5 траўня г.г. пяць прадстаўнікоў Беларусі – Івонка Сурвіла, Аляксандр Казулін, Аляксандр Мілінкевіч, Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч – мелі сустрэчу з чэскім прэм’ер-міністрам Мірэкам Тапаланкам. Пасьля яе завяршэньня карэспандэнт радыё “Свабода” Ганна Соўсь узяла інтэрвю ў сп-ні Івонцы. Пададзім гэтае інтэрвю і сьцісла абмяркуем.
Рэдакцыя (паводле www.svaboda.org/content/transcript/1622739.html)
1.
Ганна Соўсь: Спадарыня Івонка, сябры Рады БНР былі ініцыятарамі таго, каб у Прагу прыехалі экс-кандыдаты на прэзыдэнта ў рамках саміту Эўразьвязу, прысьвечанага праграме “Ўсходняе партнэрства”. Якая мэта гэтага супольнага візыту і як атрымалася аб’яднаць такіх розных палітыкаў?
Івонка Сурвіла: Аб’ядналіся розныя палітыкі, таму што мы, фактычна, маем тыя ж самыя мэты: мы ўсе змагаемся і за незалежнасьць, і нашую культуру, і за будучыню Беларусі. Так што аб’яднаць іх цяжка не было. Мэта супольнага візыту – гэта каб упэўніцца, што “Ўсходняе партнэрства” ня будзе легімітызацыяй улады Лукашэнкі. Мы хацелі, каб былі пастаўленыя пэўныя ўмовы, якія зробяць гэтае “Партнэрства” карысным для Беларусі, а не Лукашэнкі.
Соўсь: Сёньня вы сустракаліся з чэскім прэм’ер-міністрам Мірэкам Тапаланкам. Раскажыце, якія вынікі сустрэчы, пра што ішла размова?
Сурвіла: Размова была вельмі сымпатычнай. Ён вельмі добра ведаў сытуацыю. І мы фактычна прадставілі нашыя галоўныя жаданьні. Адно з іх, якое мы лічым вельмі важным – зьберажэньне беларускай культуры. Каб якім-небудзь спосабам было напісана ў пратакол намаганьняў Эўропы, каб ня нішчылася беларуская культура. Гэта, як вам ведама, культурай карыстаюцца ўсе імпэрыялісты, нішчачы яе, каб асіміляваць край альбо заняць край. Дзеля гэтага нашая культура была зьнішчаная поўнасьцю. І цяпер працягвае нішчыцца. А паколькі, калі “Партнэрства” гэтае будзе сапраўды такім, якога жадае Эўропа, а не спадар Лукашэнка, калі яно будзе карысным для Беларусі, дык вельмі важна, каб гэта не дало магчымасьці Лукашэнку далей зьнішчаць нашую культуру. І фактычна, найбольш часу правялі з спадаром прэм’ер-міністрам Чэхіі, дыскутуючы пра гэтае пытаньне.
Соўсь: Размова тычылася выключна культурных пытаньняў ці палітычных таксама?
Сурвіла: Безумоўна, таксама і палітычных. Усе палітычныя пытаньні, якія мы прадстаўляем у нашым першым пісьме да Эўропы, а таксама ў цяперашняй рэзалюцыі, – усе парушаліся, але падавалася лягічным, што найважнейшая ў гэтым моманце рэч – гэта прасіць Эўропу, каб уключылі культуру ў свае змаганьні. Справа ў тым, што ў Эўропе ды іншых вольных краінах пра культуру людзі не гавораць, таму што гэтае пытаньне не зьяўляецца праблемай ніколі. Культура бароніцца сваім народам. У нашым выпадку яна нішчыцца ўладай, якая цяпер у Беларусі. І таму нашая сытуацыя зусім іншая. І калі б сытуацыя працягвалася, прыйшоў бы час, калі нас не было б больш. Культура была б зьнішчаная да той ступені, што народ бы ўжо ня ведаў, хто ён ёсьць. І таму мы ўважаем, што культура – гэта фактычна палітычны фактар, які трэба абавязкова ажыцьцявіць, каб Беларусь выжыла. Усе мы ў гэтым згаджаліся. І мы пра гэта найбольш гаварылі. І гэта вельмі добра разумеў прэм’ер-міністар Чэхіі, які фактычна меў дасьведчаньне спробаў Нямеччыны зрабіць з чэхамі нямецкамоўную і нямецкакультурную краіну.
Соўсь: У вас таксама адбылася сустрэча з беларускай моладзьдзю, што навучаецца ў Празе. Якія былі асноўныя пункты дыскусіі, і якое пытаньне маладых беларусаў было для Вас найбольш нечаканым і цікавым?
Сурвіла: Усе пытаньні былі фактычна чаканымі, вельмі разумныя пытаньні былі. Мяне вельмі ўразілі ўсе маладыя. Былі пытаньні і пра ядзерную электрастанцыю, і пра БНР, і пра тое, што прынясе “Ўсходняе партнэрства” Беларусі, якія небясьпекі. І пытаньні былі разумныя, і адказы былі вельмі цікавыя.
Соўсь: Пакуль ёсьць афіцыйная інфармацыя, што на саміце 7-га траўня ня будзе Аляксандра Лукашэнкі ў складзе беларускай дэлегацыі. Якой будзе вашая рэакцыя ў выпадку, калі ён у апошні момант вырашыць прыехаць на саміт?
Сурвіла: Ну, тут нам не рэагаваць фактычна. Мы ўжо зрэагавалі перад тым, мы прасілі, каб ён не прыяжджаў. І на маю думку, ён не прыедзе. Хаця, безумоўна, ня ведама. Але рэагаваць нам можна будзе ўжо толькі пасьля канфэрэнцыі, калі яна адбудзецца. Пасьля саміту.
Соўсь: Спадарыня Івонка, на Вашую думку, што дасьць Беларусі ўдзел ў праграме Эўразьвязу “Усходняе партнэрства”?
Сурвіла: Чаму мы ўважаем “Усходняе партнэрства” надзвычай карысным для Беларусі, што гэта будзе фактычна спосаб адкрыць дзьверы Эўропе. А ня толькі на Ўсход, як гэта робіцца цяпер. Мы вельмі задаволеныя гэтым. Цяпер наступны крок, каб гэтае “Ўсходняе партнэрства” працавала для беларускага народу, а не для ўладаў.
2.
Ад рэдакцыі:
Так і хочацца сказаць: Ну, нарэшце тое, што трэба! Нарэшце “Захаду” пачалі казаць пра этныцыд у Беларусі, пра неабходнасьць змаганьня за беларускую мову, культуру і г.д.
Раней нават з гэтай пяцёркі далёка ня кожны мог сказаць на сустрэчах з заходнікамі пра азначанае. Мог Пазьняк (але ён увесь час упарта выкарыстоўваў тэрмін “асіміляцыя”), але вось ўжо нават сп-ня Івонка…
Зьвярніце ўвагу яшчэ раз, што было заяўлена: “… мы ўважаем “Усходняе партнэрства” надзвычай карысным для Беларусі, што гэта будзе фактычна спосаб адкрыць дзьверы Эўропе. А ня толькі на Ўсход, як гэта робіцца цяпер. Мы вельмі задаволеныя гэтым”.
Можа, вось гэта і трэба было еўрабюракратам? Пацокалі языком, паспачувалі беларусам… на словах. А цяпер спакойна будуць дамаўляцца з Лукашэнкам і будуць рабіць у Беларусі тое, што ім трэба?… Ці не была гэта заходняя разводка? Тым больш, што прэм’ер-міністру Чэхіі, зь якім размаўлялі Сурвіла, Казулін, Мілінкевіч, Пазьняк і Шушкевіч, засталося быць на пасадзе ўсяго некалькі дзён.
Час пакажа. Магчыма нават, многае пакажа заўтрашні дзень…
Будзем сачыць за падзеямі.
Усяго лепшага, сябры.
Жыве Беларусь – наша зямля!