбо месца? Мне цікава гэта, як краязнаўцу і журналісту. Віншую вас з Днём нараджэньня!

– Гэта было маё падарожжа з Паставаў, дзе я быў дырэктарам настаўніцкай сэмінарыі, і я ехаў у Маладэчна, каб заняць пасаду дырэктара Адміністрацыйна-гандлёвага інстытуту. Калі я зьмяняў цягнік у Крулеўшчыне, нямецкая жандамэрыя мяне западозрыла. Яны правяралі ўсіх у цягніку, але ў мяне знайшлі шмат дакумэнтаў, і гэта яшчэ больш выклікала падазрэньні, што я маю сувязь з партызанамі. Мяне паслалі ў Глыбокае. Я правёў там 30 дзён. Гэта была не зусім турма, а проста адзін з падвалаў. Які гэта быў дом, я не памятаю. Гэта былі 30 дзён у страшэнных умовах. Кожны дзень прыганялі новых людзей, падазраваных у сувязях з партызанамі. Кожны дзень расстрэльвалі каля 25 чалавек. Нас было 30, заставалася 5. І кожную ноч расстрэльвалі. І кожны дзень наганялі новых 25, каб выканаць гэтую “норму” 30 чалавек у камэры. Кожны дзень расстрэлы. Пасьля 30 дзён жандармэрыі ў Глыбокім усё ж такі не расстралялі мяне, але выслалі ў Вілейку, у галоўную штаб-кватэру СД гестапа. А там я быў толькі некалькі дзён, бо ў Вілейцы ў той час упаўнаважаны, памочнік нямецкага адміністратара, быў беларус, які тлумачыў немцам справы і акалічнасьці. Ім быў Кастусь Касяк, мой былы вучань. Ён як пачуў, што я ў турме, пайшоў да ўладаў і дамогся, каб мяне вызвалілі.

– Алесь Арцюховіч, Dana Point, CA: Паважаны д-р Кіт, калі ласка, нагадайце для нас часы вашай працы ў ІТТ. Ці сапраўды гэта вы выпрацавалі матэматычныя высновы першага ў сьвеце Broadband Communication мадэму для падтрымкі амерыканскай місіі на Месяц у часы сваёй працы ў ІТТ? Беларускія навукоўцы і інжынеры ганарацца вамі. Дай вам Божа здароўя пабачыць Беларусь вольнай. 100 год!

– Я спачатку працаваў у Каліфорніі, у цэнтральнай ракетнай фірме, якая называецца Rockwell, а раней называлася North American Aviation. Вось гэтую фірму можна лічыць асноўнай ракетнай фірмай у Амэрыцы, якая зрабіла першыя касьмічныя дасьледаваньні. Яна была галоўнай аэракасьмічнай кампаніяй, у якой рабіўся праект Apollo, падарожжа на Месяц, і сёньняшнія праграмы “Шатл”. Пасьля гэтай працы я быў выкліканы ў Вашынгтон, у касьмічны аддзел міністэрства абароны ЗША, яны акурат праводзілі расьсьледаваньне таго, як так сталася магчымым, што СССР выпусьціў “Спутник”. Ім патрэбныя былі экспэрты, якія ведалі ракетную справу і адначасна ведалі расейскую мову. Я працаваў у міністэрстве, сустракаўся з прадстаўнікамі СССР. Мне прыйшлося самому праводзіць першыя канфэрэнцыі паміж ЗША і СССР, у 1960 годзе ў гатэлі “Шэратон” у Вашынгтоне была адна зь першых сустрэчаў. Гэта былі толькі пачаткі. Пазьней супрацоўніцтва было штораз большае. Пазьней зьявіўся супольны праект “Appollo-Союз”. І гэтае супрацоўніцтва працягваецца да сёньня. І сёньняшняя міжнародная касьмічная станцыя IIS, напрыклад, вынік таго супрацоўніцтва: там зараз на арбіце працуюць амэрыканец і расеец.

– Алег Піскун: Cп Кіт, якія тры рэчы вы заднім чыслом зрабілі бы іначай у сваім жыцьці?

– Вельмі цяжкае пытаньне. Дзякваць Богу, усё, што зрабіў у сваім жыцьці, выйшла добра. Я – шчасьлівы чалавек. Лічу, што ўсё добра ўдалася, нягледзячы на цяжкасьці. І нават калі я быў блізкі да сьмерці, Усявышні даў мне выжыць.

– Марыя: Прабачце за прыватнае пытаньне, але буду ўдзячная, калі вы адкажаце — ці вернік вы? І — чаму?

– Я веру ў Бога, але не практыкую рэлігію. Часам хаджу ў царкву, ня кожную нядзелю, але верую ў Бога і дзякую, што даў мне доўгае і шчасьлівае жыцьцё. Я стараўся ніколі не рабіць нікому зла, заўсёды меў чыстае сумленьне, нікому не рабіў шкоду, і можа, таму мне Бог даваў і дае шчасьце.

– Барыс: Ці цікава жыць у такім узросьце? Як вы ставіцеся да дабраахвотнага зыходу з жыцьця?

– Я, дзякуючы Богу і лёсу, меў даволі здаровае жыцьцё, ня меў ніякіх сур’ёзных хваробаў. І нават у сваім узросьце хаджу, пачуваюся добра. Я сабе кажу, што гэта звычайна і нармальна, і жыву далей.

– Мікола Панасюк: Сп. Барыс! Вы шмат дзе былі, бачылі, сустракаліся. Чым, па вашаму, беларусы адрозьніваюцца ад іншых народаў?

– Я думаю, што беларускі народ – народ вельмі добры. Ён сярод іншых народаў адрозьніваецца тым, што няма такой фанатычнасьці і заядласьці, той, якую мы адчувалі падчас вайны (гаворачы пра нашых суседзяў). І нават у сваім творы Салжаніцын “200 гадоў разам” (пра габрэяў) адзначыў, што беларускі народ хіба адзіны народ, які не падтрымаў немцаў у іхнай жорсткасьці ў адносінах да габрэяў [нічога, гэта не перашкаджае сяргеям дубаўцам і “алесям белым” абвінавачваць беларусаў у “халакосьце” (матэрыялы на сайце). – Рэд.]. І ў дакумэнтах часоў вайны зь Менску ў Бэрлін можна знаходзіць дадзеныя, што немцы зазначалі: антысэмітызм у Беларусі ня мае вялікага распаўсюджаньня. Гэта адрозьнівае беларусаў ад іншых суседзяў. І калі я гавару зь знаёмымі габрэямі, усе мне кажуць, гэта зусім іншы народ, добры і сьветлы народ [і ці не таму нас зьневажаюць і зьнішчаюць усе, хто ні пажадае – у т.л. “удзячныя” габрэі… – Рэд.].

– Адэля: Дзядзька Кіт, чаму ў нашай сухапутнай Беларусі ў вас такое марское прозьвішча?

– Маё праўдзівае прозьвішча – Кіта́. Так усе мае крэўныя называюцца – Кіта. Але я нарадзіўся ў Пецярбурзе, і там сьвятар у Смольным манастыры, які пісаў мэтрыку, напісаў памылкова Китъ. А потым расейцы рабілі моўную рэформу, цьвёрды знак выкінулі, і я стаў Кіт. І гэта адзіная прычына. Я гэтага не заўважыў добра тады. І калі жыў у Заходняй Беларусі, пісаў паўсюль у дакумэнтах Кіта. А мне потым сказалі, вы ж зрабілі страшную рэч, у вас два прозьвішчы, вы павінны пісаць як у мэтрыцы, інакш будуць вялікія праблемы. Дык пачаў пісаць у дакумэнтах Кіт.

– З зайздрасьцю і павагай Мікіта Серафімовіч: Якія сакрэты вашага добрага веку, раскажыце, калі ласка. І якое месца ў вашым жыцць займалі жанчыны? Ці праўда, што ў вас было больш за 100 каханак, і нават цяпер вы яшчэ цікавіцеся супрацьлеглым полам?

– (сьмяецца). Кожны нармальны мужчына цікавіцца жанчынамі. Такая прырода. Я жыў у той час, калі сьвет быў вельмі сьціплы. Я жыў у Заходняй Беларусі, жылі цяжка і бедна. Не было часа думаць пра каханьне, трэба было працаваць, дапамагаць сям’і. Гэта ня праўда, што ў мяне было 100 каханак. Нашае грамадзтва было больш сьціплае. Мы глядзелі на каханьне больш рамантычна, ня тое, як цяпер.

– Яніна Малец: Самыя гарачыя віншаваньні герою-даўгажыхару нашай Бацькаўшчыны! Жыве Барыс Кіт – беларускі настаўнік! Скажыце, калі ласка, як вы ўяўляеце будучыню Беларусі праз дзесяць год? Што — і як — параіце вывучаць сёньняшнім студэнтам?

– Што тычыцць Беларусі, то цяжка сказаць. Усё залежыць ад беларускага народу, як ён будзе захоўвацца пры цяперашнім рэжыме і як будзе далей разьвівацца ў нацыянальнай сьвядомасьці. Што датычыць студэнтаў, то вучыць мусяць беларускую гісторыю, беларускую літаратуру, усё, што павышае нацыянальную сьвядомасьць народу [а вось гэта ўжо дакладна тое, на што накіраваны наш сайт. – Рэд.].

– Віктар Чайчыц, дарадца пасольства Беларусі ў Германіі (1992-95 гг.): Барыс Уладзіміравіч! Сардэчна віншую з днём нараджэння! Вельмі рады, што давялося з Вамі пазнаёміцца і нават папрацаваць. Памятаю, як у першай палове 90-х разам з Вамі і паслом П.Садоўскім я садзейнічаў перадачы Беларусі беларускага музея ў нямецкім горадзе Ляймэн. Паколькі я, на жаль, не змог працягваць маю працу, то не ведаю, які лёс гэтага музея. Памятаю, што яго заснавальнік прасіў перадаць усё Радзіме пры ўмове, што над ёй залунае бел-чырвона-белы сьцяг…

– Беларускі музэй у Ляймане, які ствараўся спадаром Попкам, пасьля яго сьмерці быў перанесены ў агульны музэй у Ляймане, як частка таго нямецкага музэю. З таго часу я перастаў туды езьдзіць, і ня ведаю дакладна, што зь ім сталася. І вялікае прывітаньне спадару Чайчыцу і спадару Садоўскаму, якія вельмі добра мною апекваліся.

– Ігар Каламіец: Спарад Кіт, якая ваша думка пра будучыню расейскай мовы ў Беларусі – усё ж большая частка навуковых ведаў, юрыдычнай і культурнай інфармацыі, інтэрнэт і г.д. прыходзіць у Беларусь праз рускую мову. Ці варта намагацца дубляваць гэта? Які найбольш рацыянальны шлях, гледзячы з Захаду?

Я лічу, што варта дубляваць дзеля таго, каб беларуская мова не загінула. Яна ёсьць адна з найпрыгажэйшых моваў славянскіх. Мова, як лічыцца, гэта душа народу. Яна дае жыцьцёвасьць народу. У роднай мове лягчэй вучыць усе навукі, чым праз іншыя замежныя мовы. Нашая мова існавала вякамі, але была загнаная ў кут, на ёй гаварыла толькі вёска. Потым камуністы, калгасы таксама пашкодзілі мове на вёсцы. Маё спадзяваньне цяпер – на інтэлектуальную эліту [дакладна так! – Рэд.].

2 каментарыя

  1. Схіляю галаву перад нашым мужным і таленавітым суайчыньнікам.
    Прыкра ад таго, што яго шануе іншая краіна, а свая, відаць, прызнае толькі пасьля яго сыходу з жыцьця.
    Зычу яму духоўных і жыцьцёвых сіл
    З павагай.
    Я.Мурашка

  2. Далучаюся да віншаванняў дастойнаму Беларусу і спадзяюся годна адзначыць ягонае 100-годдзе!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы