nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

П’ер Тэяр дэ Шардэн і яго філасофія

красавік 29, 2009 | Няма каментараў

Рэдакцыя.

d0a2d18dd18fd180


Калі гаворка ідзе пра манізм і пантэізм – філасофію адзінства Бога і Сьвета – адным з найбольш часта ўзгадваных аўтараў (у сусьветным маштабе) зьяўляецца Тэяр дэ Шардэн. Мы вырашылі пазнаёміцца самі й пазнаёміць вас і з гэтым чалавекам, і зь яго сьветаглядам. Галоўная задача ранейшая – супаставіць наша разуменьне суадносін Сьвета і Бога з тым, якое прапануюць іншыя філосафы. Матэрыял, які падаецца ніжэй, сабраны з наступных крыніц: ru.wikipedia.org; www.gumer.info/bogoslov_Buks/Philos/Spirk/35.php; http://filosof.historic.ru/enc/item/f00/s11/a001116.shtml; http://save-kolbich.livejournal.com/53093.html; http://www.alexandermen.ru/books/tom1/1_pril10.html


Гады, якія прайшлі з дня сьмерці а.П’ера Тэяра дэ Шардэна, былі напоўнены жорсткімі спрэчкамі вакол яго імя. Кнігі гэтага выбітнага навукоўца, якія выйшлі пасьмяротна, выкліка́лі рэакцыі часта дыяметральна супрацьлеглыя. Калі адны бачылі ў ім новага Фаму Аквінскага, які злучыў навуку і рэлігію, дык іншыя называлі тэярдызм “міфалогіяй”, “пантэізмам”, “саступкамі матэрыялізму”. Аднак, як бы ні ацэньвалі Тэяра і яго сьветагляд, ніхто ня можа адмаўляць, што ён – зьява ў вышэйшай ступені значная і сімптаматычная для нашага часу. Навука і рэлігія, эвалюцыя і будучае ператварэньне сьвету пераплецены ў яго “Феномене чалавека” ў адзінае жывое цэлае. Натураліст і сьвятар, мысьляр і містык, бліскучы стыліст і прывабны чалавек – ён нібы створаны для таго, каб стаць уладаром думак цяперашніх пакаленьняў. Каталікі ганарацца ім, камуністы выдаюць яго кнігі – аднак і тыя, і тыя далёкія ад таго, каб цалкам прыняць яго вучэньне. Такая моц яго прыцягальнасьці.

1. Біяграфія.

П’ер Тэя́р дэ Шардэ́н (фр. Pierre Teilhard de Chardin; гады жыцьця: 1881-1955) – французскі тэолаг, філосаф, сьвятар-езуіт, адзін са стваральнікаў тэорыі ноасьферы. Зрабіў буйны ўнёсак у палеаантрапалогію, філасофію, тэалогію; стварыў своеасаблівы сінтэз каталіцкай хрысьціянскай традыцыі з сучаснай тэорыяй касьмічнай эвалюцыі; заснаваў новую плынь у філасофіі – тэярдызм. Яго канцэпцыя ноасьферы зрабіла вялікі ўплыў на разьвіцьцё сучаснай навукі, знайшла адлюстраваньне ў жыцьці грамадства, у культуры, уключна з маскультурай.

Нарадзіўся 1 траўня 1881 года ў Сарсена (Францыя) ў каталіцкай сям’і. У 11 гадоў паступіў у каледж Нотр-Дам-дэ-Мангра, які належаў Таварыству Ісуса (ордэн езуітаў). У 1899 годзе скончыў каледж і атрымаў ступень бакалаўра па сьпецыяльнасьцях філасофія і матэматыка. Уступіў у ордэн езуітаў. Затым два гады вучыўся ў семінарыі ў Экс-ян-Правансэ, прыняў першыя абеты. У 1901-02 гг. працягнуў філасофскую і тэалагічную адукацыю ў езуіцкай семінарыі на востраве Джэрсі.

У 1904-07 гг. выкладаў фізіку і хімію ў езуіцкім каледжы Сьв. Сямейства ў Каіры. У 1908 г. яго накіроўваюць у Гасьцінгс (Англія) вывучаць тэалогію. У 1911 годзе, ва ўзросьце 30 гадоў, рукапакладзены ў сьвятары.

У 1912-14 гг. працуе ў Інстытуце палеанталогіі чалавека пры парыжскім Музеі натуральнай гісторыі.

У 1914 г. яго прызываюць у войска, дзе ён служыць санітарам-насільшчыкам… Прайшоў усю вайну, атрымаў Ваенную медаль і ордэн Ганаровага легіёна. У час вайны напісаў сваё першае эсэ «La vie cosmique» («Касьмічнае жыцьцё») – філасофскія і навуковыя развагі пра містыку і духовае жыцьцё.

У 1918 годзе прынёс вечныя абеты ў Сент-Фуа-дэіён.

У 1922 годзе пасьля адукацыі ў Сарбоне абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне натуральных навук (геалогія, батаніка, заалогія) па тэме “Млекакормячыя ніжняга эацэна Францыі”. Пасьля гэтага атрымаў прызначэньне на пасаду прафесара кафедры геалогіі парыжскага Каталіцкага ўніверсітэта.

У 1923 годзе накіроўваецца ў дасьледніцкую эсьпедыцыю ў знакаміты Цяньцзынь (Кітай). У час эксьпедыцыі ў пустыні Ордас піша некалькі артыкулаў і эсэ. Яго артыкул, прысьвечаны праблеме першароднага граху, ня быў зразуметы ў тэалагічных колах – канцэпцыю Тэяра палічылі супярэчнай вучэньню Царквы, і яму забаранілі публікацыі й публічныя выступы (дарэчы, у Кітаі ў агуле ён правёў 20 гадоў).

У 1929 годзе, у час ўдзелу ў страціграфічных працах [апісаньне пластоў зямлі. – Рэд.] на раскопках у Чжоўкоўдзяні паблізу ад Пекіна, Тэяр дэ Шардэн разам з калегамі адкрыў парэшткі сінантропа (Homo erectus – архантроп). Дзякуючы аналізу гэтай знаходкі, ён атрымаў шырокае прызнаньне ў навуковых колах. Яшчэ большую славу яму і яго калегу А.Брэйлю прынесла адкрыцьцё ў 1931 годзе таго, што сінантроп карыстаўся прымітыўнымі прыладамі працы й агнём.

У 1938-39 гг. Тэяр працуе ў Парыжы ў часопісе «Etudes» (інтэлектуальны цэнтар парыжскіх езуітаў). Яму дазволена аднавіць цыкл лекцый і семінараў, але не друкавацца. У 1939 годзе ён зноў вяртаецца ў Кітай.

У час Другой сусьветнай вайны Тэяр апынаецца ў вымушанай ізаляцыі ў Пекіне. У 1940 годзе разам з П’ерам Леруа засноўвае ў Пекіне Геабіялагічны інстытут, а ў 1943 – таксама з Леруа – пачынае выпускаць новы часопіс “Геабіялогія”. У 1937-46 гг. ён стварае галоўны свой твор – «Le Phenomene humain» («Феномен чалавека»).

У траўні 1946 г. вяртаецца ў Францыю і аднаўляе кантакты ў навуковых колах. У 1947 г. прымае ўдзел у канферэнцыі па эвалюцыі. У 1950 г. ва ўзросьце 70 гадоў абіраецца ў Парыжскую акадэмію навук, але забарона на публікацыі і публічныя выступы па-ранейшаму застаецца ў моцы. У 1952 годзе Тэяр пакідае Францыю і едзе працаваць у ЗША ў Фонд антрапалагічных дасьледваньняў Уэнера-Грэна. Удзельнічае ў эксьпедыцыях у Паўднёвую Афрыку.

Тэяр дэ Шардэн памёр у Ню-Ёрку 10 красавіка 1955 года ад сардэчнага прыступа.

Пасьля яго сьмерці была створана камісія, якая склала і падрыхтавала да выданьня 10-томны збор твораў.

2. Філасофскія і рэлігійныя погляды.

Поняцьце ноасьферы

Паняцьце ноасьферы (сьферы розуму) было запрапанавана прафесарам матэматыкі з Сарбоны Эдуардам Леруа (1870—1954 гг.) і разьвіта праз дзесяцігоддзе ў працах, якія пісалі практычна адначасова Тэяр дэ Шардэн і В.І.Вернацкі.

Найбольш поўнае ўвасабленьне тэорыя Леруа [якая ж гэта тэорыя? – Рэд.] знайшла ў Тэяра, які падзяляў ня толькі ідэю абіягенэзу (ажыўленьня матэрыі), але і ідэю, што канчатковым пунктам разьвіцьця ноасьферы будзе зьліцьцё з Богам.

У падмурку тэорыі ноасьферы Леруа ляжаць уяўленьні Платона (205 – 270 гг.) пра эманацыю Адзінага (непазнавальнай Першаістоты, атаясамлянай з Богам) у Розум і сусьветную Душу з наступнай трансфармацыяй апошніх зноў у Адзінае.

Эвалюцыйная мадэль Леруа і Тэяра паўтарае асноўныя палажэньні нэаплатанізму.

Навука і рэлігія. Эвалюцыя чалавецтва

Тэяр дэ Шардэн зрабіў спробу сінтэзу навуковага і рэлігійнага досьведу з мэтай раскрыцьця эвалюцыі Сусьвету, якая прывяла да зьяўленьня чалавека з уласьцівым яму розумам і пачуцьцямі. Ён лічыў, што гэта ёсьць вынік эвалюцыі, які запланаваны звыш. Імкненьне ўсьвядоміць дыалектыку “ўсеадзінства” спалучана ў яго з пантэістычнай устаноўкай, зь імкненьнем знайсьці Бога, які нібы распушчаны ў сьвеце і пранікае ва ўсе “поры” існага праз моц свайго абсалютнага сэнсу: духовы пачатак, які пранізвае сьвет і накіроўвае яго разьвіцьцё.

Ён сьцьвярджае, што паміж рэлігіяй і навукай ня можа і не павінна быць супярэчнасьцяў [добрыя захцянкі. – Рэд.], бо ісьціна адна і прырода яе Боская [вось і атрымліваецца: прызнаньне Бога і навуковыя метады Яго пазнаньня. – Рэд.].

Навука без рэлігіі няздольная якасна зьмяніць людскае грамадства. Зыходным пунктам ёсьць свабода волі, дадзеная Богам усім сваім створам увогуле і чалавеку ў прыватнасьці [свабодная воля жывёл і чалавека мае істотныя адрозьненьні. – Рэд.]. На Зямлі стваральнікам і носьбітам культуры ёсьць чалавек. Ён выйграў права і абавязковасьць зьдзяйсьненьня Боскай задумы пад час доўгай эвалюцыйнай барацьбы, якую вялі яго далёкія продкі з прадстаўнікамі іншых відаў. Эвалюцыя – гэта працэс ажыўленьня, а затым і “абагаўленьня” матэрыі.

Толькі дзякуючы культуры становіцца магчымым удасканаліць людскую прыроду, узвысіць створаны дух і “прывесьці яго ў глыбіні Боскага асяроддзя”. Мы спадкуем жыцьцё, якое “ўжо ўражвальна распрацавана ўсёй сукупнасьцю зямных энэргій” і пранізанае плыньню касьмічных уплываў. Разьвіцьцё культуры праходзіць шэраг заканамерных стадый і мае цалкам пэўную мэту.

Некалькі мільярдаў гадоў таму “ў вынку нейкага неверагоднага выпадка” з часткі матэрыі, якая адарвалася ад Сонца, сфармавалася наша планета. Яе рэчыва, прайшло шэраг пасьлядоўных трансфармацый на шляху ўскладненьня і ўтварыла на сваёй паверхні біясьферу. “Разгалінаваньне жывой масы” перасьледуе мэту фармаваньня істот, здольных найбольш поўна ажыцьцявіць задуму Бога. Гэтая задума заключаецца ў стварэньні віда, які ўсьвядоміў сваё прызначэньне. Рашэньне гэтай задачы патрабуе вялікай канцэнтрацыі духовых ды разумовых высілкаў і найбольш поўна гэтым прынцыпам адпавядае чалавек [які? што пад плотам п’яны валяецца? – Рэд.]. Са зьяўленьнем чалавека Зямля “зьмяняе скуру” і набывае душу.

Эвалюцыя праходзіць чатыры ступені Боскага промыслу: пераджыцьцё, жыцьцё, думка, звышжыцьцё. У цяперашні час чалавецтва знаходзіцца ў трэцяй стадыі разьвіцьця і яго задачай ёсьць пошук шляхоў уваходжаньня ў 4-ю, заключную фазу, якая павінна прывесьці яго да яднаньня з Богам.

Культура ўключае ўсе духоўныя пошукі й разумовыя дасягненьні чалавецтва, дае магчымасьць новым пакаленьням зьдзяйсьняць рух насустрач Богу. Свабода волі, якая даецца чалавеку, павінна быць [добрыя жаданьні. – Рэд.] усьвядомлена накіравана на дасягненьне кропкі Амега – кропкі зьліцьця чалавецтва з Богам. У іншым выпадку чалавецтва зробіць эвалюцыйны крок, які зноў пагрузіць людзей у звышматэрыю, завядзе ў эвалюцыйны тупік [вядома, і ні слова пра канкрэтных вінаватых у магчымасьці апошняга… – Рэд.].

Бог ня мае патрэбы ў пладах стваральнай дзейнасьці людзей [стваральная дзейнасьць людзей абавязкова ўключае гуманістычную кампаненту. – Рэд.]. Яго цікавіць толькі, ці верна чалавек карыстаецца дараванай яму свабодай, ці аддасьць ён Богу сваю перавагу. Зямля ў гэтым сэнсе ёсьць “выпрабавальная пляцоўка, дзе глядзяць, ці здолеем мы перанесьціся на Неба”. Вось эвалюцыі Зямлі праходзіць скрозь чалавека.

Самыя важныя зьмяненьні ў разьвіцьці людскай цывілізацыі адбыліся зусім нядаўна. Грамадства пачало рух па шляху стварэньня агульналюдскай цывілізацыі, што ёсьць першым крокам у кірунку Амегі. Зараджэньне такой цывілізацыі нямысьлімае без стварэньня сусьветнай культуры, якая б аб’яднала людзей [няўжо і гэты чалавек падпаў пад уплыў ліберастычнай, разбуральнай ідэалогіі? – Рэд.].

Сусьветная культура мае на ўвазе і адзіную рэлігію. Ужо заўважальнымі ёсьць адзнакі збліжэньня рэлігіяў [няўжо? і пад кіраўніцтвам каго? – Рэд.], якія ў далейшым прывядуць да іхняга зьліцьця і дасягненьня Амегі. Рух па шляху стварэньня агульнасусьветнай рэлігіі й культуры [але і монстар будзе? жах! цывілізацыі кранты!!! – Рэд.] мае на ўвазе “натуральнае зьліцьцё крупінак думкі” кожнага чалавека ў адзіную сьферу розуму – ноасьферу [дзякуй Богу, прынамсі, па такой тэхналогіі гэтага не адбудзецца… – Рэд.]. Толькі ў гэтым выпадку стане “біялагічна” магчымым “утварэньне духу Зямлі”.

Адухоўленасьці планеты можна дасягнуць толькі пры ўмове канчатковага пазбаўленьня людскай культуры ад эгаізму, расізму і напаўненьня яе энэргіяй любові, якая ператворыць “персаналізацыю ў таталізацыю” [па такой тэхналогіі нічога гэтага не адбудзецца… – Рэд.]. Толькі такім шляхам чалавецтва здольна вырашыць крызіс, які пачаўся ў неаліце і набліжаецца да свайго максімуму ў ХХІ стагоддзі.

Крызіс заключаецца ў тым, што народы і цывілізацыі дасягнулі такой ступені перыферычнага кантакту, эканамічнай узаемазалежнасьці й псіхічнай агульнасьці, “што далей яны могуць расьці толькі праз узаемапранікненьне ідзін у аднаго” [патрэбны ж не экстэнсіўны, а інтэнсіўны “рост”. – Рэд.].

Далейшае разьвіцьцё людскай культуры ў яе планетарным і касьмічным значэньні зьвязана з “арганізацыяй навуковых досьледаў, засяроджаваньнем іх на чалавеку [ды на чалавецтве трэба засяроджавацца! – Рэд.], злучэньні навукі й культуры”. Толькі так культура будзе набываць усё больш калектыўную і духовую форму, што прывядзе яе па дасягненьні сваёй вышэйшай кропкі да заканамернага фіналу – зьліцьцю з Богам [найактыўна пратэстуем! нічога добрага ад касмапалітызацыі-хаатызацыі быць ня можа, гэта дэградатыўны шлях – шлях да д’ябла!!! – Рэд.].

Канец сьвету – гэта ўнутраная канцэнтрацыя ўсёй ноасьферы, у выніку якой сьвядомасьць, якая дасягнула дасканаласьці, аддзеліцца ад сваёй матэрыяльнай абалонкі [чаго ня можа быць ніколі. – Рэд.], каб аб’яднацца з Богам. Пры гэтым можа адбыцца раскол ноасьферы на дзьве часткі – зону думкі й зону ўсеабдымнай любові. Гэта будзе апошняе эвалюцыйнае разгалінаваньне.

Тая частка ноасьферы, якая здолее “скрозь час, прастору і зло дакладна сінтэзавацца да канца”, дасягне кропкі Амега. Пазасталая частка будучага чалавецтва, зрабіўшы выбар на карысьць працягу матэрыяльнай эвалюцыі, павінна будзе ўрэшце памерці разам з матэрыяльна вычэрпанай планетай.

Тэалогія.
Копка Амега для Тэяра – гэта Бог, які праз моц свайго прыцягненьня дае кірунак і мэту прагрэсіўнаму эвалюцыянуючаму сінтэзу. Працэс эвалюцыі – натуральная перадпадрыхтоўка да звышпрыроднага парадку, на які паказаў Хрыстос. Калі ў ходзе эвалюцыі матэрыя-энэргія вычэрпае ўвесь свой патэнцыял да далейшага духовага разьвіцьця, канвергенцыя касьмічнага прыроднага парадку і звышпрыроднага парадку прывядзе да Парусіі – “унікальнай і найвысокай падзеі, у якой Гістарычнае злучыцца з Трансцэндэнтным”.

Слова Боскае з самага пачатку іманентнае прыродзе. Яно зьяўляецца сінтэзуючай сілай, якая “стварае, аб’ядноўвае”, прыводзіць элементы ва ўсё больш неверагодныя спалучэньні насуперак тэндэнцыі да энтрапіі. Дзякуючы ўвасабленьню ў гістарычным Хрысьце, Слова Боскае выявіла сваю эвалюцыйную моц у найвышэйшай форме – асабістай любові. У самаахвяраваньні Хрыста раскрываецца любоў Бога да чалавека, заклік адвярнуцца ад граху, каб сканцэнтравацца на Хрысьце – сапраўдным “цэнтры ўсіх цэнтраў”. Пасьля Ўваскрашэньня Хрыстос працягнуў свой рух як “касьмічны Хрыстос” да апошняга полюса прыцягненьня (Амега), прыводзячы людзей іх уласным волевыяўленьнем у арганічнае адзінства адзін з адным з цэнтрам у Хрысьце.

Такім чынам, асновай і завяршэньнем навуковай касмалогіі Тэяра дэ Шардэна ёсьць яго тэалогія.

Гэтыя думкі аказаліся несумяшчальнымі з агульнапрынятымі ідэямі тамізму, як найгрунтоўнага вучэньня каталіцкай царквы.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы